Адвержаныя (у скароце)/Частка другая. Марыус

Частка першая. Мірыель Частка другая. Марыус
Раман
Аўтар: Віктор Гюго
1862 (пераклад 1938)
у скароце

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСТКА ДРУГАЯ


I

МАРЫУС

На вуліцы Бушэра ёсць яшчэ да гэтага часу некалькі старажылаў, якія памятаюць пражываўшага там калісьці пана Жыльнармана. У 1831 годзе яму пераваліла за дзевяноста год, але ён быў бадзёры — жывы і вясёлы, сапраўдны тып чалавека мінулага стагоддзя. Трымаўся ён прама, быў высокі ростам, здаровы і захаваў усе свае зубы. Акуляры ён адзяваў толькі тады, калі браўся за чытанне. Ён жыў ва ўласным доме з дачкою, старой дзяўчынай, якой было год каля пяцідзесяці, але з якой ён абыходзіўся так, быццам ёй усё яшчэ было дзесяць год. Ён быў жанаты два разы. Абедзве жонкі памерлі, і ад кожнай асталося ў яго па дачцы. Старэйшая, з якой ён дажываў свае дні, і малодшая якая была замужам за адным з напалеонаўскіх афіцэраў і памерла, пакінуўшы маленькага сына. Стары Жыльнарман, які ненавідзеў Банапарта, лічыў замужжа сваёй дачкі ганьбой для сваёй сям'і і да канца яе жыцця не бачыўся з ёю. Калі-ж яна памерла, ён вытрабаваў хлопчыка ад „луарскага разбойніка“, як ён называў свайго зяця, і хлопчык зажыў між гэтым старым і старой дзяўчынай.

У той-жа самы час у маленькім гарадку Верноне жыў чалавек, які на першы погляд здаваўся старым у скураной шапцы на галаве, у штанах і куртцы з тоўстага шэрага сукна, з ордэнскай істужкай у пятліцы. Твар яго амаль пачарнеў ад сонца, а чэрап быў пакрыты белымі, як снег, валасамі. Ад самага ілба праз усю шчаку ішоў глыбокі рубец.

Чалавек гэты, які састарэўся, як відаць, дачасова, заўсёды з рыдлёўкай і з вялізным садовым нажом капаўся ў сваім садзе, поўным раскошных араматных кветак, вядомых ва ўсім горадзе сваёй прыгажосцю. Кветкі былі галоўным заняткам гэтага чалавека, і дзякуючы ўпартай працы і настойлівасці, яму ўдалося вывесці такія рэдкія экземпляры раслін, аб якіх забыла, здавалася, сама прырода і творцам якіх мог лічыцца іменна ён.

Жыў гэты чалавак надта скромна. Ён быў нясмелы да таго, што баяўся выходзіць на вуліцу, і не бачыўся ні з кім, акрамя жабракоў, якія стукаліся да яго за міласцінай. Між іншым, ён гутарыў з сваім прыходскім папом, абатам Мабефам, ды яшчэ, калі хто-небудзь прыязджаў адкуль-небудзь палюбавацца на яго кветкі, ён з усмешкаю адчыняў ім дзверы. Гэта і быў „луарскі разбойнік“.

Хто чытаў газеты і ваенныя мемуары часоў рэволюцыі і эпох напалеонаўскіх войнаў, той часта павінен быў сустракаць імя Жоржа Панмерсі, які са славаю ўдзельнічаў ва ўсіх паходах імператара. Пры Ватэрлоа Панмерсі быў цяжка ранены і ледзь не памёр, але, выздаравеўшы, ён, пасля доўгага прамежку, папаў, нарэшце, у луарскую армію.

Прыходзіцца закрануць пытанне аб адным выпадку з жыцця бацькі Марыуса Панмерсі.

Маркіз Панмерсі быў адзін з тых, хто ўдзельнічаў у крывавых падзеях 18 чэрвеня 1815 года. Месца, дзе разыгралася бітва, англічане называлі Ватэрлоа.

II

ВАТЭРЛОА

18 чэрвеня 1815 г.

Вернемся назад — гэта адно з правоў апавядальніка — і перанясемся да 1815 года і нават крыху раней той эпохі, калі пачынаецца дзеянне, расказанае ў першай частцы гэтай кнігі.

Калі-б не ішоў дождж уночы з 17 чэрвеня на 18, будучыня Еўропы была-б іншая. Некалькі лішніх кропель дажджу зламілі Напалеона. Для таго, каб Ватэрлоа зрабілася канцом Аўстэрліца[1], спатрэбілася не многа дажджу; якой-небудзь хмары, якая пранясецца ў непаказаны час, было даволі для таго, каб змяніць цэлы свет.

Бітва пры Ватэрлоа магла пачацца толькі ў палове дванаццатай гадзіны, што дало магчымасць Блюхеру[2] прыбыць упару. Чаму? Таму што зямля была вільготная, і трэба было пачакаць, пакуль яна крыху абсохне, для таго каб даць артылерыі магчымасць рухацца.

Напалеон быў артылерыйскім афіцэрам, і гэта ўсюды давала сябе адчуваць. Усе яго планы бітваў былі складзены пераважна для артылерыі. Сцягнуць артылерыю да вызначанага пункта — вось што было для яго ключом перамогі. Ён глядзеў на стратэгію непрыяцельскага палкаводца як на цытадэль[3] і прабіваў у ёй брэш. Ён абсыпаў слабы пункт карцеччу, завязваў і заканчваў бітву пушкай. Артылерыйская стральба была яго страсцю. Разбіваць карэ[4], знішчаць палкі, прарываць рады, руйнаваць і рассейваць масы — усё для яго заключалася ў тым, каб паражаць, паражаць і паражаць бясконца, — і ўсё гэта ён даручыў ядру: жахлівая сістэма, якая ў спалучэнні з геніем на працягу пятнаццаці год рабіла непераможным гэтага хмурнага атлёта вайны.

18 чэрвеня 1815 года ён тым больш разлічваў на артылерыю, што на яго баку была колькасная перавага: у Велінгтона[5] было толькі сто пяцьдзесят дзевяць гармат, у Напалеона-ж — дзвесце сорак.

Уявіце, што зямля была-б сухая і артылерыя магла-б рухацца; тады бітва пачалася-б у шэсць гадзін раніцы і была-б скончана і выйграна за дзве гадзіны, гэта значыць за тры гадзіны да прыбыцця прусакоў. Наколькі вінаваты Напалеон у тым, што прайграў гэтую бітву? Ці можна наогул абвінавачваць у караблекрушэнні кормчага?

Няўжо відочны фізічны ўпадак Напалеона ўскладніўся ў гэтую эпоху некаторым унутраным аслабленнем? Няўжо дваццаць год вайны папсавалі лязо і ножны, стамілі душу і цела? Няўжо ў палкаводцы пачаў пагібельным чынам выяўляцца ветэран? Адным словам, няўжо-ж тады ўжо, як думалі многія выдатныя гісторыкі, пачаў гаснуць яго геній? Няўжо ён аддаўся шаленству, каб схаваць ад самога сябе сваё бяссілле? Няўжо ён пачаў хістацца пры першай няўдачы? Няўжо ён перастаў усведамляць небяспеку, што так важна для генерала? Няўжо Напалеон страціў вернае чуццё перамогі? Няўжо ён страціў здольнасць заўважаць падводныя камяні, угадваць пасткі і адрозніваць край бяздоння, які вось-вось абваліцца? Няўжо яму здрадзіла прадчуванне паражэння? Няўжо гэты чалавек, які ведаў раней усе шляхі да славы і з вышыні сваёй маланкападобнай калясніцы паказваў на іх уласнаю рукой, цяпер у злавесным асляпленні вёў у прорву свае бурныя легіёны? Няўжо ў сорак шэсць год ім авалодвала поўнае вар'яцтва? Мы гэтага не думаем.

Яго план бітвы, на агульную думку, прадстаўляў сабою цуда ваеннага майстэрства. Ісці проста на цэнтр лініі саюзных войск і прарваць яе, разрэзаць непрыяцельскія войскі напалам, адціснуць брытанцаў да Галя, а прусакоў — да Тангрэса, раз'яднаць Велінгтона і Блюхера, аўладаць Монсен-Жанам, захапіць Брусель, адкінуць немцаў да Рэйна, а англічан да мора, — усё гэта для Напалеона сканцэнтравалася ў адной бітве. „А там відаць будзе“, — думаў ён. Само па сабе зразумела, што мы не збіраемся даваць тут гісторыі Ватэрлоа, хоць адна з галоўных сцэн драмы, якую мы расказваем, і звязана з гэтай бітвай; гэтая гісторыя не ўваходзіць у план нашага апавядання, тым больш, што яна ўжо напісана, і напісана ўмела, з аднаго пункта погляду Налалеонам, а з другога — цэлай плеядай гісторыкаў (Вальтэр Скот, Ламарцін, Валабель, Шарас, Кіне, Т'ер). Што-ж датычыць нас, то мы прадастаўляем гісторыкам спрачацца паміж сабой; мы з'яўляемся пабочным глядачом, праходзячым па даліне шукальнікам, які нагінаецца да гэтай зямлі, пакрытай чалавечымі трупамі і які, мабыць, прымае уяўнае за сапраўднасць; мы не маем права ў імя навукі не лічыцца са збегам фактаў, у якіх, безумоўна, ёсць нешта цудоўнае; у нас няма ні ваеннай практыкі, ні стратэгічнай вопытнасці, каб трымацца якой-небудзь сістэмы; на нашу думку пры Ватэрлоа абодвума палкаводцамі кіраваў цэлы рад выпадковасцей, а калі справа будзе датычыць лёсу — гэтага загадкавага абвінавачваемага, то мы разважаем, як народ — гэты наіўны суддзя.

Таму, хто хоча ясна ўявіць сабе бітву пры Ватэрлоа, варта толькі ў думках ўявіць на зямлі вялізную літару А. Левая палачка літары А — дарога ў Нівель, правая — дарога ў Жэмап; папярочная рыса — пракапаная дарога з Оэна ў Брэн-л'Але. Вяршыня літары — Мавсенжан, там знаходзіўся Велінгтон; левая ніжняя канечнасць — Гугамон, там былі Рэйль і Жэром Банапарт[6]; правая ніжняя канечнасць — Бель-Альянс, тут стаяў Напалеон. Крыху ніжэй таго пункта, дзе папярочная рыса перасякае правую палачку літары А, знаходзіцца Ге-Сент. У сярэдзіне папярочнай рысы знаходзіцца пункт, дзе канчаткова вызначыўся вынік бітвы. На гэтым вось месцы і паставілі ільва — верны сімвал высокага гераізма імператарскай гвардыі.

Трохкутнік, заключаны ў вяршыне літары, паміж двух палачак і перакладзіны, прадстаўляе сабой плато Мон-сен-Жан. Барацьба з-за гэтага плато і складала галоўны інтарэс усёй бітвы.

Флангі абодвух армій прасціраліся направа і налева ад Жэмапскай і Нівельскай дарог. Д'Эрлон стаяў супроць Піктона, а Рэйль — супроць Гіля.

За вяршыняй літары А, ззаду за плато Мон-сен-Жан, знаходзіцца Суаньскі лес.

Што-ж датычыць самой даліны, то ўявіце сабе вялізную хвалістую плоскасць; кожная асобная хваля перавышае наступную; такім чынам яны паступова ўзвышаюцца ў кірунку да Мон-сен-Жана і заканчваюцца ля лесу.

Два непрыяцельскія войскі на полі бітвы — гэта два барацьбіты. Яны схватваюцца адзін з адным. Адзін стараецца паваліць другога, прычым яны чапляюцца за ўсё: кожны куст служыць пунктам апоры, рог сцяны — падтрымкай; з-за адсутнасці якога-небудзь доміка, які мог-бы служыць прыкрыццём, цэлы полк павінен адступаць; кожнае паглыбленне ў раўніне, кожная няроўнасць глебы, нават папярочная сцежка, кожны лес і яр могуць спыніць гіганта, які называецца арміяй, і перашкодзіць яго адступленню. Хто зышоў з поля бітвы, той пераможан, Адсюль для адказнага правадыра вынікае неабходнасць разгледзець кожную групу дрэў, даследваць самае малое ўзвышша.

Абодва генералы ўважліва вывучылі раўніну Мон-сен-Жан, якая называецца цяпер раўнінай Ватэрлоа.

Яшчэ ў мінулым годзе Велінгтон з дзіўнай празорлівасцю заняўся яе даследваннем, на выпадак вялікай бітвы. 18 чэрвеня на гэтай прасторы і ў гэтым паядынку перавага была на баку Велінгтона. Англійская армія знаходзілася наверсе, а французская — унізе.

Зусім залішне рысаваць тут аблічча Напалеона на кані, з падзорнай трубой у руках, на ўзвышшы Расом на зары 18 чэрвеня 1815 года — да таго-ж ён кожнаму знаёмы. Спакойны профіль пад маленькім капелюшом Брыенскай школы, зялёны мундзір, белыя абшлагі, якія закрываюць ордэнскі знак, сурдут, які закрывае эпалеты, ражок чырвонай стужкі, што відаць з-пад камізэлькі, скураныя штаны, белы конь у чырвоным аксамітавым чапраку, аздобленым па вуглах арлом і літарай Н з каронай, батфорты на шаўковых панчохах, срэбныя шпоры, шпага Марэнго[7] — уся гэтая постаць апошняга з цэзараў яшчэ стаіць ва ўсіх ва ўяўленні, выклікаючы радасныя крыкі ў адных і строгае ганьбаванне ў другіх.

Усім добра вядомы першы фазіс гэтай бітвы: смутны, няясны, хісткі пачатак, грозны для абодвух армій, але для англічан у большай ступені, чым для французаў.

Усю ноч ішоў дождж. Зямля была парытая. Вада збіралася сям-там у паглыбленнях раўніны, як у басейнах; у некаторых месцах вада даходзіла да восяў абозных павозак. Запрэжка коней была прасычана вадкай граззю; калі б жыта, пацёртае гэтай масай праехаўшых павозак, не запоўніла ў палях усіх выбоін і не стварыла-б подсцілкі для колаў, то ўсялякі рух, асабліва ў далінах з боку Папелота, быў-бы немагчымы.

Бітва пачалася позна. Напалеон, як мы ўжо гаварылі, меў звычай трымаць усю артылерыю ў руках, як пісталет, прыцэльваючыся то ў адзін, то ў другі пункт бітвы; і цяпер яму хацелася дачакацца, пакуль конныя батарэі змогуць вольна рухацца; для гэтага трэба было, каб узышло сонца і абсушыла глебу. Але сонца не паказвалася. Гэта было ўжо не тое, што пры Аўстэрліцы. Калі раздаўся першы пушачны стрэл, англійскі генерал Кольвіль паглядзеў на гадзіннік і заўважыў, што было 35 мінут дванаццатай. Бітва была пачата з большай ярасцю, чым гэтага жадаў сам імператар, левым французскім флангам, які атакаваў Гугамон. У той-жа час Напалеон напаў на цэнтр, накіраваўшы брыгаду Кю на Ге-Сент, а Ней[8] накіраваў правае французскае крыло на левае французскае, якое знаходзілася ля Папелота.

Атака на Гугамон была ў некаторым родзе ваеннай хітрасцю; заманіць туды Велінгтона і прымусіць яго адсунуцца ўлева — вось які быў план. Ён і ўдаўся-б, калі-б чатыры роты англійскіх гвардзейцаў і смелыя бельгійцы дывізіі Перланшэ не абаранялі сваёй пазіцыі так упарта, што Велінгтон, замест таго, каб сцягнуць туды ўсе свае сілы, мог абмежавацца адпраўкай туды ў якасці падмацавання чатырох другіх гвардзейскіх рот і Браўншвейгскага батальёна.

Ярасная атака правага французскага крыла на Гугамон мела на мэце разбіць левае англійскае крыло, адрэзаць шлях адступлення на Брусель, загарадзіць праход прусакам, узяць Мон-сен-Жан, адцясніць Велінгтона да Гугамона, адтуль да Брэн-л'Але, адтуль да Галя. Нічога не магло быць прасцей гэтага. За выключэннем некаторых дробязей гэтая атака ўдалася: Папелот і Ге-Сент былі ўзяты.

Выява

Напалеон сочыць за ходам бітвы.

Трэба звярнуць увагу на наступную дэталь. У англійскай пяхоце, пераважна ў брыгадзе Кемпа, было шмат навабранцаў. Гэтыя маладыя салдаты храбра біліся з грознымі французскімі пехацінцамі; самая іх нявопытнасць часам давала магчымасць выяўляць цуды храбрасці. Асабліва добра выконвалі яны абавязак застрэльшчыкаў; салдат-застрэльшчык, прадастаўлены да некаторай ступені самому сабе, рабіўся, так сказаць, сам сабе генералам. Гэтыя рэкруты выявілі тут чыста французскую знаходлівасць і палкасць. Гэтыя салдаты-навічкі былі поўны энтузіязма, што і не спадабалася Велінгтону.

III

ЧАТЫРЫ ГАДЗІНЫ ПАСЛЯ ПАЎДНЯ

Да чатырох гадзін становішча англійскай арміі зрабілася сур'ёзнае. Прынц Оранскі камандаваў цэнтрам, Гіль — правым крылом, а Піктон — левым. Неўстрашымы прынц Оранскі істэрычна крычаў галандцам і бельгійцам: „Насау! Брауншвейг! Ні ў якім выпадку не адступаць!“ Знясілены Гіль далучыўся да Велінгтона, Піктон быў забіты. У той момант, калі англічане адбілі ад французаў сцяг 105 лінейнага палка, французы забілі ў англічан генерала Піктона, прастрэліўшы яму навылет галаву куляй. Для Велінгтона ў гэтай бітве існавалі два пункты апоры: Гугамон і Ге-Сент. Гугамон яшчэ трымаўся, але ўжо быў падпалены, Ге-Сент быў узяты. Ад нямецкага батальёна, які абараняў яго, асталося ў жывых толькі 42 чалавекі; усе афіцэры, за выключэннем пяці, былі забіты або ўзяты ў палон. У гэтай вёсцы рэзалася тры тысячы байцоў. Адзін сержант англійскай гвардзіі, першы баксёр у Англіі, вядомы сярод таварышоў неўражальным, быў забіты хударлявым фравцузскім барабаншчыкам. Некалькі сцягаў было страчана, у тым ліку сцяг дывізіі Альтэна і сцяг Люнебургскага батальёна. Шэрыя шатландцы ўсе загінулі, іспалінскія драгуны Пансамбі былі пасечаны. Ад тысячы двухсот коней уцалела шэсцьсот.

Дзве дывізіі — пятая і шостая — разбіты.

Гугамон быў зруйнаваны, Ге-Сент узяты; аставаўся ўсяго адзін аплот — гэта цэнтр; ён усё яшчэ моцна трымаўся. Велінгтон падмацаваў яго, заклікаўшы туды Гіля, які стаяў у Мерб-Брэне, і Шасе, які знаходзіўся ў Брэн-л'Але.

Цэнтр англійскай арміі, некалькі ўвогнуты, вельмі шчыльны і самкнуты, быў добра ўмацаваны. Ён займаў плато Мон-сен-Жан, маючы ззаду за сабою вёску, а спераду ў сябе — схіл, у той час даволі круты. Ён прылягаў да вялікага каменнага будынка, які стаяў на скрыжаванні дарог і быў у той час удзельным маёнткам Нівель; пабудаваны ў XVІ веку, ён быў да таго моцны, што пушачныя ядры адскоквалі ад яго, не шкодзячы яму. Вакол плато англічане ў розных месцах падрэзалі агарожы, зрабілі байніцы у кустах баярышніку і ўстанавілі паміж галля пушкі.

Іх артылерыя зрабіла засаду ў гушчары хмызняку. Гэта вераломная работа, бясспрэчна дазваляемая вайной, якая дапускае і пастку, была так добра выканана, што Гаксо, пасланы імператарам у дзевяць гадзін раніцы для рэкагнасцыроўкі непрыяцельскіх батарей, нічога не заўважыў і, вярнуўшыся, данëс Напалеону, што няма ніякіх перашкод, за выключэннем двух барыкад, якія перагароджваюць Нівельскую і Жамапскую дарогі. У гэты час года збожжа ў палях ужо высокае; на ўскраіне плато, у высокім жыце залёг 25-ы батальён брыгады Кемпа, узброены карабінамі. Умацаваны і закрыты такім чынам цэнтр англа-галандскай арміі знаходзіўся ў выгадным палажэнні.

Небяспека для гэтай пазіцыі прадстаўляе Суаньскі лес, сумежны з полем бітвы і перарэзаны сажалкамі Грэнендаля і Буафорта.

Армія не магла-б адступіць у гэты лес, не падзяліўшыся: палкі адразу рассыпаліся-б, артылерыя загінула-б у балотах. Адступленне, на думку шмат якіх спецыялістаў, што, праўда, абвяргалася іншымі, ператварылася-б у бязладнае ўцякацтва.

Велінгтон сцягнуў да гэтага цэнтра брыгаду Шасе, узятую з правага крыла, брыгаду Вінка, узятую з левага крыла, і дывізію Клінтона.

Сваім англічанам ― палкам Галькета, брыгадзе Мітчэля і Мэтлэндскай гвардзіі ― ён даў у падмацаванне Брауншвейгскую пяхоту, Насаўскі атрад ганнаверцаў Кільмансеге і немцаў Омптэды. Такім чынам, у распараджэнні Велінгтона было 26 батальёнаў. Правае крыло было адведзена за центр. Вялізная батарэя была замаскавана мяшкамі з зямлёй на месцы, дзе знаходзіцца ў сучасны момант так званы „музей Ватерлоа“. Апрача таго, у Велінгтона было яшчэ 1 400 гвардзейскіх драгунаў Самерсета, схаваных у невялікай лагчыне. Гэта была другая палова так справядліва праслаўляемай англійскай кавалерыі. Пансомбі быў знішчаны, аставаўся Самерсед. Калі-б гэта батарэя была скончана, яна прадстаўляла-б сабой амаль рэдут: яна была размешчана ззаду за вельмі нізкай садовай агарожай, умацаванай на хуткую руку мяшкамі з пяском і шырокім земляным валам, але работа не была скончана, таму што нехапіла часу абнесці яе палісадамі.

Велінгтон, устрывожаны, хоць на выгляд і спакойны, цэлы дзень знаходзіўся верхам на кані, некалькі спераду ад старога млына Мон-сен-Жана, які існуе яшчэ і зараз; ён стаяў пад вязам, які быў пасля куплены энтузіястам-вандалам англічанінам за дзвесце франкаў, спілаваны і звезены. Велінгтон быў увесь час спакойны да гераізму. Ядры так і сыпаліся вакол яго. Ад'ютант Гардон быў забіты поплеч з ім. Лорд Гіль, паказваючы яму на гранату, якая толькі што разарвалася, сказаў: „Мілорд, якія інструкцыі і загады пакідаеце вы нам, калі вас заб'юць?“ — „Рабіце па-мойму“, — адказваў Велінгтон. Клінтону ён лаканічна сказаў: „Трымацца тут да апошняга чалавека“. Дзень, відаць, павінен быў дрэнна скончыцца. Велінгтон крычаў сваім ранейшым таварышам па Талаверы, Віторыі і Саламанцы: „Рэбяты, хіба можна думаць аб адступленні? Успомніце аб старой Англіі!“

Каля чатырох гадзін англійскія войскі падаліся назад. На грэбні плато адразу асталіся толькі артылерыя і застрэльшчыкі, усё астатняе знікла; палкі гнаныя французскімі гранатамі і ядрамі, адступілі да таго месца, дзе яшчэ да гэтага часу пралягае сцежка на ферму Мон-сен-Жан. Адбыўся адваротны рух: фронт англійскай арміі схаваўся, Велінгтон падаўся назад.

— Пачатак адступлення! — ускрыкнуў Напалеон.

IV

НАПАЛЕОН У ДОБРЫМ НАСТРОІ

Імператар, не гледзячы на тое, што ён быў хворы і яму цяжка было трымацца ў сядле, ніколі не быў у такім добрым настроі, як у гэты дзень. З самага рання гэты непранікальны чалавек усміхаўся. 18 чэрвеня 1815 года гэтая пахмурая душа пад мрамарнай маскай бясклопатна ззяла. Чалавек, які быў пахмуры пры Аўстэрліцы, быў вясёлы пры Ватэрлоа. У самых вялікіх абраннікаў лёсу часта бываюць такія супярэчнасці. Нашы радасці бываюць памылковы.

Яшчэ напярэдадні, у гадзіну ночы, пад навальніцай і дажджом, аглядаючы верхам разам з Бертранам[9] узгоркі, якія прылягалі да Расому, задаволены выглядам даўгой лініі англійскіх агнёў, асвятляўшых увесь гарызонт ад Фрышмона да Брэн-л'Але, ён быў упэўнены, што лёс, які ён прадугледзіў на полі бітвы пры Ватэрлоа, быў верны яму; ён спыніў свайго каня і, астаючыся нерухомым некаторы час, глядзеў на маланку і прыслухоўваўся да грому. Акружаючыя пачулі, як гэты фаталіст кінуў у цемру ночы загадкавыя словы: „Мы з табой згодны“. Але Напалеон памыляўся, паміж імі не было больш згоды.

Ён не спаў ніводнай хвіліны. Уся гэтая ноч была для яго поўная радасці. Ён аб'ехаў конныя фарпосты, спыняючыся час ад часу, каб пагутарыць з часавымі. У палове трэцяй гадзіны каля Гугамонскага лесу ён пачуў крокі ішоўшай калоны; адну хвіліну ён падумаў, што гэта адступае Велінгтон. „Гэта англійскі ар'ергард пачынае знімацца з лагера, — сказаў ён. — Я вазьму ў палон шэсць тысяч англічан, якія толькі што высадзіліся ў Остэндэ“. Ён гаварыў з захапленнем, да яго зноў вярнуўся той гумар, які ён, паміж іншым, выказаў пры высадцы на бераг першага сакавіка, калі, паказваючы вялікаму маршалу на поўнага радасці селяніна ля Жуанскай затокі, ён ускрыкнуў: „Ну, Бертран, вось ужо і падмацаванне!“ Ноччу з 17 чэрвеня на 18 ён смяяўся з Велінгтона: „Гэтаму маленькаму англічаніну неабходны ўрок“, гаварыў Напалеон. Дождж лінуў з новай сілай; гром грымеў увесь час, пакуль гаварыў імператар.

У палове чацвертай гадзіны раніцы ён страціў адну з сваіх ілюзій; афіцэры, пасланыя ў разведку, паведамілі яму, што ў непрыяцельскім лагеры не відаць ніякага руху. Нішто не варушылася; ніводны вартавы агонь не пагас. Англійская армія спала. На зямлі, у процілегласць небу, панавала глыбокая ціша. У чатыры гадзіны разведчыкі прывялі яму селяніна, які служыў правадніком брыгадзе англійскай кавалерыі, напэўна, брыгадзе Вівіена, ішоўшай заняць пазіцыю ў вёсцы Оэн, на самы канец левага крыла. У пяць гадзін два бельгійскія дэзертыры перадалі яму, што яны толькі што пакінулі свой полк і што англійская армія чакае бітвы. „Тым лепш! — ускрыкнуў Напалеон. — Мне больш падабаецца разбіць іх, чым прагнаць“.

Раніцою на схіле, які ўтвараў паварот дарогі ў Плансенуа, ён злез з каня проста ў гразь, загадаў прынесці сабе з фермы Расом кухонны стол і прастое сялянскае крэсла, сеў, падаслаўшы замест каўра бярэмца саломы, і разгарнуў на стале карту поля бітвы, сказаўшы Сульту[10]: „Слаўная шахматная дошка!“

З прычыны начнога дажджу абозы з правізіяй, якія застралі ў размытых дарогах, не маглі прыбыць раніцою; салдаты не спалі, прамоклі і былі галодныя. Гэта не пашкодзіла, аднак, Напалеону весела крыкнуць Нею: „У нас дзевяноста шансаў з ста“. У восем гадзін імператару прынеслі снеданне. Ён запрасіў некаторых генералаў. У час снедання расказвалі, што Велінгтон быў заўчора ў Бруселі на банкеце ў герцагіні Рычманд, і Сульт, гэты суровы воін з тварам архіепіскапа, сказаў: „У нас сёння баль“. Імператар пасмейваўся з Нея, які гаварыў: „Велінгтон не будзе такі дурны, каб чакаць вашай вялікасці“. Зрэшты, у Напалеона заўсёды была такая манера. „Ён вельмі ахвотна жартаваў“, гаварыў пра яго Флеры дэ-Шабулон[11]. „Ён засыпаў жартамі, хутчэй арыгінальнымі, чым дасціпнымі“, гаварыў Бенжамен Канстант[12]. Гэтыя жарты іспаліна варты таго, каб на іх спыніцца. Ён празваў сваіх грэнадзёраў „grognards“ (варчуны); ён шчыпаў іх за вушы, сморгаў за вусы. „Імператар толькі і займаўся тым, што вырабляў з імі розныя жарты“, — сказаў пра яго адзін з грэнадзёраў. У час таямнічага пераезду з вострава Эльбы ў Францыю, 27 лютага, у адкрытым моры, калі французскі ваенны брыг Зефір, спаткаўшыся з брыгам „Inconstant“[13], на якім хаваўся Банапарт, запытаў пра Напалеона, імператар, на капелюшы ў якога ў той час усё яшчэ красавалася белая з малінавым, усеяная пчоламі какарда, што ён насіў на востраве Эльбе, смеючыся, узяў рупар і сам адказаў: „Імператар здаровы!“ Хто здолен так жартаваць, той не баіцца лёсу. У час снедання на полі пры Ватэрлоа ў Напалеона было некалькі прыступаў смеху. Пасля снедання ён каля чвэрці гадзіны збіраўся з думкамі; потым два генералы селі на саломенай подсцілцы з пер'ямі ў руках і лістамі паперы на каленях, і імператар прадыктаваў ім баявы парадак.

У дзевяць гадзін французская армія, якая была пастроена эшалонамі і выступіла пяццю калонамі з барабанным боем і пад гукі труб, разгарнулася, маючы дывізіі па баках, артылерыі паміж брыгад і музыкантаў на чале: магутная, вялізная і радасная, яна прадстаўляла сабою цэлае мора касак, шабляў і штыхоў на гарызонце. Убачыўшы яе, расчулены імператар ускрыкнуў: „Цудоўна, цудоўна!“

З дзевяці гадзін да паловы адзінаццатай усе войскі – што здаецца нават неверагодным – паспелі заняць свае пазіцыі і размясціліся ў шэсць ліній, утвараючы, па выразу самога імператара, „фігуру шасці рымскіх цыфр V“. Праз некалькі імгненняў пасля ўтварэння баявога фронта, сярод глыбокай цішы, якая звычайна служыць прадвеснікам буры і пачатку бітвы, заўважыўшы тры дэфіліруючыя батарэі па дванаццаць гармат у кожнай, якія па яго загаду былі аддзелены ад трох атрадаў — д'Эрлона, Рэйля і Лабо — і назначаны пачаць бітву, адкрыўшы агонь супроць Мон-сен-Жана, у тое месца, дзе перасякаюцца Нівельская і Жэмапская дарогі, імператар ударыў па плячу Гаксо, гаворачы: „Вось дваццаць чатыры цудоўныя дзяўчыны, генерал“.

Упэўнены ў перамозе, ён падбадзёрваў усмешкай яго роту сапёраў першага корпуса, што праходзіла міма яго і якой ён аддаў загад акапацца на Мон-сен-Жане, як толькі захопяць вёску. Гэты вясёлы настрой толькі адзін раз быў парушаны словамі ганарлівага спачування: убачыўшы, як налева ад яго, у тым месцы, дзе зараз знаходзіцца вялізная магіла, скучваюцца на сваіх выдатных конях славутыя шэрыя шатландцы, Напалеон праказаў: „Гэта шкада“.

Потым ён сеў на каня, накіраваўся да Расома і выбраў сабе пунктам для назіранняў вузкі, пакрыты травою курган, направа ад дарогі з Жэмапа ў Брусель — гэта другая яго стаянка ў час бітвы. Трэцяя стаянка — у сем гадзін вечара — паміж Бель-Альянсам і Ге-Сентам — была жахлівая. Гэта быў даволі высокі курган, які існуе яшчэ і зараз: ззаду за ім, у паглыбленні раўніны, была сканцэнтравана гвардыя. Вакол гэтага кургана ядры, удараючыся аб каменні шасе, адскоквалі рыкашэтам амаль да самага Напалеона. Як і пры Брыене, вакол яго галавы свісталі кулі і карцеч. Амаль на тым самым месцы, дзе стаялі ногі яго каня, былі знойдзены асколкі ядраў, старыя шабельныя клінкі і агідныя, пакрытыя іржою гранаты. Некалькі год таму назад на гэтым месцы выкапалі гранату, яшчэ зараджаную, але трубка яе была зламана ля самай паверхні гранаты. На гэтай апошняй стаянцы імператар гаварыў свайму правадніку Лакосту, перапалоханаму, варожа настроенаму селяніну, які быў прывязаны да сядла гусара і круціўся пры кожным залпе карцечы, стараючыся схавацца за конніка: „Дурань, як табе не сорамна; ты-ж так дасі забіць сябе ў спіну“. Той, хто піша гэтыя радкі, сам знайшоў у рыхлым схіле кургана, раскопваючы пясок, рэшткі бомбы, паспеўшай праіржавець за гэтыя сорак шэсць год, і старыя абломкі жалеза, якія ламаліся паміж пальцаў, як палачкі бузіны.

Хвалістыя ўзгоркі, якія разыходзіліся ў розных кірунках па раўніне, дзе адбылася бітва Напалеона з Велінгтонам, не існуюць больш, але ўсе ведаюць, якія яны былі 18 чэрвеня 1815 года. Узяўшы ў гэтага сумнага поля матэрыял для пабудовы помніка яму самому, у яго змянілі яго прыродны выгляд, і азадачаны гісторык не можа там ужо арыентавацца. Для таго, каб уславіць гэтае поле, яго відазмянілі. Велінгтон, убачыўшы праз два гады поле Ватэрлоа, ускрыкнуў: „Як сказілі мне маё поле бітвы!“ Там, дзе зараз узвышаецца вялізная земляная піраміда, увенчаная ільвом, знаходзіўся грэбень узвышшаў, якія адхонна спускаліся ў кірунку да Нівельскай дарогі, але крута абрываліся з боку Жэмапскага шасе. Вышыню гэтага адкоса можна вызначыць яшчэ і зараз вышынёю двух магільных курганоў, што стаяць па абодвух баках дарогі з Жэмапа ў Брусель; налева магіла англічан, направа — немцаў; магілы французаў зусім няма. Для Францыі ўся гэтая раўніна з'яўляецца грабніцай. Дзякуючы многім тысячам вазоў зямлі, ужытай на пабудову насыпу ў сто пяцьдзесят футаў вышыні і каля поўмілі ў акружыне, плато Мон-сен-Жан ператварылася ў адхонную пакатасць. У дзень бітвы, асабліва з боку Ге-Сента, яна прадстаўляла няроўны і абрывісты схіл; ён быў такі круты, што англійскія пушкі не бачылі пад сабой ферму, размешчаную ў глыбіні даліны, у цэнтры бітвы. 18 чэрвеня 1815 года дажджы размылі яшчэ больш гэтую круцізну, гразь рабіла яшчэ больш цяжкім уздым; прыходзілася не толькі карабкацца, але і грузнуць у гразі. Уздоўж плато цягнуўся род яра, аб існаванні якога здалёк нельга было думаць.

Што-ж гэта за яр? Вытлумачым. Брэн-л'Але і Оэн — дзве невялікія вёскі, абедзве схаваныя ў нізінах; яны злучаюцца дарогай даўжынёю мілі ў паўтары, якая перасякае ўзгоркаватую раўніну. Дарога гэта часта прарэзвае ўзгоркі, накшталт баразны, дзякуючы чаму шмат у якіх месцах утвараюцца яры. У 1815 годзе, як і ў сучасны момант, гэтая дарога перарэзвае плато Мон-сен-Жан паміж Жэмапскім і Нівельскім шасе; толькі цяпер яна на адным узроўні з далінаю, а тады яна ішла амаль суцэльным паглыбленнем. Абодва яе адкосы скапалі для пабудовы помніка. Гэтая дарога прадстаўляла і прадстаўляе яшчэ і цяпер на большай сваёй частцы траншэю, якая дасягае ў некаторых месцах дванаццаці футаў глыбіні; надта крутыя схілы яе абвальваліся ў розных месцах, асабліва зімою ў час ліўняў. Там часам бывалі няшчасныя здарэнні.

У дзень бітвы гэтая дарога, што праходзіла на плато Мон-сен-Жан, прадстаўляла сабою нешта накшталт яра наверсе адкоса ці выбоіны, схаванай у зямлі, — адным словам, яна была нябачная і такім чынам страшэнна небяспечная.

V

ПЫТАННЕ ПРАВАДНІКУ ЛАКОСТУ

Такім чынам, раніцою ў дзень Ватэрлоа Напалеон быў задаволены.

І гэта цалкам зразумела: складзены ім план бітвы, як мы ўжо гаварылі, быў сапраўды выдатны.

Раз ужо бітва пачалася, то яе розныя раптоўныя змены ніколькі не турбавалі Налалеона. Гугамон і Ге-Сент не здаваліся, батарэі грузлі ў гразі, пятнаццаць гармат без канвоя былі апракінуты Уксбрыджам на размытай дарозе, дзеянне снарадаў у радах англічан было слабае: падаючы, яны закапваліся ў зямлю, размоклую ад дажджоў, і падымалі толькі цэлыя вулканы гразі, так што карцеч ператваралася ў пырскі гразі; амаль уся кавалерыя Пірэ ў пятнаццаць эскадронаў была знішчана; напад на правае англійскае крыло быў няўдалы, абстрэльванне левага крыла — беспаспяхова. Ней дапусціў вялікую памылку, скучыўшы чатыры дывізіі першага корпуса, замест таго, каб пастроіць іх эшалонамі, у выніку чаго ўся маса ў дваццаць сем радоў па дзвесце чалавек у кожным, была падстаўлена пад карцеч, ядры прабівалі ў ёй страшэнныя брэшы. Штурмавыя калоны былі раз'яднаны; батарэя, што знаходзілася на флангу, асталася без прыкрыцця. Дывізія Маркан'е, папаўшы ў жытняе поле паміж пяхотай і кавалерыяй, абстрэльвалася ва ўпор Бестам і Пакам. Батарэя Маркан'е была закляпана, а яе эскарт пасечаны драгунамі Пансобі. Прынц Саксен-Веймарскі яшчэ ўтрымліваў за сабой Фрышмон і Смоэн, не гледзячы на намаганні графа д'Эрлона. Сцягі 105-га і 45-га палкоў былі ўзяты. Прускі чорны гусар, захоплены коннымі разведчыкамі лятучай стралковай калоны, якая рабіла раз'езды паміж Ваўрам і Плансенуа, перадаў вельмі нярадасныя весткі: Грушы[14] спазніўся, тысяча пяцьсот чалавек у якую-небудзь гадзіну былі забіты ў гугамонскім фруктовым садзе, тысяча восемсот чалавек яшчэ хутчэй былі перабіты пад Ге-Сентам. Усе гэтыя бурныя падзеі, якія праходзілі, нібы тучы, перад Напалеонам, ледзь засмуцілі яго позірк і ні разу не парушылі яго царственнага спакою. Напалеон прывык глядзець вайне проста ў вочы; ён ніколі не цікавіўся падрабязнасцямі. Лічбы мала датычылі яго, абы яны давалі ў выніку перамогу. Ён, хто лічыў сябе панам і ўладаром выніку, ніколькі не турбаваўся, калі спачатку бітва адхілялася ад намечанага плана. Ён умеў чакаць, лічачы, што перамога за ім забяспечана.

Ён абыходзіўся з лёсам за панібрата і нібы гаварыў яму: „Ты не пасмееш!“

Між іншым, хто перанёс Берэзіну, Лейпцыг і Фонтэнебла, таму можна было-б сумнявацца ў Ватэрлоа.

У першы раз неба таямніча нахмурылася.

У тую хвіліну, калі Велінгтон рухаўся назад, Напалеон здрыгануўся. Раптоўна ён убачыў, што плато Мон-сен-Жан пусцее і фронт англійскай арміі знікае. Сцягваючыся, яна хавалася. Імператар прыпадняўся на страмёнах. Маланка перамогі бліснула ў яго вачах.

Знішчыць Велінгтона, загнаўшы яго ў Суанскі лес, гэта было-б поўным паражэннем Англіі.

Імператар, абдумваючы гэтую страшную развязку, у апошні раз агледзеў у падзорную трубку ўсе гэтыя пункты поля бітвы. Яго гвардыя, якая знаходзілася ззаду ў яго, трымала зброю на каравул і глядзела на яго знізу ўверх з нейкай асаблівай пачцівасцю. Ён меркаваў, даследваў схілы, адзначаў адкосы, разглядаў групы дрэў, палі жыта і сцежкі; здавалася, што ён лічыў кожны куст. Ён пільна разглядваў англійскія барыкады на абодвух шасе, пабудаваныя на месцы двух вялікіх лясных парубак. Адна з іх, што знаходзілася на Жэмапскім шасе вышэй за Ге-Сента, была ўзброена двумя пушкамі, адзінымі ва ўсёй англійскай артылерыі, страляўшымі ўглыбіню поля бітвы; другая барыкада знаходзілася на Нівельскім шасе. Там зіхацелі галандскія штыхі брыгады шасе. Напалеон заўважыў каля гэтай барыкады, на рагу папярочнай дарогі, якая ішла ў Брэн-л'Але старую капліцу святога Мікалая, пафарбаваную белай фарбай. Ён нахіліўся і сказаў штосьці на поўголаса правадніку Лакосту. Апошні, напэўна знарок, зрабіў адмоўны жэст галавою.

Імператар выпрастаўся і задумаўся. Велінгтон адступаў. Аставалася толькі завяршыць гэтае адступленне поўным паражэннем. Нечакана абярнуўшыся, Напалеон адправіў ва ўвесь дух нарачнага ў Парыж з паведамленнем, што бітва выйграна. Напалеон быў адзін з тых геніяў, якія мечуць громы. І вось яго самога чакаў удар. Ён аддаў загад кірасірам Мільо узяць плато Мон-сен-Жан.

VI

НЕЧАКАНАСЦЬ

Іх было тры тысячы пяцьсот чалавек. Фронт іх цягнуўся на чверць мілі. Гэта былі людзі-гіганты на іспалінскіх конях. Іх было дваццаць шэсць эскадронаў; ззаду ў іх знаходзілася ў выглядзе падмацавання дывізія Лефеўра Дэнуэта, сто шэсць адборных жандармаў, тысяча сто дзевяноста сем гвардзейскіх стралкоў, восемсот восемдзесят гвардзейскіх уланаў. У іх былі каскі без конскіх хвастоў, жалезныя латы, сядзельныя пісталеты ў кабурах і доўгія шаблі-шпагі. Раніцою ўся армія любавалася імі, калі ў дзевяць гадзін пад гукі ражкоў і аркестра музыкі, што іграла паходны марш, яны з'явіліся суцэльнай калонай з адной батарэяй на флангу, а з другой — у цэнтры, разгарнуліся фронтам у дзве лініі паміж Жэмапскім і Фрышмонскім шасе і занялі сваё месца на полі бітвы; яны складалі частку магутнай і гэтак мудра пабудаванай Напалеонам другой лініі, якая, дзякуючы кірасірам Келермана, што стаялі на левым яе канцы, а на правым — кірасірам Мільо, уладала, так сказаць, двума жалезнымі крыллямі.

Ад'ютант Бернар перадаў ім загад імператара.

Ней выняў шпагу і стаў на чале.

Вялізныя эскадроны рушыліся.

Тады перад вачыма з'явілася грознае відовішча.

Уся гэтая кавалерыя з аголенымі шаблямі і з лунаючымі сцягамі, пастроеная ў калоны па дывізіях, аднастайным рухам, як адзін чалавек, з правільнасцю бронзавага тарана, які прабівае брэш, спусцілася з узгорка Бель-Альянс, урэзалася ў страшную глыбіню, дзе загінула ўжо столькі людзей, і потым, выступіўшы з туману, яна з'явілася на другім баку даліны, такая-ж шчыльная і сціслая, і пачала ўзбірацца буйнай рыссю, сярод абсыпаўшай яе хмары карцечы, па страшнаму, пакрытаму граззю схілу плато Мон-сен-Жан.

Яны ўзбіраліся, велічныя, грозныя, непахісныя; у прамежках паміж стрэльбавых і пушачных залпаў чуўся іх іспалінскі тупат.

Складаючыся з двух дывізій, яны ўтварылі дзве калоны: правая — дывізія Ват'е, а левая — дывізія Дэлора.

Здалёк здавалася, што на грэбень плато паўзуць дзве вялізныя стальныя змяі. Нібы страшыдла, яны перасякалі ўсё поле бітвы.

Нічога падобнага не было відаць з часу ўзяцця цяжкой кавалерыяй вялікага маскоўскага рэдута. Тут нехапала Мю

Выява

Эскадроны рынуліся ў атаку

рата[15], але за тое быў Ней. Здавалася, што ўся гэтая маса ператварылася ў адно страшыдла і набыла адну душу. Кожны зскадрон звіваўся і надуваўся, як кальцо паліпа. Яны мільгалі праз воблакі густога дыму. Усё змяшалася: каскі, крыкі, шаблі, парывістыя рухі конскіх крупаў пры пушачных залпах і гуках труб — жахлівая, хоць і дысцыплінававая сумятня, і над усім гэтым кірасы нібы луска гідры.

Надзвычайнае супадзенне лічбаў: дваццаць шэсць батальёнаў павінны былі спаткаць гэтыя дваццаць шэсць экскадронаў. За грэбнем плато пад аховай замаскаванай батарэі англійская пяхота, пастроеная ў 13 карэ, па два батальёны ў кожным, і ў дзве лініі, сем карэ ў першай і шэсць у другой, са стрэльбамі напагатове, прыцэліўшыся ў чакаемага непрыяцеля, стаяла спакойная, нерухомая, маўклівая. Яна не бачыла кірасіраў, і кірасіры не бачылі яе. Яна чула набліжэнне гэтага мора людзей. Яна чула шум ад трох тысяч коней, які ўсё мацнеў, нарастаў, сіметрычна перамежысты тупат капытоў буйнай рысі, звон кірас, бразганне шабляў і злавеснае дыханне. Настаў момант жудаснай цішы. Потым раптам над грэбнем з'явіўся доўгі рад паднятых рук, махаючых шаблямі, цэлая маса касак, труб і сцягаў і тры тысячы галоў з сівымі вусамі, з крыкам: „Няхай жыве імператар!“ З'яўленне ўсёй гэтай кавалерыі на плато было падобна да пачатку землетрасення.

Раптам — о, жах! — налева ад англічан, направа ад французаў галава кірасірскай калоны ўзнялася на дыбы з жахлівым енкам. Дасягнуўшы вышэйшага пункту грэбня, кірасіры, імклівыя, несутрымныя, раз'юшаныя, захопленыя сваёй усесакрушаючай атакай на карэ і батарэі, раптоўна заўважылі паміж сабою і англічанамі яр. Гэта была пракапаная дарога ў Оэн.

Гэты момант быў жахлівы. Перад імі, пад самымі нагамі коней, нечакана з'явіўся зіяючы яр з адвеснымі адкосамі, глыбінёю ў два сажні; другі рад сапхнуў туды першы, а трэці сапхнуў другі; коні станавіліся на дыбы, кідаліся назад, падалі на круп, скочваліся на спіне, прыдушваючы і перакульваючы коннікаў. Не было ніякай магчымасці адступіць. Уся калона атрымала рух аднаго ядра. Сіла, накіраваная супроць англічан, абярнулася супроць саміх французаў: няўмольны яр можна было перайсці, толькі напоўніўшы яго даверху, і вось коннікі і коні скочваліся туды ў беспарадку, душачы адзін аднаго і ўтвараючы суцэльную масу цел у гэтай прорве, і калі гэты яр напоўніўся людзьмі, па ім перайшлі астатнія. Амаль трэцяя частка брыгады Дзюбуа загінула ў гэтай прорве.

Гэта быў пачатак пройгрыша бітвы.

Мясцовае паданне, якое, відавочна, пераўвялічвае, гаворыць, што тут загінула дзве тысячы коней і паўтары тысячы людзей. Гэтая лічба заключае ў сабе, напэўна, і іншыя трупы, кінутыя ў гэты яр на другі дзень бітвы.

Заўважым мімаходзь, што гэтая самая, так моцна пацярпеўшая брыгада Дзюбуа, гадзіну таму назад, у час атакі, заўладала сцягам Люнебургскага батальёна.

Перш чым аддаць загад кірасірам Мільо на гэтую атаку, Напалеон даследваў мясцовасць, але не мог бачыць гэтай пракапанай дарогі, якая не пакідала аніякага следу на паверхні плато. Аднак, прыведзены ў сумненне і ўстрывожаны відам маленькай белай капліцы, якая стаяла на скрыжаванні гэтай пракапанай дарогі з Нівельскім шасе, ён запытаў у правадніка Лакоста, напэўна, аб магчымасці наткнуцца там на якую-небудзь перашкоду. Той адмоўна пакруціў галавой. Можна амаль упэўнена сказаць, што ад гэтага руху сяляніна здарылася пагібель Напалеона. Услед за гэтым павінны былі ўзнікнуць іншыя няшчасці.

Ці была магчымасць для Напалеона выйграць гэтую бітву?

Мы адказваем — не.

Для гэтага вялікага чалавека настаў час падзення.

VII

ПЛАТО МОН-СЕН-ЖАН

У тую-ж хвіліну, калі перад французамі адкрыўся яр, англійская батарэя распачала агонь. Шэсцьдзесят пушак і трынаццаць карэ сталі ва ўпор абстрэльваць кірасіраў. Адважвы генерал Дэлор аддаў салют англійскай батарэі.

Уся англійская лятучая кавалерыя вярнулася галопам у карэ. Кірасіры не паспелі нават спыніцца. Няшчасце на пракапанай дарозе загубіла шмат каго з іх, але не дабіла духу бадзёрасці астатніх. Яны належалі да тых людзей, якія, змяншаючыся колькасцю, набываюць яшчэ большую мужнасць.

Ад няшчасця пацярпела толькі калона Ват'е, калона Дэлора прышла ў цэласці: Ней, нібы прадчуваючы засаду, загадаў ёй узяць лявей.

Кірасіры рынуліся на англійскія карэ.

Яны несліся ва ўвесь кар'ер, апусціўшы павады, з шаблямі ў зубах і пісталетамі ў руках, — вось якая была гэтая атака!

У бітвах настаюць часам моманты, калі дух робіцца да таго цвёрдым, што ператварае салдата ў статую і цела яго ў граніт. Англійскія батальёны не здрыгануліся кават пад такой атакай.

Тады пачалося нешта жахлівае.

На ўсе англійскія карэ атака была зроблена разам. Шалёны віхор падхапіў іх. Гэтая бясстрасная пяхота захавала сваю спакойнасць. Першы рад, стоячы на адным калене, сустракаў кірасіраў штыхамі, другі рад абстрэльваў іх; ззаду за другім радам кананіры зараджалі гарматы, фронт карэ рассоўваўся, прапускаў залп карцечы і зноў змыкаўся. Кірасіры стараліся сцерці іх. Іх вялізныя коні станавіліся на дыбы, пераскоквалі праз рады і штыхі, падалі, нібы калоссі пасярод гэтых чатырох жывых сцен.

Ядры прабівалі брэшы ў радах кірасіраў, кірасіры стараліся расстроіць карэ. Цэлыя рады людзей знікалі, пацёртыя коньмі. Штыхі праціналі коней разам з коннікамі. Гэта з'яўлялася прычынай уродлівасці ран, нябачанай, мабыць, пры іншых бітвах. Карэ, сцёртыя гэтай раз'юшанай кавалерыяй, змыкаліся, не паддаючыся. Яны безупынна стралялі карцеччу ў самую сярэдзіну нападаўшых. Від гэтай бітвы быў жахлівы. Карэ былі падобны хутчэй да кратэраў, чым да батальёнаў, а кірасіры здаваліся ўраганам, а не кавалерыяй. Кожнае карэ было падобна да вулкана, абкружанага хмарай; лава змагалася з маланкай.

Крайняе правае карэ, якому найбольш пагражала небяспека, было амаль знішчана з першых націскаў. Яно было ўтворана з 75-га палка шатландскіх горцаў. У самым цэнтры карэ, у той час як людзі знішчалі адзін аднаго, валыншчык, апусціўшы ў глыбокай задуменнасці свой меланхалічны позірк, поўны адлюстравання лясоў і азёр, седзячы на барабане з валынкай у руках, іграў песню сваіх родных гор. Шабля кірасіра, адсекшы руку разам з валынкай, спыніла песню, забіўшы песняра.

Параўнаўча нешматлікія ды яшчэ аслабленыя няшчасцем з ярам, кірасіры мелі такім чынам супроць сябе амаль ўсю англійскую армію, але яны павялічвалі сваю колькасць тым, што кожны біўся за дзесяцярых. Аднак некаторыя ганноверскія батальёны паддаліся.

Велінгтон убачыў гэта і ўспомніў пра сваю кавалерыю. Калі-б Напалеон у гэты самы момант падумаў пра сваю пяхоту, ён выйграў-бы бітву. Гэтая забыўлівасць была яго вялікай ракавой памылкай.

Раптам нападаючыя кірасіры адчулі, што іх саміх атакуюць. Англійская кавалерыя знаходзілася ззаду ў іх. Спераду ў іх карэ, ззаду Самерсет, гэта значыць тысяча чатырыста гвардзейскіх драгунаў. На правым флангу ля Самерсета знаходзілася нямецкая лёгкая кавалерыя Дорнберга, на левым — Трын з бельгійскімі карабінерамі. Кірасіры, атакуемыя з фронта і з флангаў, спераду і з тылу, пяхотай і кавалерыяй, павінны былі адбіваць напад з усіх бакоў. Але ўсё гэта было ім нішто. Яны былі падобны да віхру. Храбрасць іх дасягала вышэйшай меры.

Апрача таго, у тылу ў іх знаходзілася безупынна страляўшая батарэя. Толькі дзякуючы гэтаму можва было раніць іх у спіну. Адна з іхных кірас, прабітая карцечнай куляй, знаходзіцца ў калекцыі музея Ватэрлоа.

Для падобных французаў патрэбны былі такія-ж самыя англічане.

Гэта не было сутычкай, гэта быў жах, ярасць, шалёны парыў геройскіх душ, ураган мігаючых шпаг. У адзін міг ад тысячы чатырохсот гвардзейскіх драгунаў асталося толькі восемсот. Іх падпалкоўнік Фюлер быў забіты. Ней прыбыў з уланамі і стралкамі Лефеўра-Дэнуэта. Плато Мон-сен-Жан было ўзята, потым аддана і зноў узята. Кірасіры папераменна біліся з кавалерыяй і з пяхотай, ці, каб лепш выразіцца, уся гэтая страшная маса людзей змагалася, не выпускаючы адзін аднаго з рук. Карэ ўсё яшчэ трымаліся; яны вытрымалі дванаццаць прыступаў. Пад Неем былі забіты чатыры кані. Палова кірасіраў асталася на плато. Гэтая барацьба цягнулася дзве гадзіны.

Англійскія войскі былі значна пахіснуты. Няма ніякага сумнення, што, калі-б кірасіры не былі аслаблены ў час першай атакі няшчасцем са злашчасным ярам, яны разбілі-б цэнтр і мелі-б перамогу. Велінгтон, амаль пераможаны, любаваўся імі і паўтараў напоўголаса: „Цудоўна!“

Кірасіры знішчылі сем карэ з трынаццаці або закляпалі шэсцьдзесят пушак, адабралі ў англійскіх палкоў шэсць сцягаў, якія былі аднесены трыма кірасірамі і трыма гвардзейскімі стралкамі імператару, да фермы Бель-Альянс.

Становішча Велінгтона пагоршылася. Гэтая дзіўная бітва была падобна да паядынка паміж двума раз'юшанымі раненымі, з якіх кожны, нападаючы і супраціўляючыся ў адзін і той-жа час, сцякаў крывёю. Хто з двух падзе першы?

Барацьба за плато адбывалася далей.

Дакуль даходзілі кірасіры? Ніхто не мог-бы гэтага сказаць. Вядома толькі, што на другі дзень пасля бітвы адзін кірасір разам з канём быў знойдзены мёртвы ў зрубе машыны для важання грузаў у вёсцы Мон-сен-Жан, у тым месцы, дзе перасякаюцца Нівельская, Жэмапская, Гюльпская і Брусельская дарогі. Гэты кірасір прабіўся праз рады англічан.

Велінгтон адчуваў, што пачынае паддавацца. Крызіс набліжаўся.

Кірасіры не дасягнулі сваёй мэты, таму што цзнтр не быў прарваны. Плато належала абодвум бакам і ў той-жа час ніводнаму, хоць наогул большая яго частка аставалася за англічанамі. Велінгтон утрымліваў у сябе вёску і верхнюю раўніну, а Ней — толькі грэбень і схіл плато. Абодва бакі, здавалася, прыраслі да гэтай злавеснай глебы.

Але паражэнне англічан здавалася немінучым. Страты арміі былі страшэнныя. На левым флангу Кемп патрабаваў падмацавання.

— Падмацаванняў няма, — адказваў Велінгтон, — няхай памірае.

Амаль у той-жа час — дзіўнае падабенства, якое паказвае знесіленне абодвух армій, — Ней патрабаваў у Напалеона пяхоты. Напалеон адказваў:

— Пяхоты?! Адкуль я дастану яе? Не магу-ж я яе стварыць!

Аднак англійская армія была больш знясілена. Ярасныя напады гэтых іспалінскіх эскадронаў з жалезнымі латамі і стальнымі грудзьмі сцёрлі пяхоту. Некалькі чалавек вакол сцяга паказвалі месца палка, некаторымі батальёнамі камандвалі ўжо капітаны або паручнікі. Дывізія Альтэна, ужо вельмі пацярпеўшая пры Ге-Сенце, была амаль знішчана. Адважныя бельгійцы брыгады Ван-Клузе пакрывалі палі жыта ўдоўж Нівельскай дарогі. Не асталося амаль нікога з тых галандскіх грэнадзёраў, якія ў 1811 годзе, у Італіі, у саюзе з французамі біліся супроць Велінгтона, а ў 1815 годзе ў саюзе з англічанамі біліся супроць Напалеона. Страты афіцэрамі былі вельмі вялікія. Увесь штаб Велінгтона пацярпеў. У гэтай крывавай роўнавазе Англіі выпала горшая доля. Другі гвардзейскі полк страціў пяць падпадкоўнікаў, чатырох капітанаў і трох прапаршчыкаў; першы батальён ЗО-га пяхотнага палка страціў дваццаць чатыры афіцэры і сто дванаццаць салдат. У 79-га палка горцаў было ранена дваццаць чатыры афіцэры і забіта восемнаццаць афіцэраў і чатырыста пяцьдзесят радавых. Цэлы полк ганноверскіх гусараў Кумберлэнда пад кіраўніцтвам палкоўніка Гаке, якога пасля судзілі і разжалавалі, павярнуў крыху недаехаўшы да самай бітвы, і кінуўся ў Суаньскі лес, навёўшы паніку да самага Бруселя. Абоз, павозкі, багаж, фургоны, поўныя раненых, убачыўшы, што французы рухаюцца наперад і набліжаюцца да лесу, кінуліся туды; галандцы, гнаныя французскай кавалерыяй, былі ахоплены панікай. Ад Вер-Куку да Грэнендаля, на працягу больш двух міль у кірунку да Бруселя, па словах відавочцаў, якія жывы яшчэ і зараз, утварылася страшэннае скапленне беглякоў. Гэтая паніка была такая вялікая, што ахапіла прынца Кандэ ў Мехельне і Людовіка XVIII у Генце. У Велінгтона не было больш кавалерыі за выключэннем слабага рэзерва, пастроенага эшалонамі ззаду за паходным лазарэтам, збудаваным на ферме Мон-сен-Жан, і брыгад Вівіена і Вандэлера, якія знаходзіліся на левым крыле. Мноства пушак валялася збітымі з лафетаў. Жалезны герцаг аставаўся спакойны, але губы яго пабляднелі. Аўстрыйскі камісар Вінцэнт і іспанскі камісар Алава, якія знаходзіліся ў час бітвы пры англійскім штабе, думалі, што герцаг загінуў. У пяць гадзін Велінгтон выняў гадзіннік і прашаптаў гэтыя пахмурыя словы: „Блюхер ці ноч“.

У той-жа міг рад штыхоў бліснуў здалёк, на ўзвышшы з боку Фрышэлюна; тады ў гэтай іспалінскай драме адбылася перамена.

VIII

ДРЭННЫ ПРАВАДНІК У НАПАЛЕОНА І ДОБРЫ Ў БЮЛАВА

Вам вядома ракавая памылка Напалеона: ён чакаў Грушы, а замест яго з'явіўся Блюхер: смерць замест жыцця.

У лёса часта бываюць такія павароты: чакалі сусветнага трона, а ўбачылі святую Елену.

Калі-б маленькі пастух, які служыў правадніком Бюлаву, лейтэнанту Блюхера, параіў яму выйсці з лесу вышэй за Фрышмона, а не ніжэй Плансенуа, лёс ХІХ века быў-бы іншы. Напалеон выйграў-бы бітву пры Ватэрлоа. На ўсялякай іншай дарозе, апрача ішоўшай ніжэй за Плансенуа, прусакі наткнуліся-б на яр, недаступны для артылерыі, і Бюлаў не з'явіўся-б упару. Калі-б ён спазніўся на гадзіну, то, па запэўніванню прускага генерала Мюфлінга, Блюхер не застаў-бы больш Велінгтона: бітва была-б прайграна.

Як відаць, Блюхеру час быў з'явіцца. Зрэшты, ён усё-такі вельмі спазніўся. Ён стаяў на бівуаках у Дыён-ле Моне і адправіўся ў дарогу на зары. Але дарогі былі непраходныя, і яго дывізіі захраслі ў гразі. Колы пушак грузлі ў выбоінах па самыя ступіцы. Апрача таго, трэба было пераязджаць раку Дыльпо па вузкаму Ваурскаму масту; вуліца, што вяла да маста, была падпалена французамі; з прычыны таго, што муніцыённыя павозкі ці артылерый скія фургоны не маглі прайсці паміж двух радоў палаючых дамоў, прышлося чакаць, пакуль пажар будзе патушаны. Авангард Бюлава мог толькі к паўдню дасягнуць Шапель-сен-Ламбер.

Калі-б бітва пачалася на дзве гадзіны раней, яна была-б скончана да чатырох гадзін, і Блюхер застаў-бы бітву ўжо выйгранай Напалеонам. Такімі былі гэтыя вялікія выпадковасці, прыстасаваныя да выслізгаючай ад нас бясконцасці.

Яшчэ ў поўдзень імператар з дапамогаю падзорнай трубы першы заўважыў на краі гарызонта штосьці прыцягваючае яго ўвагу. Ён сказаў: „Я бачу там воблака, якое здаецца мне войскам“. Потым ён запытаў у герцага Далмацкага: „Сульт, што вы бачыце ў кірунку на Шапель-сен-Ламбер?“

Маршал, навёўшы сваю падзорную трубу, адказаў:

— Чатыры ці пяць тысяч чалавек, сір. Гэта, напэўна, Грушы.

Аднак гэтае воблака аставалася нерухомым у тумане. Усе падзорныя трубы штаба пачалі вывучаць „воблака“, паказанае імператарам. Некаторыя гаварылі: „Гэта калоны, якія размясціліся на адпачынак“. Большая частка знаходзіла, што гэта дрэвы. Справядліва тое, што воблака не рухалася. Імператар адправіў у разведку да гэтага невядомага пункта атрад лёгкай кавалерыі Дамона, Бюлаў сапраўды не рухаўся. Яго авангард быў вельмі слабы і ні на што не здольны. Ён павінен быў чакаць галоўных сіл арміі, і ў яго быў загад спачатку сцягнуцца, а потым ужо ўступіць у бой, але ў пяць гадзін, бачачы небяспечнае становішча Велінгтона, Блюхер загадаў Бюлаву ісці ў атаку і сказаў славутую фразу: „Трэба даць уздыхнуць англійскай арміі“.

Праз некаторы час дывізіі Лосціна, Гілера, Геке і Рыселя разгарнуліся перад корпусам Лабо, кавалерыя прынца Вільгельма Прускага вышла з Парыжскага лесу, Плансенуа ахапіў пажар, і прускія ядры пачалі сыпацца нават у рады гвардыі, што стаяла ў рэзерве ззаду за Напалеонам.

ІХ

ГВАРДЫЯ

Астатняе вядома: з'явілася Трэцяя армія, бітва раздрабілася, раптоўна раздаўся залп васьмідзесяцішасці пушак, французы былі адціснуты назад, Маркан'е выгнаны з Оэнскага плато, французскім разрозненым палякам на змярканні прышлося вытрымаць новую бітву, уся англійская перадавая лінія рушыла наперад і перайшла ў наступленне, у французскай арміі было зроблена вялізнае спусташэнне, англійская і пруская карцеч дзейнічалі заадно, робячы спусташэнне з фронта і з флангаў. Сярод такога жахлівага разбурэння ўступае ў бой гвардыя.

Прадчуваючы сваю пагібель, гвардыя крычала: „Няхай жыве імператар!“ У гісторыі няма нічога больш узрушаючага, як гэтая агонія, што выразілася радаснымі крыкамі.

Цэлы дзень неба было пакрыта хмарамі. Раптам у гэты самы момант — было сем гадзін вечара — хмары на гарызонце разарваліся і праз вязы, што раслі ўдоўж Нівельскай дарогі, выглянуў вялізны чырвоны, злавесны дыск заходзячага сонца. Пры Аўстэрліцы яно ўзыходзіла. Кожны гвардзейскі батальён быў пад камандай генерала. Калі ў тумане сутычкі з'явіліся высокія шапкі з арламі гвардзейскіх грэнадзёраў, сіметрычна выстраеных, спакойных, прыгожых, непрыяцель адчуў павагу да Францыі. Можна было падумаць, што на полі бітвы з'явілася дваццаць перамог з распасцёртымі крыллямі, і пераможцы, лічачы сябе пераможанымі, падаліся назад, але Велінгтон ускрыкнуў: „Наперад, гвардзейцы, і цэльцеся вярней!“ Полк чырвоных англійскіх гвардзейцаў, які залёг ззаду за агарожаю, падняўся, і цэлая хмара карцечы прабіла трохкаляровы сцяг, што развяваўся сярод французскіх арлоў. Усе рынуліся наперад, і пачалася страшэнная разня. Імператарская гвардыя адчула ў цемры, што армія вакол яе пачынае адступаць і гатова кінуцца ў бязладнае бегства. Яна пачула крык: „Ратуйся, хто можа!“ замест „Няхай жыве імператар!“ і калі ззаду ў яе ўсё бегла, яна ўсё яшчэ рухалася наперад, з кожным крокам усё больш і больш трацячы сілы і людзей. Тут не было ні нерашучых, ні баязлівых. Кожны салдат у гэтым атрадзе быў такім-жа самым героем, як і генерал. Кожны з іх ішоў на пэўную смерць.

Ней у шаленстве, вялікі сазнаннем блізкай смерці, падстаўляў сябе пад усе ўдары гэтай буры. Пад ім забілі пятага каня. Увесь спацелы, з палаючымі вачыма і з пенай на губах, у расшпіленым мундзіры, з эпалетай, напалову адсечанай ударам шаблі, з ордэнскім знакам Вялікага арла, пагнутым куляй, скрываўлены, пакрыты гразёю і ў той-жа час цудоўна прыгожы, са зломанай шпагай у руцэ, ён ускрыкнуў: „Глядзіце, як памірае маршал Францыі на полі бітвы!“ Але дарэмна: ён не памёр. Пад залпамі артылерыі, якая граміла гэтую жменю людзей, ён крычаў: „Няўжо нічога не знойдзецца для мяне? О, я жадаў-бы, каб усе гэтыя англійскія ядры паразілі маё цела!“ Няшчасны, ты астаўся жывы для таго, каб загінуць ад французскіх куль.

Х

КАТАСТРОФА

Бегства ззаду за гвардыяй было плачэўнае. Армія раптоўна падалася па ўсёй лініі разам: ля Гугамона, Ге-Сента, Папелота і Плансенуа. За крыкам: „Здрада!“ пачуўся крык: „Ратуйся, хто можа!“ Уцякаючае ў бойцы войска падобна да адлігі. Усё падаецца, трашчыць, рыпіць, хістаецца, разбураецца, падае, сутыкаецца, спяшаецца, імкнецца. Надзвычайнае раздрабленне! Ней дастае сабе каня, ускоквае на яго і без капелюша, без гальштука, без шпагі становіцца ўпоперак Брусельскага шасе, спыняючы заадно англічан і французаў. Ён стараецца ўтрымаць войскі, кліча іх, засыпае іх лаянкай, чапляецца за тых, што бягуць. Ён у шаленстве. Салдаты бягуць ад яго з крыкам: „Няхай жыве маршал Ней!“ Самае жахлівае ў бітве — гэта бегства: прыяцелі забіваюць адзін аднаго, каб уцякаць; эскадроны і батальёны разбіваюцца адзін аб адзін і разбягаюцца — гэта пена бітвы. Лабо на адным канцы, а Рэйль на другім былі таксама захоплены гэтым патокам. Дарэмна Напалеон утварае перашкоды з рэштак гвардыі, дарэмна ён у апошнім намаганні траціць свае запасныя эскадроны. Напалеон галопам даганяе беглякоў, лае іх, угаварвае, пагражае, умальвае. Усе вусны, якія крычалі раніцою „Няхай жыве імператар“, цяпер бязгучныя; яго ледзь пазнаюць. Нова прыбыўшая пруская кавалерыя кідаецца на іх, ляціць, коле, сячэ шаблямі, забівае, знішчае. Вупражныя коні шалеюць, артылерыя кінулася бегчы, салдаты абозу выпрагаюць коней з фургона і верхам на іх уцякаюць; перакуленыя фургоны ляжаць коламі ўверх, загароджваюць дарогу і садзейнічаюць разні. Ваюючыя расціскаюць і топчуць адзін аднаго, наступаюць на мёртвых і жывых. Рукі сякуць куды пападзе. Вялізны натоўп запружвае дарогі, сцежкі, масты, даліны, узгоркі, раўніны, лясы; усё перапоўнена ўцякаючым саракатысячным натоўпам. Крыкі, роспач; салдаты кідаюць ранцы і стрэльбы ў жыта і расчышчаюць дарогу шаблямі. Няма больш ні таварышоў, ні афіцэраў, ні генералаў — пануе адзін невыказны жах. Такое было гэтае бегства. У Жэмапе стараліся спыніцца і пастроіцца. Лабо сабраў трыста чалавек і зрабіў барыкаду ля ўваходу ў вёску, але пры першым залпе прускай карцечы ўсе зноў кінуліся бегчы, і Лабо быў узяты ў палон. Яшчэ да гэтага часу сляды гэтага залпу карцечы відаць на выступе старой цаглянай халупы, што стаіць направа ад дарогі, да якой некалькі хвілін ходу ад Жэмапа. Прусакі кінуліся ў Жэмап, узлава ныя, безумоўна, тым, што перамога далася ім так лёгка. Праследванне было жахлівае. Блюхер аддаў загад знішчыць усіх. Роге даў сумны прыклад, прыгразіўшы смерцю кожнаму французскаму грэнадзёру, які прывядзе яму прускага палоннага. Блюхер пераўзышоў Раге. Гвардзейскі генерал Дзюгем, прыціснуты да варот Жэмапскай гасцініцы, аддаў сваю шпагу гусару; апошні ўзяў яе і забіў палоннага. Перамога скончылася забойствам пераможаных. У якасці гісторыка мы павінны асудзіць гэта: стары Блюхер абняславіў сябе. Гэтае зверства завяршыла бедства. Беглякі ў роспачы мінулі Жэмап, Катр-Бра, Гослі, Фран, Шарльруа, Туін і спыніліся толькі на граніцы. Увы, хто-ж уцякаў такім чынам? Вялікая армія.

