Адам Гурыновіч
Артыкул
Аўтар: Браніслаў Тарашкевіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Шчаслівым здарэннем захавалася і цяпер можа паказацца на свет у друкаванай вопратцы невядомая дагэтуль літаратурная спадчына Адама Гурыновіча, беларускага паэта канца 80-х і пачатку 90-х гадоў. Не кажучы ўжо аб тым, што, як пабачым ніжэй, Адам Гурыновіч з’яўляецца аўтарам аднаго з найбольш папулярных беларускіх «вандроўных» вершаў, г. ё. «Панскае ігрышча»,— яго літаратурная творчасць, змяшчаючая ў сабе столькі грамадскага і свядома нацыянальнага элементу, выклікае ў нас глыбокае зацікаўленне і вялікі жаль у беларускім сэрцы да тагачасных варункаў жыцця і бязлітаснага лёсу, які ў маладых гадах зламаў кволае жыццё песняра, не пазволіўшы дайсці яму да магчымага развітку і велічыні.

Адам Гурыновіч, сын Каліста і Элеаноры з Сяняўскіх Гурыновічаў, радзіўся ў двары сваёй маці Кавалёх Віленскай губерні Вілейскага павету ў 1869 годзе. Скончыўшы Віленскую рэальную школу, паехаў у тэхналагічны інстытут у Пецярбурзе, дзе спецыяльна займаўся паляпшэннем паравозаў і ў гэтым пытанні меў быць, як кажуць, на дарозе да важных і цікавых вынаходніцтваў (навуковыя рукапісы разам з часткай літаратурных знішчаны перад адным з вобыскаў).

У 1893 годзе за прыналежнасць да рэвалюцыйнага руху Гурыновіча арыштавалі. Справа яшчэ пагоршылася, калі сярод яго папераў знайшлі напісаны ім беларускі верш, у якім ён заве беларускі народ прачнуцца і скінуць з сябе царскае ярмо. Прабыўшы блізка году ў Петрапаўлаўскай крэпасці, Гурыновіч моцна заняпаў на здароўе і быў зволены пад нагляд паліцыі ў двор бацькі свайго Крыстынопаль, Свянцянскага павету, дзе пасля колькі дзён захварэў на чорную воспу, прывезеную з паўночнай сталіцы, і памёр 14 студзеня 1894 г.

Пахаваны ў Крыстынопалі ў фамільных грабніцах. Яшчэ ў апошнія хвіліны свайго жыцця, маючы надзею перамагчы страшэнную хваробу, снаваў планы будучае працы на ніве роднага краю з думкай будзіць і клікаць да жыцця мову і літаратуру беларускага народа...

Вось што пачуў я ад найбліжэйшай радні паэта сястры п. Канстанцыі з Гурыновічаў Стрэнкоўскай, у якой і прахавалася тая часць спадчыны паэта, што цяпер друкуем, брата п. Яна Гурыновіча і братаніцы панны Яніны Гурыновіч, якой выражаю асаблівую падзяку за біяграфію стрыя і спагаданне яе публікацыі ягоных твораў.

Тое, што знаходзіцца ў нашых руках, гэта толькі невялічкая часціна творчасці Гурыновіча, і магчыма знойдуцца яшчэ творы яго. Тым часам вось што мы маем: вершы: 1. Да Мацея Бурачка, 2. Што ты спіш, мужычок? 3. Бор, 4. Вясна, 5. Вечны рэвалюцыянер — дух, 6. Што за звук ды так громка раздаўся, 7. Перш марылі паны, што шляхтай зваліся, 8. Думкі, 9. Вялля (пераклад з Міцкевіча), 10. Рэха (пераклад з Пушкіна), 11. Мароз (пераклад з Някрасава), 12. Восень (пераклад з Аляксея Талстога), 13. Вясна (пераклад з Каспровіча), 14. Гібнець зарання столькі цвяткоў (пераклад з Каспровіча), 15. Звярынец, 16. Весяльчак, 17. Паслухайце дзеўкі (няскончана), 18. Калі ж у нас так было, 19. Раз у Зольках, у дзярэўні, 20. Месца нячыстае, 21. А пайду ж я, маці, у поле жыта жаці, 22. Каток, 23. Рыбак, 24. Казельчык і Мурашка; прозай — 25. З гадоў голаду (пераклад з Ажэшка), 26. Недакончанае апавяданне без назову. Апрача гэтага мы маем багаты этнаграфічны матэрыял, сабраны Гурыновічам у Свянцянскім павеце, які таксама чакае свайго выдання.

У нашых матэрыялах цэлая маса недакончаных вершаў, паміж іншымі, як мы думаем, першы пачатак «Панскага ігрышча» — «Ох-ох-ох умру ад смеху»...

Аўтарства «Панскага ігрышча» даказуецца:

1. Сямейнай традыцыяй Гурыновічаў,

2. Псеўданімам А. Гурыновіча, які ў сваёй перапісцы падпісваўся Jerzy або Jurka, з вершам «Охох-ох умру ад смеху».

Гэты верш дзеля свайго зместу, размеру і мовы не можа быць палічоны нічым іншым, як пачаткам «Панскага ігрышча». Дзеля вялікай пластычнасці самога ігрышча аўтар адкідае папярэднія моманты і пачынае адразу ад лірыкі і скокаў.