Аб хросным імяні Ягайлы

Народны падзел між беларусамі Аб хросным імяні Ягайлы
Навукова-папулярны артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1, чэрвень 1923 г., б. 43

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Аб хросным імяні Ягайлы. Агульна прынята лічыць, што, да хрышчэньня ў каталіцтва Ягайла быў хрысьціянінам ўсходняга абраду. Аднак некаторыя польскія гісторыкі, апіраючыся на тагочасных данных, запярэчуюць гэтаму, кажучы, што Ягайла хрысьціянінам ня быў, што ня толькі Ядвіга, але ўсе ў Польшчы лічылі ў тыя часы Ягайлу паганінам. Цэннае сьведчаньне ў гэтай справе дае кс. Островскі („Dzieje i prawa Kościoła Polskiego“, II. 429), ён кажа: „што яшчэ ў тыя часы каталіцкі касьцёл ня быў развязаўшы пытаньня што да сьвятасьці хрышчэньня па грэцкаму абраду; што толькі папеж Александар VI скасаваў гэты звычай (між 1492 і 1503 г.), прызнаўшы хрышчэньне па грэцкаму абраду, на аснове Флёрэнтыйскага Сабору, важным“. Да таго-ж часу, асабліва ў Польшчы, кожды не католік лічыўся паганінам. Нават у XV і XVI сталецьці кожды новахрышчоны русін называўся Neofitus. Паўторнае каталіцкае хрышчэньне завязанае сужэнства, калі адна з старон аставалася пры старой веры. (Acta con. Liepoliensa t. II, p. 329, № 1174) Цэркві праваслаўныя называлі сынагогамі. (Acta con. Liep. de anno 1467 t. I. p. 146, № 323) Падобная тэрміналёгія у стасунку да праваслаўных стасавана была ня толькі ў Галічыне, але і на Беларусі. Дык з вышэйсказанага відаць, што тэрмін „паганін“ і пераконаньне аб „паганстве“ Ягайлы, знамяніта маглі быць стасаваны да яго, калі ён нават быў хрышчоны па ўсходняму абраду.

Другое з чароду пытаньне, якое хроснае імя было Ягайлы? У старабеларускай транскрыпцыі імя гэтае пішацца з літарай „К“ — Якгайла. Літары „кг“ вымаўляліся як адно лац. „g“. У Усх. Русі чыталі праўдападобна, гэтае напісаньне разьдзельна, як „к“ і як „г“. Усходна-рускія летапісьцы, у якіх захавалася, зрэшта даволі позная вестка, што хрысьціянскае імя Ягайлы было — Якаў, незнаючы беларускіх асобнасьцяў, сфабрыкавалі па дагадцы: - „Якгайла“, „Якайла“, „Якаў“, „Яковъ“.

У аколіцах Вітабска, дый па ўсей Беларусі, дагэтуль імя Ягайла ўжываецца ў народзе. Гэта ёсьць хроснае імя Іоанн. Ад гэтага імя ідуць выводныя: Югась, Ягась, Югайла, Ягайла (так як: Міхась, Міхайла); жаночыя: Югася, Югаля, Ягася, а нават проста Яга.

Гэта дае права думаць, што першае хроснае імя Ягайлы было не Якаў, а Іоанн.

В. Л.