Аб найменьнях — «Гуды», — «Крывічы», — «Русь»

Аб найменьнях — «Гуды», — «Крывічы», — «Русь»
Гісторыка-крытычны нарыс
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923
Крыніца: Крывіч = Kryvič: месячнік літэратуры, культуры і грамадзкага жыцьця / пад ред. В. Ластоўскага і К. Дуж-Душэўскага. — Коўна, 1923. — № 1. — С. 17—24.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Panta rei — ўсё цячэ.
Гаракліт

Німа народу, які-бы засяляў свой край спершапачатку: як далёка ні заглянем мы ў мінуўшчыну, — заўсёды акажацца, што людзі, якіх мы застаём, на самай зары іх гісторыі, засяляючымі даны край, не сядзелі там спрадвеку, а абавязкова зьнекуль прышлі і засталі на гэнай зямлі другіх людзей, раней за іх асеўшых.

Гэтае старое жыхарства блізка ніколі прыходцамі саўсім не вынішчалася і не выселялася пагалоўна з краю. Хоць частка пракавечнага, тубыльчага жыхарства, але аставалася на месцы.

І німа ніводнага народу, які-бы на працягу ўсей сваей гісторыі заўсёды насіў адно і тое самае імя. Пад уплывам — перасяленьняў, ўнутраных асоцыяцый, чужаземных заваяваньняў, зьмены пануючай дынастыі або веры, заснаваньня новага нацыянальнага цэнтру і г. п. прычын — найменьні народаў і дзяржаў зьмяняліся.

Калі прыходцы бралі верх сілай, то ўмацоўваліся гаспадарамі; надавалі сваё імя краю і вытваралі пануючы стан, а мясцовае жыхарства займала, ў стасунку да іх, безпраўнае палажэньне паняволеных, вытварала г. зв. «просты народ», які прымушан быў служыць і плаціць даніну сваім няпрошаным загадчыкам.

Калі прыходцы былі культурнейшымі за тубыльцаў, то яны накідалі ня толькі сваю ўладу, але сваё найменьня, свой сьветагляд, абычай, права, а ня рэдка і мову. І, наадварот, малакультурныя заваёўнікі (прыкл. Манголы ў Кітаі) падлягалі найчасьцей культурнаму ўплыву падбітых імі народаў: прымалі іх мову і быт. Аднак, як у першым, так і ў другім здарэньні ўзаемны ўплыў двох розных стыхій вёў да абмену цэннасьцямі, і, натуральным працэсам, вытвараў новае, сярэдняе.

Усе гэтыя перамены перажываў наш край, і гэткім самым працэсам вытвараўся беларускі народ. Сьляды гэтага захаваліся да сягоньня ў номанклятуры, якую, дзеля абазначаньня нашага народу, тасуюць да яго Літвіны і Латышы. Першыя, г. зн. Літвіны, называюць беларусаў — Gudai, другія — Латышы — Kreewu.

Першапачатковыя, славянскія летапісі аднагалосна цьвердзяць, што славяне перасяліліся на ўсходна-эўрапэйскую раўніну з берагоў Дунаю. Пацьвярджае гэта архэолёгія, этнаграфія і, часьцю, номанклятура мясцовасьцяў. Лелевэль прыводзіць больш шасьцідзесяці геаграфічных імён з-над Дунаю, сходных з такімі-ж імёнамі на абшары ўсходнай славяншчыны[1]. Наш народ, з нейкай сьвятарнай пашанай і любоўю, ў сваіх пракавечных песьнях і казках ўспамінае аб «шырокім», «сівым», «ціхім», «старым», «белым» Дунаю. Дагэтуль некаторыя рэкі мянуюцца гэтым запаведным найменьням. Гэтак, у самым Вітабску, рэчка, ўплываючая ў Дзьвіну, завецца Дунаем; Бесядзь, ўпадаючая ў Сож, носіць яшчэ назову Задункі; Дунаец у Быхаўскім павеце, і, ўрэшце, некалькі рэчак на абшары Горадзеншчыны, ды два ці тры Дунайцы ў тэй самай Магілёўшчыне.

