Аграрна-коопэратыўная палітыка будучыні (1936)

Аграрна-коопэратыўная палітыка будучыні
Эканамічная праца
Аўтар: Фабіян Акінчыц
1936 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аграрна-каапэратыўная палітыка будучыні.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ф. Акінчыц



Аграрна-коопэратыўная
палітыка будучыні



ВІЛЬНЯ — — — — — — 1936.

Ф. Акінчыц.



Аграрна-коопэратыўная
палітыка будучыні



Выданьне „Новага Шляху

ВІЛЬНЯ — — — — — — 1936.


Беларуская Друкарня ім. Фр. Скарыны ў Вільні.

Уступ.

Што сучасны аграрны лад вымагае грунтоўнай перабудовы — аб гэтым ня можа быць ніякага сумлеву.

Пасьля сусьветнай вайны неабходнасьць гэтай перабудовы зразумелі амаль усе народы. Таму многія эўрапэйскія дзяржавы, ня лічучы ўжо Савецкі Саюз, амаль поўнасьцю зьліквідавалі ў сябе абшарніцтва, а калі дзе яно і асталося, то знаходзіцца ў стане кананьня. Парцэляцыя буйных абшараў, як-бы шырака яна ня была праведзена, не вырашае, аднак, усей, даволі складной аграрнай праблемы. Усё тое, што мы знаходзім у аграрных праграмах дэмакратычных партыяў, гэта значыць — парцэляцыя і надзяленьне зямлёю беззямельных і малазямельных, комасацыя, мэліорацыя і г. п. — усё гэта зьяўляецца нічым іншым, як толькі пачаткам вырашэньня зямельнага пытаньня, пастаўленага самым жыцьцём, тэхнічнаю перабудоваю зямельнага ладу, за катораю павінна йсьці глыбокая соцыяльна-эканамічная яго рэконструкцыя.

Сутнасьць гэтай апошняй палягае на вытварэньні ў улоньні вясковай гаспадаркі такіх соцыяльна-эканамічных суадносінаў, пры каторых павялічвалася б выдайнасьць людзкой працы і самой зямлі.

Гэткае пытаньне навет у сучасную ўжо хвіліну павінна лічыцца адным з найгалаўнейшых. Трэба ўзяць пад увагу, што пасьля падзелу ўсяго зямельнага запасу, які толькі ёсьць у тэй ці іншай дзяржаве — праз нейкі час (які ня трудна аблічыць) ізноў паўстане зямельная „цесната“. Колькасьць людзей на сьвеце ўсьцяж павялічваецца, а колькасьць зямлі астаецца вялічынёю пастаяннаю.

І гэтая вось акалічнасьць і ёсьць тым галоўным мотарам, каторы пхае людзкую грамаду ў кірунку ўдасканаленьня формаў сужыцьця. На жаль, сучасныя кіраўнічыя колы мала цікавяцца падобнымі пытаньнямі, ад правільнага вырашэньня каторых будзе залежыць лёс ня толькі аграрных, але і прамысловых краін. Гэтыя людзі заспакоіліся часткавай парцэляцыяй, каторая, да рэчы сказаць, праведзена была пад псыхолёгічнаю прэсіяю расейскай рэвалюцыі і, трымаючы ў сваіх руках уладу, і не выкарыстываючы яе ў адпаведным напрамку, пусьцілі аграрную справу на волю лёсу.

Ідэалёгі і кіраўнікі сучаснага ладу разумеюць, што падобны стан рэчаў дабра не варожыць, і таму мы чуем з іх боку прыхільныя водклікі аб коопэрацыі, заклікі да ашчаднасьці і тэхнічных удасканаленьняў, але ніколі ня бачылі — і пэўна не пабачым — нейкіх праектаў радыкальных рэформаў, каторыя запраўды перабудавалі б усё вясковае жыцьцё, як гаспадарчае, так і грамадзкае.

Доказам падобнага стану рэчаў ёсьць сучасная палітыка цэн, у выніку каторай капіталісты, ліхвяры і розныя гандлёвыя пасярэднікі нажываюць вагромныя капіталы, выкарыстоўваючы неарганізаванасьць сялян, што наглядаецца амаль ува ўсіх дзяржавах.

З другога боку выступаюць ідэолёгі дыктатуры пролетарыяту — камуністы і соцыялісты марксаўскай школы, каторыя, імкнучыся да соцыяльнай рэвалюцыі, у аграрнай галіне таксама ня маюць конструкцыйнай праграмы, якая была б карыснаю для сялянства. Іхным ідэалам ёсьць падпарадкаваньне інтарэсаў усіх клясаў — у тым ліку і сялянскіх — інтарэсам „гэгемона“ — пролетарыя і гэтакае падпарадкаваньне знаходзіць вонкавае выяўленьне ў дыктатуры пролетарыяту, пры каторай голас селяніна быў-бы вельмі слабы.

На колькі марксаўская аграрная тэорыя і праграма зьяўляюцца не да прыняцьця сялянскімі масамі найлепшым доказам можа служыць Савецкі Саюз, дзе марксысты-камуністы, маючы ў сваіх руках усю ўладу, вытварылі прыгонныя формы гаспадаркі, характэрыстыка якіх не ўваходзіць на гэтым месцы ў нашыя пляны. Адно толькі скажам, што савецкі аграрны лад ня можа быць нашым ідэалам. Адзіным дадатнім для нас бокам камуністычных досьледаў ёсьць тое, што мы больш інтэнсыўна павінны адшукваць іншыя спосабы вырашэньня аграрнай праблемы, спосабы больш карысныя і рацыянальныя, асабліва ў тых краёх, дзе, як напрыклад у нас, у Беларусі, сялянства становіць аснаўную масу насельніцтва.

Падобная акалічнасьць змусіла аўтора гэтых радкоў, які доўгі ўжо час цікавіўся аграрным пытаньнем, даць на бачынах „Самапомачы“ хоць-бы агульны нарыс тых конкрэтных мерапрыемстваў, каторыя павінны быць застасаваны, „дзяржаваю будучыні“.

Пад словам „дзяржава булучыні“ аўтор разумее такі палітычны і грамадзкі лад, дзе кіраўніцтва ўсім жыцьцём будзе надавацца сіламі, каторыя прыступяць да грунтоўнай перабудовы ўсіх галін соцыяльна-эканамічнай структуры, а як на нашы беларускія абставіны, — у першую чаргу возьмуцца за ўпарадкаваньне аграрнай праблемы ўва ўсёй яе суцэльнасьці.

Калі і пры якіх абставінах гэта наступіць — варажыць тут ня будзем. Для нас мусіць быць ясным толькі адно, што гэтакі мамэнт надыйдзе, бо ён зьяўляецца гістарычна-неабходным. Тады ўсе справы, каторыя мы разгледзім у наступных артыкулах, прыймуць зусім актуальны характар, і коопэрацыя ў галіне земляробства ператворыцца ў сілу, каторая паставіць яго на належную вышыню.

