Аб справядлівасьці

Аб справядлівасьці
Паэзія ў прозе
Аўтар: Б. Мэон
? (пераклад 1923 году)
Пераклад: Вацлаў Ластоўскі
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 4, верасень-кастрычнік 1923 г., б. 2-3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Б. Мэон.

Аб справядлівасьці.

Мовіў нахмараны цар:

—Годзі! Я справядліў буду. Ніхай неба рашыць за нас спрэчку нашу і скажа, вінен ты ці не ? Я вялю рабу майму пайсьці за места і на пяску пустыні напісаць тваё імя, о нявольнік ! І калі вецяр не разьвее і захаваецца да раніцы напісанае, то, знача, праўда твая ў нашай спрэчцы—жыцьцё тваё прадоўжыцца.

— О,цар! ўсклікнуў бедны нявольнік.

І раб пашоў і накрэсьліў імя і ждаў і на сьвітаньні вярнуўся і апавядаў бачанае.

І мовіў цар:

— Не, нявольнік! Разьвеяна с пяском тваё імя—прысуд то безстаронны—ты павінен памерці!

—Зьлітуйся, прасіў паняволены. Зьлітуйся!

Падумаўшы мовіў цар:

—Я літасьцівы. Адложым да поўдня. Калі у поўдзень твой цень, о нявольнік, даўжэйшы будзе як ты сам, то гэта знак што ты павінен быць апраўданы—жыцьцё тваё прадоўжыцца.

І наступіў поўдзень і цень скароціуся вельмі.

З гордасьцю мовіў цар:

Цяпер ўсё ясна: ты павінен памерці. Засуджан ты двойчы. Не я цябе судзіў. Ня мной устаноўлен прысуд. Я безстаронны быў. Я справядлівы!

Пераклаў В. Л.