Аздобы на рэчах, знаходжаных ў прыдунайскіх магілах бронзавага веку, пацьвярджаюць еднасьць культуры з жыхарамі, падобнага-ж тыпу магільнікаў, з абшару паміж Прыпяцьцю і Дзьвіной, Дняпром і Нёманам.

Зрэшта, акром славянскіх, ёсьць яшчэ пісаныя гістарычныя даныя аб перасяленьні славянаў з-над Дунаю, захаваўшыяся ў гісторыі Рымскай імпэрыі.

У першым стагодзьдзі хрысьціянскай эры, на берагох Дунаю, была сарганізаваўшыся сільная славянская, Дака-Гецкая дзяржава[2] якая доўгі час вяла змаганьне з Рымам. У 86 годзе па Н. Х., ваявода Гетаў, Дэцыбал, пачаў з пераменным шчасьцем, бітвы з Рымскімі войскамі, якія былі пад даводзтвам Карнэлія Фукса. Паход Даміцыяна на Гецыю ў 89 гаду быў катастрафальным для рымлянаў; у выніку — Рым абавязаўся плаціць штогодны падатак Гетам. Траян ськінуў гэтае паняволеньне з Рыму і ў 100 гаду даведзены да апошняй роспачы нападамі Рымлян цар Гетаў Дэцыбал, будучы акружан Траянам ва ўласнай сталіцы, Зармізегеце, затапіўшы ўсе свае скарбы у р. Саргет (Стрыю) спаліў сябе дабравольна на груду, каб не трапіць ў рукі сваіх ворагаў.

«Дацыя паняволена, Дацыя абернута ў Рымскую правінцыю, аднак ня зысьціліся надзеі рымлянаў! Яны пабачылі відовішча, якому ня было падобнага: Дака-Гэты, народ ратайскі, які жыў у вёсках і гарадох, ня хочучы паддацца рымскаму паняволяньню, спрамогся на нязвычайны чын, векапомны прыклад любові да незалежнасьці народнай: кінуў вельмі старую зямлю бацькоў сваіх, і рушыў на другі бераг Дунаю»[3] — «Ідзі на вуліцы старога Рыму, а пабачыш там гэты векапомны выхад народу»[4].

Рымскія пісьменьнікі далей разрожніваюць дзьве Дацыі — старую, ці Траянаву, якая асталася пустой, бязлюднай, куды прышлося сьцягаць Рымлянам перасяленцаў са ўсіх канцоў сваей дзяржавы, і новую.

Геты пакіравалі сваё перасяленьне да Днестру і Бугу, а пасьля павярнулі далей на ўсход — да Дняпра і Зах. Дзьвіны.

З географаў: Марына (110 г.), Пталамэй (160 г.) і, асабліва, з рымскага дарожніка т. з. «Пэнтынгерскіх табліц 210 г.» відаць, што па цячэньню Дняпра, ў цяперашняй Магілёўскай губэрні, ад суток Іпуці з Дняпром, ўніз, да суток Уці 3 Сожам — жыў народ — Дака-Гета-Парьяны.

Пад літоўскім найменьнем «Gudai» захавалася да нашых дзён прастарая назова славянскага народу Гетаў, вышоўшага з-над Дунаю і асеўшага між Дзьвіною і Прыпяцьцю, Дняпром і Нёманам ў першыя стагодзі нашай эры.

Захаваньне літоўскім народам прастарай назовы «Gudai» — Геты гаворыць аб тым, што Літвіны гэту назову прынясьлі з Дунаю, перасяляючыся, праўдопадобна, разам са славянамі.

Цікава азначыць, што на паграніччы, ад стараны вялікаросаў «Гэтунамі», «Гегунамі», «Гецікамі» называюць Вялікарусы да сягоньня Беларусаў, зазначаючы адменную вымову Беларусамі слоў — гэта, гэты.

Магчыма, што маюць нейкую зьвязь з імям «Геты» беларускія міфічныя «Гаўры»[5] якіх, спраўляючы «Дзяды», заклікаюць формулай:

«Стаўры — Гаўры гам»,

«Хадзіце к нам».