Пытаньням з галіны аграрна-кооператыўнай палітыкі павінна быць пасьвячана адпаведная ўвага, бо мы перакананы, што тое, што ў сучасную хвіліну ёсьць толькі нашым лятуценьнем — зьдзейсьніцца ў жыцьці…

Яшчэ адна прычына змусіла аўтора прыступіць да надрукаваньня сваёй працы — гэта патрэба, каб выказаныя ў ёй думкі зацікавілі нашае грамадзянства і выклікалі сярод яго дыскусіі на закранутыя тэмы. Нам здаецца, што ў гэтакі спосаб нацыянальна-думаючае беларускае грамадзянства вытварыць прыгожы аграрна-коопэратыўны ідэал, куды прыгажэйшы ад таго, каторы рэалізуецца цяпер у дзяржавах з адценкам тэй ці іншай дыктатуры.


1. Коопэрацыя і дзяржава

правіць

1. Коопэрацыя і дзяржава.

Разглядаючы сучасны коопэратыўны рух, ня можна не заўважыць, што ў існуючых коопэратыўных хвормах не заўсёды можна знайсьці запраўдны коопэратыўны зьмест.

Калі мы цікавімся коопэрацыяй і залічаем яе да найгалаўнейшых спосабаў перабудовы сельскай гаспадаркі на больш рацыянальных падставах, то гэтым самым у коопэратыўныя хвормы мы хацелі-б уліць і такі зьмест, каторы адпавядаў-бы нашым рэконструкцыйным мэтам.

Побач з гэткім паглядам, закараніўся аднак і іншы падыход да коопэрацыі. Шмат хто хоча бачыць у коопэрацыі толькі сродак да падняцьця матэрыяльнага роўню скоопэраванай часткі насельніцтва — і толькі.

Пры існуючым стане рэчаў трудна казаць навет пра нейкі адзіны коопэратыўны ідэал. Сяньня кожная кляса грамадзянства вытварыла свае ўласныя, клясавыя коопэратыўныя арганізацыі, якія, маючы чыста эгоістычныя мэты, вядуць паміж сабою барацьбу. Гэтак, напрыклад, гарадзкі пролетарыят пабудаваў свой уласны тып коопэрацыі, галоўным чынам таварыствы спажывецкія. Дробна-буржуазная кляса таксама ахвотна гуртуецца каля гэтых аб‘еднаньняў, але ўжо далёка адыходзіць ад рочдэльскіх прынцыпаў і „орыентуецца“ на акцыйныя таварыствы, дзелячы, напрыклад, надвыжку не паводле накупу, а паводле паёў і г. д. Асабліва ярка кідаецца ў вочы адсутнасьць рэканструкцыйных мэтаў у сучаснай сельска-гаспадарчай коопэрацыі, каторая, між іншым, павінна быць і бязумоўна будзе тым апорным пунктам, тым вагаром (рычагом), які пры іншых грамадзкіх і палітычных абставінах грунтоўна перабудуе ўсю сялянскую гаспадарку. Заданьні ж коопэрацыі пры сучасным ладзе вельмі вузкія і зводзяцца толькі да павышэньня дабрабыту скоопэраванай часткі насельніцтва і павялічэньня ягонай удзельнай вагі на рынку як прадаўца, што ўрэшце не заўсяды ўдаецца.

Коопэраваньне сельскай гаспадаркі, у тым кірунку і тымі спосабамі, якімі яно вядзецца цяпер, ня можна лічыць за такі дзейнік, каторы здольны быў бы ўстанавіць іншы гаспадарчы лад на вёсцы. З гэтым, між іншым, змушаны быў згадзіцца нават такі прыхільнік коопэратыўнага будаўніцтва, як праф. Туган-Бараноўскі, каторы кажа, што: „Ня маем ніякіх дадзеных на тое, што сельская коопэрацыя паступова можа ахапіць і галіну земляробскай вытворчасьці, ня маем падстаў спадзявацца, каб у далейшым сваім разьвіцьці сялянскія коопэратывы заняліся і вытварэньнем земляробскіх прадуктаў“…

Тое, аб чым кажа Туган-Бараноўскі, ёсьць для нас бяссумлеўным фактам. Але задача ў тым, каб заахвоціць сялян пакінуць сваё прымітыўнае гаспадараваньне, абапёртае на крайнім індывідуалізьме, бо яно завядзе іх да пагібелі.

Большасьць сучасных дзяржаў, ня маючы ніякіх рэканструкцыйных плянаў, пакінула коопэрацыю на волю лёсу. Іншыя ўзноў, ідучы на спатканьне прыватнаму капіталу, стараюцца ўстрымаць коопэратыўны рух шляхам законадаўчых мерапрыемстваў… А між тым, ініцыятыўная роль з боку дзяржавы ў хворме аграрна-коопэратыўнай палітыкі павінна мець рашучы ўплыў на гаспадарчы поступ.

Зразумела, што капіталістычныя дзяржавы, з іхнім бюракратычным апаратам, не надаюцца да падобнай арганізатарскай ролі, і з гэтай прычыны і ад сучаснай коопэрацыі мы не чакаем таго, што яна можа і павінна даць у „дзяржаве будучыні“, дзе творчая ініцыятыва пяройдзе ў рукі арганізаванага народу. Усякія-ж стараньні коопэратараў з соцыялістычным „нахілам“ вытварыць коопэратыўную рэспубліку пры капіталістычным ладзе — астануцца бясплоднымі, бо ўвесь буржуазны дзяржаўны мэханізм ня толькі ім ня прыяе, але ставіць розныя перашкоды.

Трэба памятаць, што йшчэ асновапаложнікі коопэратыўнага руху мелі на ўвазе ня толькі пазакладаць коопэратыўныя склады і крамкі, але імкнуліся да шырокай перабудовы ўсяго соцыяльна-эканамічнага ладу на коопэратыўна-соцыяльных падставах.

Аднак і першыя коопэратары-ўтапісты памыліліся думаючы, што ім удасца зьдзейсьніць свой ідэал у межах буржуазна-капіталістычнага ладу, бо яны не разумелі тады, што да гэтага патрэбны прыяючыя палітычныя і грамадзкія абставіны, якіх ня можа даць капіталістычны спосаб гаспадараваньня.

Толькі пасьля ліквідацыі гэтага ладу будзе поўная магчымасьць разбудоўваць коопэрацыю паводле аднаго распрацаванага пляну і пазбыцца тых ад‘емных зьявішчаў, якія мы наглядаем у гэтай галіне, дзе, як кажа той-жа Туган-Бараноўскі „існуе, самы востры антаганізм паміж пролетарскаю коопэрацыяю і сялянскаю“ і дзе мы пастаянна спатыкаемся з тым зьявішчам, калі гарадзкія коопэратывы спажыўцоў бачаць у сельскіх коопэратывах сваіх небясьпечных ворагаў (Т.-Бараноўскі „Społeczne zasady kooperacji“ бач. 431).

Ініцыятыўная роль працоўнай дзяржавы ў коопэратыўным будаўніцтве азначаецца тымі рэканструкцыйнымі заданьнямі, каторыя яна ставіць сабе ў агульнай эканамічнай палітыцы. Тут дзяржава павінна быць ня толькі вярхоўным кантралёрам усей коопэратыўнай працы, але зьяўляцца і ініцыятарам у справе дасканаленьня коопэратыўных хвормаў.

