Аб чым шэпацелі лісьця (1913)/Банкет

Аб чым шэпацелі лісьця Банкет
Апавяданьне
Аўтар: Таўрус
1913 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Банкет (Таўрус).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




II.

БАНКЕТ.

Банкет.

I.

Радасны і вясёлы, пад’ежджаў Пятрусь у сваё сяло, каторага ён не бачыў ад самых Каляд. Вырваўшыся з душнага горада, дзе за дамамі не ўбачыш ні далёкага лесу, ні раздольля шырокіх палёў, і апынуўшыся сярод знаёмых узгоркаў і хвойнякоў, Пятрусь пачуўся вольна і лёгка. Яго так і цягнула ў гэтые кусты на беразі рэчкі, на зялёны шырокі луг, бо тут кожны куст, кожнае дрэва і грудок былі яго добрымі старымі знаёмымі.

Едучы, ён закідаў пытаньнямі іх парабка Андрэя, як і што дома. У гэтых пытаньнях адбіваўся мужычы дух, крэпка зросшыйся з зямлёй, з родным сялом.

Вот і сяло, вот і іх хата. Бацька даўно ўжо тупаў па дварэ, не раз паглядаючы на дарогу. Ён сам адчыніў вароты і выйшоў за браму на спатканьне сыну. Пятрусь борзьдзенька саскочыў з каламашкі і кінуўся да бацькі.

Сын — гімназіст і бацька, ужо паджылы сталы селянін-хлебароб, абняліся і моцна пацалаваліся.

— Ну як жэ здароў, Пятрусь. Як пашанцавалі экзамены? —

Пятрусь наскора адказаў бацьку і пабег да маткі. Яна ўжо даўно стаяла каля парога, загадзьдзя абцёршы губы хвартухом, не спушчала вачэй з сына.

— А, сыночэк ты мой! а маё ты паненятко! гаварыла маці, цалуючы хлопца.

І ў запраўды, Пятрусь у хорме гімназіста сусім быў, як паніч. Навет папоў сын бурсак, равесьнік Пятрука, адступаў перад ім на задні плян і касаваўся. Дык і ня дзіва, што маці так цешылася, гледзючы на сына — гімназіста.

Вайшоўшы ў хату, Пятрусь агледзіў усе куты, кожную новую рэч у хаці. Пры гэтым ён расказываў пра гімназію, пра горад, пра сваіх новых сяброў, пра ўсё тое, што цікавіла там яго самога. Але яму не сядзелася ў хаці, яго цягнула на двор, на волю, і праз поўгадзіны ён ужо шворыўся ў садку; адтуль, пералезшы цераз плот, выбег на вуліцу. Праз паркан суседзкага садзіка на яго пазірала колькі пар вачэй яго равесьнікоў. Пятрук зараз-жэ заўважыў іх. Адзін з хлопцаў высунуў галаву з за паркана і моўчкі прыглядаўся да Пятруся. Зараз жэ паказалася другая галава ў старой шапцы, праз дзіркі каторай прабіваліся космы светлых валасоў, парыжэўшых на канцох ад сонца.

Ні Пятрук, ні хлопцы нічого не гаварылі. Пятруку хацелася прылучыцца да іх кумпаніі, але ён чуў, што як бы нешта лягло меж ім і хлопцамі, і ў яго не ставала сьмеласьці падыйсьці да сваіх даўнейшых сябрукоў. Кругом усе былі проста адзеты, і толькі ён адзін кідаўся ў вочы ўсім сваею хормаю. Ён дагадаўся, што гэта хорма і клала той рубеж меж ім і хлопцамі, каторы і стрымовываў яго падыйсьці да іх, як даўней і начаць разам гульню. Трохі пастаяўшы і падумаўшы, Пятрусь пабег зноў у хату, скінуў свой мундзірчык, нацягнуў свой стары каптанік, узяў яшчэ колькі цікавых кніжак з рысункамі і зноў выбег на вуліцу. Цяпер ён сьмела падбег да хлопцаў і, падышоўшы, хацеў сказаць ім «здрастуйце», як гаварыў ён у гімназіі да сваіх таварышоў, але ў сяле меж малымі такога звычая не вялося, і ён проста сказаў:

— Хадзём пагуляем. Я пакажу вам цікавые малюнкі. —

Хлопцы пералезьлі цераз паркан і падыйшлі да Пятруся. Трохі счэкаўшы, яны ўжо бегалі на задворках і агародах, рвалі моркву, скраблі яе трэсачкамі або проста абціралі аб сваю адзежу і елі. Пятрусь ад іх не атставаў. Цяпер на яго галаве сядзела шапка з чужой галавы, а ў яго шапцы бегаў адзін з таварышоў. Хлопцы гаварылі, крычалі, шумелі. Меж імі началася гульня. Кожная старана старалася выказаць найцікавейшые штукі і гэтым самым выклікаць у другіх зайздрасьць і зьдзіўленьне. Гаворка іх была самая жывая і борзда пераскаківала з аднаго на другое і такім парадкам праз колькі мінут хлопцы сталі гаварыць аб дужанцы.