Веснавыя-ж (Радуніцкія) памінкі, побач з назовамі «Стаўраўскі», «Наўскі» Вялікдзень, носяць яшчэ назову: «Гаўскі Вялікдзень» (Дзіс. павет, вёскі: Пілаты, Шышкі, Сталіца, Буды). На «Гаўскі Вялікдзень» (ён-жа «Наўскі», «Стаўраўскі») ходзяць памінаць «Дзядоў» ня толькі на могілкі блізкіх сваякоў, але і на «валатоўкі» (капцы бронзавага веку), дзе разьбіўшы аб зямлю чырвонае яечка, закапываюць яго да палавіны ў пясок.

Найменьне «Gudai» у гістарычнай літэратуры новае і не разпрацаванае; дзякуючы таму, што яно не захавалася ў пісаных гістарычных памятніках, вядома яно толькі навейшай этнаграфічнай літэратуры. Дзеля гэтага, на вялікі жаль, я не магу прывясьці справак гістарычнай крытыкі аб гэтым найменьні.

***

Саўсім другая справа з найменьням «Крывічы», яно зафіксавана ў першапачатковай летапісі і рожных кроніках, ня толькі ўсходна-, але і заходна-славянскіх (польскіх). Аб гэтым імяні маецца цэлая літэратура.

Перш за ўсё найменьне «Крывічы» зьвярнула ўвагу гісторыкаў сваей падобнасьцю да названьня дастойнасьці галоўнага паганскага сьвятара літоўскіх плямён — Крывэ-Крывэйты. На сазгучча гэтых імён зьвярнуў увагу, яшчэ ў палавіне XVIII ст., акадэмік Мільлер і выказаў домнеўку аб паходжаньні назовы Крывічоў ад дастойнасьці гэтага паганскага першасьвятарніка, паказуючы на магчымасьць істнаваньня ў паганскія часы цесных рэлігійных адносін паміж Літвінам і Крывічамі.

Вядомы гісторык Шлецар[6] адкінуў гэты погляд, кажучы, што сазгучча найменьняў, ў гэтым здарэньні, трэба лічыць за чыстай вады прыпадак.

Карамзін[7] аднак-жа ня згодзіўся са Шлецарам і пісаў у сваей гісторыі: «Рускіе пагане, як піша Адам Брэмэнскі, езьдзілі ў Курляндзію і Самогіцыю дзеля пакланеньня багом, дык знача мелі адных багоў з Латышамі, калі ня ўсе, то хоць некаторыя з славянскіх плямён, прыкладам Крывічы, бо іх найменьне здаецца сьведчыць, што яны прызнавалі Латышскага першасьвятарніка галавой сваей веры».

Тацішчеў выводзіў найменьне Крывічоў ад Сармацкага слова «крэвэ», выражаючага, бытцам, «верх ракі».

Надеждін[8], апіраючыся на тым, што грэкі называлі жыхароў поўначы «Гіпэрборэямі» (Паўночнікамі), Немцы — «Норманамі», такжа паўночнікамі, лічыў, што найменьне «Крывічы» значыла ў славянаў тое-ж самае, што ў грэкаў і немцаў, бо дагэтуль у Балканскіх славянаў і ў Мадзьяраў «Крываном» называецца паўночна-ўсходны вецяр.

Мікуцкі[9] і Салаўёў[10] шукаюць тлумачаньня ў літоўскім слове «Kirba», што знача ў перакладзе — дрыгва, крокаць, балота, ў выніку чаго найменьне «Крывічы» — азначае «жыхары балот».

Кеппэн[11] і Лелевэль выводзяць гэтае найменьне ад Тракійскага народу — Кробізаў, або Кровізаў і лічаць Крывічоў іх нашчадкамі.

Літоўскі Нарбут[12] і наш Кіркар[13] падзелялі погляд Мільлера і Карамзіна.