Гэтакае будаўніцтва, злучанае з рэконструкцыяй сельскай гаспадаркі — вымагае ад грамадзянства матэрыяльных выдаткаў, галоўным чынам на розныя будоўлі і машыны, выдаткаў, каторыя не пад сілу сялянству. І таму матэрыяльныя патрэбы такой коопэрацыі мусілі-б быць пакрыты з агульна-дзяржаўнага бюджэту.

Зразумела, што дапамога з боку дзяржавы павінна стасавацца з такім абрахункам, каб па ўплыве пэўнага часу грамадзянства ў суцэльнасьці атрымала матэрыяльныя карысьці.

Да пытаньня пра хвормы і велічыню гэтай помачы з боку дзяржавы мы йшчэ вернемся. Цяпер толькі падчыркнём, што без яе (помачы) немагчыма коопэратыўнае будаўніцтва ў агульна-дзяржаўным маштабе. Мы трымаемся таго пагляду, што дзяржава павінна быць вярхоўным арганізатарам ва ўсіх галінах соцыяльна-эканамічнага і грамадзкага жыцьця. Дзеля таго мы лічым, што ў справе перабудовы сельскай гаспадаркі на коопэтарыўных падставах, як неабходная ўмова, зьяўляецца адпаведны палітычны і грамадзкі лад, які павінен прыйсьці на зьмену існуючаму буржуазна-капіталістычнаму і які выключаў-бы ўсялякія магчымасьці да эксплёатацыі сялянства.

А каб гэткая паважная рэформа была праведзена ў згодзе з асаблівасьцямі краю і нацыянальным характарам ягонага насельніцтва, каб яна ня ўстрымлівалася нейкімі чужымі і варожымі сіламі, — наўперад патрэбна палітычная незалежнасьць народу, які яе ня мае і які хоча ўстанавіць у сябе новыя хвормы гаспадараваньня.


2. Галоўныя мэты ў справе перабудовы сельскай гаспадаркі

правіць

2. Галоўныя мэты ў справе перабудовы сельскай гаспадаркі.

Што сучасная сялянская гаспадарка мусіць, пры існуючым стане рэчаў, дайсьці да канчальнай руіны — аб гэтым няма ў нас ніякага сумлеву.

Пытаньне толькі — які-ж аграрны лад (устрой) павінен прыйсьці на зьмену існуючаму, каб у ім ня было тых недахопаў, якія мы наглядаем цяпер? Гэткае-ж пытаньне паўстала і ў Савецкім Саюзе, як толькі камуністы апынуліся перад канешнасьцю зрэалізаваньня сваёй аграрнай праграмы.

Першы, хто сур‘ёзна гэтым занепакоіўся, быў Ленін, каторы даў агульніковую формулу для перабудовы ўсяго соцыяльна-эканамічнага ладу: „камунізм — кажа ён — гэта ёсьць савецкая ўлада плюс электрыфікацыя ўсей краіны“. Пры гэтым электрыфікацыя, на думку Леніна, павінна ахапіць і земляробства, каторае трэба „перавесьці на новую тэхнічную базу сучаснага буйнага вырабу, а гэткай базаю ёсьць толькі электрыфікацыя“. (Ленін: „О строительстве социалистического хозяйства“ — бач. 68).

Справа рэканструкцыі сельскай гаспадаркі аказалася, аднак, куды складнейшаю, чым аб гэтым думаў навет такі чалавек, як Ленін, каторы зьвярнуў увагу толькі на тэхнічны яе бок, абмінуўшы мамэнты псыхолёгічны і грамадзкі.

Новы аграрна-коопэратыўны лад з вонкавага боку павінен характэрызавацца запраўды шырокім застасаваньнем розных тэхнічных удасканаленьняў, якія магчымы толькі пры ўвядзеньні арцельна-коопэратыўных гаспадарак.

На наш пагляд рэформу сельскай гаспадаркі трэба праводзіць плянова, а гэтым самым і паступова. Ня можна нічога зрабіць карыснага, разбурыўшы ўсё „за адным махам“, а потым пачынаючы гвалтам накідаць насельніцтву новыя гаспадарчыя формы, каторых яно дакладна навет не разумее. Гэткія рэформы аграрнага ладу павінны быць расьцягнены на даўжэйшы час, у залежнасьці ад ступені культурнай і грамадзкай сьпеласьці народу.

Дзеля таго, што тэхнічныя ўдасканаленьні, без якіх немагчыма вясьці рацыянальную сельскую гаспадарку, можна застасаваць толькі ў буйнейшых гаспадарчых адзінках — трэба ў першую чаргу прыступіць да аб‘яднаньня карлаватых і дробных гаспадарак і тым самым да ліквідацыі іхняга самастойнага існаваньня, як нерацыянальнага з пункту гледжаньня соцыяльна-эканамічнага і гаспадарчага. Гэта магчыма зьдзейсьніць ня дэкрэтамі ці распараджэньнямі, a пляновым скоопэраваньнем паасобных галін гаспадаркі, як напр. малачарства, жывёлагадоўля і інш. Як завяршэньне гэткага працэсу быў-бы пераход індывідуальных гаспадарак у сельска-гаспадарчыя сябрыны (арцелі), дзе або ўся гаспадарка ў суцэльнасьці, або значная частка сельска-гаспадарчых працэсаў вяліся-б на коопэратыўных падставах.

Зразумела, што гэткія гаспадарчыя аб‘яднаньні павінны быць такога харахтару і разьмеру, каб яны былі самавыстарчальнымі і каб маглі застасаваць у сябе розныя тэхнічныя ўдасканаленьні.

Арганізацыя больш буйных гаспадарак шляхам дабравольнага і сьведамага злучэньня дробных, у мэтах супольнай эксплёатацыі зямлі, прынясе вялікія карысьці сялянству. Калі гаспадар, які мае 3 або навет і болей гэктараў зямлі, ня можа стасаваць у сябе жняярку ці малатарню, то для 20 такіх гаспадароў гэткі набытак зусім даступны.

Бачым тут, што коопэратыўныя (арцельныя) хвормы гаспадараваньня куды выгаднейшыя ў параўнаньні з хвормамі індывідуальнымі. І дзяржава павінна будаваць сваю аграрна-коопэратыўную палітыку, выходзячы з гэтага пункту гледжаньня.

Да гэтай справы трэба падходзіць плянова, зьвяртаючы асаблівую ўвагу на моладзь, як элемэнт больш падатны да ўсяго новага. Ад маладога пакаленьня лягчэй дабіцца таго, каб вёска ахвотна пераходзіла на новыя хвормы гаспадараваньня, не патрабуючы ніякага прымусу з боку дзяржавы.

У выніку ўсіх гэтых мерапрыемстваў, мы ўяўляем сабе будучую вёску, як гаспадарчую коопэратыўна-арцельную адзінку, дзе ўсе сябры аднак ня страцілі асабістага зацікаўленьня ў выніках сваёй працы. Трэба, знача, пагадзіць інтарэсы суцэльнасьці (арцелі) з інтарэсамі спалучаных гаспадароў.