— Ну, давайце падужаемся! — гаварыў Пятрусь і выставіў упярод адну нагу і наплеваў на рукі.

— Ну, са мною! — вышоў проці яго жывы і разьбітны Ляксей. Зірнуўшы ў вакно, Пятрукоў бацька убачыў, як яго сын качаўся з хлопцамі у пяску.

— Пятрусь! Пятрусь! што ты гэта робіш? —

Яму здавалася, што яго сыну не прыстойна займацца такім глупствам і, завярнуўшыся да жонкі, сказаў:

— Сусім ён тут адзічае, паглядзі: і хорму сваю скінуў, ледзьве пазнаў.

А штож там такое, калі пагуляе? Вядома дзіця яшчэ, — заступілася маці.

Паклікаўшы Пятруся, бацька срога сказаў:

— Табе, Пятрук, не надта прыстойна качацца па пяску. Убачуць людзі, сьмеяцца будуць. Скажуць — такі самы мужык. —

— А хіба-ж я пан? —

— Павінен быц лепшы за пана! Што там пан? усякі сам сабе пан. А ты вот што: сягоньня у нас будуць госьці, дык ты прыбярыся і — глядзі трымайся так, каб ніхто ня сьмеў на цябе тыкаць пальцам!

А госьці будуць ня простые. —

II.

Вечаром на зьмерканьні пачалі зьбірацца госьці. Першымі прышло колькі сталых, паважных гаспадароў, а потым сталі зьбірацца і госьці вышэйшага стану: сядзелец, пісар з старшыной, вураднік, дзяк.

Гэтые паны-госьці варты таго, каб аб іх сказаць хоць колькі слоў.

Пісар быў мужчына гадоў за трыдцать. Ён лічыў сябе чэлавекам, цэлай галавой большым ад усіх і самым патрэбным у гасударстве. Бо і праўда, чаго ні краніся, усюды пісар: хто глаўная труба ў валасным судзе? пісар. Хто вядзе ўселякіе раестры, спіскі? пісар. Хто робіць раскладкі, і зноў пісар. А хто выдае паспарты? пісар жэ. Адным словам, куды ні павернісься, пісар і пісар. Дык і ня дзіва, што гэты пісар так многа забраў сабе ў галаву. Вураднік жэ часам казаў яму за чаркай:

— Што пісары валасные? заткалы, папіхачы. —

Але пісар на гэта адказываў:

— Ну, гэтага не скажы! А вот с цябе то карысьць не вялікая: кожны валасны стораж патрапіць споўніць вураднікову «хункцыю». —

Сядзелец больш маўчаў, і ажываў толькі тагды, як не стале станавілася добрая закуска і выпіўка. Тагды яго вочы блішчалі, і ён пачынаў што-нібудзь хлусіць. Дзяк быў вядомы ў сяле тым, што раз, прабіраючы мужыкоў, што ніхто з іх ня ўмее гаварыць пацеры, узяўся сам паказаць, як трэба гаварыць пацеры і зьбіўся а ўсе паднялі яго на сьмех, бо дзяк часта любіў умешывацца не ў сваё. А аба ўсіх разам можна было сказаць, што гэта ўсё былі людзі, каторые ад доўгай сваей практыкі прывыклі пры спатканьні с чэлавекам перш паглядзець на яго рукі і кішэні, а потым ужо пазіраць яму ў вочы.

С пачатку гаворка не так-то клеілася. Пісар дыміў папіросай і, трымаючы яе ў зубох, гаварыў з фэльчэрам, як з самым вучоным тут. Дзяк разсказываў старшыне і сядзельцу, як ён у моладасьці быў у архірэйскім хору і дзёр баса.

Тагды толькі госьці ажывіліся, як гаспадар і гаспадыня пасадзілі іх за стол, загружэны закускамі і выпіўкай. А як чарка зрабіла колькі кругоў, то гаворка так палілася, што некаму было і слухаць. Сядзелец пачаў расказываць як ён у хвоі знайшоў гняздо куніц і голай рукой выцягнуў з дупла цэлых шэсьць штук. А што гэта была праўда, то ён паднес да самага носа старшыны руку, на которай яшчэ і цяпер быў знак, як укусіла яго куніца.