З надыходам ночы ў полі, недалёка ад Жэмапа, Бернар і Бертран злавілі за палу сурдута і спынілі панурага, задуменнага, пахмурага чалавека. Падхоплены патокам беглякоў, ён злез з каня, надзеў на руку вуздзечку і з блукаючым позіркам вяртаўся да Ватэрлоа. Гэта быў Напалеон, які ўсё яшчэ імкнуўся ісці наперад. Вялікі лунатык гэтага знікшага сну.

ХІ

{Цэнтар|АПОШНЯЕ КАРЭ|памер=120%}}

Некалькі карэ гвардыі, нерухомыя ў агульным патоку бегства, падобна да скал сярод бушуючага мора, трымаліся да ночы. Настала ноч, а з ёй смёрць. Без ніякага хістання чакалі яны гэтай падвойнай цемры і далі ёй ахутаць сябе. Кожны полк, аддзелены ад іншых і не маючы больш сувязі з зусім разбітай арміяй, паміраў адзінока. Для гэтай апошняй справы адны размясціліся на ўзвышшах Расома, а другія на раўніне Мон-сен-Жан. Там, пакінутыя пераможаныя, грозныя, гэтыя пахмурыя карэ змагаліся са страшнай смерцю. У іх паміралі: Ульм[16], Ваграм[17], Іена[18] і Фрыдланд[19].

На змярканні, каля дзевяці гадзін вечара, ля падэшвы плато Мон-сен-Жан аставалася толькі адно карэ. У гэтай пахмурай даліне ля падножжа схілу, на які ўзбіраліся кірасіры, пакрытага зараз масай англічан, пад перакрыжным агнём перамагаючай непрыяцельскай артылерыі, пад страшнай масай гранат, гэтае карэ ўсё яшчэ змагалася. Ім камандаваў невядомы афіцэр, па імю Камброн. Пры кожным залпе карэ змяншалася, але адбівалася. Яно адказвала пальбой са стрэльбаў на карцеч, паступова сцягваючы свае чатыры бакі.

Знясіленыя беглякі, спыняючыся часам, чулі здалёку, у цемры, гэты пахмуры заціхаючы гром.

Калі гэты легіён ператварыўся ў жменю людзей, іх сцяг ператварыўся ў лахманы, калі іх стрэльбы, за адсутнасцю куль, сталі простымі палкамі, калі куча трупаў зрабілася большай за групу жывых людзей, пераможцаў ахапіў нейкі свяшчэнны жах перад гэтымі вялікімі паміраючымі воінамі, і англійская артылерыя, нібы пераводзячы дух, перастала страляць. Гэта было нешта накшталт адтэрміноўкі. Вакол гэтых удзельнікаў бітвы насіліся быццам здані — сілуэты людзей на конях, чорныя профілі пушак; бялёсае неба прасвечвала скрозь колы і лафеты. Яны маглі чуць у цемры змроку, як зараджалі пушкі; запаленыя кнаты, падобна да вачэй тыгра, у цемры ўтваралі ланцуг навакол іх галоў; усе фейерверкеры англійскіх батарэй наблізіліся да пушак, і тады, узрушаны думкаю, што для гэтых людзей настала апошняя хвіліна, Кольвіль, па словах адных, і Мэтланд, па словах другіх, закрычаў ім: „Храбрыя французы, здавайцеся!“ Камброн адказваў: „Merde!“[20].

ХІI

КАМБРОН

З павагі да французскага чытача, гэтае слова, магчыма, самае добрае, якое калі-небудзь было вымаўлена французам, не можа быць паўторана. Такі, хоць і вельмі высокі, злемент забаронена ўносіць у гісторыю.

Парушым на свой адказ гэтую забарону.

Ітак, сярод гэтых веліканаў знайшоўся тытан Камброн. Сказаць такое слова і памерці потым, што можа быць вышэй?

Таму што хацець памерці — усёроўна, што сапраўды памерці, і гэты чалавек не вінаваты, калі, забіты карцеччу, ён перажыў сам сябе.

Бітву пры Ватэрлоа выйграў не разбіты Напалеон, не Велінгтон, які адступаў у чатыры гадзіны і прышоў у роспач у пяць гадзін, не Блюхер, які зусім не ўдзельнічаў у бітве. Чалавек, які выйграў бітву пры Ватэрлоа, — гэта Камброн.

Паразіць такім словам гром, які забівае вас, гэта азначае перамагчы.

Слова Камброна робіць уражанне ўдару, разбіўшага грудзі поўныя абурэння, — гэта збыткоўнасць агоніі, якая зрабіла выбух. Хто перамог? Велінгтон? Не. Без Блюхера ён загінуў-бы. Блюхер? Не. Калі-б Велінгтон не пачаў бітвы, Блюхер не мог-бы яе скончыць. Камброн — гэты герой апошняй гадзіны, гэты невядомы салдат, гэтая бясконца малая адзінка вайны — адчувае, што тут хаваецца мана, мана ў самым бедстве. Гэта было ўжа занадта. І вось у той момант, калі ён даходзіць ад гэтага да шаленства, яму прапануюць, нібы ў насмешку, жыццё! Як мог ён не абурыцца?

Вось яны, усе каралі Еўропы, шчаслівыя генералы, Юпітэры-громавержцы. У іх сто тысяч перамагаючага войска, а за гэтымі ста тысячамі яшчэ мільён; іх пушкі, з запаленымі кнатамі напагатове, разявілі свае пашчы; яны толькі што знішчылі імператарскую гвардыю і вялікую армію і зламілі Напалеона. Астаецца адзін Камброн, для выражэння пратэсту астаецца адзін гэты чарвяк. І ён будзе пратэставаць. Ён шукае трапнага слова, як шукаюць шпагу. У ім узнялася злосць, і гэтая злосць вылілася ў адным слове. Ён у роспачы выпростваецца перад гэтай своеасаблівай бітвай, перад гэтай бітвай безпераможцаў; ён вытрымлівае на сабе ўсю страшэннасць гэтай перамогі, але паказвае на яе нікчэмнасць, ён больш чым плюе на яе, і вось пад прыгнётам колькаснасці, сілы і матэрыі ён знаходзіць у душы выраз, падобны да выбуху. Паўтараем: сказаць, зрабіць, знайсці — гэта азначае зрабіцца пераможцам.

Дух вялікіх дзён увайшоў у гэтага невядомага чалавека: у гэтую злашчасную хвіліну Камброн знайшоў гэтае вялікае слова бітвы пры Ватэрлоа так-жа сама, як Ружэ дэ Ліль[21] знайшоў пад натхненнем „Марсельезу“. Парыў бажэственнай буры наляцеў і ахапіў гэтых людзей; яны здрыгануліся, і ў аднаго вылілася вялікая песня, у другога вырваўся жахлівы выраз.

У адказ на слова Камброна англійскі голас скамандаваў: „Плі!“ Батарэі грымнулі, узгорак задрыжэў, з усіх пушак адразу пачуўся страшэнны залп карцечы, з'явіўся густы дым, злёгку пасрэбраны ўзыходзячым месяцам, і, калі ён рассеяўся, усё знікла. Гэтая грозная кучка людзей была знішчана, гвардыя загінула. Чатыры сцяны жывога рэдута ляжалі на зямлі, сярод трупаў ледзь можна было прыкмеціць уздрыгванне. Такім чынам загінулі французскія легіёны, яшчэ больш вялікія, чым рымскія. Яны загінулі на паверхні Мон-сен-Жана, змоклай ад дажджу і крыві, на пахмурых хлебных нівах, на месцы, дзе цяпер кожную раніцу, у чатыры гадзіны, весела пасвіствае і паганяючы свайго каня, праязджае Жазеф, які выконвае абавязкі нівельскага паштальёна.

XII

ШТО ТАКОЕ ВАТЭРЛОА?

Існуе вельмі шаноўная ліберальная школа, якая асуджае Ватэрлоа. Мы не належым да яе. Для нас Ватэрлоа — толькі нечаканае нараджэнне свабоды. Што з падобнага яйка вылупіцца такі арол, гэта вядома, было нечаканасцю.

Ватэрлоа ёсць прадначартаная загадзя супроцьрэволюцыйная перамога.

Гэта — Еўропа супроць Францыі, Пецербург, Берлін і Вена — супроць Парыжа, гэта — атака 14 ліпеня 1789 года праз 20 сакавіка 1815 года, гэта — трывога, узнятая манархіямі супроць безутрымнага паўстання французаў. Уціхамірыць, нарэшце, гэты вялікі народ, які знаходзіўся ў вулканічным стане на працягу дваццаці шасці год, такая была мара. Салідарнасць Браўншвейгаў, Насау, Раманавых, Гагенцолернаў, Габсбургаў з Бурбонамі[22].

Ватэрлоа цягне за сабой свяшчэннае права. Праўда-ж, што, паколькі імперыя была дэспатычнай, то каралеўская ўлада, на аснове натуральнай рэакцыі рэчаў, павінна была мімаволі быць ліберальнай, і канстытуцыйны парадак з'явіўся нежаданым вынікам Ватэрлоа, на вялікі жаль пераможцаў. Сапраўды, рэволюцыя не можа быць пераможана, яна пастаянна з'яўляецца зноў: да Ватэрлоа — у асобе Банапарта, які разбурыў старыя троны, пасля Ватэрлоа — у асобе Людовіка XVIII, які дараваў хартыю і падпарадкаваўся ёй. Банапарт узводзіць паштальёна на неапалітанскі прастол і сержанта на шведскі прастол[23], карыстаю чыся няроўнасцю для доказу роўнасці, Людовік XVIII у Сент-Уэне падпісвае дэкларацыю чалавечых правоў. Калі вы хочаце разабрацца ў тым, што такое рэволюцыя, назавіце яе заўтрашнім днём. Гэтае „заўтра“ безупынна робіць сваю справу і пачынае яго з „сёння“. Дзіўным чынам яно дасягае заўсёды сваёй мэты. Так дзейнічае прагрэс. Для гэтага працаўніка ўсё служыць сродкам. Ён прыстасоўвае, не цырамонячыся, да сваёй работы і чалавека, перайшоўшага праз Альпы, і беднага хворага старога, які цягнецца, хістаючыся, да магілы. Ён карыстаецца падагрыкам і заваёўнікам: заваёўнікам для знадворнага, падагрыкам для ўнутранага прагрэса. Ватэрлоа, паклаўшы раптоўна канец разбурэнню мячом тронаў, не мела іншага дзеяння, апрача працягу рэволюцыйнай работы. Войны скончылі сваю справу, настала чарга мысліцеляў. Ватэрлоа хацела спыніць век, але той пераступіў цераз яго і пайшоў далей сваёй дарогай. Гэтая змрочная перамога была пераможана свабодай, і па сутнасці бясспрэчна, што пры Ватэрлоа панавала толькі адна контррэволюцыя: яна ўсміхалася ззаду ў Велінгтона, несла яму ўсе еўрапейскія маршальскія жэзлы, уключаючы, як кажуць, і жэзл Францыі, весела каціла земляныя тачкі, поўныя касцей, каб стварыць курган для ільва, урачыста напісала на п'едэстале чысло: „18 чэрвеня 1815 года“, падбухторвала Блюхера сячы шаблямі беглякоў, нахілялася з вышыні плато Мон-сен-Жан над Францыяй, як над здабычай, — усё гэта рабіла контррэволюцыя. Яна шаптала гэтае гнуснае слова „расчляненне“. Прыбыўшы ў Парыж, яна ўбачыла кратэр зблізу, адчула, што гэты попел пячэ ёй ногі, адумалася і зноў вярнулася да думкі аб хартыі.

Будзем правільна глядзець на Ватэрлоа. У ім няма зусім праднамеранай свабоды. Контррэволюцыя мімаволі была ліберальнай, таксама як Напалеон, дзякуючы аналагічным акалічнасцям быў міма сваёй волі рэволюцыянерам: 18 чэрвеня 1815 года Конны Робесп'ер[24] быў выбіты з сядла.

XIV

АДНАЎЛЕННЕ СВЯШЧЭННЫХ ПРАВОЎ

Канец дыктатуры. Рухнула цэлая сістэма Еўропы.

Імперыю ахутала цемра, якая была падобна да цемры паміраючага рымскага свету. Адбылося адраджэнне ў бяздонні, як у часы варвараў. Толькі ў варварства 1815 года, якое трэба назваць яго памяншальным імем — контррэволюцыя, — нехапіла дыхання, яно хутка задыхалася і спынілася. Імперыю, трэба прызнацца, аплаквалі, аплаквалі героі. Калі слава заключаецца ў мячы, які ператварыўся ў скіпетр, то імперыя была сама слава. Яна распаўсюдзіла па зямлі ўсё святло, якое здольна даць тыранія. Гэта было цёмнае ці, скажам больш, змрочнае святло. У параўнанні з сапраўдным святлом — гэта ноч. Знікненне ночы зрабіла ўражанне зацмення.

Людовік XVIII вярнуўся ў Парыж. Кругавыя танцы згладзілі ў памяці захапленні 20 сакавіка. Карсіканец зрабіўся процілегласцю беарнца. На Тюільры[25] узвіўся белы сцяг.

Запанавалі выгнаннікі. Алтар і прастол велічна пабраталіся.

Еўропа прыняла белую какарду. Дэвіз „Non pluribus impar[26] зноў з'явіўся ў праменнях каменнага злепку сонца на фасадзе казарм Орсейскай наберажнай. Карусельная арка, уся аздобленая трафеямі, адчуваючы сябе няёмка сярод гэтых навін, мабыць, нават крыху саромячыся Марэнго і Арколь[27], выблыталася з няёмкасці з дапамогаю статуі герцага Ангулемскага.

Мадэленскія могілкі, страшная агульная магіла 1793 года, пакрыліся мрамарам і яшмай, бо там знаходзіліся астанкі Людовіка XVI і Марыі-Антуанеты. У Вінцэнскім яры з'явілася надмагільная калона, якая напамінала аб тым, што герцаг Энгіенскі[28] памёр у той самы месяц, калі быў каранаваны Напалеон. Папа Пій VII, які ўтварыў гэтае каранаванне, адразу-ж пасля смерці герцага, таксама спакойна благаславіў падзенне, як і ўзвышэнне. У Шэнбруні з'явіўся маленькі чатырохгадовы цень, якога забаранялася называць рымскім каралём[29].

Усё гэта адбылося, каралі зноў занялі свае троны, уладар Еўропы быў пасаджан у турму, старадаўні парадак аднавіўся, цемра і святло перамянілі свае месцы на зямлі, і ўсё гэта таму, што аднойчы ў летні дзень, у пасляабедзены час, пастух сказаў у лесе прусаку: „Прайдзіце тут, а не там“.

„Напалеон памёр“, сказаў адзін прахожы інваліду, які ўдзельнічаў пры Марэнго і Ватэрлоа. „Ён вось памёр! — ускрыкнуў салдат: — Добра-ж вы ведаеце!“ Народнае ўяўленне багатварыла гэтага звергнутага героя. Агульны фон Еўропы „пасля Ватэрлоа“ зрабіўся пахмуры. Нейкая вялізная прорва ўтварылася са знікненнем Напалеона.

Каралі занялі сабой гэтую пустэчу. Старая Еўропа скарыстала яе для свайго пераўтварэння. Узнік Свяшчэнны саюз[30].

Перад тварам гэтай старой пераўтворанай Еўропы вызначыліся абрысы новай Францыі. Будучыня, асмяяная імператарам, уступіла ў свае правы. На чале яго красавалася зорка свабоды.

Маладое пакаленне накіравала на яго свой поўны захаплення позірк. Дзіўная рэч, у адзін і той-жа час захапіліся будучым — свабодай і мінулым — Напалеонам. Паражэнне ўзвялічыла паражонага. Напалеон у падзенні здаваўся вышэй за Напалеона ў славе. Перамогшыя адчулі страх. Гэтая здань прымушала трапятаць Стары Свет. Каралі царавалі з трывогай, бачачы на гарызонце скалу святой Елены.

У той час як Напалеон таміўся ў Лангвудзе, шэсцьдзесят тысяч чалавек, якія загінулі на полі Ватэрлоа, спакойна гнілі, і частка іх спакою распаўсюджвалася па сусвету. Венскі кангрэс стварыў з яго трактаты 1815 года[31], а Еўропа назвала гэта рэстаўрацыяй.

Вось што такое Ватэрлоа.

XV

УНОЧЫ ПАСЛЯ БІТВЫ

Вернемся, як гэтага патрабуе наша апавяданне, на ракавае поле бітвы.

Французскія вёскі былі спалены. Група хацін знікла ў полымі, пад выбухамі пушачных ядраў, і ўсе іх імёны асталіся ў гісторыі невядомымі, апрача імя Ватэрлоа.

Тут, на полі бітвы, і пасля адыходу непрыяцеля вайна яшчэ адбывалася. Калі надышоўшая цемра схавала вынікі братазабойства, прадпрыймаемага перыядычна арміямі розных дзяржаў, то ранішняе святло раптоўна паказала карціну працягу вайны ў тым незвычайным яе выглядзе, у якім ніколі не апісваюць яе ні воінскія данясенні, ні хронікі.

Людзі, у якіх ядры і гранаты адарвалі рукі, ногі, галовы, аказаліся раздзетымі дагала другой арміяй, арміяй начных ваіцеляў. І раптоўна пасля поўнага месяца ранішняя зара паказала горы чалавечых цел, раздзетых дагала.

Хто зрабіў гэта, хто апаганіў падобным чынам перамогу саюзных армій над Банапартам, які дзёрзка вярнуўся з вострава Эльбы?

Розныя існуюць на гэта адказы. Былі пісьменнікі, якія сцвярджалі, што героі, атрымаўшыя перамогу ўдзень, робяцца вампірамі, якія грабяць трупы ноччу. Не будзем патлыбляць гэтага пытання, Ясна, аднак, тое, што ўслед за пераможцамі, рыскуючымі сваім жыццём, з'яўляюцца нягоднікі і зладзеі, якія нічым не рыскуюць. Істоты накшталт кажаноў, параджаемыя цемрай, бо вайна ёсць цемра, людзі, якія таксама носяць мундзіры, але не ўдзельнічаюць у бітвах, салдаты, якія прыкідваюцца хворымі і пралежваюць спакойна за якой-небудзь каменнай агарожай, маркітанты, якія займаюцца крадзяжом ноччу пасля таго, як удзень паспяхова гандлявалі гарэлкай, ніткамі, іголкамі, і гузікамі ў тылу ваюючых армій, абозныя слугі і дзяншчыкі забітых афіцэраў — усё гэта ноччу ператвараецца ў армію марадзёраў і накідваецца на салдат, — раненых, забітых, страціўшых прытомнасць, захварэўшых і ўпаўшых дзе-небудзь, каля вялікай дарогі ў канаву.

У ваенных гісторыях рэдка апісваюцца гэтыя заўсёдашнія з'явы, калі ўслед за арміяй, якая пралівае сваю і чужую кроў, ідзе другая армія начных герояў, зладзеяў, герояў тыла — марадзёраў. Парадная гісторыя не расказвае пра гэтыя падонкі, але фактычна заўсёды бывае так, што палкаводзец вымушаны ўжываць жорсткія меры да гэтай арміі начных зладзеяў. Велінгтон, пераможац Напалеона, быў вельмі жорсткі ў адносінах да марадзёраў. Марадзёры кралі на адным канцы, а на другім іх расстрэльвалі па загаду англійскага камандавання. І вось, калі ў бітве народаў, як казвалі бітву пры Ватэрлоа, бацька Марыуса, Панмерсі, ляжаў ранены, страціўшы прытомнасць, ноччу нейкі чалавек у ваенным мундзіры поўзаў каля Оэнскага яра.

Гэта быў чалавек, якога мы не называлі-б ні англічанінам, ні французам, ні прусаком. Ён не быў падобны да селяніна з бліжэйшага сяла, ён не быў падобны да салдата.

Ён быў апрачуты ў доўгаполую блузу, падобную да ваеннай шынелі. Ён быў, з аднаго боку, пужлівы і нясмелы, з другога — дзёрзкі і нахабны, ён рухаўся наперад тры крокі і азіраўся назад, прапускаючы два наступных. Што гэта быў за чалавек? Ноч, напэўна, ведала пра яго больш, чым дзень. У яго знарок не было з сабой мяшка, але былі надзвычайна шырокія і глыбокія кішэні. Час ад часу ёй спыняўся, азіраючыся навокал палахліва і нясмела, нібы чакаючы назірання з таго ці з другога боку. Потым ён корпаўся на зямлі з якімісьці бязгучнымі і нерухомымі фігурамі. Потым зноў выпростваўся, уздыхаў і краўся далей. Яга коўзкая паходка, шпаркія і таямнічыя жэсты рабілі яго падобным да начных нетапыраў, якія гняздзяцца ў руінах і якіх старадаўнія германскія паданні называлі нячыстымі істотамі. Калі вы ноччу ідзеце па палях, то можаце спаткаць такіх начных галенастых птушак.

Вось яны сваім сілуэтам вычэрчваюць прыблізна такія-ж фігуры, якія сустракаюцца на палях бітвы, насычаных крывёю.

Угледзеўшыся ўважліва ў туман, можна было заўважыць на некаторай адлегласці маленькую, запрэжаную галоднай клячай, шчыпаўшай крапіву праз цуглі, маркітанскую павозку з павеццю з прасмоленага вербняку, якая спынілася і была нібы схавана за руінамі, што знаходзіліся на Нівельскім шасе пры павароце дарогі з Мон-сен-Жана ў Брэн-л'Але. У павозцы нейкая жанчына сядзела на скрынках і клунках. Мабыць, існавала нейкая сувязь паміж той павозкай і гэтым валацугам.

Ноч была ясная. На небе не было ніводнага воблачка.

Не гледзячы на тое, што зямля была заліта крывёю, месяц захаваў сваё белае святло.

У лугах галіны дрэў, надламаныя карцеччу, але яшчэ не ўпаўшыя і падтрымліваемыя карою, ціха хісталіся ад начнога ветру. Павевы ціхія, як дыханне, варушылі хмызняк. Ціхі шолах травы быў падобны да ўздыху адлятаючых душ.

Воддаль смутна чуліся крокі падыходзіўшых і адыходзіўшых патрулёў і дазорных у англійскім лагеры.

Гугамон і Ге-Сент па-ранейшаму палалі, утвараючы адзін на захадзе, другі на ўсходзе — два велізарных факелы, да якіх далучаліся, падобна да расцягнутых рубінавых караляў з двумя карбункуламі на канцах, ланцуг агнёў англійскага бівуака, які разгарнуўся вялізным поўкругам па ўзгорках на гарызонце.

Мы ўжо апісалі бедства пры Оэнскім яры. Пры адной думцы аб тым, колькі няшчасных знайшлі тут сваю смерць, сэрца ўздрыгваецца ад жаху. Калі ёсць што-небудзь жахлівае, калі існуе сапраўднасць, якая перавышае самы страшны сон, дык гэта вось што: жыць, бачыць сонца, быць у поўным росквіце сіл, уладаць здароўем, радасцю, весела смяяцца, спяшацца на спатканне спакуслівай славе, якую бачыш перад сабою, адчуваць у сябе ў грудзях лёгкія, якія дыхаюць, сэрца, якое б'ецца, разумную волю, гаварыць, думаць, спадзявацца, кахаць, мець маці, жонку, дзяцей, бачыць свет — і раптам у адно імгненне, менш чым у адну хвіліну, зваліцца ў бяздонне, упасці, пакаціцца, душыць і быць раздушаным, бачыць жытнія калоссі, кветкі, лісці, галіны, не маючы магчымасці ні за што ўтрымацца, разумець бескарыснасць сваёй шаблі, адчуваць людзей пад сабою, коней над сабою, дарэмна сіліцца вырвацца, адчуваць, што косці ламаюцца ад удараў капытоў, а шпоры выколваюць вочы, грызці ў шаленстве конскія падковы, задыхацца, крычаць, звівацца, знаходзіцца пад усім гэтым і гаварыць сабе: „Яшчэ толькі што я быў жывы!“

Вось гэта іменна здарылася з бацькам Марыуса.

Калі брадзяга ішоў ноччу і спыніўся перад ім, бацька Марыуса ляжаў, даўно страціўшы прытомнасць. Ён ляжаў на грудзе трупаў, паміж канём і забітым чалавекам. З-за конскай галавы высока ўздымалася ў святле месяца яго разнятая рука, і на пальцы гэтай рукі афіцэра, страціўшага прытомнасць, пры святле месяца гарэла і іскрылася залатое кальцо.

Брадзяга нахіліўся на адзін момант, ён прысеў на куртачкі, а калі ўстаў, то блеску на пальцы ўжо не было. Брадзяга, які сарваў кальцо, уласна нават не ўстаў, — ён проста адкінуўся і агледзеўся, ці не крадзецца хто-небудзь з канкурэнтаў, або, можа праходзіць англійскі патруль, які расстрэльвае людзей за такія подвігі. Не, нікога не было. У тую хвіліну, калі злодзей, які краў кальцо, хацеў як і належыць устаць і разагнуцца, гэтая рука зрабіла сударгавы рух і схапіла яго за адзенне. Бацька Марыуса быў жывы. Злодзей здрыгануўся, але тут-жа выраз жаху знік з яго твара. „Фу, чорт! — сказаў ён. — Здань усё-ж лепш за жывога жандарма“. Рука, як і раней, трымала край адзення злодзея. „Аднак, — прашаптаў пра сябе злодзей, — відавочна, гэты труп не такі мёртвы, як я думаў спачатку“.

Ён зноў нахіліўся, раскапаў кучу, адштурхнуў тое, што перашкаджала, выцягнуў усю руку, вызваліў галаву, потым тулава і праз некалькі хвілін цягнуў у цемры яра безжыццёвае цела страціўшага прытомнасць чалавека. Гэта быў кірасірскі афіцэр — і афіцэр не маленькага чына: густая залатая эпалета была відаць з-пад кірасы; на ім не было каскі. Злосны ўдар шаблі рассек яму твар, які быў цяпер увесь заліты крывёю. Аднак, здавалася, што ніводны член у яго не быў паламаны, і па якойсьці шчаслівай выпадковасці, калі можна так сказаць, трупы лажалі над ім так, што ён не быў канчаткова раздушаны. Вочы яго былі заплюшчаны.

На кірасе ў яго быў срэбны крыж Пачэснага легіёна. Брадзяга сарваў гэты крыж, які адразу знік у адным з прадонняў, што знаходзіліся ў яго пад шынелем.

Потым ён абмацаў у афіцэра кішэню для гадзінніка, адчуў там гадзіннік і ўзяў яго, потым ён пашарыў у камізэльцы, знайшоў у ёй кашалёк і схаваў яго ў сваю кішэню.

Калі ён дайшоў да гэтай стадыі клопату аб паміраючым, афіцэр адплюшчыў вочы.

— Дзякую, — сказаў ён слабым голасам.

Рэзкасць рухаў чалавека, які трымаў яго ў руках, свежасць ночы, вольна ўдыхаемае паветра вывелі яго з летаргіі. Брадзяга не адказваў нічога. Ён падвяў галаву.

Пачуўся шум крокаў у даліне. Напэўна, набліжаўся які-небудзь патруль.

— Хто выйграў бітву? — ледзь чутна прашаптаў афіцэр; у голасе ў яго яшчэ адчувалася агонія.

— Англічане, — адказаў брадзяга.

Афіцэр прадаўжаў:

— Пашукайце ў маіх кішэнях. Вы знойдзеце там кашалёк і гадзіннік. Вазьміце іх.

Гэта было ўжо зроблена.

Брадзяга зрабіў выгляд, шго выконвае патрабуемае, і сказаў:

— Нічога няма.

— Мяне абакралі, — сказаў афіцэр. — Яны былі-б вашы.

Крокі патруля рабіліся ўсё чутняейшыя і чутнейшыя.

— Хтосьці ідзе, — сказаў брадзяга, робячы рух, каб пайсці.

Афіцэр, праз сілу прыпадняўшы руку, утрымаў яго.

— Вы выратавалі мне жыццё. Хто вы?

— Я належаў, як і вы, да французскай арміі, — ціха і хутка адказаў брадзяга. — Я павінен пакінуць вас. Калі мяне схопяць, то я буду расстраляны. Я выратаваў вам жыццё. Цяпер самі выблытвайцеся, як умееце.

— У якім вы чыне?

— Сержант.

— Як вас завуць?

— Тэнард'е.

— Я не забуду гэтага імя, — сказаў афіцэр, — а вы запомніце маё. Мяне завуць Панмерсі.

Выява

Марадзёр нахіліўся над целам афіцэра.

XVI

ПАНМЕРСІ-МАЛОДШЫ І ЖЫЛЬНАРМАН-СТАРЫ

Пасля падзення Напалеона Панмерсі назначылі палавінную пенсію і загадалі жыць у Верноне. У гэты час ён быў ужо жанаты на мадэмуазель Жыльнарман-малодшай і пасяліўся ў маленькім адзінотным доміку, дзе астаўся жыць і пасля смерці жонкі. У яго быў маленькі сын. Гэтае дзіця было ўцехай для бацькі ў яго горы і адзіноце. Але дзед настойліва патрабаваў яго да сябе, пагражаючы ў іншым выпадку пазбавіць унука спадчыны. Бацька ўступіў у інтарэсах сына і, страціўшы яго, прывязаўся да кветак.

Жыльнарман не падтрымліваў ніякіх зносін з сваім зяцем, якога ён называў „бандытам“. У іх была ўмова, што Панмерсі ніколі не будзе старацца ні бачыць сына, ні гаварыць з ім, усё пад страхам таго-ж пазбаўлення спадчыны. Стары хацеў выхаваць маленькага Марыуса па-свойму. Палкоўнік згадзіўся на ўсе ўмовы, думаючы, што робіць добра, прыносячы ў ахвяру толькі самога сябе.

Пакуль Марыус рос, бацька яго ўпотайкі, бывала, прыязджаў з Вернона ў Парыж і, як злачынец, пракрадваўся ў царкву, якую звычайна наведвалі Жыльнарманы; там, схаваўшыся за калонай, глядзеў ён на сзайго хлопчыка, баючыся ў той-жа час, каб цётка не абярнулася і не ўбачыла яго. Гэта і прывяло да зваёмства яго з абатам Мабефам.

У гэтага папа быў брат, царкоўны стараста, які часта з свайго месца назіраў, як чалавек гэты, з шрамам на твары і з вачыма, поўнымі слёз, сачыў за сваім дзіцем. Гэтыя слёзы здзівілі старасту. Аднойчы, адправіўшыся ў Вернон да брата, ён спаткаў палкоўніка Панмерсі і пазнаў у ім свайго незнаёмца. Стараста расказаў пра яго свайму брату, папу, і абодва знайшлі повад пазнаёміцца з Панмерсі. Палкоўнік, спачатку скрытны, расказаў, нарэшце, усю драму свайго жыцця, і ў абодвух братоў зарадзілася да яго глыбокая павага. Такім чынам яны зышліся. Два разы ў год Марыус пісаў свайму бацьку афіцыяльныя віншавальныя пісьмы, прадыктаваныя цёткай. Гэта — адзінае, што дазваляў пан Жыльнарман у зносінах паміж бацькам і сынам.

Бацька адказваў пяшчотнымі пасланнямі, якія стары, не чытаючы, засоўваў у сваю кішэню. Марыус Панмерсі скончыў курс вучэння ў юрыдычнай школе і быў нораву наогул суровага.

Нельга сказаць, каб ён любіў свайго дзеда, весялосць і грубасць якога яму не падабаліся. Адносна бацькі ён быў стрыманы і маўклівы.

Між іншым, гэта быў палкі, але разам з тым халодны юнак.

Ён быў велікадушны, горды, рэлігійны, благародны да жорсткасці, чысты да дзікасці.

У 1827 годзе Марыусу скончылася 17 год. Аднойчы ўвечары, вярнуўшыся дадому, ён убачыў дзеда з пісьмом у руцэ.

— Марыус, — сказаў стары, — заўтра ты паедзеш у Вернон.

— Чаго? — запытаў юнак.

— Каб пабачыцца з тваім бацькам.

Марыус здрыгануўся. Яму ніколі і на думку не прыходзіла, што настане дзень, калі яму давядзецца пабачыцца з бацькам. Нічога для яго не магло быць больш нечаканага, больш здзіўляючага і, скажам шчыра, больш непрыемнага.

Марыус быў перакананы, што бацька яго — рубака, як называў яго пан Жыльнарман у спакойныя хвіліны, і не любіў яго. Гэта і зразумела: ён-жа пакінуў яго і прадаставіў выхоўваць сына іншым. Ён не ад'уваў сябе любімым і таму сам не любіў. Нічога няма больш натуральнага, гаварыў ён сабе.

Заявай старога ў гэты вечар ён так быў здзіўлены, што нават не распытваў ні пра што.

Стары дадаў, памаўчаўшы:

— Ён, здаецца, хворы і жадае цябе бачыць, едзь заўтра раніцою. Здаецца, у гэты час ёсць дыліжанс. Дык ты і едзь. Ён просіць паспяшацца.

Потым ён скамячыў пісьмо і схаваў яго ў кішэню. Марыус мог-б адправіцца ў той жа вечар, але і не падумаў пра гэта і дачакаўся раніцы. Прыехаўшы ў Вернон увечары, ён запытаў у першага сустрэчнага, дзе дом Панмерсі. Яму паказалі. Ён пазваніў. Яму адперла якаясьці жанчына з лямпай у руцэ.

— Пан Панмерсі тут жыве? — запытаў Марыус.

Жанчына моўчкі кіўнула галавой.

— Ці можна мне пагутарыць з ім? — запытаў Марыус.

Жанчына зрабіла адмоўны жэст.

— Я яго сын, ён мяне чакае, — сказаў юнак.

— Ён не чакае ўжо вас больш, — адказвала жанчына.

Тут ён заўважыў, што жанчына заплакала.

Яна паказала яму пальцам на дзверы ў зал. Ён увайшоў.

У пакоі, асветленым сальнай свечкай, якая стаяла на каміне, знаходзіліся ў гэтую хвіліну тры чалавекі: адзін стаяў, другі быў на каленях, а трэці ў адной кашулі, ляжаў, выцягнуўшыся ва ўвесь рост, на падлозе. Той, што ляжаў на падлозе, і быў палкоўнік.

Два іншыя былі — адзін урач, другі поп.

Выява

Марыус.

Выява

Тры дні таму назад палкоўнік захварэў успаленнем мазгоў. У пачатку хваробы, ахоплены дрэннымі прадчуваннямі, ён напісаў пану Жыльнарману, просячы яго прыслаць да яго сына. Хвароба развілася вельмі хутка. За гадзіну да прыезду Марыуса з ім зрабіўся моцны прыпадак. Ён ускочыў з пасцелі і закрычаў:

— Мой сын не едзе, я пайду да яго на спатканне!

Потым ён выбег з пакоя і паваліўся на падлогу ў зале. Ён быў мёртвы.

Паклікалі доктара і папа. І той і другі прышлм надта позна. Сын таксама спазніўся.

Пры цмяным мігценні свечкі на хударлявай і бледнай шчацэ палкоўніка блішчэла застылая сляза. Вочы патухлі, але слёзы не зніклі. Гэтую слязу выклікала спазненне сына.

Марыус углядаўся ў гэтага чалавека, якога ён бачыў у першы і апошні раз, у гэты паважны і мужны твар, у гэтыя адплюшчаныя мярцвяныя вочы, сівыя валасы і гэтыя дужыя члены, там і сям пасечаныя шабельнымі ўдарамі, сярод якіх, як чырвоныя зоркі, былі відаць сляды куль.

Ён узіраўся ў гэты вялізны шрам, які наклаў пячаць гераізма на гэты твар. Ён думаў, што чалавек гэты — яго бацька, што бацька памёр цяпер, але, тым не менш, застаўся, як і раней, абыякавы.

Смутак, які ён перажываў, ён адчуў-бы пры выглядзе кожнага іншага чалавека, які ляжаў-бы перад ім мёртвым.

Самы глыбокі сум прыкметны быў ва ўсім пакоі: служанка ціха рыдала ў кутку пакоя; поп маліўся, і чуваць было, як ён таксача плакаў, урач зрэдку выціраў вочы.

Доктар, поп і служанка скрозь рыданні глядзелі на Марыуса і не казалі ні слова. Ён здаваўся паміж іх зусім чужым. Марыус, амаль спакойны, адчуваў, што яму сорамна і непрыемна ў гэтым становішчы. Ён трымаў у руках капялюш і знарок упусціў яго, каб акружаючыя падумалі, што гора адняло ў яго сілы.

У той-жа час ёй адчуваў нібы дакоры сумлення, робячы такім чынам. Але хіба ён вінаваты быў у гэтым? Ён проста не любіў свайго бацьку.

Палкоўнік нічога не пакінуў. Ад продажу абсталявання ледзь выручылі на пахаванне.

Служанка знайшла кавалачак паперы, які перадала Марыусу. На ім рукою палкоўніка напісана было наступнае:

"Сыну майму запомніць: імператар узнагарадзіў мяне баронскім тытулам на полі бітвы пры Ватэрлоа. Рэстаўрацыя пазбавіла мяне гэтага звання, за якое я заплаціў сваёю крывёю. Спадзяюся, сын мой зверне яго сабе і будзе насіць яго. Няма чаго і казаць, што ён акажацца яго вартым".

На адваротным баку запіскі палкоўнік прыпісаў:

„У гэтай самай бітве пры Ватэрлоа адзін сержант выратаваў мне жыццё. Гэтага чалавека завуць Тэнард'е. У апошні час, наколькі мне вядома, ён трымае невялікі шынок у аколіцах Парыжа, здаецца ў Манфермейлі. Калі мой сын спаткае яго калі-небудзь, то няхай зробіць для яго ўсё, што можа“.

Не з любові да бацькі, а з-за невытлумачальнай павагі да смерці, якая заўсёды моцна ў сэрцы кожнага чалавека, Марыус склаў і схаваў спісаны лісток.

Нічога не асталося пасля палкоўніка. Пан Жыльнарман прадаў рыззёўшчыку яго шпагу і мундзір. Суседзі разбурылі сад і расцягнулі раскошныя кветкі. Астатнія рэдкія расліны зараслі быльняком і хмызняком. Мала-па-малу яны заглухлі.

Марыус прабыў у Верноне сорак восем гадзін. Пасля пахавання ён адразу-ж вярнуўся ў Парыж і зноў узяўся за свае справы, не думаючы больш пра свайго бацьку, нібы яго ніколі не было на свеце. Праз два дні палкоўнік быў пахаваны, праз тры — забыты.

Марыус навязаў толькі крэп на капялюш. Вось і ўсё.

Марыус захаваў рэлігійныя прывычкі дзіцячых год. Аднойчы ў нядзелю, калі ён адправіўся к абедні ў тую самую царкву, куды цётка вадзіла яго яшчэ дзіцем, ён, чамусьці рассеяны ў гэты дзень больш як звычайна, сеў, сам таго не заўважаючы, у крэсла, абабітае аксамітам, на спінцы якога быў надпіс: „Пан Мабеф, стараста.“ Абедня толькі пачалася, як да Марыуса падышоў якісьці стары і сказаў:

— Судар, дазвольце, гэта маё месца.

Марыус паспешна падняўся, і стары заняў сваё крэсла.

Калі абедня скончылася, Марыус заставаўся стаяць некалькі хвілін у задуменні. Стары падышоў да яго і сказаў:

— Выбачайце, паважаны судар, што я патурбаваў вас гадзіну таму назад і што зноў турбую зараз. Вы, напэўяа, палічылі мяне за грубіяна, але я павінен вытлумачыць вам мой учынак.

— Гэта зусім лішняе, паважаны судар.

— Не, гэта неабходна, — адказваў стары. — Я не хачу, каб вы думалі пра мяне дрэнна. Бачыце, маё месца мне вельмі дорага. Мне здаецца, што з гэтага месца мне лепш чуваць абедню. Чаму? Я гэта вам зараз вытлумачу. З гэтага месца я на працягу дзесяці год бачыў, як акуратна кожныя два ці тры месяцы адзін бедны і мужны бацька прыходзіў зірнуць на свайго сына, таму што сямейныя адносіны не дазвалялі яму бачыцца з ім інакш. Ён прыходзіў к абедні ў той час, калі прыводзілі яго сына ў царкву. Хлопчык не падазраваў, што яго бацька тут. Магчыма, ён, нявінная душа, і не ведаў нават, што ў яго ёсць бацька. Бацька-ж стаяў, схаваўшыся за калону, каб яго не бачылі. Ён глядзеў на сваё дзіця і плакаў. Ён абажаў сына, небарака. Я гэта бачыў, і маё месца зрабілася для мяне свяшчэнным. Я прывык адсюль слухаць абедню. Я нават крыху быў знаёмы з гэтым няшчасным чалавекам. У яго былі багатыя сваякі, якія пагражалі пазбавіць дзіця спадчыны, калі бацька будзе старацца бачыць яго. Тады ён ахвяраваў сябе для шчасця сына. Ен быў палкоўнік Банапарта і памёр цяпер. Ён жыў у Верноне, дзе мой брат папом. Яго звалі, здаецца, Панмары ці Манперсі… У яго быў вялізны шрам на твары ад удару шаблі.

— Панмерсі, — падказаў Марыус, бляднеючы.

— Так, так, Панмерсі. Хіба вы яго ведалі?

— Гэта быў мой бацька, — адказваў Марыус.

Стары пляснуў рукамі і ўскрыкнуў:

— Дык гэта вы — той хлопчык? Так, праўда, ён павінен быць дарослы. О, беднае дзіця, вы смела можаце сказаць, што бацька ваш вельмі вас любіў!

Марыус прапанаваў старому руку і праводзіў яго дадому.

На другі дзень ён сказаў пану Жыльнарману:

— Мы з таварышамі хочам адправіцца на паляванне. Ці можна мне адлучыцца на тры дні?

— Хоць на чатыры, — адказваў стары. — Ідзі, весяліся. Напэўна, закахаўся, — заўважыў ён убок дачкі.

Пасля трохдзёйннай адсутнасці Марыус вярнуўся ў Парыж, адразу адправіўся ў бібліятэку і запатрабаваў усе газеты эпохі напалеонаўскіх войнаў. Перачытваючы іх, ён раз за разам сустракаў імя свайго бацькі ў справаздачах вялікай арміі і цэлы тыдзень быў, як у ліхарадцы. Ён адшукаў старых генералаў, пад начальствам якіх служыў яго бацька, а потым наведаў Мабефа, які падрабязна расказаў яму пра жыццё палкоўніка ў Верноне, пра яго сад і кветкі. І Марыус, нарэшце, пазнаў цалкам гэтага рэдкага, спакойнага і цудоўнага чалавека, гэтага ціхамірнага ільва, які быў яго бацькам.

Захоплены гэтымі пошукамі, юнак вельмі рэдка бачыўся з сваім дзедам. Ён паказваўся толькі ў час абеду і снедання, а потым знікаў кудысьці. Цётка бурчэла, дзед смяяўся, упэўнены, што тут пэўна замяшана каханне.

Марыус, між тым, аддаючыся ўсё больш і больш пошукам матэрыялаў пра бацьку, у вывучэнне часу, калі жыў гэты чалавек, дайшоў да таго, што пачаў проста багатварыць яго. З прыхільнікаў Бурбонаў ён зрабіўся палкім абажацелем Банапарта і нарэшце заказаў сабе візітныя карткі з надпісам: „Барон Марыус Панмерсі“. Але паколькі яму не было каму іх пасылаць, то ён насіў іх заўсёды з сабой у кішэні.

Па меры таго, як Марыус усё больш і больш збліжаўся з тым, за што змагаўся ўсё сваё жыццё яго бацька, ён усё больш і больш аддаляўся ад дзеда. Мы ўжо ўпаміналі, што цынічная грубасць пана Жыльнармана была непрыемна Марыусу, а зараз падрабязнасці, якія сталі яму вядомы, аб адносінах яго да бацькі і зусім адштурхнулі яго. Але гэта ні ў чым не выяўлялася са знадворнага боку. Ён рабіўся толькі ўсё халаднейшы і халаднейшы. Ён амаль не гаварыў за сталом і амаль ніколі не бываў дома. Калі цётка лаяла яго, ён адгаварваўся пільнымі заняткамі. Дзед-жа нічога не гаварыў, перакананы ў справядлівасці сваёй ранейшай думкі.

Некалькі разоў Марыус нават выязджаў з Парыжа.

— І куды гэта ён ездзіць? — дапытвалася цётка.

У час гэтых адлучак, заўсёды вельмі нядоўгіх, ён пабываў у Манфермейлі згодна ўказанняў бацькі, адшукваючы ватэрлоаскага сержанта, шынкара Тэнард'е. Але Тэнард'е разарыўся, шынок быў закрыты, і ніхто не ведаў, куды падзеўся гаспадар. Для гэтых пошукаў Марыус выязджаў з дому на чатыры дні. На шыі пад кашуляй у яго вісеў якісьці медальён на чорнай істужцы, чаго раней не было.

Аднойчы ўвечары, калі цётка Жыльнарман сядзела ў сваім пакоі, дарэмна стараючыся дадумацца, куды-б гэта мог Марыус адлучацца так часта, да яе ў дзверы раптам пастукаліся. На запрашэнне ўвайсці дзверы адчыніліся, і на парозе паказаўся малады афіцэр — другі пляменнік дзяўчыны Жыльнарман. Пасля першых прывітанняў ён абвясціў, што адпраўляецца ў свой полк і зайшоў развітацца з цёткай. Потым раптам запытаў:

— Скажыце, калі ласка, мой стрыечны брат Марыус Панмерсі таксама адпраўляецца кудысьці?

— Адкуль ты ведаеш? — жвава запытала цётка.

— Калі я прышоў у кантору дыліжансаў запісацца на месца, то на лісце ўбачыў імя: Марыус Панмерсі. Ён узяў месца на імперыяле[32].

— Ах, які свавольнік! — ускрыкнула старая дзяўчына, — куды гэта ён адпраўляецца ноччу?

Тут ёй прышла ў галаву раптам якаясьці думка.

— Слухай, — сказала яна афіцэру, — Марыус-жа цябе не ведае ў твар?

— Я яго бачыў некалькі разоў, але ён неяк не заўважаў мяне, — адказаў афіцэр.

— Вы паедзеце ў адным і тым-жа дыліжансе?

— Так, толькі я ўнутры, а ён наверсе.

— Куды адпраўляецца дыліжанс?

— У Андэліс.

— І Марыус адпраўляецца туды?

— Я думаю, калі толькі ён, як і я, не сойдзе дзе-небудзь на дарозе. Я еду да Вернона.

— Дык слухай-жа ўважліва. Нам неабходна ведаць, куды ён адпраўляецца. Прасачы за ім, калі ласка, табе гэта будзе няцяжка. Калі гэта спатканне, то пастарайся пабачыць і асобу, з якой ён спаткаецца. А потым ты нам напішаш.

Афіцэру было не вельмі да спадобы гэтае шпіёнства, але ён павінен быў абяцаць выканаць просьбу багатай цёткі.

Хутка яны развіталіся.

У той-жа вечар Марыус узабраўся на імперыял дыліжанса, не падазраваючы, што за ім сочаць. Што датычыць шпіёна, то ён адразу-ж заснуў, як усеўся ўнутры карэты.

На світанні кандуктар закрычаў:

— Вернон! Хто едзе ў Вернон, выходзьце!

Афіцэр прачнуўся.

— Вось я і на месцы, — прамармытаў ён. Потым раптам успомніў пра ўскладзены на яго абавязак і засмяяўся.

„Можа ён ужо зышоў дзе-небудзь па дарозе, — падумаў афіцэр, абсморгваючы свой мундзір. — Што я напішу цяпер, чорт дзяры, цётцы, добрай старой?“

У гэтую хвіліну ён убачыў, што Марыус спускаецца зверху.

— А, вось ён! — прамармытаў афіцэр.

Да карэты падышла жанчына, прадаючая кветкі. Марыус купіў у яе ўсе кветкі з яе карзінкі.

— Аднак! — сказаў афіцэр. — І каму гэта ён нясе столькі кветак! Дама яго, напэўна, надта прыгожая для такога багатага букета. Абавязкова пастараюся яе ўбачыць.

І ён цяпер ужо з уласнай цікаўнасці ішоў за Марыусам.

Марыус ні на што і ні на каго не звяртаў увагі. Здавалася, ён нічога не бачыў.

"Вось дык закаханы!" — падумаў афіцэр.

Марыус накіраваўся да царквы.

— А, спатканне ў царкве! Цудоўна!

Але Марыус не ўвайшоў у царкву. Ён абагнуў яе і схаваўся за рогам.

— Паглядзім на дзяўчыну, — сказаў сабе афіцзр.

Ён асцярожна зірнуў за рог і спыніўся, як укапаны.

Марыус, схіліўшы галаву на рукі, стаяў на каленях перад магілай. Ён рассыпаў па ёй прынесеныя кветкі. Над магілай стаяў чорны крыж, на якім белымі літарам было напісана: „Палкоўнік барон Панмерсі“. Чутны былі рыданні Марыуса.

Каханай аказалася магіла.

Сюды прышоў Марыус, калі ў першы раз адлучыўся з Парыжа. Сюды-ж прыходзіў ён у тыя дні, калі пан Жыльнарман гаварыў, што Марыус не начуе дома.

Афіцэр зусім збянтэжыўся, апынуўшыся нечакана твар у твар з магілай. Ён перажываў непрыемнае і дзіўнае адчуванне, сумесь павагі да магілы і да чына палкоўніка. Ён асцярожна адышоў, пакінуўшы Марыуса аднаго на могілках. Не ведаючы, што напісаць цётцы, ён рашыў не пісаць зусім. Напэўна, нічога не вышла-б з адкрыцця, зробленага афіцэрам, калі-б па нейкай непрадбачанай выпадковасці сцэна ў Верноне не мела амаль раптоўна вынікаў у Парыжы.

Марыус вярнуўся на трэці дзень ледзь золак. Змарыўшыся ад двух бяссонных начэй, праведзеных у дыліжансе, і адчуваючы патрэбу асвяжыцца, ён ледзь забег у свой пакой, каб зняць паліто, прычым скінуў з шыі чорны шнурок, і пайшоў купацца.

Пан Жыльнарман, які ўставаў рана, як і ўсе старыя, якія адчуваюць сябе здаровымі, чуў, як унук вярнуўся, і паспяшаўся, наколькі мог, да яго ў пакой, каб прывітацца і распытаць хоць злёгку, адкуль ён вярнуўся.

Але юнак быў шпарчэйшым за старога, так што, калі дзед увайшоў, Марыуса ўжо не было ў пакоі.

Пасцель была не пакамечаная, а на ложку ляжалі сурдут і медальён на чорнай істужцы.

— Гэта, бадай, і лепш, — сказаў пан Жыльнарман.

Праз хвіліну ён вярнуўся ў зал, дзе яго дачка сядзела ўжо за вышываннем.

— Перамога! — ускрыкнуў стары, уваходзячы з сурдутам і істужкай у руках. — Нарэшце вось мы даведаемся пра прыгоды нашага ціхоні. Вось разгадка: яна ў мяне ў руках.

Стары ўзяў спачатку медальён, агледзеў яго і некалькі хвілін круціў у руках.

— Тут, напэўна, партрэт. Яго заўсёды носяць на сэрцы. І дурныя-ж яны! Напэўна, якая-небудзь уродзіна. У цяперашніх маладых людзей вельмі дрэнны густ!

— Паглядзім, татанька, — сказала старая дзяўчына.

Медальён раскрылі. У ім нічога не было, апрача складзенага лістка паперы.

— Ад той-жа да таго-ж, — сказаў пан Жыльнарман засмяяўшыся. — Загадзя ведаю, што гэта такое: напэўна, пяшчотнае пасланне.

— Прачытаем яго! — ускрыкнула цётка.

І яна надзела акуляры.

Яны разгарнулі пісьмо і прачыталі:

„Сыну майму запомніць: імператар узнагародзіў мяне баронскім тытулам на полі бітвы пры Ватэрлоа. Рэстаўрацыя пазбавіла мяне гэтага звання, за якое я заплаціў сваёю крывёю. Спадзяюся, што сын мой зверне яго сабе і будзе насіць яго. Няма чаго і казаць, што ён акажацца яго варты.“

Нельга апісаць таго, што адчувалі бацька і дачка. Явы нібы адчулі ледзяны подых смерці. Яны не абмяняліся ні словам. Пан Жыльнарман заўважыў толькі ціха, нібы пра сябе.

— Гэта почырк таго рубакі.

Цётка пакруціла паперку ў руках, потым зноў уклала яе ў медальён.

У гэтую хвіліну з кішэні сурдута выпаў нейкі скрутак. Мадзмуазель Жыльнарман разгарнула яго.

Гэта былі візітныя карткі Марыуса. Яна перадала іх старому, які прачытаў: „Барон Марыус Панмерсі“.

Стары пазваніў. Увайшла служанка. Жыльнарман узяў шнурок з медальёнам і сурдут, шпурнуў усё гэта на сярэдзіну пакоя і сказаў:

— Выносьце гэтыя лахманы!

Амаль гадзіна прайшла ў глыбокім маўчанні. Стары і аго дачка селі спіной адзін да аднаго і аддаліся раздум'ю, як відаць аб адным і тым-жа самым. Нарэшце, стары праказаў:

— Цудоўна!

Праз некалькі хвілін з'явіўся Марыус. Перш чым ён паспеў пераступіць парог, ён убачыў, што дзед трымае адну з яго візітных картак. Стары, ледзь толькі заўважыў яго, закрычаў сваім кплівым, грубым голасам:

— Дык ты цяпер барон? Віншую! Што гэта азначае?

Марыус злёгку пачырванеў і адказваў:

— Гэта азначае, што я — сын свайго бацькі.

Пан Жыльнарман перастаў смяяцца і сурова праказаў:

— Твой бацька — гэта я.

— Мой бацька, — запярэчыў Марыус строгім голасам і апусціўшы вочы, — быў чалавек скромны і герой; ён са славай служыў радзіме і быў вялікі ў найвялікшых дзеяннях, якія рабіліся калі-небудзь людзьмі. Усё жыццё правёў ён у паходах, днём пад свістам куль, ноччу ў снезе, у гразі, пад дажджом; ён атрымаў дваццаць ран, адбіў два сцягі і памёр забыты і адзінокі. У яго было адно толькі заблуджэнне: ён надта любіў двух няўдзячных — радзіму і мяне.

Гэта было больш, чым пан Жыльнарман мог чакаць калі-небудзь. Кожнае слова, сказанае Марыусам, дзейнічала на старога, як аплявуха. Твар яго зрабіўся барвяны.

— Марыўс! — ускрыкнуў ён. — Паганае дзіця! Я ведаць не жадаю, кім быў твой бацька, але ведаю, што ўсе падобныя да яго былі забойцы, зладзеі, жабракі, катаржнікі. Я нікога з іх не ведаю! Чуеш, Марыус? Ты такі-ж барон, як і мая пантофля! Усе, хто служылі Банапарту, былі здраднікі свайму законнаму каралю. Калі твой бацька быў адзін з іх, то тым горш для яго. Вось табе і ўсё.

У сваю чаргу Марыус успалыхнуў, як порах, а пан Жыльнарман быў мяхамі, якія раздувалі полымя. Марыус дрыжэў усім целам, галава яго палала, і ён не ведаў, што рабіць. Ён не мог перанесці ўсяго таго, што беспакарана вымаўлялася пры ім. Што рабіць? Немагчыма абразіць дзеда, але і аднолькава немагчыма не адпомсціць за бацьку. З аднаго боку — свяшчэнная магіла, з другога — глыбокая сівізна.

Некаторы момант ён стаяў, як п'яны. Усё круцілася перад яго вачыма. Нарэшце, ён пільна зірнуў на старога і ўскрыкнуў грамавым голасам:

— Далоў Бурбонаў і гэтую тлустую свінню Людовіка васемнаццатага!

Людовік XVIII памёр ужо чатыры гады таму назад, але для Марыуса гэта было ўсёроўна.

Стары з барвянага зрабіўся бледны, як мярцвяк. Ён ціха і бязгучна прайшоў два разы па пакоі і, падышоўшы да дачкі, якая з выразам сполаху глядзела на ўсю гэтую сцэну, сказаў ёй амаль са спакойвай усмешкай:

— Такі барон, як гэты пан, і такі буржуа, як я, не могуць аставацца пад адным дахам.

І, раптам выпрастаўшыся, бледны, дрыжачы, страшны, з гнеўна палаўшым тварам, працягнуў руку ў кірунку да Марыуса і закрычаў яму:

— Ідзі вон!

Марыус пакінуў дом дзеда. На другі дзень пан Жыльнарман сказаў сваёй дачцы:

— Кожныя поўгода вы будзеце пасылаць шэсцьдзесят пістолей[33] гэтаму крывапіўцу, і каб я не чуў яго імя.

Марыус, з свайго боку, вышаў з глыбокім абурэннем. Яшчэ адна акалічнасць узмацняла яго гнеў: служанка, паспешна выносячы па загаду старога ў пакой Марыуса, яго адзенне, згубіла неяк медальён з запіскай. Яго ніяк не маглі адшукаць. Марыус быў упэўнены, што „Пан Жыльнарман” — з гэтага часу ён не называў яго інакш — кінуў завяшчанне бацькі яго ў печ. Ён напамяць ведаў радкі, напісаныя палкоўнікам, і ў гэтым сэнсе нічога не было страчана, але папера, почырк, гэты свяшчэнны ўспамін, — усё разам было дорага яго сэрцу. Што сталася з усім гэтым?

Марыус пайшоў, не сказаўшы куды і не ведаючы куды. У яго было трыццаць франкаў, гадзіннік і ў сакваяжы крыху адзення. Ён узяў возніка і наўдачу загадаў везці сябе ў Лацінскі квартал.

XVII

ТАЙНАЕ ТАВАРЫСТВА „ПРЫЯЦЕЛЯЎ НАРОДУ”

У гэтую зпоху, на выгляд такую халодную, няўлоўны рэволюцыйны трэпет прабягаў па Францыі. У паветры адчуваўся павеў з глыбокага прадоння 1789 і 1799 гадоў. Паволі наспявала новая рэволюцыя. Моладзь бурліла. Самі таго не заўважаючы, людзі змянялі свае погляды, паддаючыся патоку часу. Кожны несвядома рабіў крок наперад. Раялісты[34] рабіліся лібераламі, лібералы — дэмакратамі.

Гэта быў нібы прыліў, ускладнены тысячай адліваў. Адсюль вынікала дзіўнае змяшанне ідэй: абажалі адначасова і Напалеона і свабоду.

Але былі і больш сур'ёзныя групы людзей. Такія людзі даследвалі прынцыпы, грунтаваліся на праве. Яны захапляліся ідэалам безумоўнай дасканаласці і спадзяваліся на самае смелае ажыццяўленне сваіх ідэалаў.

Нішто так не спрыяе стварэнню будучага, як смелыя мары. Сёння — утопія, заўтра — плоць і кроў.

У той час у Францыі існавалі тайныя таварыствы і саюзы, у якіх яўна адчувалася рэволюцыйнае бурленне. Адзін з такіх саюзаў называўся таварыствам „Прыяцеляў народу”.

Саюз гэты быў тады яшчэ нешматлікі. Гэта быў хутчэй тайны гурток, чым таварыства. „Прыяцелі народу„ збіраліся ў Парыжы ў двух месцах: каля рынка, у шынку пад назвай „Карынф”, і каля Пантэона, на плошчы Сен-Мішэль, у маленькім кафэ. Кафейня гэтая называлася кафэ „Мюзен”. Першае месца зборышч наведвалася, галоўным чынам, рабочымі, другое — студэнтамі. Звычайныя нарады „Прыяцеляў народу“ адбываліся ў заднім пакоі кафэ „Мюзен“.

Гэта быў пакой, даволі далёкі ад галоўнага зала кафэ. Яго злучаў з ім доўгі калідор. У ім былі два акны і асобны выхад на лесніцу, якая вяла ў завулак дэ-Грэ. У гэтым пакоі курылі, пілі, гулялі, смяяліся; гучна гутарылі пра ўсё і, прыцішыўшы голас, пра галоўнае. Да сцяны была прыбіта старая карта Францыі пры рэспубліцы. А ўжо адно гэта магло ўстрывожыць паліцэйскіх агентаў.

„Прыяцелі народу“ былі студэнты, але яны дзейнічалі ў згодзе з рабочымі. Імёны іх захавала гісторыя: Анжальрас, Камбфер, Жан Прувер, Фей, Курфейрак, Багарэль, Легль, Жолі, Грантэр. Маладыя людзі былі так дружны паміж сабою, што складалі нібы адну сям'ю. Усе яны, апрача Легля, былі з поўдня.

Анжальрас быў цудоўны юнак, які мог быць грозным. Яму было дваццаць два гады, але выглядаў ён амаль хлопчыкам. Ён быў харашун з сінімі вачыма, з далікатным румянцам на твары. Над высокім ілбом віліся светлыя кудры, губы ў яго былі пухкія, зубы асляпляльна зіхцелі. Шчасце ўсміхалася Анжальрасу, але ён сурова адварочваўся ад яго і жыў, як пустэльнік. Ён нібы не заўважаў вясны і не чуў спеву птушак. Кветкі лічыў патрэбнымі толькі на тое, каб хаваць рэволюцыйны меч. Яго адзінай страсцю была рэспубліка.

Лепшым сябрам Анжальраса быў Камбфер — вучоны і мысліцель. Ён вывучаў Сен-Сімона[35] і Фур'е, займаўся фізікай, хіміяй, геалогіяй, пытаннямі выхавання і народнае асветы. Анжальрас далучаўся да Робесп'ера[36], Камбфер — да Кандарсе[37]. Гэтыя маладыя людзі ўзаемна дапаўнялі адзін аднаго. Анжальрас быў галавой гуртка, Камбфер — яго кіраўніком.

Жан Прувер займаўся эканамічнымі і соцыяльнымі навукамі. Ён быў адзін з самых адукаваных членаў гуртка. Добры, мяккі, вельмі сарамлівы, ён гаварыў ціха, злёгку чырванеў і апускаў вочы, быў нязграбны і дрэнна апранаўся.

Фейі быў рабочы. Ён ледзь зарабляў тры франкі ў дзень. З дзіцячых год ён імкнуўся да адукацыі. Ён навучыўся самавучкай чытаць і пісаць, усе свае веды ён набыў сам. Круглы сірата, ён любіў усё чалавецтва. Не маючы маці, прысвяціў сваё жыццё рэволюцыі. Прыгнечаныя ўсіх краін і ўсіх народаў былі заўсёдашнім прадметам яго думак і пачуццяў.

Курфейрак быў малады студэнт, вясёлы, бесклапотны і дабрадушны.

Багарэля таварышы любілі за храбрасць. Ён заўсёды быў гатовы разбіць вокны, пабудаваць барыкаду, звергнуць уладу. Яго лічылі гультаём, ён не любіў вучыцца. Універсітэт ён называў „дзедам“, а прафесараў — „манументамі“. Пра сваіх бацькоў — сялян — ён гаварыў: „Гэта сяляне, а не буржуа, вось чаму яны разумныя“.

Легль вывучаў юрыдычныя навукі. Ён быў бедны, вёў бязладны спосаб жыцця і начаваў папераменна то ў аднаго, то ў другога з таварышоў, часцей за ўсё ў студзнта-медыка Жалі. Гэты Жалі быў самы вясёлы з усіх.

Грантэр, куціла і насмешнік, прыстаў да гуртка толькі таму, што палюбіў Анжальраса. Без Анжальраса не мог жыць на свеце. Не верачы ні ў што, ён захапляўся самым пераконаным, самым палкім розумам гуртка, нібы шукаў у ім апоры. Да таго-ж Грантэр не мог жыць без дружбы. Розум у яго быў злы, але гэта не перашкаджала яму быць прывязлівым і добрым. Для прыяцеляў ён мог зрабіць усё на свеце.

Анжальрас злаваўся на яго за п'янства і вечныя кпіны з таго, у што ён сам палка верыў. Ён шкадаваў Грантэра, але бываў з ім рэзкі. Грантэр крыўдзіўся, адыходзіў, але заўсёды вяртаўся.

Марыус выпадкова пазнаёміўся з Леглем і Курфейракам.

Праз некалькі дзён яны зрабіліся прыяцелямі, Марыусу добра было з Курфейракам. Той яго ні пра што не распытваў. Яны весела гаварылі пра ўсякія глупствы.

Але аднойчы раніцою Курфейрак раптам азадачыў яго пытаннем:

— А дарэчы, ці прытрымліваецеся вы якіх-небудзь палітычных поглядаў?

— Дзіўнае пытанне! — адказаў Марыус, крыху абражаны.

— Хто вы?

— Я дэмакрат, банапартыст.

— Шэравата-мышынае адценне, — сказаў Курфейрак.

На другі дзень Курфейрак павёў Марыуса ў кафэ „Мюзен“. Ён шапнуў яму на вуха, усміхаючыся:

— Зараз вы ўступіце ў рады рэволюцыянераў.

Яны ўвайшлі ў задні пакой. „Прыяцелі народу“ былі сабраўшыся. Курфейрак прадставіў Марыуса таварышам, і Марыус чуў, як Курфейрак упаўголаса сказаў:

— Вучань.

Марыусу здалося, што ён папаў у асінае гняздо. Гутарка гэтых маладых людзей была падобна да палёту, а часам раніла і калола, як жала.

Марыус прывык да адзіноты. Ён крыху разгубіўся. Гутарка іх яго ашаламіла. Яны разважалі пра філасофію, літаратуру, мастацтва, рэлігію; ён чуў непрывычныя і нечаканыя выразы. Здавалася, што для іх няма нічога святога.

— Далоў буржуазную трагедыю! — крычаў Багарэль.

Марыус прывык з дзіцячых год адносіцца з пашанай да французскай класічнай літаратуры. Словы Багарэля яго пакрыўдзілі. Але ён тут-жа суцешыўся: Камбфер пачаў спрачацца з Багарэлем.

Гутарка зайшла пра Напалеона. Марыус быў вельмі здзіўлены. Ніхто з гэтых маладых людзей не вымаўляў слова „імператар“. Жан Прувер адзін толькі часам гаварыў: „Напалеон“, усе астатнія называлі яго Банапартам.

Калі Анжальрас аднойчы назваў Напалеона злачынцам, Марыус не вытрымаў. Увесь узгарэўшыся, ён раптам устаў, падышоў да карты Францыі, што вісела на сцяне, і, паказнаваючы на маленькі востраў, на радзіму імператара, сказаў:

— Вось Корсіка. Востраў, які стварыў веліч Францыі.

Усе раптам змоўклі. Усе адчувалі, што зараз пачнецца штосьці.

Анжальрас, не гледзячы на Марыуса, адказаў:

— Францыя не мае патрэбы ні ў якой Корсіцы, каб быць вялікай. Францыя вялікая таму, што яна Францыя.

Марыус павярнуўся да Анжальраса і, перамогшы сваё замяшанне, сказаў палкую прамову ў гонар Напалеона. Пад канец яе ён сказаў:

— Дзякуючы яму французскі народ зрабіўся вялікі, праславіўся ў гісторыі, двойчы заваяваў свет. Што можа быць вышэй за гэта?

— Быць вольным, — сказаў Камбфер.

Марыус схіліў галаву. Гэтыя прастыя, халодныя словы ўразілі яго, як стальны клінок. Яго натхненне раптам знікла. Калі ён узняў вочы, Камбфера больш не было. Услед за ім разышліся і астатнія. Пакой апусцеў! Астаўся адзін толькі Анжальрас. Ён сур'ёзна глядзеў на Марыуса. Той сабраўся з думкамі і хацеў было весці далей гутарку, як раптам з лесніцы данесліся спевы. Гэта быў голас выходзіўшага Камбфера. Ён спяваў:

Калі мне Цэзар прапануе
Палкаводцам слаўным быць
І мне прыдзецца радную
Сваю маці пазабыць, ―

Я скажу: "Вазьміце славу.
Я вяртаю вам дзяржаву".
Растлумачу каралю,
Як матулю я люблю.

Марыус, заняты сваімі думкамі, амаль машынальна паўтарыў: "Маці?.."

Тут ён раптам адчуў руку Анжальраса на сваім плячы:

― Грамадзянін, ― сказаў Анжальрас, ― мая маці ― рэспубліка.

Марыус быў глыбока ўсхваляваны гэтай размовай. Усе зго ранейшыя ўяўленні пахіснуліся. Яго мучылі сумненні, душыла няпэўнасць. Ён праводзіў цэлыя дні адзін, у размышленнях. У кафэ "Мюзен" ён больш не хадзіў.

XVІІІ

МАРЫУС У НЯСТАЧЫ

Жыццё зрабілася суровае для Марыуса. Ён праеў сваё адзенне і гадзіннік і пачаў галадаць. Яго адольвала галеча. Яму здавалася, што ўсе глядзяць на яго падраныя боты, на зношанае адзенне і смяюцца з яго. Ён пазнаў ложны сорам галечы.

Для яго настаў час вялікага і страшнага выпрабавання, з якога людзі слабыя выходзяць нізкімі, дужыя — робяцца часам вялікімі. Гэта гаряла, куды лёс кідае чалавека кожны раз, калі хоча стварыць нягодніка або генія. Некалькі разоў цётка Жыльнарман прысылала яму грошы, але ён заўсёды адсылаў іх назад, упэўніваючы, што ні у чым не мае патрэбы. Ён усё яшчэ насіў жалобу па бацьку і лічыў сябе не ў праве прымаць дапамогу ад людзей, якія так дрэнна адносіліся да нябожчыка. З цягам часу ў яго знікла вострае пачуццё супроць дзеда, гора і пакуты, якія ён цярпеў зараз, нават радавалі яго, бо ён лічыў сябе шчаслівым, што пакутуе за бацьку. Ён лічыў сваё цяперашняе жыццё адпакутваннем за тую кашчунскую абыякавасць, якая была ў яго ў адносінах да бацькі на працягу жыцця старога.