У савецкай камуне і калгасах забясьпечаны інтарэсы толькі арцелі. Паасобныя сябры камуны апынуліся там на палажэньні жывога інвэнтара, з якім ніхто ня лічыцца, — і толькі. Гэткае вырашэньне справы задаволіць нас ня можа, бо мы трымаемся таго пагляду, што ня людзі павінны існаваць для камуны, з яе трактарамі і электрыфікацыяю, а наадварот — гэтая апошняя творыцца для аблягчэньня палажэньня яе сяброў і існуе толькі для іх.

Закараненьне і ўзмацненьне коопэратыўна-арцельных пачаткаў у сельска-гаспадарчых працэсах павядзе за сабою, між іншым, радыкальныя перамены ў галіне хатняй гаспадаркі і вясковага быту наагул. Акажацца, напрыклад, зусім непатрэбным, каб у вёсцы, маючай 100 хат, штодня тапілася 100 пячэй, а каля іх ад раніцы да вечара тапталася 100 кабет, каб накарміць 500 чалавек. Будзе зразумелым для ўсіх, што пры коопэратыўна-арцельных умовах куды выгадней гэтую ж працу даручыць нейкім 20 кабетам, ці слабасільным мужчынам, каторыя на агульнай кухні звараць страву для тых-жа 500 чалавек куды хутчэй, чым 100 кабет пры умовах індывідуальнага вядзеньня гаспадаркі.

Увесь гэты пераварот у жыцьці вёскі правядзецца ня з прымусу, як у Саветах, і не пад уплывам выключна аднэй агітацыі, а сам праз сябе — у сілу гаспадарчай канешнасьці

Побач з пашырэньнем новых хвормаў гаспадараваньня, будзе павышацца і культурны ровень самых сялянскіх масаў.

Рэформы ў аграрнай галіне, каторыя застасуе ў сябе дзяржава будучыні, вывядуць сялянства на шырокі шлях усебаковага поступу. Толькі тады зьнікне тая вялікая розьніца паміж „культурным“ горадам і „някультурнаю“ вёскаю, каторая наглядаецца цяпер. Земляроб ператворыцца з мужыка у поўнапраўнага і культурнага працаўніка зямлі, каторы разам з іншымі слаямі грамадзянства будзе карыстацца з усіх дароў прыроды і тэхнічных удасканаленьняў…


3. Агульны кантроль дзяржавы за дзейнасьцю коопэратыўных аб’яднаньняў

правіць

3. Агульны кантроль дзяржавы за дзейнасьцю коопэратыўных аб‘яднаньняў.

Маючы на ўвазе тыя паважныя заданьні, каторыя ўстануць перад коопэрацыяю ў «дзяржаве будучыні» — гэтая апошняя ня зможа роўнадушна ўстасункавацца да таго, у якім кірунку пойдзе коопэратыўнае будаўніцтва ў аграрнай галіне. Коопэрацыя, ператварыўшыся ў рэконструкцыйную сілу — павінна ўвесьці і замацаваць на вёсцы арцельныя суадносіны, імкнучыся да зьністажэньня там соцыяльна-эканамічнай няроўнасьці і ўзмацненьня гаспадарчага поступу ўсяго сялянскага агулу. Іншага стану рэчаў прызнаць мы ня можам і таму не залічаем да ідэалу, напрыклад, сучасны стан данскай коопэрацыі, трымаючай «курс» на ўдасканаленьне індывідуальных сялянскіх гаспадарак, пераважна замажнейшых, шляхам выкарыстаньня ўсіх гаспадарчых плюсоў, каторыя дае коопэратыўная форма аб‘яднаньня.

Аграрна-коопэратыўная палітыка дзяржавы павінна быць пабудавана так, каб тварыліся такія коопэратыўныя аб‘яднаньні, каторыя запраўды імкнуцца да перабудовы і каторыя дакладна ўяўлялі-б сабе тое галоўнае, на чым палягае сутнасьць коопэратыўнага руху, пачынальнікі якога імкнуліся да перабудовы ўсяго эканамічнага і грамадзкага ладу на колектывістычных падставах. Наўперад, павінна быць зьвернена ўвага на зьбіраньне коопэратывамі розных фондаў, неабходных для ўдасканаленьня і пашырэньня прадпрыемства. У свой час яшчэ Фур‘е вучыў, што прынамсі ⅕ частка чыстага даходу калектыву павінна йсьці ў непадзельны запасны фонд, а прапаведнік вытворчых коопэратываў Бюшэ (Buchez) зусім правільна казаў, што толькі пры пастаянным павялічваньні непадзельнай часткі коопэратыўнага капіталу — вытворчы коопэратыў можа перамагчы эгоістычныя інтарэсы паасобных сяброў і тады ўся арганізацыя будзе мець вялікшую эканамічную моц.

Дзе гэтай справе не ўдзяляецца адпаведнай увагі, там і інтарэсы суцэльнасьці, інтарэсы самой грамадзкай арганізацыі, адыходзяць на задні плян і ў канцы канцоў яна або траціць свой коопэратыўны характар, або наагул развальваецца.

У сувязі з гэтым увага як дзяржавы, так і кіраўніцтва коопэрацыі павінна быць зьвернена на тое, каб роўналегла да росту коопэратыўнага будаўніцтва павялічваўся і коопэратыўны капітал у тэй меры, якая акажацца неабходнаю для „паглыбленьня“ коопэратыўнага руху ў сувязі з яго заданьнямі. Трудна, бязумоўна, устанавіць наперад, як гэта робяць Бюшэ і Фур‘е, разьмер працэнтнага адлічэньня ў грамадзкі капітал. У кожным выпадку гэткае адлічэньне павінна быць такім, каб магло запраўды павялічваць коопэратыўны капітал.

Наагул, трэба імкнуцца да таго, каб у гэты капітал адкладалася па магчымасьці вялікшая частка прыбылі, а астатак яе павінен быць такім, каб пасьля яго падзелу паміж удзельнікамі коопэратыву, ён уяўляў для іх пэўную гаспадарчую вартасьць, з-за якой быў-бы сэнс трымацца коопэратыўнага аб‘яднаньня.

Узяўшы ўсё гэта пад увагу, немагчыма раз назаўсёды ўсталіць гэтыя нормы, бо яны павінны мяняцца ў залежнасьці ад розных абставінаў.

Трэба заўважыць аднак, што ўстанаўленьне працэнту адкладу ў грамадзкі капітал мае йшчэ аграмаднае выхаваўча-грамадзкае значэньне і таму на яго мусіць быць зьвернена асаблівая ўвага дзяржаўных ворганаў.

Пры пляновым і масавым коопэраваньні вёскі мы напаткаем значныя труднасьці наўперад з боку вясковай беднаты, каторая будзе адставаць у коопэратыўным будаўніцве і таму на яе прыйдзецца зьвярнуць асаблівую ўвагу. У капіталістычных дзяржавах да сёньняшняга дня наглядаецца слабая зацікаўленасьць да коопэрацыі з боку бяднейшай часткі сялянства, якое ня верыць, што пры дапамозе аднэй толькі коопэрацыі магчыма наагул палепшыць сваё матар‘яльнае палажэньне. Фактычна, толькі замажнейшая частка насельніцтва мае гаспадарчае вырахаваньне для ўваходу ў коопэратывы; беднаце-ж, у аграмаднай большасьці выпадкаў, коопэрацыя нічым дапамагчы ня можа.