Вывад ад Кробізаў, прызнаючы племя Крывічоў старым, сусім не тлумачыць яго імяні. Пагляд Тацішчава даўно ўжо ўтраціў усякае значэньне, як абапёрты на больш чым мала вядомай мове Сарматаў, адналітнае істнаваньне якога народу цяпер гістарычнай крытыкай адкінута. Погляд Надеждіна, абаперты на дамнеўным значэньні славянскага караня «крыў», у значэньні поўначы, такжа вымагае больш пэўных довадаў. Ноўгародцы жылі яшчэ далей на поўнач, чым Крывічы.

Паходжаньне ветру «Крыван» — можа трэба шукаць ня ў паўночным яго кірунку, а акурат у тым, што ён аткланяецца ад гэтага кірунку, веючы з поўнача-ўсходу, а ня проста з поўначы. Погляд Салаўёва і Мікуцкага такжа не бязгрэшны. Літоўскае слова «Kirba» ў Беларусі мае аналёгічнае, мясцовае — дрыгва. Ад гэтага апошняга слова атрымала сваю назову другая група славянаў — Дрыгвічы. Чаму-ж бы мела адна славянская група браць сабе назову ад літоўцаў, калі другая дзеля абазначаньня таго-ж паняцьця абылася словам мясцовым. Зрэшта, каб гэтае найменьне было запазычана ад Літвіноў і перашло з пераробкай (зам. Кірбічы — Крывічы) да славянаў, то ў Літвіноў павінна было бы захавацца гэтае найменьне, а тымчасам, агульна-народнае Літоўскае найменьне, стасаванае да беларусаў, «Gudai».

Ня выключаючы магчымасьці, што паміж Крывічамі і Літвінамі была рэлігійная блізасьць, а нават дабачаючы гэтую блізасьць у беларускай і літоўскай этнолёгіі і міфалёгіі, нельга дапусьціць, каб славянская галіна крэўскай веры мянавалася веравызнаўчым найменьням, ў той самы час, калі літвіны нідзе і ніколі не называлі сябе «крыўцамі», як бы гэтага можна было чакаць ад аднаверцаў.

Пяройдзем цяпер да першапачатковых летапісяў.

Аб прыходзе славянскіх плямён з Дунаю і разсяленьні іх на ўсходна-эўропэйскай раўніне летапісец кажа:

«Словѣне пришедше и сѣдоша по Днѣпру и нарекошася ПОЛЯНЕ, а друзии ДРЕВЛЯНЕ, зане сѣдоша в лѣсѣхъ, а друзии сѣдоша межю Припетью и Двиною и нарѣкошася ДРЕГОВИЧИ; инии сѣдоша на Двинѣ и нарѣкошася ПОЛОЧАНЕ, рѣчки ради, яже втечеть в Двину имянем Полота, от сея прозвашася своим имянем; а друзии сѣдоша по Дѣснѣ и по Семи и по Сулѣ и нарѣкошася СѢВЕРЬ».

Тут, як бачым, у ліку плямён, перасяліўшыхся з Дунаю, аб Крывічах не ўпамінаецца. Затое Палачане азначаны як асобнае, самаістае племя, роўнае другім.

Ніжэй летапісец апавядае аб дзяржаўнасьці ў розных плямён:

«И по сих братьи (Кій, Шчэк и Хоривъ) держати почаша род ихъ (Рурыкоў) княженіе в Поляхъ; в Деревляхъ свое, а Дреговичи свое, а Словѣнѣ свое въ Новѣгородѣ, а другое на Полотѣ еже есть Полочане; от нихже КРИВИЧИ, иже сидять вверхъ по Волзе и вверхъ Двины и вверхъ Днѣпра, ихъ же градъ Смоленскъ: туда бо сидять Кривичи».

Тут першы раз упамінаюцца Крывічы, нет ведама адкуль ўзяўшыяся; прычым яны прызнаюцца за аднаплемных з Палачанамі і Ноўгародцамі.

Усьлед за апавяданьнем аб прызваньні князёў, летапісец кажа:

«И по тѣмъ городомъ суть находници Варязи; а первии насельници въ Новогородѣ Словѣнѣ, Полотьски — КРИВИЧИ».