Так прайшло тры гады, Марыус скончыў курс, але не зрабіўся адвакатам, а, вывучыўшы англійскую і нямецкую мову, заняўся літаратурай. Яна давала яму заработак вельмі нязначны, але ўсведамленне поўнай волі і незалежнасці замяняла недахоп матэрыяльных сродкаў.

Між тым, думка пра тое, што ён не выканаў адзінага завета бацькі — не знайшоў Тэнард'е, не давала яму спакою.

Каб адшукаць яго, Марыус аддаў-бы правую руку. Ён падышоў-бы да яго і сказаў:

— Вы мяне не ведаеце, а я вас ведаю. Рабіце са мной што хочаце.

Гэта была самая заветная, самая салодкая мара Марыуса.

Імя Тэнард'е асталося ў яго сэрцы побач з імем бацькі. Ён ніколі ў думках не аддзяляў аднаго ад другога і глыбока паважаў абодвух.

К гэтаму часу сродкі Марыуса настолькі зменшыліся, што ён павінен быў перасяліцца з сваёй кватэры ў Лацінскім квартале ў самую аддаленую частку горада. Такою аказаўся бульвар Опіталь і дом № 50-52, вядомы нам ужо пад назвай халупы Гарбо. Марыус заняў малюсенькую каморку, амаль без усякай мэблі. Побач з ім, у канцы калідора, жыла якаясьці сям'я, па прозвішчу Жандрэт. Аднойчы старая, якая прыслугоўвала Марыусу, расказала яму, што суседзяў яго выганяюць з кватэры за неплацёж грошай.

— Колькі яны вінны? — запытаў юнак.

— Дваццаць франкаў.

У маладога чалавека было трыццаць. Ён даў старой грошы і сказаў:

— Вось дваццаць пяць франкаў: дваццаць за кватэру, а пяць аддайце ім! Толькі не кажыце, што гэта ад мяне.

У гэты час Марыус быў прыгожы дваццацігадовы малады чалавек, з вялікім разумным ілбом, тварам спакойным і задуменным. Манеры яго былі стрыманыя, халодныя і ветлівыя. Ён, як і раней, ні з кім не дружыўся і ўнікаў кампаніі, асабліва жанчын. Ад апошніх ён проста ўцякаў. Былі, між іншым, ва ўсім свеце дзве, якіх ён не баяўся, але не звяртаў на іх увагі: гэта старая, якая прыбірала яго пакой, і якасьці дзяўчынка, якую ён часта сустракаў, але ніколі не глядзеў на яе.

Ужо больш як год у адной з самых аддаленых алей Люксембургскага саду Марыус заўважаў нейкага старога з маладзенькай дзяўчынкай, якія сядзелі заўсёды поруч на лавачцы ў самым далёкім канцы алеі. Амаль кожны дзень сустракаў Марыус гэтую своеасаблівую пару. Старому было год шэсцьдзесят. У яго быў пануры і сур’ёзны выгляд, і на погляд ён здаваўся адстаўным вайсковым, які стаміўся ад доўгага паходнага жыцця. Позірк у яго быў добры, але недаступны, і ніколі ні на кім не спыняўся. Апранаўся ён з вялікай стараннасцю і акуратнасцю, хоць небагата. Валасы былі белыя, як снег.

У першы раз, калі маладая дзяўчына села з ім поруч, ёй на выгляд можна было даць не больш трынаццаці-чатырнадцаці год. Яна была такая худая, што здавалася непрыгожай, нязграбнай, нязначнай. Толькі адны вочы былі ў яе прыгожыя. Апранута яна была, як старая, у брыдкую сукенку манастырскіх выхаванак з грубай чорнай шарсцянай тканіны. Стары і дзяўчынка былі, як відаць, бацька і дачка.

У першыя дні сустрэч Марыус прыглядаўся да іх; потым зусім перастаў звяртаць на іх узагу. Яны, з свайго боку, здавалася, не заўважалі яго і ціха гутарылі паміж сабой. Дзяўчынка шчабятала безупынна. Стары гаварыў мала і глядзеў на яе з невыказнай пяшчотнасцю.

Адзін з прыяцеляў Марыуса, па імю Курфейрак, убачыўшы аднойчы гэтую пару на звычайным месцы, празваў старога за яго белыя валасы панам Лебланам, а дзяўчынку за чорную сукенку — мадэмуазэль Ленуар. Мы, каб лягчэй было расказваць, таксама будзем называць незнаёмага пан Леблан.

Прайшло каля года. Была вясна. Паветра мяккае і цёплае, і Люксембургскі сад заліты сонцам і ценем. Яснае блакітнае неба раскінулася неабсяжным купалам, птушкі чырыкалі ў лісцях густых каштанаў. Марыус ішоў па алеі, прагна ўпіваючыся прыродай. Калі ён праходзіў каля лаўкі, ён зірнуў на маладую дзяўчынку, і позіркі іх сустрэліся. Што такое было на гэты раз у позірку дзяўчыны? Марыус не мог-бы сказаць гэтага. Нічога, і ўсё. Гэта была дзіўная іскра.

Яна апусціла вочы, а ён пайшоў далей.

Увечары, вярнуўшыся дадому, Марыус упершыню заўважыў неакуратнасць свайго касцюма. Ён вылаяў сябе, што выходзіў ва вуліцу ў такім выглядзе.

На другі дзень ён апрануўся ў сваё святочнае адзенне і адправіўся на сваю штодзённую прагулку. У садзе ён доўга брадзіў ля сажалкі з лебедзямі, потым спыніўся ля нейкай поўразбітай статуі і, нарэшце, нібы нехаця, накіраваўся ў сваю алею. На процілеглым канцы яе, на лавачцы, сядзелі пан Леблан і маладая дзяўчына. Па меры таго, як Марыус набліжаўся, крокі яго рабіліся ўсё больш і больш павольныя. Крыху не даходзячы да лаўкі, ён спыніўся і павярнуў назад. Ён дасягнуў процілеглага канца алеі і зноў вярнуўся, адважыўшыся на гэты раз прайсці міма. Сэрца яго моцна білася. Касцюм маладой дзяўчыны таксама цалкам змяніўся; яна была апранута элегантна і проста: у чорную шаўковую сукенку і белы крэпавы капялюш. На руках былі белыя пальчаткі, і яна трымала парасон з ручкаю з слановай касці. Зграбныя маленькія ножкі абуты былі ў шаўковыя чаравікі.

Марыус пачуў гукі цудоўнага голаса, «яе» голаса напэўна. Яна спакойна гаварыла пра штосьці. Яна была чароўная. Ён гэта адчуваў, не гледзячы на яе.

Ён яшчэ некалькі разоў прайшоў каля лаўкі, і тут яму ў першы раз прышло на думку, што пан Леблан, напэўна, таксама заўважыў яго і павінен знаходзіць незразумелымі яго дзіўныя паводзіны.

У першы раз яму здалося непачцівым называць нават у думках гэтага старога насмешлівым прозвішчам Леблана.

Ён прастаяў некалькі хвілін, задуменна схіліўшы галаву і крэслячы палачкай па пяску.

Потым раптоўна павярнуў у працілеглы бок і пайшоў дадому.

У гэты дзень ён забыў паабедаць. У восем гадзін вечара ён заўважыў гэта, але было ўжо позна. Ён з’еў кавалак хлеба і лёг спаць, старанна вычысціўшы і акуратна склаўшы сваё адзенне.

Прайшло два тыдні. Марыус штодзённа адпраўляўся ў Люксембургскі сад, але ўжо не гуляў, а цэлымі гадзінамі праседжваў на лаўцы і здалёк глядзеў на сваю красуню.

Яна сапраўды была чароўная. Адзінае, што было дзіўнае ў яе твары — гэта супярэчнасць паміж сумным позіркам і вясёлай усмешкай. Тым не менш, твар яе быў дзівосна прыгожы.

Аднойчы, у канцы другога тыдня, Марыус, як звычайна, сядзеў на сваёй лаўцы з разгорнутай кнігай у руках, у якой не перагарнуў ніводнай старонкі. Раптам ён здрыгануўся. У процілеглым канцы алеі здарылася падзея. Пан Леблан з дачкою ўсталі і пад руку накіраваліся да сярэдзіны алеі, дзе сядзеў Марыус. Юнак увесь дрыжэў. «Няўжо чароўная здань пройдзе міма мяне?» — думаў ён. Ён чуў ціхі шум крокаў па пяску. Яму здавалася, што пан Леблан кідае на яго злосныя позіркі. Ён апусціў вочы, і, калі зноў зірнуў, яны былі ўжо зусім блізка. Маладая дзяўчына зірнула на яго з задуменным сумам, які прымусіў Марыуса здрыгануцца з ног да галавы. Яна нібы дакарала яго, што ён так доўга не падыходзіў да яе і што яна павінна была зрабіць першы крок.

Марыус быў нібы ў шаленстве. Яны ўжо прайшлі, а ён, як і раней, сачыў за імі вачыма, пакуль яны не схаваліся. Потым пачаў бегаць па садзе, як вар'ят. Праз хвіліну ён вышаў на вуліцу з надзеяй яшчэ раз спаткаць яе.

І ўсё гэта нарабіў адзін толькі позірк. Позірк — гэта іскра. Марыус кахаў. Лёс яго ўступаў у невядомае.

Прайшоў цэлы месяц, на працягу якога Марыус кожны дзень хадзіў у Люксембург. Калі наставала ўрочная гадзіна, нішто не магло ўтрымаць яго ў пакоі. Малады чалавек быў наверсе шчасця: яна глядзела на яго.

Стары, здавалася, заўважыў сёе-тое. Ён перамяніў лаўку ў садзе, каб паглядзець, ці прыдзе за імі Марыус. Марыус меў неасцярожнасць зрабіць гэта. Стары пачаў часам з'яўляцца адзін, без дачкі; тады Марыус рабіў яшчэ большы промах: ён адразу-ж выходзіў з саду. Юнак не звяртаў увагі на гэтыя дробязі. Аднойчы яму выпала на долю незвычайнае шчасце: на лаўцы, дзе за хвіліну да гэтага сядзеў пан Леблан з дачкою, ён знайшоў насавую хустачку, простую, без вышывак, але тонкую і белую, як снег. На адным крайку была метка „У. Ф“. І ён рашыў, што яе завуць Урсула. Ён цалаваў хустачку, прыціскаў яе да твару і ўночы засынаў, трымаючы яе ў руках.

Хустачка гэтая належала старому і выпадкова вывалілася з яго кішэні.

Нарэшце, Марыус зрабіў апошнюю, самую грубую памылку. Яму захацелася даведацца, дзе жыве „Урсула“, і вось ён аднойчы пайшоў услед за ёю, калі яна, у суправаджэнні свайго спадарожніка, вышла з саду. Яна жыла на Заходняй вуліцы, у самай бязлюднай яе частцы, у новым трохпавярховым доме скромнага выгляду. Ён праводзіў іх некалькі дзён запар. Нарэшце, яму захацелася даведацца, хто яна.

Аднойчы, правёўшы іх дадому, ён звярнуўся з пытаннем да дворніка:

— Ці гэты пан, што зараз пайшоў на двор, жыве на першым паверсе?

— Не, на трэцім, — адказваў дворнік.

— А як яго завуць?

Дворнік пільна зірнуў на яго і запытаў:

— Ці не шпіён вы часам?

Марыус збянтэжыўся, але пайшоў задаволены.

На другі дзень пан Леблан з дачкою прышлі ў сад вельмі не надоўга. Яны вышлі яшчэ завідна. Марыус, вядома, пайшоў за імі. Дайшоўшы да варот, пан Леблан спыніўся і пільна зірнуў на маладога чалавека. Праз дзень ні ён, ні дзяўчына зусім не прышлі ў сад. Марыус дарэмна чакаў іх. Увечары ён адправіўся на Заходнюю вуліцу і ўбачыў, што вокны трэцяга паверха асветлены. Ён хадзіў пад вокнамі, пакуль агні не пагаслі.

На другі дзень у сад ніхто не з'явіўся. Марыус зноў прачакаў цэлы дзень у алеі і потым адправіўся пад вокны дома. Там ён прастаяў да дзесяці гадзін вечара.

Так прайшло восем дзён. Ні пан Леблан, ні яго дачка не з'яўляліся больш у Люксембургскім садзе.

На восьмы дзень увечары Марыус не ўбачыў больш святла ў вокнах трэцяга паверха.

„Дзіўна, — падумаў ён, — да гэтага часу не запалілі лямпы. — А, між тым, ужо цёмна. Няўжо іх няма дома?“

Ён чакаў да дзесяці, да паўночы, да гадзіны ночы; у вокнах было цёмна і ў дом ніхто не ўваходзіў.

Ён пайшоў дадому вельмі засмучаны.

На другі дзень зноў нікога ў садзе і цемень у вокнах.

Тады Марыус адважыўся пастукацца да дворніка.

— Жыхар трэцяга лаверха? — запытаў ён.

— Выехаў, — адказаў дворнік.

Марыус захістаўся і зноў запытаў слабым голасам:

— Калі?

— Учора.

— Дзе-ж ён цяпер жыве?

— Не ведаю. Ён не пакінуў адраса, — адказаў дворнік і паглядзеў на Марыуса.

— Э, ды гэта зноў вы! — ускрыкнуў ён, пазнаўшы яго. — Ды вы і сапраўды, відаць, шпіён.

XIX

ПАДОНКІ ГРАМАДСТВА

Марыус па-ранейшаму жыў у халупе Гарбо, але яшчэ у большай адзіноце, чым раней. У гэты час у доме, апрача яго і злашчаснай пары Жандрэтаў побач, ніхто больш не жыў. Але з суседзямі сваімі ён не быў знаёмы і наогул ні на кога з іх не звяртаў увагі.

Аднойчы раніцаю, гадзін каля васьмі, у дзверы да яго пастукаліся.

— Заходзьце, — адказваў Марыус, не падымаючы вачэй з сваіх папер.

— Выбачайце… — праказаў чыйсьці зусім незнаёмы голас. Гук яго быў глухі і разбіты, як у чалавека, ахрыплага ад гарэлкі.

Марыус жвава абярнуўся і ўбачыў у дзвярах маладую дзяўчыну. Святло з акна падала проста на яе і асвятляла бледны, схудалы і хваравіты твар. На ёй надзета была адна толькі кашуля і спадніца, і яна дрыжэла ад холаду.

Марыус прыўзняўся і здзіўлена глядзеў на стварэнне, якое было падобна да здані.

Відаць было, што ад прыроды яна нішто сабе з твару і, напэўна, была нават прыгожанькая. Але ўсё гэта дачасова знікла ў барацьбе з галечаю. На выгляд ёй было год шаснаццаць, не больш.

— Што вам трэба, сударыня? — запытаў Марыус.

Дзяўчына адказала хрыплым голасам.

— У мяне да вас пісьмо, пан Марыус.

Яна ведала яго імя, дзіўна! Але хто-ж яна? Якім чынам яна яго ведае?

Яна пераступіла цераз парог і ўвайшла ў пакой без запрашэння. Яна была босая. Праз вялізныя дзіркі ў спадніцы відаць было голае цела. Яна ўся дрыжэла.

Яна працягнула пісьмо Марыусу. Марыус раскрыў яго і прачытаў наступнае:


„Мой любезны сусед, малады чалавек!

Я даведаўся пра вашу дабрату да мяне, што вы заплацілі за мяне за кватэру поўгода таму назад. Мая дачка раскажа вам, што вось ужо два дні, як у нас у доме няма ні крошкі хлеба, а жонка мая хворая. Калі я не надта самаўпэўнены, то думаю, што ваша вялікадушнае сэрца будзе кранута гэтым і вы будзеце настолькі жаласлівы, што не адмовіце мне ў сваёй дапамозе. З шчырай пашанай, якую абавязаны мець да дабрадзеяў роду чалавечага, астаюся Жандрэт“.

Постскрыптум. Дачка мая будзе чакаць вашых загадаў дарагі пан Марыус.“


Пакуль Марыус чытаў пісьмо, яго нечаканая госця хадзіла і аглядала пакой. Дзіўна было бачыць гэтую постаць, поўголую ў сваіх падраных лахманах, весела пырхаючай ад аднаго прадмета да другога, спяваючы пра сябе нейкую песеньку. Потым яна пачала несціханна балбатаць; каб паказаць, што яна пісьменная, схапіла кавалачак паперы і напісала чамусьці: „Прышлі паліцэйскія“.

Марыус пачаў капацца ў сваіх кішэнях і сяк-так набраў пяць франкаў і шаснаццаць су. Шаснаццаць су ён адклаў сабе на абед, астатнія грошы аддаў дзяўчыне. Яна схапіла іх, зрабіла юнаку развітальны жэст рукой і хутка выбегла з пакоя. Пяць год пражыў Марыус у беднасці, нягодах, але разумеў у гэтую хвіліну, што не зазнаў яшчэ сапраўднай нястачы. Вобраз яе прайшоў цяпер перад ім у выглядзе гэтай няшчаснай маладой дзяўчыны. Яна была для яго пасланіцай з царства цемры. Яна адкрыла перад ім увесь агідны бок ночы.

Цяпер ён папракаў сябе за тое, што да гэтага часу не звяртаў увагі на сваіх суседзяў. Як, адна толькі сцяна аддзяляла яго ад гэтых закінутых істот, якія брадзілі вобмацкам, у баку ад астатніх, тых, што жывуць! Яны жылі побач з ім, а ён і забыўся пра іх зусім! Кожны дзень, кожную гадзіну ён чуў праз перагародку галасы, у якіх гучэлі стогны, а ён, заняты сваімі марамі, нават і не заўважаў гэтага! Другі-б даўно ўжо прышоў ім на дапамогу і выратаваў-бы іх.

І несвядома Марыус загледзеўся на перагародку, якая аддзяляла яго пакой ад пакоя Жандрэтаў. Раптам ён ускочыў. Наверсе, амаль ля столі, ён заўважыў дзірку. Атынкоўка вывалілася адтуль, і, узабраўшыся на камоду, якая стаяла ля гэтай сцяны, можна было бачыць усё, што рабілася ў пакоі.

Марыус узлез на камоду і, прыпаўшы да дзіркі, пачаў назіраць.

Марыус убачыў сапраўдную трушчобу. Гэта быў брудны, смуродны, цёмны катух, у які святло пранікала праз адзінае акно, густа затканае павуціннем. Сцены стракацелі плямамі і нейкімі надпісамі. Ва ўсіх кутах валяліся кучы агідных брудных ануч і падранага абутку. Сам па сабе пакой быў вялізны, што надавала ўсёй абстаноўцы яшчэ больш агідны выгляд.

Ля стала, на якім Марыус заўважыў пяро, чарніла і паперу, сядзеў чалавек год шасцідзесяці, змарнелы, хударлявы, бледны, неспакойны і страшнага выгляду, агідны нягоднік. У яго была даўгая сівая барада. Апрануты ён быў у жаночую кашулю, якая не закрывала валасатых грудзей і пакідала голыя рукі. Кашуля засунута была ў брудныя панталоны, з-пад якіх былі відаць скрозь падраныя боты, адкуль тырчэлі пальцы.

У зубах ён трымаў люльку і курыў. Ён штосьці пісаў, напэўна, пісьмо, падобнае да таго, якое Марыус ужо чытаў. Раптам ён спыніўся, стукнуў кулаком па стале і ўскрыкнуў:

— О! так і знішчыў-бы ўвесь свет!

Тоўстая жанчына, якой аднолькава можна было даць і сорак год і сто, сядзела на кортачках ля патухшага ачага. Яна таксама была апранута ў кашулю і ў падраную спадніцу, усю ў латах.

На адным з брудных матрацаў Марыус убачыў высокую худую дзяўчынку, амаль голую. Яна сядезла нерухома, нібы нічога не бачыла і не чула. Напэўна малодшая сястра той, што была ў яго. На выгляд ёй здавалася год дванаццаць, хаця яна, напэўна, была старэйшая.

На працягу векалькіх хвілін разглядаў Марыус гэтую трушчобу, больш страшную, чым магіла, таму што тут адчуваўся рух душы і пульсацыя жыцця.

Стары ўсё пісаў, жанчына маўчала, дзяўчынка-ж нібы не дыхала зусім. Чуваць было толькі рыпенне пяра па паперы.

Марыус, з болем у сэрцы, збіраўся зыйсці ўжо з свайго назіральнага паста, як раптам нейкі шум прыцягнуў яго ўвагу і прымусіў астацца на месцы. Дзверы пакоя раптам расчыніліся. Убегла старэйшая дачка і, захліпаючыся, ускрыкнула з выразам радасці і вясёласці:

— Ён ідзе!

Бацька і маці павярнулі галовы. Малодшая сястра не рухалася з месца.

— Хто ідзе?

— Той стары — дабрадзей.

— Дзе-ж ён?

— Едзе за мной на рамізніку.

— На рамізніку! — ускрыкнуў бацька. — Значыць, гэта сапраўдны Ротшыльд. Але ці ўпэўнена ты, што ён едзе сюды? Ці дала ты яму сапраўдны адрас? Толькі-б ён не памыліўся з дзвярыма! Ты яму аддала маё пісьмо ў царкве? Што-ж ён табе на яго адказаў?

— Ну, ну, не спяшайся вельмі, стары, — адказвала дачка. — Вось як было: я ўвайшла ў царкву, ён стаяў на сваім звычайным месцы; я яму пакланілася і падала пісьмо. Ён прачытаў яго і запытаў: „Дзе вы жывеце, дзіця маё?“ Я яму кажу: „Я праводжу вас.“ Ён: „Не, — гаворыць, — дайце мне лепш ваш адрас. Мая дачка павінна яшчэ купіць сёе-тое. Я прыеду зараз-жа ўслед за вамі“. Калі я яму сказала адрас, ён нібы здзівіўся, а потым кажа: „Усёроўна, я прыеду“. Я пабегла дадому і толькі што ўбачыла каляску, якая накіроўваецца ў наш бок. Гэта яны.

— Ну, ты разумная дзеўка, — сказаў бацька. — Цяпер трэба сустрэць яго, як належыць.

Ён схапіў гаршчок з вадою і заліў рэшткі агню ў ачагу, потым ударам абцаса прабіў адзінае крэсла і запытаў:

— Ці холадна сёння на вуліцы?

— Вельмі холадна. Ідзе снег.

Тады ён сказаў малодшай дачцы:

— Гэй, ты, разбі шыбу.

Дзяўчынка стаяла, нічога не разумеючы.

— Кажуць табе, — ускрыкнуў ён, — разбі аконную шыбу!

Дзяўчынка з нейкай несвядомай пакорлівасцю ўдарыла рукой па шклу; асколкі са звонам паляцелі на падлогу.

— Добра! — праказаў бацька.

Ён шпарка акінуў позіркам увесь пакой, нібы палкаводзец пасля бітвы. Потым сказаў жонцы, якая з неўразуменнем глядзела на яго:

— Кладзіся на пасцель!

— Тон не дапускаў пярэчанняў. Яна адразу-ж выканала загад.

У гэты час у куце мансарды пачуўся плач.

— Хто гэта там? — запытаў бацька.

Малодшая дачка паказала свой акрываўлены кулак. Разбіваючы акно, яна парэзала руку.

— Тым лепш, — сказаў бацька.

— Як тым лепш? — ускрыкнула маці. — Ёй боліць!

— Маўчы, не смей пярэчыць!

І ён спрытна разадраў надзетую на ім кашулю і анучай завязаў раненую руку дзяўчынкі.

Ледзяны вецер урываўся праз разбітую шыбу. Здавалася, у пакоі зрабілася яшчэ цямней ад халоднага густога туману, што пранік з вуліцы.

Стары яшчэ раз абвёў пакой задаволеным позіркам, каб упэўніцца, што нічога не забыта. Потым сказаў:

— Цяпер мы можам прыняць дабрадзея.

Некалькі хвілін прайшло ў нудным чаканні. Дзяўчынка ўсё ўсхліпвала.

— Не плач, дзіця маё, — суцяшала яе маці, — а то бацька зноў узлуецца.

— Не, плач, плач, мацней! — ускрыкнуў бацька. — Гэта добра. Што-ж ён, аднак, не едзе? — звярнуўся ён да старэйшай дачкі. — Глядзі, і зусім не будзе, і я дарэмна падрыхтаваў яму такую сустрэчу. Магчыма, гэтая старая скаціна згубіла адрас? Іду ў заклад, што гэтая старая жывёла…

У гэтую хвіліну пачуўся лёгкі стук у дзверы. Стары шпарка кінуўся адчыняць і з глыбокімі паклонамі і пачцівай усмешкай праказаў:

— Заходзьце, судар. Калі ласка, заходзьце, мой паважаны дабрадзей, і вы, чароўная паненка.

Чалавек старых гадоў і маладзенькая дзяўчына паказаліся на парозе пакоя.

Марыус, як і раней, стаяў на сваім пасту. Тое, што ён адчуваў у гэтую хвіліну, нельга выказаць чалавечай моваю. Гэта была яна. Гэта была безумоўна яна. Ён адчуў гэта праз воблака, што заслала яму на імгненне вочы. Гэта была цудоўчая істота, якая так доўга адсутнічала; яго зара на працягу апошніх шасці месяцаў; гэтыя вочы, лоб, рот, — чароўчая здань, якая сваім знікненнем стварыла ноч вакол яго. І вось яна з'явілася зноў! І дзе-ж? У гэтай трушчобе, у гэтым жаху, у гэтай агіднай, непранікальнай цемры!

Марыус увесь дрыжэў. Сэрца яго моцна білася, і ён гатовы быў разрыдацца. Зноў убачыць яе пасля столькіх бясплодвых пошукаў! Яму здавалася, што ён зноў знайшоў сваю душу.

Яна была ўся такая-ж, толькі крыху бляднейшая. Далікатны тварык быў у рамцы ліловага аксамітнага капелюша. Фігура знікла ў складках салопа. Яна прышла ў суправаджэнні пана Леблана. Увайшоўшы ў пакой, яна паклала на стол даволі вялікі пакунак.

Старэйшая дзяўчына, стоячы ля дзвярэй, з пахмурым выглядам аглядвала аксамітны капялюш, футру і чароўны шчаслівы тварык.

У пакоі было так цёмна, што ўвайшоўшым з вуліцы здавалася нібыта яны папалі ў склеп. Госці зрабілі наперад некалькі няўпэўненых крокаў, нікога не бачачы і нічога не адрозніваючы вакол, між тым як іх саміх можна было добра бачыць усім жыхарам халупы, якія прывыклі да змроку.

Пан Леблан з сваім сумным і добрым выглядам падышоў да Жандрэта і сказаў:

— Вы знойдзеце ў гэтым пакунку цёплыя рэчы.

— Ваша ангельская дабрата проста не мае межаў, — праказаў Жандрэт, нізка кланяючыся.

І ў той-жа час, у тую хвіліну, як госць адвярнуўся, аглядзючы абстаноўку жылля, ён сказаў ціха сваёй старэйшай дачцы:

— Вось бачыш? Што я казаў? Апрача ануч нічога. Яны ўсе такія. Дарэчы, як я падпісаўся ў пісьме да яго?

— Фабанту, — адказвала дачка.

— Ах, так, драматычны артыст.

Пан Леблан, між тым, зноў сказаў:

— Я бачу, што вам вельмі дрэнна, пан…

— Фабанту, — падказаў гаспадар.

— Пан Фабанту, так, я ўспомніў.

— Драматычны артыст, які меў калісьці поспех, судар. Вучань Тальма[38]. Калісьці лёс мне ўсміхаўся. Увы, зараз настала чарга няшчасця. Бачыце, дабрадзей, ні цяпла, ні хлеба. Адзінае крэсла паламана; адзівае акно разбіта. У такі холад! У маіх бедных дзяўчынак ні крошкі хлеба; жонка хворая ў пасцелі! Дачка раненая. — Бедныя… — праказаў пан Леблан.

Маладая дзяўчына падышла да дзяўчынкі, якая ўсё яшчэ плакала, і сказала, лашчачы яе:

— Мілае, беднае дзіця!

Ужо некалькі хвілін Жандрэт пільна прыглядаўся да дабрадзея. Увесь час ён уважліва глядзеў на яго, нібы штосьці прыпамінаючы. Раптам, скарыстаўшы хвіліну, калі пан Леблан распытваў у дзяўчынкі пра яе балючую руку, ён падышоў да жонкі і сказаў ёй хутка і ціха:

— Зірні вось на гэтага чалавека!

Потым зноў звярнуўся да пана Леблана і пачаў скардзіцца на свае няшчасці.

Нарэшце ён дадаў, што іх гоняць з кватэры і што яны апынуцца на вуліцы.

Пан Леблан выняў з кішэні пяць франкаў і кінуў іх на стол. Потым зняў з сябе верхняе паліто і паклаў яго на лаўку.

— Пан Фабанту, — сказаў ён, — у мяне з сабой толькі пяць франкаў, але я праводжу дачку дадому і ўвечары вярнуся і прывязу вам грошы. Вы-ж сёння ўвечары павінны заплаціць за кватэру?

Твар Жандрэта асвятліўся страшным выразам. Ён хутка адказаў:

— Так, мой паважаны пан. У восем гадзін грошы павінны быць ужо ў гаспадыні дома.

— Дык я буду тут у шэсць гадзін.

— О, дабрадзей! — ускрыкнуў Жандрэт і дадаў ціха: — жонка, глядзі больш уважліва!

Пан Леблан узяў руку дачкі і накіраваўся да дзвярэй.

— Да вечара, сябры мае, — сказаў ён.

У гэты час старэйшая дачка ўбачыла забытае на крэсле паліто.

— Судар, вы забылі ваша адзенне, — сказала яна.

Жандрэт кінуў на яе пагрозлівы позірк, які суправаджаўся страшнымі рухамі плячэй.

Пан Леблан адказаў, усміхаючыся:

— Я яго не забыў, а пакінуў.

— О, мой усеміласцівы дабрадзей! Я ўвесь сплываю слязмі! — ускрыкнуў Жандрэт. — Дазвольце мне праводзіць вас да вашага экіпажа!

— Дык надзеньце паліто, — адказваў пан Леблан: — сёння вельмі холадна.

Жандрэт не прымусіў сябе паўтарыць гэта. Ён хутка надзеў карычневае паліто.

XX

ЖАНДРЭТ

Марыус не прапусціў ніводнага слова з усёй гэтай сцэны, хоць вочы яго ўвесь час прыкуты былі да цудоўнай маладой дзяўчыны. Калі яна вышла, ім аўладала адна толькі думка: пайсці адразу-ж за ёй і як бы там ні было дазнацца, дзе яна жыве. Ён саскочыў з камоды, схапіў капялюш і хацеў выбегчы з пакоя. Але яго спыніла магчымасць сустрэчы ў калідоры з Жандрэтам, а можа быць і з панам Лебланам, які, напэўна, не паспеў яшчэ зыйсці з лесніцы. Што рабіць? Ён пачакаў крыху і, нарэшце, вышаў.

Ён нікога не сустрэў і хутка апынуўся на вуліцы. Ён дабег да бульвара, але ўжо ніякіх слядоў пана Леблана нідзе не было відаць. Аставалася скарыцца перад лёсам, і ў роспачы ён вярнуўся ў сваю халупу.

Ён збіраўся ўжо падняцца на лесніцу, як раптам на процілеглым баку вуліцы ўбачыў Жандрэта, які, захутаўшыся ў паліто дабрадзея, гутарыў з нейкім чалавекам вельмі панурага выгляду. Марыус ледзь звярнуў на іх увагу, але паспеў заўзажыць, што суразмоўнік Жандрэта — вядомы ў акалотку машэннік, вельмі небяспечны. Марыус паволі вярнуўся да сябе. Ён хацеў зачыніць дзверы, але адчуў якуюсьці перашкоду. Ён абярнуўся. Перад ім стаяла дзяўчына, што прыходзіла да яго раніцою.

— Чаго вам трэба? — запытаў у яе Марыус з прыкрасцю.

— Вы чамусьці сумны, пан Марыус, — сказала яна са спачуваннем.

— Ніколькі, не турбуйце мяне.

І ён зноў хацеў зачыніць дзверы.

— Не, пачакайце, — сказала яна. — Я бачу, у вас на душы нейкае гора. Раскажыце яго мне, магчыма, я здолею дапамагчы. Можа вам трэба даведацца пра што-небудзь, прасачыць, адшукаць чый-небудзь адрас? Сапраўды, можаце мяне скарыстаць.

У галаве Марыуса мільганула адна думка. Ён шпарка падышоў да маладой дзяўчыны і сказаў:

— Слухай, ці ты прывяла сюды гэтага пана з дачкою?

— Так, я.

— Ці ты ведаеш, дзе ён жыве?

— Не.

— Дык даведайся!

Дзяўчына са смуткам зірнула на яго.

— Дык вы гэта хочаце ведаць? — запытала яна. — Вы іх ведаеце?

— Не.

— Ці то, — паправілася яна, — вы яе не ведаеце, але хочаце ведаць.

— Ці можаш ты гэта зрабіць? — запытаў Марыус.

— У вас будзе адрас прыгожай паненкі.

Яна апусціла вочы і адышла ад дзвярэй. Марыус астаўся адзін. Ён схіліў галаву на руку і аддаўся глыбокаму раздум'ю. Усё перажытае ў гэты дзень смутна праходзіла ў яго мазгах.

Раптам ён адразу прахапіўся ад сваіх мараў. Ён пачуў гучны і грубы голас Жандрэта, які праказаў:

— Упэўніваю цябе, што я яго пазнаў!

Пра каго гаварыў Жандрэт? Каго гэта ён пазнаў? Пана Леблана? Бацьку яго „Урсулы“? Якім чынам Жандрэт мог ведаць яго? Няўжо цяпер, нарэшце, ён усё даведаецца пра тую, якую кахае? Няўжо густая цемра рассеецца?

Ён зноў ускочыў на камоду і зноў убачыў бярлогу Жандрэта.

Жандрэт, відавочна, толькі што ўвайшоў у пакой. Дочкі сядзелі ля ачага, жонка ляжала на пасцелі са здзіўленым выглядам. Жандрэт хадзіў па пакоі ўзад і ўперад. Выраз вачэй у яго быў незвычайны. Жонка здавалася засаромленай і азадачанай.

Яна нясмела запытала:

— Няўжо ты ўпэўнены ў гэтым?

— Упэўнены. Хоць і восем год прайшло з таго часу, але я яго пазнаў. Я яго пазнаў адразу-ж! Няўжо табе гэта не кінулася ў вочы?

— Не.

— А я табе, між іншым, казаў: „Глядзі добра!“ Той-жа рост, той-жа твар, толькі ледзь-ледзь старэйшы, той-жа голас. Ён толькі лепш апрануты, вось і ўсё. А, стары таямнічы чорт, нарэшце ты ў маіх руках!

І, звярнуўшыся да дачок, ускрыкнуў:

— Ідзіце вон! Чаго вы тут тарчыце?

Дзяўчыны вышлі. Перад тым, як яны пераступілі цераз парог, бацька ім сказаў:

— Будзьце тут роўна ў пяць гадзін. Вы спатрэбіцеся.

Марыус падвоіў увагу. Астаўшыся адзін з жонкаю, Жандрэт па-ранейшаму хадзіў па пакою; потым, раптам падышоўшы да яе, скрыжаваў рукі і ўскрыкнуў:

— А ці хочаш, каб я табе яшчэ нешта сказаў? Паненка…

— Ну, што паненка? — запытала жонка.

Марыус не сумняваўся, што гавораць пра яе. Ён прыслухоўваўся з пакутным хваляваннем. Але Жандрэт нахіліўся да вуха жонкі і штосьці прашаптаў ёй. Потым выпрастаўся і дадаў:

— Гэта яна!

— Немагчыма! — ускрыкнула жонка з выразам раптоўнага гневу, злосці і абурэння. Яна зрабілася агідная і здавалася нейкім страшыдлам.

— Як! — зноў ускрыкнула яна. — Мае дочкі ходзяць абшарпаныя і босыя, а яна фарсіць у аксамітным капелюшы і футры, як сапраўдная дама! Не, ты памыляешся. І потым тая-ж была агідная, а гэтая даволі прыгожая. Не можа быць, каб гэта была яна!

— Кажу табе, што гэта так! Вось пабачыш! А яшчэ ці хочаш ведаць што-небудзь?

— Што такое?

— Маё багацце забяспечана, — сказаў ён коратка і ціха.

І паколькі жонка глядзела на яго, як на вар'ята, то ён казаў далей:

— Даволі з мяне галечы, голаду і холаду! Хачу жыць ва ўсёй раскошы, нічога не рабіць і зрабіцца мільянерам, як і іншыя.

— Што ты хочаш гэтым сказаць? — запытала яна.

— Што хачу сказаць? А вось слухай!

— Кажы цішэй, гэтага ніхто не павінен чуць.

— Ды ніхто і не пачуе. Гэты дурань, наш сусед, пайшоў кудысьці, я сам яго спаткаў. Ды хіба ён разумее што-небудзь?

Тым не менш ён інстынктыўна прыцішыў голас, але настолькі, што Марыус чуў абсалютна ўсё.

— Слухай добра, — пачаў Жандрэт. — Наш багач папаўся! Усё ўжо ўладжана. Я пабачыўся з тым-сім. Яны прыдуць у шэсць гадзін. Ён таксама з'явіцца ў шэсць гадзін. У гэтую пару сусед ідзе абедаць. У доме нікога не будзе. Сусед не вернецца раней за адзінаццаць, дзяўчынкі будуць стаяць напагатове. Ты нам дапаможаш. Ён і здасца.

— А калі не? — запытала яна.

— Тады мы зробім па-свойму.

І ён рассмяяўся. Марыус здрыгануўся ад гэтага смеху.

— Цяпер я пайду, — праказаў зноў Жандрэт, — але хутка вярнуся з добрымі людзьмі, і ўбачыш, якую цікавую зробім мы штуку. Шчасце, што ён не пазнаў мяне. Гэта выратавала мяне мая барада.

Ён зноў рассмяяўся, насунуў на вочы шапку і вышаў. Праз хвіліну ён усадзіў галаву ў дзверы і сказаў жонцы:

— Ледзь не забыў! Падрыхтуй жароўню з вугаллем!

Потым зачыніў дзверы, і Марыус пачуў яго крокі, якія аддаляліся па калідоры.

У гэтую хвіліну на царкоўнай званіцы прабіла гадзіну пасля паўдня.

Пры ўсёй сваёй лятуценнасці Марыус быў цвёрды і энергічны. Ён рашыў ва ўсякім выпадку разбурыць злачынныя намеры, што выспелі ў гэтай агіднай трушчобе.

Але як папярэдзіць тых, каго гэта датычыць? Ён не ведаў іх адраса. Падпільнаваць пана Леблана ля дзвярэй у шэсць гадзін? Але яго могуць убачыць Жандрэт і яго саўдзельнікі, тады ён загіне і сам, не дасягнуўшы мэты.

У яго распараджэнні было яшчэ пяць гадзін часу. Ён апрануўся і асцярожна і бязшумна вышаў з пакоя.

Ён накіраваўся да прадмесця Сен-Марсо і ў першай трапіўшай яму краме запытаў, дзе змяшчаецца паліцэйскі камісар. Яму сказалі, што на вуліцы Пантуаз, № 14. Ён накіраваўся па паказанаму кірунку.

Дайшоўшы да дома № 14, Марыус узышоў на лесніцу і запытаў паліцэйскага камісара.

— Яго няма дома, — адказваў адзін паліцэйскі, — але замест яго тут інспектар. Хочаце яго бачыць? Справа тэрміновая?

— Так, — адказваў Марыус.

Яго ўвялі ў кабінет камісара. За кратамі, прыхінуўшыся да каміна, стаяў чалавек высокага росту, захутаны ў плашч. У яго быў квадратны твар, тонкія сціснутыя губы, густыя бакенбарды з сівізною і праніклівы позірк. Выгляд яго быў страшны не менш, чым выгляд Жандрэта.

— Што вам трэба? — запытаў ён у Марыуса.

— Мне патрэбны паліцэйскі камісар.

— Яго няма, я яго замяняю.

— Я прышоў па вельмі сакрэтнай, але тэрміновай справе.

— Тады кажыце хутчэй.

Чалавек гэты, у адзін і той жа час спакойны і рэзкі, палохаў і заспакойваў. Марыус расказаў яму ўсе падрабязнасці аб рыхтуемай засадзе і даў адрас.

Пачуўшы нумар дома, інспектар узняў галаву і холадна запытаў:

— Гэта ў пакоі ў канцы калідора?

— Так, — адказваў Марыус. — Хіба вы ведаеце гэты дом?

— Відавочна, — сказаў ён, памаўчаўшы крыху. Потым дадаў:

— Нумар пяцьдзесят-пяцьдзесят два. Я ведаю гэтую халупу. Схавацца ўнутры няма магчымасці, нас адразу-ж заўважаць. Трэба прыдумаць што-небудзь іншае.

Ён зноў памаўчаў.

— У жыхароў дома ў кожнага ёсць асобны ключ, — пачаў інспектар. — У вас таксама, напэўна, ёсць, дайце яго мне.

Марыус выняў ключ і падаў паліцэйскаму. Інспектар пакапаўся ў сваіх неабсяжных кішэнях і, дастаўшы адтуль два маленькія пісталеты-бульдогі, сказаў Марыусу:

— Вось вазьміце гэта. Вяртайцеся да сябе і схавайцеся, каб думалі, што вас няма дома. Пісталеты зараджаны. Вы будзеце назіраць праз дзірку ў сцяне. Калі ўсе будуць сабраўшыся, вы дайце ім разгарнуцца, а потым, калі яны пачнуць заходзіць ужо вельмі далёка, стрэліце. Адзін толькі раз у паветра. Галоўнае — не спяшайцеся. Пачакайце, каб яны пачалі свае дзеянні. Як адвакат, вы павінны разумець усё гэта.

Марыус узяў пісталеты і схаваў іх у кішэню.

— Цяпер нельга траціць ні хвіліны, — казаў далей паліцэйскі. — Ідзіце дадому. Памятайце: адзін толькі стрэл і не спяшайцеся.

— Будзьце спакойны, — адказваў Марыус.

І калі малады чалавек збіраўся ўжо выйсці з пакоя, інспектар закрычаў яму ўслед:

— Дарэчы, калі я вам спатрэблюся на што-небудзь, прыдзіце або прышліце да мяне і запытайце інспектара Жавера.

XXI

ФАЛЬШЫВЫ БЯДНЯК

Ужо сцямнела, калі Марыус асцярожна, стараючыся астацца незаўважаным, вярнуўся дадому. Ён на цыпках прабраўся ўверх па лесніцы і ўдоўж сцяны калідора ціхенька дайшоў да свайго пакоя. Там ён прысеў на ложак. Было каля паловы шостай. Аставалася толькі поўгадзіны. Ён чуў стук свайго сэрца, як чуваць ціканне гадзінніка ў цемры. Ён нісколькі не баяўся, але не мог без некаторага хвалявання падумаць пра тое, што павінна адбыцца.

Месяц выплыў на небасхіле, усё ярчэй і ярчэй разліваючы сваё святло па меры згушчэння змроку. У катуху Жандрэтаў было відаць святло, якое здавалася крывавым. Гэта не было святло свечкі. У іх было ўсё ціха, як у магіле.

Марыус асцярожна здзеў боты і паставіў іх пад ложак. Прайшло некалькіх хвілін. Раптам ён пачуў, як унізе грукнулі дзверы, потым крокі па калідоры, і Жандрэт увайшоў да сябе.

Адразу-ж пачуліся галасы. Уся сям'я была дома, толькі маўчалі ў адсутнасці гаспадара.

— Гэта я, — сказаў ён.

— Ну, што? — запытала жонка.

— Холадна! — адказваў ён. — Ты вось што, апраніся; трэба, каб выгляд твой выклікаў давер'е. Не забудзь нічога, што я табе кажу. Якая гэта гадзіна?

— Хутка шэсць. Нядаўна прабіла палову шостай.

— Ці добра ведаеш, што па суседству нікога няма?

— Напэўна. Табе-ж вядома, што сусед у гэты час ходзіць абедаць.

— Усё-такі лепш паглядзець. Схадзі-тка ты, дачка, паглядзі.

Марыус бясшумна споўз з ложка і падлез пад яго, забіўшыся ў самы далёкі куток. Ледзь толькі ён улёгся, як у пакой хтосьці ўвайшоў. Гэта была маладая дзяўчына, якая прыходзіла ўжо да Марыуса. Яна пабыла ў пакоі з хвіліну і вышла.

— Няма нікога, — сказала яна бацьку.

— Цяпер адпраўляйцеся абедзьве дзяўчынкі на варту — адна на адзін рог, другая — на другі.

— Ага, босая ў снег… — прамармытала старэйшая.

— Заўтра ў вас будуць шаўковыя чаравікі, пачакайце, — адказваў бацька.

Дзяўчыны вышлі. У доме асталіся толькі Жандрэты, муж і жонка, і Марыус у сваім пакоі.

Малады чалавек рашыў, што пара заняць назіральны пост. У адну хвіліну ён быў ужо на камодзе і зірнуў да суседзяў.

Унутранасць мансарды мела дзіўны выгляд, і Марыус падумаў, што гэта з-за своеасаблівага асвятлення. Яно выходзіла з жароўні, напоўненай гарачым вугаллем, у полымя якога засунуты быў нейкі прадмет, падобны да жалезных абцугоў, распаленых дачырвана. У адным куце пакоя ляжала вяровачная лесніца, а ў другім — куча жалезнага ламачча; усё разам нагадвала кузню. Жандрэт закурыў люльку і сеў на прабітым крэсле ля агню. Яго жонка ціха з ім гутарыла.

Калі-б Марыус быў у іншым настроі, то ён абавязкова рассмяяўся-б, гледзячы на постаць пані Жандрэт у незвычайным касцюме. На ёй быў нейкі чорны капялюш нябачанага фасону і вялізны плед на плячах; з-пад хусткі тырчэла шарсцяная спадніца, ногі-ж абуты былі ў брудныя падраныя чаравікі. Тым не менш муж ускрыкнуў:

— Ты добра прыбралася. Твой выгляд выклікае давер'е. Цяпер запалі ліхтар і зыйдзі ўніз. Ён, напэўна, прыедзе на рамізніку. Ты яму пасвяці на лесніцы і адпусці рамізніка.

— А грошы? — запытала жонка.

— Вось, вазьмі. Гэта тыя, што даў раніцою сусед. Ідзі хутчэй!

Яна паспешліва пайшла. Жандрэт астаўся адзін. Ён сядзеў задумаўшыся. Люлька пагасла, чырвоны водбліск агню асвятляў яго ссунутыя бровы і пільна накіраваныя на агонь вочы. Мінутамі правая рука яго сціскалася, нібы ён адказваў на штосьці. Потым ён выцягнуў шуфляду стала, дастаў адтуль кухонны нож і паспрабаваў яго на пазногці. Потым паклаў нож на месца і засунуў шуфляду.

Марыус, з свайго боку, узвёў курок пісталета. Гэта зрабіла сухі кароткі гук. Жандрэт здрыгануўся і прыўзняўся на месцы.

— Хто там? — запытаў ён.

Марыус затаіў дыханне. Жандрэт прыслухаўся адзін момант і праказаў, смеючыся:

— Які я дурны, гэта трашчыць перагародка.

Марыус астаўся з пісталетам у руцэ.

Раптам воддаль пачуўся бой гадзінніка. Прабіла шэсць разоў. Жандрэт, мерна ківаючы галавою, палічыў удары. Потым устаў з крэсла і пачаў хадзіць па пакою.

— Абы толькі ён прыехаў! — мармытаў ён.

Раптам дзверы расчыніліся, і пані Жандрэт са страшнай, але, на яе думку, ветлівай, усмешкай праказала:

— Заходзьце, судар!

— Заходзьце, мой дабрадзей, — паўтарыў Жандрэт, кінуўшыся насустрач.

Увайшоў пан Леблан. Твар яго быў ясны і спакойны. Ён выняў і паклаў на стол чатыры залатыя манеты.

— Вось вашы грошы за кватэру, пан Фабанту, — сказаў ён.

— Няхай благаславіць вас за гэта бог, — адказваў Жандрэт. Пан Леблан сеў. Жандрэт змясціўся супроць яго. Марыус, увесь ахоплены хваляваннем і жахам, глядзеў з сваёй засады, сударгава сціскаючы рукаятку пісталета.

— Як жыве бедная раненая дзяўчынка? — запытаў Леблан.

— Дрэнна, — адказваў Жандрэт, — вельмі дрэнна, мой дарагі дабрадзей. Старэйшая сястра павяла яе ў больніцу. Яны хутка вернуцца, вы вось убачыце.

— А вашай жонцы, здаецца, лепш, — казаў далей Леблан, зірнуўшы на жанчыну, якая ў сваім дзіўным убранні змясцілася, нібы на варце, ля дзвярэй.

— Яна зусім пры смерці, — адказаў муж. — Але яна такая мужная, гэтая жанчына. Гэта сапраўдны бык.

— Ты надта добры, Жандрэт, — адказвала жонка, задаволеная гэтай пахвалой.

— Жандрэт? — паўтарыў пан Леблан. — Я думаў, што вас завуць Фабанту.

— Фабанту-Жандрэт! Псеўдонім артыста, — жвава падхапіў муж, прычым кінуў на жонку позірк, які не патрабаваў тлумачэння. Ён прадаўжаў: — Ах, судар, мы заўсёды жылі з ёю душа ў душу. А цяпер нас ахапіла нястача. Работы ніякай нідзе ні за што не дастанеш. Ад нашага ранейшага багацця нічога не асталося, апрача адной карціны, якою я надзвычайна даражу, але з якой воляй-няволяй давядзецца расстацца. Што рабіць, трэба жыць.

Пакуль ён гаварыў, Марыус, зірнуўшы выпадкова ў глыбіню пакоя, заўважыў раптам нейкага чалавека, які незядома адкуль з'явіўся. Ён увайшоў так ціха, што ніхто нічога не чуў, і бясшумна сеў на ложак ззаду за Жандрэтам; яго было ледзь відаць.

Інстынктыўна пан Леблан таксама ўзняў галаву. Ён не мог утрымацца ад лёгкага жэсту здзіўлення, што адразу і заўважыў Жандрэт.

— Ах, вы глядзіце на мой сурдут! — ускрыкнуў ён, ускочыўшы і зашпільваючыся даверху. — Ён прышоўся мне ў самы раз.

— Хто гэты чалавек? — запытаў пан Леблан.

— Гэта? Гэта сусед, не звяртайце на яго ўвагі, — адказваў Жандрэт.

„Сусед“ меў вельмі дзіўны выгляд. Твар пана Леблана быў, як і раней, ясны і спакойны.

— Выбачайце, пан Фабанту, — сказаў ён, — вы, здаецца, штосьці мне гаварылі.

— Так, судар, так, дарагі дабрадзей, — адказваў Жандрэт, абапіраючыся на стол і пільна гледзячы ў вочы пана Леблана, — я вам сказаў, што ў мяне ёсць карціна на продаж.

Пачуўся лёгкі шум ля дзвярэй. Увайшоў яшчэ нейкі чалавек і сеў ззаду за Жандрэтам.

— Не звяртайце на іх увагі, — сказаў Жандрэт, заўважыўшы, што пан Леблан зноў выразіў неўразуменне на сваім твары.

— Гэта ўсё тутэйшыя. Дык вось, кажу, гэта каштоўная карціна; зірніце, судар.

Ён узяў ля сцяны раму, павярнуў яе ліцавым бокам у пакой. На палатне намалявана было сапраўды нешта накшталт карціны. Марыус нічога не мог разабраць на ёй, таму што Жандрэт замінаў бачыць.

— Што гэта такое? — запытаў пан Леблан.

— О, гэта твор вялікага майстра, дарагі дабрадзей. Гэта вялікі скарб; я даражу гэтай карцінай столькі-ж, сколькі і маімі дачкамі. Адна толькі беднасць прымушае мяне расстацца з ёю.

Выпадкова позірк пана Леблана з карціны перайшоў у куток пакоя. Там ужо было чацвёра нейкіх людзей, якія бязгучна сядзелі на ложку. Жандрэт заўважыў гэта.

— Гэта ўсё прыяцелі, суседзі, — сказаў ён. — Не турбуйцеся, судар, але купіце маю карціну. Злітуйцеся над галечаю. Я з вас дорага не вазьму. Колькі вы за яе дасце?

— Дык гэта-ж проста нейкая шынкарская шыльда, — адказваў пан Леблан, гледзячы на Жандрэта і пачынаючы штосьці прадчуваць. — Яна каштуе, бадай, франкі тры.

Жандрэт спакойна адказваў:

— Ці з вамі ваш партманет? Я задаволюся тысячай экю.

Пан Леблан падняўся з месца і абвёў вачыма пакой. Жандрэт стаяў ад яго налева, каля акна, а жонка яго і чацвёра ўвайшоўшых направа ля дзвярэй. Апошнія не варушыліся, нібы нічога не бачылі. Жандрэт зноў пачаў гаварыць такім жаласным тонам і з такім збянтэжаным позіркам, што пан Леблан мог падумаць, што ён звар'яцеў ад гора:

— Калі вы, дабрадзей, не купіце ў мяне карціну, то я астануся без ніякіх сродкаў і мне прыдзейца кінуцца ў ваду. Я і рамяства ніякага не магу пачаць, таму што патрэбны інструменты, а купіць іх няма за што. Як-жа вы хочаце, каб мы жылі?

Жандрэт не глядзеў на пана Леблана; вочы Леблана накіраваны былі на Жандрэта, а вочы Жандрэта — на дзверы. Марыус, ледзь дыхаючы, пераводзіў позірк з аднаго на другога. Раптам вочы Жандрэта зіханулі, ён зрабіўся страшны. Ён выпрастаўся ва ўвесь свой невялікі рост і, зрабіўшы крок да пана Леблана, закрычаў яму ў твар грамавым голасам:

— Усё гэта чысцейшая бязглуздзіца! Ці пазнаеце вы мяне?

Дзверы мансарды адчыніліся, і на парозе раптам з'явіліся яшчэ тры чалавекі ў сініх блузах і з чорнымі папяровымі маскамі на тварах.

Жандрэт толькі і чакаў іх з'яўлення.

Пан Леблан быў вельмі бледны. Здавалася, ён толькі што пачаў разумець, куды папаў, але ў ім не відаць было ніякік адзнак страху. З стала ён зрабіў сабе нешта накшталт умацавання і з чалавека, які здаваўся за хвіліну перад гэтым добрым старым, ператварыўся раптам у асілка і сваім дужым кулаком сціснуў спінку крэсла з грозным і смелым выглядам.

Трое з тых, якіх Жандрэт называў прыяцелямі, выбралі з кучы жалезнага ламачча: адзін вялікія нажніцы, другі абцугі, а трэці малаток і ціха сталі каля дзвярэй. Чацверты, стары, заснуў на ложку. Жанчына сядзела поруч з ім.

Марыус падумаў, што настаў час умяшацца і падняў правую руку ўверх, у кірунку да калідора, каб даць сігнал пісталетам.

У гэты час Жандрэт зноў абярнуўся да пана Леблана і са стрыманым, ціхім і жахлівым смехам паўтарыў сваё пытанне:

— Вы хіба не пазнаеце мяне?

Пан Леблан глядзеў яму проста ў твар і адказваў:

— Не.

Тады Жандрэт падышоў да самага стала і прыгнуўся да твара пана Леблана; у вачах у яго быў выраз дзікага звера, які сабраўся ўкусіць. Ён закрычаў:

— Мяне завуць не Фабанту, мяне завуць не Жандрэт, а я — Тэнард'е! Шынкар з Манфермейля! Ці чуеце? Тэнард'е. Цяпер ці пазналі вы мяне?

Ледзь прыкметная чырвань разлілася па твару пана Леблана, і ўсё тым-жа ціхім і спакойным голасам, з сваёй звычайнай ласкавасцю, ён адказваў:

— Ніколькі.

Марыус не чуў гэтага адказу. Каб хто паглядзеў на яго ў гэтую хвіліну, то ўбачыў-бы, што ён нібы паражоны громам. У тую хвіліну як Жандрэт праказаў: „Я — Тэнард'е“, Марыус задрыжаў усімі членамі і прыхінуўся да сцяны, нібы халоднае лязо мяча працяло яго сэрца. Потым правая рука яго, гатовая стрэліць, ціха апусцілася, і ў тую хвіліну, як Жандрэт паўтарыў: „Ці чуеце? Тэнард'е“, Марыус ледзь не ўпусціў пісталета. Пан Леблан, як відаць, не ведаў Тэнард'е, але Марыус ведаў яго. Ён насіў гэтае імя ў сэрцы, у самым свяшчэнным кутку яго, разам з памяццю аб бацьку. Ён памятаў словы завяшчання: „Нехта па імю Тэнард'е выратаваў мне жыццё. Калі сын мой спаткае яго калі-небудзь, то няхай зробіць для яго столькі дабра, колькі можа“. І вось ён як спаткаў яго! Якая злая насмешка лёсу! Ён даў урачыстае абяцанне, што калі адшукае калі-небудзь Тэнард'е, то кінецца да яго ног. І вось ён адшукаў яго, каб аддаць у рукі ката! Чалавека, які выратаваў жыццё яго бацьку, вывесці на плошчу ганьбы! Берагчы так доўга завет, каб, калі настане час выканання, зрабіць зусім наадварот! Але, з другога боку, быць сведкам злачынства і не перашкодзіць яму? Як, здрадзіць перад афярай і выратаваць забойцу?! Хіба можна мець пачуццё падзякі да такога нягодніка? Усе мары, выпешчаныя Марыусам на працягу гэтых чатырох год, зусім зблыталіся ад нечаканага ўдару.

Ён трапятаў. Усё залежала ад яго. Ён трымаў гэтых людзей у руках. Калі ён стрэліць, пан Леблан будзе выратаваны, Тэнард'е загіне. Калі ён не стрэліць, пан Леблан будзе прынесены ў афяру і — хто ведае? — Тэнард'е, магчыма, ухіліцца ад пакарання. Звергнуць аднаго ці даць пасці друтому? Дакоры сумлення ў абодвух выпадках. Што рабіць? Дзе выбар? Ён ледзь не страціў прытомнасць.

Між тым, Тэнард'е хадзіў узад і ўперад па пакоі з нейкай шалёнай радасцю.

— Нарэшце я знайшоў вас, пан дабрадзей! — ускрыкнуў ён. — Пан абшарпаны мільянер! Стары камедыянт! А, вы мяне не пазнаеце? Дык гэта не вы былі ў мяне ў шынку ў Манфермейлі напярэдадні каляд 1823 года? Гэта не вы звялі ад мяне дзіця Фантыны, Жаўранка? А, вы мяне не пазналі? Ну, дык я вас пазнаў! Я вас пазнаў адразу-ж, як толькі вы прасунулі сюды сваю морду. Вось цяпер убачаць, што нельга заходзіць у дамы толькі таму, што гэта шынкі, і з выглядам жабрака ашукваць людзей, разыгрываць велікадушнага, адбіраць у іх заработак і пагражаць яшчэ ім у лесе. А потым, калі людзі разарыліся, дарыць ім нейкія больнічныя коўдры і да агіднасці шырокія сурдуты. Ах ты, стары нягоднік! Крадзежнік дзяцей!

Ён змоўк на хвіліну, потым, грукнуўшы кулаком па стале, зноў закрычаў:

— Вы насмяяліся тады з мяне! Вы — прычына ўсіх маіх няшчасцяў! Вы адабралі ў мяне за паўтары тысячы франкаў дзяўчынку, якая, напэўна, была з багатых, за якую я ўжо атрымаў столькі грошай і якая павінна была служыць мне вечна крыніцай існавання! Цяпер я вам адплачу за вашу насмешку. Цяпер я смяюся з вас, вось вам! Папаўся, стары дурань! Я-то нагарадзіў яму, што я — артыст Фабанту, іграў з мадэмуазель Марс[39], што павінен сёння плаціць за кватэру! Якая бязглуздзіца! А ён і прынёс мне чатыры нейкіх манеткі! Не хапіла нават сэрца даць сто франкаў! Гэта цікава, аднак. Ты ў мяне ў руках. Раніцою, думаю сабе, я ліжу яму лапы, а ўвечары выгрызу сэрца.

Тэнард'е спыніўся. Ён задыхаўся. Грудзі яго ўзнімаліся, як кавальскія мяхі. Вочы зіхацелі і поўны былі нізкай радасці і шчасця. Ён быў падобны да шакала, які загрызае быка, настолькі слабага, каб не мець сілы абараніцца, і захаваўшага настолькі жыцця, каб адчуваць яшчэ мучэнні.

Пан Леблан маўчаў увесь час, але, калі Тэнард'е спыніўся, ён сказаў:

— Я не разумею, аб чым вы гаворыце. Вы лічыце мяне за кагосьці іншага. Я чалавек бедны і далёка не мільянер. Я вас не ведаю. Вы зблыталі мяне з кімсьці.

— А! — закрычаў Тэнард'е. — Вы настойваеце на сваім? Вы нічога не памятаеце! Вы не бачыце, хто я?

— Выбачайце, паважаны судар, — адказваў пан Леблан з ветлівасцю, дзіўнаю пры такой абстаноўцы, — я бачу, што вы — разбойнік.

Каму не вядома, што ў тахіх суб'ектаў ёсць свайго рода шчапятлівасць. Страшыдлы часам таксама крыўдзяцца. Пры слове „разбойнік“ жонка Тэнард'е ўсхапілася з ложка, а муж схапіў крэсла, нібы збіраўся раскалоць яго ў шчэпы.

— Ціха! — ускрыкнуў ён жонцы і потым, абярнуўшыся да пана Леблана, ускрыкнуў: — разбойнік! Так, я ведаю, што вы, багачы, так называеце нас! Праўда, я разарыўся, я хаваюся, у мяне за душой ні граша, я — разбойнік! А вы, хто прыбіраецца ў цёплае адзенне, жыве ў лепшых кватэрах і абжыраецца труфелямі, што вы такое? Вы жывеце як вам хочацца, гуляеце, а каб пазнаць, ці холадна, глядзіце на тэрмометры. Нам гэтага не патрэбна: мы самі — жывыя тэрмометры. Пачакайце, мы вас разарвем, паны мільянеры, ведайце гэта! Я быў заможным гаспадаром, жыў як належыць, я маю права голасу, а вы вось яшчэ невядома хто.

Ён зрабіў крок да сваіх прыяцеляў, што стаялі як і раней ля дзвярэй, і сказаў ім:

— І ён яшчэ адважваецца гаварыць са мной, як бог ведае з кім! Ды ці ведаеце вы, судар, — звярнуўся ён зноў да пана Леблана, — што я не такая падазроная асоба, як вы. Я не хаваю свайго імя, я не краду дзяцей. Я — стары французскі салдат і пад Ватэрлоа выратаваў нават жыццё аднаму генералу. Калі-б мне толькі знайсці яго і дазнацца імя, дык ужо я сумеў-бы скарыстаць гэта. Ну, ды час кончыць усе гэтыя размовы. Мне трэба грошы, шмат грошай, цэлую кучу грошай, або я знішчу вас, гром і маланка!

Пры ўспаміне Ватэрлоа ў Марыуса знікла ўсякае сумненне ў асобе Тэнард'е. Трывога і неўразуменне яго ўзмацніліся. Ён чуў, як кроў білася ў яго скронях, і пытанне, як зрабіць, зноў узнікла ў яго ўсхваляваных мазгах.

— Ну, што ты скажаш на гэта? — запытаў Тэнард'е ціхім і адрывістым голасам.

— Што ты можаш сказаць, перш чым пачнуць цябе патрашыць?

Пан Леблан маўчаў. Некалькі хвілін ужо ён з асаблівай увагай, здавалася, сачыў за ўсімі рухамі Тэнард'е. Той, аслеплены гневам, мітусіўся, як учадзелы. На адну хвіліну ён павярнуўся спіной да сваёй ахвяры. Пан Леблан скарыстаў гэтую хвіліну, перакуліў стол і адным прыжком, з незвычайнай лёгкасцю, перш чым Тэнард'е справіўся азірнуцца, апынуўся ля акна. Расчыніць яго, пералезці праз падаконнік, — на гэта патрэбна было не больш аднаго імгнення. Ён амаль ужо быў на вуліцы, як шэсць дужых рук схапілі яго і знергічна ўцягнулі ў пакой. Гэта былі трое прыяцеляў Тэнард'е, жонка-ж схапіла яго за валасы.

Пры шуме ўзнятай мітусні астатнія разбойнікі ўбеглі ў пакой. Адзін з іх падняў молат над галавой пана Леблана.

Марыус не мог знесці гэтага відовішча.

„Бацька, прабач мне!“ — падумаў ён.

І ён узвёў курок. Раптам пачуўся голас Тэнард'е:

— Не чапайце яго!

Адчайная спроба ахвяры, замест таго каб вывесці яго з сябе, заспакоіла яго.

— Не чапаць яго! — паўтарыў ён і, сам таго не падазраючы, спыніў і Марыуса, які, бачачы, што бліжэйшая небяспека мінула, рашыў чакаць яшчэ.

Завязалася геркулесаўская барацьба. Пан Леблан ударамі кулакоў і каленяў перакуліў траіх, але астатнія чацвёра схапілі яго за каршэнь і прыгнулі да зямлі. Потым яны павалілі яго на пасцель, звязалі рукі, а ногі прывязалі да ножкі ложка.

— Абшукайце яго! — скамандаваў Тэнард'е.

Пан Леблан больш не супраціўляўся. Зладзеі яго абшукалі. У кішэнях знайшлі толькі скураны кашалёк з шасцю франкамі і насавую хустачку.

— Больш нічога? — запытаў Тэнард'е, засоўваючы ў кішэню хустачку. — А партманета няма?

— Няма.

Ложак, на які павалілі пана Леблана, стаяў недалёка ад каміна. Тэнард'е ўзяў крэсла і сеў супроць яго. Шаленства на яго твары змянілася спакоем і хітрасцю. Ён усміхаўся.

— Адыйдзіце ў бок, — сказаў ён разбойнікам, — дайце нам пагутарыць.

Тыя ўсе адсунуліся да дзвярэй. Ён пачаў:

— Дарэмна вы, судар, збіраліся выскачыць у акно. Вы маглі пераламаць сабе нагу. Пагутарым лепш цяпер спакойна. Трэба вам сказаць, што я заўважыў у вас адну асаблівасць: гэта тое, што вы ўвесь час ні разу не крыкнулі.

Сапраўды, Пан Леблан ледзь толькі праказаў некалькі слоў, не ўзвышаючы голасу, і нават у бойцы, калі яго цягнулі ў пакой, ён захоўваў маўчанне.

— Божа мой, — казаў далей Тэнард'е, — вы маглі-б паклікаць на дапамогу, крычаць „каравул“. У такім становішчы, у якім вы знаходзіцеся ў гэтую хвіліну, гэта так зразумела. Дапусцім, што гэта было-б бескарысна, ніхто нічога не пачуў-бы, але крычаць вам ніхто не перашкодзіў-бы. Вы-ж і рота не разявілі, з чым вас і віншую, і скажу вам, які я з гэтага зрабіў вывад. Калі крычаць, з'яўляецца паліцыя, а за паліцыяй правасуддзе. Калі вы маўчыце, значыць, вы, таксама як і мы, ніколькі не жадаеце мець з імі справы. Гэта азначае яшчэ, я даўно ўжо сцяміў, што ў вас ёсць які-небудзь інтарэс хавацца. У нас ён таксама ёсць. Так што мы зразумеем адзін аднаго.

Пры гэтым ён утаропіўся на пана Леблана дапытлівым позіркам, нібы жадаючы пранікнуць у яго сумленне. Заўвага Тэнард'е наконт маўчання палоннага зрабіла непрыемнае ўражанне на Марыуса, які спачатку і не звярнуў на гэта ўвагі. Цемра, якая ахутвала ў яго вачах пана Леблана, згусцілася яшчэ больш. Але глыбокі спакой старога, не гледзячы на яго жахлівае становішча ў гэтую хвіліну, не мог не выклікаць захаплення ў маладым чалавеку.

— Мы паладзім, кажу я, — гаварыў далей Тэнард'е. — Я было ўскіпеў і нагаварыў глупстваў. Я сказаў, што мне трэба шмат грошай. Гэта бязглуздзіца. Я не жывадзёр які-небудзь. Мне проста-на-проста патрэбна дзвесце тысяч франкаў, вось і ўсё.

Пан Леблан маўчаў.

— Вы бачыце, я зусім не вымагальны, — зноў казаў Тэнард'е. — Вы мне дасце гэтыя грошы, і ўсё будзе скончана. Ручаюся вам, што тады вам не будзе чаго больш баяцца. Вы мне скажаце: „Са мною няма такой сумы“. Дык вы патурбуйцеся напісаць тое, што я вам прадыктую.

Тэнард'е падсунуў стол, выняў чарнільніцу і пяро і паклаў перад панам Лебланам ліст паперы.

— Пішыце! — сказаў ён.

— Вы хочаце, каб я пісаў са звязанымі рукамі? — праказаў, нарэшце, палонны.

— Ах, так, выбачайце, — адказаў Тэнард'е, — ваша праўда. Гэй, вы, адвяжыце-ка яму правую руку!

Калі рука стала вольная, Тэнард'е памакнуў пяро ў чарніла і падаў яго пану Леблану, гаворачы:

— Памятайце, паважаны судар, што вы цалкам у нашай уладзе і што ніякая сіла не вызваліць вас адсюль. Мне будзе вельмі непрыемна, калі давядзецца ўжыць крайнія меры. Я не ведаю ні вашага імя, ні адраса, але вы астанецеся звязаны да таго часу, пакуль пасланы з вашым пісьмом не прынясе адказу. Цяпер патурбуйцеся, калі ласка, напісаць наступнае.

Пан Леблан узяў пяро. Тэнард'е плачаў дыктаваць:

„Дачка мая…“

Палонны здрыгануўся і зірнуў на Тэнард'е.

— Пішыце: „Мілая мая дачка…“ — сказаў Тэнард'е.

Пан Леблан слухаўся. Тэнард'е казаў далей:

„Прыязджай зараз-жа…“ — Ён спыніўся. — Вы-ж гаворыце ей „ты“, ці-ж не праўда? — запытаў ён.

— Каму? — запытаў пан Леблан.

— Чорт вазьмі! — ускрыкнуў Тэнард'е. — Ды дзяўчынцы! Жаўранку.

— Не разумею, што вы гаворыце, — адказаў спакойна пан Леблан.