Для карлаватых гаспадарак, ня маючых жывога і мёртвага інвэнтара і пры іншых ад‘ёмных бакох сучаснага стану рэчаў — ніякая коопэрацыя цуду ня зробіць, бо тут патрэбна перад усім радыкальная перабудова ўсяго ўкладу гаспадарчага жыцьця і толькі пасьля гэтага магчыма прыступіць да ўдачнага коопэратыўнага будаўніцтва.

Часта аднак пры спрыяючых нават для коопэрацыі палітычных і грамадзкіх абставінах можна спаткацца з адставаньнем беднаты ў справе коопэратыўнага будаўніцтва, што, напрыклад, наглядалася ў Саветах, і з чым там вялася барацьба.

Паводле статыстычных дадзеных савецкага коопэратара Цэлларіуса, відаць, што па ўсяму СССР бедната ў коопэратыўным будаўніцтве апынулася на апошнім месцы, а на першым месцы стаяць гаспадаркі больш замажнейшых сялян. Гэткае зьявішча бачым ва ўсіх галінах савецкай гаспадаркі Савецкіх рэспублік, з чым мусіў згадзіцца і сам Цэлларіус, каторы кажа, што лепей коопэруюцца больш заможныя групы; сярод коопэраваных гаспадарак яны прадстаўлены лепей ад усіх іншых сялянскіх гаспадарак… Асабліва вялікі ўдзел заможных групаў у некаторых відах спэцыяльнай коопэрацыі“ (Цэлларіус: „Как партия осуществляет кооперативный план Ленина“, бач. 36). Гэта мае і для нас першараднае значэньне, бо і мы таксама спаткаемся з гэтым на практыцы.

Калі-б наагул немагчыма было спыніць адставаньня бедняцкай гаспадаркі ў коопэраваньні, то ў канцы гэта прывяло-б да рэзультатаў адваротных тым, каторыя мы маем прыступаючы да рэканструкцыі сельскай гаспадаркі на арцельна-коопэратыўных падставах. Можа вытварыцца моцная кляса вясковых багацеяў, каторыя ў пэўны мамэнт будуць устрымліваць соцыяльна-эканамічны поступ, пасколькі ён акажацца ім нявыгадны. Каб да гэтага не дайшло, трэба найвялікшую ўвагу зьвярнуць на коопэраваньне беднаты. З другога боку трэба ўзмоцніць зьбіраньне непадзельнага коопэратыўнага капіталу, коштам зьмяншэньня фонду, падлягаючага падзелу паміж сяброў коопэратыву.

Дальшая небясьпека ў тым, што пры адсутнасьці мэтаадпаведнай коопэратыўнай палітыкі, рост матарыяльнай базы (падставы) коопэратыву будзе адставаць ад росту індывідуальнага дабрабыту сялянства. А для нас першае — рост коопэратыўнай базы — мае аграмаднае значэньне, бо адно падняцьце індывідуальнага дабрабыту часткі сялянства само праз сябе ня створыць спрыяючых абставінаў для рэканструкцыі (перабудовы), пры каторай толькі і магчыма агульнае палепшаньне жыцьця.

Справе адставаньня беднаты ў коопэратыўным будаўніцтве адводзілася вельмі мала ўвагі ня толькі ў заходне-эўрапэйскай, але і ў савецкай коопэратыўнай літаратуры, між тым яна заслугоўвае на вялікшую ўвагу.

Адной з прычын, якія затрымліваюць коопэраваньне беднаты, ёсьць галіта, каторая не пазваляе выкупіць паевых узносаў, асабліва калі трэба ўступіць у некалькі коопэратыўных аб‘яднаньняў адразу. — Акрамя гэтай прычыны, існуюць і іншыя, якія беспасярэдна злучаны з прыродаю самай бядняцкай гаспадаркі. Гэтак, напрыклад, трудна спадзявацца ўдзелу ў нейкім малачарскім коопэратыве такой гаспадаркі, якая ня мае ніводнай каровы.

Было-б аднак вялікаю памылкаю з нашага боку, калі-б усе прычыны коопэратыўнага адставаньня беднаты мы зьвялі да прычынаў аб‘ектыўнага парадку, абыйшоўшы моўчкі прычыны суб‘ектыўныя, палягаючыя на пэўных свомасьцях людзкой натуры.

Калі мы возьмем, напрыклад, Саветы, то пабачым там, што да 1917 году беднаце было вельмі цяжка выбіцца із свайго безнадзейнага гаспадарчага палажэньня. Пасьля рэвалюцыі, бальшавікі, як ведама, апёрліся на сяле на ягоныя нізы і тым самым гаспадарчы стан гэтай часткі насельніцтва часова значна палепшыўся. Калі ў многіх выпадках гэткае палепшаньне ня прыходзіла і бедната пастарому аставалася беднатою, то прычыну падобнага зьявішча трэба шукаць у ёй самой, з чым згаджаюцца і савецкія эканамісты.

Уважныя і бесстаронныя досьледы ў гэтай справе прыводзяць нас да вываду, што беднату трэба разьдзяліць на 2 часткі: — адна выяўляе тэндэнцыі (ня толькі ў Саветах, але і ўсюды) да палепшаньня свайго матарыяльнага становішча і адзіны выхад бачыць у ўпартай працы, а другая „апусьціла рукі“ і, як напрыклад у тых-жа Саветах, да сяньняшняга дня знаходзіцца пад уражаньнем камунізму падзелу: нічога не рабіла, а толькі падлічала і дзяліла чужое дабpo. Гэта апошняя група складаецца пераважна з людзей, каторых вельмі трафна называюць у Саветах „лодырамі“, і каторыя існуюць усюды і бязумоўна астануцца з намі і пасьля таго, як мы прыступім да радыкальнай перабудовы ўсяго аграрнага ладу. Тады прыйдзецца лічыцца з імі, як з элемэнтам вельмі шкадлівым і небясьпечным для грамадзкага і эканамічнага поступу.

Бяручы пад увагу Савецкае дасьведчаньне, трудна спадзявацца, каб гэткі элемэнт сьведама прыступіў да коопэратыўнага будаўніцтва, пакінуўшы раптоўна свае антыграмадзкія прывычкі, дзеля гэтага бязумоўна будзе патрэбны пэўны націск з боку дзяржаўнай улады.

Наагул трэба сказаць, што абавязкам дзяржавы зьяўляецца ўважнае адношаньне да бядняцкіх масаў, каторыя ў працавітай сваёй частцы павінны атрымаць дапамогу дзеля палепшаньня свайго палажэньня, а тая частка, каторую прыйшлося б залічыць да катэгорыі „лодыраў“ павінна апынуцца пад пагрозаю эканамічных і адміністрацыйных рэпрэсіяў.

У справе ліквідацыі незаможнасьці наагул (што даецца зьдзейсьніць толькі паступова), патрэбна будзе складная сыстэма розных мерапрыемстваў. Наўперад, паважную роль павінны адыграць бядняцкія коопэратыўныя фонды, дзе будуць зьбірацца сродкі на палепшаньне бядняцкіх гаспадарак і на давядзеньне іх да агульнага гаспадарчага роўню.

