Адаму Міцкевічу
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1936
Крыніца: https://knihi.com/Jazep_Pusca/Viersy.html#chapter27

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я не на беразе самотнай Леты,

А на скалістым, ветраным узмор’і.

Чытаю ўголас «Крымскія санеты»,

Ўглядаюся у ясныя сузор’і.


На моры неўгамонных хваль усплёсы,

Узнепакоіў вецер белых чаек.

Я слухаю іх спеў рознагалосы

І ўсходу сонца на скале чакаю.


У радасным здзіўленні мае вочы.

Здаецца мне: Адам Міцкевіч крочыць,

Ўзыходзіць на скалу, як на Байдары.


Ідзе Адам Міцкевіч светлай явай.

Схіляюся перад пяснярскай славай:

Ты жыў на свеце і спяваў не дарам!

Які цудоўны дэсань
Над морам зоры ткуць!
З Анапы да Адэсы
Ў ноч караблі плывуць.

Мае за імі думы
Турбуюць даль вякоў.
Белеюць толькі дзюны
Правеяных пяскоў.

Дзе чуцен мора голас,
Размытыя пяскі,
Адам Міцкевіч колісь
Там слухаў гул марскі.

Цяплом душы сагрэты,
Пад зорамі стаяў
І "Крымскія санеты"
Натхнёна нам спяваў.

"Народ, разбі кайданы,
Якія цар скаваў,
Каб вольным стаў падданы,
А цар навек сканаў".

Спявалі з ім і ветры,
Ў душы агонь пылаў.
А ноч са скал Ай-Петры
Хмурынкаю плыла.

Абмыла скалаў грані
І ўпала на зямлю.
Пакуль у гавань рана
Заходзіць караблю.

Няхай ідзе у рэйсы
Мой карабель між хваль,
З Анапы да Адэсы
І ў сонечную даль.