— Ну, ды ўсёроўна! — І ён зноў дыктаваў далей: — „Прыязджай зараз-жа. Ты мне неабходна. Асоба, якая перадасць табе гэтае пісьмо, прывязе цябе да мяне. Я чакаю цябе. Не палохайся нічога“.

Пан Леблан напісаў усё прадыктаванае. Тэнард'е сказаў:

— Выкрасліце „не палохайся нічога“. Гэта яшчэ навядзе яе на падазрэнне.

Стары выкрасліў апошнія словы.

— Цяпер падпішыцеся, — сказаў Тэнард'е. — Як вас завуць?

Палонны паклаў пяро на стол і запытаў:

— Для каго гэта пісьмо?

— Вы добра ведаеце, — адказаў Тэнард'е. — Для дзяўчынкі. Я-ж вам ужо сказаў. Падпішыцеся. Як вас завуць?

— Урбен Фабр, — адказаў стары.

Тэнард'е выхапіў з кішэні насавую хустачку і адшукаў метку.

— У. Ф., правільна. Урбен Фабр, — праказаў ён.

Палонны падпісаўся.

— Цяпер надпішыце адрас, — сказаў Тэнард'е, склаўшы пісьмо. — Мадэмуазель Фабр і дом, дзе вы жывеце. Гэта-ж, напэўна, недалёка, таму што вы ходзіце ў царкву нашага прыходу, паколькі вы правільна сказалі сваё імя, то, думаю, вы не зманіце ў адрасе. Надпішыце.

Палонны на імгненне задумаўся, потым узяў пяро і надпісаў:

„Мадэмуазель Фабр, кватэра пана Урбена Фабра, вуліца Сен-Дамінік, № 17.“

Тэнард'е схапіў пісьмо з нейкай канвульсіўнай паспешнасцю і закрычаў:

— Жонка, зараз-жа едзь з гэтым пісьмом; ты ведаеш, што рабіць. Глядзі, у момант вяртайся. А ты, — звярнуўся ён да аднаго з нягоднікаў, — суправаджай пані. Галоўнае-ж, не згубіце пісьма.

Пасланыя адразу-ж кінуліся з пакоя. Праз хвіліну пачуўся грукат ад'язджаўшых колаў. Конь загадзя быў падрыхтаваны машэннікамі.

Тыя, што асталіся ў прытоне, захоўвалі глыбокае маўчанне. Памочнікі Тэнард'е туліліся ў кутку, як звяры. Сам Тэнард'е грэў ногі ля жароўні. Палонны-ж зноў стаў, маўкліва-спакойны.

Марыус чакаў у глыбокай трывозе, якая ўзмацнялася ўсё больш і больш. Загадка зрабілася яшчэ больш невырашальнай, чым калі-небудзь. Што гэта за дзяўчынка, па якую паехала жонка Тэнард'е? Што гэта за Жаўранак? Няўжо гэта яна, яго „Урсула“? Між іншым, метка на хустачцы цяпер зрабілася зразумелай: Урбен Фабр, — значыць, яе завуць не Урсула. Ён стаяў амаль зусім разбіты ўсім бачаным і чутым. Ён чакаў, спадзеючыся, што які- небудзь выпадак вывядзе яго з гэтай цемры.

— Ва ўсякім выпадку, — сказаў ён сабе, — я яе ўбачу, бо яе-ж прывядуць сюды. Тады вырашу, што рабіць.

Прайшло каля поўгадзіны. Маўчанне ў пакоі панавала, як і раней. Тым не менш, з таго-ж боку, дзе сядзеў пан Леблан, Марыусу пачуўся нейкі шум.

Раптам Тэнард'е звярнуўся да палоннага:

— Слухайце, пан Фабр, лепш ужо я вам усё скажу. Зараз вернецца мая жонка. Думаю, што Жаўранак і сапраўды ваша дачка, і таму я разумею, што вы беражэце яе. Толькі вось што. З вашым пісьмом жонка мая паехала па яе. Жонка мая, як вы бачылі, апранута так, што паненка, вядома, за ёю пойдзе. Тут недалёка стаіць фура, запрэжаная парай добрых коней, і вашу паненку адвязуць у бяспечнае месца. З ёй астанецца мой таварыш, а жонка вернецца сюды і скажа: „Справа зроблена“. Што датычыць вашай дачкі, то ёй не зробяць нічога дрэннага, Калі вы заплаціце мне дзвесце тысяч франкаў, мы яе вам вернем. Калі-ж вы данясеце на мяне і мяне арыштуюць, то мой таварыш прыкончыць Жаўранка. Вось і ўсё. Як бачыце, усё гэта вельмі проста. Калі вы не захочаце дрэннага, то яго і не будзе. Я вас папярэдзіў, а там ваша справа. Як толькі жонка ўвойдзе і скажа: „Жаўранак у дарозе“, мы вас адразу-ж адпусцім дадому. Як бачыце, мы не маем дрэнных намераў.

Палонны не супярэчыў ніводным словам. Страшныя кар

Выява

Жонка Тэнард'е схапіла вялізны камень.

ціны пранесліся ў мазгах Марыуса. Як, яе не прывядуць сюды, а пакінуць на руках нейкага нягодніка, завязуць кудысьці! Што рабіць? Становішча рабілася больш грозным з кожнай хвілінай, можна было чакаць самага горшага.

У цішыні ў гэтую хвіліну пачуўся стук дзвярэй. Хтосьці хутка падымаўся па лесніцы.

— Вось яна! — праказаў Тэнард'е.

Дзверы з ярасцю адчыніліся, і жонка яго, чырвоная, задыханая, з палаючымі вачыма, уляцела ў пакой, крычачы і пляскаючы сябе рукамі па баках:

— Адрас фальшывы!

— Фальшывы? — паўтарыў Тэнард'е.

— У вуліцы Сен-Дамінік, у доме нумар семнаццаць, няма Урбена Фабра. Там нават не ведаюць, хто гэта такі.

Яна спынілася, задыхаючыся, потым прадаўжала:

— Тэнард'е, гэты стары цябе ашуквае. Ты надта міласлівы да яго. Я на тваім месцы зарэзала-б яго, зварыла-б жыўцом, тады-б ён загаварыў і сказаў-бы, дзе дзеўка. Вось як-бы я зрабіла! Праўду кажуць, што мужчыны дурнейшыя за жанчын. У нумары семнаццаць ніякага Фабра ніколі не было. А мы-то ляцелі як ашалелыя.

Марыус лёгка ўздыхнуў. Яна, Урсула, або Жаўранак, тая, якую ён цяпер не ведаў, як назваць, была выратавана.

Між тым, Тэнард'е зноў сеў за стол і ў задуменні глядзеў на распаленыя абцугі. Нарэшце, ён звярнуўся да старога і сказаў:

— Фальшывы адрас? На што-ж ты спадзяваўся?

— Выйграць час! — ускрыкнуў палонны грамавым голасам. І ў тую-ж хвіліну скінуў путы, якія аказаліся перарэзанымі. У палоннага асталася прывязаная адна толькі нага.

Перш чым сем зладзеяў паспелі апамятацца, ён нагнуўся да жароўні, выхапіў з яе абцугі, потым выпрастаўся і грозна падняў іх над галавою. Прысутныя мімаволі адскочылі і ў глыбокім здзіўленні глядзелі на яго.

Судовае следства, якое рабілася праз некаторы час у халупе Гарбо, паказала, што на падлозе ў гэтым катуху знойдзена была медная манета, асобным спосабам распілаваная. Гэта было адно з цудаў лоўкасці і цярпення, якое спараджаецца катаргай, і прадстаўляе сабой не што іншае, як прыладу бегства. Амаль без ніякіх інструментаў, пры дапамозе якога-небудзь старога нажа, катаржніку ўдаецца распілаваць медны грош на дзве тонкія пласцінкі і злёгку іх выдаўбіць. На краі робіцца маленькі вінцік, пры дапамозе якога абедзве палавінкі зноў злучаюцца. У манеце хаваецца стальная тонкая пілка, якою і перапілоўваюць кайданы і ланцугі. Такую манету знайшла паліцыя ў трушчобе Тэнард'е. Яна, відавочна, належала палоннаму.

Між тым, ён ускрыкнуў:

— Вы зладзеі, але жыццё маё не варта таго, каб яго так абараняць. Калі вы спадзяецеся, што прымусіце мяне гаварыць, прымусіце напісаць тое, чаго я не хачу напісаць, сказаць тое, чаго я не хачу…

І, закасаўшы левую руку да локця, ён дадаў:

— Глядзіце!

І ў тую-ж хвіліну ён прыклаў да цела распаленае жалеза, якое трымаў у правай руцэ.

Пачулася шыпенне паленага мяса, і пах, уласцівы засценкам, напоўніў пакой.

Марыус пахіснуўся ад жаху: нават разбойнікі здрыгануліся.

Рысы твару дзіўнага старога ледзь змяніліся, і ў той час, як распаленае жалеза ўтыкалася ў дымучую рану, спакойны і велічны, ён утаропіў свой ясны позірк на Тэнард'е, — позірк без нянавісці, дзе пакуты зніклі ў няземным спакоі.

— Агідныя, — сказаў ён, — не бойцеся мяне, таксама як і я не баюся вас.

І, ададраўшы абцугі, ён выкінуў іх праз адчыненае акно на вуліцу.

— Цяпер рабіце са мною, што хочаце.

— Бярыце яго! — ускрыкнуў Тэнард'е.

Два разбойнікі падышлі да старога і схапілі яго за плечы. Адзін падняў молат і кожную хвіліну гатовы быў разбіць яму чэрап.

Тэнард'е паціху падышоў да стала і выхапіў з шуфляды нож.

Марыус сударгава сціскаў рукаятку пісталета. Страшная нерашучасць. Цэлую гадзіну ўжо змагаўся ён сам з сабою. Ён усё чакаў якой-небудзь выпадковасці, якая-б усё вырашыла, але нічога не з'яўлялася. Тэнард'е, між тым, стаяў у раздум'і з нажом у руцэ.

Раптам позірк Марыуса выпадкова ўпаў на стол. Пры святле месяца ён убачыў невялікі кавалачак паперы, на якім рукою маладой дзяўчыны напісана было: „Прышла паліцыя“.

Марыуса падбадзёрыла раптоўная думка. Ён працягнуў руку з камода да стала, схапіў паперу, адламаў ад сцяны кавалак тынку і, закруціўшы яго ў паперку, кінуў праз адтуліну ў пакой Тэнард'е. Быў час. Тэнард'е пакончыў з сваёй нерашучасцю і набліжаўся да сваёй афяры.

— Штосьці ўпала! — ускрыкнула жонка.

— Што такое? — запытаў муж.

Выява

Жан Вальжан у прытоне Тэнард'е.

Жанчына нагнулася, падняла камяк і перадала мужу.

— Адкуль гэта ўпала? — запытаў ён.

— Адкуль? Вядома, з акна, — адказала жонка.

Тэнард'е разгарнуў паперу і прачытаў.

— Гром і маланка! — ускрыкнуў ён. — Почырк Эпаніны. Хутчэй лесніцу і давай бог ногі! Кінем сала ў мышалоўцы.

— Як-жа мы ўцячом?

— Праз акно.

Разбойнікі кінулі старога і ў момант пачалі прымацоўваць лесніцу да падаконніка.

Палонны не звяртаў, як відаць, ніякай увагі на гэтую мітусню. Здавалася, ён размышляў ці маліўся.

Як толькі ўмацавалі лесніцу, Тэнард'е ўскрыкнуў:

— Ну, жонка, лезь! — і першы кінуўся да акна.

Раптам адзін з разбойнікаў схапіў яго за каршэнь.

— Не, стой, стары штукар, перш мы!

— Вы, дзеці, — адказаў Тэнард'е, — пачынаеце спрачацца, мы трацім час, а паліцыя ў нас за спіной.

— Ну, дык кінем жрэбі, каму перш, — адказаў разбойнік.

— Ды вы звар'яцелі! — заенчыў Тэнард'е. — Вось ёлупы! Кідаць жрэбі! Ці не хочаце вы пісаць імёны і кідаць іх у шапку?

— Мо вам даць мой капялюш? — запытаў нейчы голас з парога дзвярэй.

Усе абярнуліся. Гэта быў Жавер.

Ён трымаў у працягнутай руцэ капялюш і ўсміхаўся.

З надыходам вечара Жавер расставіў вакол дома Гарбо варту і пачаў справу з таго, што арыштаваў абодвух маладых дзяўчын, якія стаялі на варце. Але яму ўдалося захапіць толькі малодшую — Азельму; старэйшая-ж, Эпаніна, паспела схавацца. Пасля таго Жавер пачаў чакаць умоўленага сігнала. Прачакаўшы даволі доўга і дарэмна, ён рашыў распачаць дзеянні і ўвайшоў у дом. Ён з'явіўся якраз у пару.

Зладзеі кінуліся да зброі, якую яны пакідалі ў тую хвіліну, калі сабраліся ўцякаць. Яны ўзброіліся, хто молатам, хто нажом, хто абцугамі, і ў адну секунду сталі ў абарончае палажэнне.

Жонка Тэнард'е схапіла ў рукі вялізны камень, які служыў лавачкай яе дочкам.

Жавер надзеў капялюш і, скрыжаваўшы рукі, зрабіў два крокі ўсярэдзіну пакоя.

— Стой! — ускрыкнуў ён. — Праз акно вы не пройдзеце, вы выйдзеце ўсе ў дзверы. Гэта больш бяспечна. Вас семера, а нас пятнаццаць. Будзем разумныя!

І, абярнуўшыся да дзвярэй, сказаў:

— Заходзьце цяпер!

У пакой увайшоў атрад гарадской варты з шаблямі нагола і падышоў да Жавера. Па яго загаду машэннікаў звязалі і ўсім надзелі кайданы.

У гэтую хвіліну ён заўважыў палоннага і сказаў:

— Развяжыце гэтага пана, і каб ніхто не выходзіў з пакоя.

Зрабіўшы гэты загад, ён сеў ля стала, выхапіў з кішэні ліст гербавай паперы і пачаў складаць пратакол.

Калі ён напісаў першыя радкі, якія пішуцца заўсёды па адной і той-жа вядомай форме, ён узняў галаву і сказаў:

— Паклічце сюды пана, якога гэтыя малайцы звязалі.

Паліцэйскія азірнуліся навокал.

— Ну, што-ж? — сказаў Жавер. — Дзе ён?

Палонны зладзеяў, пан Леблан, пан Урбен Фабр, бацька Урсулы, або Жаўранка, знік.

Дзверы вартавалі, але акно аставалася без варты. Як толькі ён убачыў, што яго развязалі, а Жавер узяўся за пратакол, ён скарыстаў гэтую мітусню, цеснату і цемру, і ў тую хвіліну, калі ўвага ўсіх накіравана была на разбойнікаў, ён выскачыў праз акно.

Адзін з агентаў кінуўся туды. На вуліцы нікога не было відаць. Лесніца за акном яшчэ хісталася.

— Чорт вазьмі, — прамармытаў Жавер праз зубы, — гэты напэўна быў самы галоўны!


На другі дзень пасля апісаных намі падзей нейкі хлопчык ішоў па адной з алей бульвара Опіталь. Ён быў бледны, хударлявы, апрануты ў лахманы, але, як відаць, мала турбаваўся аб гэтым. Ён ва ўсё горла спяваў якуюсьці песню. Дайшоўшы да дома № 50-52 ён спыніўся і, знайшоўшы дзверы запёртымі, пачаў стукаць у іх з усёй сілы. З двара выбегла старая, што вартавала халупу.

— Добры дзень, старушэнцыя, — праказаў хлопчык. — Я прышоў наведаць сваіх продкаў.

Старая зрабіла нейкую агідную грымасу і сказала:

— Нікога няма, чарцянё.

— Як? А дзе-ж мой бацька, маці і сёстры?

— Усіх забралі ў турму.

Хлопчык пачасаў у патыліцы, зірнуў на старую і праказаў толькі: „А!..“

Потым ён павярнуўся на пятках, і праз хвіліну старая пачула, як ёй зноў зацягнуў сваю песню, паглыбляючыся ўсё далей і далей у надыходзячы змрок.

Хлопчык гэты, па імю Гаўрош, быў сын пары Тэнард'е, якога яны не любілі і які заўсёды бадзяўся па горадзе і не заходзіў да бацькоў па цэлых месяцах, што, між іншым, тых ніколькі не турбавала.

ХХІІ

АДРАС

Марыус прысутнічаў да канца нечаканай развязкі змовы, на сляды якой ён навёў Жавера; але як толькі Жавер пакінуў халупу, увозячы з сабою ў трох карэтах палонных, Марыус, у сваю чаргу, выбег з дома. Было каля дзевяці гадзін вечара. Юнак адправіўся да свайго прыяцеля Курфейрака, які жыў у Лацінскім квартале, і заявіў яму, уваходзячы:

— Я прышоў да цябе начаваць.

Курфейрак сцягнуў з ложка адзін матрац, — іх было два, — кінуў яго на падлогу і сказаў:

— Вось табе пасцель!

Калі на другі дзень Жавер прышоў у дом Гарбо, каб распытаць у Марыуса яшчэ пра якія-небудзь падрабязнасці, то старая коратка адказвала:

— Пераехаў.

Прайшоў месяц. Марыус вельмі сумаваў. Усе надзеі зноў зніклі ў яго, і ён зноў брадзіў у цемры. Каханне да маладой дзяўчыны, аб імі якой ён і цяпер не мог нават здагадацца, бо, відавочна, яе звалі не Урсулай, не зменшылася, а, наадварот, нібы мацнела ў яго душы. Усе думкі, усе жаданні яго зліліся ў двух словах: убачыць яе. Апрача ўсяго застала нястача, таму што ён не працаваў і не мог нават узяцца за работу.

Дні ішлі за днямі, не прыносячы з сабой нічога новага. Аднойчы, у час сваіх адзінокіх і бясконцых прагулак, Марыус зайшоў на цудоўны зялёны лужок, вакол якога вілася рэчка і дзе стаяла некалькі маленькіх домікаў, акружаных палісаднікамі. Гэта было адно з парыжскіх прадмесцяў ля заставы. Уздоўж наберажнай ракі ішла алея дрэў, і ўсё дыхала цішай і адзінотай. Мімаволі здзіўлены прыгожасцю мясцовасці, Марыус запытаў у прахожага:

— Як завецца гэтае месца?

— Жаўранкава поле, — адказваў прахожы.

Пры слове „Жаўранак“ Марыус схамянуўся. „Жаўранак“ была мянушка, якою там, у мансардзе, называлі „яе“. Гэтым імем ён у глыбіні душы замяніў імя Урсулы.

— Тут я дазнаюся, дзе яна жыве; гэта яе поле, — сказаў ён сабе.

Гэтая думка была недарэчная, але неадольная.

І ён кожны дзень пачаў прыходзіць на Жаўранкава поле.

У адну з такіх прагулак ён сядзеў, глыбока задумаўшыся, на лаўцы пад дрэвам, як раптам знаёмы голас прымусіў яго ўстрапыхнуцца. Ён хутка ўзняў галаву і ўбачыў перад сабой Эпаніну.

Дачок Тэнард’е за недахопам улік супроць іх абодвух адпусцілі на волю.

Яна была такая-ж абшарпаная, як заўсёды. Лахманы яшчэ больш знасіліся за гэты час. Твар загарэлы, а ў выразе яго з’явілася штосьці спалоханае і жалкае, — асаблівасць, якую надавала турма і галеча.

— Нарэшце я вас знайшла! — ускрыкнула яна. — Я-ж шукаю вас ужо шэсць тыдняў. Вы хіба там больш не жывеце?

— Не, — адказваў Марыус.

— А, разумею, гэта з-за той гісторыі. А, ведаеце, я за гэты час паспела два тыдні прасядзець у турме. Яны мяне выпусцілі таму, што нічога не знайшлі, ды яшчэ таму, што я гадамі не вышла. Дзе-ж вы жывеце зараз?

Марыус не адказваў. Яна-ж зноў пачала, злёгку засмучаная:

— Здаецца, вы не асабліва рады мяне бачыць? А, між тым, калі-б я захацела, я прымусіла-б вас развесяліцца.

— Што ты хочаш сказаць? — запытаў Марыус.

Яна памаўчала з хвіліну, нібы хістаючыся, але потым страсянула галавою і сказала:

— Ну, ды ўсёроўна. Вы сумны, я хачу, каб вы павесялелі. Слухайце, я даведалася пра адрас.

Марыус збляднеў. Уся кроў прыліла яму да сэрца. Ён запытаў:

— Які адрас?

— Той, аб якім вы мне даручылі даведацца. Адрас той паненкі.

Марыус, як звар’яцелы, саскочыў з лаўкі і схапіў яе за рукі:

— О, вядзі мяне хутчэй! Кажы, чаго ты хочаш! — ускрыкнуў ён, ап’янелы ад нечаканага шчасця.

— Пойдзем са мною. Я не ведаю ні назвы вуліцы, ні нумара дома, гэта ў процілеглым баку адсюль; але дом я добра памятаю па выгляду. Я вас правяду туды.

І яны адправіліся.

XXIII

ВУЛІЦА ПЛЮМЕ

У канцы мінулага стагоддзя ў адным з бязлюдных кварталаў Сен-Жэрменскага прадмесця быў пабудаваны на вуліцы Плюме дом. Ён прадстаўляў сабою невысокі павільён, абкружаны садам. Ззаду за павільёнам стаяў маленькі флігелік, у якім было ўсяго два пакоі. Ад задняй сцяны гэтага флігеля ішоў вузкі, доўгі калідор без столі паміж двух паралельных сцен, надзвычай па-майстэрску схаваны між садовых агарожаў. Абодва канцы калідора замыкаліся дзвярыма з сакрэтам, з якіх адны злучаліся з флігелем, а другія выходзілі ў бязлюдны канец Вавілонскай вуліцы. З вуліцы Плюме ніхто не мог-бы здагадацца, што ісці ў Вавілонскую вуліцу азначала папасці ў дом.

Дом быў вельмі добра і нават пышна мэбляваны ранейшым уладаром. Але ў час рэволюцыі ён перайшоў у рукі нейкага кацельшчыка, які хутка абвешчаны быў банкротам[40]. З таго часу дом аставаўся незаняты і то прадаваўся, то аддаваўся ў наём.

У кастрычніку 1829 года з’явіўся пажылы пан і наняў увесь дом. Ён загадаў зрабіць усе патрэбныя папраўкі, аднавіць сакрэтныя замкі і хутка скромна пасяліўся ў ім з маладзенькай дзяўчынкай і старой служанкай.

Гэты скромны жыхар быў Жан Вальжан, маладая дзяўчына — Казета, а служанка — старая Тусен, якую Жан Вальжан выратаваў ад хваробы і галечы. Дом гэты ён заняў пад імем пана Фашлевана, рант’е.

Чаму-ж Жан Вальжан пакінуў манастыр? Што такое здарылася?

Нічога не здарылася. Вядома, што Жан Вальжан у манастыры быў такі шчаслівы, што сумленне яго пачало трывожыцца. Ён заўсёды бачыў каля сябе Казету, пераконваў сябе, што яна непадзельна належыць яму і ніхто не можа яе адабраць. Яна пасля, вядома, пастрыжэцца ў манашкі, і такім чынам манастыр будзе сусветам для яе, як і для яго. Ён у ім састарэецца, а яна вырасце, потым і яна састарэецца, а ён памрэ. Ніякая разлука немагчыма. Думаючы аб гэтым, ён пачаў хвалявацца. Ён задаў сабе пытанне: ці не з’яўляецца яго шчасце шкодай чужому шчасцю? Ці не прысвойвае ён сабе тое, што яму не належыць? Ён казаў сабе, што гэтае дзіця мае права, перш чым адрачыся ад жыцця, пазнаць яго; што пазбавіць яе ўсіх радасцей пад выглядам выратавання ад усіх нягод — азначае скарыстаць яе няведанне і скалечыць чалавечую істоту. Хто ведае, ці не будзе ненавідзець яго калі-небудзь Казета. Гэтая думка была для яго нясцерпнай. Ён рашыў пакінуць манастыр. Ён зразумеў, што гэта неабходна.

Пяць год правёў ён за гэтымі ціхімі сцянамі. Усе небяспекі мінулі, і ён мог спакойна ўступіць у людское грамадства. Ён састарэўся, і ўсё змянілася. Хто яго можа пазнаць цяпер? Да таго-ж, небяспека пагражала толькі яму аднаму, а з-за таго, што ён асуджаны на катаргу, ён не меў права асуджаць Казету быць манашкай.

Што азначае небяспека перад абавязкам? Нарэшце, ён будзе прадугледлівы і асцярожны.

Прыняўшы гэтае рашэнне, ён чакаў толькі выпадку, каб яго выканаць. Выпадак хутка здарыўся. Стары Фашлеван памёр.

Хутка пасля пахавання Жан Вальжан папрасіў аўдыенцыю[41] ў ігуменні і сказаў ёй, што пасля смерці брата ён атрымаў невялікую спадчыну, якая дазваляе яму цяпер жыць без асаблівых цяжкасцей. Таму ён пакідае манастыр і бярэ з сабою і дачку. Але з прычыны таго, што Казета вучылася ўвесь час дарэмна, а ў манашкі не пастрыжэцца, то ён просіць матушку прыняць ад яго грашовую ўзнагароду ў размеры пяці тысяч франкаў.

Такім чынам пакінуў Жан Вальжан манастыр.

Хутка ён адшукаў дом на вуліцы Плюме і канчаткова ў ім пасяліўся пад імем Ультыма Фашлевана. Адначасова з гэтым домам у розных месцах Парыжа ён наняў яшчэ дзве кватэры, каб у выпадку трывогі не быць даведзеным да крайнасці, як у тую страшную коч, калі ён папаў у манастыр. Час ад часу ён пасяляўся з Казетай па чарзе ў кожнай кватэры і праводзіў там па некалькі тыдняў, прычым не браў з сабой служанкі.

Але галоўным яго месцазнаходжаннем аставаўся дом на вуліцы Плюме. Там ён усталяваўся наступным чынам.

Павільён займала Казета з служанкай. Сам-жа ён пасяліўся ў флігелі, які ззаду за домам злучаўся з калідорам, пра які мы ўжо ўпаміналі. Беднасць абсталявання яго двух пакояў рэзка адрознівалася ад раскошнай мэблі і ўбрання павільёна, дзе ўсё абабіта было шоўкам і мяккімі дыванамі. Абедаў ён разам з Казетай. Гаспадарку вяла мададая дзяўчына, якая была прывучана да гэтага ў манастыры. Усё вялося вельмі скромна. Кожны дзень хадзілі абодва яны гуляць у Люксембургскі сад, у самую бязлюдную алею. Кожную нядзелю адпраўляліся ў бліжэйшую царкву, прычым Жан Вальжан раздаваў міласціну. Ніхто з чужых не дапускаўся ў дом. Жыхары дома ўваходзілі і выходзілі праз фортку на Вавілонскай вуліцы, так што цяжка было здагадацца, што яны жывуць на вуліцы Плюме, хіба хто-небудзь убачыў-бы іх праз агарожу саду, якая заўсёды была запёртая. Жан Вальжан пакінуў сад у запушчаным стане, каб не прыцягваць нічыёй увагі. У гэтым ён, магчыма, памыляўся.

Іменна сваёю дзікасцю сад быў чароўны. Прахожыя мімаволі спыняліся, каб палюбавацца ім, не падазраваючы зусім аб таямніцах, схаваных у яго гушчары. Блізка ля агарожы, у кутку, стаяла старая каменная лаўка, пакрытая мохам. Вясною ўвесь зараснік дружна разрастаўся. Сонца рассыпала кветкі, прыгожасць, радасць і арамат. Тысячы матылькоў насіліся ў яго праменнях, як клочча снегу сярод лета. Увечары падымалася празрыстая дымка, якая ахутвала ўвесь сад. Чулася апошняе чырыканне засынаўшых птушак, і ўсё паступова сціхала ў чароўным спакоі.

Зімою гушчар рабіўся чорны, лісці асыпаліся, і праз галінкі быў відаць дом. Але ва ўсякую пару года сад дыхаў меланхоліяй і адзінотай, не гледзячы на тое, што за два крокі ад яго быў парыжскі брук, раскошны, поўны шумнага руху вуліцы. У гэтым-жа чароўным кутку панавалі ціша і спакой.

Казета вышла з манастыра амаль дзіцем: ёй было крыху больш чатырнаццаці год. Яна знаходзілася ў няўдзячным узросце падлетка, і твар яе, апрача вачэй, хутчэй быў непрыгожы, чым прывабны; апрача таго, яна была хударлявая, нялоўкая і нясмелая.

Выхаванне яе было скончана: яе навучылі ўсяму, што лічылася ў той час неабходным ведаць маладой дзяўчыне. Перасяліўшыся з манастыра на вуліцу Плюме, яна, па сутнасці, толькі змяніла месца затворніцтва. Жан Вальжан аддаў ёй сад у поўнае распараджэнне. Яна бегала там цэлымі днямі, знаходзячы ў ім невычарпальную крыніцу рознастайнасці. Галоўнае-ж, яна абажала свайго бацьку, гэта значыць Жана Вальжана. Ён быў для яе самым цікавым суразмоўнікам у свеце. Яна не адыходзіла ад яго ні на крок. Яна смутна памятала свае дзіцячыя гады і малілася за маці, якую яна не ведала. Вобраз яе зліваўся ў яе з вобразам Жана Вальжана, які быў для яе ўсім.

Жан Вальжан быў шчаслівы гэтаю прывязанасцю. Ён адчуваў, што думка яго растае ў гэтай асалодзе.

Ён стараўся пераканаць сябе, што так будзе заўсёды, што нічога не парушыць цячэння іх жыцця, і ў глыбіні душы дзякаваў богу, што ён дараваў яму, адвержанаму, любоў гэтай нявіннай істоты.

Так прайшло каля года. Аднойчы Казета зірнула ў люстэрка, і ёй здалося, што яна прыгожанькая. Раней яна ніколі амаль не думала пра свой твар і прывыкла, што яе лічылі непрыгожай. І вось раптам люстра сказала ёй зусім іншае. Праз некалькі дзён яна пачула, як старая Тусен гаварыла Жану Вальжану:

— Пан, ці заўважылі вы, якая наша паненка зрабілася прыгожанькая?

Казета не чула, што адказваў бацька, але словы Тусен глыбока закранулі яе. Яна пабегла ў свой пакой, кінулася да люстэрка і не магла не згадзіцца з старою: на яе глядзеў прыгожанькі, свежанькі тварык, асветлены блакітнымі вочкамі. Яна была ў захапленні ад самой сябе.

Жан Вальжан, наадварот, адчуваў глыбокі і невыказны смутак у сэрцы. З некаторых часоў ён не мог не бачыць, што Казета квітнела ўсё пышней і пышней, нібы ранішні золак, змрочны для яго аднаго. Ён прадчуваў нейкую ракавую перамену ў сваім шчаслівым жыцці, — перамену, у якой ён не мог яшчэ разабрацца. Чалавек гэты, які перанёс усе пакуты, прайшоў праз усе знявагі, якія можа толькі даць жыццё, зміраўся з усім, дароўваў усё і маліў лёс толькі аб адным, каб Казета любіла яго. Падтрымліваемы гэтай любоўю, ён адчуваў сябе вылечаным, заспакоеным, узнагароджаным, адпачыўшым. Ён не патрабаваў іншага шчасця.

„Яна такая красуня. Што будзе са мною?“ думаў ён, з жахам гледзячы на маладую дзяўчыну.

Праз месяц Казету нельга было пазнаць. Інстынктыўна разам з прыгожасцю з’явілася жаданне старанна заняцца сваім туалетам. Аднойчы ў час прагулкі яна чула, як хтосьці сказаў у яе за спіной:

— Прыгожанькая жанчына, а як дрэнна апранута.

Яна не падумала, што гэтая заўвага датычыць яе, таму што лічыла сябе тады яшчэ непрыгожай. Але цяпер, усведамляючы сваю прывабнасць, яна рашыла замяніць сваё агіднае манастырскае ўбранне прыгожай гарадской сукенкай.

У першы раз, калі Казета надзела для гуляння новую сукенку, яна, радасная і шчаслівая, пайшла гуляць з Жанам Вальжанам, які з трывожным смуткам не зводзіў з яе вачэй.

У гэты самы час Марыус убачыў яе ў Люксембургскім садзе пасля шасцімесячнага прамежку.

Казета даўно ўжо заўважыла юнака, якога яны так часта сустракалі ў час сваіх штодзённых прагулак. Яна знайшла яго вельмі прыгожым, але паколькі ён спачатку не звяртаў на яе ўвагі, то ён быў для яе абыякавы.

У той дзень, калі яны сустрэліся вачыма адзін з адным, Казета спачатку нічога не зразумела, але задуменна вярнулася дадому, на Заходнюю вуліцу, куды ў гэты час не надоўга пераехаў Жан Вальжан. На другі дзень яна зноў успомніла пра незнаёмага маладога чалавека, і ёй здалося, што цяпер ён пачаў звяртаць на яе ўвагу.

Так прайшло некалькі часу; прагулкі ў сад і сустрэчы з невядомым паўтараліся. Кожны позірк непрыкметна збліжаў Казету і Марыуса, і яны пачалі багатварыць адзін аднаго. Яны нічога не гаварылі адзін аднаму, не віталіся, не былі знаёмы, але, нібы зоркі, жылі позіркамі.

Жан Вальжан спачатку нічога не заўважаў. Марыус несвядома ўхіляўся ад яго. Але надышоў момант, калі стары мімаволі звярнуў увагу на маладога чалавека. Перш за ўсё яму кінулася ў вочы тое, што ён перастаў праходзіць міма, а садзіўся цяпер воддаль з разгорнутай кнігай у руках, у якой па цэлых гадзінах не перагортваў старонкі. Потым яго новае адзенне, тады як ён заўсёды насіў старое. Нарэшце Жан Вальжан зненавідзеў юнака.

Казета, між тым, нічым сябе не выдавала, смутна ўяўляючы, што яна перажывае цяпер штосьці, патрабуючае таямніцы.

Тады Жан Вальжан узняў цэлую вайну супроць Марыуса, аб якой той, вядома, не здагадаўся, і таму кожны раз пападаў у пастку, Жан Вальжан змяніў гадзіну прагулак, лаўку, забыў хустачку, з’яўляўся адзін у Люксембургскі сад. Марыус, як ашалелы, кідаўся ва ўсе гэтыя пасткіі на ўсё адказваў: так. Казета, між тым, аставалася замкнутай ў сваёй прыкідной абыякавасці і непарушным спакоі, так што Жан Вальжан рашыў пра сябе:

„Гэты павеса да шаленства закаханы ў Казету, але яна нават і не здагадваецца пра яго існаванне“.

Сэрца яго тым не менш сціскалася. З хвіліны на хвіліну Казета таксама магла пакахаць. Усё пачынаецца з абыякавасці. Раз толькі Казета зрабіла промах, які навёў на яго жах. Прасядзеўшы тры гадзіны на садовай лаўцы, ён устаў і сказаў, што пара дадому.

— Ужо? — запытала яна.

Жан Вальжан не спыніў сваіх прагулак, але ў той час, калі маладыя людзі абменьваліся позіркамі і ўсмешкамі, ён накіроўваў на Марыуса такі позірк, што, здавалася, усё пахмурае і злоснае, заснуўшае ў глыбіні яго душы, зноў узнімаецца ў ім і мімаволі вырываецца з яе. Далейшы ход падзей нам вядомы. Пасля таго, як Марыус аднойчы сачыў за імі да самай кватэры на Заходняй вуліцы, Жан Вальжан выехаў адтуль, рашыўшы больш не вяртацца. Ён вярнуўся на вуліцу Плюме.

Казета ўсё маўчала. Яна ні пра што не пыталася, а Жан Вальжан не зразумеў значэнне гэтага маўчання. Ён заўважыў толькі, што яна сумная і бледная.

Аднойчы ён захацеў зрабіць спробу.

— Калі хочаш, пойдзем у Люксембург? — запытаў ён.

Твар Казеты асвятліўся радасцю.

— О, так! — адказвала яна.

Гэта было праз тры месяцы пасля іх адсутнасці. Марыуса яны не сустрэлі. На другі дзень Жан Вальжан зноў запытаў:

— Калі хочаш, пойдзем у Люксембург?

— Не, не хачу, — адказвала яна сумна і коратка.

Жан Вальжан быў абражаны гэтым сумам і ўстрывожаны гэтай ціхамірнасцю.

Што адбывалася ў гэтай маладой і непранікальнай душы? Што паспявала ў ёй? Часта-ж Жан Вальжан, замест таго каб легчы спаць, праседжваў цэлымі гадзінамі, думаючы над гэтымі пытаннямі.

Як шкадаваў ён у гэтыя хвіліны, што пакінуў манастыр, гэтую абіцель нявіннасці і дабрадзейнасці! Нашто ўвёў ён Казету ў гэты свет, поўны шаленстваў і гора? І ён раскайваўся ў сваёй самаафярнасці і з глыбокім смуткам запытваў у сябе: „За што? Што я зрабіў?“

Казета, з свайго боку, мучылася. Калі Жан Вальжан спыніў свае прагулкі ў сад, яна сказала сабе, што няварта паказваць выгляду, што яна шкадуе гэтага, і тады бацька зноў павядзе яе туды. Але дні праходзілі за днямі, прайшлі месяцы, а Жан Вальжан і не думаў пра гэта. Ён маўкліва прыняў маўклівую згоду Казеты. Тады яна пачала шкадаваць аб сваіх паводзінах, але было ўжо позна. Калі яна вярнулася ў Люксембург, Марыуса там не было.

Між іншым, ні Жан Вальжан, ні Казета нічым не выдавалі адзін аднаму сваіх душэўных трывог. Чым глыбей мучыўся ён, тым далікатнейшыя рабіліся яго адносіны да яе. Чым больш узмацнялася пачуццё Казеты, тым яна, рабілася больш бледнай. Гэта мучыла Жана Вальжана.

— Што з табою? — запытваў ён.

— Нічога, — нязменна адказвала яна.

І пасля кароткага маўчання, угадваючы яго смутак, яна запытвала:

— А з табою што, бацька?

— Са мною? Нічога, — адказваў ён.

Гэтыя дзве істоты, якія так выключна любілі адна адну і так доўга жылі толькі адна для адной, мучыліся цяпер разам адна праз другую, маўкліва, пакорліва і ўсміхаючыся.

XXIV

ЦЕНЬ

Так паступова іх існаванне атулялася ценем. Ад ранейшага жыцця ім асталося адно толькі здавальненне: наведваць бедных, даваць ім хлеб і вопратку. У гэты самы час яны наведвалі вярцеп Жандрэта.

На другі дзень пасля гэтага наведвання Жан Вальжан з’явіўся да Казеты спакойны, як заўсёды, але з вялізнай ранай на левай руцэ, страшэнна ўспалёнай і падобнай да апёку. Паходжанне яе ён вытлумачыў сяк-так. Рана гэта прымусіла яго цэлы месяц прасядзець дома ў вялікай ліхарадцы. Ніякія просьбы Казеты не маглі прымусіць яго згадзіцца, каб запрасіць доктара.

Раніцою і ўвечары яна рабіла яму перавязкі з такою ласкаю і шчасцем ад думкі, што можа быць яму карысна, што Жан Вальжан адчуваў прыліў нейкай асалоды. Усе былыя радасці вярнуліся да яго, а страхі, туга амаль зніклі. Ён думаў пра сябе:

„О, благаславенная рана, о, мілае мучэнне!“

Бачачы хваробу бацькі, Казета, зусім перасялілася да яго ў флігель і цэлыя дні праводзіла каля яго. Яна чытала яму яго любімыя кнігі, пераважна падарожжы, і Жан Вальжан зусім ажыў. Шчасце яго было такое вялікае, што нечаканая сустрэча з сям’ёй Тэнард’е ў іх страшным прытоне амаль не пакінула ў ім ніякага следу. Ён нават з жалем ўспамінаў пра гэтых няшчасных, якія пакутуюць цяпер у турме.

Настала вясна. Сад зноў апрануўся ў сваё цудоўнае зялёнае адзенне, і Жан Вальжан сказаў Казеце:

— Чаму ты ніколі не гуляеш у садзе? Ідзі, пагуляй.

— Як ты хочаш, бацька, — сказала Казета.

Каб зрабіць яму прыемнасць, яна аднавіла свае прагулкі. Жан Вальжан амаль зусім выздаравеў.

Калі Казета ўбачыла, што бацька папраўляецца і, як відаць, зусім шчаслівы, то ў ёй з’явілася задаволенасць, якой яна раней у сабе не заўважала. Сумныя думкі мала-па-малу пакінулі яе, і на душы разам з вясною пачыналася світанне і вярталася ранейшае шчасце. Жан Вальжан з захапленнем назіраў гэтую радасную перамену.

Нарэшце, рана яго загаілася, і ён зноў пачаў свае адзінокія вячэрнія прагулкі, да якіх так прывык.

Аднойчы здарылася дзіўная падзея.

У першых чыслах красавіка Жану Вальжану давялося паехаць з дому на некалькі дзён. Гэта здаралася часам, і адсутнасць яго цягнулася звычайна два-тры дні. Куды ён выязджаў, аб гэтым не ведала нават Казета; падарожжы гэтыя супадалі з часам, калі ў доме выходзілі грошы.

На гэты раз, ад’язджаючы, ён сказаў:

— Я вярнуся праз тры дні.

Увечары Казета была дома адна. Яна села за клавікорды[42] і пачала спяваць, акампануючы сабе. Скончыўшы, яна задумалася аб чымсьці.

Раптам ёй здалося, што яна чуе ў садзе нейчыя крокі. Гэта не мог быць бацька, таму што яго не было дома, ні старая Тусен, таму што яна ўжо лягла спаць. Было дзесяць гадзін вечара.

Яна падышла да акна і прыслухалася. Ёй здалося, што крокі былі мужчынскія і вельмі асцярожныя. Яна шпарка ўзбегла да сябе наверх, адчыніла фортачку і зірнула ў сад. Месяц ярка свяціў. На дварэ было ясна, як удзень. Але ў садзе нікога не было. Усё было ціха і спакойна, як заўсёды.

Казета падумала, што гэта ёй проста здалося, і да раніцы амаль забыла пра гэтае здарэнне.

Увечары на другі дзень яна вышла ў сад. Адну хвіліну ёй здалося, што яна зноў чуе шум крокаў, як напярэдадні. Нібы хтосьці ціха ходзіць у гушчары, недалёка ад яе. Яна расхінула галінкі, але нічога не ўбачыла. Каб дайсці да ганка, ёй прыходзілася перайсці маленькую пляцоўку, асветленую ў гэтую хвіліну месяцам. Раптам Казета спынілася, уся здрантвелая.

Побач з яе ценем на зямлі, ля сваіх ног, яна ўбачыла яшчэ нейчы цень, у якога на галаве быў круглы капялюш. Нібы нейкі чалавек стаяў ззаду за ёю.

Адзін момант яна не магла ні закрычаць, ні загаварыць, ні абярнуцца.

Нарэшце, яна прымусіла сябе азірнуцца. За ёю нікога не было. Яна паглядзела на зямлю, — цень знік.

Яна храбра ўвайшла ў гушчар, дабралася да рашоткі, але нічога не знайшла.

Яе ахапіў жах. Няўжо ёй гэта зноў здалося? Не можа быць, каб два дні запар яна памылялася, Але самае страшнае — гэта быў цень.

На другі дзень вярнуўся Жан Вальжан. Казета расказала пра гэтыя два страшныя здарэнні. Яна чакала, што бацька заспакоіць яе, скажа, што гэта глупства, але ён набыў заклапочаны выгляд і сказаў:

— Не разумею, што гэта азначае.

Ён пакінуў яе з нейкага поваду і адправіўся ў сад. Яна бачыла, як уважліва аглядаў ён садовую рашотку.

Ноччу яна прабудзілася. На гэты раз яна выразна чула нейчыя крокі. Яна кінулася да акна і сапраўды ўбачыла нейкага чалавека з тоўстай дубінай у руках. У тую хвіліну, калі яна хацела ўжо закрычаць аб ратунку, месяц асвятліў яго твар і яна пазнала бацьку.

Яна зноў лягла на пасцель і падумала:

„Ён, аднак, вельмі ўсхваляваны“.

Жан Вальжан усю ноч правёў у садзе. Дзве наступныя ночы таксама.

На трэцюю ноч, прыблізна каля гадзіны ночы, Казета раптам пачула, што бацька кліча яе і пры гэтым гучна смяецца. Яна хутка ўскочыла і адчыніла акно. Унізе стаяў Жан Вальжан.

— Я пабудзіў цябе, каб заспакоіць, вунь твой цень у круглым капелюшы.

Ён паказаў ёй цень на прагалінцы, сапраўды падобны да чалавечага. Гэта быў сілуэт коміна, які ўзвышаўся над суседнім дахам.

Казета таксама рассмяялася, і ўсе цёмныя апасенні зніклі ў абодвух. Пры гэтым Казета зусім забыла, што той цень, які яна заўважыла, знік пасля таго, як яна абярнулася, чаго не магло-б здарыцца з комінам. Доказ здаўся ёй да таго пераканаўчым, што яна зноў павесялела і перастала думаць пра тое, што хто-небудзь можа брадзіць па садзе.

Але праз некалькі дзён здарылася новая падзея.

У садзе, ля рашоткі, як вядома, стаяла старая каменная лаўка, схаваная ад вачэй прахожых, але да якой з вуліцы лёгка было дастаць рукой.

Аднойчы ўвечары, у гэтым-жа красавіку месяцы, Жана Вальжана зноў не было дома. Казета пасля захаду сонца села на лаўцы. Вецер калыхаў верхавіны дрэў, і Казета сядзела, чамусьці ў сумным задуменні. Потым яна ўстала, ціха абышла ўвесь сад і зноў вярнулася на ранейшае месца.

Перад тым як сесці, яна раптам заўважыла на лаўцы вялікі камень, якога раней не было. Яна паглядзела на яго, не разумеючы, што-б гэта магло азначаць. Раптам ёй прышло на думку, што яго абавязкова павінен хто-небудзь пакласці сюды, прасунуўшы руку праз рашотку. Гэта здалося да таго страшным, што яна бягом пусцілася дадому і, увайшоўшы ў пакой, заперла хутчэй усе дзверы і вокны. Гэтую ноч яна спала дрэнна. Прачнуўшыся раніцою на другі дзень, яна ўспомніла пра свой страх, і ёй зрабілася смешна. Чаго яна так спалохалася? Гэта, напэўна, было зноў што-небудзь накшталт коміна.

— Напэўна, цяпер ужо няма ніякага каменя на лаўцы, як і чалавека ў круглым капелюшы. Усё гэта мне здавалася.

Яна апранулася і вышла ў сад. Падбегшы да лаўкі, яна ўбачыла камень на ранейшым месцы. Яе кінула ў халодны пот.

Але спалох яе цягнуўся адзін толькі момант. Тое, што ўночы палохае, у дзень пачынае цікавіць.

— Трэба, аднак, паглядзець, што гэта такое, — сказала яна.

Яна прыўзняла камень. Пад ім ляжала нейкае пісьмо.

Гэта быў канверт з белай паперы. Казета схапіла яго. Зверху не было ніякага адраса, пячаткі таксама не было. Унутры-ж ляжалі нейкія паперы.

Казета пачала разбіраць іх. Цяпер ужо гэта быў не страх і нават не цікаўнасць, а пачатак душэўных хваляванняў.

Казета выхапіла з канверта невялікі сшытачак, старонкі якога былі перанумераваны і спісаны прыгожым почыркам. Яна пачала адшукваць подпіс, якое-небудзь імя: ні аднаго, ні другога не было. Каму-б гэта магло быць адрасавана? Напэўна ёй, бо паклалі на яе лаўку. Ад каго-ж гэта? Невыказнае ачараванне ахапіла яе, яна намагалася адарваць вочы ад гэтых спісаных лісткоў, якія дрыжэлі ў яе руцэ; яна зірнула на неба, на вуліцу, на трапяткія дрэвы, залітыя блескам ранішняга сонца, на галубоў, што лёталі над суседнім дахам, і позірк яе зноў апусціўся на рукапіс. Яна сказала сабе, што павінна ведаць, што там напісана, і пачала чытаць, не адрываючыся.

Гэта было доўгае разважанне пра каханне, намёкі на першыя сустрэчы, на пакуты ад разлукі і невядомасці і, нарэшце, радасць новага, так доўгачаканага спаткання. Чым далей чытала Казета, тым больш апаноўвалі яе мары. Кім маглі быць напісаны гэтыя старонкі? Ад каго яны маглі быць? Казета ні на хвіліну не сумнявалася: ад аднаго толькі чалавека, ад яго!

Святло зноў азарыла яе душу, усё зноў ажыло, Яна перажывала нечуваную радасць і глыбокае хваляванне. Гэта быў ён, хто напісаў гэта! Ён паклаў пісьмо гэтае на лаўку! У той час, калі яна амаль забыла пра яго, ён знайшоў яе. Але хіба яна забыла яго? Не, ніколі! Гэта было імгненнае зацменне толькі, яна ніколі не пераставала яго кахаць. Пісьмо гэта было іскрою, якая ўспалымніла зноў пажар у яе душы.

Яна прыпомніла словы пісьма.

— О, так, — ускрыкнула яна, — я пазнаю ўсё гэта! Я прачытала ўжо гэта раней у яго вачах.

І яна ўбегла ў пакой, запёрлася і зноў пачала перачытваць спісаныя старонкі. Потым схавала пісьмо за ліф.

Увесь дзень Казета хадзіла, як у чадзе. Яна ледзь усведамляла навакольнае. Часам яна бляднела і ўздрыгвала. Тады яна запытвала ў сябе, ці не сніцца гэта ёй. Яна дакраналася рукою да пісьма на грудзях, і твар яе асвятляўся праменнямі радасці і шчасця.

— Так, гэта ён, — шаптала яна. — Гэта яго пасланне да мяне!

Увечары Жан Вальжан пайшоў кудысьці. Казета апранулася, прыбрала валасы, як магла прыгажэй, сама не ведаючы, на што робіць усё гэта. Яна нікога не чакала і сама нікуды не збіралася. Змрокам яна зышла ў сад і ціха накіравалася да лаўкі. Камень ляжаў на старым месцы. Яна села побач і ціха пагладзіла яго рукой, нібы лашчачы і дзякуючы.

Раптам яна пачула тое дзіўнае адчуванне, якое перажывае несвядома кожны, калі хто-небудзь стаіць у яго за спіной. Яна хутка павярнула галаву і ўстала. Гэта быў ён.

Ён стаяў з непакрытай галавой. Твар пабляднеў і пахудзеў. У надыходзячым змроку расплываліся няясныя абрысы яго постаці. Лагодныя рысы азараліся святлом згасаючага дня і думкаю адлятаўшай душы. Здавалася, што гэта не была яшчэ здань, але не быў ужо і жывы чалавек.

Круглы капялюш валяўся ў кустах, за некалькі крокаў ад яго.

Казета, ледзь не страціўшы прытомнасці, нават не ўскрыкнула.

Яна паціху адступала. Ён не рухаўся. Яна прыхінулася спіною да дрэва: без яго яна ўпала-б.

Тады яна пачула голас, якога да гэтага часу не чула; гук яго ледзь узвышаўся над шолахам лісцяў. Ён прашаптаў:

— Прабачце мне, я тут. Сэрца маё перапоўнілася. Я не магу так жыць, і вось я прышоў. Ці прачыталі вы тое, што я паклаў на гэтую лаўку? Ці пазнаеце вы мяне хоць крыху? Не бойцеся мяне. Ці памятаеце, як вы зірнулі на мяне ў першы раз? Гэта было каля года назад. Даўно ўжо я не бачыў вас. Я распытваў усюды, дзе мог, але ўсё было дарэмна: вы зніклі для мяне зусім. І вось, нарэшце, я знайшоў вас. Я прыходжу сюды кожную ноч. Не бойцеся, мяне ніхто не бачыць. Я паціхеньку хаджу тут, каб не напалохаць вас. Аднойчы зусім блізка падышоў да вас, але вы абярнуліся, і я ўцёк. Другі раз я чуў, як вы спявалі. Я быў шчаслівы. Хіба гэта перашкаджае каму-небудзь? Вам таксама ад гэтага нічога дрэннага не зробіцца. Ці праўда? Вы — мой ангел. Дайце мне падыйсці да вас, іначай я памру. Калі-б вы ведалі!.. Я вас абажаю. Выбачайце, я, магчыма, абражу вас тым, што я гавару, але я сам не ведаю, што са мною робіцца.

— О, мама! — прашаптала яна і захісталася.

Ён схапіў яе ў абдымкі, моцна прыціскаючы да сваіх грудзей. Ён сам ледзь стаяў на нагах. Галава яго палала, думкі пераблыталіся. Ён быў як у чадзе.

Яна ўзяла яго руку і прыціснула да грудзей.

— Дык вы мяне кахаеце? — ускрыкнуў ён.

— Маўчы, ты гэта ведаеш, — прашаптала яна ледзь чутна і схавала галоўку на яго грудзях.

Яны селі на лаўку. Яны не маглі вымавіць ні слова. На небе пачалі загарацца зоркі. Невядома як, губы іх спаткаліся.

Яны не адчувалі ні начнога халадку, ні вільгаці, яны толькі глядзелі ў вочы адзін аднаму. Самі таго не заўважаючы, яны ўзяліся за рукі. Часам Казета штосьці шаптала. Душа яе трапятала на яе вуснах, як кропля расы на кветцы.

Нарэшце, яны загаварылі. Ноч, ясная і цудоўная, рассцілалася над іх галовамі. Гэтыя дзве чыстыя істоты вылівалі адна адной свае мары, захапленні, радасць, лятуценні як яны абажалі здалёк адзін аднаго, як былі ў роспачы, калі разлучыліся; яны расказвалі адзін аднаму ўсё, што каханне, юнацтва і рэшткі дзяцінства падказалі ім. Гэтыя два сэрцы ўліліся адно ў другое. Яны былі ачараваны, аслеплены.

Калі яны скончылі, калі яны выказалі ўсё, што накапілася за гэты час, яна схіліла галоўку на яго плячо і запытала:

— Як вас завуць?

— Мяне завуць Марыус. А вас?

— Мяне — Казета.

XXV

ГАЎРОШ

З 1823 года харчэўня Тэнард’е пачала пакрыху паглынацца процьмаю ўсялякіх нягод і банкроцтваў. Маленькія даўгі разрасталіся, буйныя павялічваліся ад нарастаўшых процантаў, а ў пані Тэнард’е радзіліся яшчэ два хлопчыкі. Такім чынам, у іх цяпер было пяцёра дзяцей — дзве дзяўчынкі і тры хлопчыкі. Гэта было ўжо занадта.

Жонка Тэнард’е з пачуццём асаблівай радасці пазбавілася ад гэтых двух хлопчыкаў, зусім яшчэ маленькіх. У гэтай страшнай жанчыне натуральныя пачуцці мацярынства і сваяцтва даўным-даўно замерлі і перарадзіліся ў сваю процілегласць. У жонкі Тэнард’е пачуццё маці распасціралася толькі на дачок. Як толькі гутарка ішла пра хлопчыкаў, хоць-бы гэта былі яе ўласныя сыны, у яе ў душы спараджалася пачуццё звярынай нянавісці. І вось здарылася так, што двух сваіх сыноў пані Тэнард’е аддала ў рукі Мальён. Абедзве яе дачкі і Гаўрош ледзь паспелі заўважыць, што ў іх былі два маленькіх браты.

— А што, калі паліцыя пачне праследаваць нас, Тэнард’е? — запытала аднойчы жонка ў шынкара, пасля таго як пазбавілася двух хлопчыкаў, — хіба тое, што мы зрабілі, дазволена законам?

— Усё дазволена, — сказаў сам Тэнард’е. — Дзеці, у якіх няма ні граша за душой, не заслугоўваюць ніякага інтарэсу паліцыі?

Мальён, якая прыняла двух хлопчыкаў, была ў сваім злачынным асяроддзі франціхай. Яна добра апраналася, мела адну агульную кватэру з англійскай зладзейкай, якая афранцузілася ў Парыжы. Хлопчыкі Тэнард’е спачатку не мелі падстаў скардзіцца. Дзяцей шанавалі і кармілі, абыходзіліся амаль таксама, як абыходзяцца з чужымі выхаванцамі, якія знаходзяцца пад чыім-небудзь наглядам. Але раптам выпадковасць выкінула гэтых хлопчыкаў у вір жыцця, і яны вымушаны былі круціцца на паверхні жыццёвага патока.

У Парыжы зроблены быў аднойчы арышт велізарнай колькасці зладзеяў, і гэты арышт быў звязаны з прытонам пана Жандрэта, які, як мы ведаем, быў ні хто іншы, як сам Тэнард’е. Катастрофа, якая выбухнула над панам Тэнард’е, выклікала катастрофу для франціхі Мальён. Яна была таксама арыштавана паліцыяй.

Абодва хлопчыкі, што жылі ў Мальён за яе родных дзяцей, гулялі на дварэ і не ведалі нічога пра тое, што рабілася ў доме ў час паліцэйскага налёту.

Вось тады шавец, які жыў супроць кватэры Мальён, паклікаў хлопчыкаў, што вярнуліся пасля гульні на дварэ ў кватэру той жанчыны, якую яны па выпадковасці называлі маткаю, і, даўшы ім запіску, сказаў: „Хлопчыкі, ідзіце на вуліцу Руа дэ-Сесіль, там знойдзеце дом нумар восем і запытаеце пана Барж“. Калі хлопчыкі з неўразуменнем узнялі бровы, шавец сказаў: „Ну, добра, вы-ж тут больш не жывяце. Ідзіце па гэтаму адрасу. Гэта вельмі блізка: першая вуліца налева. Запытвайце дарогу па гэтай паперцы“.

Дзеці адправіліся, самі не ведаючы куды. Старэйшы вёў за руку малодшага, трымаючы ў вольнай руцэ паперку, якая павінна была дапамагчы ім знайсці іх новае жыллё. Хлопчык змерз, і яго скалелыя пальцы дрэнна трымалі паперку. На павароце вуліцы парыў ветру вырваў у яго паперку і знёс яе, а паколькі ўжо зрабілася зусім цёмна, то хлопчык і не мог адшукаць запіску. Скончылася тым, што хлопчыкі пачалі брадзіць наўдачу па вуліцах.

Вясною ў Парыжы часта дуюць рэзкія, пранізваючыя наскрозь вятры, здольныя замарозіць дрэнна апранутыя жывыя істоты. Гэтыя вятры, якія псуюць самыя ясныя веснавыя дні, робяць уражанне халоднага зімняга паветра, што ўрываецца ў добра напалены пакой праз шчыліны аконных рам або дрэнна зачыненыя дзверы, нібы адыйшоўшая зіма пакінула за сабою дзверы адчыненымі і з іх нясе холадам.

Вясною 1832 года, калі ў Еўропе разразілася самая страшэнная эпідэмія бягучага века, гэтыя вятры былі асабліва рэзкія і няшчадныя.

З метэаралагічнага пункту гледжання гэтыя халодныя вятры мелі тую асаблівасць, што яны не выключалі моцнага электрычнага напружання. Адна за адною разражаліся страшэнныя навальніцы, якія наводзілі жах на ўсё жывое.

Аднойчы ўвечары, калі ледзяны вецер дзьмуў з такою сілаю, нібы вярнуўся студзень, і грамадзяне зноў апранулі свае цёплыя плашчы, маленькі Гаўрош, корчачыся ў сваіх лахманах, стаяў перад акном цырульні ў ваколіцах Л’орм-Сен-Жэрве і прыкідаўся, што замёр у радасным сузіранні васковай нявесты, якая ў шлюбным убранні, з памеранцавым вянком на галаве, круцілася ў ярка асветленым акне, паказваючы прахожым то спіну, то з вечнай усмешкай твар.

У сапраўднасці Гаўрош зацікавіўся гэтай фігурай толькі як повадам, каб, не выклікаючы падазрэнняў, назіраць за тым, што рабілася ў самой цырульні. Ён шукаў выпадку ўкрасці кавалак мыла, каб потым прадаць яго за су куаферу[43] з прадмесця.

Яму ўжо не раз удавалася павячэраць такім кавалкам; хлопчык называў гэтага роду промысел, да якога адчуваў прызванне, „брыццём цырульнікаў“.

Хутаючыся ў недзе здабыты ім стары жаночы шалік, які служыў яму замест кашне, і робячы свае пільныя назіранні, ён мармытаў сабе пад нос: „У аўторак... Не, здаецца, не а ў аўторак. Ці ў аўторак?.. Мабыць, і сапраўды ў аўторак... Так, у аўторак і ёсць!“ Невядома, да чаго адносіўся гэты маналог. Калі ён адзначаў той дзень, калі хлопчык еў у апошні раз, то, значыць, ён галадаў ужо трэці дзень, бо цяпер была пятніца.

Цырульнік у сваёй добранапаленай краме кагосьці галіў, не перастаючы скоса пазіраць на „ворага“, гэта значыць на стаяўшага знадворку перад акном празяблага хлопчыка з дзёрзкімі вачыма, які, засунуўшы рукі ў кішэні, знаходзіўся там, напэўна, няспроста.

Пакуль Гаўрош глядзеў на спакушаўшае яго віндзорскае мыла, робячы выгляд, што любуецца васковаю нявестай, двое хлопчыкаў, яшчэ меншых за яго, — аднаму магло быць год сем, а другому не больш як пяць, — і абодва, даволі акуратна апранутыя, палахліва павярнулі ручку дзвярэй у цырульню і ўвайшлі туды.

Яны чагосьці прасілі, можа міласціны, і прытым такім жаласным голасам, які быў падобны хутчэй да піску галодных мышэй, чым да чалавечай гутаркі. Яны гаварылі абодва разам, і адрозніць іх словы было немагчыма, таму што голас меншага перарываўся рыданнямі, а старэйшы ляскаў зубамі ад холаду.

Цырульнік павярнуў да іх скажоны шаленствам твар і, не выпускаючы брытвы з правай рукі, леваю адштурхнуў старэйшага хлопчыка, а меншага — каленкам назад да дзвярэй. Выштурхнуўшы іх зноў на вуліцу, ён захлопнуў за імі дзверы і злосна прабурчэў:

— Дарэмна толькі холаду напускаюць!

Дзеці з слязмі на вачах папляліся далей. Між тым, насунулася хмара і пачаў накрапваць дождж. Маленькі Гаўрош дагнаў хлопчыкаў і запытаў у іх:

— Што з вамі, хлопчыкі?

— Мы не ведаем, дзе нам спаць сёння, — адказаў старэйшы.

— І толькі ўсяго! — сказаў Гаўрош. — Падумаеш, якая бяда! Ды хіба з-за такога глупства румзаюць?.. Якія вы дурненькія!

І з выглядам ганарлівай перавагі, праз якую прасвечвала пяшчотнасць апякуна, дадаў:

— Марш за мной, драбнота!

— Добра, судар, — пакорліва сказаў старэйшы з хлопчыкаў.

І малюткі даверліва пайшлі за Гаўрошам. Яны нават перасталі плакаць. Гаўрош павёў іх па вуліцы Сент-Антуан, у кірунку да Бастыліі[44]. Па дарозе ён кінуў абурлівы позірк назад на краму цырульніка і прамармытаў:

— Якая бессардэчная траска! Напэўна, гэта англічанін.

Нейкая дзяўчына гучна рассмяялася ўбачыўшы ішоўшых гужам адзін за адным хлопчыкаў. Гэта было простай абразай для маленькіх грамадзян.

— Добры вечар, мамзель Омнібус! — насмешліва крыкнуў ёй Гаўрош.

Праз хвіліну яму зноў успомніўся цырульнік, і ён прабурчэў:

— Не, я памыліўся ў гэтай жывёліне: гэта не траска, а змяя... Глядзі, цырульнік, я прывяду да цябе слесара і прымушу яго прымайстраваць табе на хвост бразготку!

Гэты цырульнік абудзіў у ім дух ваяўнічасці і задзірлівасці. Пераскокваючы цераз канаву, ён незнарок зачапіў барадатую вартаўніцу з мятлой у руках і крыкнуў ёй:

— Мабыць, вы на вадапой вывелі свайго канька, сударыня?

Потым ён запырскаў гразёю лакавыя боты нейкага прахожага.

— Дурань! — аблаяў яго той, абураны гэтым.

Гаўрош высунуў нос з-пад свайго шаліка.

— На каго гэта вы скардзіцеся? — нявінным тонам запытаў ён.

— На цябе! — сказаў прахожы.

— Кантора запёрта. Я больш не прымаю скаргаў, — сказаў Гаўрош.

Прадаўжаючы ісці далей па вуліцы, Гаўрош заўважыў пад варотамі зазяблую жабрачку год трынаццаці, у якой з-пад надта кароткай спадніцы былі відаць сінія каленкі. Дзяўчынка, відаць, даўно ужо вырасла з спадніцы.

— Бедная дзяўчынка! — сказаў Гаўрош, — на вось, вазьмі хоць гэта.

Выява

— Марш за мной, драбнота! — сказаў Гаўрош.

З гэтымі словамі, разблытаўшы цёплую шарсцяную тканіну, якой была абкручана яго шыя, ён накінуў яе на схудалыя і пасінелыя плечы дзяўчынкі, ператварыўшы такім чынам кашне зноў у шаль.

Дзяўчынка зірнула на яго са здзіўленнем і моўчкі ўзяла падарунак. На пэўнай ступені галечы бядняк настолькі тупее, што ўжо больш не скардзіцца на свае пакуты і не дзякуе за дабро.

— Бр-р-р! — вымавіў Гаўрош, дрыжучы ўсё мацней і мацней.

Услед за гэтым дождж лінуў, як з вядра, нібы ў пакаранне за добрую справу.

— Што гэта яшчэ такое? — ускрыкнуў Гаўрош. — Як з цэбра!.. Калі так будзе далей, я перастану быць добрым! — дадаў ён, ідучы далей.

— Але, не бяда — праказаў ён, кінуўшы развітальны позірк на жабрачку, якая корчылася пад шалем, — хоць-жа яна сагрэецца.

І, зірнуўшы потым на цёмную хмару, якая навісла над яго галавой, ён задзірыста крыкнуў:

— Што, узяла? — і павялічыў крокі. Малышы стараліся паспець за ім.

Праходзячы каля адной з тых тоўстых жалезных рашотак, якімі загароджваюць вокны булачнай, бо хлеб сцеражэцца ў аднолькавай меры з золатам, Гаўрош павярнуўся да сваіх маленькіх падарожнікаў і запытаў у іх:

— Хлопчыкі, а ці абедалі вы сёння?

— Не, судар, — адказаў старэйшы, — мы нічога не елі з самай раніцы.

— Значыць, у вас няма ні бацькі, ні маці? — казаў далей Гаўрош.

— Выбачайце, судар, у нас ёсць і тата і мама, але мы не ведаем, дзе яны, — запярэчыў старэйшы хлапчук.

— А!.. Ну, іншы раз, глядзі, лепш гэтага і не ведаць, — сказаў Гаўрош глыбокадумным тонам.

— Вось ужо дзве гадзіны, як мы ходзім, — казаў далей старэйшы з яго спадарожнікаў, — і шукаем пад нагамі, ці няма чаго з’есці, але нічога не знайшлі.

— Гэта таму, што сабакі жаруць усё, што валяецца на вуліцы, — сказаў Гаўрош і пасля кароткага маўчання дадаў: — Значыць, мы згубілі нашых бацькоў? Мы не ведаем, што з імі сталася?.. Гэта дрэнна, мае даражэнькія! Нядобра так збівацца з шляху! Трэба пастарацца ўладзіць справу.

Ён не стаў больш распытваць хлопчыкаў. Не мець прытулку — справа такая звычайная!

Між тым, старэйшы з хлопчыкаў, які амаль зусім вярнуўся да ўласцівай яго ўзросту бесклапотнасці, раптам заўважыў...

— А мама-ж абяцала звадзіць нас „на вярбу“ ў вербную нядзелю!

— Гэта глупства! — сказаў Гаўрош.

— Мама ў нас важная дама і жыве разам з мамзель Міс.

— Ёсць чым выхваляцца!

Кідаючы гэтыя пагардлівыя заўвагі, Гаўрош спыніўся і пачаў шукаць ва ўсіх латках сваіх лахманоў. Нарэшце, узняў галаву з выглядам, які павінен быў быць, па яго жаданню, толькі задаволеным, а ў сапраўднасці вышаў урачысты.

— Супакойцеся, малышы, — сказаў ён: — нам усім траім ёсць за што павячэраць. Вось, глядзіце.

І ён паказаў ім су.

Не даўшы хлопчыкам часу здзівіцца, ён штурхануў іх перад сабою ў булачную, паклаў там свой су на прылавак і крыкнуў:

— Гарсон! На пяць сантымаў хлеба.

„Гарсон“, які аказаўся самім гаспадаром, узяў хлеб і нож.

— Рэж на тры кавалкі, гарсон! — казаў далей Гаўрош і з гонарам дадаў: — нас трое.

І, заўважыўшы, што булачнік, зірнуўшы на ўсіх траіх пакупнікоў, адклаў у бок белы хлеб і ўзяўся за чорны, Гаўрош засунуў палец у нос і з велічным выглядам Фрыдрыха Вялікага[45], нюхаючага тутун, кінуў булачніку нездаволены пытальны выгук:

— Гэта што такое?!

Булачнік адразу зразумеў Гаўроша.

— Гэта таксама вельмі добры хлеб, толькі другога сорту, — сказаў ён.

— Напэўна, вы хочаце сказаць: самы дрэнны чорны хлеб! — запярэчыў Гаўрош з халоднай пагардаю. — Давайце нам белага хлеба, гарсон, чуеце? Самага лепшага белага хлеба! Я частую.

Булачнік не мог стрымацца ад усмешкі і, нарэзваючы патрабуемага хлеба, глядзеў на дзяцей такім жаласлівым позіркам, які закрануў Гаўроша за жывое.

— А дазвольце ў вас запытаць, пан пекар, чаго гэта вы так па-дзіўнаму вылупляеце на нас свае буркалы? — задзірыста запытаў ён.

Выява

Гаўрош даў кожнаму па кавалку хлеба.

Булачнік моўчкі аддаў хлеб, узяў з прылаўка су і адвярнуўся.

— Наце вось, жарыце! — звярнуўся Гаўрош да дзяцей, аддаючы кожнаму з іх па кавалку хлеба.

Але хлопчыкі здзіўлена глядзелі на яго, не адважваючыся ўзяць хлеб.

Гаўрош рассмяяўся.

— Ах, так! Вы-ж не прывыклі да такіх слоў! — здагадаўся ён і дадаў: — ешце, мае птушачкі.

Лічачы, што старэйшы з дзяцей, які здаваўся яму вартым больш другога гонару гутарыць з ім, мае патрэбу ў асаблівым заахвочванні, каб вызваліцца ад нерашучасці заспакоіць свой голад, ён дадаў, сунуўшы яму самую большую долю хлеба:

— Вось, засунь сабе гэта ў сваю дзюбку.