Зразумела, што адных гэткіх фондаў будзе мала і ў гэтым выпадку выявіцца патрэба дапамогі з боку дзяржавы, — дапамогі пазбаўленай дабрадзейнага характару і маючай выключна гаспадарчыя мэты.

Калі, напр., беднаце выдаецца запамога на набытак малочнага быдла, то трэба дапільнаваць і таго, каб гэтае быдла было выкарыстана па коопэратыўнай лініі. — Выдача пазычак на пасеў павінна быць узалежнена ад уступу атрымліваючага ў адпаведны коопэратыў. — Словам, органы ўлады, якія бароняць інтарэсы беднаты, пры ўсякім надараючымся выпадку павінны імкнуцца да скоопэраваньня бядняцкіх гаспадарак.

У гэтай справе патрэбна згоднасьць органаў дзяржаўнай улады, дзеючых па згары распрацаванаму пляну, бо натугі самых коопэратыўных арганізацыяў, якімі-б энэргічнымі яны ня былі — акажуцца недастатачнымі.

Агулам узята, дзяржаўная ўлада павінна імкнуцца да таго, каб стварыць на вёсцы такія соцыяльна-эканамічныя ўмовы, пры каторых зьліквідавалася б розьніца ў гаспадарчым палажэньні працоўных элемэнтаў сялянства. Што датычыць элемэнту паразытаў, упарта непрызнаючых арганізацыйнай і працоўнай дысцыпліны, дык адносна іх павінны быць распрацаваны адпаведныя меры маючыя на ўвазе, што гэткі, па сутнасьці сваёй анты-грамадзкі, элемэнт зьяўляецца найвялікшаю перашкодаю да ўсебаковага поступу.



4. Падаткі і коопэратыўныя манаполіі

правіць

4. Падаткі і коопэратыўныя манаполіі.

Грамадзкая і дзяржаўная дапамога для коопэрацыі павінна выяўляцца ня толькі ў беспасярэдным фінансаваньні, але і ў пляновай, спрыяючай да коопэрацыі, падаткавай палітыцы.

Падаткі, побач з іншымі мерапрыемствамі, павінны ператварыцца ў адзін з наймацнейшых сродкаў для правядзеньня коопэратыўных пачаткаў у аграрнай галіне. Няма патрэбы уходзіць на гэтым мейсцы ва ўсе дробязі — для нашых мэтаў даволі будзе абмежавацца некаторымі ўвагамі агульнага характару, датасоўваючыся да калькіх прыкладаў з гэтай галіны.

Наўперад у мэтах пашырэньня гаспадарчага поступу коопэратыўна-арцельных формаў аб‘яднаньня трэба застасаваць дзьве падаткавыя стаўкі — адна для скоопэраваных падаткавых аб‘ектаў, другая — для нескоопэраваных; пры гэтым зьмяншэньне першай павінна пацягнуць за сабою адпаведнае павялічэньне падатку для другіх, з такім абрахункам, каб агульная сума падатку, які належыць скарбу, ня зьменшылася.

Зразумела, што масавае пашырэньне коопэратыўных формаў аб‘яднаньне пацягнула-б за сабою агульнае зьмяшэньне падаткавых сумаў. Аднак-жа гэтага баяцца ня прыходзіцца, бо шырокае распаўсюджаньне коопэрацыі выклікала б агульны гаспадарчы ўздым, што, ў сваю чаргу, адчыніла б іншыя падаткавыя магчымасьці, якія папоўнілі-б падаткавы недабор. Заўсёды можна адшукаць магчымасьць паставіць справу так, што фіскальныя (даходныя) інтарэсы дзяржавы не пацярпелі-б ад застасаваньня гэтакіх мерапрыемстваў.

Гэтакі-ж самы прынцып павінен быць паложаны ў падставы падаткавай палітыкі пры аблажэньні падаткамі іншых аб‘ектаў — зямлі, будынкаў і г. д. Словам, падаткавая сыстэма павінна быць так пабудавана, каб коопэратыўная форма гаспадаркі апынулася ў лепшых падаткавых умовах, чым усе іншыя: трэба рабіць процілеглае таму, што было перад сусьветнаю вайною і што наглядаецца і цяпер у тых дзяржавах, дзе ўся эканамічная палітыка ськіравана проціў коопэратыўных аб‘яднаньняў.

Маючы на мэце масавае скоопэраваньне вёскі і вытварэньне там новых эканамічных суадносінаў — аграрна-коопэратыўная палітыка павінна імкнуцца да гэтага ўсімі даступнымі ёй спосабамі, не дапускаючы ніякіх выняткаў. З гэтага пункту гледжаньня напрыклад бедната, як такая, ня можа карыстацца нейкімі льготамі з галіны падаткавага аблажэньня, калі яна ўпарта ня хоча ўваходзіць (маючы да таго магчымасьць) у коопэратыўныя аб‘яднаньні: павінна аплачываць павышаныя стаўкі падаткаў, як і ўсё іншае нескоопэраванае сялянства. Такім чынам можа вытварыцца такое палажэньне, калі нескоопэраваная бедната будзе плаціць параўнаўча вышэйшыя падаткавыя стаўкі, чым скоопэраваная і замажнейшая частка сялянства.

У гэтым выпадку падаткавы націск, у справе ўцягненьня больш шырокіх масаў сялянства, меў-бы значэньне чыста выхаваўчае і прысьпяшыў-бы працэс коопэраваньня сельскай гаспадаркі.

На пэўнай ступені коопэратыўнага будаўніцтва трэба было-б застасаваць адпаведныя мерапрыемствы, каторыя мы называем коопэратыўнымі манаполіямі і каторыя канчальна прымацоўвалі-б да коопэрацыі пэўныя галіны сельскай гаспадаркі. Пры застасаваньні коопэратыўных манаполіяў толькі коопэратыўныя аб‘яднаньні мелі-б права выпушчаць у таварны абарот і на рынак прадукты сельскай гаспадаркі.

Няма сумлеву, што коопэратыўныя манаполіі ня можна ўводзіць прадчасна — гэта значыць перад тым, як тая галіна сельскай гаспадаркі, каторая падлягала б манаполізацыі, не абхоплена была йшчэ досыць коопэрацыяю.

Манаполіі можна стасаваць толькі тады, калі ёсьць пэўнасьць, што зманаполізаваньне пэўнай галіны гаспадаркі ня зьменшыць ейнай таварнасьці. Дзеля гэтага перад увядзеньнем манаполіяў павінна быць праведзена падрабязнае абзнаямленьне з рынкам, з палажэньнем спраў у скоопэраванай галіне гаспадаркі, з пэрспэктывамі на дальшы яе поступ і г. д., бо ўсякая абмылка магла-б папсаваць справу на шмат год.

Мы ўяўляем сабе справу так, што ў будучым, арганізаваным на коопэратыўна-арцельных падставах, грамадзянстве толькі колектывы павінны прадукаваць тавары i прадукты сельскай гаспадаркі і дзеля таго яны мусяць мець пяршынство і перавагу ў параўнаньні з прыватнаю гаспадаркаю з першых жа дзён, калі дзяржава прыступіць да пляновай акцыі коопэраваньня вёскі.