Тут ужо аказваецца, што таксама першапачатковымі жыхарамі Полацка былі Крывічы.

Словам, першапачатковы летапісец ня толькі знае Крывічоў, але знае такжа тэрыторыю, займаную імі: «верх Волгі, верх Дзьвіны, і верх Днепра». Па Дзьвіне, ў ніз, знаходзіць ён Крывічоў на тэрыторыі полацкага княжства, а значэ Крывічы займаюць падзьвіньне да граніц латышскіх і літоўскіх. Акром гэтага, паводле летапісца, Крывічы і Словене Ноўгародзкія — адно і тое-ж, «отъ нихъ-же Кривичы». Гэткім чынам тэрыторыя Крывічоў займала абшар: з захаду ад латышскіх і літоўскіх граніц, на ўсход да Дзесны і Семі, і ад Прыпяці да Ладажскага возера, бо да Крывічоў належаў і Ізбарск[14].

Найменьня «Крывічы» летапісец не тлумачыць, прымае за «племя». Пры гэтым годнае увагі, што летапісец часта зьмешывае тэрміны «племя», «княжэніе» і «язык». Зьмешываньне першых двох тэрмінаў, з пункту яго гледжаньня, зразумела, бо кождае племя «жывяху особѣ и имяху свое княженіе»; тэрмін «язык» ён ужывае ў значэньні іншай мовы, іншай нацыі, народу. Стасаваньне ім слова «язык», у прылажэньні да славянскіх груповак, будзе зразумелым нам толькі тады, калі уявім сабе для каго была пісана летапісь, калі, і якія цікавала мэты.

Сам летапісец кажа, што летапісь сваю ён піша для князя; пісаў ён яе ў XI ст., ў разгар, калі чужаземная дынастыя «прымучывала» падбітых ужо ёю словенаў, або імкнулася загарнуць яшчэ не падбітых. Мэты, якія цікаваў аўтор «Повесьці временных лет», былі — апраўдаць панаваньне Русаў над славянамі, якія ўжо падбіты, і ўгрунтаваць прэтэнсыі да зямель яшчэ не падбітых імі.

Падбітыя плямёны ў часы летапісца насілі імя пануючай дынастыі — «Русь».

У адным месцы летапісец вылічае, якія плямёны ў яго часы ўходзілі ў склад Русі, або іначай кажучы — якія былі паняволены русамі і знаходзіліся пад іх панаваньнем:

«Се бо токмо Словенск язык в Русі: Поляне, Древляне, Ноўгородци, Полочане, Дреговичи, Сѣвѣр, Бужане, занѣ сѣдоша по Бугу, послѣ-же Велыняне»[15].

У ліку прапушчаных плямён маюцца: Крывічы, Радзімічы, Вяцічы і інш. Аб Крывічах летапісец уцьверджае, што яны былі ў ліку добравольна прызываных з-за мора Русаў, а ў той самы час выходзіць, што Крывічы ў склад Русі ня ўходзяць, Русамі не называюцца і за Русь нікім ня лічацца.

Вернемся цяпер да разшыфраваньня імя «Крывічы». Дзеля выясьненьня гэтага найменьня далёкіх крыніц шукаць ня прыходзіцца. На тэрыторыі, займанай калісь Крывічамі, а цяпер іх простымі нашчадкамі Беларусамі, слова «крывіч» дагэтуль жыве ў народзе, ўжываецца ў штодзенным жыцьці, як агульна вядомае і ўсім зразумелае. У перакладзе на расійскую мову яно азначае — «родственнмк»; слова аднаго і таго-ж караня з польскім — «krewny».

Славяне, перасяляючыся з-над Дунаю на ўсход, прыходзілі не ў пустую зямлю: тут былі свае хананэйцы, якіх трэба было прыходцам выціснуць, У працэсе змаганьня, з аднэй стараны, утварыўся адналітны фронт рознаіменных славянскіх родаў і плямён, пад агульным, аб’еднываючым найменьнем — «Крывічы»; з другой стараны — стаяў фронт месцовых родаў, чужых славянам: Чудзь — чужынцы. Змаганьне трывала цэлыя стагодзьдзі. У гэты час паасобныя плямёны мала-памалу зьліваюцца ў адзін народ, а разам з гэтым у адну дзяржаўную арганізацыю, цэнтрам якой летапісец па сьвежай ў яго часы традыцыі зусім правільна называе Смаленск.