Самы маленькі кавалак ён пакінуў сабе. Булачнік хоць і стараўся нарэзаць хлеб роўнымі долямі, але ўсё-такі тры часткі былі не зусім аднолькавай велічыні.

Бедныя дзеці, таксама як і Гаўрош, былі страшэнна галодныя. Літаральна разрываючы хлеб зубамі, яны тупалі ў булачнай, гаспадар якой, задаволіўшы іх жаданне, глядзеў цяпер на іх не вельмі ласкава.

— Пойдзем, — сказаў Гаўрош сваім спадарожнікам.

І яны ўсе ўтрох пайшлі далей да Бастыліі. Праходзячы міма ярка асветленых вокнаў магазінаў, якія што раз сустракаліся па дарозе, самы маленькі з хлопчыкаў кожны раз глядзеў на свой свінцовы гадзіннік, які вісеў у яго на шыі на тоненькім шнурочку.

— Які чыжычак! — вымавіў скрозь зубы Гаўрош, з пяшчотнасцю гледзячы на дзіця; потым пасля некаторага раздум’я ён дадаў: — Ну, калі-б у мяне былі такія малышы, я-б іх лепш бярог!

Калі яны даелі свой хлеб і дайшлі да рога пахмурай вуліцы дэ-Баль, у глыбіні якой былі відаць нізенькія і панурыя краты турмы Форс, нехта раптам праказаў:

— А! гэта ты, Гаўрош?

— А! Гэта ты, Манпарнас? — адказаў тым-жа тонам Гаўрош.

Хоць Манпарнас быў пераапрануты і меў на носе сінія акуляры, тым не менш Гаўрош адразу пазнаў яго. Гэта быў адзін з таварышоў Тэнард’е.

— Бачыш, як ты зафарсіў! — казаў далей Гаўрош. — І скуру напяў, падобную колерам да ільняной прыпаркі, і сінія акуляры, нібы ў лекара. Умееш прыбірацца, чорт-бы мяне пабраў!

— Цішэй, не крычы так! — асадзіў яго Манпарнас і таропка пацягнуў свайго суразмоўніка далей ад асветленых крам.

Трымаючыся за рукі, машынальна пайшлі за ім і хлопчыкі. Калі ўсе апынуліся пад цёмным скляпеннем нейкіх варот, дзе яны былі схаваны ад дажджу і ад позіркаў прахожых, Манпарнас хапатліва расказаў Гаўрошу, як адзін з арыштаваных разам з Тэнард’е злачынцаў, Бабэ, у той-жа дзень раніцою ўмудрыўся ўцячы ў Конс’ержэры, куды яго перавезлі было; яму трэба было павярнуць направа, „у калідор допытаў“, а ён замест таго сумеў павярнуць налева і схаваўся.

Гаўрош падзівіўся спрыту Бабэ.

— Лаўкач! — пахваліў ён.

Дадаўшы яшчэ некалькі падрабязнасцей пра ўцёкі, Манпарнас запытаў:

— Так, а ты куды зараз ідзеш?

— Іду класці спаць вось гэтых дзяцей, — адказаў Гаўрош, паказваючы на сваіх апякаемых.

— Дзе-ж ты іх пакладзеш?

— У сябе.

— У сябе? Ды дзе-ж гэта?

— У сваёй кватэры.

— А хіба ў цябе ёсць кватэра?

— А ты як-бы думаў?

— Вось як! А ці можна даведацца дзе?

— У слане.

Манпарнаса цяжка было здзівіць, але цяпер і ён вытарашчыў вочы і са здзіўленнем паўтарыў:

— У слане?!

— Ну так, у слане, — спакойна пацвердзіў Гаўрош.

Спакой хлопчыка вярнуў і Манпарнасу яго звычайнае самаўладанне. Робячы выгляд, што пранікся поўным разуменнем дзіўнага адказу Гаўроша, ён заўважыў:

— У слане, дык у слане. А ці зручна там?

— Нішто, даволі зручна, — сказаў Гаўрош. — Там, па крайняй меры, хоць не дзьме так, як пад мастамі.

— А як ты туды ўлязаеш?

— А вельмі проста — вазьму ды і ўлезу.

— Такім чынам, там ёсць пралаз? — пытаў далей Манпарнас.

— Ёсць. Толькі пра гэта нікому не трэба казаць. Пралаз паміж пярэдніх ног. Паліцэйскія гэтага не ведаюць.

- І ты карабкаешся туды, як кот, ці-ж не праўда?

— Ты ўгадаў. У момант, не паспееш абярнуцца, як

Выява

Гэта быў слон з вежай на спіне.

Выява

мяне ўжо няма. Але для гэтых малышоў у мяне ёсць леснічка, — дадаў ён пасля хвіліннай паўзы.

Манпарнас рассмяяўся.

— А дзе ты прыдбаў гэтых малышоў? — запытаў ён.

Гаўрош проста адказаў:

— Гэта мне адзін цырульнік падарыў на ўспамін.

Манпарнас раптам задумаўся.

— Аднак, ты адразу мяне пазнаў, — заўважыў ён, нібы пра сябе.

З гэтымі словамі ён выняў з кішэні два нейкія прадметы, якія аказаліся трубачкамі з гусіных пер’яў, закручанымі ў вату, і ўсунуў іх сабе ў кожную наздру па адной. Ад гэтага нос яго набыў іншы выгляд.

— Вось гэта цябе зусім перафасоньвае, — заўважыў Гаўрош. — І вельмі падыходзіць табе. Табе трэба было-б заўсёды франціць з гэтымі штукамі. З імі ты не такі агідны.

Манпарнас быў прыгожы хлапец, але Гаўрош любіў пажартаваць.

— Жарты ў бок, як ты мяне цяпер знаходзіш? — запытаў Манпарнас.

Голас яго таксама зусім змяніўся. Наогул Манпарнас у момант ператварыўся да поўнай непазнавальнасці.

— Сапраўдны фокуснік! — ускрыкнуў Гаўрош. — Пакажы нам які-небудзь фокус.

Маленькія спадарожнікі Гаўроша, якія да гэтага часу не прыслухоўваліся да гутаркі „вялікіх“ і былі занятыя калупаннем сваіх насоў, пры слове „фокуснік“ раптам усхамянуліся і ўтаропіліся на Манпарнаса ў радасным чаканні, што ён пакажа ім якія-небудзь „штукі“. Але, на жаль, Гаўрош у гэты час абярнуўся і, уважліва абвёўшы навокал сваімі маленькімі бліскучымі вачыма, заўважыў за некалькі крокаў гарадскога сержанта, які стаяў да іх спіною.

— А! — працадзіў ён праз зубы і, паціскаючы руку Манпарнаса, дадаў шэптам: — Ну, пакуль бывай. Іду з хлапчукамі да слана. У выпадку, калі я табе спатрэблюся калі-небудзь ноччу, шукай мяне там. Кватэра мая на антрэсолях. Вартаўніка там не палагаецца. Запытай проста пана Гаўроша, і табе ўсе пакажуць.

— Добра, добра! — адказваў Манпарнас.

І яны рассталіся. Манпарнас накіраваўся да Грэўскай плошчы, а Гаўрош — далей, да самай Бастыліі. Ён трымаў за руку старэйшага хлопчыка, які, у сваю чаргу, вёў малодшага. Апошні некалькі разоў абарачваўся, каб паглядзець услед „фокусніку“.

XXVI

СЛОН

Год дваццаць таму назад у паўднёва-заходнім куце плошчы Бастыліі, ля канала, пракапанага ў старым ірве гэтай крэпасці-турмы, красаваўся дзіўны манумент. Цяпер ён амаль зусім згладзіўся з памяці парыжан, хоць павінен быў астацца ў ёй назаўсёды. Мы гаворым „манумент“, хоць па сутнасці, гэта быў толькі накід. Але нават і гэты накід, і гэты цудоўны чарнавік, гэты велічны труп напалеонаўскай ідэі, якую растрапалі і разнеслі ў паветры два-тры паслядоўныя парывы ветру, зрабіўся гістарычным і набыў выгляд чагосьці закончанага, што супярэчыла яго характару простага накіда. Гэта быў слон сарака футаў вышынёю, збудаваны з каменняў і дошак, з вежай на спіне, падобнай да дома. Калісьці гэтая фігура была вымазана зялёнай фарбай нейкім маляром, але пасля зрабілася чорная ад дзеяння часу, дажджу і непагадзі. У адкрытым і пустынным канцы плошчы шырокі лоб слана, яго хобат, клыкі, вежа, іспалінская спіна і падобныя да калон ногі вырысоўваліся на ясным зорным начным небе фантастычна дзівоснымі сілуэтамі. Ніхто не ведаў, што, уласна, азначала гэтая фігура. Гэта магло быць сімвалам народнай сілы, змрочным, вялізным і загадкавым. Гэта была магутная здань, якая рэзка кідалася ў вочы побач з невідочнай зданню Бастыліі.

Нямногія іншаземцы наведвалі гэты помнік, а прахожыя ледзь ускідвалі на яго вочы. Ён пачаў разбурацца, кожны год з яго бакоў адвальваліся вялізныя пласты тынку, і стваралася ўражанне страшных зіяючых ран. Іспалінскі слон стаяў у сваім куце пануры, хворы, разбураемы, абкружаны згніўшай агарожай, пастаянна забруджваемы п’янымі фурманамі; бруха яго ва ўсіх напрамках было спярэшчана трэшчынамі, з хваста тырчэў брусок, паміж ног расла высокая трава. Паколькі ўзровень плошчы на працягу гэтых трыццаці год узняўся дзякучы той павольна, але несупынна дзеючай сіле, якая непрыкметна ўзнімае глебу вялікіх гарадоў, то слон апынуўся ва ўпадзіне і, здавалася, што зямля правальваецца пад яго цяжарам. Сама па сабе гэта была фігура забруджаная, брыдкая, агідная, але гордая; у вачах буржуа — агідная, у вачах мысліцеляў — сумная. У ёй было штосьці нячыстае, што хацелася-б змесці мятлою, і разам з тым сказвалася веліч істоты, якую збіраюцца абезгаловіць.

Мы ўжо гаварылі, што ноччу выгляд гэтай фігуры змяняўся. Ноч — зусім падыходзячае асяроддзе для ўсяго ценявага. Як толькі пачынаўся змрок, стары слон ператвараўся: ён рабіўся велічным і грозным сярод таямнічага змроку ночы. Належачы да мінулага, ён зрабіўся набыткам ночы, і цемра падыходзіла да яго велічы.

Гэты манумент, грубы, цяжкі, рэзкі, суровы, амаль уродлівы, але безумоўна велічны і прасякнуты нейкаю дзівоснаю, дзікаю паважнасцю, знік, саступіўшы месца чамусьці накшталт іспалінскай печы з комінам, які замяніў дзевяцівежавую крэпасць, як буржуазія замяніла феадалізм. Не дзіва, што печ з’явілася сімвалам эпохі, уся магутнасць якой заключалася ў катле. Гэтая эпоха пройдзе, яна ўжо праходзіць зараз, калі пачалі разумець, што калі і можа заключацца моц у катле, то магутнасць заключаецца толькі ў мазгах, — іншымі словамі, свет захопліваецца і кіруецца не лакаматывамі, а розумам. Прыстасоўвайце лакаматывы да думак, тады ўсё пойдзе добра, але не прымайце каня за конніка.

Таму, звяртаючыся да плошчы Бастыліі, скажам, што архітэктар, які стварыў слана з дапамогаю тынку, здолеў стварыць нешта вялікае, між тым як архітэктару печы з комінам і пры дапамозе бронзы ўдалося зрабіць толькі нікчэмную рэч.

Комін, ахрышчаны слаўнай і гучнай назвай „Ліпеньскай калоны“[46], гэты няўдалы помнік кепскай рэволюцыі, яшчэ ў 1832 годзе быў закрыты ад вачэй вялізным футлярам з дошак, аб знішчэнні якога мы з свайго боку шкадуем, і абшырным дашчатым плотам, які канчаткова ізаляваў слана. Вось у гэты кут плошчы, ледзь асветлены слабым водбліскам далёкага ліхтара, Гаўрош вёў падабраных ім хлопчыкаў.

Просім дазволу перапыніць наша апавяданне і напомніць чытачу, што мы прытрымліваемся строгай ісціны. Дваццаць год таму назад сапраўды быў прыцягнуты да папраўчага суда па абвінавачванню ў брадзяжніцтве і пашкоджанні публічнага помніка адзін хлопчык, якога знайшлі спячым у сярэдзіне слана плошчы Бастыліі. Паказаўшы на гэты факт, будзем весці далей наша апавяданне.

Дайшоўшы да каласальнай фігуры слана, Гаўрош зразумеў, якое ўражанне можа зрабіць бясконца-вялікае на бясконца-малое, і сказаў сваім спадарожнікам:

— Не пужайцеся, хлопчыкі!

Потым ён прабраўся праз адтуліну агарожы да слана і дапамог сваім маленькім спадарожнікам пралезці праз брэш. Крыху спалоханыя, дзеці моўчкі ішлі за Гаўрошам, цалкам давяраючыся гэтаму маленькаму правідзенню ў лахманах, якое ўжо накарміла іх і абяцала даць ім начлег.

За агарожай ва ўсю яе даўжыню ляжала лесніца, якая служыла днём для рабочых на суседняй пабудове. Гаўрош з незвычайнай для яго год сілай падняў гэтую лесніцу і прыставіў яе да пярэдніх ног слана. Каля таго месца, куды дасягала лесніца, у бруху слана зіяла нешта накшталт цёмнай ямы.

Гаўрош паказаў сваім спадарожнікам на лесніцу і на яму і сказаў ім:

— Ну, лезце і ўваходзьце ў тыя вунь дзверы, што відаць уверсе.

Хлопчыкі ў жаху пераглянуліся.

— Ага! Спужаліся, хлапчукі! — ускрыкнуў Гаўрош. — Глядзіце, як гэта робіцца!

І, абхапіўшы шурпатую нагу слана, ён умомант, не карыстаючыся лесніцай, апынуўся наверсе і з шпаркасцю вужа схаваўся ў западзіне, а праз некалькі хвілін дзеці ўбачылі, як у цемры западзіны белай зданню абрысаваўся яго бледны твар.

— Ну, улязайце цяпер і вы, птушаняткі! — крыкнуў ён ім. — Вы ўбачыце, як тут добра... Лезь ты першы, — звярнуўся ён да старэйшага хлопчыка. — Я табе дапамагу.

Хлапчукі падштурхвалі адзін аднаго. Гаўрош выклікаў у іх адначасова і страх і давер’е; у саюзе з праліўным дажджом узяло верх апошняе пачуццё, і хлопчыкі адважыліся на тое, што здавалася ім сапраўдным геройскім учынкам. Першым палез наверх старэйшы. Бачачы сябе пакінутым між вялізных лап страшнага звера, малодшы хацеў заплакаць, але не адважыўся. Між тым, старэйшы з жахам узбіраўся ўсё вышэй і вышэй па перакладзінах лесніцы. Гаўрош заахвочваў яго пахвальнымі выгукамі, нібы фехтавальны настаўнік сваіх вучняў ці паганяльшчык сваіх мулаў:

— Смялей!.. Вось так!.. Не бойся!.. Стаў цяпер нагу вось сюды!.. Давай руку!.. Ну, яшчэ крыху!..

І, калі хлопчык быў ужо даволі блізка да яго, Гаўрош з сілаю пацягнуў яго за руку да сябе і сказаў:

— Вось так, малайчына!

Прымусіўшы потым хлопчыка спусціцца ў яму, ён дадаў:

— Цяпер, судар, калі ласка, прашу садзіцца. Будзьце як дома і чакайце мяне.

Са спрытам і з шпаркасцю малпы ён выбраўся з западзіны, каўзануўся па назе слана ўніз, у густую траву, падхапіў там меншага хлопчыка і паставіў яго адразу на сярэдзіну лесніцы, потым стаў сам ззаду за ім і крыкнуў старэйшаму:

— Гэй, ты, пузыр, прымай братку, а я буду падтрымліваць яго адсюль!

Не паспеў пяцігадовы карапуз апамятацца, як таксама апынуўся ўсярэдзіне слана. Падняўшыся ўслед за малышом, Гаўрош моцна штурхануў лесніцу, так што яна павалілася на зямлю, забраўся ў трэшчыну і, запляскаўшы ў ладкі, весела ўскрыкнуў:

— Вось мы і дабраліся!.. Няхай жыве генерал Лафайет![47]

Пасля гэтага выбуху весялосці ён дадаў:

— Ну, цыпачкі, цяпер вы ў мяне!

Сапраўды, Гаўрош быў тут у сябе дома.

О, нечаканая карысць бескарыснага, літасць вялікіх тварэнняў, дабрата іспалінаў! Гэты велічны помнік, які заключае ў сабе думку імператара, зрабіўся жыллём Гаўроша! Хлопчык быў прыняты і схаваны веліканам. Праходзячы па святах каля слана на плошчы Бастыліі, выфранчаныя буржуі акідвалі яго пагардлівым позіркам па-дурному вылупленых вачэй і бурчэлі: „Ну, куды гэта варта?“ А „гэта“ служыла для таго, каб выратаваць ад холаду, снегу, граду, дажджу, завірухі, схаваць ад зімняга ветру, засцерагчы ад сну сярод бруду, вынікам чаго бывае ліхарадка, збавіць ад сну сярод снегу, што вядзе да смерці, схаваць і абараніць ад усяго гэтую маленькую істоту без бацькі, без маці, без хлеба, без вопраткі, без прытулку. „Гэта“ служыла для таго, каб даць сховішча нявіннай істоце, адвержанай грамадствам. „Гэта“ служыла для таго, каб змякчыць віну грамадства. „Гэта“ была бярлога таго, для каго былі запёрты ўсе дзверы. Здавалася, стары, жалкі мастадонт[48], паедзены чарвямі і забыццём, пакрыты валдырамі, ранамі і цвіллю, расхістаны, паточаны, пакінуты, адвержаны, гэты ў некаторым родзе іспалінскі жабрак, які дарэмна маліў аб ласкавым позірку праходзіўшых па плошчы, сам пашкадаваў другога жабрака, беднага пігмея, які не меў над галавою даху і брадзіў па горадзе босы, саграваючы дыханнем акалелыя пальцы, абшарпаны, паядаючы тое, што выкідваецца вон, як нікому непатрэбнае. Вось для чаго служыў слон Бастыліі. Трэшчына, якою карыстаўся Гаўрош для таго, каб пралезці ў сярэдзіну слана, знаходзілася ў ніжняй частцы бруха іспалінскай фігуры; знадворку яе не было відаць пры беглым позірку і прытым яна была настолькі вузкая, што ў яе толькі каты ды дзеці маглі пралязаць.

— Ну, спачатку трэба сказаць швейцару, што нас няма дома, калі хто будзе запытваць, — з важнасцю праказаў Гаўрош.

Юркнуўшы ў поцемкі з упэўненасцю чалавека, які ведае ўсе закавулкі сваёй кватэры, ён дастаў дошку і закрыў ёю трэшчыну. Потым дзеці пачулі слабы трэск запалкі, усунутай у бутэлечку з фасфарычным саставам. Нашых запалак тады яшчэ не існавала.

Раптоўнае святло прымусіла дзяцей зажмурыцца. Гаўрош запаліў кавалак кнота, насычанага смалою. Такія кнаты называліся „склепавымі пацукамі“. „Пацук“ Гаўроша, які больш чадзіў, чым свяціў, вельмі слаба асвятляў унутранасць слана. Азіраючыся навокал, маленькія госці Гаўроша адчувалі нешта падобнае да таго, што адчуваў-бы чалавек, засаджаны ў велізарную банку. Яны бачылі гіганцкі касцяк, які ахапіў іх з усіх бакоў. Даўгое пачарнелае бервяно над іх галовамі, ад якога на пэўнай адлегласці выгіналіся па баках тоўстыя жэрдкі, з’яўлялася хрыбетнікам з рэбрамі; ад бервяна звешваліся ў выглядзе сталактытаў праступіўшыя калісьці зверху і застыўшыя струмяні тынку, а паміж процілеглымі рэбрамі працягваліся шэрымі перпонкамі густа запыленыя павуціны. Там і сям у кутках відаць былі нейкія чорныя плямы, якія здаваліся жывымі: яны шпарка і мітусліва варушыліся, нібы спалоханыя. Абломкі, якія ўпалі зверху і запоўнілі ніжнюю частку таго, што прадстаўляла брушную поласць слана, дазвалялі вольна хадзіць у гэтай поласці, як па падлозе.

Малодшы з хлапчукоў прытуліўся да брата і пралепятаў:

— Вой, як цёмна!

Гэтыя словы ўзлавалі Гаўроша. Прытым хлопчыкі выглядалі такімі спалоханымі, што, на думку Гаўроша, ім патрэбна была пэўная ўстраска.

— Чаго вы там скуголіце? — крыкнуў ён. — Вам не падабаецца тут? Не раскошна для вас?.. У Тюільры, ці што, загадаеце вас змясціць?.. Скаціны вы пасля гэгага! Глядзіце вы ў мяне! Я-ж жартаваць з сабой не дазволю! Я вам пакажу, як рылам круціць! Падумаеш, якія важныя асобы.

Пры страху бывае вельмі карысна лёгкая суровасць: яна заспакойвае. Дзеці падышлі да Гаўроша і прытуліліся да яго.

Закрануты такім давер’ем, ён адразу перайшоў ад строгасці да ласкі і, звярнуўшыся да малодшага, пяшчотна сказаў яму:

— Дурненькі ты! Цёмна-ж не тут, а на дварэ. На дварэ лье дождж, як з вядра, а тут яго няма. На дварэ сцюжа,

Выява

Гаўрош прыпадняў полаг шалаша і загадаў дзецям легчы спаць.

а тут хоць не дзьме. На дварэ куча народу, а тут нікога, апрача нас. На дварэ нават месяца не відаць, а тут мая свечка! Што-ж вам яшчэ патрэбна?

Дзеці пачалі смялей азіраць сваё памяшканне, але Гаўрош не даў ім доўга займацца гэтым.

— Ідзіце туды, — сказаў ён ім, уштурхваючы іх у глыбіню свайго „пакоя“, дзе змяшчалася яго пасцель.

Пасцель Гаўроша была зусім „як належыць“ — з „матрацам“, “коўдрай“ і „альковым полагам“. За матрац служыла саломенная цыноўка, за коўдру — вялікая, амаль новая і вельмі цёплая, шэрая шарсцяная папона; алькоў-жа быў зроблены наступным чынам: тры даўгія жэрдкі — дзве спераду, адна ззаду — былі добра прымацаваны ўнізе брушной поласці слана, а верхавіны іх звязаны разам, так што атрымаўся пірамідальны шацёр. На гэты шацёр была накінута драцяная сець, лоўка прымацаваная да жэрдак. Сець гэтая складала частку клеткі, у якой змяшчаюцца ў звярынцах птушкі. Да „падлогі“ яна была прымацавана радам цяжкіх каменняў, пакладзеных на яе краях. Пад гэтым вось шатром, які вельмі нагадваў эскімоскі, і знаходзілася пасцель Гаўроша. Жэрдкі прадстаўлялі сабою „алькоў“, а сець — „полаг“.

Гаўрош рассунуў некалькі камянёў спераду, і „полаг“, шчыльва захінуты, расхінуўся.

— Ну, малышы, вось вам і пасцель. Кладзіцеся! — сказаў ён, дапамагаючы ім прабрацца пад шацёр.

Потым ён сам улез услед за імі і таксама шчыльна захінуў зноў „полаг“ і прымацаваў яго камянямі, але толькі ўжо з унутранага боку. Усе трое расцягнуліся на цыноўцы.

Як ні малыя былі хлопчыкі, але ніводны з іх не мог-бы стаяць у „алькове“, таму што ён быў надта нізкі.

Гаўрош увесь час трымаў у руцэ свайго „пацука“.

— Цяпер прашу дрыхнуць! — скамандаваў ён. — Я загашу кандэлябр.

— Судар, — запытаў старэйшы хлопчык, паказваючы на сетку, — а гэта што такое?

— Гэта ад пацукоў, — з важнасцю адказваў Гаўрош. — Дрыхніце-ж, кажу вам!

Аднак, праз секунду ён палічыў патрэбным пайсці насустрач няведанню малышоў і дадаў ім у навучанне:

— Усё, што вы тут бачыце, узята мною з заалагічнага сада ад звяроў. Там усяго гэтага шмат, цэлая кладоўка. Варта толькі пралезці праз сцяну, ускарабкацца ў акенца, прапаўзці пад дзверы, і бяры, што хочаш.

У час гэтага тлумачэння ён захутваў меншага хлопчыка канцом папоны.

— Ах, як цёпла! Як добра! — мармытаў узрадаваны хлопчык.

Гаўрош самадавольна палюбаваўся на коўдру і сказаў:

— І гэта таксама з звярынца. Гэта я сцібрыў у малпаў.

Потым, паказаўшы на цыноўку, якая была вельмі тоўстая і вельмі добра зробленая, дадаў:

— А гэта я ўзяў у жырафы. — Пасля невялікай паузы ён казаў далей: — Гэта ўсё было ў звяроў. Я адабраў у іх. Яны за гэта не злаваліся. Я ім сказаў: „Гэта для слана“. — Ён зноў крыху памаўчаў і потым прабурчэў: — Лезеш сабе праз сцены і ведаць нікога не хочаш. Ды і чаго баяцца?

Дзеці са здзіўленнем і палахлівай павагай глядзелі на гэтую прадпрыймальную і вынаходлівую істоту, якая была такім-жа брадзягай, як і яны, такой-жа адзінокай і вартай жалю, але ў якой было штосьці асаблівае, штосьці магутнае, што здавалася ім звышнатуральным, і фізіяномія якой прадстаўляла сабою сумесь грымас старога фокусніка ў спалучэнні з самай прыемнай, самай наіўнай усмешкай.

— Судар, вы, значыць, не баіцеся гарадскіх сержантаў? — нясмела запытаў старэйшы хлопчык.

— Малыш, трэба казаць не сержанты, а фараоны, — павучальна заўважыў Гаўрош.

Малодшы ляжаў моўчкі, з шырока расплюшчанымі вачыма. Паколькі ён знаходзіўся на краі цыноўкі, тады як брат яго ляжаў пасярод, то Гаўрош загнуў вакол яго коўдру, як зрабіла-б маці, і прыстасаваў яму з старых ануч, падсунутых пад цыноўку, нешта накшталт падушкі.

— А ўсё-ж тут нядрэнна, га? — звярнуўся ён потым да старэйшага.

— О, так! — адказаў той, гледзячы на Гаўроша з выразам чалавека, выратаванага ад смерці.

Прамокшыя да касцей дзеці пачыналі сагравацца.

— А скажыце цяпер, з-за чаго вы раней так хныкалі? — казаў далей Гаўрош і, паказваючы на малодшага, дадаў: — Гэтаму карапузу яшчэ можна дараваць, што ён румзае, а такому велікану, як ты, вельмі сорамна. Ты тады робішся падобны да мокрай курыцы і да ідыёта.

— Дык нам-жа не было куды ісці і было вельмі страшна адным, — адказаў старэйшы.

Гаўрош што раз перапыняў яго, раячы замяняць шмат якія выразы словамі з зладзейскай мовы; хлопчык дзякаваў яго за навучанне і абяцаў запомніць.

— Цяпер вось што, — казаў далей Гаўрош тонам зусім дарослага і дзелавога чалавека: — прашу ў мяне ніколі больш не румзаць. Я буду берагчы вас. Убачыш, як мы будзем весела жыць. Улетку мы пойдзем з адным з маіх прыяцеляў, Навэ, у Глас’еру, будзем там купацца і бегаць голыя па плытах перад Аўстэрліцкім мастом, каб падразніць прачак, якія гэтага цярпець не могуць. Пачнуць крычаць, пішчэць і біцца. Пацеха з імі! Потым пойдзем глядзець чалавека-шкілета. Ён жывы. Яго паказваюць на Елісейскіх палях. Худы, як вось гэтыя жэрдкі!.. Я зваджу вас і ў тэатр і на Фрэдэрыка Леметра. У мяне ёсць білеты. Я знаёмы з акторамі, аднойчы нават сам прымаў удзел у адной камедыі. Нас было некалькі хлопчыкаў, і мы бегалі пад парусінай, якая была нібыта мора. Я прымушу і вас прыняць у тэатр. Вы будзеце таксама акторамі... Паглядзім і дзікуноў. З рэшты, гэтыя дзікуны адно толькі ашуканства. На іх нацягнуць ружовае трыко, якое месцамі моршчыцца, а на локцях зацыравана белымі ніткамі. Пасля гэтага сходзім у оперу. Потым пойдзем глядзець, як караюць смерцю людзей. Я пакажу вам ката, пана Сансона. Ён жыве на вуліцы Марэ. У яго дзвярах прымайстравана скрынка для пісьмаў... Ах, як мы будзем весяліцца! Цудоўна! Потым...

Але ў гэты момант кропля гарачай смалы ўпала на палец Гаўрошу і вярнула яго да сапраўднасці.

— Ах, чорт! Вось і кнот дагарае! — ускрыкнўў ён. — Трэба-ж мне было паліць яго столькі часу! Я не магу траціць на сваё асвятленне больш аднаго су ў месяц. Калі кладзешся, трэба тушыць агонь і спаць. Мы не з тых, якія могуць чытаць у пасцелі раманы пана Поль-дэ-Кока[49]. Апрача таго, святло можа быць бачным праз шчыліны нашых галоўных варот, і яго могуць заўважыць фараошкі.

— Ды і ў салому можа папасці іскра і спаліць увесь наш дом, — нясмела заўважыў старэйшы з гасцей Гаўроша, які адзін толькі і адважыўся гутарыць з ім.

— Ніякі дурань не гаворыць „спаліць дом“, — трэба казаць: „пусціць чырвонага пеўня“, — павучальна паправіў Гаўрош свайго суразмоўніка.

Потым, прыслухаўшыся да навальніцы, якая бушавала па дварэ, да раскатаў грому і да ліўня, які з шумам падаў на спіну слана, у сярэдзіне якога яны ляжалі, ён сказаў:

— Бач ты, як хвошча! Люблю слухаць, як злуецца дождж. Стары вадавоз зусім дарэмна траціць столькі тавару: мы не змокнем тут, ужо будзьце спакойны!.. Вось ён і злуецца. Ну, ды няхай сабе.

Толькі што Гаўрош паспеў выразіць сваю пагарду да сіл прыроды ў чыста рацыяналістычным[50] гусце пачатку ХІХ стагоддзя, як бліснула такая маланка, што частка яе асляпляльнага водблеску пранікла праз не зусім добра закрытую шчыліну ў бруха слана, і пасля гэтага грымнуў аглушлівы ўдар грому. Маленькія госці Гаўроша ўскрыкнулі ад жаху і ўскочылі з такой жвавасцю, што ледзь не павалілі ўсё збудаванне над пасцеллю. Гаўрош павярнуў да іх свой смелы твар і змяшаў свой смех з раскатамі грому.

— Цішэй, хлопчыкі! — сказаў ён. — Гэтак вы ў мяне тут усё разбурыце... Вось дык добры ўдар! Гэта не тое, што дурніца-маланка, якой нават не чуваць... І ў тэатры Амбігю не лепш робяць навальніцу.

Ён паправіў ссунутую крыху драцяную сетку, ціхенька штурхануў хлопчыкаў на пасцель і, прымусіўшы іх зноў легчы, сказаў:

— Калі божанька запаліў свой ліхтарык, то я адважваюся пагасіць свой. Спіце, чалавечкі. Нядобра не спаць па начах. Ад гэтага з пашчы будзе смярдзець, або, як кажуць у вышэйшых колах, „з роту будзе нядобра пахнуць“. Захутвайцеся ў коўдру... Ну, захуталіся?

— Так, — прашаптаў старэйшы, — мне вельмі добра, нібы пад галавой пух.

Дзеці моцна прытуліліся адзін да аднаго. Гаўрош расправіў пад імі збітую цыноўку, яшчэ раз падаткнуў усюды папону і зноў загадаў ім дрыхнуць, потым загасіў кнот.

Толькі што ён паспеў сам добра ўлегчыся, як драцяны шацёр пачаў трэсціся пад дзеяннем чагосьці дзіўнага. Чулася глухое трэнне накшталт кіпцюроў і зубоў аб дрот, які ўтвараў прарэзлівыя металічныя гукі. Пры гэтым штосьці пішчэла на розныя галасы.

Малодшы хлопчык, пачуўшы каля сябе гэтую незразумелую сумятню і задрыжэўшы ад жаху, штурхнуў локцем старэйшага, які ўжо дрыхнуў па загаду Гаўроша.

Тады хлопчык, не памятаючы сябе ад жаху, адважыўся звярнуцца да Гаўроша палахлівым шэптам:

— Судар!

— Чаго табе? — адгукнуўся ўжо спрасонку Гаўрош.

— Што гэта такое?

— Пацукі, — спакойна адказаў Гаўрош, кладучы зручней галаву.

Сапраўды, гэта былі пацукі, якія кішмя кішэлі ў касцяку слана і з’яўляліся тымі самымі жывымі чорнымі плямамі, пра якія мы гаварылі вышэй. Пакуль гарэў агонь, пацукі трымаліся на саліднай адлегласці, але як толькі ў гэтай яме, населенай імі ліха ведае калі, зноў запанавала звычайная цемра, яны, пачуўшы тое, што славуты казачнік Перо называў „свежым мясам“, гуртамі накінуліся на шалаш, з такім майстэрствам збудаваны Гаўрошам, ускарабкаліся на верхавіну і з ярасцю пачалі грызці дрот, спадзеючыся прарваць яго сваімі вострымі зубамі і такім чынам забрацца ў сярэдзіну шалаша.

Між тым, меншы хлопчык усё яшчэ не спаў.

— Судар! — зноў гукнуў ён Гаўроша.

— Ну, што яшчэ, карапуз?

— Што такое пацукі?

— Пацукі — гэта мышы.

Такое тлумачэнне крыху заспакоіла хлопчыка. Ён бачыў ужо белых мышак і не баяўся іх. Тым не менш ён праз хвіліну зноў узняў свой голас:

— Судар!

— Ну?

— А чаму ў вас няма кошкі?

— У мяне была кошка, але яе з’елі.

Гэтае другое тлумачэнне знішчыла добратворнае дзеянне першага, і хлапчук зноў пачаў трывожыцца. Паміж ім і Гаўрошам зноў пачалася наступная гутарка.

— Судар!

— Ну, што яшчэ?

— Каго гэта з’елі?

— Кошку.

— А хто-ж з’еў яе?

— Пацукі.

— Мышы?

— Так, пацукі.

Здзіўлены тым, што знаходзіцца сярод мышэй, якія з’ядаюць кошак, хлопчык запытаў:

— Судар, а нас не з’ядуць гэтыя мышы?

— Напэўна, яны з прыемнасцю зрабілі-б гэта, — адказваў Гаўрош, але, бачачы, што хлопчык зусім замёр ад жаху, дадаў: — Не бойся, куранётка! Мышы не могуць пралезці да нас. Ды і потым, я-ж тут. На вось, вазьмі маю руку. Маўчы і спі.

З гэтымі словамі ёй працягнуў сваю руку хлопчыку, які прытуліўся да яе і заспакоіўся. Мужнасць і сіла таямнічым спосабам перадаюцца ад аднаго да другога.

Гук голасу спужаў і прагнаў пацукоў. На некаторы час вакол шалаша запанавала поўная ціша. Але праз некалькі хвілін пацукі зноў вярнуліся і яшчэ з большай ярасцю накінуліся на рашотку. На шчасце, хлопчыкі ўжо моцна спалі і нічога не чулі.

Гадзіны ішлі за гадзінамі. Цемра ахутвала вялізную плошчу Бастыліі. Халодны, сапраўдны зімовы вецер, змешаны з дажджом, бушаваў, як у стэпу. Патрулі аглядалі вароты, алеі, агарожаныя месцы, цёмныя закавулкі і ў пошуках за начнымі брадзягамі моўчкі праходзілі каля слана. Застыўшы ў сваёй нерухомай позе, з шырока расплюшчанымі вачыма, страшыдла здавалася пагружаным у раздум’е аб той добрай страве, якую яно зрабіла, даўшы прытулак, схаваўшы ад непагадзі і ад людзей бедных дзяцей, якія соладка цяпер спалі ў ім.

Каб зразумець тое, пра што зараз будзе гутарка, трэба ведаць, што ў апісваемую эпоху гаўптвахта Бастыліі змяшчалася на другім канцы плошчы, адкуль не магло быць заўважана часавымі нічога, што рабілася вакол слана.

У канцы той гадзіны, якая непасрэдна папярэднічае золаку, з вуліцы Сент-Антуан таропка вышаў на плошчу Бастыліі нейкі чалавек. Агледзеўшыся навокал, ён бягом накіраваўся праз плошчу да Ліпеньскай калоны, абкружыў яе і праслізнуў праз палісаднік пад бруха слана. Калі-б якое-небудзь святло азарыла гэтага чалавека, то можна было-б заўважыць, што ён увесь прамок, правёўшы, відавочна, усю ноч пад дажджом. Дабраўшыся да слана, ён выціснуў нейкі дзіўны крык, які мог-бы быць дасканала паўтораны хіба толькі папугаем. Ён два разы паўтарыў гэты крык, аб якім наступнае злучэнне літар можа даць прыблізнае ўяўленне: „Кірыкікіу!“

На паўторны крык з бруха слана адгукнуўся малады, ясны і вясёлы голас:

— Тут!

Пасля гэтага дошка, што закрывала адтуліну ў слане, адсунулася, і з-за яе паказаўся хлопчык, які спрытна слізгануў уздоўж нагі слана і саскочыў з яе ніжняй аканечнасці на зямлю. Хлопчык гэты быў Гаўрош, а той хто выклікаў яго — Манпарнас.

Напэўна крык Манпарнаса быў умоўны і азначаў: „Ці тут ты, Гаўрош?“

Пачуўшы гэты крык праз сон, хлопчык адразу-ж усхапіўся, выпаўз з свайго „алькова“, рассунуўшы крыху сець, потым зноў старанна засунуў і замацаваў яе; пасля гэтага, ён адкрыў люк і спусціўся ўніз.

Манпарнас і Гаўрош адразу пазналі адзін аднаго ў начной цемры.

Манпарнас абмежаваўся словамі: — Ты нам патрэбны. Ідзі, дапамажы нам крыху.

Гаўрош не патрабаваў іншых тлумачэнняў.

— Іду, — сказаў ён.

Яны накіраваліся да вуліцы Сент-Антуан, з якой з’явіўся Манпарнас, і жвава залавіравалі паміж павозак гароднікаў, якія ў сваю чаргу спяшаліся раней папасці на рынак.

Агароднікі, якія ляжалі на сваіх павозках пасярод рознай гародніны і былі добра захутаны з галавы да ног ад праліўнога дажджу ў плашчы, нават не зірнулі на гэтых дзіўных прахожых.


ХХVІІ

УЦЁКІ

Вось што адбывалася ў гэтую самую ноч у турме Ла-Форс[51].

Тэнард’е і яго таварышы: Бабэ, Бружон, Гельмер умовіліся ўцякаць, не гледзячы на тое, што Тэнард’е знаходзіўся ў адзіночным заключэнні. Бабэ паспеў схавацца ўдзень, як мы ўжо бачылі з слоў Манпарнаса ў гутарцы з Гаўрошам. Манпарнас павінен быў дапамагчы ўцёкам астатніх.

Бружон скарыстаў сваё месячнае прабыванне ў карцэры для таго, каб, па-першае, звіць вяроўку, а, па-другое, дасканала абдумаць план уцёкаў. У былыя часы карцэры, у якіх караемы прадастаўляўся самому сабе, складаліся з чатырох каменных сцен, каменнай столі, пакрытай каменнымі плітамі падлогі, загароджанага кратамі акенца і дзвярэй, абітых жалезам. Усё абсталяванне гэтых памяшканняў складалася з паходнага ложка, і яны называліся турэмнымі келлямі. Цяпер-жа, калі знайшлі, што такія карцэры не адпавядаюць ідэі гуманнасці, гэтыя памяшканні складаюцца з жалезных дзвярэй, акенца з краямі, каменнай падлогі, каменнай столі і чатырох каменных сцен; яны забяспечаны паходным ложкам і называюцца камерамі для караемых. Каля паўдня туды паказваецца святло. Нязручнасць гэтых камер заключаецца ў тым, што зняволеныя ў іх прадастаўлены сваім думкам, замест таго, каб быць занятым працаю.

Бружон, як мы ўжо казалі, вынес з свайго заключэння вяроўку і шмат думак. Лічачы яго надта небяспечным для памяшкання на дварэ Карла Вялікага, яго пасадзілі ў Новым будынку. Першае, што знайшоў Бружон у Новым будынку, быў Гельмер, другое — цвік. Гельмер прадстаўляў сабою злачынства, цвік — волю.

Бружон, пра якога пара даць чытачу поўнае ўяўленне, пры ўсёй сваёй знадворной кволасці і глыбока разлічанай вяласці, быў малы лоўкі, тонкі плут, з ласкаючымі вачыма і жорсткай усмешкай. Яго позірк быў вынікам яго волі, а ўсмешка — вынікам яго натуры. Першыя яго спробы ў вывучэнні зладзейскага майстэрства рабіліся над дахамі дамоў: ён вельмі дапамагаў развіццю прагрэса той галіны прамысловасці, якая заключаецца ў зрыванні цынкавых лістоў з дахаў і адвінчванні свінцовых вадасточных труб. Цяперашні момант здаваўся вельмі спрыяючым для спробы ўцёкаў, таму што ў гэты час майстры дахаў працавалі над аднаўленнем часткі аспідных дахаў турмы. Дзякуючы гэтаму двор Сен-Бернара ўжо не быў зусім ізаляваны ад двароў Карла Вялікага і Сен-Луі, таму што рабочыя між гэтых двароў змайстравалі рыштаванні і лесніцы, гэта значыць масты і прыступкі, якія маглі вывесці на волю.

Новы будынак, да нельга стары і патрэсканы, быў слабым пунктам турмы. Сцены гэтага будынка былі так з’едзены селітрай, што аказалася неабходным абшаляваць усе скляпенні дартуараў, таму што з іх сыпалася каменне на зняволеных у час сну апошніх. Не гледзячы на старасць Новага будынка, у яго, па дзіўнай памылцы адміністрацыі турмы, садзілі якраз самых небяспечных падсудных за „асабліва важныя справы“, як гавораць на турэмнай мове.

Новы будынак заключаў у сабе чатыры спальні і мезанін, які насіў назву Бель-Эр. Шырокі комін, які відавочна захаваўся з часоў герцага Ла-Форс, праходзіў знізу ўверх праз усе чатыры ярусы і, разрэзаўшы надвая ўсе спальні, накшталт сплюшчанага слупа, выходзіў на дах.

Гельмер і Бружон знаходзіліся ў адным дартуары. Дзеля перасцярогі іх змясцілі ў ніжнім ярусе. Дзякуючы выпадковасці ўзгалоўі іх ложкаў упіраліся ў комін. Тэнард’е змяшчаўся якраз над іх галовамі, у Бель-Эры.

Прахожы, які спыніцца на вуліцы Кюльтэр-Сен-Катрын, каля казармы пажарных, перад варотамі лазняў, можа бачыць вялікі двор, напоўнены кветкамі і раслінамі ў скрынках. У глыбіні двара змешчана невялікая белая каменная ратонда, ажыўленая зялёнымі акяніцамі і падоўжаная па баках флігелямі. Не больш як дзесяць год таму назад над гэтай ратондай узвышалася голая, чорная, агідная сцяна, да якой будыначак прылягаў сваім заднім бокам. Гэта была сцяна турмы, па якой хадзіў дазор.

Але якая ні была высокая гэтая сцяна, над ёю яшчэ вышэй падымаўся дах. Гэта быў дах Новага будынка. У ім былі відаць чатыры слухавыя акенцы з жалезнымі кратамі. Гэта былі вокны Бель-Эра. З даха высоўваўся той самы комін, які праходзіў па ўсіх дартуарах.

Абшырная мансарда Бель-Эр была за трайнымі кратамі і дзвярыма, абітымі толем і ўсеянымі вялізнымі цвікамі. Калі пайсці ў гэтую мансарду з паўночнага боку, то па левую руку можна было бачыць чатыры слухавыя акны, а па правую, якраз супроць вокнаў, — чатыры даволі вялікія квадратныя клеткі, якія былі аддзелены адна ад адной вузенькімі праходамі і складаліся ў ніжняй частцы з муру, а ў верхняй — з жалезных бруссяў.

Тэнард’е знаходзіўся ў адной з гэтых клетак з ночы 3 лютага. Ніяк не маглі дакапацца, якім чынам яму ўдалося здабыць і схаваць у сябе бутэльку наркатычнага пітва.

Шмат у якіх турмах пад выглядам служачых водзяцца машэннікі, якія дапамагаюць уцёкам зняволеных і ў выпадку, калі гэта выгадна, прадаюць паліцыі давераныя ім таямніцы.

У тую самую ноч, калі Гаўрош даў у „сябе“ прытулак бяздомным хлопчыкам, Бружон і Гельмер, якія ведалі, што Бабэ, уцёкшы раніцою, чакае іх на вуліцы, таксама як і Манпарнас, паціхоньку ўзняліся і пачалі свідраваць цвікам, знойдзеным Бружонам, комін, сумежны з іх ложкамі. Абломкі цэглы падалі проста на ложак Бружона, так што не рабілі ніякага шуму. Парывы буры, якая суправаджала навальніцу, патрасалі дзверы на цяжкіх петлях і разам з раскатамі грому ўтваралі жахлівы канцэрт, вельмі выгадны для тых, што збіраліся ўцякаць. Тыя з зняволеных, якія прачыналіся ад гэтага грукату і стуку, рабілі выгляд, што не заўважаюць аперацыі Гельмера і Бружона, і стараліся зноў заснуць. Бружон быў спрытны, Гельмер — дужы. Перш чым да вушэй турэмшчыка, які спаў поруч з дартуарам у сваёй рашотчатай клетцы, дайшлі падазроныя гукі, комін быў ужо прабіты, беглякі паспелі выбрацца праз яго на дах, прабіўшы жалезную сетку, якая закрывала верх коміна. Дождж і вецер бушавалі. Дах быў слізкі.

— Ну і ночка! — заўважыў Бружон.

Паміж дахам, на якім цяпер знаходзіліся беглякі, і сцяной дазора была прорва футаў у шэсць шырынёю і ў восемдзесят глыбінёю. На дне гэтай прорвы блішчэла ў цемры зброя часавога.

Беглякі прывязалі звітую Бружонам у карцэры вяроўку да перакладзін коміна, на якіх трымалася жалезная рашотка, і перакінулі вольны канец вяроўкі цераз каменную сцяну, потым адным смелым прыжком пераскочылі цераз зіяючую пад імі прорву і, схапіўшыся за верхні край сцяны, адзін за адным спусціліся па вяроўцы на маленькі дах, што прылягаў да будынка лазняў; саскочыўшы потым на двор гэтага будынка, яны шпарка перабеглі праз яго, штурханулі фортачку вартаўніка, каля якога вісеў яго шнур, адчынілі вароты і апынуліся на вуліцы.

Прайшло якіх-небудзь тры чвэрці гадзіны ад той хвіліны, як яны падняліся ў пацёмках з сваіх ложкаў з цвікам у руках і планам бегства ў галовах. Праз некалькі хвілін яны далучыліся да Бабэ і Манпарнаса, якія брадзілі каля турмы. Прыцягваючы да сябе вяроўку, бегляцы абарвалі яе, таму частка вяроўкі так і асталася на коміне; з імі самімі нічога асаблівага не здарылася, апрача таго, што яны садралі ў сябе амаль усю скуру на руках.

У гэтую ноч Тэнард’е быў папярэджаны — таксама невядома якім чынам — і не спаў. Каля гадзіны ночы, не гледзячы на страшэнную цемру, ён заўважыў, як каля слухавога акна, якое прыходзілася супроць яго клеткі, прабраліся па даху сярод буры і ліўня два цені. Адзін з іх на момант спыніўся каля акенца. Гэта быў Бружон. Тэнард’е яго пазнаў і зразумеў усё. Больш яму нічога не было патрэбна.

Тэнард’е, як небяспечны зладзей, затрыманы па абвінавачванню ў начной засадзе са зброяй у руках, пільна вартаваўся. Перад яго клеткай заўсёды праходжваўся са стрэльбай напагатове часавы, які змяняўся праз кожныя дзве гадзіны. Бэль-Эр асвятляўся адтулінай у сцяне. На нагах у Тэнард’е былі кайданы ў пяцьдзесят фунтаў вагою. Штодзённа, у чатыры гадзіны пасля паўдня, у яго клетку ўваходзіў турэмшчык у суправаджэнні двух сабак, як гэта вадзілася ў тую эпоху, апускаў каля яго ложка на падлогу двухфунтовы чорны хлеб, міску з вадой і міску з рэдкім бульёнам, у якім плавала некалькі бабін самага дрэннага сорту, потым пільна аглядаў кайданы і пастукваў па кратах. Апрача таго, ён прыходзіў да зняволенага разы два ноччу.

Тэнард’е атрымаў дазвол мець у сябе невялікі жалезны цвік, якім ён закрываў сцянную шчыліну, што служыла яму месцам захоўвання хлеба. Паколькі злачынец пільна ахоўваўся, то нічога падазронага ў гэтым цвіку не знайшлі. Толькі пасля ўспомнілі словы аднаго з вартаўнікоў, які гаварыў у той час: „Лепш-бы даць яму драўляны шып“.

У дзве гадзіны ночы часавога — старога, спрактыкаванага салдата — змяніў малады новабранец. Праз невялікі час у клетку Тэнард’е з’явіўся са звычайным візітам турэмшчык з сабакамі і пайшоў, не заўважыўшы нічога падазронага. Пасля, пры допытах, ён паказваў, што яму не спадабаўся толькі часавы яго „маладосцю і вясковай тупасцю“. Праз дзве гадзіны, гэта значыць у чатыры гадзіны раніцы, калі з’явіліся змяніць новабранца, апошні так моцна спаў, расцягнуўшыся пластом на падлозе каля клеткі Тэнард’е, што не было ніякай магчымасці разбудзіць яго. Самога-ж Тэнард’е і след прастыў. Пасля яго асталіся толькі разбітыя кайданы на каменнай падлозе клеткі. У столі была прабіта адна адтуліна, а над ёю, у даху, — другая. У ложку не хапала адной дошкі, якую бягляк, напэўна, знёс для чаго-небудзь з сабой, таму што яе нідзе не знайшлі. У клетцы аказалася палова бутэлькі са снатворным пітвом, пры дапамозе якога ён усыпіў часавога. Штык салдата знік.

У тую хвіліну, калі ўсё гэта высвятлялася, усе былі ўпэўнены, што Тэнард’е паспеў ужо схавацца і што ўсякія пошукі будуць бескарысны. У сапраўднасці-ж ён, хоць і знаходзіўся па-за сценамі Новага будынка, быў яшчэ вельмі блізка ад іх і не ў поўнай бяспецы.

На павароце з вуліцы Бале на вуліцу Караля Сіцыліі, з правага боку, знаходзілася глухая пустка. У мінулым веку там стаяў дом, ад якога асталася адна задняя сцяна трывалай каменнай кладкі, што была на адным узроўні з трэцімі ярусамі суседніх дамоў. Гэтую руіну лёгка можна пазнаць па двух чатырохкутных вялікіх вокнах, якія захаваліся да гэтага часу. Адно з гэтых вокнаў, тое, што бліжэй да правага боку, было перагароджана старою, паточанай чарвямі бэлькай, накшталт падпоркі. Праз гэтыя вокны калісьці была відаць высокая пахмурая сцяна турэмнага дазора.

Вакол пусткі цягнуўся плот з гнілых дошак, падпёрты пяццю каменнымі тумбамі. Да сцяны былога дома прылягаў невялікі барак. У плоце была фортка, якая некалькі год таму назад запіралася толькі на засаўку.

На версе сцяны гэтай пусткі і апынуўся Тэнард’е ў чацвёртай гадзіне ночы. Як ён туды прабраўся, гэтага ніхто не мог зразумець. Напэўна, навальніца з маланкай і громам і дапамагала яму і перашкаджала ў адзін і той-жа час. Ці не скарыстаў ён рыштаванні дахаўшчыкоў, каб прабрацца з даха на дах, з агарожы на агарожу да будынка двара Карла Вялікага, потым да будынкаў двара Сен-Луі, адтуль да сцяны дазора, а потым ужо і на сцяну пусткі? Але на гэтым шляху былі такія прорвы, якія здаваліся непраходнымі. Магчыма, ён прыладзіў дошку, узятую ім з ложка, накшталт маста паміж крышай Бель-Эра і сцяной дазора і, перайшоўшы па такім ненадзейным мосце на гэтую сцяну, прапоўз па ёй вакол усёй турмы да сцяны пусткі? Але сцяна дазора прадстаўляла ломаную, зубчастую лінію, якая то спускалася да казармы пажарных, то падымалася да даха лазняў, то пераразалася будынкамі, то загіналася вострымі рагамі; пры тым-жа і часавыя павінны былі-б заўважыць цёмны сілуэт бегляка, калі ён прапаўзаў каля іх на версе сцяны. Наогул шлях, па якому ўцёк з турмы Тэнард’е, астаецца амаль неразгаданай загадкай. І тым і другім з мяркуемых спосабаў уцёкі здаваліся немагчымі. Напэўна, Тэнард’е, натхнёны сілаю той палкай прагнасці да волі, якая ператварае прорвы ў простыя ірвы, жалезныя краты ў трысцёвыя пляцёнкі, калеку ў атлёта, падагрыка ў птушку, тупасць у інстынкт, інстынкт у розум, а розум у геніяльнасць, — напэўна, кажам мы, Тэнард’е прыдумаў нейкі трэці спосаб, які нікому іншаму не прыходзіў на думку. Магчыма, але гэта асталося яго таямніцай.

Звычайнаму чалавеку не заўсёды магчыма ўявіць сабе ўсе цуды ўцёкаў. Але бягляк, паўтараем, знаходзіцца пад дзеяннем натхнення. Мазгі чалавека, які ўцякае ў цемры з турмы, асветлены ўсімі нябеснымі свяціламі і ўсімі маланкамі навальніцы. Імкненне да волі таксама ўзбуджае творчы дух, як імкненне да выражэння вялікага, укладзенага ў душу паэта. Як кажуць аб бегляку: „Няўжо ён мог пералезці цераз гэты дах?“, таксама-ж кажуць і пра Карнеля[52]: „Дзе ён узяў словы: „няхай ён памрэ!“

Як-бы там не было, але Тэнард’е, увесь спацелы, наскрозь прамоклы ад дажджу, у разадранай на шматкі вопратцы, з абдзёртымі рукамі, з локцямі і каленьмі ў крыві, сяк-так дабраўся да верхняга края сцяны пусткі і расцягнуўся там зусім знясілены. Цяпер яго аддзяляла ад зямлі толькі стромкая круча вышынёй з трохпавярховы дом: вяроўка, якую ён меў пры сабе, была вельмі кароткая для такога спускання.

Лежачы на версе гэтай кручы, бледны, знясілены, і знаходзячыся пакуль яшчэ пад пакрыццём ночы, ён у роспачы гаварыў сабе, што хутка пачне світаць, а ён не можа зварухнуцца з месца. Ён застываў ад жаху пры думцы, што праз якія-небудзь некалькі хвілін на суседняй званіцы царквы Сен-Поль праб’е чатыры гадзіны, і новы часавы, які з’явіцца на змену, знойдзе свайго папярэдніка соннага пад прабітай столлю Бель-Эра. У здрантвенні глядзеў ён пры святле ліхтароў на мокры і цёмны ад дажджу брук, які рассцілаўся пад ім на страшэннай глыбіні і быў для яго жаданы і разам з тым выклікаў у яго жах, прадстаўляючы, з аднаго боку, волю, а з другога — смерць.

Ён з тугою запытваў у сябе: ці ўдаліся ўцёкі тром яго супольнікам, ці чулі яны яго і ці з’явяцца яны яму на дапамогу? Ён напружана прыслухоўваўся да таго, што рабілася ўнізе. Пакуль ён тут ляжаў, па вуліцы ніхто не праходзіў, апрача патруля. Амаль усе гароднікі з Мантрэйля, Шароны, Венсена і Берсі праходзяць на рынак па вуліцы Сент-Антуан.

Але вось прабіла і чатыры гадзіны. Тэнард’е задрыжэў. Праз некалькі імгненняў у турме пачаўся той страшэнны перапалох, які заўсёды выклікаецца выяўленнем уцёкаў каго-небудзь са зняволеных. Да вушэй Тэнард’е даносілася стуканне дзвярэй, рыпенне кратаў на петлях, шум сумятні на гауптвахце, хрыплыя крыкі турэмшчыкаў, бразганне прыкладаў аб каменныя пліты двара. У кратчастых вокнах дартуараў мільгалі агні: то ў адным паверсе, то ў другім. Бегалі з факеламі па Бель-Эры, выклікалі пажарных з суседніх казармаў. Хутка на дахах заблішчэлі іх медныя каскі, асветленыя факеламі сярод дажджу. У той-жа час Тэнард’е ўбачыў з боку Бастыліі бледную паласу ранішняга золаку, які няясна абрысоўваўся на гарызонце.

Ён ляжаў на версе сцяны шырынёю ў дзесяць дзюймаў, пад праліўным дажджом, на краі двух прорваў, якія зіялі пад ім з абодвух бакоў, ляжаў так, што не мог зварухнуцца, мучачыся думкаю аб магчымасці падзення ў бяздонне і жахам чакання, што вось-вось яго знойдуць і схопяць. „Калі кінуся ўніз — заб’юся на смерць; калі астануся тут — буду схоплены“, думалася яму. Іншага выніку сваіх уцёкаў ён не бачыў у гэтую жахлівую хвіліну.

У гэтай пакутлівай трывозе ён раптам заўважыў, як па цёмнай вуліцы ўздоўж дамоў пракрадаўся чалавек, які вышаў з вуліцы Павэ. Незнаёмы вышаў на пустку і спыніўся ў глыбіні той прорвы, над якой нібы павіс Тэнард’е. За гэтым чалавекам з розных бакоў з’явіліся яшчэ трое, таксама крадучыся. Калі яны ўсе сабраліся на пустцы і апынуліся якраз пад Тэнард’е, апошні пачуў шэпат іх галасоў. Адзін з іх адсунуў засаўку ў фортцы плоту, і ўсе чацвёра ўвайшлі ў агарожу. Тэнард’е быў упэўнены, што гэтыя людзі сабраліся ў гэтым закавулку з мэтаю без перашкоды пагутарыць аб сваіх асабовых справах воддаль ад вачэй прахожых і часавога, які стаяў на пасту ля варот Ла-Форс. Праўда, ён стаяў усяго за некалькі крокаў ад пусткі, але дождж трымаў яго ў гэты час у будцы. Хоць Тэнард’е і лічыў сябе загінуўшым, але ён усё-такі прыслухаўся да гутаркі стаяўшых унізе асоб, якіх ён не мог адрозніць. Калі Тэнард’е пачуў, што гэтыя людзі гаварылі на зладзейскай мове, у галаве Тэнард’е мільганула няясная надзея на выратаванне.

— Трэба хутчэй убірацца адсюль. Марудзіць няма чаго, — ціха, але ясна праказаў першы незнаёмы.

— А дождж-жа які, нібы хоча патушыць увесь агонь у пекле! — сказаў другі. — У дадатак, то і глядзі, пройдзе патруль. А тут побач часавы. Сапраўды, як-бы нас не сцапалі!

Па некаторых асаблівасцях гаворкі абодвух гутарыўшых Тэнард’е пазнаў у адным з іх Бружона, а ў другім — Бабэ.

— Пачакаем яшчэ крыху, — сказаў трэці. — А можа нас ніхто тут не заўважыць. Скуль ведаць: магчыма, мы яму і спатрэбімся.

У трэцім незнаёмым па далікатнай мове Тэнард’е пазнаў франта Манпарнаса, які добра ведаў усе арго, але не жадаў гаварыць ні на адным з іх.

Чацвёрты маўчаў, але Тэнард’е па яго шырокіх плячах здагадаўся, што гэта Гельмер.

— Па-мойму, няма чаго чакаць! — запярэчыў Бружон Манпарнасу. — Шынкару, напэўна, не ўдалося ўцячы. Дзе ўжо яму ведаць, як узяцца за такую справу! Не з яго розумам! Нарабіць з кашулі і прасціны стужак і звіць з іх вяроўку, прасвідраваць дзверы, зрабіць фальшывыя ключы, разбіць свае кайданы, сумець спусціць вяроўку, вылезці вон, хавацца, пераапранацца і іншае — хіба ўсё гэта так лёгка? Не здолеў гэтага стары і астаўся там, дзе быў. Не ўмее ён працаваць!

— Так, напэўна, яму не ўдалося, — падтрымаў таварыша і Бабэ. — Тут трэба быць майстрам, а ён толькі вучань, — казаў далей Бабэ. — Хутчэй за ўсё ён даў сябе ашукаць каму-небудзь. Чуеш, Манпарнас, як там загалдзелі? Бачыш, як яны ўсюды зашныралі з усімі сваімі асвятляльнымі прыладамі? Гэта азначае, што яго сцапалі. Зрабіў толькі тое, каб яго асудзілі яшчэ на дваццаць год. Я не палахлівец, гэта вы ўсе ведаеце, але думаю, што нам лепш за ўсё ўцякаць адсюль падабру-паздарову, калі мы не хочам зноў папасціся. Не злуйся, пойдзем вось лепш з намі і разап’ем бутэлечку добрага вінца.

— Не добра кідаць прыяцеляў у няшчасці, — праказаў Манпарнас.

— Ды кажуць табе, што яго злавілі і зноў заканапацілі. Цяпер твайму шынкару капут. Нам яго не выратаваць. Пойдзем хутчэй. Мне так і вярзецца, што мяне хапаюць за рукі.

Манпарнас пачынаў здавацца. Справа ў тым, што гэтыя чатыры разбойнікі, з уласцівай паўшым людзям вернасцю адзін аднаму, калі трэба выручаць таварыша, усю ноч прабрадзілі ў адзіночку вакол турмы з надзеяй убачыць Тэнард’е на версе якога-небудзь даха ці сцяны; дзеля таго, каб стрымаць данае яму слова, яны рыскавалі ўласнай скурай. Але страшэнны лівень і працінаючы холад, наскрозь прамоклае адзенне, дрэнны абутак, перапалох, які пачаўся ў турме, блізкасць часавога, згаслая надзея і абуджаны страх за свой уласны лёс — усё гэта разам з набліжэннем часу світання падштурхвала іх да адступлення. Нават сам Манпарнас, які часткова даводзіўся зяцем Тэнард’е, пачаў хістацца. Яшчэ хвіліна — і яны ўсе пайшлі-б. Тэнард'е задыхаўся на сваёй сцяне, як чалавек, які прысутнічае пры крушэнні таго плыта, што павінен быў выратаваць яго і выцягнуць з марскога бяздоння.

Ён не адважваўся гукнуць таварышоў: крык яго мог быць пачуты часавым, тады ўсё загінула-б. Раптам у яго з’явілася шчаслівая думка, і яму бліснуў апошні прамень надзеі.

Ён выхапіў з кішэні абрывак вяроўкі Бружона, знойдзены ім на коміне Новага будынка, калі ён вылез на дах; ён кінуў гэты абрывак уніз, і той упаў проста ля ног яго таварышоў.

— Эге, ды гэта-ж вяроўка! — ускрыкнуў Бабэ.

— Ды яшчэ майго вырабу, — сцвердзіў Бружон, нахіліўшыся і разглядаючы скінуты прадмет.

— Значыць, ён тут, — здагадаўся Манпарнас.

Усе ўзнялі вочы. Тэнард’е крыху высунуў галаву з таго месца, дзе ён ляжаў.

— Хутчэй! — скамандаваў Манпарнас. — Другі канец вяроўкі ў цябе, Бружон?

— Зразумела, не кінуў-жа я яго!

— Ну, дык звяжы абодва канцы. Мы ўскінем яму вяроўку, а ён прымацуе яе да сцяны і злезе па ёй.

— Я ўвесь скалеў, — прастагнаў Тэнард’е зверху.

— Нічога, пагрэешся, — адказалі яму знізу.

— Я не магу паварушыцца.

— Ты толькі пачынай злязаць, а ўжо мы цябе падхопім упару.

— Ды ў мяне пальцы здрантвелі.

— Як-небудзь прымацуй толькі вяроўку да сцяны.

— І гэтага не магу.

— Трэба каму-небудзь з нас узлезці да яго, — сказаў Манпарнас таварышам.

— Высакавата! — заўважыў Бружон.

Стары каменны комін, што служыў для печы, якую калісьці палілі ў старым бараку, цягнуўся ўздоўж сцяны амаль да таго месца, дзе знаходзіўся Тэнард’е. Гэты комін, ужо ў той час патрэсканы і напалову абвалены, з таго часу зусім разбурыўся, але сляды яго відаць да гэтага часу. Ён быў вельмі доўгі і вузкі.

— Можна, бадай, пралезці праз гэты комін, — меркаваў Манпарнас.

— У гэты вось камінок? — ускрыкнуў Бабэ. — Ну, гэта магло-б зрабіць толькі дзіця, а даросламу і думаць няма чаго.

— Трэба знайсці якога-небудзь хлопчыка, — сказаў Бружон.

— Дзе-ж яго цяпер возьмеш, — заўважыў увесь час маўклівы Гельмер.

— Пачакайце! Я зараз уладжу гэта, — сказаў Манпарнас.

Ён паціхеньку адчыніў фортку і асцярожна зірнуў у яе. Упэўніўшыся, што на вуліцы нікога няма, ён выслізнуў з пусткі і бягом накіраваўся да Бастыліі.

Прайшло сем-восем хвілін, якія здаліся ўсім васьмю тысячамі стагоддзяў, асабліва Тэнард’е. Нарэшце, фортка зноў адчынілася, і ў ёй паказаўся задыханы Манпарнас, а разам з ім Гаўрош. На вуліцы, як і раней, не было ні душы з прычыны вялікага дажджу і халоднага ветру.

Маленькі Гаўрош увайшоў за агарожу пусткі і спакойна глядзеў на разбойнікаў, да якіх яго прывялі.

— А што, хлапчук, ты мужчына ці не? — звярнуўся да яго Гельмер.

Гаўрош паціснуў плячыма і адказаў:

— Такія хлопцы, як я, заўсёды бываюць мужчынамі, а такія мужчыны, як вы, часам бываюць падобны да дзяцей.

— Бач, як у яго спраўна працуе язык! — ускрыкнуў Бабэ.

— Значыць, зроблены не з саломы, — сказаў Бружон.

— Ды што вам патрэбна? — запытаў Гаўрош.

— Узлезці наверх вось праз гэты комін, — вытлумачыў Манпарнас.

— Вось з гэтай вяроўкай, — дадаў Бабэ.

— І прывязаць як мага мацней на версе гэтай сцяны, — сказаў Бружон.

— Вунь там, за перакладзіну ў акне, — дадаў Бабэ.

— Ну, а потым што? — запытаў Гаўрош.

— Гэта ўсё, — адказаў Гельмер.

Гаўрош акінуў позіркам вяроўку, комін, сцяну, акно і ўтварыў губамі пагардлівы гук, які азначаў у перакладзе на зразумелую мову: „І толькі ўсяго!“

— Там наверсе сядзіць чалавек, якога ты выратуеш, — сказаў Манпарнас.

— Ці згодзен? — запытаў Бружон.

Выява

Тэнард'е хутка спусціўся па вяроўцы на зямлю.

— Эх, вы, дзівакі! — праказаў хлопчык і здзеў свае чаравікі.

Гельмер адной рукой падняў яго і паставіў на дах барака, прагніўшыя дошкі якога ўгіналіся пад цяжарам хлопчыка, потым перадаў яму вяроўку, якую Бружон паспеў у адсутнасць Манпарнаса моцна звязаць. Гаўрош накіраваўся да коміна, у які яму не цяжка было пралезці дзякуючы шырокай брэшы ў ім, што знаходзілася над самым дахам. У тую хвіліну, калі Гаўрош улязаў у комін, Тэнард’е, бачачы, што да яго набліжаецца жыццё і воля, звесіў галаву з сцяны. Першыя праменні ранішняга золаку ледзь асвятлялі яго пакрыты потам лоб, яго бледныя шчокі, завостраны нос і яго ўскудлачаную сівую бараду, але Гаўрош усё-такі пазнаў яго.

— Эге! Ды гэта-ж мой бацька! — прамармытаў ён. — Ну, добра, усёроўна!

Ён узяў канец вяроўкі ў зубы і смела палез па коміне наверх. Дабраўшыся да сцяны, Гаўрош сеў на яе вярхом і моцна прывязаў вяроўку да перакладзіны акна.

Праз хвіліну Тэнард’е быў ужо на вуліцы.

Ледзь толькі ён дакрануўся нагамі да бруку і зразумеў, што знаходзіцца ў бяспецы, адразу-ж адчуў сябе так, як быццам з ім не было нічога таго, што яго мучыла на версе сцяны: ні холаду, ні зморанасці, ні страху. Усё, толькі што ім перажытае, здавалася яму цяпер нечым накшталт кашмару, ад якога ён прачнуўся. Уся яго дзікая энергія адразу вярнулася да яго, і ён гатовы быў на новыя подвігі.

Вось першыя словы гэтага жахлівага чалавека пасля вызвалення ад страшнай небяспекі:

— Ну, цяпер каго мы будзем есці?

Гэтае слова на мове разбойнікаў азначае: забіць, зарэзаць, аграбіць, гледзячы па акалічнасцях.

— Цяпер няма калі доўга балакаць, — сказаў Бружон. — Скончым у трох словах і потым разыйдземся. Была справа і, здавалася, выгадная: вуліца Плюме, зусім бязлюдная, адзінокі дом, сад з старой рашоткай, у доме адны жанчыны...

— Ну, і што-ж перашкодзіла? — перапыніў Тэнард’е.

— Твая дачка Эпаніна хадзіла туды... — пачаў Бабэ.

— І прынесла Ман’ёне сухар, — дадаў Гельмер. — Там няма чаго рабіць.

— Эпаніна — дзяўчынка не дурная, — сказаў Тэнард’е. — А ўсё-такі трэба паглядзець самім.

— Ды і па-мойму таксама, — падхапіў Бружон.

Ніводны з гэтых людзей не звяртаў больш увагі на Гаўроша, які ў час іх гутаркі прысеў на адну з тумбаў ля плоту пусткі. Дарэмна прачакаўшы некалькі хвілін, што яго бацька абернецца да яго, ён абуўся і сказаў:

— Скончана? Я вам больш не патрэбны, паны мужчыны? Так? Ну, дык пайду будзіць сваіх карапузікаў.