У працэсе коопэраваньня паасобных галін сельскай гаспадаркі можна было-б пачаць уводзіць манаполь, напрыклад, з малочнай гаспадаркі. У гэтым выпадку было-б застасаваць „паступовае паглыбленьне“ манаполю: пачаць яго з прадажы, напрыклад, масла, пакінуўшы ў вольным абароце ўсе іншыя малочныя прадукты, а потым паступова пашырыць коопэратыўны манаполь і на іх. Гэтакая паступовасьць не дапусьціла б да забурэньня на рынку, а акрамя таго аблягчыла б заданьне самой коопэрацыі, каторай было-б не ўмагату адразу ахапіць усю малочную гаспадарку ў яе суцэльнасьці.

Трэба памятаць, што падобнымі мерапрыемствамі ў сельскай гаспадарцы ўводзіцца радыкальны, гістарычна канешны пераварот. Зразумела, што гэтакі пераварот павінен кіравацца і праводзіцца людзьмі, каторыя мусяць добра запазнацца з тою вялікаю справаю, за якую яны бяруцца. Калі-б такіх людзей у адпаведнай колькасьці не аказалася, дык трэба было-б з гэтаю справаю ўстрымацца аж да часу, пакуль перашкоды ня былі-б пераможаны.

Гэткім-жа парадкам — у залежнасьці ад мясцовых варункаў і агульнага стану сельскай гаспадаркі — увядзеньне манаполіяў павінна пашырацца паступова і на ўсе іншыя галіны сельскай гаспадаркі, як напр. насеннае выробніцтва, табачныя культуры і г. д.; але ўзноў не на ўсё адразу, а ў пляновай паступовасьці і пасьля падрабязнага абзнаямленьня з усімі эканамічнымі асаблівасьцямі тае ці іншае гаспадарчае галіны.

Зрэалізаваньне ўсіх гэтых мерапрыемстваў спатыкае многа розных перашкодаў, перадусім перашкодаў гаспадарчай натуры. Іх трэба так абыйсьці, каб ня ўстрымлівалі аднолькава соцыяльна-эканамічнага поступу, які беспасрэдна будзе злучаны з агульнаю рэканструкцыяю сельскай гаспадаркі. Акрамя ўсяго іншага, трэба прадбачыць надмернае разбуханьне адміністрацыйных коштаў, каторыя могуць значна павялічыць цэны на зманаполізаваныя сельска-гаспадарчыя прадукты. Тут адпаведныя ворганы, як коопэратыўныя, так і агульна-дзяржаўныя павінны вясьці пастаянную барацьбу, імкнучыся да таго, каб цэны зманаполізаваных прадуктаў былі ня вышэйшымі ад тых, якія абавязвалі да часу ўвядзеньня манаполю. Шляхом цэлага раду мерапрыемстваў гэта абавязкава мусіць быць асягнена, памятаючы пра тое, што рэканструкцыя (перабудова) сельскай гаспадаркі праводзіцца ў мэтах нічога супольнага ня маючых з павялічэньнем коопэратыўнай бюрокрацыі.


5. Коопэратыўная культура

правіць

5. Коопэратыўная культура.

Для правядзеньня ў жыцьцё рэканструкцыі сельскай гаспадаркі на коопэратыўных падставах патрэбны аграмадны запас кваліфікаваных працаўнікоў, пры адпаведнай ступені коопэратыўнай сьведамасьці грамадзянства. Адных добрых плянаў, нават найлепш пабудаваных, у гэтакай складнай справе яшчэ мала.

Перадусім будзе патрэбны вялікі запас добра падгатаваных арганізатараў коопэрацыі, якія маглі б кіраваць цэлымі скоопэраванымі раёнамі, мець у сабе творчую ініцыятыву, а да таго маглі-б яе зрэалізаваць на практыцы. Кадры падобных спэцыялістаў мусяць быць прыгатаваны тэорэтычна і абазнаны з практыкаю.

Далей, патрэбна цэлая армія выканаўчых коопэратыўных сілаў, як коопэратыўныя інструктары, бухгальтэры і г. д., розныя тэхнічныя фахаўцы з паасобных галін сельскай гаспадаркі: іхным заданьнем будзе абслугоўваньне коопэратыўных аб‘яднаньняў.

Сарганізаваньне гэтакай арміі коопэратараў і тэхнічных працаўнікоў будзе вымагаць часу і матарыяльных сродкаў: школы, курсы, выстаўкі, — калі коопэрацыя мае выканаць такую паважную конструктыўную роль, яна павінна стацца прадметам самастойнага навучаньня ў асобных школах, а ня быць нейкім малазначным дадаткам да навучальных плянаў, як гэта наглядаецца цяпер.

Гэтак, напрыклад, у Нямеччыне навучаньне коопэратыўнай тэорыі праводзіцца[1] пры дапамозе коопэратыўных сэмінараў, арганізаваных пры некаторых юрыдычных і эканамічных факультэтах, або ўвядзеньнем коопэрацыі ў праграму вышэйшых школаў, як асобнага прадмету навучаньня.

З агульнай колькасьці 134 доктарскіх дыссэртацыяў аб соцыяльных арганізацыях, каторыя былі прачытаны у 1924 г. у вышэйшых школах Нямеччыны — 58 дысэртацый былі прысьвячаны коопэратыўнаму руху.

Даволі салідна было пастаноўлена навучаньне коопэрацыі і ў Украінскай Сельска-Гаспад. Акадэміі у Чэхаславаччыне. Там існаваў асобны коопэратыўны аддзел, як адзін з 3-х аддзелаў эканамічна-коопэратыўнага факультэту Акадэміі, дзе выкладаліся, акрамя агульных эканамічных дысцыплінаў, — тэорыя коопэрацыі, гісторыя коопэрацыі, спажывецкая крэдытовая і вытворчая коопэрацыя.

Чэскія коопэратары маюць добра сарганізаваную асобную Вышэйшую Коопэратыўную школу.

Бязумоўна, што нават такая пастаноўка справы як у Нямеччыне ці Чэхаславаччыне, задаволіць нас ня можа. Але сам факт навучаньня сьведчыць аб тым, што й сучасныя буржуазныя дзяржаны пачынаюць зьвяртаць увагу на коопэрацыю. Так вялікая рэформа, якая павінна быць праведзена ў аграрнай галіне, ня можа абыйсьціся бяз кадраў вышкаленых і інтэлігентных сілаў. Адсутнасьць гэтакіх сілаў вельмі адчуваецца ў Саветах, што, між іншым, значна прычыняецца да таго хаосу, які пануе там у галіне сельскай гаспадаркі. Вось што, напрыклад, казалі самі камуністы ў сваім воргане для партыйнага актыву:

„Тое, што мы маем цяпер у галіне арганізацыі такой падгатоўкі (г. зн. падгатоўкі арганізатараў і кіраўнікоў колектыўных гаспадарак — Ф. А.) — сьмешна мала: усяго толькі курсы на колькісот чалавек, у той час як у нас ёсьць больш 40.000 кіраўнікоў калектыўных гаспадарак, з каторых значная частка няграматных у літэральным і агранамічным сэнсе (а яны павінны быць кіраўнікамі буйнай колектыўнай гаспадаркі!). Пытаньне пра кадры калгаснага руху проста такі «вопіет“ і вымагае найхутчэйшага вырашэньня на практыцы“. („Большевик“ № 7 — 1929 г. бач. 95). Варта зазначыць, што пытаньне гэта „вопіет“ у Саветах і да сяньняшняга дня…