Ў гістарычнай літэратуры даўно ўжо адмечалася істнаваньне на абшарах ўсходнай славяншчыны два дзяржаўных цэнтры: балтыйскага і понтыйскага, разьдзеленых Прыпяцьцю і Сожам (Надеждин). Першы групаваўся каля Смаленска, другі — каля Кіева.

Ад галоўнага Крывічанскага цэнтру, Смаленска, ішла колонізацыя на поўнач і захад, дзе вытварыліся свае цэнтры: Ізбарск, Ноўгарад, Пскоў, Полацак. Ў пазьнейшыя часы Ізбарск і Пскоў вайшлі ў склад Ноўгародзкіх зямель.

Істнаваньне Крывічанскай дзяржавы памятае і пачатковы летапісец, які кажа, што па сьмерці легендарнага Кія ў Кіеве пачалі княжыць патомкі прызваных варагаў, «род іх», а ў той-жа самы час: «у Палянаў былі свае князі, у Дрыгвічоў свае, у Палачанаў і Смаленцаў свае».

І так, на тэрыторыі, займанай цяпер беларускім народам, да IX ст. істнавала дзяржава Крывічоў, якая ў пазьнейшыя часы распалася на некалькі цэнтраў (Смаленск, Полацак, Тураў), істнаваўшых далей пад тым самым імем. Крывічы — аб’еднываючае, дзяржаўнае найменьне рознаіменных славянскіх родаў. Цяперашнія «Беларусы» займаюць ўсю тэрыторыю даўнейшых Крывічоў і зьяўляюцца іх патомкамі і насьледнікамі.

***

Адносіны «Русі» і славянаў, паводле летапісі, пачаліся з таго, што варагі, прыходзячы з-за мора, прымушалі плаціць сабе дань. Славяне сьпярша цярпелі, пасьля сабраўшыся прагналі іх, ды, відаць, ня чулі сябе даволі сільнымі, каб раз назаўсёды ад іх адкараскацца. Аставалася адно — прыняць да сябе на вядомых варунках аднаго з варажскіх конунгаў з яго шайкай, з тым, каб ён бараніў славянаў ад другіх варажскіх шаек. «Поимемъ себѣ князя, которій-бы володѣлъ нами по ряду» (на умове).

Прызывалі князя Ноўгародзкія Словене, і, бытцам, разам з імі Крывічы і Чудзь. Адкуль яны прышлі — гэта паказваюць іх імёны: ў Рурыку, Ігару, Олегу ня трудна пазнаць нормандзкіх Рэрыка, Хелега (Chelgi). Яшчэ ў X стагодзьдзі яны гаварылі асобнай, сваей, «рускай» мовай. Канстантын Багранародны прыводзіць цэлы рад такіх «рускіх» назоў дняпроўскіх парогаў, усе яны тлумачацца з швэдзкай мовы[16].

Прыходцы прынясьлі з сабой дэспатызм, ў аснову якога паложана была мысьль, што князь зьяўляецца ўласьнікам на прыватным праве ўсей тэрыторыі свайго князьства. Гэткае паняцьце новапрызваных князёў з трудом ужывалася з славянскім народапраўствам і вечавым укладам. Дзеля гэтага мы бачым, што прызваныя князі пачынаюць сабе шукаць «валасьцей» па-за межамі Ноўгарада, на поўдні. Смаленск яны сьпярша абходзяць кругом «зане градъ великъ и многолюденъ» і ўмацоўваюцца ў Кіеве, які робяць галоўным цэнтрам сваей экспансыі.