І, не дачакаўшыся адказу, ён пайшоў.

Хутка і ўсе пяцёра разбойнікаў адзін за адным выслізнулі з форткі пусткі.

Калі Гаўрош знік за паваротам вуліцы Бале, Бабэ адвёў Тэнард’е ў бок і запытаў:

— Ці бачыў ты хлапчука?

— Якога хлапчука?

— А таго, які ўзлязаў да цябе на сцяну з вяроўкай?

— Не, не разглядзеў. А што?

— Ды мне здаецца, што гэта твой сын.

— Ну? — здзівіўся Тэнард’е. — Ты думаеш?

XXVIII

ЭПАНІНА

Пасля таго першага спаткання Марыус і Казета бачыліся кожны вечар. Жан Вальжан нічога не падазраваў. Казета была вясёлая і шчаслівая, а яму больш нічога не было патрэбна. Вобраз Марыуса напаўняў яе душу і не зацямняў чыстаты яе нявіннага чала. Яна заўсёды была задаволеная і ва ўсім згаджалася з бацькам. У дзесяць гадзін заўсёды яны разыходзіліся на ноч. Казета адразу-ж бегла ў сад, дзе яе ўжо чакаў Марыус; там яны хаваліся ў нішы ля ганка, каб ніхто не мог убачыць іх з вуліцы, і ў іх пачыналася бясконцая гутарка, змест якой ніколі нельга перадаць.

Два месяцы цешыліся Казета і Марыус няземным шчасцем. Між тым, набліжаліся розныя цяжкасці.

Адзін раз увечары, калі Марыус ішоў на звычайнае спатканне, ён раптам пачуў, што яго гукнуў нехта. Ён узняў галаву.

— Добры вечар, пан Марыус!

Ён пазнаў Эпаніну. Гэтая сустрэча зрабіла на яго дзіўнае ўражаняе. З таго часу, як дзяўчына паказала яму дом на вуліцы Плюме, дзе жыла Казета, ён ні разу не ўспомніў пра яе, пра яе, якой, па сутнасці, ён быў абязаны сваім сучасным шчасцем. Убачыўшы яе цяпер, ён некалькі замяшаўся.

— А, гэта вы, Эпаніна?

— Чаму вы гаворыце мне „вы“? Хіба я вас пакрыўдзіла чым-небудзь? — запытала яна.

— Не.

Ён памаўчаў. Яна зноў запытала:

— Скажыце, калі ласка... — і спынілася. Потым сарамліва ўсміхнулася, апусціла вочы і раптам сказала: — Да пабачэння, пан Марыус, — і пайшла.

На другі дзень, гэта было трэцяга чэрвеня 1832 года, дзень, памятны для Парыжа па падзеях, якія яго суправаджалі, Марыус з надыходам вечару зноў накіроўваўся на вуліцу Плюме. Дайшоўшы да бульвара, ён зноў убачыў здалёк Эпаніну і, не жадаючы зноў заводзіць з ёю гутарку, звярнуў на другі бок, каб ухіліцца ад сустрэчы. Эпаніна, у сваю чаргу, заўважыла яго і, насуперак звычайнасці, пайшла за ім па вуліцы Плюме. Там яна ўбачыла, як Марыус, дайшоўшы да рашоткі, выцягнуў некалькі жалезных драцін, якія трымаліся слабей за другіх, пралез у сад і зноў старанна ўставіў іх на сваё месца.

— Вось як ён уваходзіць у дом, — сказала яна пра сябе і таксама, падышоўшы да рашоткі, абмацала ўсе драціны і хутка знайшла тыя, якія вымаў Марыус. Потым яна села ў кутку, дзе канчалася рашотка ля суседняй сцяны, так што адразу яе нельга было заўважыць.

Дзяўчына нібы сядзела на варце. Так прайшло больш гадзіны. Вуліца была зусім пустынная і маўклівая.

Раптам гадзін каля дзесяці яна ўбачыла воддаль шэсць ценей, якія паволі набліжаліся да дома, каля якога яна сядзела. Цені рухаліся на невялікай адлегласці адна ад адной; дайшоўшы да саду, яны злучыліся ўсе разам. Потым пачалі ціха гутарыць паміж сабою.

— Гэта тут, — сказаў адзін.

— А можа ў садзе ёсць сабака? — запытаў другі.

— Не ведаю, я на ўсякі выпадак падрыхтаваў яму пачастунак.

Адзін з прышоўшых пачаў абмацваць у гэты час рашотку, як гэта зрабіла некалькі часу таму назад Эпаніна. Ён таксама дайшоў да хісткіх драцін і ўзяўся за адну з іх, як раптам хтосьці схапіў яго за руку і ўдарам у грудзі адштурхнуў у бок.

— Тут ёсць сабака, — сказаў нехта хрыплым голасам.

І ў той-жа час ён убачыў перад сабою жаночую постаць.

Чалавек здрыгануўся ад нечаканасці, адсунуўся і прамармытаў з трывогай:

— Што гэта яшчэ за стварэнне?

— Гэта ваша дачка, — пачулася ў адказ.

Перад Эпанінай стаяў сапраўды яе бацька, Тэнард’е, з сваімі супольнікамі, якім, як нам вядома, удалося ўцячы з турмы, дзе яны сядзелі ўвесь час, з той пары як Жавер арыштаваў іх.

Пазнаўшы дачку, Тэнард’е ўскрыкнуў, наколькі дазваляла асцярожнасць:

— Што ты тут робіш? Ці ты звар’яцела? На што ты перашкаджаеш нам працаваць?

— Я тут, таму што тут. Хіба забараняецца сядзець на каменнях? А вось вам што тут трэба? Вам тут зусім няма чаго рабіць. У доме ані нічога няма, і старацца не варта. Паверце, я кажу вам шчырую праўду.

— У доме адны толькі жанчыны, і, напэўна, ёсць пажыва, — сказаў адзін з машэннікаў.

— Нічога няма, усе пераехалі, — адказала Эпаніна.

— Чаму-ж яны пакінулі святло? Паглядзі-тка!

Сапраўды, у адным з вокнаў наверсе відаць быў агонь.

Тады Эпаніна адважылася на апошні сродак.

— Ды тут жывуць такія беднякі, у якіх, напэўна, за душой няма ні капейкі, — сказала яна.

— Пайшла к чорту! — ускрыкнуў Тэнард’е. — Вось мы перакапаем дом зверху данізу, тады і скажам табе, што там ёсць і чаго няма. Ступай прэч!

Тады яна стала спіною да рашоткі, тварам да шасцярых зладзеяў, і голасам, ціхім і рашучым, сказала: — Ну, дык я не хачу, каб вы ўваходзілі.

Яны спыніліся са здзіўленнем. Яна казала далей:

— Паслухайце мяне, прыяцелі. Цяпер я вам скажу па праўдзе. Перш за ўсё, калі вы толькі ўвойдзеце ў сад, я ўзніму такі крык і шум, што разбуджу ўсіх, склічу паліцэйскіх, і вас ураз забяруць.

— Яна, напэўна, зробіць гэта, — ціха праказаў Тэнард’е свайму суседу.

— Усіх, — казала далей Эпаніна, — пачынаючы з майго бацькі.

Тэнард’е было наблізіўся да яе.

— Не так блізка, стары, — сказала яна, адштурхваючы яго рукой.

Ён адсунуўся, прамармытаўшы праз зубы:

— Ды што ў яго там такое, у гэтага сабакі?

Яна рассмяялася страшным смехам.

— Як вы там сабе хочаце, — казала яна далей, — а вы сюды не ўвойдзеце! Вас шасцёра, дык што-ж? Вы мужчыны, ну, а я жанчына, а ўсё-такі я вас не баюся. Вы сюды не ўвойдзеце, таму што мне гэта не падабаецца. Калі вы толькі пойдзеце, я ўзніму брэх. Я вам сказала, што тут ёсць сабака. Гэты сабака — я. Ідзіце сваёй дарогай, вы мне надакучылі. Сюды не смейце вяртацца, я вам гэта забараняю. Ступайце прэч адсюль!

Яна закашлялася. З грудзей у яе вырваўся хрыплы ўздых. Яна казала зноў:

— Мне варта толькі крыкнуць, кажу вам. Вас шасцёра, а я адна, але за мной увесь свет.

Тэнард’е зрабіў крок да яе.

— Не падыходзіць! — крыкнула яна.

Ён спыніўся і ласкава праказаў:

Ды я не рухаюся, толькі нашто ты гаворыш так голасна? Ну, любая дачка, на што ты перашкаджаеш нам зарабляць хлеб? Хіба ты не жадаеш дабра свайму бацьку?

— Вы мне надакучылі.

І яна села на падмурак рашоткі і замурлыкала нейкую песеньку.

Шэсць бяздзельнікаў стаялі перад ёю ў нерашучасці. Потым яны адышлі ў бок і пачалі радзіцца. Святло ліхтара, пад якім яны стаялі, блішчэла над лязом нажа аднаго з іх. Нарэшце, яны пайшлі. На рагу вуліцы яны зноў спыніліся, і адзін з іх запытаў:

— Дзе мы пераначуем сёння?

— Пад Парыжам.

— А ці ёсць у цябе ключ ад рэшоткі, Тэнард’е?

— Ёсць.

Эпаніна прасачыла за імі ўздоўж садовай сцяны і бачыла, як яны паступова зніклі ў цемры. Яна прайшла да самага бульвара.

На вуліцы Плюме запанавала ранейшая ціша і спакой.

Покуль усё гэта адбывалася на вуліцы, Марыус знаходзіўся каля Казеты. Ён застаў яе сумную. Яна плакала, вочы яе былі чырвоныя.

— Што з табою? — запытаў ён.

Яны селі поруч на лаўку, і яна адказала:

— Сёння раніцою бацька мне сказаў, каб я была гатова ехаць: яму патрэбна па справах.

Марыус задрыжэў з галавы да ног. На працягу гэтых дзесяці тыдняў ён так прывык лічыць Казету неад’емна сваёю, што думкі аб тым, што яна раптам можа быць адабрана ў яго кім-небудзь, ледзь не даводзілі яго да шаленства. Ён доўга прастаяў маўклівы і нерухомы, нібы ўражаны громам.

Казета ўзяла яго за руку. Рука была халодная, як лёд.

— Што з табою? — запытала яна ў сваю чаргу.

— Я не разумею, што ты сказала, — праказаў ён, нарэшце, так ціха, што Казета ледзь разабрала.

Яна зноў паўтарыла:

— Сёння раніцою бацька мне сказаў, каб я склала свае і яго рэчы, таму што мы паедзем праз тыдзень, здаецца ў Англію.

— Але-ж гэта жахліва! — ускрыкнуў ён. Потым слабым голасам запытаў: — Калі-ж вы паедзеце?

— Ён гэтага не сказаў.

— А калі вы вернецеся?

— І гэтага не сказаў.

Марыус устаў і сказаў холадна:

— Значыць, вы паедзеце?

Казета зірнула на яго вачыма, поўнымі смутку, і збянтэжана адказала:

— Куды?

— У Англію. Вы ад’язджаеце?

— Чаму ты мне гаворыш „вы“?

— Я ў вас запытваю: „вы паедзеце“?

— Як-жа хочаш ты, каб я зрабіла іначай, калі бацька жадае гэтага?

— У такім выпадку я таксама пайду, але зусім у другі бок.

Казета страшэнна пабляднела і схапіла яго за руку.

— Што ты хочаш гэтым сказаць? — прамармытала яна.

Марыус паглядзеў на яе, потым на неба і адказаў:

— Нічога.

Калі ён зноў зірнуў на Казету, то ўбачыў, што яна ўсміхаецца.

— Якія мы дурні! — праказала яна. — Ведаеш, Марыус, у мяне з’явілася ідэя.

— Якая?

— Едзь за намі! Я скажу, куды мы адправімся, і ты нас дагоніш.

Марыус цяпер зусім апамятаўся. Ён зваліўся з воблакаў, на якіх знаходзіўся ўвесь гэты час. Ён закрычаў Казеце:

— Ехаць за вамі! Ці ты звар’яцела! Для гэтага-ж патрэбны грошы, якіх у мяне няма! Ехаць у Англію! Я-ж і жыву нават у таварыша і вінен яму ўжо ліха ведае колькі. Я хаджу ўвесь абадраны і ўжо шэсць тыдняў нічога не раблю. Я — жабрак, Казета. Гэта ты нічога не заўважаеш, таму што бачыш мяне ноччу і кахаеш мяне, а каб убачыла ўдзень, то падала-б мне міласціну. Ехаць у Англію! Ды мне няма чым нават заплаціць за пашпарт.

І ён у роспачы прыхінуўся ілбом да дрэва і прастаяў так некалькі часу. Нарэшце, ён абярнуўся і пачуў рыданні Казеты.

Ён падышоў да яе і стаў на калені. Потым пацалаваў яе нагу.

— Не плач, — сказаў ён.

— Я, магчыма, паеду, — прашаптала яна праз слёзы, — а ты не можаш ехаць за мной.

— Ты мяне кахаеш? — запытаў ён.

Яна адказала, рыдаючы:

— Абажаю!

Ён казаў далей з невыказнаю ласкаю ў голасе:

— Не плач. Ну, ці хочаш зрабіць для мяне што-небудзь? Перастань плакаць.

— А ты ці кахаеш мяне? — запытала яна.

Ён узяў яе за руку.

— Казета, я нікому не даваў чэснага слова, таму што я баюся свайго чэснага слова. Я адчуваю, што бацька мой стаіць каля мяне. Дык вось табе я даю чэснае слова, самае свяшчэннае для мяне, што, калі ты паедзеш, я памру.

Ён праказаў гэта з такім урачыстым і спакойным выразам, што Казета задрыжэла. Яна адчула нейкі магільны холад. Яна нават перастала плакаць.

— Цяпер слухай, — сказаў ён, — заўтра не чакай мяне.

— Чаму?

— Чакай мяне паслязаўтра.

— О, чаму?

— Убачыш.

— Не ўбачу цябе цэлы дзень!

— Афяруем адзін дзень, каб заваяваць, быць можа, усё жыццё, — і потым дадаў: — Трэба, каб ты на ўсякі выпадак ведала мой адрас. Ці мала што можа здарыцца. Я жыву ў свайго прыяцеля Курфейрака, вуліца Варэры, нумар шаснаццаць.

Ён выняў з кішэні складны ножык і на шэрым камені дома надрапаў адрас.

Казета, між тым, не зводзіла з яго вачэй.

— Скажы мне, што ты надумаў? О, скажы, Марыус, каб я магла заснуць гэтую ноч! — пераказала яна.

— Я думаю вось аб чым: немагчыма дапусціць нашу разлуку. Чакай мяне паслязаўтра.

І абодва, прыгнечаныя сваім горам, не кажучы ні слова, кінуліся ў абдымкі адзін аднаму.

Калі праз некалькі хвілін Марыус вышаў на вуліцу, была поўная цішыня. У гэты час якраз Эпаніна сачыла за зладзеямі. Марыус рашыўся на моцны сродак.

ХХІХ

РАЗРЫЎ

Старому Жыльнарману стукнула ў гэты час дзевяноста адзін год. Ён, як і раней, жыў у сваім уласным доме з дачкою і двума слугамі.

Ён некалькі змяніўся за гэты час: зрабіўся больш абыякавы да ўсяго навакольнага і спакойна даведваўся з газет аб палітычных пераваротах, цэнтрам якіх у гэтыя гады была Францыя. Справа ў тым, што яго мучыла гора. Ужо чатыры гады ён не бачыў Марыуса і ўсё чакаў кожны дзень, што гэты дрэнны хлапчук, нарэшце, пазвоніць калі-небудзь у яго дзверы. Не думка аб смерці пужала яго, а тое, што ён, магчыма, не ўбачыць Марыуса. Гэта наводзіла на яго жах. Тым не менш ён лічыў немагчымым зрабіць першы крок да прымірэння. Ён не адчуваў за сабою ніякай віны, але думаў пра ўнука з глыбокай пяшчотнасцю і нямой роспаччу старога, адыходзячага ў вечнасць.

Аднойчы, гэта было чацвертага чэрвеня, ён сядзеў адзін перад гарэўшым камінам. Як звычайна, ён думаў пра Марыуса, і, як звычайна, горкае пачуццё ў ім пераважала. Яго пяшчотнасць перайшла, нарэшце, у абурэнне. Ён дайшоў да таго моманту, калі стараешся ўжо прымірыцца з тым, што раздзірае сэрца. Ён гатовы быў угаварыць сябе, што цяпер няма сэнсу Марыусу з’яўляцца, што калі-б ён хацеў гэта зрабіць, то зрабіў-бы ўжо даўно, што трэба перастаць думаць пра гэта. Галава яго апусцілася на грудзі, і ён накіраваў блукальны жаласны позірк на згасаўшае полымя.

У хвіліну самага глыбокага размышлення ён раптам пачуў голас увайшоўшага слугі:

— Судар, ці можаце вы прыняць пана Марыуса?

Стары адразу выпрастаўся, бледны, як здань, устаўшы пад дзеяннем гальванічнага току.

Уся кроў хлынула яму да сэрца. Ён прамармытаў:

— Якога пана Марыуса?

— Не ведаю, — адказаў слуга, напалоханы выглядам свайго пана. — Я яго не бачыў. Служанка мне сказала: „Прышоў адзін малады чалавек, далажыў, што гэта пан Марыус“.

— Запрашайце, — адказаў Жыльнарман упаўшым голасам.

Ён астаўся ў тым-жа стане, з дрыжачай галавой, з позіркам, накіраваным на дзверы. Яны расчыніліся. Увайшоў нейкі малады чалавек...

Гэта быў Марыус. Ён спыніўся ля парога, нібы чакаючы, каб яго запрасілі ўвайсці.

Яго амаль жабрацкая вопратка непрыкметна была пры слабым святле лямпы. Толькі пахмуры, бледны твар выдзяляўся ў цёмнай рамцы дзвярэй.

Стары Жыльнарман, які звар’яцеў у першую хвіліну ад радасці і нечаканасці, бачыў толькі нейкае святло, што зыходзіла ад якогасьці цудоўнага відзення. Ён гатовы быў страціць прытомнасць, Так, гэта быў ён, Марыус. Нарэшце-то! Пасля чатырох год! Ён абняў яго позіркам. Ён знайшоў, што Марыус чароўны, благародны, вырас, зрабіўся зусім дарослым, самастойным чалавекам. Ён палка жадаў-бы сціснуць яго ў сваіх абдымках, прылашчыць, назваць па іменю, але ўвесь прыліў пяшчотнасці і любові, згодна яго прыродзе, выліўся вонкі ў форме грубасці. Ён рэзка запытаў:

— Што вам патрэбна?

— Судар... — адказаў Марыус у замяшанні.

Пан Жыльнарман хацеў, каб Марыус сам кінуўся яму на шыю. Ён быў нездаволены і сабою і ўнукам. Ён адчуваў, што сам ён рэзкі, а Марыус халодны. Гэта было для яго нязносна. Прыкрасць вярнулася да яго, і ён зноў груба запытаў:

— Дык што-ж вам патрэбна? Што, вы прышлі прасіць у мяне прабачэння? Вы сазналі, нарэшце, сваю віну?

У Марыуса быў бледны і халодны, як мрамар, твар.

— Не, — адказаў ён.

— Дык чаго-ж вы хочаце? — ускрыкнуў стары з горам і разам з тым гнеўна.

Марыус з мальбою склаў свае рукі, зрабіў крок наперад і дрыжачым і слабым голасам вымавіў:

— Судар, злітуйцеся нада мною!

Гэтыя словы давялі старога да шаленства. Некалькі хвілін назад яны расчулілі-б яго; цяпер-жа было позна. Стары ўзняўся з крэсла і, абапёршыся абодвума рукамі на кій, з пабялеўшымі губамі і дрыжачай галавой закрычаў:

— Злітавацца вад вамі? Гэта юнак моліць аб літасці ў дзевяностагадовага старога! Вы толькі ўступаеце ў жыццё, я-ж ужо адыходжу ад яго! Вы багаты ўсімі скарбамі свету, я-ж нясу ўсе няшчасці старасці: трухлявасць і адзіноту. Перад вамі ўсё будучае, ярка азаронае сонечным святлом, я-ж перастаю адрозніваць навакольнае — так глыбока пагружаюся я ў цемру. Вы кахаеце, гэта зараз-жа відаць; мяне-ж не любіць ніхто ў свеце. І вы моліце аб літасці! Вы проста забаўны.

Ён абарваў сваю гутарку, потым зноў запытаў:

— Аднак, чаго вы хочаце?

— Я ведаю, — адказаў Марыус, — што мая прысутнасць вам непрыемна. Але я прышоў прасіць вас аб адной толькі рэчы, і пасля гэтага я адразу-ж пайду.

— Вы дурань! — адказаў стары. — Хто гаворыць вам аб тым, каб вы ішлі адсюль.

Марыус не зразумеў патаемнага сэнсу гэтых слоў старога, які хацеў, каб ён кінуўся яму на шыю. Жыльнарман гаварыў сабе, што вось зараз унук яго ўцячэ з прычыны яго жорсткіх і грубых слоў, і гэта прыводзіла яго ў роспач і гора гэта так абурала яго, што ён рабіўся яшчэ грубейшы.

— Ну, скончым хутчэй, — сказаў ён з прыкрасцю. — Вы прышлі прасіць мяне аб нечым. Гаварыце, чаго вы просіце.

— Я прышоў прасіць вас, — адказаў Марыус з выглядам чалавека, які кідаецца ў бяздонне, каб вы дазволілі мне жаніцца.

Стары зірнуў на ўнука, потым моўчкі дайшоў да свайго крэсла і зноў сеў у яго.

— Вы хочаце жаніцца, — пачаў ён. — У дваццаць адзін год жаніцца! Вы ўсё ўжо ўладзілі і чакаеце толькі майго дазволу? Садзіцеся, калі ласка. Вы ведаеце, што з таго часу, як мы з вамі разлучыліся, адбылося шмат пераваротаў у палітычным свеце. Вам, як барону, яны павінны падыйсці да густу. Ітак, вы хочаце жаніцца? З кім? Ці магу я задаць гэтае няскромнае пытанне.

Ён спыніўся і, перш чым Марыус паспеў адказаць, дадаў з ярасцю:

— Значыць, вы саставілі сабе кар’еру, у вас ёсць сродкі? Колькі зарабляеце вы, як адвакат?

— Нічога, — адказаў Марыус з нейкай суровай цвёрдасцю і рашучасцю.

— У такім выпадку нявеста ваша багатая?

— Таксама, як і я.

— Як, без пасагу!? Дык у будучым ёсць што-небудзь?

— Не думаю.

— Хто-ж яе бацька?

— Не ведаю.

— А як яе завуць?

— Мадэмуазель Фашлеван.

Жыльнарман праказаў нібы пра сябе.

— Вельмі добра. Дваццаць адзін год, без кар’еры, ні граша за душою, і баранеса Панмерсі будзе бегаць у краму і купляць зеляніны на два су!

— О, упрашаю вас, — ускрыкнуў Марыус у роспачы апошняй, знікаючай надзеі і склаўшы рукі, — на каленях прашу: дазвольце мне жаніцца з ёй!..

Стары засмяяўся злавесным і прарэзлівым смехам і праказаў кашляючы:

— А-а, вы пра сябе рашылі: „Пайду вось да гэтага старога хрыча і скажу яму: „Стары дурань, ты рады мяне бачыць. Ну, я жанюся невядома з кім, у яе няма і кашулі на целе, я таксама босы, мне ўсё ніпачым, а я ўсё-такі хачу, каб ты даў мне сваю згоду“. А стары дурань скажа: „Ідзі, мой друг. Навяжы сабе камень на шыю, жаніся з сваёй бяспрыданіцай“. Ніколі гэтага, судар, не будзе, ніколі!

— Бацька...

— Ніколі!

Па выразу, з якім сказана было гэтае „ніколі“, Марыус бачыў, што няма ніякай надзеі. Павольнымі крокамі, хістаючыся і нізка схіліўшы галаву, ён накіраваўся да выхаду. Пан Жыльнарман сачыў за ім вачыма, і ў тую хвіліну, як Марыус пераступіў цераз парог, стары хутка падышоў да яго, схапіў яго за каўнер сурдута, пасадзіў у крэсла і сказаў:

— Раскажы мне ўсё па парадку.

Гэты пераварот зрабіла слова „бацька“, якое мімаволі вырвалася ў Марыуса.

Марыус збянтэжана глядзеў на старога. Рухавы твар пана Жыльнармана выражаў цяпер бязмежнае добрадушша любячага дзеда.

— Ну, гавары, расказвай свае прыгоды. Маладыя людзі такія дурні, — дадаў ён.

— Бацька... — пачаў Марыус.

Твар старога заззяў невыказным шчасцем.

— Так, так, заві мяне бацькам, і тады мы з табой згаворымся!

У ім было цяпер столькі дабраты, ласкі, ціхамірнасці і любові, што Марыус быў ап’янёны і азадачаны такой раптоўнай пераменай. Ён сеў супроць дзеда, і лямпа асвятліла яго твар і лахманы, у якія ён быў апрануты. Стары зірнуў на іх са здзіўленнем.

— Дык ты і сапраўды без граша! — ускрыкнуў ён. — Ты апрануты, як брадзяга.

Ён выхапіў з шуфляды стала кашалёк, паклаў яго перад Марыусам і сказаў:

— Вось тут сто чырвонцаў. Купі сабе адзенне!

— Бацька, дарагі мой бацька, — пачаў Марыус, — калі-б вы ведалі, як я кахаю яе. У першы раз я ўбачыў яе ў Люксембургскім садзе, потым я страціў яе з-пад увагі і страшэнна пакутваў. Нарэшце, цяпер я бачу яе кожны дзень. Бацька яе гэтага не ведае. І ўявіце: яна выязджае. Бацька хоча звезці яе ў Англію. Тады я сказаў сабе: „Пайду да дзеда і ўсё раскажу яму“. Я звар’яцею, я памру, я захварэю, я ўтаплюся. Я павінен з ёй жаніцца. Я не перанясу разлукі.

Стары слухаў юнака, захапляючыся гукамі яго голаса і ззяючым тварам. Нарэшце, ён сказаў:

— Дык ты закаханы. Гэта добра. Гэта лепш, чым займацца рэволюцыяй. Паненкі прымаюць цябе спотайку ад бацькі. Гэта таксама нядрэнна; са мной у маладосці гэта не раз здаралася. Толькі нашто-ж спяшацца і зараз-жа бегчы да мэра? Трэба быць разважлівым. Табе трэба грошы, я табе іх дам, колькі хочаш, але глупствы рабіць, калі можна абыйсціся без іх і весела праводзіць час, — гэта зусім лішняе. Разумееш?..

Марыус, здзіўлены і бязмоўны, адмоўна паматаў галавою.

Стары рассмяяўся, падміргнуў вокам і пляснуў яго па каленку. Потым з пяшчотай праказаў, паціснуўшы плячыма:

— Дурненькі! Зрабі яе сваёй каханай.

Марыус збялеў. Ён нічога не зразумеў з гутаркі старога. Але апошнія словы ўдарылі яго ў сэрца, як лязом кінжала. Ён устаў з крэсла, узяў свой капялюш і цвёрдым, упэўненым крокам накіраваўся да дзвярэй. З парога ён абярнуўся, нізка пакланіўся дзеду, узняў галаву і сказаў:

— Пяць год таму назад вы абразілі майго бацьку. Сёння абражаеце маю жонку. Я нічога больш не прашу ў вас. Бывайце!

Стары Жыльнарман сядзеў, як уражаны громам, разявіўшы рот і выцягнуўшы наперад рукі. Ён зрабіў намаганне, каб падняцца, але не мог. Дзверы зачыніліся, і Марыус знік.

Некалькі хвілін стары яшчэ аставаўся нерухомы; нарэшце, ён сарваўся з месца, падбег, на колькі хапіла ў яго сілы, да дзвярэй і закрычаў:

— Памажыце, памажыце!

Выбеглі дачка і слуга. Ён усё крычаў з нейкім жалкім хрыпам:

— Бяжыце па яго! Трымайце яго! Што я яму зрабіў! Ён звар’яцеў, ён уцякае! Ах, божа мой, божа мой! Цяпер ён ніколі больш не вернецца.

І, адчыніўшы акно, ён высунуўся з яго амаль да палавіны і закрычаў на ўвесь голас:

— Марыус! Марыус! Марыус!

Але Марыус не мог яго болыш пачуць. Ён у гэты час быў ужо на другой вуліцы. Стары некалькі разоў сціснуў галаву рукамі з выразам роспачы. Потым, хістаючыся, упаў у крэсла, нерухома, бязгучна, без слёз, трасучы галавою і варушачы губамі, са збянтэжаным позіркам.

У вачах і ў сэрцы ў яго нічога не было, апрача глыбокай і беспрасветнай ночы.

ХXX

ПЕРАД НАВАЛЬНІЦАЙ

У гэты самы дзень, гадзін каля чатырох, Жан Вальжан сядзеў на адным з самых адзінотных адкосаў Марсава поля. Часткова з-за асцярожнасці, часткова з-за жадання быць аднаму і проста з прычыны змянення прывычак ён цяпер вельмі рэдка гуляў з Казетай. На ім была рабочая куртка і шапка з вялікім казырком, якая напалову хавала яго твар.

Ён быў цяпер спакойны і шчаслівы адносна Казеты. Усе трывогі і апасенні яго зніклі. Але ў апошнія два тыдні непакой зноў ахапіў яго. Аднойчы, праходзячы па бульвару, ён убачыў Тэнард’е, які толькі дзякуючы вопратцы не пазнаў яго. Але з таго часу Жан Вальжан не раз сустракаў былога шынкара і пераканаўся, што Тэнард’е бадзяецца ў ваколіцах вуліцы Плюме.

Гэтага было даволі для таго, каб ён ужыў сур’ёзныя захады. Тэнард’е блізка — гэта ўсе небяспекі разам. Да таго-ж і ў Парыжы было неспакойна. Палітычныя смуты вельмі непрыемны для тых, у каго ёсць падстава хаваць што-небудзь у сваім жыцці, бо ў гэты час уся паліцыя на нагах і вельмі падазроная і чуткая. Жан Вальжан рашыў пакінуць Парыж і нават Францыю і перабрацца ў Англію.

Ён папярэдзіў аб гэтым Казету. Ён хацеў выехаць на працягу тыдня.

Цяпер ён задуменна сядзеў на ўзгорку і бязладна перабіраў у мазгах Тэнард’е, паліцыю, ад’езд і цяжкасці пры атрыманні пашпарта. Усё гэта было вельмі клапатліва. Апрача таго, яго непакоіла адна рэч, якой ён не мог знайсці тлумачэння, і якая вельмі трывожыла яго.

Раніцою гэтага-ж дня, устаўшы вельмі рана, ён гуляў у садзе пад вокнамі Казеты, як раптам убачыў на сцяне свежанадрапаныя словы: „Вуліца Варэры, № 16“. Гэта, напэўна, было напісана ноччу. Але што-б гэта такое значыла? Чый-небудзь адрас? Які-небудзь знак? Папярэджанне для яго? Ва ўсякім выпадку відавочна, што нехта быў тут у садзе. І ён успомніў аб дзіўных гуках, якія ўстрывожылі ўжо раз Казету.

Баючыся напалохаць яе, ён нічога не сказаў ёй аб сваім адкрыцці і сам пачаў ствараць розныя меркаванні.

Сярод сваіх дум ён заўважыў упаўшы на зямлю поруч з ім цень, нібы хтосьці спыніўся ў яго за спіной. Ён хацеў абярнуцца, як раптам ля ног у яго упаў у чатыры разы складзены шматок паперы, нібы хто кінуў яго цераз галаву. Ён разгарнуў запіску і прачытаў у ёй адно толькі слова, напісанае алоўкам вялікімі літарамі: „Пераязджайце!“

Жан Вальжан хутка ўстаў на ногі. Каля яго нікога не было. Ён азірнуўся вакол і заўважыў воддаль адыходзячую постаць, як відаць хлопчыка, апранутага ў шэрую блузу і плісавыя штаны, які пералез цераз агарожу і схаваўся ў канаве, што абкружала Марсава поле.

Жан Вальжан адразу-ж у глыбокім размышленні вярнуўся дадому.

Марыус пакінуў пана Жыльнармана ў поўнай роспачы. Ён прышоў да яго з малюсенькай надзеяй; ён вышаў у бязмежным горы.

Ён пусціўся брадзіць па вуліцах без думак і без мэты. У дзве гадзіны ночы ён вярнуўся да Курфейрака і кінуўся, не распранаючыся, на свой матрац. Ужо пачаўся дзень, калі ён, нарэшце, заснуў цяжкім сном. Калі ён прачнуўся, у пакоі знаходзілася яшчэ некалькі прыяцеляў, ужо апранутых і гатовых выйсці з дома. Курфейрак запытаў у яго:

— Ці пойдзеш на пахаванне генерала Ламарка[53]?

Марыусу здалося, што Курфейрак гаворыць па-кітайску.

Ён вышаў праз некалькі часу пасля за ім, захапіўшы з сабою два пісталеты, якія Жавер тады даў яму і якія так і асталіся неразраджаныя. Ён не мог-бы вытлумачыць, нашто яны яму спатрэбіліся.

Увесь дзень прахадзіў ён, сам не ведаючы дзе.

У гэты дзень накрапваў дождж, але ён не заўважаў гэтага. Па дарозе недзе ён купіў сабе булку, паклаў яе ў кішэню і забыў пра яе. Здаецца, ён нават несвядома пакупаўся ў Сене. Бываюць хвіліны, калі ў чалавека пад чэрапам сапраўднае пекла: Марыус знаходзіўся ў гэтым стане. Ён больш ні на што не спадзяваўся, нічога не баяўся. Ён з ліхарадкавай нецярплівасцю чакаў вечара — у дзевяць гадзін ён убачыць Казету. У гэтым апошнім шчасці было цяпер усё яго будучае; за ім — цемра. Часам, бродзячы па пустынных бульварах, яму здавалася, што ён чуе шум з боку горада. Тады ён выходзіў з сваёй задуменнасці і гаварыў:

— Няўжо б’юцца?

З надыходам вечара, роўна ў дзевяць гадзін, як абяцаў Казеце, ён быў на вуліцы Плюме. Калі ён падышоў да рашоткі, ён усё забыў. Сорак восем гадзін ужо не бачыў ён Казету, і вось зараз ён яе ўбачыць. Усё астатняе сцерлася ў яго памяці, і ён адчуваў глыбокую і невытлумачальную радасць.

Марыус пралез цераз рашотку і ўвайшоў у сад. Казеты не было на яе звычайным месцы. Ён перайшоў пляцоўку і падышоў да ганка.

— Яна мяне чакае там, — сказаў ён сабе.

Казеты і там не было. Ён узняў галаву і ўбачыў, што ўсе акяніцы ў доме зачынены. Ён абышоў увесь сад — усюды пуста. Тады ён вярнуўся да дома і, звар’яцеўшы ад кахання, страціўшы галаву ад гора і трывогі, як гаспадар, які вярнуўся дадому ў нядобры час, пачаў стукацца. Ён стукаў, стукаў без канца, рыскуючы спаткацца з суровым тварам бацькі Казеты, які мог запытаць у яго:

— Чаго вам трэба?

Але ўсё гэта было глупства. Нарэшце, ён пачаў гучна клікаць Казету.

— Казета! — крычаў ён. — Казета!

Ніхто не адказваў. Усё скончана. Нікога ні ў садзе, ні ў доме.

Марыус у роспачы накіраваў позірк на гэты пануры дом, цёмны і маўклівы, як магіла. Ён зірнуў на каменную лаўку, дзе перажыў столькі шчаслівых гадзін поруч з Казетай. Потым сеў на прыступкі ганка з сэрцам, поўным пяшчоты і рашучасці, благаславіў у глыбіны душы сваё каханне і сказаў сабе, што паколькі Казета паехала, яму астаецца толькі памерці.

Раптам ён пачуў голас, які даносіўся з вуліцы і крычаў праз дрэвы:

— Пан Марыус!

Ён выпрастаўся.

— Што гэта? — сказаў ён.

— Пан Марыус, ці вы тут?

— Так.

Ідзіце, прыяцелі вашы чакаюць вас на барыкадах на вуліцы Шанврэры.

Гэты голас быў яму часткова знаёмы. Ён нагадваў хрыплы і грубы голас Эпаніны. Марыус падбег да рашоткі, выхапіў драціны, прасунуў галаву і ўбачыў нейкага маладога чалавека, знікшага праз хвіліну ў вячэрнім змроку.

ХХХІ

НАВАЛЬНІЦА

З чаго складаецца паўстанне? З нічога і з усяго. Паўстанне ўзнікае з паступова накопленай электрычнасці, з раптоўна ўспалыхнуўшага полымя, з брадзячай сілы, з мімалётнага павеву. Гэты павеў сустракае палкія галовы, лятуценныя мазгі, пакутуючыя душы, палкія страсці, выючую галечу і ўсё гэта цягне за сабою.

Куды цягне? Насуперак дэспатызму, насуперак законам панавання шчаслівых і нагласці нямногіх багацеяў.

Абураныя погляды, засмучоныя энтузіязмы, палкія абурэнні, падаўленыя ваяўнічыя інстынкты, усхваляваная храбрасць юнакоў, асляпленні велікадушша, цікаўнасці, схільнасць да перамен, прагнасць нечаканасцей, тое пачуццё, дзякуючы якому любяць чытаць афішу новага відовішча і чуць у тэатры свісток машыніста, нянавісць, жаданне палічыцца з кім-небудзь, расчараванне, ганарыстасць, якая лічыць сябе абойдзенай лёсам, няўдачы, разбітыя надзеі, чэсталюбствы, абкружаныя недаступнымі кручамі перашкод, надзея знайсці сабе выхад пры агульным крушэнні, нарэшце, у самай глыбіні чэрнь, гэты гаручы бруд, — вось састаўныя часткі народнага паўстання.

Усё, што ёсць самае ўзвышанае і самае нізкае: істоты, выкінутыя за грамадскі борт існавання і чакаючыя выпадку зноў стаць на цвёрдую нагу, вандроўцы, людзі адпетыя, брадзягі скрыжаванняў дарог, усе тыя, якія спяць ноччу ў пустках, не маючы над сабою іншага даху, апрача воблачнага неба, усе тыя, хто штодзённа чакае свой хлеб ад выпадку, а не ад працы, усе, хто належыць да арміі жабрацтва, усе босыя і абадраныя — усе гэтыя людзі схільны да паўстання, і варта толькі яму дзе-небудзь успалыхнуць, як кожны з іх, хто носіць у душы патаемныя абурэнні на злачынствы ўлады, на язвы соцыяльнага арганізма або проста на лёс бедняка, блізкі да паўстання.

Паўстанне — гэта свайго рода смерч у соцыяльнай атмасферы, які пры пэўных умовах тэмпературы хутка ўтвараецца і ў сваім кругаваротным руху падымаецца, бяжыць, грыміць, ірве, душыць, разбурае, выварочвае карэнні, цягне за сабою і вялікія натуры і самыя нікчэмныя, і дужага чалавека і слабы розум, драўляны ствол і былінку.

Гора і таму, каго гэты смерч цягне з сабою, і таму, на каго ён налятае.

Ён надае тым, якіх ахапляе, нейкую асаблівую сілу. Ён напаўняе першага, на каго натрапіў, сілай падзей і робіць з усіх кідальныя снарады.

Паўстанні афарбаваны чырвонай фарбай, але гэта не адбірае ў іх блеску, характэрнага для Парыжа. Велікадушша, бурная весялосць, моладзь, якая дэманструе, што смеласць можа спалучацца з разважлівасцю, бястрэпетнасць нацыянальнай гвардыі, крэпасці, збудаваныя хлапчукамі, бівуакі ў крамах, пагарда да смерці з боку прахожых — усё гэта характэрныя рысы. Байцы адрозніваюцца па ўзросту, астаючыся адной і той-жа расай. У дваццаць год яны паміраюць за ідэю, у сорак — за свае сем’і. Такім чынам, паўстанні, паказваючы цвёрдасць народу, дапамагаюць грамадзянскаму выхаванню яго.

Існуюць два роды народнага гневу: мяцеж і паўстанне. У першым выпадку ўдзельнікі робяць беззаконне; у другім праўда заўсёды на іх баку. У дэмакратычных дзяржавах часам здараецца, што адна частка народу прыгнятае другую. Тады народ паўстае і, з прычыны неабходнасці помсты за сваё права, можа дайсці да таго, што возьмецца за зброю. Ва ўсіх спрэчках, якія вынікаюць з абароны вярхоўнай улады калектыва, вайна цэлага супроць часткі з’яўляецца паўстаннем, а напад часткі на цэлае з’яўляецца мецяжом. Гледзячы па таму, хто займае Тюільры: кароль ці Канвент, і напад на Тюільры можа быць правільны або несправядлівы. Адна і тая ж пушка, будучы накіравана супроць натоўпу, дзейнічае беззаконна 10 жніўня[54] і правільна 14 вандэм’ера[55]. Са знадворнага боку ўсё гэта мае падабенства, але глыбіня справы розная: швейцары абараняюць фальш, Банапарт абараняе ісціну. Вуліца не можа разбурыць таго, што было зроблена для свабоды і для дзяржавы ўсеагульным галасаваннем.

З самага пачатку паўстанне зэяўляецца мецяжом, таксама як рака ўзнікае з патоку. Але ў натуральным ходзе рэчаў рака ўліваецца ў акіян і тады называецца рэволюцыяй. Але часам, збягаючы з гор, якія ўзвышаюцца над маральным гарызонтам, над справядлівасцю, мудрасцю, розумам і правам, несучы ў сабе самы чысты снег ідэалаў, пасля доўгіх падзенняў з уцёсу на ўцёс, пасля таго, як у яе празрыстасці ўжо адлюстроўвалася неба, пасля таго, як сотні прытокаў уліліся ў яе пераможнае шэсце, рака рэволюцыі раптам губляецца ў якой-небудзь буржуазнай калдобіне, падобна да Рэйна, які знікае ў балоце.

Але ўсё гэта датычыць мінулага, будучае збудуецца зусім іначай. Якое-б не было наша „сёння“, чалавечае „заўтра“ зробіцца носьбітам цішыні і спакою. Яшчэ адна рыса: буржуазія пераважна не ўмее разбірацца ў пытанні аб мецяжы і паўстанні. Для яе гэта ўсё брудны бунт — бунт сабакі супроць гаспадара, спроба ўкусіць, за што трэба караць сабаку будкай і ланцугом. Для яе ўся рэволюцыя — гэта брэх і рыканне, якое цягнецца да таго часу, пакуль, раптоўна зрабіўшыся вялізнай, галава сабакі не ператворыцца ў галаву ільва. І вось, калі буржуазія раптам убачыць сапраўдны, ільвіны твар рэволюцыі, яна пачынае крычаць: „Няхай жыве народ!“.

Як-жа назваць пасля даных намі тлумачэнняў чэрвеньскія падзеі 1832 года? Што-ж гэта — ці мяцеж, ці паўстанне? Так, гэта паўстанне.

Павярхоўны агляд фактаў, самая абстаноўка жахлівых падзей, магчыма, і давалі-б повад на азначэнне гэтага руху як мяцежу, але глыбокі разгляд асновы тагачасных падзей яшчэ раз сцвярджае, што, маючы знадворны выгляд мецяжу, па сутнасці гэты рух быў паўстаннем.

Гэты рух 1832 года ў сваім імклівым выбуху і жалкім згасанні быў пазбаўлены велічнасці. Пра яго гаварылі без павагі. Для гаворачых так гэты рух быў толькі лёгкім адгалоскам 1830 года. Рэволюцыя не канчаецца востраканцовай верхавінай. Ад яе, як хвалі, павінны разыходзіцца кругі яе ўплываў. Яна падобна да горных кражоў, якія спускаюцца да ціхай раўніны адгор’ямі меншай велічыні.

Успаміны парыжан называюць гэты патэтычны выгін сучаснай гісторыі „эпохай мецяжоў“, і лічаць яго характэрнай асаблівасцю часу, які змяніў грозныя і страшныя гадзіны нашага века.

Яшчэ адно слова, перад тым як вярнуцца да нашага перарванага апавядання.

Падзеі, якія мы толькі што расказалі, належаць да ліку тых фактаў, жывых і глыбока драматычных, якімі пагарджае гісторыя, не маючы ні часу, ні месца на сваіх старонках для іх адлюстравання відзення. Аднак, мы настойваем на тым, што ў іх гаворыць жывое жыццё. У гэтых фактах чутно біццё жывога чалавечага пульса. Мы часта гаварылі і паўторым яшчэ раз, што, з нашага пункту гледжання, гэтыя дробныя рысы, гэтыя дэталі падзей ёсць жывое лісце падзей, якое адпадае пад вятрамі часу і ўносіцца далеччу гісторыі.

Названая эпоха, „эпоха мецяжоў“, багата дэталямі гэтага роду. Судовыя працэсы ўжо па іншых падставах, чым гісторыя, пакідаюць у цені гэгыя падрабязнасці: яны іх не высвятляюць і не бяруць іх ва ўсёй глыбіні. А мы хацелі-б вывесці на свет з груды прыватнасцей, вядомых і апублікаваных, рэчы, якія яшчэ зусім невядомы па забыццю адных і з прычыны смерці другіх. Большая частка артыстаў, якія разыгрывалі гэтыя іспалінскія сцэны, знікла з твару зямлі. Да ўчарашняга дня яны маўчалі. Яны загаварылі нашымі вуснамі, бо тое, што расказваем (мы можам сказаць праўду!) мы бачылі сваімі вачыма. Мы змянілі толькі імёны, бо гісторыя апавядае, а не піша данос, але мы намалявалі шчырую праўду.

Ва ўмовах, якія дыктуюцца характарам гэтай кнігі, мы маем магчымасць намаляваць толькі адзін бок толькі аднаго эпізода, найменш вядомыя падрабязнасці дзён 5 і 6 чэрвеня 1832 года, але мы робім гэта так, што чытач пранікае позіркам за цёмную заслону падзей і бачыць зусім рэальныя фігуры гэтых страшэнных падзей.

ХXXІІ

БАРЫКАДЫ

Што-ж адбывалася ў гэты час у Парыжы? На якую барыкаду клікалі Марыуса яго прыяцелі.

Усяго дваццаць месяцаў мінула з ліпеньскай рэволюцыі 1830 года, а ў 1832 годзе атмасфера ў Францыі была пагражаючая. Народная галеча, рабочыя без хлеба, палітычныя і соцыяльныя недугі, якія выявіліся ў абодвух сталіцах Францыі — у сталіцы думкі і ў сталіцы працы. У Парыжы — міжусобная вайна, у Ліёне — паўстанне пролетарыята. У абодвух гарадах — зарыва аднаго пажару.

Мысліцелі размышлялі ў той час, як глеба, гэта значыць народ, усхваляваная рэволюцыйнымі плынямі, дрыжэла і хісталася. Гэтыя мысліцелі абдымалі ў сваіх працах абсалютна ўсё: ад пытання аб вайне да пытання аб кары смерцю. Да правоў чалавека, якія абвясціла Французская рэвалюцыя, яны далучалі пытанне аб правах жанчыны і дзіцяці.

Па сутнасці, усе праблемы, якія ставілі гэтыя мысліцелі, зводзіліся да двух асноўных.

Першая задача — стварыць багацце. Яна заключае ў сабе пытанне аб працы.

Другая задача — размяркоўваць багацці. Гэтая задача ўключае пытанне аб заработнай плаце.

Англія вырашыла толькі першую задачу. Яна надзвычай добра стварае багацце, але дрэнна яго размяркоўвае. Такое аднабокае вырашэнне важнага пытання прыводзіць да надзвычайнага багацця і да страшэннай галечы. Для адных — усе багацці, для другіх, гэта значыць для народу, — адны нягоды.

Фальшывае і небяспечнае становішча, пры якім грамадская магутнасць, веліч дзяржавы абапіраецца на галечу.

Каб правільна вырашыць абедзве задачы, неабходна зліць іх у адну: знішчыць галечу, аказваць дапамогу бедняку, устанавіць справядлівую заработную плату ў залежнасці ад працы, даць абавязковае і дарэмнае навучанне дзецям, развіваць розумы, не даючы бяздзейнічаць рукам.

Вось жаданы грамадскі лад.

Урад адчуваў пад нагамі хісткую глебу. Цёмныя хмары зацягвалі гарызонт. Бражэнне пераходзіла ў кіпенне. У розных месцах выбухалі паўстанні, якія хутка падаўляліся, але аднаўляліся зноў.

Пажар разгараўся.

Уся Францыя напружана глядзела на Парыж. Парыж уважліва сачыў за прадмесцем Сент-Антуан. Прадмесце Сент-Антуан бурліла.

У шынках адкрыта абмяркоўвалі пытанне: „біцца ці чакаць“. З рабочых бралі клятву, што яны выйдуць на вуліцу па першаму сігналу. У паграбках чыталі пракламацыі; паліцэйскія даносы паведамлялі, што ў іх „лаялі ўрад“.

Адзін рабочы гаварыў: „Нас трыста чалавек; калі сабраць па дзесяць су, гэта дасць сто пяцьдзесят франкаў на кулі і порах“.

Другі гаварыў: „Праз два тыдні нас будзе дваццаць пяць тысяч, і мы памераемся сіламі з урадам“.

Трэці гаварыў: „Я не сплю па начах, таму што рыхтую пыжы і зарады“.

На вуліцах расклейваліся пракламацыі.

Ля дзвярэй віннай крамы на рынку Ленуар прахожы чытаў натоўпу, які сабраўся вакол яго, пасланне нейкага тайнага камітэта. Народ шумна выражаў сваю ўхвалу. „Нашаму вучэнню ставяць перашкоды, нашы адозвы сарваны, нашы вестуны схоплены і пасаджаны ў турму... Будучае выкоўваецца намі... Трэба выбраць, на чыім ты баку: рэволюцыі ці контррэволюцыі, за народ ці супроць народу... Дапамажыце нам ісці наперад“. Усё гэта гаварылася адкрыта, сярод белага дня.

Адзін муляр, які вяртаўся з работы, забыў на лаўцы бульвара невялікі пакет. У пакеце аказаліся пракламацыі, якія пачыналіся словамі: „Рабочыя, злучайцеся!“, і скрынка з патронамі.

Разлічвалі на ўдзел у паўстанні некалькіх палкоў. Такім было становішча спраў.

Вясною 1832 года Парыж кіпеў і быў гатовы да рэволюцыйнага выбуху, хоць тры месяцы бесперапынна халера ледзяніла розумы і накінула на іх хваляванне цёмнае пакрыццё спакою. Вялікі горад, як мы ўжо гаварылі, у гэты час быў падобны да зараджанай пушкі, для якой бывае даволі адной іскры, каб яна стрэліла. Гэтай іскрай для Парыжа аказалася смерць генерала Ламарка ў чэрвені 1832 года.

Генерал Ламарк быў чалавекам дзеяння і славы. Паслядоўна пры імперыі і пры рэстаўрацыі ён выявіў адпаведную кожнай з гэтых двух эпох падвойную мужнасць: мужнасць на полі бітвы і мужнасць на трыбуне. Ён быў таксама красамоўны пры рэстаўрацыі, як быў храбры пры імперыі; у яго слове адчуваўся меч. Як і яго папярэднік Фуа, ён высока трымаў сцяг свабоды, як калісьці ваенны свой сцяг. Ён засядаў у палаце паміж левай і крайняй левай. Ён быў любімы народам за тое, што пайшоў на сустрач будучаму, ён быў любімы натоўпам за тое, што добрасумленна служыў імператару. Трактаты 1815 года абуралі яго, як асабовая абраза. Ён ненавідзеў Велінгтона адкрытай нянавісцю, якая падабалася натоўпу, і на працягу семнаццаці год, амаль не звяртаючы ўвагі на прамежныя падзеі, велічна захоўваў у сабе смутак аб Ватэрлоа. У свой апошні час, на смяротным ложы, ён прыціскаў да грудзей шпагу, падораную яму афіцэрамі Ста дзён. Напалеон памёр з словам „армія“, а Ламарк — з словам „бацькаўшчына“. Смерць Ламарка, загадзя прадбачаная, пужала народ як страта, а ўрад — як магчымы повад да смуты. Гэтая смерць была горам. Як усё, што горка, гора можа ператварыцца ў абурэнне.

Так і здарылася.

Яшчэ напярэдадні, раніцой 5 чэрвеня — дзень, назначаны для пахавання Ламарка, — Сент-Антуанскае прадмесце, дзе павінна была прайсці пахавальная працэсія, набыло ўстрашальны выгляд. Густа населеная сець вуліц гэтага прадмесця напоўнілася нейкім дзіўным шумам.

Усе ўзбройваліся, хто як мог. Сталяры захапілі стальныя грэбні варштатаў, „каб прабіваць дзверы“. Адзін нават змайстраваў сабе кінжал з кастыля, зламаўшы канец і навастрыўшы абломак. Другі, з нецярпеннем чакаючы „атакі“, спаў, не распранаючыся запар тры ночы. Плотнік па імю Ламб’е спаткаў таварыша, які ў яго запытаў: „Куды ідзеш?“ — „Ды вось няма зброі; іду на лясны склад па цыркуль“. — „На што ён табе?“ — „Не ведаю яшчэ“, — адказаў Ламб’е. Чалавек па прозвішчу Жакелен падыходзіў да праходзячых рабочых з словамі: „Ідзі-тка і ты!“ Ён разліваў віно на 10 су і запытваў: „Работа ёсць?“ — „Не!“ — „Ідзі да Фісп’ера паміж Шарокскай і Мантрэйльскай заставамі; там табе будзе работа“. У Фісп’ера знойдзены былі патроны і стрэльбы. Правадыры, нібы паштальёны, разносілі заклікі сваім прыхільнікам. У Бартэлемо, каля Троннай заставы, у Капелі у Пты-Шапо наведвальнікі, сур’ёзна гледзячы, гаварылі: „Дзе твой пісталет?“ — „Пад блузай, за пазухай“. — „А твой?“ — „Пад кашуляй“.

На вуліцы Трыверс’ер, перад майстэрняй Ралана і на дварэ „Мезон Бруле“ перад майстэрняй Берн’е тоўпіўся, перашэптваючыся, народ. Сярод натоўпу кідаўся ў вочы сваёй палкасцю Маво, рабочы, які нідзе не служыў больш як тыдзень: гаспадары адмаўлялі яму, „таму што яго не перагаворыш у гутарцы“. Маво быў забіты на другі дзень на барыкадзе на вуліцы Меніль Мантан. Прэто, якому выпала тая-ж доля, падтрымліваў Маво, і на пытанне: „Якая твая мэта?“ — адказваў: „Рэволюцыя“.

Рабочыя, сабраўшыся на рагу вуліцы Берсі, чакалі Лемарэна, рэволюцыянера, упаўнаважанага прадмесця Сен-Марс. Паролямі абменьваліся амаль ва ўсіх перад вачыма.

І вось 5 чэрвеня, пазменна — то пры дажджыстым, то пры сонечным надвор’і, пахавальная працэсія генерала Ламарка прайшла па Парыжу са звычайнай ваеннай урачыстасцю, узмоцненаю пэўнымі перасцярогамі. За труною ішлі два батальёны з зацягнутымі чорным крэпам барабанамі і апушчанымі ўніз стрэльбамі, за імі рухалася дзесяць тысяч чалавек нацыянальнай гвардыі з шаблямі на баку, ішлі батарэі той-жа гвардыі. Катафалк везлі маладыя людзі. Непасрэдна за катафалкам ішлі афіцэры з Дома інвалідаў, несучы лаўровыя галіны. Працэсія суправаджалася незлічонымі пярэстымі, усхваляванымі натоўпамі народу, у ліку якіх знаходзіліся члены таварыства „Прыяцеляў народу“, выхаванцы школ прававедання, медыцынскіх і іншых навучальных устаноў, выхадцы ўсіх нацый і шмат іншых. Відаць былі сцягі іспанскія, італьянскія, нямецкія, польскія і самыя рознастайныя сцягі. Тут былі дзеці, абвітыя зялёнымі галінамі, каменецёсы і плотнікі, друкары, якія выдзяляліся сваімі папяровымі калпакамі. Ішлі па-двое, па-трое, крычалі, размахвалі — хто кіямі, хто і шаблямі, ішлі бязладнаю масаю, але тым не менш аднадушна, ішлі то калонамі, то ў перамешку, як папала. Асобныя групы выбіралі сабе важакоў. Нейкі чалавек, узброены парай пісталетаў, прапускаючы міма сябе працэсію, нібы рабіў агляд праходзіўшым перад ім натоўпам. На бакавых алеях бульвараў, на дрэвах, на балконах, на вокнах, на дахах дамоў, — словам, усюды кіпела мора мужчынскіх, жаночых і дзіцячых галоў; позіркі ўсіх былі поўныя непакою і жаху. Натоўп узброены рухаўся, няўзброены глядзеў.

Урад, з свайго боку, назіраў і, назіраючы, трымаў напагатове меч. На плошчы Людовіка ХV можна было бачыць зусім гатовыя да выступлення, з зараджанымі мушкетамі і стрэльбамі і з поўнымі патранташамі, чатыры эскадроны карабінераў вярхом і з трубачамі наперадзе. У Лацінскім квартале і ў батанічным садзе стаяла муніцыпальная варта, расстаўленая атрадамі на сумежных вуліцах. На Вінным рынку знаходзіўся эскадрон драгунаў, на Грэўскай плошчы — палова 12 палка лёгкай кавалерыі, ля Бастыліі — другая палова таго самага палка, ля Цэлестынцаў быў размешчаны 5 драгунскі полк, Луўрскі двор быў напоўнены артылерыяй. Астатнія войскі аставаліся ў казармах да першага загаду. Апрача таго, былі войскі і ў ваколіцах Парыжа. Устрывожаная ўлада, бачачы грозны натоўп, трымала напагатове дваццаць чатыры тысячы чалавек войска ў горадзе і трыццаць тысяч у ваколіцах.

У працэсіі цыркулявалі розныя чуткі. Ішлі пагалоскі аб інтрыгах легітымістаў, аб герцагу Рэйхштацкім, які памёр якраз у тую хвіліну, калі натоўп прызначыў яго на імператарскі трон. Нейкая асоба, якая аставалася невядомай, паведаміла натоўпу, што ва ўмоўленую гадзіну два падкупленыя падмайстры адчыняць ёй дзверы завода зброі. На тварах большасці пераважаў выраз захопленасці з прымессю засмучонасці. Разам з тым у гэтым натоўпе, усхваляваным такімі моцнымі, але благароднымі пачуццямі, былі відаць твары зладзеяў, у агідных рысах якіх так і было напісана: „Будзем грабіць!“ Ёсць рухі, якія каламуцяць самае дно балот і выкідаюць на паверхню хмары гніллёвых асадкаў.

Працэсія паволі рухалася ад дома нябожчыка па бульварах да Бастыліі. Ад часу да часу праходзіў дождж, але гэта не абескуражвала натоўп. Адбылося некалькі інцыдэнтаў: абнеслі труну вакол Вандомскай калоны, кідалі каменне ў герцага Фіц-Джэмса, які з’явіўся на балконе з пакрытаю галавою, з аднаго з народных сцягаў сарвалі гальскага пеўня і ўтапталі яго ў гразь, ранілі ўдарам шаблі паліцэйскага ля варот Сен-Мартэн. Адзін афіцэр 12 палка лёгкай кавалерыі закрычаў: „Я за рэспубліку!“ Калі прышлі студэнты Палітэхнічнай школы, якіх улада не дапушчала на дэманстрацыю, раптоўна пачуліся крыкі: „Няхай жыве рэспубліка!" Шлях працэсіі суправаждаўся рознымі крыкамі. Ля Бастыліі да працэсіі далучыліся доўгія чароды цікаўных з злавеснымі тварамі; пачалося бурленне страшэнна закіпаўшага натоўпу. Чуваць было, як адзін чалавек гаварыў другому: „Бачыш вунь таго, з рыжай барадою. Гэта той, які абвесціць, калі трэба будзе страляць“.

Пахавальная працэсія мінула Бастылію, прайшла ўздоўж канала, перайшла праз Малы мост і дасягнула плошчы Аўстэрліцкага маста. Там яна спынілася. У гэтую хвіліну ўвесь вялізны натоўп з вышыні птушынага палёту меў выгляд іспалінскай каметы, галава якой дакраналася названай плошчы, а хвост цягнуўся ад наберажнай Бурдон аж да варот Сен-Мартэн, зачэпліваючы па дарозе і плошчу Бастыліі. Вакол труны ўтварылася пустое месца. Натоўп сцішыўся. Лафайет узвысіў голас і развітаўся з Ламаркам. Гэта была глыбока ўзрушлівая хвіліна: усе галовы агаліліся, усе сэрцы забіліся. Раптам нейкі чалавек, седзячы верхам на кані, увесь у чорным, з’явіўся ў сярэдзіне круга з чырвоным сцягам. Некаторыя кажуць, што ён з’явіўся з пікай, увянчанай чырвоным калпаком. Лафайет адвярнуўся.

Чырвоны сцяг узняў буру і схаваўся ў ёй. Ад бульвара Бурдон аж да Аўстэрліцкага маста зашумелі народныя хвалі. Уся ваколіца дрыжэла ад двух магутных крыкаў: „Ламарка ў Пантэон! Лафайета ў ратушу!“ Моладзь пры выкрыках натоўпу запраглася ў дрогі і павезла цела Ламарка праз Аўстэрліцкі мост, а Лафайета ў фіякры па Марланскай наберажнай.

Між тым, на левым беразе рушылася муніцыпальная кавалерыя і загарадзіла мост, а на правым вышлі ад Цэлестынцаў драгуны і разгарнуліся ўздоўж Марланскай наберажнай. Тыя, што везлі Лафайета, нечакана спаткаліся з імі на павароце наберажнай і крыкнулі: „Драгуны!“ Апошнія моўчкі ішлі шагам з пісталетамі ў чушках, з шаблямі ў ножнах, з мушкетамі на перазязі.

Крокаў за дзвесце ад Малога маста драгуны спыніліся.

Калі да іх дабраўся фіякр з Лафайетам, яны расступіліся і прапусцілі яго, потым зноў самкнулі рады. У гэтую хвіліну народ і драгуны зліліся ў адно цэлае. Жанчыны з жахам кінуліся ўцякаць.

Што адбылося ў гэтую ракавую хвіліну, пэўна ніхто не мог-бы сказаць. Гэта быў адзін з тых сумных момантаў, калі стыкаюцца дзве хмары. Адны расказваюць, што штуршком пачатку справы паслужыў трубны сігнал на атаку, які пачуўся з боку Арсенала, а другія — удар кінжалам, які нанёс хлопчык драгуну. Бясспрэчна толькі тое, што раптам грымнулі адначасова тры стрэлы: адным забіла

Выява

На вуліцы Парыжа бушавалі абураныя масы людзей.

эскадроннага камандзіра Шалэ, другім — глухую старую, якая запірала сваё акно, што выходзіла на вуліцу Кантрскарп, а трэцім абпаліла аднаму афіцэру эпалету. Нейкая жанчына закрычала: „Надта ўжо рана пачынаюць!“ Раптам на процілеглым баку Марланскай наберажнай паказаўся драгунскі эскадрон, які з усёй сілы імчаўся з казармаў па вуліцы Басамп’ер і па бульвару Бурдон, энергічна пракладаючы сабе шлях у натоўпе.

Пачатак быў пакладзены. Бура разражаецца, каменне ляціць градам, грукоча пальба са стрэльбаў; многія кідаюцца з наберажнай у ваду і перапраўляюцца ўплаў праз маленькі рукаў Сены, зараз засыпаны. Лясныя двары вострава Луўе, гэтай абшырнай прыроднай цытадэлі, ужо шчаціняцца байцамі; страляюць з пісталетаў, вырываюць шасты, будуецца барыкада; моладзь, адштурхоўваемая назад, без аглядкі бяжыць з труною Ламарка праз Аўстэрліцкі мост, адбіваючыся ад муніцыпальнай гвардыі; прыбягаюць карабінеры, драгуны сякуць шаблямі. Натоўп рассейваецца па ўсіх кірунках, шум вайны разносіцца па ўсіх чатырох канцах Парыжа, крычаць: „Да зброі!“, бягуць, спатыкаюцца, хаваюцца, абараняюцца. Гнеў раздувае мяцеж, як вецер раздувае агонь.

Паўстанне — адна з самых незвычайных з’яў. Яно заўсёды выбухае адначасова ва ўсіх месцах. Грозная справа, да якой прымешваецца штосьці накшталт злавеснай весялосці. Пачынаецца звычайна з крыкаў, потым зачыняюцца крамы, выстаўкі тавараў знікаюць, там і сям чуюцца адзіночныя стрэлы, людзі бягуць, удары прыкладамі патрасаюць вароты, чуваць, як у глыбіні двароў смяюцца служанкі, прыгаварваючы: „Ну, будзе пацеха!“

Не прайшло і чвэрці гадзіны, як амаль адначасова ў дваццаці розных пунктах Парыжа ўжо бушавалі абураныя масы людзей. На вуліцы Сент Круа дэ-ла Брэтанеры група ў дваццаць маладых людзей з бародамі і доўгімі валасамі ўвайшла ў харчэўню і праз хвіліну вышла адтуль, несучы даўгаваты трохкёляровы сцяг, пакрыты крэпам, і маючы на чале ўзброеную тройку: аднаго з шабляй, другога з ружжом, трэцяга з пікай. На вуліцы Наненд’ер лысы тоўсты чалавечак, чорнабароды, з высокім ілбом, з густымі вусамі, голасам, падобным да трубы, прапаноўваў усім праходзячым патроны. На вуліцы Сент-П’ер Манмартр людзі з закасанымі рукавамі дэманстравалі з чорным сцягам, на якім быў надпіс: „Рэспубліка або смерць“. На вуліцы Жэнеў, на вуліцы Кадран, на вуліцы Мантаргель, на вуліцы Мандар з’яўляліся групы людзей, размахваючы сцягамі, на якіх красаваліся шытыя золатам нумары і назвы секцый. Адзін з гэтых сцягаў быў чырвоны з сінім і з тоненькай, паступова знікаючай белай палоскай пасярод. На Сен-Мартэнскім бульвары разнеслі фабрыку зброі і тры крамы са зброяй: першую на вуліцы Багур, другую — у Мішэль-Лекомт, трэцюю — у Тамплі. Літаральна ў адно імгненне тысячы рук працягнуліся да складаў і знеслі дзвесце трыццаць стрэльбаў, амаль усе двухстволкі, шэсцьдзесят чатыры шаблі і восемьдзесят тры пісталеты. Каб узброіць больш людзей, адзін хапаў стрэльбу, аддаючы другому штык.

Супроць Грэўскай наберажнай маладыя людзі, узброеныя мушкетамі, занялі кватэру адной жанчыны, каб страляць з вокнаў. Яны званілі, уваходзілі і пачыналі рабіць патроны. Адна з суседак гаварыла потым: „Да таго часу я не ведала, што такое патрон. У той дзень муж вытлумачыў мне гэта“.

Натоўп разбіў краму рэдкасцей на вуліцы Віейль Одрыет і захапіў усходнюю зброю і турэцкія ятаганы.

Труп муляра, забітага стрэлам са стрэльбы, ляжаў на вуліцы Перль.

І на правым і на левым берагах, на наберажных і на бульварах, у Лацінскім квартале, ля Рынкаў запыханыя людзі, рабочыя, студэнты, секцыянеры чыталі пракламацыі і агалашалі паветра крыкамі: „Да зброі!“, гнулі ліхтары, знімалі дзверы з петляў, выварочвалі дрэвы з карэннем, выкочвалі пустыя бочкі і кадкі з склепаў, нагруджвалі горы булыжніку з разбуранага бруку, выварочвалі каменне, сцягвалі мэблю, насілі дошкі і будавалі барыкады.

Многіх буржуа прымушалі аказваць дапамогу. Уваходзілі да жанчын, патрабуючы зброю, шаблю або стрэльбу мужа, які быў у адсутнасці, і, забраўшы, крэйдай пісалі на дзвярах: „Зброя выдана“. Іншыя ставілі свой подпіс пад квітанцыямі ў атрыманні стрэльбы і шаблі і дадавалі: „Прышліце за рэчамі заўтра ў мэрыю“. На вуліцы адбіралі зброю ў адзіночных часавых і нацыянальных гвардзейцаў, якія ішлі ў сваю муніцыпальную акругу. У афіцэраў зрывалі пагоны і эпалеты. На вуліцы ля могілак св. Нікалая адзін афіцэр нацыянальнай гвардыі, ратуючыся ад натоўпу, узброенага рапірамі і палкамі, ледзь схаваўся ў незнаёмым доме і вышаў з яго толькі ноччу, пераапрануўшыся.

У квартале Сен-Жак студэнты выходзілі кучкамі з сваіх гасцініц і накіроўваліся або на вуліцу св. Гіяцынта, або ў кафе „Прагрэс“, або ў кафе „Сем більярдаў“ на вуліцы Мацюрэн. Там, перад дзвярыма, маладыя людзі, стаўшы на тумбы, размяркоўвалі зброю.

Для пабудовы барыкад разнеслі лясны склад на вуліцы Транснанен. У адным раёне жыхары праявілі супраціўленне — гэта на рагу Сент-Авуа і Сімон-Лефран; там яны разбурылі барыкаду. У другім пункце паўстаўшыя адступалі. Яны пакінулі барыкаду, якую пачалі было будаваць на вуліцы Тампль, і, даўшы некалькі залпаў па атраду нацыянальнай гвардыі, уцяклі па вуліцы Кардэры. Атрад гвардзейцаў знайшоў на барыкадзе чырвоны сцяг, пакунак з патронамі і трыста пісталетных куль. Нацыянальныя гвардзейцы разадралі чырвоны сцяг і начапілі шматкі на канцы штыкоў.

Усё, што мы апавядаем тут, расказваючы з натуральнай павольнасцю і паступовасцю падзей, адбывалася ў сапраўднасці адначасова ўсюды, ва ўсіх пунктах сталіцы, ахопленай велізарнай трывогай, нібы пры выбліску тысячы маланак у розных месцах ад аднаго ўдара грому.

Так, не прайшло і гадзіны, а ўжо дваццаць сем гіганцкіх барыкад нібы выраслі з-пад зямлі ў адным толькі квартале Рынкаў. Там у цэнтры знаходзіўся вядомы дом № 50; абапіраючыся з аднаго боку на барыкаду Сен-Меры, а з другага боку на барыкаду вуліцы Мабюэ, гэты дом панаваў над цэлымі трыма вуліцамі, а іменна: Дэзарсі, Сен-Мартэн і Обры-ле-Бушэ.