Цяпер толькі госьці заўважылі Пятруся і зірнулі на яго вокам ласкі.

— Дзякуй Богу перайшоў у чацьверты клас, — гаварыў бацька. — Ня мне будзе раўня. Даўней не так спрытна вучылі як цяпер, хоць пападаліся і добрые дарэктары. Я вот памятаю, як сам хадзіў вучыцца. Бывала калі залепіць табе гэты самы дарэктар па патыліцы, скарэй плюшч вочы, каб не павыскаківалі за лба; а ўсё-ж такі вучні не так-то добра зналі, хоць па зім пяць вучыліся. А цяпер, бачыш, і ня б,юць, а вучацца, —

— А ты думаеш гэта лепш, што ня б,юць? — спытаў дзяк. — Калі, бывала, давалі лупцоўку, то і людзі былі. А цяпер што? Глядзіш, чуць відзен ад зямлі, а ўжо нос задзірае, ніякаго поважэньня к старшым. А ў школах што вычвараюць? Забастоўкі робяць. Вот бы гэтакага забастоўшчыка разлажыць на столак, ды закасаць кашулю, ды ўсыпаць і бунт бы увесь прайшоў. От узяць бы к прымеру хоць мяне: білі і ў людзі вывелі. —

— Які ты ў чорта людзі? — спытаў яго пісар: — ты — чвэрць чэлавека. —

Усе зарагаталі.

— Ну, а ты, цэлы чэлавек! А вот давай паспорым: «Жэзл во образ тайны прыемлецца, прозябеніем бо предразсуждает свяшчэнніка…»

Што гэта азначае? —

— Жэзл — гэта палка, — пачаў тлумачыць пісар і спыніўся.

— Гэта і дурэнь ведае, што жэзл-палка, але далей што? — наседаў дзяк на пісара.

Сядзеўшые тут селяне прыслуховываліся да споркі і пыталіся адзін другога, якую гэта задачу загадаў дзяк, што і пісар не разгадае.

Адзін з мужыкоў, Піліп Гладыш, прышоў на падмогу пісару.

— Гэта мо тая палка, што б,юць, як на папоў вывучываюць. —

— Добра ты кажэш, — падхапіў пісар: ня шкодзілаб ею высьвеньціць і нашага дзяка. —

— Нічога вы не знаеце, — абвеў дзяк усіх паглядам чэлавека, атрымаўшаго верх: — жэзл — гета той шост, на каторым.........................

Пры гэтым Пятрусь моцна зарагатаў.

Усе зірнулі на Пятруся.

— Што, не праўду мо кажу? — спытаў дзяк, зірнуўшы ў яго бок.

— Вы змыліліся, — сказаў ня сьмела Пятрусь: — гэта той жэзл, каторы быў положэны разам з другімі завета, і прарос. Гэта быў жэзл Арона, і усе патомкі яго і лічыліся выбраннымі Богам свяшчэньнікамі.

Тут дзяк схамянуўся.

— Ну, а я як кажу? і я хацеў сказаць тое самае. —

— Эй, дзяк, — гукнуў пісар: — лепш бы ты вучыў мужыкоў, як гаварыць пацеры.

Пятрусь посьле гэтага здарэньня адразу вырас у вачах гасьцей, асабліва ў селян. А маці, хоць і ня ўсё сьцяміла тут, але бачыла, што Пятрусь, і твар яе разгорнуўся у шырокую усьмешку здаваленьня.

Сядзелец, седзючы каля пісара, шаргануў туды і сюды пальцам нос (гэта азначало, што ён нешта надумаў і зараз штось скажэ)

— А вот, Пятрусь, скажы; колькі гэта будзе каштаваць двадцаць кварт, двадцаць поўкварт і двадцаць кручкоў гарэлкі разам с пасудай. —

Спытаўшы аб цане бутэлькі кожнага сорта, Пятрук, чуць падумаўшы зразу атказаў, колькі ўсё гэта каштуе.

Сядзелец не чэкаў, што Пятрусь так скора вылічыць і ад зьдзіўленьня аж стукнуў рукою па стале.

— Маладзец! —

— Ну, а ці зробіш такую раскладку: 1300 руб. 80 кап. разлажыць на 640 гаспадароў.

Пятрусь, узяўшы аловак, як бачыш, вырахаваў:

— Два рублі і тры с чэцьверцю капеек.