«Аб ніякіх пачатках грамадзянскасьці, бытцам то прынесеных князямі з-за мора, ня можа быць мовы. Арабскі пісьменнік Ібн-Даст апавядае аб русах, што яны робяць напады на славянаў, пад’ежджаюць да іх на лодках і выходзяць на бераг і палоняць народ, які адпраўляюць пасьля ў Хазэран да Баўгараў на продаж. Гэта быў галоўны замежны гандаль, побач чорных саболяў і куніц, тагочаснай „Русі“»[17].

Умацаваўшыся ў Кіеве і седзячы па умове ў Ноўгарадзе, дынастыя русаў адчувала вялікую нявыгоду ў сваім гандлі, што паміж Ноўгарадам і Кіевам німа беспасярэднай граніцы: кожды тавар, правожаны з Кіева на поўнач і з Ноўгарада на поўдзень, павінен быў праходзіць праз Крывічанскую тэрыторыю, Смаленскую або Полацкую, і плаціць мыта. І вось пачынаецца доўгалетняя вайна, каб заваеваць гэтыя паміжлеглыя тэрыторыі з іх пракавечнымі гарадамі.

Пры ўсякіх экспансыях захватчыкі апіраюцца ня толькі на голую сілу, але і на «святыя правы». І аўтар «Повесьці», які жыў у час паняволеньня і «прымучываньня» славянаў, заносіць у сваю летапісь легенду, што старэйшым цэнтрам, адкуль ішло разсяленьне славян, быў Ноўгарад. Гэта знача, што выходным, пачатковым пунктам варажскай навалы быў Ноўгарад.

Характар «Повесьці временных лет» носіць ўсе азнакі офіцыяльнай кронікі дынастыі Рурыкавічаў; гэта ёсьць, сьцісла кажучы, выказ яе чынаў і сьветагляд з пункту яе інтэрасаў і імкненьняў. Тут мы маем сабраныя ўсе аргуманты ў карысьць апраўданьня панаваньня гэтай дынастыі над Усх. славянскімі плямёнамі, прычым не адзін раз асаблівы націск кладзецца на права Рурыкавічаў да Крывічанскай тэрыторыі:

а) Прыведзена легенда аб дабравольным прызваньні Рурыка ня толькі Ноўгародцамі і Чудзьдзю, але і Крывічамі.

б) Падкрэсьлена, што Рурык, бытцам, пасадзіў ва ўсіх большых гарадох сваіх мужоў, па праву законна прызванага валадара, у тым ліку і ў гарадох Крывічанскіх (аднак Рурыкоў муж, Алег, ідучы на поўдзень, абходзіць кругом Смаленск, а па сьмерці Рурыка пасьля 20-ці летняга змаганьня дабывае яго з бою).

в) Легенда аб жанідзьбе Валадзімера 3 Рагнедай і г. д.[18]

І ня гледзячы на ўсе аргуманты, якія меліся ў распараджэньні Русаў ў апраўданьне панаваньня іх над Крывічамі, полацкія землі, якія пасьля заваяваньня Смаленска сталіся палітычным цэнтрам Крывічоў, ніколі ня ўходзілі ў удзельную сыстэму Кіеўскіх русаў; трымаліся зусім асобна, мелі сваю асобную дынастыю, якую Рурыкавічы называлі «Рогваложымі ўнукамі». Крывічанскія землі, знача, ніколі не лічыліся «воласьцю» Кіеўскага вялікакняжага стала, а былі для яго адзіна аб’ектам да заваяваньня.