Дзве барыкады прамавугольнікам ішлі адна ад вуліцы Мантангель да Гранд-Труандры, другая ад вуліцы Жафруа Ланжвен да вуліцы Сент-Авуа. Не лічачы незлічоных барыкад іншых кварталаў Парыжа, у Марэ і Монт-Сент-Жэнеўеў, упамянем яшчэ барыкаду на вуліцы Меніль-Мантан, дзе сярэдзіну займалі знятыя з петляў вароты, і яшчэ адну, паблізу невялікага маста, ля Отэль Д’ё, за трыста крокаў ад паліцэйскай управы, барыкаду, пабудаваную на шкілеце вялізнага перакуленага экіпажа.

На барыкадзе на вуліцы Менетрые добра апрануты чалавек раздаваў грошы рабочым. На барыкадзе на вуліцы Грэнет з’явіўся коннік і перадаў таму, хто, як відаць, камандаваў барыкадай, скрутак, відавочна з грашыма. Ён сказаў пры гэтым: „Вось на пакрыццё расходаў, на віно і іншыя рэчы“.

Малады белакуры чалавек, без гальштука, пераходзіў ад адной барыкады да другой, паведамляючы пароль. Другі малады чалавек, з шабляй нагола, у сіняй паліцэйскай шапцы, расстаўляў часавых. У сярэдзіне прасторы, абкружанай барыкадамі, шынкі і будкі ператвораны былі ў гаўптвахты. Усё паўстанне, здавалася, было арганізавана па апошняму слову беззаганнай ваеннай тактыкі. Нездарма вузкія, няроўныя, звілістыя вуліцы былі знарок абраны паўстанцамі, асабліва вакол Рынкаў, дзе сець вуліц так падобна да блытаніны непраходных лясных сцежак.

Таварыства „Прыяцеляў народу“, як гаварылі, узяло на сябе кіраўніцтва паўстаннем у квартале Сент-Авуа. Пры вобыску чалавека, забітага на вуліцы Пансо, знайшлі план Парыжа.

Сапраўдным кіраўніком паўстання з’явіўся той вогненны пыл, які даўно насіўся ў паветры. Паўстанне раптоўна адной рукой збудавала барыкады, другою захапіла амаль усе пасты гарнізона. Не прайшло і трох гадзін, як рэволюцыянеры з хуткасцю прабегу полымя па парахавой нітцы занялі на правым беразе: Арсенал, мэрыю на плошчы Раяль, усё Марэ, увесь завод зброі Папенкур і іншыя, напрыклад Лагаліет і Шатадо, занялі ўсе вуліцы каля рынка, а на левым беразе: казармы, Сент-Пелажы, плошчу Мабер, парахавы завод Двух млыноў і, апрача таго, усе заставы. У пяць гадзін вечара яны заўладалі Бастыліяй, Ленжэры, Блан-Манто. Іх разведчыкі даходзілі да плошчы Перамогі і ўжо пагражалі банку, казармам Пты-Пэр і галоўнаму пачтамту. Такім чынам, трэцяя частка Парыжа была ў руках паўстаўшых.

Усюды барацьба разгаралася ў велізарных размерах, і з прычыны абяззброення насельніцтва, дзякуючы дамавым вобыскам, апусцелым крамам гандляроў зброяй, аказвалася, што вулічны бой, які пачаўся з простага шпурляння каменняў, цяпер разгарнуўся ў бітву з стральбой з сапраўднай зброі.

Каля шасці гадзін вечара пасаж Дзю-Самон ператварыўся ў месца бітвы. У адным канцы яго знаходзіліся мяцежнікі, у другім — войскі. Перастрэльваліся ад рашоткі да рашоткі. Назіральнік з боку, лятуценнік, аўтар гэтай кнігі, які пажадаў зірнуць у непасрэднай блізкасці на бурліўшы вулкан, апынуўуя ў гэтым пасажы літаральна паміж двух агнёў. У яго не было другой аховы ад куль, апрача выступаў поўкалон, што аддзялялі адзін ад аднаго магазіны, і ён каля поўгадзіны знаходзіўся ў гэтым непрыемным становішчы.

Між тым, прабіў збор; нацыянальная гвардыя паспешліва апранала мундзіры і ўзбройвалася, легіёны выступалі з мэрый, палкі выходзілі з казармаў. Супроць пасажа Дэ-Ланкр адзін барабаншчык паў пад ударам кінжала. Другі на вуліцы Сінь быў атакаваны трыццацю маладымі людзьмі, якія разбілі яго барабан і адабралі ў яго шаблю. Трэці быў забіты на вуліцы Грэн’е-Сен-Лазар.

Паўстанне з цэнтра Парыжа зрабіла род недаступнай іспалінскай звілістай цытадэлі. Там быў ачаг руху, там, відавочна, і сканцэнтроўвалася ўся справа; астатняе-ж было не больш, як дробныя сутычкі. Паколькі ў цэнтры яшчэ не біліся, то можна было зразумець, што вырашэнне пытання падрыхтоўвалася іменна там.

У некаторых палках салдаты былі ў нерашучасці, што яшчэ больш узмацняла страшэнную пахмурасць крызіса. Гэтыя салдаты памяталі народную авацыю, якая спаткала ў ліпені 1830 года нейтралітэт 53-га лінейнага палка. Камандзірамі іх былі два неўстрашымыя чалавекі, выпрабаваныя ў сапраўдных войнах: маршал Д-Лабо і генерал Бюжо, прычым апошні быў падначалены першаму. Вялізныя патрулі, якія складаліся з пяхотных батальёнаў, замкнутых у цэлыя роты нацыянальнай гвардыі з паліцэйскім камісарам у шарфе спераду, аб’язджалі ахопленыя мецяжом вуліцы. З свайго боку, мяцежнікі таксама расстаўлялі каравулы на скрыжаваннях вуліц і адважна пасылалі патрулёў за лінію барыкад. З абодвух бакоў сачылі. Урад, трымаючы ў руках армію, яшчэ хістаўся. Надыходзіла ноч, і разносіўся гук набатнага звону званіцы Сен-Меры. Тагачасны ваенны міністр, маршал Сульт, які бачыў Аўстэрліц, глядзеў на ўсё гэта вельмі сумна. Гэтыя старыя воіны, якія прывыклі манеўраваць у правільных бітвах, абапіраючыся толькі на правілы тактыкі гэтага компаса бітвы, вылятаюць самі з сядла перад хваляю народнага гневу. Віхрам рэволюцыі кіраваць нялёгка.

Нацыянальная гвардыя ваколіц Парыжа паспешліва бязладнымі натоўпамі з’яўлялася ў горад. Батальён 12 палка лёгкай кавалерыі прымчаўся з Сен-Дэні, з Курбвуа з’явіўся 14 пяхотны полк, батарэі ваеннай школы занялі пазіцыю ў Каруселі, з Венсена везлі пушкі.

Тюільры пусцеў, але Луі-Філіп[56] быў абсалютна спакойны.

Мы ўжо гаварылі, што Парыж на працягу двух год бачыў не адно паўстанне. Звычайна ў час мецяжу агульная фізіяномія Парыжа астаецца на дзіва спакойная; мяцеж абмяжоўваецца толькі пэўнымі пунктамі. Гэты горад хутка асвойваецца з усімі з’явамі. Вялікая важнасць — мяцеж! Парыж з-за такіх глупстваў не турбуецца. Толькі адны іспалінскія гарады і могуць мець такія дзіўноты, толькі ў такіх неабсяжных агарожах і можа сумяшчацца адначасова міжусобная вайна з агульным спакоем. Звычайна, калі пачынаецца паўстанне, калі барабаны б’юць трывогу і збор, абываталь абмяжоўваецца заўвагай: „Здаецца, б’юцца на вуліцы Сен-Мартэн“, або назаве прадмесце Сент-Антуан і часам дадасць „Недзе ў тым баку“. Пазней, калі робіцца вельмі чутным злавесны рассыпчаты трэск мушкетных стрэлаў і залпаў са стрэльбаў, абываталь гаворыць: „Вунь як там слаўна смаляць!“ Праз хвіліну, калі паўстаўшыя набліжаюцца і бяруць верх, абываталь паспешліва запірае сваю краму і напяльвае мундзір, гэта значыць гарантуе бяспеку свайму тавару, рыскуючы сам сваёй асобай.

Перастрэльваюцца ў якім-небудзь пасажы, у тупіку, на скрыжаванні вуліц, бяруць, саступаюць і зноў бяруць барыкады; льецца кроў, дамы прарашэчваюцца кулямі, якія па шляху забіваюць людзей на пасцелях, трупы пакрываюць брук, а з навакольных вуліц даносіцца грук більярдных шароў у кафейнях. Тэатры адкрыты, і ў іх разыгрываюцца вадэвілі. Зевакі смяюцца і балакаюць за два крокі ад вуліц, дзе пануюць жахі вайны. Фіякры спакойна цыркулююць. Прахожыя ідуць абедаць у горад. Часам такая абыякавасць назіраецца нават у тых самых кварталах, дзе адбываецца мяцеж. У 1831 годзе пальба са стрэльбаў на некаторы час нават спынілася, каб прапусціць вясельны поезд.

У час паўстання 12 мая 1839 года нейкі стары калека вазіў па вуліцы Сен-Мартэн ручную цялежку, над якою развяваўся кавалак чырвонай тканіны; у цялежцы знаходзіліся бутэлькі з напіткамі. Ён пераходзіў ад барыкад да войск і ад войск да барыкад, дагодліва прапануючы шклянкі сваіх напіткаў то прадстаўнікам урада, то паўстанцам.

Што можа быць больш дзіўна? Гэта своеасаблівасць парыжскай рэволюцыі: гэтага не спаткаеш у іншых сталіцах. Неабходны дзве рысы: іспалінскія размеры Парыжа і яго весялосць — горад Вальтэра[57] і Напалеона.

Аднак, на гэты раз, у час узброенай барацьбы 5 чэрвеня 1832 года, вялікі горад адчуваў нешта такое, што, мабыць, аказвалася мацней за яго. Ён спалохаўся. Усюды, нават у найбольш далёкіх і менш за ўсё „зацікаўленых“ кварталах, вокны і акяніцы наглуха запіраліся сярод белага дня. Людзі мужна ўзбройваліся, палахліўцы хаваліся. Зніклі ўсе прахожыя, бесклапотныя і заклапочаныя. Шмат вуліц былі пустыя, як яны бываюць пустыя раннім ранкам. Распаўсюджваліся трывожныя чуткі, перадаваліся рашаючыя навіны, накшталт наступных: "Яны заўладалі банкам; у адным толькі манастыры Сен-Меры іх засела і ўмацавалася ў царкве шэсцьсот чалавек. Войскі ненадзейныя. Арман Карэль[58] быў у маршала Клазеля, які сказаў яму: „Спачатку заручыся палком“. Лафайет хворы, аднак, сказаў ім: „Я ваш. Я ўсюды буду ісці за вамі, дзе толькі знойдзецца месца для маіх насілак. Трэба быць напагатове. Ноччу будуць рабіцца грабяжы ў адзінотных дамах глухіх месц Парыжа“. (Гэта разыгралася фантазія паліцыі, якая знаходзілася пры ўрадзе фантазёркі Анны Радкліф[59]) На вуліцы Обры-ле-Бушэ пастаўлена батарэя. Лабо[60] і Бюжо[61] радзіліся і збіраліся апоўначы ці, самае позняе, на світанні высунуць адразу чатыры калоны ў цэнтр паўстання: адну з Бастыліі, другую ад варот Сен-Мартэн, трэцюю з Грэўскай плошчы, чацвертую з рынка. Магчыма, войскі ачысцяць Парыж і адступяць на Марсава поле. Невядома, як усё гэта разыграецца, але, ва ўсякім выпадку, на гэты раз рыхтуецца нешта „сур'ёзнае“. Насельніцтва вельмі ўстрывожылася нерашучасцю маршала Сульта. Чаму ён марудзіць нанесці ўдар? Было відавочна, што ён вельмі заклапочаны. Стары леў нібы пачуў нейкае невядомае страшыдла ў цемры.

Настаў вечар, але тэатры не адчыніліся, патрулі раз’язджалі па гораду з злосным выглядам, абшуквалі прахожых, затрымлівалі падазроных. У дзевяць гадзін было арыштавана больш як восемсот чалавек; прэфектура паліцыі, Канс’ержэры[62] і Ла-Форс былі перапоўнены. У Канс’ержэры даўгое падзямелле, называемае „Парыжскай вуліцай“, было ўсё завалена саломай, на якой, як папала, валяліся арыштанты пад пільным наглядам ліёнца Лагранжа. Вялізная маса саломы, якая шуршэла пад мноствам людзей, утварала шум, падобна да шуму ліўня. У іншых месцах арыштаваныя спалі ўпокат, проста пад адкрытым небам, на прагалінках двароў.

Усюды адчувалася трывога і незвычайны для Парыжа трэпет. Рабілі барыкады ў дамах; жонкі і мацеры знаходзіліся ў страшэнным непакоі, з усіх бакоў толькі і чулася: „Ах, божа мой, ён яшчэ не вярнуўся!“ Здалёку слаба даносіўся грукат колаў. Стоячы на парогах дзвярэй, прыслухоўваліся да крыкаў, да шуму, да змяшанага гулу, да няясных гукаў, аб якіх гаварылі: „Гэта кавалерыя!“ або: „Гэта імчыцца артылерыя!“ Слухалі гукі сігнальных труб, барабанны бой, грукат стрэлаў і нуднае гудзенне набатнага звону Сен-Меры. Чакалі першага пушачнага стрэлу. На рагах вуліц раптам з’яўляліся людзі і зноў знікалі, пракрычаўшы: „Уваходзьце да сябе!“ Тады ўсе спяшаліся запірацца ў дамах. Чым усё гэта скончыцца?“ — думалі ўстрывожаныя абываталі. З хвіліны на хвіліну, па меры таго як спускалася ноч, Парыж усё больш і больш азараўся грозным зарывам выбухнуўшага паўстання.

ХXXIІІ

ЗНОЎ ГАЎРОШ

Бура пачалася. Натоўп рассеяўся па ўсіх кірунках з крыкамі: „Да зброі, да зброі!“ Гнеў раздувае мяцеж, як вецер раздувае полымя. Усё адразу ўспалыхнула ва ўсіх месцах. Вокны дамоў і крам мігам заперліся, і не прайшло і чвэрці гадзіны, як увесь горад напоўніўся жахам і сполахам. Усе кінуліся ўцякаць: адны з ваяўнічымі крыкамі, другія з выразам незвычайнага жаху на тварах. У гэтую хвіліну нейкі абадраны хлопчык падбег да крамы стар’еўшчыцы, убачыў пісталет і, схапіўшы яго, пабег у той бок, дзе чуліся крыкі мецяжу. Гэта быў маленькі Гаўрош, які адпраўляўся ў паход разам з іншымі.

Дарэчы, ён і не падазраваў, што ў тую цёмную дажджыстую ноч, калі ён даў прытулак двум малышам у сваім слане, яму давялося разыграць ролю збавіцеля сваіх уласных братоў. Увечары ён аказаў дапамогу сваім братам, а раніцою — бацьку. Усё гэта было зроблена ім на працягу адной ночы. Пакінуўшы на світанні вуліцу Бале, ён паспешліва вярнуўся да слана, выцягнуў з яго абодвух малышоў, падзяліў з імі снеданне, якое недзе дастаў, потым пайшоў ад іх, даручыўшы іх той добрай маці — вуліцы, якая амаль выхавала яго самога. Адыходзячы ад хлапчукоў, ён назначыў ім увечары спатканне на тым самым месцы, дзе знаходзіўся з імі ў гэтую хвіліну, і сказаў на развітанні: „Я разбіваю палку, гэта значыць бяру ногі ў зубы, або, як яшчэ кажуць, уляпётваю. Калі вы, карапузікі, не знойдзеце сёння татку з мамкай, то прыходзьце зноў сюды ўвечары. Я накармлю вас вячэрай і пакладу спаць“. Хлопчыкі, падабраныя, напэўна, гарадскім сержантам і адведзеныя ва ўчастак або ўкрадзеныя якім-небудзь балаганным фокуснікам, а то прост-на-прост зблудзіўшыя ў вялізным парыжскім лабірынце, увечары не вярнуліся назад.

Гаўрош так і не бачыў больш малышоў. З гэтай начы прайшло ўжо некалькі месяцаў, на працягу якіх Гаўрош, пачухваючы патыліцу, не раз гаварыў сабе: „Куды-ж гэта падзеліся мае хлопчыкі?“

На рынку Сен-Жан Гаўрош далучыўся да натоўпу, якім кіравалі Анжальрас і Курфейрак з іншымі прыяцелямі

Выява

Гаўрош далучыўся да ўзброенага натоўпу.

Марыуса. Усе маладыя людзі былі ўзброены. Яны ішлі па наберажнай без капелюшоў, прамоклыя пад дажджом, але з вясёлымі позіркамі. Гаўрош спакойна падышоў да іх і запытаў:

— Куды мы ідзем?

— Хадзі, убачыш! — адказваў Курфейрак.

Прыхільнікаў з кожнай хвілінай рабілася ў іх усё больш і больш. Каля вуліцы Більет да іх далучыўся нейкі чалавек высокага росту з сівізнай і са смелым і рашучым выглядам.

Правадыры адразу-ж заўважылі яго, але ніхто не ведаў, хто ён такі. Гаўрош, заняты спевамі і сваім пісталетам, не звярнуў на яго ўвагі ў першую хвіліну.

На вуліцы Варэры яны праходзілі каля кватэры Курфейрака. Ён на хвіліну забег да сябе, каб узяць капялюш, як раптам дворнічыха спыніла яго, сказаўшы, што нейкі юнак чакае яго больш за гадзіну.

З каморкі вышаў, як відаць, малады рабочы, невялікага росту, худы і бледны, апрануты ў падраную блузу і шэрыя плісавыя штаны. Юнак быў падобны хутчэй да пераапранутай дзяўчыны, чым да мужчыны, і загаварыў голасам ужо зусім не жаночым:

— Ці не ведаеце вы, ці вернецца сёння пан Марыус?

— Не ведаю. Вось я-то не вярнуся напэўна.

— Куды-ж вы ідзеце?

— А табе што да гэтага! Я іду на барыкады.

— Ці можна мне ісці з вамі?

— Як хочаш, — адказваў Курфейрак, — вуліца вольная, брук для ўсіх. — І пусціўся бягом даганяць таварышоў. Толькі праз чвэрць гадзіны, ён, азірнуўшыся, убачыў, што юнак сапраўды ідзе за імі.

Самі не ведаючы як, яны апынуліся на вуліцы Шанврэры, ля вядомага ў свой час шынка пад шыльдаю „Карыяф“. Тут вырашана было зрабіць барыкаду. Месца было выбрана вельмі ўдала, таму што вуліцу з абодвух бакоў лёгка можна было загарадзіць, пакінуўшы з аднаго боку вольны выхад.

Пры з’яўленні натоўпу абываталяў ахапіў жах. З хуткасцю маланкі ўсё было зачынена і запёрта. Адчынены астаўся адзін толькі шынок па вельмі простай прычыне: ім заўладаў натоўп.

Пачалі разломваць брук, вырываць слупы, перакулілі ў нейкага селяніна воз з вапнай, выцягнулі з сутарэння ўсе пустыя бочкі, і хутка палова вуліцы была заграмоджана перагародкай вышэй чалавечага росту.

Дождж перастаў. Падыходзілі ўсё новыя і новыя падмацаванні, прынеслі бачонак пораху, некалькі бутэлек з сернай кіслатой і скрынку патронаў. Потым пад прамым вуглом да першай хутка збудавалі другую барыкаду, меншую. Працавала чалавек пяцьдзесят, з іх трыццаць былі ўзброены стрэльбамі з разграбленых па дарозе крам.

Высокі чалавек, які далучыўся па дарозе, дапамагаў будаваць малую барыкаду і быў вельмі карысны. Гаўрош працаваў, як дарослы. Што-ж датычыць юнака, які запытваў пра Марыуса, то ён схаваўся.

Калі абедзве барыкады былі скончаны, устанавілі чырвоны сцяг, выцягнулі з шынка стол, на яго ўзлез Курфейрак і пачаў раздаваць патроны. На кожнага дасталася па трыццаць штук. У некаторых быў запас пораху, і яны пачалі рабіць яшчэ патроны. Адразу зарадзілі ўсе стрэльбы і карабіны і расставілі часавых.

Настала ноч. Пахмурныя вуліцы былі бязгучныя; ні адкуль не даносілася ні гуку, нібы адчувалася набліжэнне чагосьці страшнага, ракавога. Зрэдку толькі да стаяўшых на барыкадах даносіўся глухі гул, і бліскаў агонь са стрэльбаў. Гэты працяглы перапынак паказаў, што ўрад збіраецца з сіламі. Такім чынам, на вуліцы Шанврэры пяцьдзесят чалавек чакалі шэсцьдзесят тысяч праціўнікаў.

Правадыры сабраліся ў зале ніжняга паверха. Тут-жа сядзеў і Гаўрош, рыхтуючы патроны; але ў гэтую хвіліну ён уважліва да некага прыглядаўся. Ён глядзеў у другі канец пакоя, дзе сядзеў высокі незнаёмы, які далучыўся да іх групы на вуліцы Більед. Нарэшце, ён падышоў да аднаго з маладых людзей і сказаў:

— Ці бачыце вы таго пана?

— Ну, дык што-ж?

— Гэта шпіён.

— Ты ў гэтым упэўнены?

— Цалкам.

Анжальрас падышоў да аднаго рабочага і сказаў яму штосьці на вуха. Той вышаў і амаль адразу-ж вярнуўся ў суправаджэнні трох другіх. Усе чацвёра непрыкметна падышлі да невядомага і пасталі ззаду яго.

Анжальрас падышоў да незнаёмага і запытаў:

— Хто вы такі?

Пры гэтым раптоўным пытанні чалавек ускочыў. Ён утаропіў свой позірк у вочы Анжальраса і, здавалася, прачытаў яго думкі. Ен усміхнуўся з выразам пагарды і энергіі і ганарыста вымавіў:

— Я разумею... Ну, так.

— Вы шпіён?

— Я — прадстаўнік улады.

— Ваша імя?

— Жавер.

Анжальрас зрабіў знак чацвярым, што стаялі ззаду. У адну хвіліну Жаверу скруцілі рукі і абшукалі. Пры ім знайшлі картку, на адным баку якой напісана было: „Пільнасць і нагляд“, на другім „Жавер, інспектар паліцыі“. Знайшлі яшчэ гадзіннік і кашалёк з грашыма, якія яму пакінулі.

Пасля гэтага яго прывязалі да слупа, што падпіраў столь пасярод пакоя.

Гаўрош, які назіраў увесь час за гэтым, падышоў да прывязанага Жавера і сказаў:

— Мыш злавіла ката.

Усё гэта зрабілася надзвычай хутка. Жавер не вымавіў ні гуку. Пачуўшы аб арышце шпіёна ўсе збегліся ў пакой. Жавер-жа высока трымаў галаву з непахіснай яснасцю чалавека, які ніколі ў жыцці не схлусіў.

— Гэта шпіён, — сказаў Анжальрас таварышам і дадаў, звяртаючыся да Жавера: — Вы будзеце расстрэлены за дзесяць хвілін да ўзяцця барыкады.

— Чаму-ж не зараз? — запытаў Жавер тонам загадвання.

— Таму што мы беражэм порах.

— Дык прыкончыце ўдарам нажа.

— Шпіён, — адказваў Анжальрас, — мы суддзі, а не забойцы.

Потым паклікаў Гаўроша і сказаў яму:

— Ідзі прашмыгні ўздоўж дамоў, пашлындай па вуліцах і прыдзі раскажы, што робіцца; ты маленькі, і цябе не ўбачаць.

— І маленькія на што-небудзь ды спатрэбяцца, — адказваў Гаўрош. — Іду, — сказаў ён. — Дарэчы, дайце мне яго стрэльбу.

І хлопчык, схапіўшы стрэльбу Жавера, аддаў усім чэсць па-ваеннаму і выбраўся на вуліцу.

Праз некалькі хвілін, вышаўшы на барыкаду, Курфейрак зноў убачыў таго самага юнака, які раніцою запытваў у яго пра Марыуса. Юнак, які меў бесклапотны і смелы выгляд, з надыходам ночы вярнуўся да інсургентаў.

Голас, што клікаў у цемры Марыуса на барыкаду на вуліцы Шанврэры, здаўся яму заклікам лёсу. Ён прагнуў смерці — выпадак прадстаўляўся; ён стукаўся ў дзверы магілы — і нейчая рука ў цемры падавала яму ключ ад яе. Спакуса была вялікая. Марыус вышаў з саду і праказаў:

— Пойдзем!

Звар’яцеўшы ад гора і роспачы, не маючы сілы апамятацца ад раптоўнага пераходу ад няземнага шчасця да поўнай безнадзейнасці, ён жадаў толькі аднаго — скончыць хутчэй з усім. Ён хутка пусціўся ў дарогу, узброены пісталетамі Жавера.

Каля гадзіны блукаў ён па вуліцах, не ўсведамляючы, дзе ён знаходзіўся. Вакол была поўная цішыня, перапыняемая зрэдку стрэламі. Ён дайшоў да Рынка. Тут было яшчэ цішэй і спакайней, чым у суседніх вуліцах, нібы спакой магілы быў разліты вакол.

Нарэшце, пры павароце на адну вуліцу, ён убачыў чырвоны водбліск полымя на чорным фоне дамоў. Гэта быў водбліск факела на барыкадзе ля „Карынфа“. Марыус накіраваўся на гэтае святло. Ён павярнуў у завулак і апынуўся на вуліцы Шанврэры, дзе былі ўсё яго прыяцелі.

Тут таксама ўсё яшчэ было ціха. Анжальрас і яго таварышы сядзелі з карабінамі ў руках ля аднаго з прасветаў барыкады. Усе маўчалі, прыслухоўваючыся і стараючыся ўлавіць малейшы шум.

Раптам пасярод гэтага панурага спакою пачуўся малады голас, які спяваў нейкую песеньку.

— Гэта Гаўрош папярэджвае нас, — сказаў Анжальрас.

Нейчыя таропкія крокі парушылі цішыню пустыннай вуліцы. Нехта з хуткасцю клоуна ўзабраўся на сценку і потым саскочыў на зямлю. Гэта быў сапраўды Гаўрош.

— Стрэльбу мне! — ускрыкнуў ён. — Ідуць!

Па барыкадзе прабегла электрычная іскра. Кожны схапіўся за сваю стрэльбу.

Часавыя ўвайшлі амаль разам з Гаўрошам. Усе занялі баявыя пазіцыі.

Прайшло яшчэ некалькі хвілін, потым пачуўся шум мерных, цяжкіх, шматлікіх крокаў. Шум гэты, спачатку слабы, потым выразны і страшны, паволі набліжаўся, безупынна нарастаючы. Штосьці страшнае было ў паступовасці гэтага нарастання. Нарэшце, ідучыя спыніліся. З канца вуліцы, здавалася, даносілася дыханне незлічонага натоўпу. Між тым, нічога не было відаць, апрача тонкіх, амаль непрыкметных, металічных ніцей. Гэта былі штыкі і стрэльбы, у якіх адлюстроўвалася полымя факела.

Зноў запанавала цішыня, нібы абодва бакі чакалі чагосьці. Нарэшце, з цемры пачуўся голас, тым больш страшны, што таго, які гаварыў, не было відаць. Ён закрычаў:

— Хто ідзе?

У гэты час пачуўся стук апускаемых стрэльбаў. Анжальрас адказваў гучным голасам:

— Французская рэволюцыя.

— Плі! — скамандаваў голас.

Маланка азарыла чырвоным святлом усю вуліцу, нібы адкрылі заслонку палаючай печы і адразу-ж захлопнулі яе. Страшэнны залп грымнуў у барыкаду. Чырвоны сцяг зваліўся. Кулі праніклі за перагародку і ранілі і забілі некалькі чалавек.

Дзеянне гэтага першага залпа было страшэннае. Атака была жорсткая: відавочна, мелі справу з цэлым палком. Самыя смелыя задумаліся. Сярод абкружаных узняўся перапалох. Выгляд забітых таварышоў, аднак, прымусіў іх забыць небяспечнае становішча, у якім яны знаходзіліся, і, колькі магчыма, адпомсціць непрыяцелю.

Раптам Гаўрош заўважыў, што да барыкады асцярожна падкрадаліся ўзброеныя людзі.

— Сцеражыцеся! — закрычаў ён.

Усе аглянуліся і ўбачылі цэлы лес штыкоў, якія калыхаліся над сцяной. Салдаты адзін за адным узбіраліся па наваленым каменні і бочках і, як паводка, напоўнілі сабою ўсю прастору. Яшчэ хвіліна, і ўсё будзе скончана.

Адзін з маладых людзей стрэліў ва ўпор у першага салдата і забіў яго напавал, але ў сваю чаргу быў праткнуты штыком другога. Трэці паваліў ужо Курфейрака, які крычаў: „Сюды, да мяне!“ Чацверты, самы высокі, наступаў на Гаўроша з штыком наперавес. Хлопчык схапіў стрэльбу Жавера, прыцэліўся і спусціў курок, але стрэльба не стрэліла; яна была не зараджана. Салдат рассмяяўся і падняў ужо штык над хлопчыкам.

Але ў гэтую хвіліну зброя выпала з рук салдата.

Нейчая куля трапіла яму проста ў лоб, і ён паваліўся ніцма. Другая папала ў грудзі нападаўшага на Курфейрака...

Гэта Марыус узыходзіў на барыкаду.

Марыус, які ўвесь час у нерашучасці стаяў на рагу вуліцы, убачыў, што смерць пагражае яго прыяцелям, кінуўся ім на дапамогу з пісталетамі ў руках. Першым стрэлам ён выратаваў Гаўроша, другім — Курфейрака.

Салдаты, аднак, усё яшчэ карабкаліся на барыкаду. У Марыуса не было больш зброі; але, убегшы ў зал, ён убачыў каля дзвярэй бачонак з порахам.

Калі ён абярнуўся, то ўбачыў накіраваную на яго стрэльбу. Раптам нейчая рука засланіла дула стрэльбы. Пачуўся стрэл і прабіў руку, а мабыць, і грудзі таго, хто засланіў стрэльбу, таму што чалавек паваліўся. Гэта быў юнак у падранай куртцы і ў плісавых штанах. Марыус, такім чынам, быў выратаваны, але амаль не звярнуў увагі на гэтую падзею.

Перастрэлка з абодвух бакоў не спынялася. Абодва бакі непрыяцеляў былі так блізкі адзін да аднаго, што маглі-б перагаварвацца, не ўзвышаючы голасу. Афіцэр з значком і ў густых эпалетах выхапіў шаблю і сказаў:

— Здавайцеся!

— Плі! — скамандаваў Анжальрас.

Абодва залпы раздаліся адначасова, і ўсё знікла ў воблаках дыму. Сярод яго чуваць былі стогны і падзенне раненых і забітых.

Калі дым разышоўся, то ўбачылі, што праціўнікі, як і раней, стаяць на месцах і моўчкі заражаюць стрэльбы.

Раптам хтосьці закрычаў грамавым голасам:

— Прэч адсюль, або я ўзарву барыкаду!

Усе абярнуліся ў той бок, адкуль пачуўся голас.

Марыус з факелам у руцэ, з тварам, азароным рашучасцю і адвагай, грозна набліжаў полымя да разбітага бачонка з порахам, які ён выхапіў і паставіў на камнях.

— Прэч! — паўтарыў ён, — або я ўзарву барыкаду!

— І сябе разам з ёю, — адказваў адзін салдат.

— І сябе разам з ёю, — паўтарыў Марыус і наблізіў факел да пораху.

Але на барыкадзе ўжо нікога не было. Пакінуўшы раненых і забітых, гвардзейцы адступілі ў беспарадку і хутка зніклі ў цемры ночы. Гэта было агульнае бегства.

Барыкада была вызвалена.

Усе акружылі Марыуса. Курфейрак кінуўся яму на шыю.

— Нарэшце, вы тут! Якое шчасце! Без цябе мяне забілі-б, — гаварыў ён.

— І мяне таксама, — дадаў Гаўрош.

— Дзе начальнік? — запытаў Марыус.

— Начальнік — ты, — адказваў Анжальрас.

У галаве Марыуса быў цяпер нейкі віхор, які цягнуў яго кудысьці. Яму здавалася, што ён ужо не жывы, што ўсё тое, што ён бачыць, не што іншае, як страшэнны кашмар. Ён павінен быў рабіць надзвычайныя намаганні, каб памятаць, што ён існуе ў сапраўднасці.

Сярод туману, напаўняўшага яго мазгі, ён не пазнаў Жавера, які як і раней, стаяў прывязаны да слупа і моўчкі глядзеў на ўсё, што адбывалася.

Нападаючыя, між тым, не аднаўлялі дзеянняў. Інсургенты пачалі прыбіраць трупы і перавязваць раны. Потым зрабілі пераклічку. Аказалася, што нехапала Жана Прувера, усімі любімага таварыша. Пачалі аглядаць забітых і раненых. Але яго не знайшлі паміж іх. Усе ў глыбокім горы рашылі, што ён узяты ў палон. Тады вырашана было ўступіць у перагаворы і, паколькі ў іх руках быў таксама непрыяцельскі палонны ў асобе Жавера, то абмяняць яго на Жана Прувера.

Раптам з вуліцы данёсся злавесны звон зброі, і гучны знаёмы ўсім голас пракрычаў:

— Няхай жыве Францыя! Няхай жыве будучае!

Гэта крычаў Прувер. Бліснула маланка, грымнулі стрэлы, і зноў запанавала ціша.

— Твае прыяцелі расстралялі цябе, — сказаў Анжальрас, звяртаючыся да Жавера.

Марыус, зышоўшы з вялікай барыкады, накіраваўся ўздоўж малой і агледзеў яе. Там усё было спакойна, і непрыяцель не звяртаў на яе ўвагі. Марыус збіраўся ўжо ісці, як раптам пачуў, што хтосьці гукнуў яго па імю. Ён здрыгануўся: ён пазнаў голас, які дзве гадзіны таму назад выклікаў яго з саду на вуліцу Плюме. Толькі на гэты раз гук яго быў такі слабы, што быў падобны да подыху.

Ён паглядзеў навокал, але нікога не ўбачыў. Марыус ужо падумаў, што яму здалося, і зноў пайшоў наперад, як той-жа голас паўтарыў:

— Пан Марыус!

На гэты раз не было ніякага сумнення. Хтосьці сапраўды клікаў яго.

— Ля вашых ног, — праказаў голас.

Ён нахіліўся і на зямлі ўбачыў распасцёртую чалавечую постаць.

Пры цьмяным святле плошкі Марыус адрозніў падраную блузу і панталоны, голыя ногі і лужыну крыві. Бледны твар яго прыўзняўся да яго, і губы прашапталі:

— Ці вы мяне не пазнаеце?

— Не.

— Эпаніна.

Марыус хутка нахіліўся. Гэта сапраўды была няшчасная дзяўчына, пераапранутая ў мужчынскае адзенне.

— Як апынуліся вы тут? Што вы тут робіце?

— Я паміраю, — адказвала яна.

— Вы ранены! — ускрыкнуў Марыус. — Пачакайце, я перанясу вас у пакой. Вам зробяць перавязку. Ці небяспечная рана? Як мне вас узяць, каб не зрабіць вам балюча? Як вы трапілі сюды?

Ён стараўся прыўзняць яе асцярожна з зямлі. Незнарок ён дакрануўся да яе рукі. Яна слаба ўскрыкнула.

— Я вам зрабіў балюча? — запытаў Марыус.

— Крыху.

— Але-ж я дакрануўся толькі да рукі.

Яна ўзняла руку і паднесла яе да вачэй Марыуса. На далоні зіяла глыбокая рана.

— Што з вашай рукой? — запытаў ён.

— Яна прастрэлена куляй.

— Якім чынам?

— Калі салдат прыцэліўся ў вас, я засланіла дула рукою.

Марыус здрыгануўся.

— Якое шаленства! — ускрыкнуў ён. — Беднае дзіця! Але тым лепш. Калі нічога, апрача гэтай раны, няма, дык вам перавяжуць руку, і вы паправіцеся.

— Куля, — прашаптала яна, — прабіўшы руку, прайшла праз грудзі ў спіну. Бескарысна пераносіць мяне адсюль. Прысядзьце лепш каля мяне, вось тут. Гэтым вы дапаможаце мне лепш за ўсякага доктара.

Ён паслухаўся і паклаў яе галаву сабе на калені.

— Як добра, як добра! — шаптала яна. — Я больш не мучуся.

З хвіліну яна памаўчала, а потым з намаганнем павярнула твар да Марыуса і сказала:

— Ведаеце, пан Марыус, мне было прыкра, што вы ходзіце туды, у той сад. Гэта бязглузда, таму што я-ж сама і прывяла вас туды. І апрача таго такі малады чалавек, як вы...

Яна спынілася і, перамогшы сумныя думкі, якія, напэўна, мільганулі ў гэты час у яе мазгах, дадала з узруішлівай усмешкай:

— Вы знаходзіце мяне вельмі непрыгожай, ці праўда? Але цяпер, — сказала яна, — вы тут, на барыкадзе, загінулі. Ніхто не выйдзе адсюль жывы. Гэта я прывяла вас сюды. Я ведала, што вы ідзеце на смерць, а, між тым, падставіла руку, калі вас хацелі застрэліць. Я прыпаўзла сюды і чакала вас, Калі-б вы ведалі, як я мучылася... Цяпер-жа, мне добра. Памятаеце наша першае знаёмства?.. Я яго вельмі добра памятаю... Тут усе памруць сёння.

Яна гаварыла адрывіста і бяссувязна. Кроў цякла з раны ў грудзях, як струмень чырвонага віна з адкупоранай бутэлькі. Марыус глядзеў на гэтую няшчасную істоту з глыбокім жалем.

— О! — ускрыкнула яна раптам. — Зноў пачынаецца! Я задыхаюся!

Яна пачала кусаць сваю блузу. У гэты час зверху пачуўся гучны голас Гаўроша.

— Гэта мой брат, — сказала Эпаніна.

— Ваш брат? — запытаў Марыус і мімаволі задумаўся аб абавязку, які завяшчаў яму бацька ў адносінах да сям’і Тэнард’е. Як дзіўна сутыкаў яго лёс з гэтаю сям’ёю!

Эпаніна зусім аслабела. Гаворка яе кожную хвіліну перапынялася страшэнным хрыпеннем у грудзях. Яна наколькі магчыма наблізіла свой твар да твара Марыуса і сказала з дзіўным выразам:

— Слухайце, я не хачу вас падманьваць. У мяне ў кішэні ёсць да вас пісьмо. Яно ляжыць у мяне з учарашняга дня. Мне загадана было здаць яго на пошту. Я яго пакінула ў сябе. Я не хацела, каб вы атрымалі яго. Але цяпер вазьміце.

Яна паказала яму на кішэню. Марыус выцягнуў адтуль пісьмо.

— Цяпер, — сказала яна, — за гэта абяцайце мне...

— Што?

— Абяцаеце?

— Абяцаю.

— Абяцайце мне пацалаваць мяне, калі я памру. Я гэта адчую.

Яна зноў апусціла галаву на калені Марыуса і заплюшчыла вочы.

Ён думаў, што душа яе ўжо адляцела. Эпаніна ляжала, не рухаючыся. Раптам, у тую хвіліну, калі Марыус лічыў яе ўжо заснуўшай навекі, яна паволі адплюшчыла вочы, у якіх разліта была ўжо глыбокая цемра смерці, і з лагоднасцю, здавалася, зыходзячай ужо з другога свету, сказала:

— Ведаеце, пан Марыус, мне здаецца, я была крыху ў вас закахана.

Яна паспрабавала ўсміхнуцца і сканала.

ХХХІV

ВУЛІЦА ОМ АРМЭ[63]

Марыус стрымаў абяцанне. Ён пацалаваў бледны лоб, пакрыты кроплямі халоднага поту. Гэта было апошняе развітанне з адпакутваўшай душою.

Не без хвалявання ўзяў ён пісьмо, пераданае яму Эпанінай. Ён адразу адчуў, што ў ім заключаецца нешта важнае.

Ён ціха апусціў галаву памёршяй на зямлю і пайшоў. Ён увайшоў у зал шынка і, падышоўшы да агню, зірнуў на пасланне. Гэта была маленькая запіска, складзеная ў чатыры разы і старанна запячатаная. Зверху жаночым почыркам быў напісаны яго адрас. Ён зламаў пячатку і прачытаў:


„Мой дарагі! Увы, бацька хоча, каб мы выехалі зараз-жа. Сёння ўвечары мы будзем на вуліцы Ом Армэ, №7. Праз тыдзень мы выязджаем у Англію. Казета. 4 чэрвеня.“


Усё, што было да гэтай хвіліны, можа быць перадана ў двух словах: усё зрабіла Эпаніна. Пасля сваёй сустрэчы 3 чэрвеня з бацькам і іншымі машэннікамі ля рашоткі саду на вуліцы Плюме яна рашыла як бы там ні было разлучыць Марыуса з Казетай. Яна недзе дастала мужчынскае адзенне, пераапранулася, потым на Марсавым полі, убачыўшы Жана Вальжана, кінула яму запіску з словам „Пераязджайце“. Жан Вальжан, вярнуўшыся дадому, сказаў Казеце:

— Сёння ўвечары мы з Тусен пераязджаем на вуліцу Ом Армэ. Праз тыдзень мы будзем у Лондане.

Тады Казета паспяшалася напісаць Марыусу. Але як перадаць пісьмо? Адна яна ніколі не выходзіла, а даручыць яго служанцы — дык тая, не гаворачы ні слова, здзіўленая даручэннем, аднесла-б пісьмо проста Жану Вальжану.

Страшэнна ўсхваляваная вышла Казета ў сад і ўбачыла праз рашотку пераапранутую Эпаніну. Яна паклікала яе, дала ёй пяць франкаў і папрасіла аднесці пісьмо па адрасу. Тая паклала пісьмо ў кішэню. На другі дзень яна адправілася да Курфейрака, але там Марыуса не застала, а калі Курфейрак закрычаў ёй, што адпраўляецца на барыкады, то ў яе бліснула ў галаве думка. Упэўненая, што Марыус увечары пойдзе на звычайнае спатканне, яна пабегла на вуліцу Плюме і ад імя прыяцеляў паклікала яго на барыкады. Яна была ўпэўнена, што Марыус, не знайшоўшы Казеты, прыдзе ў роспач, і не памылілася. Астатняе вядома. Яна памерла, уносячы з сабою ўпэўненасць, што і Марыус памрэ і, такім чынам, нікому не дастанецца.

Марыус пакрыў пацалункамі пісьмо Казеты. Дык яна яго кахае!

Адну хвіліну ён падумаў, што яму няма для чаго паміраць цяпер. Потым ён сказаў сабе: „Бацька вязе яе ў Англію, а мой дзед не дазваляе мне жаніцца. Жыць, значыць, няма для чаго. Лепш хутчэй пакончыць“. Тады ён рашыў папярэдзіць аб сваёй смерці Казету і выратаваць ад няўхільнай гібелі Гаўроша, сына Тэнард’е і брата Эпаніны.

Ён вырваў з запісной кніжкі лісток паперы і напісаў алоўкам:

„Наш шлюб немагчымы. Дзед адмовіў мне ў згодзе. Я бедны, ты таксама. Я быў у цябе і не знайшоў цябе больш. Ты памятаеш слова, данае мною табе? Я трымаю яго. Я паміраю. Я кахаю цябе. Калі ты будзеш чытаць запіску, душа мая будзе лунаць вакол цябе і ўсміхацца табе“.

Ён склаў лісток і надпісаў адрас Казеты і яе імя.

Потым у той-жа запісной кніжцы, падумаўшы некалькі хвілін, напісаў наступнае:

„Мяне завуць Марыус Панмерсі. Труп мой аднясіце дзеду майму, пану Жыльнарману, вуліца Філь дзю Кальвер, №6, у Марэ“.

Ён схаваў запісную кніжку ў кішэню і паклікаў Гаўроша.

— Бачыш гэтае пісьмо? — запытаў Марыус.

— Бачу.

— Вазьмі яго і зараз-жа занясі па адрасу, мадэмуазель Казеце Фашлеван на вуліцу Ом Армэ, нумар сем.

— А як-жа я пайду? — ускрыкнуў хлопчык. — У гэты-ж час могуць узяць барыкаду, а мяне тут не будзе.

— Барыкаду не возьмуць раней заўтрашняга поўдня, так што ты паспееш вярнуцца да таго часу назад, — адказваў Марыус.

— А калі я аднясу ваша пісьмо заўтра раніцою?

— Тады будзе занадта позна. Глядзі, не выйдзеш адсюль, таму што асада, напэўна, зноў пачнецца. Ідзі зараз-жа!

Гаўрош нічога не мог больш адказаць і, пачухваючыся, у нерашучасці стаяў перад Марыусам. Раптам ён падскочыў і схапіў пісьмо.

— Добра! — ускрыкнуў ён і бягом кінуўся на вуліцу. У яго з’явілася нейкая пэўная думка, якую ён, аднак, не выказаў Марыусу. Думка гэтая была наступная: „Цяпер толькі поўнач. Вуліца Ом Армэ адсюль недалёка. Я аднясу пісьмо і адразу-ж вярнуся назад, так што паспею ўпару“.

Напярэдадні гэтага самага 5 чэрвеня Жан Вальжан у суправаджэнні Казеты і служанкі Тусен пераехаў на вуліцу Ом Армэ. Там чакала яго страшэннае патрасенне.

Казета пакінула дом на вуліцы Плюме не без спробы супраціўляцца. У першы раз яе жаданні не супалі з жаданнямі Жана Вальжана. З аднаго боку, з’явілася пярэчанне, а з другога — цвёрдая рашучасць. Нечаканая парада: „пераязджайце“ зрабіла Жана Вальжана няўмольным; ён уявіў, што ўжо выкрыты, і што за ім сочаць. Казета прымушана была скарыцца.

Абодва прыбылі на вуліцу Ом Армэ, не сказаўшы ні слова адзін аднаму. Жан Вальжан быў так усхваляваны, што не заўважыў суму Казеты; Казета — такая засмучаная, што не звярнула ўвагі на непакой Жана Вальжана. Зусім сцямнела, калі яны прыехалі на кватэру. Хутка яны разышліся па сваіх пакоях і паклаліся спаць.

Чалавек заспакойваецца таксама хутка, як і пачынае хвалявацца. Ледзь толькі Жан Вальжан размясціўся ў сваёй новай кватэры, як трывога яго зусім знікла. Аддаленасць квартала, спакой і цішыня вуліцы рассеялі ўсе жахі Жана Вальжана, і ён уздыхнуў вольна. Хто мог знайсці яго тут? Вядома, ніхто.

Ён спаў вельмі добра. На другі дзень ён прачнуўся амаль вясёлы. Ён захапіўся абсталяваннем сваёй кватэры, хоць усё было непрыгожае і нязручнае, і адчуваў сябе вельмі добра.

Што датычыць Казеты, то яна не паказвалася з свайго пакоя да вечара. Вышаўшы ў сталовую, яна там аставалася нядоўга і, сказаўшы, што ў яе мігрэнь, зноў пайшла да сябе.

Жан Вальжан паабедаў адзін і астаўся ля стала, задумаўшыся. У час абеду да яго смутна два ці тры разы далятала заўвага Тусен:

— У горадзе б’юцца, судар.

Але ён не звярнуў увагі на гэтыя словы і ледзь пачуў іх. Ён устаў і пачаў хадзіць узад і ўперад па пакою.

Разам са спакоем да яго вярнулася думка аб Казеце, аб яго адзіным клопаце. Ён не думаў зусім пра яе галаўны боль, пра тое, што яна цяпер дуецца чамусьці; ён задумаўся аб будучым. Ён не бачыў ніякай перашкоды для звароту ранейшага шчаслівага жыцця. Цяпер усё здавалася яму магчымым. У гэтым ціхім кутку, куды ён цяпер схаваўся, усе трывогі кудысьці адляцелі. Ён, магчыма, пераправіцца ў Англію. Ці не ўсёроўна для яго: быць у Францыі ці ў Англіі? Абы толькі Казета была з ім. Яна была яго нацыяй. Яму даволі было Казеты для поўнага шчасця. Думка аб тым, ці даволі яго для Казеты, не прыходзіла яму ў галаву.

Прахаджваючыся такім чынам узад і ўперад, ён раптам убачыў нешта дзіўнае. Супроць сябе ў люстэрку, злёгку нахіленым над сталом, ён прачытаў наступныя чатыры радкі:

„Мой дарагі! Увы, бацька хоча, каб мы выехалі зараз-жа. Сёння ўвечары мы будзем на вуліцы Ом Арма, №7. Праз тыдзень мы выязджаем у Англію. Казета. 4 чэрвеня.“

Жан Вальжан спыніўся збянтэжаны. Казета пасля прыезду паклала свай бювар на стол перад люстэркам і ў сваім горы забыла схаваць яго, пакінуўшы адкрытым на той самай старонцы, дзе яна прыклала пісьмо для прасушкі. Усе словы адбіліся на прамакальнай паперы. Люстэрка паказвала іх у адпаведным выглядзе. Гэта было пісьмо Казеты да Марыуса.

Жан Вальжан падбег да люстэрка і зноў перачытаў гэтыя радкі. Але ён не верыў сваім вачам. Гэта немагчыма! Гэта галюцынацыя! Нічога падобнага няма!

Ён зірнуў на бювар і ўсхамянуўся. Ён паглядзеў на адбітыя чатыры радкі і нічога не мог разабраць, таму што сляды літар ішлі ў адваротным парадку. Тады ён сказаў:

— Гэта нічога не азначае. Тут нічога не напісана. — І з палёгкай глыбока ўздыхнуў.

Ён трымаў бювар у руках і глядзеў на яго з нейкай бяссэнснай радасцю, здаволены, што ўсё гэта яму здалося.

Раптам позірк яго зноў упаў на люстэрка, і вачам прадставілася тое-ж відзенне. На гэты раз гэта была ўжо не галюцынацыя. Паўтарэнне відзення ёсць ужо сапраўднасць. Ён усё зразумеў.

Жан Вальжан захістаўся, выраніў бювар і з панікшай галавой і шкляным позіркам апусціўся ў крэсла ля стала. Святло згасла для яго назаўсёды: Казета, відавочна, пісала гэта камусьці. Ён адчуў, што душу яго зноў атуліла цемрай.

І гэты чалавек, які перанёс усе нягоды, усе ўдары лёсу і не адступіў у барацьбе з ім, не мог перанесці гэтага апошняга, самага горкага і жорсткага ўдару — страты любімай істоты. Гора яго было бязмежнае.

Ён увесь затрапятаўся і абурыўся. У ім абудзіўся страшны эгаізм, і ўласнае „я“ абурылася ў глыбіні душы гэтага чалавека.

Ён усё прыпомніў. Ён пазнаў бяздонне, у якім апынуўся так нечакана. Гэта ён, той, якога ён бачыў тады ў садзе і які абудзіў яго першыя апасенні. Ён прыпомніў раптоўную бледнасць і ўспыхваючую таксама раптоўна чырвань на шчоках Казеты і ясна ўбачыў вобраз незнаёмага ў Люксембургскім садзе, гэтага абадранца, нягодніка, падлюгу, імя якога ён не ведаў. І ён, бясспрэчна, быў падлюга, таму што хіба можна пяшчотна глядзець на маладых дзяўчат, у якіх ёсць любячыя бацькі?

Упэўніўшыся, што гэта іменна той самы малады чалавек і што ён усяму прычына, Жан Вальжан, гэты перароджаны чалавек, які столькі працаваў над сваёй душой, прыклаў столькі намаганняў, каб усе знявагі і ўсе няшчасці ператварыць у любоў, паглядзеў у сваю душу і ўбачыў там страшную здань — нянавісць.

Вялікае гора суправаджаецца знесіленнем. Яно адбірае мужнасць. Чалавек адчувае, што нешта адышло ад яго. У маладосці гора жахліва; у старасці яно злавеснае. Увы! Калі кроў кіпіць яшчэ, калі валасы чорныя, калі галава яшчэ трымаецца проста, як полымя свечкі, калі сэрца яшчэ гатова любіць і б’ецца прагаю жыцця і шчасця, калі наперадзе яшчэ ўсё будучае, і тады роспач — страшная рэч. Якаво-ж — у старасці, калі гады нібы спяшаюцца адзін за адным, у той пахмуры момант змроку, калі пачынаеш адрозніваць ужо зоркі магілы?

У час яго размышленняў увайшла Тусен. Жан Вальжан устаў і запытаў:

— У якім гэта баку? Не ведаеце?

Тусен, азадачаная, магла толькі праказаць:

— Што вы хочаце?

— Ці не вы сказалі мне, што зараз б’юцца ў горадзе? — сказаў Жан Вальжан.

— Ах так, судар, — адказвала Тусен. — Гэта каля Сен-Меры.

Бываюць несвядомыя рухі, незалежныя ад нашай волі. Напэўна, такога роду рух прымусіў Жана Вальжана праз пяць хвілін апынуцца на вуліцы.

Ён вышаў з непакрытай галавой і сеў на тумбу ля варот свайго дома. Здавалася, ён прыслухоўваўся. Настала ноч.

Колькі часу прайшло такім чынам? Якія думкі напаўнялі яго мазгі? Ці ачунеў ён крыху ад удару? Ён і сам, напэўна, не мог-бы адказаць сабе на гэта.

Вуліца была пустынная. Некалькі запозненых прахожых паспешліва прабіраліся дадому. Ліхтаршчык запаліў ліхтар, які вісеў якраз супроць дома №7, і пайшоў. Жан Вальжан усё сядзеў, як скамянелы.

Прабіла адзінаццаць гадзін. У той-жа момант да яго вушэй з боку Рынка данёсся гучны залп, потым другі. Пры гэтым Жан Вальжан здрыгануўся і павярнуў галаву ў той бок, адкуль пачуліся стрэлы. Потым зноў скрыжаваў рукі і панік галавою: ён зноў аддаўся сумным сваім размышленням. Раптам ён узняў вочы. Па вуліцы, зусім блізка ад яго, пачуліся нейчыя крокі. Пры святле ліхтара ён заўважыў невялікую постаць, якая, узняўшы галаву, чагосьці шукала. Гэта быў Гаўрош. Ён бачыў Жана Вальжана, але нібы не заўважаў яго і ўсё разглядаў дом.

Жану Вальжану чамусьці нястрымна захацелася загаварыць з хлопчыкам. Ён запытаў у яго:

— Хлопчык, што табе патрэбна?

— Я есці хачу, — адказаў Гаўрош.

— Беднае дзіця, — праказаў Жан Вальжан, падыходзячы да яго і ўсунуўшы яму ў руку манету.

Гаўрош са здзіўленнем паднёс да вачэй грошы і ўбачыў серабро, аб якім ён ведаў толькі па чутках. Потым абярнуўся да Жана Вальжана і сказаў:

— Вазьміце-ка назад гэтую штуку. Я лічу за лепшае разбіваць ліхтары. Мяне не падкупіш. — І ён шпурнуў каменем ліхтар. Шкло разбілася, агонь пагас, і запанавала цемра.

— Ці ёсць у цябе маці? — запытаў Жан Вальжан.

— Магчыма.

— Дык аднясі гэтыя грошы ёй.

Гаўрош быў крануты за жывое. Апрача таго, ён заўважыў, што суразмоўнік яго быў з непакрытай галавою, і гэта выклікала ў яго давер’е.

— Скажыце, вы з гэтай вуліцы? — запытаў ён.

— Так, а што?

— Ці можаце вы паказаць мне дом нумар сем?

— На што табе нумар сем?

Хлопчык спыніўся, баючыся, што ён сказаў надта многа. Ён энергічна засунуў пальцы ў валасы і сказаў:

— Трэба.

У галаве Жана Вальжана мільганула раптам думка. Роспач мае часам сваю празорлівасць. Ён сказаў хлопчыку:

— Хіба ты прынёс мне пісьмо, якога я чакаю?

— Вы? — сказаў Гаўрош. — Вы — не жанчына.

— Пісьмо гэтае для мадэмуазель Казеты, праўда?

— Казеты? — прамармытаў Гаўрош. — Так, здаецца, гэта тое самае смешнае імя.

— Дык вельмі добра! — сказаў Жан Вальжан. — Яно павінна быць перадана праз мяне. Давай!

— У такім выпадку вы павінны ведаць, што я прышоў з барыкады?

— Вядома, — адказаў Жан Вальжан.

Гаўрош выняў з кішэні пісьмо і падаў яго Жану Вальжану.

— Хутчэй толькі перадайце яго, — дадаў хлопчык. — Яго чакаюць.

— Адказ прыслаць у Сен-Меры? — запытаў Жан Вальжан.

— Вы штосьці зблыталі, грамадзянін. Пісьмо гэтае з барыкады на вуліцы Шанврэры, куды я зараз і вяртаюся. Да пабачэння!

І з гэтымі словамі Гаўрош, як куля, паімчаўся па вуліцы. У адзін міг хлопчык знік у туманнай цемры ночы, і вуліца зноў пагрузілася ў маўклівую цішыню. Праз некалькі хвілін здалёку данёсся, аднак, зноў звон разбітага шкла: гэта Гаўрош на сваім шляху разбіў яшчэ адзін ліхтар, на вялікі жах заснуўшых абываталяў.

Жан Вальжан вярнуўся да сябе з пісьмом Марыуса у руках. Казета і Тусен спалі. Ён вобмацкам, дрыжучы, запаліў свечку, узлакаціўся на стол і пачаў чытаць.

Пры вялікіх хваляваннях не чытаеш, а накідваешся, так сказаць, на паперу. Спачатку пераскокваеш праз словы, увага ліхарадкава ўзбуджана, і схопліваеш толькі агульны сэнс напісанага: падрабязнасці знікаюць. У запісцы Марыуса да Казеты Жан Вальжан бачыў толькі гэтыя словы: „Я паміраю. Калі ты будзеш чытаць гэта, душа мая будзе лунаць каля цябе.“

Словы гэтыя асляпілі яго. Ён сядзеў некалькі хвілін, нібы падаўлены іх уражаннем. Ён глядзеў на запіску з нейкай незвычайнай радасцю. Перад ім адкрылася дзіўнае відовішча: смерць ненавіснай істоты.

Унутраная радасць яго была бязмежная. Такім чынам, усё скончана, Развязка з’явілася хутчэй, чым ён мог гэтага чакаць. Істота, якая зацямняла яго жыццё, знікла, адышла па ўласнай волі. Чалавек гэты паміраў, магчыма, нават памёр. Але тут, не гледзячы на хваляванне, ён рашыў, што не яшчэ, ён жывы ў гэтую хвіліну. Пісьмо, відавочна, было напісана, каб быць пераданым Казеце толькі заўтра раніцою. З адзінаццаці гадзін да паўночы ўсё было ціха, стрэлаў не чуваць, — значыць, цяпер не б’юцца. Барыкаду возьмуць, напэўна, на світанні. Ну, ды гэта ўсёроўна. Раз чалавек гэты замешаны ў гэтай вайне, ён усероўна загінуў. Жан Вальжан адчуваў сябе вызваленым. Цяпер ён зноў адзін з Казетай. Зноў шчаслівае жыццё наперадзе. Варта было яму толькі не паказаць гэтае пісьмо Казеце, і яна ніколі не даведалася-б, што сталася „з гэтым чалавекам“. Няхай будзе тое, што павінна адбыцца. Ён не можа ўнікнуць свайго лёсу. Калі ён яшчэ не памёр, то напэўна памрэ. Якое шчасце!

Вырашыўшы ўсё гэта пра сябе, Жан Вальжан спахмурнеў. Потым ён зышоў уніз і праз гадзіну ў поўным касцюме нацыянальнага гвардзейца вышаў з дома. Пры ім была зараджаная стрэльба і запас патронаў. Ён накіраваўся да Рынка.

ХХХV

ДЗВЕ БАРЫКАДЫ

Дзве самыя выдатныя барыкады з ліку тых, якія мог назіраць даследчык соцыяльных хвароб, не належаць да таго перыяда, які апісвае гэтая кніга. Гэтыя барыкады абедзве сімвалізуюць з розных пунктаў гледжання страшнае становішча грамадства ў той час, калі яны выраслі з-пад зямлі. Гэта было ў дні фатальнага чэрвеньскага паўстання 1848 года — года, які бачыў самыя грандыёзныя вулічныя баі, якія толькі бывалі ў гісторыі.

Часам бывае так, што „чэрнь“ кідаецца ў бітву з „народам“ насуперак прынцыпам, насуперак волі, роўнасці і брацтву, пагарджаючы ўсеагульнай падачай галасоў, паўстаючы супроць улады ўсіх, кідаючыся з пратэстам з безвыходнай глыбіні сваёй роспачы, сваёй безнадзейнасці, сваёй пакінутасці, сваіх хвароб, галечы, нястачы, сваёй жахлівай цемры і невуцтва. „Сволач“ паўстае супроць „народу“, гезы[64] нападаюць на грамадскае права, ахлакратыя[65] паўстае на дэмас.

Вось адкуль гэтыя сумныя дні. Заўсёды ёсць значная доля праўды ў гэтым грамадскім шаленстве; ёсць штосьці падобнае да самагубства ў гэтай дуэлі чалавечых лагераў. А гэтыя абазначэнні, якія маюць мэтай абразіць: гезы, сволач, ахлакратыя, чэрнь... Увы! Яны канстатуюць толькі злачынствы тых, хто пануе, а не віну тых, хто пакутуе, хутчэй злачынствы прывілеяваных класаў, чым віну абяздоленых.

Што датычыцца мяне, то я ніколі не вымаўляю гэтых імёнаў іначай, як з пачуццём гора і павагі да іх, бо філосаф, паглыбляючыся ў з’явы, якія адпавядаюць гэтым назвам, бачыць побач з іх адвержанасцю таксама і іх веліч. Афінская рэспубліка была ахлакратыяй; гезы стварылі Галандыю; чэрнь была заўсёдашняй выратавальніцай Рыма. Няма мысліцеля, які не сузіраў-бы ў задуменнасці веліч чалавечага дна.

Цяпер, не трацячы з віду прадмета нашага апавядання, не робячы адступленняў, няхай будзе нам дазволена спыніць увагу чытача на двух барыкадах, выключных па значэнню, якое яны маюць для характарыстыкі гэтага паўстання.

Адна загароджвала ўваход у Сент-Антуанскае прадмесце, другая абараняла подступы да прадмесця Тампль. Хто бачыў пад’ёмы да яснага чэрвеньскага неба гэтых страшных шэдэўраў грамадзянскай вайны, той ніколі іх не забудзе.

Сент-Антуанская барыкада была страшэнна вялікая. Яна дасягала ў вышыню трох паверхаў і шырынёю раўнялася сямістам крокам. Яна перасякала з рога на рог шырокае вусце прыгарада, гэта значыць цэлыя тры вуліцы. Зрытая, скрамсаная, пятлістая, пасечаная, у вялізных дзірках, нібы ад таго, што яе прагрызлі гіганцкія зубы, з награмаджэннямі, ператворанымі ў бастыёны, выступаючы мысамі туды і сюды, магутна абапіраючыся на выступы вялікіх будынкаў, яна ўзвышалася цыклапічным збудаванчем у глыбіні гэтай страшнай плошчы, якая ўжо перажыла 14 ліпеня. Дзевятнаццаць барыкад спускаліся на вуліцах ззаду за гэтай галоўнай барыкадай. Даволі было зірнуць на яе, каб адчуць ступень агоніі пакут, якія шалёным тэмпам імкнуліся да катастрофы. З якога матэрыялу збудавалі гэтую барыкаду? З абломкаў трох шасціпавярховых дамоў, знарок для гэтага разбураных, казалі адны. Яна створана чарамі народнага гневу, казалі другія. Яна прадстаўляла сумнае відовішча пабудовы, створанай нянавісцю, — руіну. Можна было аднолькава верна запытаць, хто пабудаваў гэга, а таксама: хто разбурыў тое? Гэта была імправізацыя абурэння. Цягні! Гэтыя дзверы, гэтую рашотку! Кідай, штурхай, збівай, ламай! У сувязь уступілі: каменні бруку, бруссі, бэлькі, крэслы, жалезныя пруцці, лахманы і клочча, маёмасць галечы і няшчасцяў. Гэта было велічна і нікчэмна. Гэта было грознае братанне абломкаў рэчаў, чужых адны адным. Перакуленыя цялежкі чапляліся па адхоннаму схілу, вялізная павозка тырчэла зверху выстаўленымі ў неба восямі і здавалася тоўстым шрамам на гэтым неспакойным твары барыкады; шырокі амнібус, весела падняты на руках на самую верхавіну збудавання, быццам знарок сваім забаўным выглядам узмацняючы жах гэтага дзікага відовішча, выстаўляў наверх сваё дышла, нібы для нейкай невядомай запрэжкі паветранымі коньмі.

Калі-б акіян будаваў перашкоды, то ён збудаваў-бы іх іменна так, як збудавана была гэта барыкада. Бязладныя нагруважджанні нагадвалі буру патоку. Якога патоку? Патоку жывога натоўпу.

Здавалася, што чуеш над барыкадай, падобнай да вулля, гудзенне вялізных пахмурых пчол, якія бурна імкнуцца наперад. Што гэта: дзікі гушчар, крэпасць? Здавалася, што ўсё гэта ўзнікла ад аднаго ўзмаху нейкага шалёнага крыла. Было штосьці падобнае да клаакі ў гэтым дзіўным збудаванні, і нешта алімпійскае было ў гэтай сумятні.

Было відаць, як, нібы чакаючы пушачных стрэлаў, тут валяліся кроквы, цэлыя вуглы мансард, абклееныя каляровымі шпалерамі, аконныя рамы, якія тырчэлі з абломкаў, разбураныя кавалкі печаў, шафы, сталы, лаўкі, страшэнны непарадак з тысячы рэчаў бядняцкага скарбу, кінутых нават жабракамі, рэчаў, якія носяць на сабе сляды гневу і адвяржэння. Тут былі лахманы і абломкі, нібы выкінутыя адным узмахам вялізнай мятлы з Сент-Антуанскага прадмесця і па неабходнасці складзеныя ў барыкаду. Абрубкі дрэва, падобныя да плахі, разарваныя ланцугі, бярвенні з перакладзінамі, падобныя да шыбеніцы, тырчэўшыя гарызантальна колы — усё надавала гэтаму дзіўнаму збудаванню падабенства да катавальнай камеры, поўнай старадаўніх прылад пакаранняў, перанесеных народам. Сент-Антуанскае прадмесце ўсё ператварала ў зброю; усё, што толькі грамадзянская вайна магла кінуць супроць грамадства, зыходзіла адтуль. Гэта не была бітва, гэта былі параксізмы: карабіны і мушкетоны[66] стралялі асколкамі пасуды, касцямі, гузікамі, аж да колцаў ад стала і мэблі, небяспечных таму, што яны былі зроблены з медзі.

Гэтая барыкада ўся звінела. З яе несліся крыкі і воклічы незвычайнай сілы. Натоўпы, як бура, шумелі вад ёю і вянчалі яе схілы і выступы сумятнёй палаючых галоў. Яна была аздоблена шчаціністым грэбнем стрэльбаў, шабляў, палак, тапароў, пік і штыкоў. Шырокі чырвоны сцяг хлопаў і шчоўкаў краямі пад ветрам. Чуліся крыкі каманды, рэволюцыйныя песні, бой барабана, рыданні жанчын і ўзрывы жудаснага смеху паміраючых з голаду. Яна была бязмерна і поўна жыцця. Ад яе, нібы ад шэрсці наэлектрызаванага звера, зыходзілі іскры і трэск. Дух рэволюцыі веяў над яе верхавінай, і голас народу грымеў адтуль, падобна да голаса гнеўнага бога. Гэтая груда смецця нібы струменіла сабой небывалую веліч. Неякая куча адкідаў раптам зрабілася велічнай, як гара Сінай. Як я ўжо зазначыў, яна нападала імем рэволюцыі... Што?! Так, рэволюцыі. Яна — гэтая барыкада, гэтая суцэльная выпадковасць, заблуджэнне, жах, невядомасць, — яна бачыла перад сабою ўстаноўчы сход, вярхоўную ўладу народу, усеагульнае выбарчае права, нацыю-рэспубліку. Гэта была карманьёла[67], якая кідае выклік марсельезе, выклік бяссэнсны, але поўны гераізму, як і ўвесь гэты прыгарад — стары герой рэволюцыі.

Прадмесце і яго рэдут аказвалі адзін аднаму падтрыманне і дапамогу. Прадмесце абапіралася на рэдут, і рэдут моцна сядзеў на прадмесці. Шырокая барыкада нагадвала скалы, аб якія разбіваліся стратэгічныя ўхітрэнні афрыканскіх атрадаў. Яе адтуліны, яе нарасты, дзіркі і гнёзды нібы рабілі страшэнную грымасу і здзекваліся з усяго пад клубамі дыму. Стрэльбавыя кулі і снарады паглыналіся ёю без вынікаў, ядры рабілі новыя дзіркі ў старых. Для чаго было абстрэльваць гэты хаос? І палкі салдат, якія прывыклі да самых дзікіх карцін вайны, глядзелі трывожным позіркам на гэтага страшнага звера, вялізнага, як гара, і шчаціністага, як дзікі вепр.

За чвэрць мілі адсюль, на рагу вуліцы Тампль, якая выходзіла да бульвара ля Шатадо, пагардліва ўзвышалася другая барыкада. Яе бачылі здалёк з другога боку канала, ад бар’ера Бельвіль, дзе яна падыходзіла да магазіна Даллемань, узвышалася да ўзроўня другога паверха і моцна звязвалася з сценамі дамоў і з брукам, нібы вуліца сама звярнула крута, каб перагарадзіць новай сцяной дарогу сабе-ж. Гэтая барыкада дыхала холадам, была простай, дакладна выверанай па адвесу і працягнутай у нітачку. Яна не была ўмацавана цэментам, але, падобна да рымскіх пабудоў, умацоўвалася правільнасцю будаўнічай прыгонкі частак. Яе вышыня гаварыла і аб яе таўшчыні. Усе яе лініі былі вельмі строгія і чыстыя.

На роўных адлегласцях там і тут па яе шэрай паверхні былі відаць байніцы, амаль непрыкметныя. Здалёку яны зліваліся ў нейкую чорную нітку. Вуліца здавалася пустыннай. Вокны і дзверы былі наглуха запёрты, а ў глыбіні ўзвышалася гэтая плаціна, ператвараючы вуліцу ў нейкую пастку. Сцена была нерухомая і спакойная. Не было відаць ні душы, не было чуваць ні гуку, ні крыку, ні шуму, ні ўздыху.

Цішыня грабніцы.

Сонечнае святло чэрвеньскага дня залівала патокамі гэтае страшнае збудаванне.

Такая была барыкада прадмесця Тампль.