Пісар паглядзеў.

— Гэта ваша навука так лічыць, а мы, людзі практыкі, робім крыху іначэй: замест драбніц, лічым цэлую капейку. Вот табе і будзе залажыць банчок. —

Крыху памаўчаўшы, пісар зноў сказаў:

— Навука рэч ня кепская, ды толькі для таго, хто умее з яе карыстаць.

Ну што с таго, што наш земскі — каб далека не хадзіць — вучоны.

А прыедзе ў воласьць і за кожным глупствам ідзе да пісара. А пісар усё ведае, хоць ён у гімназіях не вучыўся і экзаменаў вялікіх не здаваў. —

— Лайдаство ідзе ад гэтай навукі! — стукнуў вураднік кулаком па стале: — Ось дай ты мужыкам навуку, і жыць на сьвеце нельга будзе. С чаго пашлі гэтые забастоўкі? дземократы? Усё ад навукі!

Тут вураднік разсказаў, як у сяло прыйшоў забастоўшчык. метр нима

— Хто ты? — пытаюць яго.

— Дземократ. —

— А! ты — канакрад?! Вяжы яго, вужа! — і вураднік, сказаўшы гэта, адзін зарагатаў на ўсю хату. Ён ужо быў п,яны ужо быў п,яны і пачаў прыставаць да маладзіц.

Слухаючы гэта, гаспадар сядзеў як на йголках: спарчацца было ня гожа: як ні як, а гэта былі яго госьці, і маўчаць так сама не выпадала, бо ён сам мужык, а вот вучыць свайго сына. І ён пускаў між вушэй п,яные гутаркі дзікіх людзей, каторые лічылі сябе інтэлігентамі.

Горш за ўсіх тут чуўся Пятрусь.

Яму даўно ўжо хацелася кінуць гэту кумпанію, ды ён не хацеў сароміць бацькі і мусіў сядзець сярод гэтых чужых і нямілых яму людзей.

А госьці пілі, елі і п,янелі, і іх языкі, як сарваўшыеся с прывязі сабакі пачалі малоць усякіе глупствы. А як вураднік пачаў выкідаць свае штукі, хлопец не стрымаўся і адвярнуўшыся да маткі ў паўголаса сказаў:

— Каб паноў-гасьцей пасадзіць у клетку ды павезьці..........................

— Каго, нас у клетку? — спытаў пісар што меў вельмі чуткіе вушы і чуў гутарку Пятруся: што-ж мы па твоему зьвяры ці што? —

У гутарку ўмешаўся вураднік.

— Вот! я і казаў, якая з навукі карысць! Але што с цябе возьмеш, калі ты яшчэ дурное шчэня? Каб ты быў крыху большы, то я сам даў-бы табе па мордзе. —

— То сабраў бы зубы у прыгоршчы! — гнеўліва адказаў вурадніку Пятрусь.

— Ці я не казаў? — падхапіў і дзяк: от як яны паважаюць начальства і старшых! Разумнаго маеш, Тамаш, сына.

А бацька перш ня ведаў, што рабіць. Потым ён борзда падняўся і абярнуўся да Пятрука.

— Цябе вучылі ў гімназіі розным навукам, і я ім дзякую за гэта. А цяпер я навучу цябе, як трэба шанаваць гасьцей.

З гэтымі славамі бацька узяў сына за вуха Потым перэпрасіў гасьцей і прасіў іх выбачыць гэта глупства сыну.

Пятрусь загарэўся увесь з сораму. Ён даўно ўжо адвык, каб яго круцілі за вушы. Здаецца, каб паднёс да яго твару запалку, то ён запылаў бы.

У вадзін момэнт Пятрусь шуснуў пад стол, выскачыў на хату. Узяўшыся за клямку, ён сказаў:

— Калі ты іх наклікаў, то сядзі з імі, а я з такімі сядзець ня буду! —


∗     ∗

Госьці разыйшліся. Позна ўжо знайшоў бацька Пятруся ў гумне.

— Сынок! ты на мяне ня гневайся. Я і сам каюся, што наклікаў гэту псярню. Але ня мог-жа я пахваліць цябе за тое, што ты ім сказаў. Праўда на тваей старане, і яны заўтра будуць сароміцца самі сябе.

І сын з бацькам у згодзе пайшлі ў хату.

Толькі-ж у Пятруся глыбока-глыбока запала ў душу гэта крыўда, і ён ніколі ня мог успомніць пра гэты выпадак без таго, каб сэрца яго ня сьціснулося тупой больлю.