Пашырэньне імені «Русь» на тэрыторыю Крывічоў адбывалася не дынастычным парадкам, а шляхам пашырэньня хрысьціянства. Прыняцьце хрысьціянства В. Кн. Кіеўскім Валадзімерам мела вельмі важныя вынікі для дынастыі Русаў і іх дружыны. Дынастыя з дружынай, пад ўплывам славянскай граматнасьці, асымілявалася з падбітымі славянамі (таксама, як і раней ў Баўгарыі было), прыняла іх мову; ў свой чарод хрысьціянства, якое сьпершапачатку было верай пануючага клясу, князёў і дружыны, верай русаў, атрымала найменьне «рускай веры». «Рус» і «Хрысьціянін» былі найменьні ўзаемна сябе пакрываючыя. Ад гэтага часу «прымучываньне» славянаў варагамі пакрывалася высокімі мэтамі пашырэньня «рускай веры», пашырэньня хрысьціянства. Манаполь хрысьціянства ў руках Кіеўскіх Русаў сыграў грамадную ролю ў сэнсе ўгрунтаваньня іх улады і пашырэньня ўплываў. Па іхняй старане была цяпер хрысьціянская царква з яе арганізацыяй і граматнасьцю, ды ў дадатку цэнтрам гэтай царквы быў іх-жа «богаспасаемы» горад Кіеў. Хрысьціянства, меўшае ўжо перад тым карані між гарадзкога жыхарства ўсяго абшару ўсходнай славяншчыны, пачало скора шырыцца, і пад яго націскам за 200 гадоў увесь усходна-славянскі абшар становіцца хрысьціянскім і прыбірае імя Русь. Старыя племянныя і дзяржаўныя найменьні прасьледуюцца, як азнака зваяванага паганства, як азнака адсталасьці і некультурнасьці. У пераходны час ад паганізму да хрысьціянства прыймаецца імя «Русь» і Крывічанскім народам. Аднак найменьне «Крывічы», як моцна ўкараніўшаеся, уступае сваё мейсца новаму тэрміну не адразу. Мы ўжо бачылі вышэй, што ў XI ст. Кіеўскі летапісец не расьцягае імені Русь на Крывічоў. Латышы да сягоньня не ўжываюць імені «Беларусы», а называюць, па старой памяці, нас Крывічамі (Kreevu). Найменьне гэтае да нядаўна фігуравала ў статыстыцы (Н. Столпянскій, «Девять губерній Западнаго Края», СПБ. 1866 г.), а знача ў памяці народнай, як найменьне нацыянальнае.

З гэтага вынікае, што: а) найменьне «Русь» не славянскага паходжаньня, занесена яно на славяншчыну Норманамі ў IX стагодзьдзі; б) пашыралася між славянскіх плямён, як тэрмін дынастычны і, галоўна, як веравызнаўчы, ў гэтым апошнім значэньні яно ўмацавалася і сярод Крывічоў.


  1. Lelewel 487—488.
  2. Дакі і Геты адзін і той самы народ, якога Рымляны называлі Дакамі, а Грэкі — Гетамі.
  3. Турчыновіч. Обзоръ Исторіи Бѣлоруссіи, СПБ. 1857.
  4. Выражаный на калоне Траяна; словы рымскага паэты.
  5. «Гаўры» — сазгучны з імям «Гірры», упамінаным у старасьвецкіх географаў на ўсходна-эўрапэйскім абшары. Трэба лічыць, што перасяленьне славяноў адбывалася ў радавы пэрыёд і гэтыя найменьні зьяўляюцца радавымі або племяннымі, тых родаў і плямён, якія ляглі ў аснову пазьнейшай крывічанскай дзяржавы.
  6. Шлецер, стр. 106.
  7. Карамзін. Т. I, 81.
  8. Зап. Одесск. Общ. Истор. Др. Т. I. 101.
  9. Извѣстія. II отд. Имп. Ак. Наукъ.
  10. Русск. Истор. М. 1854 Т. I. пр. 43.
  11. Koeppen. Altherth und Kunst in Rusl. Wien 1822 str. 7. Lelewel Wiad. str. 4.
  12. Narbut. Dz. Nar. Lit. Wilno 1837 T. II 476.
  13. Кіркор. «Живописная Россія».
  14. Батюшков. «Бѣлоруссія и Литва» [стр. 7.], лічыць Ізбарск нараўне з Смаленскам і Полацкам Крывічанскім цэнтрам.
  15. Лаврентьевская летопісь.
  16. Покровскій. Исторія Россіи.
  17. Там жа. (Покровскій).
  18. Праф. Доўнар-Запольскі ў сваёй працы «Очеркъ Исторіи Кривичанской и Дреговичанской земель» саўсім справядліва заўважае, што пад легендай аб прымусовай жанідзьбе Валадзімера з Рагнедай крыецца алегорыя паняволяньня полаччыны Русамі.