Акрамя тэорэтычнай і практычнай падгатоўкі працаўнікоў, асаблівая ўвага павінна быць зьвернена на коопэратыўна-грамадзкае ўзгадаваньне моладзі ў школах. Трэба паставіць сабе выразную мэту: пашырыць у масавым масштабе колектывістычную ідэолёгію. Выкананьне гэтакага заданьня выгадней усяго пачынаць з дзіцячага веку, больш успрыімчывага да ўсяго новага. Будучая школа, пабудаваная на працоўных падставах, павінна даць маладому пакаленьню ня толькі пэўны запас тэорэтычнай веды, але мусіць прышчапіць прафэсыянальныя навыкі, пашану і любоў да працы, а самае галоўнае — узгадаваць новы тып чалавека, каторы адрозьніваўся б ад сучаснага, прасякнутага эгоізмам і індывідуалістычнаю ідэолёгіяю.

На гэтую акалічнасьць зьвярнуў увагу яшчэ Робэрт Оўэн, а за ім і К. Маркс, каторы, ня гледзячы на свае памылкі ў агульна-эканамічнай тэорыі, у гэтай справе зусім слушна кажа, што з сыстэмы запрапанаванай Оўэнам „вырас зародак узгадаваньня будучыні, якая для ўсіх дзяцей з пэўнага веку злучыць вытворчую працу з навукаю і гімнастыкаю, пры чым гэта будзе ня толькі мэтадам павышэньня грамадзкага вырабу, але і адзіным мэтадам стварэньня ўсебакова разьвітых людзей.“ (К. Маркс. Капітал т. I бач. 375). Дзеля гэтага ніколі ня трэба забывацца пра такі мэтад стварэньня патрэбнага нам тыпу людзей, каторы павінен быць узгадаваны ў адпаведным кірунку.

У сувязі з сказаным, у школах павінна быць арганізавана ня толькі праца вытворчая, але й узгадаваўчая. Асаблівае значэньне мела-б коопэратыўная праца моладзі ў умовах індывідуалістычнай вёскі, дзе гэта моладзь павінна была б стацца піонэрам коопэратыўнага будаўніцта. З гэтага пункту гледжаньня ня можна прызнаць мэтаадпаведным заведзены ў некаторых мясцох такі парадак, калі кожная школа мае сваю ўласную гаспадарку, якая аднак не асягае грамадзка-ўзгадаваўчых мэтаў. Школьная гаспадарка павінна злучыцца з коопэратыўным сэктарам сельскай гаспадаркі і толькі там працоўная энэргія вучняў знойдзе для сябе найлепшае застасаваньне. Вучнёўская арцель магла-б узяць актыўны ўдзел у нейкай адной галіне гаспадаркі (напр. у садоўніцтве) побач з зазнаямленьнем з усімі іншымі.

Разам з гэтым, у кожнай школе павінен існаваць вучнёўскі спажывецкі коопэратыў, арганізацыйна злучаны з агульнаграмадзкай коопэратыўнай сыстэмай.

Тыя парадкі, каторыя практыкуюцца цяпер, ня маюць ніякага грамадзка-ўзгадаваўчага значэньня і маюць толькі тую свомасьць, што ўзмацняюць абасобленасьць школьнага колектыву, у канчальным разрахунку шкодную з пункту гледжаньня інтарэсаў усяго грамадзянства. Наагул-жа трэба сказаць, што ня толькі адна школьная моладзь павінна быць прыцягнена да коопэратыўнай справы, у ёй павінен прыняць удзел увесь вясковы маладняк, катораму прыйдзецца фактычна закончыць коопэратыўнае будаўніцтва, пачатае старэйшым пакаленьнем. Гэты маладняк павінен прайсьці добрую практычную школу колектывізму, разьвіць у сабе грамадзкія прывычкі і пазбыцца індывідуалістычнай ідэалёгіі шляхам уцягваньня ў творчую працу у тых колектыўных базах, каторыя павінны быць арганізаваны па вёсках.

Гэтыя коопэратыўныя базы (сэктары), акрамя выкананьня сваіх беспасярэдніх заданьняў, павінны ператварыцца ў школы колектывізму для йдучага на нашу зьмену малодшага пакаленьня.

Словам, у гэтай галіне адчыняюцца шырокія пэрспэктывы, каторыя зусім магчыма зрэалізаваць, калі-б на месцы знайшліся энэргічныя i ініцыятыўныя работнікі прасьветы.

Разважаючы пра стварэньне коопэратыўнай культуры і пра коопэратыўную асьвету і ўзгадаваньне — ня можна абыйсьці моўчкі пра разрушыцельную работу розных шкоднікаў, каторыя знойдуцца асабліва ў першую пару і з каторымі прыйдзецца павясьці рашучую барацьбу. Перадусім, трэба мець на ўвазе звычайныя злаўжываньні ў коопэратыўных арганізацыях, каторыя кампрамітуюць коопэратыўны рух. У будучыні з гэтым зьявішчам прыйшлося-б прыкончыць самым рашучым і бязлітасным спосабам. Трэба памятаць, што ўсякія растраты ў коопэратыўных арганізацыях, па свайму раскладоваму ўплыву на насельніцтва, куды больш небясьпечнейшыя, чым падобнага роду зьявішчы спатыканыя ў іншых установах, бо ў карані падрываюць веру насельніцтва ў коопэратыўнае будаўніцтва і прычыняюцца да вытварэньня рэакцыйных поступаў. Вось дзеля гэтага ў адносінах да ўсіх коопэратыўных працаўнікоў, не апраўдаўшых грамадзкага даверу, у будучыні павінны быць застасаваны вышэйшыя кары, прадугледжаныя адпаведна зрэфармаваным угалоўным (карным) кодэксам. Нарэшце, сама дзяржава, з сваімі кантрольнымі ворганамі, павінна арганізаваць узмоцнены дагляд за коопэратыўным будаўніцтвам ад ягоных вярхоў і да нізоў. Толькі разумнымі, энэргічнымі сродкамі магчыма будзе справіцца з гэтакім злом, каторае ня спыніцца да тае пары, пакуль грамадзянства не пераўзгадуецца на новых падставах.

У будучыні, калі зрэалізуецца наш аграрна-коопэратыўны ідэал і калі на ім узгадуюцца новыя пакаленьні, — падобным, як успомненыя, пытаньням ня будзе месца. Тады кожны чалавек, каторы нарушыць праўныя і грамадзкія нормы, будзе разглядацца як умыслова хворая істота.

Вельмі цяжкі той шлях, па катораму будзе прабівацца новая коопэратыўная культура, але, ня гледзючы на ўсё, яна запануе ў людзкой грамадзе, бо таго вымагаюць гістарычныя абставіны і само жыцьцё…




  1. да часу Гітлераўскага перавароту — рэд.
 

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.