Пры падыходзе да гэтага месца нават самыя смелыя людзі, бачачы гэтае збудаванне, рабіліся задуменныя, як перад таямнічай з’явай прыроды. Яно здзіўляла выверанасцю, чоткасцю, сіметрычнасцю частак, пахавальным спакоём і парадкам. Здавалася, што начальнікам гэтай страшнай барыкады быў або ўмелы геаметр, або выхадзец з пекла. Гледзячы на яе, гаварылі шэптам.

Час ад часу, калі хто-небудзь з салдат, афіцэраў ці народных прадстаўнікоў адважваўся перасячы пустынны брук, чуўся лёгкі свіст, востры і слабы ў адзін і той-жа час, і прахожы падаў, забіты або ранены, а калі яму ўдавалася ўцалець, то чуваць было, як куля збівала тынк і ўваходзіла ў сцяну. Людзей на барыкадзе замянялі складаныя прылады з чыгунных ствалоў, якія стралялі перыядычна пры накальванні газу. Гэта для таго, каб не было бескарыснай траты пораху.

Там і сям былі відаць трупы і лужыны крыві. Я памятаю белага матылька, які заляцеў на гэтую вуліцу. Лета не адмовілася ад сваіх правоў.

Навокал усе пад’езды былі заняты раненымі.

Адчувалася, што нехта бярэ на мушку, нехта нябачны прыцэльваецца і што вуліца ва ўсю сваю даўжыню знаходзіцца пад прыцэлам.

Згрудзіўшыся ззаду за згібам, які рабіла старадаўняя застава Тампля ля канала, салдаты атакуючай калоны, пахмурыя і поўныя раздум’я, назіралі за гэтым пахмурым рэдутам, сузіраючы яго нерухомасць, раздумваючы аб недаступнасці гэтага масіва, які выкідае смерць.

Некаторыя смельчакі падпаўзалі, лежачы на жываце, да сярэдзіны крутога маста, клапоцячыся аб тым, каб ківеры не высоўваліся.

Храбры палкоўнік Мантэйнар з дрыгаценнем у голасе выражаў сваё захапленне барыкадай:

— Як гэта зроблена! Ніводны каменьчык не тырчыць! Гэта проста фарфоравая цацка.

У гэтую хвіліну куля прабіла ордэнскі крыж у яго на грудзях. Палкоўнік упаў.

— Падлюгі — крыкнуў ён. — Яны-ж хаваюцца! Яны баяцца паказаць нос!

Барыкада Тампля, абараняемая васьмюдзесяццю рэволюцыянерамі, тры дні трымалася супроць дзесяці тысяч атакуючых салдат. На чацверты, калі разбілі суседнія дамы і ўзлезлі на дахі, барыкада была ўзята. Ніводзін з васьмідзесяці байцоў не падумаў уцякаць, яны былі забіты ўсе да аднаго, за выключэннем правадыра Бартэлемі, аб якім гутарка ідзе асобна. Сент-Антуанская барыкада была шумам і громам, барыкада Тампля была мёртвым маўчаннем. Абедзве яны здзіўлялі злавесным непадабенствам; адна — як пашча, другая — як маска! Гіганцкае і сумнае чэрвеньскае паўстанне насіла пячаць гневу і загадкавасці, і таму ў першай барыкадзе адчуваўся дракон, а ў другой адлюстраваўся сфінкс.

Два чалавекі былі іх будаўнікамі: адзін — Курнэ, другі — Бартэлемі. Сент-Антуанскай кіраваў Курнэ, барыкадай Тампля — Бартэлемі.

Кожны захоўваў у сабе рысы, пераданыя свайму збудаванню.

Курнэ быў вялізнага росту, шырокаплечы, з чырвоным тварам, з магутным кулаком, смелым сэрцам, строгай душой, позіркам страшным і ў той-жа час чыстым. Курнэ быў бясстрэпетны, энергічны, гнеўны, бурны, але не было больш сардэчнага чалавека і больш страшнага байца.

Вайна, барацьба, схватка — гэта было яго роднае паветра; удыхаючы яго, ён быў шчаслівы. Ён быў афіцэрам марской службы; усе яго жэсты і рухі, яго голас ясна гаварылі аб тым, што гэта — дзіця акіяна, што гэта ўражэнец навальніц і бур. І ў бітвах ён прадаўжаў работу марскога ўрагана.

Бартэлемі, хударлявы, бледны і марудлівы, быў чалавекам з пароды хлапчукоў, якія перажылі трагедыю.

Паліцэйскі агент ударыў яго па шчацэ, у адказ на гэты ўдар Бартэлемі яго прыпільнаваў, забіў — і семнаццаці год быў адпраўлены на катаргу. Ён вышаў адтуль і зрабіў гэтую барыкаду.

Пазней — ракавы выпадак! — у Лондане, дзе абодва былі выгнаннікамі, Бартэлемі забіў Курнэ. Гэта быў сумны паядынак. Праз некаторы час, захоплены коламі гэтых таямнічых прыгод, у якіх замяшалася страсць, зрабіўшыся ахвярай катастрофы, у якой французскае правасуддзе знайшло шмат акалічнасцей, змяншаючых яго віну, ён быў прыгавораны айглійскім правасуддзем да кары смерцю. Бартэлемі быў павешаны.

Гнусны грамадскі лад прывёў да таго, што гэты злашчасны чалавек, поўны розуму, цвёрды і верны, магчыма вялікі чалавек, пачаў сваё жыццё ў Францыі катаргай і скончыў яго ў Англіі на шыбеніцы. Бартэлемі ва ўсіх выпадках патрэбы падымаў толькі адзін сцяг — чорны сцяг.

Шаснаццаць год падпольнай падрыхтоўкі паўстання былі тэрмінам, зусім дастатковым для таго, каб чэрвень 1848 года ведаў і ўмеў больш, чым чэрвень 1832 года. Такім чынам барыкада на вуліцы Шанврэры была толькі першай спробай і зародкам у параўнанні з гіганцкімі барыкадамі, якія мы зараз апісалі. Але для свайго часу яна была страшная.

Паўстанцы пад наглядам Анжальраса, які ўзяўся за справу таму, што Марыус зрабіўся безудзельным, стараліся скарыстаць начны час. Барыкада аказалася не толькі папраўленай, але яе яшчэ і надбудавалі. Яны зрабілі яе на два футы вышэй. Жалезныя палосы, уткнутыя ў брук між камення, здаваліся нахіленымі наперад коп’ямі. Рознае ламачча, нацяганае адусюль, дапамагло дакончыць умацаванне знадворнага боку барыкады. Рэдут па ўсіх правілах навукі меў гладкую сцяну ўнутры і няроўную калючую паверхню знадворку.

З булыжніка склалі леснічку, якая давала магчымасць узбірацца на барыкаду, як на сцяну цытадэлі.

Упарадкавалі гаспадарчы бок барыкады, ачысцілі ніжні зал, ператварылі кухню ў паходны шпіталь, зрабілі перавязкі раненым, шчыпалі корпію, ачысцілі ўнутранасць рэдута, падабралі абломкі, вынеслі трупы.

Забітых склалі ў кучу ў завулку Мандэтур, які ўсё яшчэ аставаўся ў іх распараджэнні. У ліку забітых было чацвёра нацыянальных гвардзейцаў. Анжальрас загадаў адкласці ў бок знятыя з іх мундзіры.

Анжальрас раіў заснуць гадзіны дзве. Парада Анжальраса была загадам. Тым не менш яе скарысталі ўсяго трое ці чацвёра.

Фейі скарыстаў гэтыя дзве гадзіны для таго, каб выразаць на знадворным фасадзе шынка словы:

„Няхай жывуць народы!“

Усе гэтыя тры словы, выскрабаныя цвікам на пясчаніку, можна было бачыць яшчэ ў 1848 годзе.

Тры жанчыны скарысталі начны перапынак, каб канчаткова знікнуць, што значна палягчала паўстанцам іх становішча. Яны знайшлі сродак схавацца ў нейкім суседнім доме.

Большая частка раненых магла і хацела яшчэ ваяваць. У кухні, ператворанай у паходны шпіталь, на сеннічку і на вязанках саломы ляжалі пяцёра сур’ёзна раненых; двое з іх былі салдаты муніцыпальнай гвардыі.

Салдаты муніцыпальнай гвардыі былі перавязаны першыя.

У ніжнім зале аставаўся толькі нябожчык, прыкрыты чорным сукном, і Жавер, прывязаны да слупа.

— Тут будзе мярцвецкая, — сказаў Анжальрас.

У глыбіні гэтага пакоя, слаба асветленага сальным агаркам, стол, на якім ляжаў нябожчык, стаяў ззаду за слупам і меў выгляд папярэчнай перакладзіны. Постаць Жавера, які стаяў ля слупа, і цела нябожчыка, што ляжала на стале, ўтварылі выгляд крыжа.

Дышла амнібуса, хоць і пакарочанае стрэламі, трымалася яшчэ настолькі, што да яго можна было прывязаць сцяг.

Анжальрас, які меў усе якасці правадыра, прывязаў да гэтага дрэўка прастрэленую, акрываўленую вопратку забітага старога.

Есці не было чаго, таму што не было ні хлеба, ні мяса. Пяцьдзесят чалавек, якія абаранялі барыкаду, знаходзіліся тут ужо шаснаццаць гадзін, і за гэты час хутка зрасходваўся запас правізіі, што была ў шынку. У пэўны момант кожная барыкада немінуча робіцца плытам Медузы, і абаронцам яе даводзіцца цярпець голад.

На світанні памятнага дня шостага чэрвеня, на барыкадзе Сен-Меры, Жан, абкружаны інсургентамі, якія патрабавалі хлеба, на крыкі: „Есці!“ адказваў: „Навошта? Цяпер тры гадзіны, у чатыры мы памром“.

Паколькі есці не было чаго, то Анжальрас забараніў і піць. Віно ён забараніў піць зусім, а гарэлку размеркаваў на порцыі.

У склепе знайшлі пятнаццаць герметычна закупораных бутэлек. Анжальрас і Камбфер агледзелі іх. Камбфер, вылязаючы са склепа, абвясціў:

— Гэта з старых запасаў Гюшлу, які пачаў сваю дзейнасць бакалейшчыкам.

— Гэта, напэўна, сапраўднае віно, — заўважыў Басюэт. — Добра, што Грантар спіць. Каб ён быў на нагах, цяжка было-б выратаваць гэтыя бутэлкі.

Анжальрас, не гледзячы на нараканне акружаючых, наклаў забарону на гэтыя бутэлькі, а каб ніхто не крануў іх, каб зрабіць іх, так сказаць, свяшчэннымі, ён загадаў паставіць бутэлькі пад стол, на якім ляжаў нябожчык.

Каля двух гадзін раніцы зрабілі праверку; у наяўнасці аказалася яшчэ трыццаць сем чалавек.

Пачало світаць. Пагасілі факел, устаўлены ў кучу булыжніку. Унутранасць барыкады, нешта накшталт маленькага дворыка, адгароджанага сярод вуліцы, танула яшчэ ў цемры і была падобна ў досвіткавым змроку да палубы судна з перабітым рангоутам.

Брадзіўшыя ўперад і назад бунтаўшчыкі рухаліся, як чорныя цені. Над гэтым страшным гняздом цемры бялелі сцены верхніх паверхаў маўклівых дамоў; далей, зусім наверсе, вырысоўваліся коміны. Неба мела тое прыгожае неазначальнае адценне, якое можна назваць і белым і блакітным. Пад гэтым небам з вясёлымі крыкамі ляталі птушкі. Дах высокага дома, які служыў фундаментам барыкады і быў накіраваны фасадам на ўсход, меў бледна-ружовае адценне. У слухавым акне трэцяга паверха ранішні ветрык варушыў сівыя валасы на галаве мерцвяка.

— Я рады, што пагасілі факел, — сказаў Курфейрак, звяртаючыся да Фейі. — Мне надакучала гэтае дрыжачае на ветры святло факела. Яно нібы баіцца. Святло факела падобна да разважлівасці палахліўцаў: яно дрэна свеціць, таму што дрыжыць.

Золак прабудзіў не толькі птушак, але і розум. Усе пачалі гутарыць.

Камбфер гаварыў аб мёртвых, аб Жане Пруверы, аб Багарэлі, аб суровым смутку Анжальраса.

Ён гаварыў:

— Рэволюцыянеры ўсіх часоў пакутвалі, зрабіўшы сваё дзеянне. Нашы сэрцы схільны да трэпету, і жыццё чалавечае — такая таямніца, што нават грамадзянскае забойства, нават вызваленчае забойства, — калі такое існуе, — выклікае дакоры сумлення, раскаянне ў забойстве чалавека, бярэ верх над радасным усведамленнем аказанай паслугі чалавечаму роду.

ХХХVІ

БОЙ

Анжальрас пайшоў на разведку. Ён вышаў праз завулак Мандэтур, прабіраючыся ўздоўж сцен паўз дамы.

Бунтаўшчыкі, трэба заўважыць, былі поўныя надзеі на поспех.

Спосаб, якім ім удалося адбіць начную атаку, да такой ступені натхніў іх, што яны без ніякага страху чакалі новай атакі на світанні.

Анжальрас вярнуўся.

Ён вяртаўся з сваёй смелай начной прагулкі ў поцемках за межамі тэрыторыі барыкады. З хвіліну, стоячы са скрыжаванымі на грудзях рукамі, ён слухаў гэтую вясёлую балбатню, а потым, свежы і румяны пры святле надыходзячай раніцы, сказаў:

— Уся армія Парыжа ў поўным зборы. Трэцяя частка гэтай арміі стаіць ля той барыкады, дзе вы зараз знаходзіцеся. Потым яшчэ нацыянальная гвардыя. Я бачу шапкі пятага палка і значкі шостага легіёна. Праз гадзіну яны пойдуць на вас у атаку. Што-ж датычыць народу, то ўчора ён, праўда, хваляваўся, затое сёння раніцою ўжо зусім спакойны. Вам няма чаго чакаць, няма на што спадзявацца. У прадмесці толькі адны войскі. Вам няма адкуль чакаць дапамогі.

Гэтыя словы нібы громам уразілі гутарыўшыя групы бунтаўшчыкоў і зрабілі такі-ж эфект, як першая кропля дажджу, якая ўпадзе на рой пчол перад пачаткам навальніцы.

Усе стаялі моўчкі.

На барыкадзе раптам настала ціша, у ёй адчуваўся подых смерці.

Але гэта цягнулася нядоўга.

З самай аддаленай групы нейчы голас гучна крыкнуў Анжальрасу:

— Добра! Паднімем барыкаду яшчэ на дваццаць футаў і астанемся тут!

Гэтыя словы рассеялі хмурнае воблака, якое было атуманіла думкі кожнага з прысутных на барыкадзе, і ўсе віталі іх радаснымі выгукамі.

Імя чалавека, які сказаў гэта, так і асталося невядомым: гэта быў нейкі просты блузнік, невядомы пролетарый, забыты герой момантаў, той прадстаўнік вялікай безымённай масы, што з’яўляецца састаўной часткай падзей, якія знамянуюць сабою палітычныя перавароты і соцыяльныя рэволюцыі. Іменна ён у хвіліны хістанняў фармулюе ў голас беспаваротнае рашэнне і знікае ў цемры пасля свайго імгненнага з’яўлення ў блеску маланак; гэта — голас народу.

Гэтае беспаваротнае рашэнне да такой ступені было разліта ў паветры 6-га чэрвеня 1832 года, што амаль у той-жа самы час на барыкадзе Сен-Меры паўстанцы крычалі словы, якія зрабіліся гістарычнымі і нават занесены ў справаздачу аб судовым разборы: „Ці прыдуць нам на дапамогу ці не — усёроўна! Будзем біцца да канца!“

Абедзве гэтыя барыкады, не гледзячы на раздзяляўшую іх адлегласць, відавочна, злучаліся адна з адной.

Пасля таго, як невядомы выразіў гэтымі словамі тое, што ў кожнага было на душы, з усіх вуснаў вырваўся аднадушны крык ухвалы:

— Вітаем смерць! Ляжам тут усе!

— Чаму-ж усе? — запытаў Анжальрас.

— Усе! Усе!

Анжальрас казаў далей:

— Становішча вельмі добрае, барыкада цудоўная. Трыццаці чалавек для абароны дастаткова. Навошта-ж ахвяроўваць сарака людзьмі?

Яму адказалі:

— Таму, што ніхто не захоча пайсці.

— Грамадзяне! — закрычаў Анжальрас, і голас яго гучаў амаль гнеўна. — Рэспубліка не так багата людзьмі, каб прыносіць бескарысныя ахвяры. Дробязная ганарлівасць раўняецца марнатраўству. Калі для некаторых з нас абавязак заключаецца ў тым, каб пайсці адсюль, абавязак гэты павінен быць выкананы імі, як і ўсякі іншы.

Анжальрас, чалавек прынцыпа, меў над сваімі аднадумцамі тую ўладу, крыніца якой — бязмежная сіла. Аднак, не гледзячы на яго ўсемагутнасць, пачаліся нараканні.

Як сапраўдны начальнік, Анжальрас, пачуўшы нараканне, выказаў настойлівасць. Ён вымавіў высокамерна:

— Няхай тыя, якія баяцца астацца ў ліку толькі трыццаці, заявяць аб гэтым.

Нараканні ўзмацніліся.

— Лёгка сказаць: ідзі, — заўважыў голас у адной з груп. — Барыкада абкружана.

— Але не з боку рынка, — сказаў Анжальрас. — Вуліца і завулак Мандэтур вольны, і па вуліцы Прапаведнікаў можна дабрацца да рынка Інасен.

— А там будзеш арыштаваны, — адказваў другі голас з групы. — Якраз наткнешся на які-небудзь лінейны полк або на падгародных гвардзейцаў. Яны ўбачаць, што ідзе чалавек у блузе і ў шапцы. „Адкуль ты, ці не з барыкады?“ І паглядзяць на рукі. „Ад цябе пахне порахам. Расстраляць!“

Анжальрас не адказаў, крануў за плячо Камбфера, і абодва ўвайшлі ў зал ніжняга паверха.

Праз некалькі часу яны вышлі адтуль.

Анжальрас трымаў у абодвух руках чатыры мундзіры, якія ён загадаў захаваць, а ўслед за ім Камбфер нёс амуніцыю і каскі.

— У гэтых мундзірах, — сказаў Анжальрас, — можна замяшацца ў рады і выйсці. Тут усё, што трэба для чацвярых.

І ён кінуў усе чатыры мундзіры на зямлю.

Сярод рэволюцыянераў ніхто нават не ўзварухнуўся. Тады пачаў гаварыць Камбфер.

— Ну, — сказаў ён, — трэба-ж мець хоць крыху жалю. Ці ведаеце вы, у чым тут справа? Уся справа ў жанчынах. Слухайце. Ці ёсць у вас жонкі, ці няма? Ці ёсць у вас дзеці, ці няма? Ці ёсць у вас мацеры, якія калышуць люлькі, у той час калі вакол бегае яшчэ цэлая куча дзяцей? Той з вас, хто ніколі не бачыў грудзей карміліцы, няхай падыме руку. А! Вы хочаце быць забітымі? Я таксама гэтага хачу, але я не хачу бачыць здані жанчын, якія будуць ламаць вакол мяне рукі. Памірайце, я згодзен, але не прымушайце паміраць іншых. Самагубства, падобнае да таго, на якое мы асуджаем сябе тут, дапушчальна з пэўнага пункту гледжання, але разуменне аб самагубстве вельмі вузкае і не дапускае ніякіх ухіленняў у бок, і там, дзе яно датычыць вашых блізкіх, яно ўжо называецца забойствам. Падумайце пра маленькія белакурыя галоўкі і падумайце пра сівыя валасы. Слухайце! Анжальрас бачыў, ён зараз толькі што расказваў мне пра гэта, бачыў у вугальным доме на вуліцы Лебедзя, ля акна маленькага пакоя ў пятым паверсе, дзе гарэла ўсяго толькі адна свечка, дрыготкі цень старэнькай бабулі, якая, напэўна, яшчэ не клалася спаць і кагосьці чакала. Магчыма, гэта маці аднаго з вас. Ну, дык няхай ён ідзе як можна хутчэй да сваёй маці і скажа ёй: „Маці, я прышоў!“ Няхай ён не турбуецца: усё, што трэба зрабіць, будзе тут зроблена. Тыя, хто сваёй працай падтрымліваюць блізкіх, не маюць права афяроўваць сабой. Гэта значыць пакінуць сям’ю. А потым тыя, у каго ёсць дочкі, у каго ёсць сёстры. Ці падумалі вы пра гэта? Вы афяруеце сабою, будзеце забіты, добра, а заўтра? Становішча маладых дзяўчат, вымушаных шукаць сабе пракармлення, жахлівае. Няшчасныя жанчыны! Як мала пра іх думаюць! Звычайна спадзяюцца на тое, што жанчыны атрымліваюць іншае выхаванне, чым мужчыны, ім не даюць чытаць, не даюць думаць... Магчыма, вы забароніце ім таксама ісці сёння ўвечары ў морг, дзе яны ўбачаць вашы трупы? Ну дык вось, няхай тыя, у каго ёсць сем’і, пакажуць сябе сапраўднымі малайцамі, няхай яны паціснуць нам рукі і адпраўляюцца, даручыўшы нам адным дакончыць вашу справу. Я ведаю, колькі трэба мець мужнасці, каб пайсці адсюль; гэта цяжка, вельмі цяжка, але чым гэта цяжэй, тым яно больш пахвальна. Мне скажуць: „У мяне ёсць стрэльба, я на барыкадзе, і, як-бы кепска не было, я астаюся тут!“ Кепска — гэта лёгка сказаць.

Сябры мае, вы забываеце пра заўтрашні дзень. Вас заўтра не будзе, але вашы сем’і будуць існаваць і заўтра. І колькі іх чакае пакут! Слухайце! Прыгожае, здаровае дзіця, у якога шчочкі, як наліўныя яблычкі, якое балбоча, шчабеча, тараторыць, смяецца і якога так прыемна пацалаваць... А ці ведаеце вы, што яго чакае, калі яно астанецца сіратою? Я бачыў адно такое дзіця, зусім маленькае, вось такое ростам. Бацька яго памёр. Бедныя людзі з літасці ўзялі яго да сябе, але ў іх у саміх не было хлеба. Дзіця вечна галадала. Гэта было зімой. Яно не плакала. Яно ўсё блукала каля печы, у якой ніколі не бывала агню, а комін, як вы ведаеце, робіцца з жоўтай гліны. Дзіця адкалупвала сваімі слабымі пальчыкамі гэтую гліну і ела яе. Яно хрыпла дыхала, твар у яго быў сіняваты, ногі слабыя, жывот уздуты. Яно нічога не гаварыла. Спрабавалі з ім загаварваць, але яно не адказвала. Яно памерла. Яго аднеслі паміраць у прытулак Некера, дзе я яго бачыў. Я быў інтэрнам у гэтым прытулку. А цяпер, калі між вас ёсць бацькі, якія лічаць за шчасце выйсці пагуляць у нядзелю, трымаючы ў сваёй дужай руцэ ручку дзіцяці, няхай кожны з бацькоў уявіць сабе, што такая-ж доля чакае і яго дзіця. Я прыпамінаю яго, гэтую няшчасную маленькую мумію, і як зараз бачу яго на анатамічным стале з упалымі бакамі, абцягнутымі скурай, нібы ямы на могілках, парослыя травой. У яго ў страўніку знайшлі нейкі бруд. У роце ў яго быў попел. Парайцеся з сваім сумленнем і зрабіце так, як вам падкажа сэрца. Статыстыка даказвае, што з ста пакінутых дзяцей паміраюць пяцьдзесят пяць. Паўтараю яшчэ раз, што тут справа ідзе аб жонках, аб матках, аб маладых дзяўчатах і аб маленькіх дзецях. Хіба хто-небудзь гаворыць пра вас? Вас вельмі добра ведаюць для гэтага, ведаюць, што ўсе вы храбрыя! Тут няма аб чым гаварыць. Але вы не адзінокія. У вас ёсць другія істоты, аб якіх вы павінны падумаць. Не трэба быць эгаістамі.

Усе з сумнымі тварамі апусцілі галовы.

Як супярэчлівы рухі чалавечага сэрца нават у такія хвіліны!

Камбфер, які так красамоўна ўгаварваў сваіх таварышоў, сам не быў адзінокі. Ён ўспамінаў аб чужых матках і забываў пра сваю. Ён хацеў абавязкова памерці. Ён быў „эгаістам“.

Марыус, галодны, у ліхарадцы, дайшоўшы да такога стану, што страціў усякую надзею, тонучы ў горы, як у бяздонні, дарэшты змучаны перажытымі маральнымі пакутамі і прадчуваючы хуткі канец, усё больш і больш пагружаўся ў стан здрантвення, які заўсёды папярэднічае ракавой катастрофе, якую сам прадбачыш і насустрач якой ідзеш дабравольна.

Роспач таксама, між іншым, можа давесці да экстаза. Марыус знаходзіўся іменна ў такім стане. Ён нібы не тут; усё, што адбывалася перад яго вачыма, здавалася яму вельмі далёкім, ён бачыў толькі агульную карціну і не заўважаў падрабязнасцей. Ён нібы ў тумане бачыў брадзіўшых па барыкадзе людзей, а галасы іх даносіліся да яго, нібы з прадоння.

Але прамова Камбфера ўсхвалявала і яго. У гэтых словах было штосьці такое, што ўкалола яго і абудзіла. У яго была толькі адна думка — памерці, і ён не хацеў думаць ні аб чым іншым, але нават і ў гэтым сумным стане духа, падобным да стану самнамбулізма, ён усё-такі разумеў і думаў, што, асуждаючы сябе на гібель, ён не пазбаўляецца гэтым права выратаваць ад смерці іншых. І ён узвысіў голас і сказаў:

— Анжальрас і Камбфер гавораць праўду: няма ніякай патрэбы прыносіць бескарысныя афяры. Я падзяляю іх думку і знаходжу, што трэба спяшацца. Камбфер так падрабязна вытлумачыў вам усё, што дадаць больш няма чаго. Сярод вас ёсць сямейныя. Тыя, у каго ёсць маці, сястра, жонка, дзеці, няхай выйдуць наперад!

Ніхто не ўзварухнуўся.

— Жанатыя і тыя, хто ўтрымлівае сям’ю, выходзьце наперад! — паўтарыў Марыус.

Яго аўтарытэт быў вялікі. Анжальрас быў начальнікам барыкады, але Марыус лічыўся яе выратавальнікам.

— Я вам загадваю! — крыкнуў Анжальрас.

— Я вас прашу! — сказаў Марыус.

Тады гэтыя людзі, узрушаныя прамовай Камбфера, пахіснутыя загадам Анжальраса, расчуленыя просьбай Марыуса, пачалі выяўляць адзін аднаго.

— Так, гэта праўда, — сказаў адзін малады чалавек, звяртаючыся да другога старэйшага. — Ты бацька сям’і. Выходзь!

— Не, выходзь лепш ты, — запярэчыў яму той, — у цябе дзве сястры, якіх ты корміш.

І тут пачалася небывалая спрэчка аб тым, хто мае права не быць выкінутым з магілы.

— Хутчэй, сказаў Курфейрак, — праз чвэрць гадзіны будзе ўжо позна.

— Выбірайце самі, каму трэба ісці, — аўтарытэтна заявіў Анжальрас.

Парады яго паслухаліся, і праз некалькі хвілін пяцёра былі аднагалосна выбраны і вышлі з радоў.

— Тут пяцёра! — ўскрыкнуў Марыус.

Між тым, мундзіраў было ўсяго толькі чатыры.

— Ну, што-ж, — сказалі пяцёра абраных, — значыць, — аднаму трэба астацца.

Цяпер зноў трэба было рашаць, каму аставацца і каму перад іншымі належыць пераважнае права пакінуць барыкаду. Зноў пачалася спрэчка на глебе велікадушша.

„У цябе жонка, якая цябе кахае“. — „У цябе старая маці“. — „У цябе няма ні бацькі, ні маці, што будзе з тваімі маленькімі братамі“! — „У цябе пяцёра дзяцей“. — „Ты павінен жыць, табе семнаццаць год, у такія гады надта рана паміраць“.

— Хутчэй! — паўтарыў Курфейрак.

З натоўпу пачуліся крыкі, з якімі звярталіся да Марыуса:

— Назначце вы самі, каму трэба астацца!

— Так, — паўтарылі за імі пяцёра, — выбірайце. Мы вас паслухаемся.

Марыус думаў, што нічога ўжо не можа вывесці яго з стану апатыі, і між тым, пры адной думцы, што яму трэба выбраць чалавека, асуджанага на смерць, уся кроў прыліла ў яго да сэрца. Ён пабляднеў-бы, калі-б без таго не быў страшэнна бледны.

Ён падышоў да пецярых абраных, якія глядзелі на яго, усміхаючыся.

І Марыус, сам не ведаючы, навошта ён гэта робіць, пачаў лічыць іх: перад ім стаяла пяцёра. Потым ён апусціў вочы і перавёў позірк на чатыры мундзіры. У гэтую хвіліну, нібы з неба, на чатыры ляжаўшыя на зямлі мундзіры зваліўся пяты. Пяты чалавек быў выратаваны.

Марыус узняў вочы і ўбачыў Фашлевана.

Жан Вальжан толькі што прышоў на барыкаду.

Ці ён дазнаўся пра гэта якім-небудзь шляхам, ці гэта падказаў яму інстынкт, або, нарэшце, гэта здарылася выпадкова, але толькі ён пранік праз завулак Мандэтур. Дзякуючы надзетаму на ім мундзіру салдата нацыянальнай гвардыі яго ўсюды лёгка прапусцілі.

Часавы, пастаўлены рэволюцыянерамі ў завулку Мандэтур, не палічыў патрэбным даваць сігнал трывогі толькі з-за аднаго нацыянальнага гвардзейца. Гледзячы на праходзіўшага па вуліцы Жана Вальжана, часавы думаў: „Гвардзеец ідзе, напэўна, нам дапамагаць, а калі не, то яго забяруць у палон“. Мінута была вельмі важная для таго, каб часавы пачаў адхіляцца ад свайго абавязку і пакідаць даручаны яму пост.

Калі Жан Вальжан уваходзіў, на яго ніхто не звярнуў увагі: усе вочы былі накіраваны на пецярых абраных і на чатыры мундзіры. Жан Вальжан усё бачыў і ўсё чуў і, моўчкі зняў з сябе мундзір, кінуў яго ў кучу на астатнія. Узрушэнне, выкліканае гэтым учынкам, было неапісальнае.

— Хто гэта? — запытаў Басюэт.

— Гэта, — адказваў Камбфер, — чалавек, які выратуе іншых.

Марыус дадаў цвёрдым голасам:

— Я яго ведаю.

Такая заява задаволіла ўсіх.

Анжальрас, звяртаючыся да Жана Вальжана, сказаў:

— Калі ласка! — і потым дадаў: — Вы ведаеце, што тут усе чакаюць смерці?

Жан Вальжан, не адказваючы, пачаў дапамагаць выратаванаму ім чалавеку апранаць мундзір.

У гэты няўмольны момант у гэтым ракавым месцы агульнае становішча было такое, што ў душы Анжальраса ўзнікла цэлае мора смутку. Гэта быў вынік яго пачуццяў і роўнадзеючая ўсіх настрояў таварышоў па барыкадзе.

Анжальрас адчуваў рэволюцыйны ўздым і ўсё-такі быў нездаволены, адчуваючы, да якой ступені рэволюцыя носіць незакончаны характар. Ён па поглядах быў надта падобны да Сен-Жуста[68] і, магчыма, недастаткова ацэньваў Анахарсіса Клотса[69], аднак, яго розум у таварыстве „Прыяцеляў народу“ урэшце паддаўся некатораму намагнічванню ідэямі Камбфера. З некаторага часу ён расшырыў межы дагматычнай[70] абмежаванасці і вышаў на шырокую дарогу вучэння аб прагрэсе. Ён прышоў да вываду потым, што канчатковая эвалюцыя, закончаная і цудоўная, будзе заключацца ў тым, што вялікая французская рэспубліка зробіцца іспалінскай рэспублікай чалавецтва. Што датычыць раптоўных сродкаў яе ажыццяўлення, то, раз быў даны магутны штуршок, неабходна было сілай прасунуць яе наперад. У гэтым выпадку ён не ўносіў змен: ён астаўся ў межах той эпічнай і страшнай школы палітыкі, якая коратка выражаецца імем „93“ год.

Анжальрас стаяў на каменнай прыступцы, абапёршыся адным локцем на дула свайго карабіна. Ён размышляў і ўздрыгваўся, як на скразным ветры: месца, дзе пануе смерць, выклікае такія ўздрыгі. Яго вочы, поўныя ўнутранога сузірання, спраменьвалі патокі нейкага стрыманага агню.

Раптам ён узняў галаву, адкінуў назад свае светлыя валасы і, падобны да раз’юшанага ільва ў вогненым арэоле сваёй грывы, ускрыкнуў:

— Грамадзяне! Зірніце ў будучае! Што мы бачым у ім? Вуліцы гарадоў, залітыя святлом, зялёную зямлю, брацтва народаў, справядлівасць людзей, старых, благаслаўляючых дзіцячыя гады, мінулае, пагодненае з сёнешнім днём, мысліцеляў на волі, поўную волю поглядаў. Чалавечае сумленне зробіцца бажэственым алтаром, не будзе нянавісці, настане брацтва ў школах і майстэрнях, праца, даступная для ўсіх, праца не як кара, а як законнае права, свет без войнаў, без праліцця крыві, век шчаслівых мацярэй! Скарыць матэрыю — вось першы крок; ажыццявіць ідэал — гэта другі. Падумайце пра тое, чаго ўжо дасягнуў прагрэс. Калісьці першыя чалавечыя расы з жахам бачылі перад сабою гідру на паверхні вод, драконаў, дыхаючых агнём, грыфаў — гэтых страшыдлаў паветранай стыхіі. Страшныя звяры панавалі над людзьмі. І, аднак, чалавек расставіў ім пасткі, гэтыя свяшчэнныя пасткі розуму, і аўладаў гэтымі страшыдламі. Гідру мы назвалі параходам, дракона мы назвалі паравозам, не сёння — заўтра мы заўладаем грыфам: мы ўжо трымаем у руках сакрэты паветранага балона. Настане дзень, калі гэтая Праметэева работа будзе скончана і чалавек прымусіць служыць сваёй волі хімерычную тройцу старажытнасці: ён зробіцца панам вады, агню і паветра. Ён зробіцца царом стыхіі, супернікам старадаўніх багоў. Дык смялей наперад!

Грамадзяне, куды мы ідзем? Мы імкнемся да адзінства народаў свету, мы імкнемся да чалавечага яднання. Далоў фікцыі! Далоў паразітызм! Сапраўднасць кіруецца ісцінай — вось наша мэта. Цывілізацыя павінна заняць верхавіны Еўропы, а потым яна павінна стаць у цэнтры мацерыка ў якасці сусветнага парламента розуму. І Францыя ў сваіх нетрах носіць зародкі гэтага вялікага будучага. Дзевятнаццаты век вынасіў у сабе гэты плод, і тое, што было лятуценнямі Эладэ, варта таго, каб быць ажыццёўленым Францыяй. Паслухай мяне ты, Фейі, сумленны рабочы, сын народу: ты — сын усіх народаў, і я паважаю цябе за гэта. Так, гэта ты выразна бачыш надыходзячыя часы. Так, твая праўда ва ўсім! Ты — сірата, у цябе няма ні бацькі, ні маці. Так, Фейі! І ты зрабіў сваім бацькам чалавечае права і сваёй маткай — людскую турму ўсяго свету. А цяпер ты прышоў сюды памерці, гэта значыць атрымаць трыумф.

Грамадзяне, што-б ні здарылася сёння, няхай то будзе наша паражэнне ці перамога, усёроўна мы творым рэволюцыю. Таксама, як пажар асвятляе горад, рэволюцыя азарае яркім полымем чалавечы род. Якую рэволюцыю мы творым? Я сказаў ужо: рэволюцыю Праўды. З пункту гледжання палітычнага існуе толькі адзін прынцып: вярхоўная ўлада чалавека над самім сабой. Гэтая вярхоўная ўлада завецца Свабодай. Там, дзе дзве або некалькі такіх улад уступяць у саюз, там пачынаецца дзяржава. Але ў гэтым вольным саюзе няма ніякага адрачэння. Кожная такая вярхоўная ўлада дабравольна ідзе насустрач сама сабе, каб стварыць грамадскае права, а сукупнасць уступак, зробленых кожным, стварае тое, што называецца Роўнасцю. Грамадскае права ёсць толькі апека, выпраменьваемая на права кожнага асобнага чалавека. Гэтая апека агульнага над прыватным называецца Брацтвам. Пункт перасячэння ўсіх гэтых асобных суверэнітэтаў, якія зыходзяцца разам, называецца Грамадствам. Гэты пункт перасячэння, становячыся злучэннем, ператвараецца ў вузел і называецца ўжо соцыяльнай сувяззю. Іншыя называюць гэта грамадскім дагаворам. Па сэнсу слоў гэта адно і тое-ж. Калі Свабода ёсць верхавіна, то Роўнасць ёсць аснова. Але згодзімся з тым, грамадзяне, што Роўнасць не стрыжэ ўсе расліны пад адзін узровень: у грамадстве законна існуюць вялізныя парасткі травы і, наадварот, маларослыя дубы. Натуральна ўроўнаважваюцца ў грамадскім асяроддзі ўсё з’явы суперніцтва, усе здольнасці маюць права на развіццё. Палітычна ўсе галасы маюць аднолькавую вагу. Роўнасць мае свой орган: бясплатнае і абавязковае навучанне. Права на пісьменнасць — з гэтага трэба пачаць. Першая ступень навучання павінна быць абавязкам кожнага, другая школьная ступень павінна быць для ўсіх адкрыта. Аднольканая школа дае грамадству роўных людзей. Так, навучанне! Асвета! Святло! Усё з яго выходзіць і ўсё да яго звяртаецца.

Грамадзяне, дзевятнаццаты век вялікі, але дваццаты будзе шчаслівы. У ім нішто не будзе нагадваць старадаўняй гісторыі. Не будзе чаго баяцца: знікне ўсё, чаго баіцца ваш час, — знікнуць заваёвы, напад, захопніцтва, суперніцтва ўзброеных нацый, грубае парушэнне цывілізацыі, залежнае ад няўдалага царскага шлюбу або ад нараджэння новага наследніка ў якой-небудзь дэспатыі, знікне дзяльба народаў на кангрэсах улады, расчляненні, якія бываюць з прычыны сканчэння якой-небудзь дынастыі, бітвы двух рэлігій, якія сшыбаюцца ілбамі, нібы бязглуздыя казлы; знікнуць голад, эксплаатацыя, прастытуцыя ад голаду, галеча ад беспрацоўя, шыбеніцы і пакаранні і ўсе віды разбою, якія адбываюцца ў глухім лесе сучаснай сапраўднасці. Гэтай сапраўднасці не будзе, людзі будуць шчаслівыя. Чалавечы род будзе выконваць свой закон таксама, як зямны шар падпарадкуецца свайму; гармонія запануе сярод душ, як сярод зорак: душа будзе імкнуцца да праўды, як планета да свяціла.

Сябры мае! Сучасны момант, той момант, калі я вам гавару, вельмі сумны і пахмуры, але мы купляем будучае. Рэзолюцыя ўносіць за яго выкуп. О, чалавечы род вызваліцца, разгорнецца і суцешыцца! І мы сцвярджаем, мы абяцаем гэта тут, на гэтай барыкадзе. Адкуль-жа пачуецца голас любові, калі не з вышыні самаафяравання? Таварышы і браты! Тут заключаецца саюз тых, хто ўмее думаць, з тымі, хто шмат пакутуе. Гэтая барыкада зроблена не з каменя, не з жалеза, не з дрэва. Дзве глыбы тут ператварыліся ў адну; адна глыба — гэта ідэі, а другая — гэта чалавечае гора. Роспач сустракаецца з ідэалам. Дзень зліваецца з ноччу і гаворыць ёй: я памру з табою, але ты зноў народзішся разам са мной. Калі знікне безнадзейнасць, то вера ў будучае пырсне іскрамі. Пакуты нясуць агонію, а ідэі — несмяротнасць. І гэтая агонія і гэтая несмяротнасць зараз змяшаюцца і стануць нашай смерцю. Таварышы, тыя, хто тут памрэ — памрэ ў праменнях будучага, і мы сойдзем у магілу, пранізаную святлом зары.

Анжальрас хутчэй перапыніў сваю прамову, чым змоўк: яго губы спакойна, бязгучна варушыліся, нібы ён гутарыў сам з сабою. Усе ўважліва глядзелі на яго, быццам стараючыся пачуць яшчэ яго голас. Не было апладысментаў, але шапталіся доўга. Словы былі падобны да подыху. Трапятанне жывой чалавечай думкі ў гэтым шэпце было падобна да ціхага шолаху лісця.

ХХХVІІ

ЗНОЎ ЖАВЕР

Паглядзім, аб чым думаў Марыус. Але перш за ўсё трэба прыпомніць, у якім стане духу ён знаходзіўся. Як мы ўжо гаварылі, ён нібы трызніў у яве. Ён смутна ўяўляў сабе тое, што рабілася перад ім. Над Марыусам, паўтараем яшчэ раз, адчуваўся нібы размах вялізных цёмных крылляў, распасцёртых над паміраючымі. Ён адчуваў сябе нібы ўжо пахаваным, і яму здавалася, што ён глядзіць з-за магілы і бачыць твары жывых вачыма мёртвага.

Якім чынам трапіў на барыкаду Фашлеван? Чаго ён прышоў сюды? Што іменна меў ён на ўвазе? Марыус нават не задаваў сабе такіх пытанняў. Апрача таго, наша роспач мае тую асаблівасць, што нам здаецца, нібы яна ахапіла і іншых таксама, як і нас, а таму ён знаходзіў зусім натуральным, што ўсе шукаюць смерці, і толькі аб Казеце ён успамінаў з жахам.

Між іншым, Фашлеван не гаварыў, не глядзеў на яго і нават быццам не чуў, як Марыус, узвысіўшы голас, сказаў: „Я ведаю яго“.

Што датычыць Марыуса, то такія паводзіны Фашлевана давалі яму палёгку, і, калі толькі можна ўжыць гэтае слова для абазначэння такіх ўражанняў, мы сказалі-б, нават падабаліся яму. Яму заўсёды здавалася немагчымым загаварыць з гэтым загадачным чалавекам, які ў адзін і той-жа час здаваўся яму і падазроным і вартым пашаны. Апрача таго, ён вельмі даўно не бачыў яго, а гэта для палахлівай і скрытнай натуры Марыуса толькі яшчэ павялічвала цяжкасці.

Пяцёра абраных ішлі з барыкады праз завулак Мандэтур; на выгляд яны нічым не адрозніваліся ад нацыянальных гвардзейцаў. Адзін з іх, адыходзячы, плакаў. Перад адыходам яны абдымаліся з тымі, хто аставаўся, развітваючыся з імі.

Калі гэтыя пяцёра вернутых да жыцця, нарэшце, пайшлі зусім, Анжальрас успомніў пра асуджанага на смерць. Ён накіраваўся ў ніжні зал. Прывязаны да слупа Жавер стаяў задумаўшыся.

— Можа табе трэба што-небудзь? — запытаў у яго Анжальрас.

Жавер адказаў:

— Калі вы мяне заб’еце?

— Пачакай. Нам цяпер вельмі патрэбны зарады.

— У такім выпадку дайце мне піць, — сказаў Жавер.

Анжальрас прынёс шклянку вады, а паколькі Жавер быў звязаны, ён дапамог яму напіцца.

— Больш нічога? — запытаў Анжальрас.

— Мне вельмі нязручна стаяць ля слупа, — адказаў Жавер. — Вы не асабліва далікатна зрабілі са мною, прымусіўшы мяне правесці ў гэтым стане ўсю ноч. Звяжыце мяне, як хочаце, але толькі пакладзіце мяне, калі ласка, на стол, як і таго, другога.

І рухам галавы ён паказаў на труп.

У глыбіні зала стаяў вялікі і даўгі стол, на якім адлівалі кулі і рабілі патроны. Але цяпер гэты стол стаяў зусім вольны, бо патроны былі зроблены і порах увесь страчаны.

Па загаду Анжальраса чацвёра рэволюцыянераў адвязалі Жавера ад слупа. Пакуль гэтыя чацвёра яго развязвалі, пяты трымаў ля яго грудзей штык. Звязаныя за спінай рукі яны так і пакінулі звязанымі, а ногі звязалі тонкай, але моцнай вяроўкай такім чынам, што ён мог рабіць невялікія крокі дзюймаў па пятнаццаць, падобна да асуджаных, якіх вядуць на шыбеніцу. Так падвялі яго да стала, і, паклаўшы на яго, моцна прывязалі яго да стала ўпоперак цела.

Для большай пэўнасці, яны — апрача прывязкі да стала, ужылі яшчэ спосаб звязвання з дапамогаю так званага двайнога рамня, які практыкуецца ў турмах: для гэтага яны абкруцілі вакол шыі вяроўку, а потым ад патыліцы працягнулі яе да жывата і, прапусціўшы спачатку канцы вяроўкі паміж ног, яшчэ раз звязалі яму рукі.

У той час, калі Жавера звязвалі, на парозе пакоя стаяў чалавек і пільна глядзеў на яго. Цень, што падаў ад гэтага чалавека, прымусіў Жавера павярнуць галаву.

Ён узняў вочы і пазнаў Жана Вальжана. Але ён нават не ўздрыгануўся, горда апусціў расніцы і спакойна праказаў: „Так і трэба было чакаць“.

XXXVIII

АТАКА

Дзень разгараўся хутка. Але нідзе яшчэ не адчынялі ніводнага акна, нідзе не адчынялі дзвярэй: гэта быў золак, але не абуджэнне. На рагу вуліцы Шанврэры супроць барыкады не было салдат, як мы ўжо гаварылі раней; яна здавалася вольнай і разгортвалася перад вачыма прахожых ва ўсім сваім злавесным спакоі.

Вуліца Сен-Дэні была нямая, як алея сфінксаў у старажытных Фівах[71]. На скрыжаванні, асветленым залацістымі ранішнімі праменнямі, не відаць было ніводнай жывой істоты. Нічога не можа быць больш сумнага як выгляд пустынных вуліц пры святле ранішняга золака.

Але калі нічога не было відаць, затое было чуваць. На недалёкай адлегласці быў нейкі таямнічы рух. Крытычны момант, відавочна, набліжаўся. Як і напярэдадні ўвечары, часавыя вярнуліся назад да сваіх таварышоў і на гэты раз ужо ўсе.

Барыкада здавалася цяпер мацнейшая, чым у час першай атакі. Пасля адыходу пецярых абраных яе зрабілі яшчэ вышэй.

Грунтуючыся на данясенні патруля, які вартаваў доступ з боку Рынка, Анжальрас, каб не быць схопленым з тыла, зрабіў вельмі важнае распараджэнне: ён загадаў загарадзіць да гэтага часу вольны завулак Мандэтур. Для гэтага разбурылі брук супроць некалькіх дамоў. Дзякуючы гэтаму барыкада, агарожаная сцяною з трох бакоў — наперадзе ў яе была вуліца Шанврэры, налева вуліца Лебедзя і Птыт-Труандэры і направа завулак Мандэтур, — здавалася амаль недаступнай, хоць і абаронцы яе ў сваю чаргу аказаліся нібы замураванымі.

У яе было тры фронты, але затое з яе не было ніводнага выхаду.

— Наша крэпасць — нібы пастка, — заўважыў з смехам Курфейрак.

Анжальрас загадаў зваліць у кучу ля дзвярэй шынка штук трыццаць булыжных каменняў, „толькі дарэмна выцягнутых“, як заўважыў Басюэт.

З таго боку, адкуль павінна была пачацца атака, было да такой ступені ціха, што Анжальрас загадаў усім стаць на месца.

Усім раздалі па порцыі гарэлкі.

Цяжка ўявіць сабе што-небудзь цікавейшае за барыкаду, якая рыхтавалася да адбіцця прыступа. Кожны сам сабе выбіраў месца, нібы публіка, чакаючы відовішча. Адзін становіцца ля сцяны, другі ўзлакочваецца на выступ, трэці, наадварот, стараецца схавацца. Некаторыя робяць сабе нават сядзенні з булыжніку. Тут выдаўся рог сцяны, які замінае, і ад яго адыходзяць; тут, наадварот, выступ, які можа служыць абаронай, і за ім хаваюцца. Ляўшы асабліва каштоўны ў даным выпадку: яны займаюць месцы, нязручныя для іншых. Шмат хто прыстасоўваецца такім чынам, каб біцца седзячы. Яны хочуць, каб ім было зручна страляць: яны хочуць з камфортам нават паміраць. У ракавыя дні чэрвеньскай бітвы 1848 года адзін паўстанец, які страляў з надзвычайнай меткасцю з трасы, зробленай на даху дома, прыцягнуў туды з сабою вальтэраўскае крэсла, але карцечны стрэл дастаў яго і там.

Як толькі начальнік скамандаваў войскам рыхтавацца ў бой, хаджэнне па барыкадзе ў момант спынілася, ніхто ўжо не пераходзіў з аднаго месца на другое, гутарка таксама спынілася, рэволюцыянеры, якія гутарылі па-двое ці групамі, разышліся па сваіх месцах; усе сканцэнтравалі ўвагу на адным — на чаканні атакі. Пакуль яшчэ не надышла небяспека, на барыкадзе панаваў хаос, а ў хвіліну небяспекі — дысцыпліна. Сазнанне небяспекі ўстанаўляе парадак.

Як толькі Анжальрас узяў у рукі двухствольную вінтоўку і заняў месца каля чагосьці падобнага да амбразуры, якую ён сам для сябе і зрабіў, усе адразу змоўклі. Па ўсяму працягу барыкады пачуўся слабы шум, падобны да трэску — гэта зараджалі стрэльбы.

Між іншым, усе мелі выгляд, бадай, яшчэ больш горды і самаўпэўнены, чым раней: гатоўнасць афяраваць сабою надае цвёрдасці. У іх больш ні на што не было надзеі, затое ў іх была адвага. Адвага — гэта такая зброя, якая дае часам перамогу, — гэта сказаў Віргілій[72]. Незвычайныя сродкі з’яўляюцца вынікам адважнага рашэння.

Ісці насустрач смерці — гэта азначае часам знайсці верны сродак ухіліцца ад крушэння, і века труны робіцца дошкай ратунку.

Як і напярэдадні ўвечары, усю ўвагу сканцэнтроўваў на сабе — можна нават сказаць, прыкоўваў да сябе — канец вуліцы, цяпер ужо ўвесь асветлены і добра бачны.

Чакаць прышлося нядоўга. Шум ясна даносіўся з боку Сен-Ле, але гэты шум не быў падобны да таго, які папераджаў першую атаку. Чуваць быў грукат акутых жалезам колаў, гул ад руху нейкай цяжкай масы, прарэзлівы, звінячы гук медзі, які нібы падскокваў па няроўнаму бруку, — словам, той грозны шум, што служыць прадвеснікам падыходзячага страшыдла, якое складаецца з жалеза і медзі. Адчувалася, як дрыжэла самая глеба гэтых ціхіх вуліц, якія праектаваліся і рабіліся як шляхі, неабходныя для агульнай карысці і ў інтарэсах прагрэса, а зусім не для таго, каб па іх грукацелі колы прылад знішчэння.

Накіраваныя на канец вуліцы твары абаронцаў барыкады сурова нахмурыліся.

На вуліцы паказалася пушка.

Пушка была знята з перадка, як у момант бою, і артылерысты везлі яе на сабе. Двое з іх падтрымлівалі лафет за хобат, а чацвёра круцілі колы; астатнія везлі зарадную скрынку. Запалены кнот дыміўся.

— Плі! — скамандаваў Анжальрас.

З барыкады грымнуў залп. Воблака дыму зацягнула і схавала ад вачэй пушку і людзей. Праз некалькі секунд дым рассеяўся, і пушка і людзі зноў зрабіліся бачныя. Гарматная прыслуга паволі, па ўсіх правілах, не выказваючы ніякай таропкасці, падкаціла пушку і ўстанавіла яе супроць барыкады. Ніводны стрэл з вінтовак не папаў у цэль. Потым наводчык паціснуў на тарэль, каб узняць прыцэл, і пачаў устанаўліваць пушку з важнасцю астранома, які наводзіць падзорную трубу.

— Малайцы артылерысты! — крыкнуў Басюэт.

І ўся барыкада пачала апладыраваць.

Праз хвіліну пушка ўжо стаяла перпендыкулярна да папярочнага сячэняя вуліцы. Жэрла яе зіяла якраз супроць самай барыкады.

— Ну, цяпер пойдзе пацеха! — сказаў Курфейрак. — Якое страшыдла! У адказ на пстрычку па носе — удар кулаком. Армія накладае на нас сваю вялізную лапу. Барыкаду зараз моцна ўстрасянуць. Стрэльба мацае, а пушка бярэ.

— Гэта бронзавая васьміфутавая гармата навейшага ўзору, — дадаў Камбфер. — Такія пушкі пагражаюць выбухам, калі толькі пры састаўленні сплаву на сто частак медзі ўзята хоць крыху больш як дзесяць частак волава. Лішак волава робіць сплаў надта рыхлым. Ад гэтага-ж утвараюцца трэшчыны і ракавіны. Для папярэджання такіх няшчасных выпадкаў і каб мець магчымасць павялічваць зарад, было-б, магчыма, куды лепш вярнуцца да старадаўняга спосабу набіўкі абручоў, які практыкаваўся ў чатырнаццатым стагоддзі, і таксама-ж адзець усё дула пушкі, ад тарэлі да цапфы, броняй з стальных абручоў, але толькі суцэльных і не скутых. А да таго часу, пакуль гэта будзе зроблена, стараюцца іншымі спосабамі адхіляць магчымасці такіх здарэнняў і з мэтаю даведацца, ці ёсць трэшчыны і ракавіны, даследуюць пушку бразготкай.

— У шаснаццатым веку, — заўважыў Басюэт, — ужываліся пушкі наразныя.

— Так, — адказваў Камбфер, — гэта павялічвае дальнабойнасць, але затое змяншае вернасць прыцэлу. Пры стральбе на кароткую дыстанцыю траекторыя не мае патрэбнай дакладнасці, снарад апісвае надта вялікую парабалу і, не закранаючы цэлі, пралятае над ёю, а між тым стральба на кароткую дыстанцыю мае асабліва важнае значэнне ў час бою, калі пры збліжэнні з сіламі праціўніка і пачашчэнні агню толькі насцільныя стрэлы і трапляюць у цэль. Недахоп гэты ў наразных пушках шаснаццатага стагоддзя залежаў ад слабых параўнаўча зарадаў; немагчымасць дапусціць больш моцныя зарады тлумачыцца балістычнымі меркаваннямі, а таксама і мэтай захавання лафетаў. Наогул, пушка — гэты дэспат — далёка не можа рабіць усё, што хочаш, у ёй сіла злучана з поўным бяссіллем. Пушачнае ядро пралятае ўсяго толькі шэсцьсот міль у гадзіну, а святло — семдзесят тысяч у секунду.

— Зарадзіце стрэльбы, — сказаў Анжальрас.

Як-то вытрымае барыкада ўдар ядром? Ці праб’е яно яе ці не? У гэтым заключалася ўсё пытанне. У той час калі паўстанцы зараджалі стрэльбы, артылерысты зараджалі пушку.

Барыкада перажывала хвіліну цяжкога смутку.

Грымнуў стрэл.

— Папала! — пачуўся вясёлы голас.

І ў той самы момант, калі ядро ўдарыла ў барыкаду, з яе саскочыў на зямлю Гаўрош.

Ён прабраўся з боку вуліцы Лебедзя і спрытна пераскочыў праз дадатковую барыкаду, якая перагароджвала доступ з боку вуліцы Птыт-Груандэры.

З’яўленне Гаўроша зрабіла большы эфект, чым ядро.

Ядро ўдарыла ў кучу смецця і ў ёй схавалася. Яно толькі прабіла адно з колаў амнібуса і разбіла ўшчэнт старую цялежку Ансо. Бачачы гэта, барыкада весела смяялася.

— Валяйце далей! — крыкнуў Басюэт артылерыстам.

ХХХІХ

МАТРАЦ І ПУШКА

Гаўроша абкружылі.

Але яму не давялося нічога расказаць. Марыус адразу-ж адвёў яго ўбок.

— Чаго ты з’явіўся сюды?

— Гм! — запярэчыў хлопчык. — А вы?

І пры гэтым ён кінуў на Марыуса позірк, у якім змешвалася ўласцівая яму нагласць з адвагаю. Яго вочы здаваліся большыя, чым звычайна, ад гарэўшага ў іх унутранога агню.

Марыус запытваў у яго далей строгім голасам:

— Хто гэта табе загадаў вярнуцца сюды? Ці даставіў ты хоць маё пісьмо па адрасу?

Адносна гэтага пісьма Гаўрош не мог не адчуваць дакораў сумлення. Імкнучыся як мага хутчэй вярнуцца на барыкаду, ён хутчэй адчапіўся ад яго, чым даставіў яго па назначэнню. У душы ён не мог не разумець, што зрабіў крыху лёгкадумна, перадаўшы пісьмо невядомаму для яго чалавеку, не маючы нават магчымасці добра разгледзець яго ў твар. Чалавек гэты, праўда, быў без шапкі, але гэтага было, вядома, надта мала. У душы ён ужо сам папракаў сябе за гэта і цяпер баяўся новых папрокаў з боку Марыуса. Каб выкруціцца з цяжкога становішча, ён знайшоў самы просты спосаб: ён рашыў зманіць.

— Грамадзянін, я аддаў пісьмо вартаўніку. Дама ўжо спала. Ёй перададуць пісьмо, як толькі яна прачнецца.

Марыус, пасылаючы гэтае пісьмо, меў на ўвазе двайную мэту — развітацца з Казетай і выратаваць Гаўроша. Але яму давялося задаволіцца палавінай таго, што ён хацеў зрабіць.

Адпраўленне пісьма і зэяўленне Фашлевана на барыкадзе здаліся яму маючымі ўзаемную сувязь, і ён, паказваючы на Фашлевана, запытаў у Гаўроша:

— Ці ведаеш ты гэтага чалавека?

— Не, — адказаў Гаўрош.

Гаўрош і сапраўды, як мы ўжо казалі, бачыў Жана Вальжана толькі ўпоцемках і не мог разгледзець яго ў твар.

Няясныя і хваравітыя падазрэнні, што ўзніклі былі ў галаве Марыуса, рассеяліся. Ці ведаў ён што-небудзь аб палітычных пераконаннях Фашлевана? Хто ведае, можа Фашлеван — рэспубліканец. У апошнім выпадку ўдзел яго ў бітве тлумачыцца вельмі проста.

Між тым, Гаўрош ужо на другім канцы барыкады крычаў:

— Дзе мая стрэльба?

Курфейрак загадаў вярнуць яму стрэльбу.

Гаўрош паведаміў „таварышам“, як ён іх называў, што барыкада абкружана з усіх бакоў. Яму вельмі цяжка было прабрацца сюды. Пяхотны батальён, які саставіў стрэльбы ў козлы ў Птыт-Труандэры, пагражаў барыкадзе з боку вуліцы Лебедзя, з процілеглага боку муніцыпальная гвардыя занімала вуліцу Дамініканцаў, а проста супроць барыкады стаялі галоўныя сілы.

Даўшы гэтыя звесткі, Гаўрош задзірыста дадаў:

— Дазваляю вам як след пачаставаць іх.

Між тым, Анжальрас, стоячы ля сваёй амбразуры, сканцэнтраваў усю сваю ўвагу на тым, што рабілася наперадзе барыкады.

Салдаты, як відаць, не асабліва здаволеныя вынікамі стрэлу, не паўтаралі яго.

Рота пяхоты заняла канец вуліцы ззаду за пушкай. Салдаты разбурылі брук і склалі з камення якраз супроць барыкады маленькую, нізкую сценку, вышынёю ўсяго ў восемнадцаць дзюймаў. У левым кутку ззаду была відаць галава калоны батальёна гарадской акругі, якая займала вуліцу Сен-Дэні.

Анжальрасу, які схаваўся ў амбразуры, здалося, што ён чуе характэрны шум, які бывае, калі дастаюць з зарадных скрынак бляшанкі з карцеччу, а потым ён убачыў, як фейерверкер перавёў прыцэл і злёгку пахіліў дула пушкі ўлева. Потым артылерысты пачалі зараджаць пушку. Фейерверкер схапіў запальнік і сам паднёс да запала.

— Нахіліцеся, прытуліцеся да сцяны, — крыкнуў Анжальрас, — усе станавіцеся на калені ўздоўж барыкады!

Рэволюцыянеры, якія часткова групаваліся перад уваходам у шынок, часткова пакінулі свае месцы пры з’яўленні Гаўроша, шпарка кінуліся да барыкады, але раней, чым яны паспелі выканаць загад Анжальраса, грымнуў стрэл, суправаджаемы свістам карцечы. Аказалася, што стралялі і сапраўды карцеччу.

Стрэл быў даны ў грэбень барыкады, і карцеч рыкашэтам адляцела ад сцяны. Гэтым жахлівым рыкашэтам дваіх забіла і траіх раніла.

Калі так будзе ісці далей, то барыкада не здолее абараняцца. Карцеч трапіла ў цэль.

Пачуліся жахлівыя крыкі.

— Трэба перашкодзіць ім зрабіць другі стрэл, — сказаў Анжальрас і, апусціўшы дула вінтоўкі, пачаў прыцэльвацца ў фейерверкера, які, прыціснуўшыся да гарматы, правяраў у гэтую хвіліну прыцэл.

Гарматны фейерверкер быў прыгожы, малады белакуры артылерыйскі сержант з разумным выразам твара.

Апошняя якасць уласціва, між іншым, усім прадстаўнікам гэтага абранага і грознага роду зброі, якая, удасканальваючыся ў спосабах забівання, скончыць тым, што заб’е самую вайну.

Камбфер, які стаяў каля Анжальраса, глядзеў на гэтага маладога чалавека.

— Як шкада! — сказаў Камбфер. — Колькі гнуснасці ў такім кровапраліцці! Анжальрас, ты цэлішся ў гэтага сержанта, але спачатку зірні на яго. Звярні ўвагу толькі на тое, што ты бачыш перад сабою прыгожага маладога чалавека; ён храбры, і па твары яго відаць, што ён разумны. Усе гэтыя артылерысты — людзі добра адукаваныя; у яго ёсць бацька, маці, сям’я, магчыма, ён нават кахае; яму не больш як дваццаць пяць год, ён мог-бы быць тваім братам.

— Ён і так мой брат, — адказаў Анжальрас.

— Так, — казаў далей Камбфер, — ён і мой брат. У такім выпадку не будзем забіваць яго.

— Пакінь мяне. Што неабходна, то павінна быць зроблена.

І па бледнай, як мрамар, шчацэ Анжальраса павольна скацілася сляза.

У той-жа час ён ціскануў сабачку вінтоўкі. Грымнуў стрэл. Артылерыст узмахнуў рукамі, два разы перакруціўся на адным месцы, узняў галаву, нібы для таго, каб удыхнуць ў сябе паветра, потым прытуліўся да пушкі і замёр у гэтай позе. З барыкады відаць была яго спіна, і з яе, якраз на самай сярэдзіне, фантанам біла кроў.

Куля навылет прабіла яму грудзі. Ён быў мёртвы.

Трэба было аднесці яго і замяніць другім, а гэта давала выйгрыш часу на некалькі хвілін.

На барыкадзе ішла нарада: думкі падзяляліся. Стральба з пушкі хутка павінна была зноў пачацца. Супроць карцечы пратрымацца можна будзе не больш як чвэрць гадзіны. Неабходна, як-бы там ні было, аслабіць сілу стрэлу.

Анжальрас выказаў наступную думку:

— Туды трэба было пакласці матрац.

— Матраца няма, — адказваў Камбфер, — на ім ляжаць раненыя.

Жан Вальжан, які сядзеў у баку на тумбе, за рагом шынка, паставіўшы стрэльбу паміж ног, да гэтага часу не прымаў удзелу ва ўсім, што адбывалася. Ён, здавалася, нібы нават не чуў, як вакол гаварылі па яго адрасу: „Вось стрэльба, якая зусім не страляе“.

Але пры апошніх словах Анжальраса ён устаў.

Яшчэ ў той час, калі на вуліцы Шанврэры пачаў толькі збірацца народ, адна старая, нібы прадчуваючы, што тут хутка пачнуць лётаць кулі, завесіла знадворку сваё акно матрацам. Акно гэтае, на гары, было зроблена ў самым даху шасціпавярховага дома, які стаяў крыху спераду барыкады. Матрац, расцягнуты ўпоперак акна, падтрымліваўся знізу двума шастамі для сушэння бялізны, а зверху двума вяроўкамі, якія здалёк здаваліся тонкімі шнуркамі і былі прывязаны за цвікі, увабітыя ў аконныя налічнікі мансарды. Гэтыя дзве вяроўкі, нібы тонкія валаскі, ясна вырысоўваліся на блакітным фоне неба.

— Ці не можа хто-небудзь даць мне двухствольную стрэльбу? — сказаў Жан Вальжан.

Анжальрас, які толькі што зарадзіў сваё ружжо, падаў яму.

Жан Вальжан прыцэліўся ў мансарду і стрэліў.

Адна з вяровак перарвалася, нібы перарэзаная. Матрац трымаўся цяпер усяго толькі на адной вяроўцы.

Жан Вальжан стрэліў з другога ствала. Другая вяроўка хвастанула па шклу мансарды. Матрац слізгануў між двух шастоў і зваліўся на вуліцу.

На барыкадзе пачалі апладыраваць.

Усе крычалі разам:

— Вось цяпер і матрац у нас ёсць!

— Так, — сказаў Камбфер, — але толькі хто возьмецца схадзіць па яго?

Матрац зваліўся па-за барыкадай, паміж асаджанымі і асаджаўшымі. Але смерць артылерыйскага сержанта да такой ступені абурыла войска, што салдаты, якія ўжо некалькі часу ляжалі на зямлі пад аховай грады булыжніка, імі-ж самімі складзенай, а таксама, каб узнагародзіць сябе за вымушанае маўчанне пушкі, якая бяздзейнічала, чакаючы, пакуль з’явіцца новы наводчык, адкрылі агонь па барыкадзе. Рэволюцыянеры не адказвалі на гэтыя стрэлы, таму што бераглі зарады. Кулі, пападаючы ў барыкаду, не рабілі шкоды паўстанцам, але затое на вуліцы, у сферы агню, было вельмі небяспечна.

Жан Вальжан прайшоў у праход, вышаў на вуліцу, перайшоў па ёй пад градам куль, падышоў да матраца, падняў яго, ускінуў сабе на спіну і вярнуўся за барыкаду.

Ён сам загарадзіў матрацам небяспечнае месца і прыладзіў яго такім спосабам, што артылерысты не маглі яго бачыць.

Як толькі гэта было зроблена, пачалі чакаць стрэлу карцеччу.

Ён хутка пачуўся.

Пушка з рэвам вырыгнула зарад карцечы. Але рыкашэта не атрымалася. Карцеч упілася ў матрац. Барыкадзе цяпер не пагражала непасрэдная небяспека.

— Грамадзянін, — сказаў Анжальрас, звяртаючыся да Жана Вальжана, — рэспубліка дзякуе вам.

Басюэт засмяяўся, а потым сказаў:

— Гэта проста антымаральна, што матрац можа ўладаць такою магутнасцю. Трыумф слабага над грознай, руйнавальнай сілай. Але гэта ўсёроўна; слава матрацу, які робіць няшкоднай пушку.

ХL

ДЗЕНЬ КАЗЕТЫ

У гэтую самую хвіліну Казета прачнулася.

Яе пакой быў вузкі, чысты, скромны, з даўгім акном, якое выходзіла на задні двор дома, на ўсход. Казета нічога не ведала пра тое, што рабілася ў Парыжы. Яна не была там напярэдадні і ўжо збіралася ісці да сябе ў пакой, калі Тусен сказала: „Падобна, нібы там пачынаюць шумець“.

Казета спала не доўга, але моцна. Яна бачыла прыемныя сны, што залежала, магчыма, ад таго, што яе пасцелька была вельмі чысценькая. Нехта, вельмі падобны да Марыуса, з’явіўся ёй, абкружаны светлым ззяннем. Яна прачнулася з першымі праменнямі сонца, якія ўдарылі ёй проста ў вочы, і ў першую хвіліну ёй здалося, што яна ўсё яшчэ бачыць сон.

Яе першыя думкі, выкліканыя ўспамінамі аб гэтым сне, былі вясёлыя. Казета адчувала сябе зусім заспакоенай. У душы ў яе, як і ў Жана Вальжана за некалькі гадзін перад тым, адбылася рэакцыя, якая не дапускае нават і думкі аб магчымасці няшчасця. Яна пачала спадзявацца ўсімі сіламі, сама не ведаючы чаму. Потым у яе раптам сціснулася сэрца. Вось ужо тры дні, як яна не бачыла Марыуса. Але яна гаварыла сабе, што ён павінен быў атрымаць яе пісьмо, ведае, дзе яна, і што ён такі разумны і, напэўна, прыдумае спосаб прабрацца да яе. І ён прыдзе, напэўна, сёння і, магчыма, нават зараз. На дварэ было ўжо зусім светла, але праменні сонца ішлі яшчэ гарызантальна, і таму яна думала, што яшчэ рана; але тым не менш ўсё-такі трэба ўстаць, каб спаткаць Марыуса.

Яна адчувала, што не можа жыць без Марыуса і што гэтага зусім даволі, каб Марыус з’явіўся. Ніякіх пярэчэнняў не дапускалася. Усё гэта было святою ісцінай. Даволі ўжо і таго, што ёй прышлося пакутваць цэлыя тры дні. Марыус прападае невядома дзе трое сутак. Гэта проста жахліва, міласцівы божа! Цяпер настаў канец гэтым пакутам, і яны адыходзілі ў сферу перажытага: Марыус хутка прыдзе і прынясе добрыя звесткі. Такаво юнацтва, яно хутка асушае заплаканыя вочы, яно не прызнае гора і адмаўляецца ад яго. Юнацтва — гэта ўсмешка будучага перад невядомым, якое ў ім самім. Ёй так натуральна быць шчаслівай. Здаецца, што нават паветра, якім яна дыхае, насычана надзеямі.

Апрача таго, Казета ніяк не магла прыпомніць, што іменна гаварыў ёй Марыус аб сваёй мяркуемай адсутнасці, якая павінна была працягнуцца толькі адзін дзень, і якімі прычынамі ён вытлумачваў гэтую адсутнасць. Кожны заўважаў, з якою спрытнасцю хаваецца ўпушчаная на зямлю манета і як доўга хаваецца яна такім чынам, не паказваючыся. У некаторых выпадках і думкі ўтвараюць з намі тое-ж самае: яны хаваюцца ў самы далёкі куток нашых мазгоў, тады скончана — яны ўсёроўна што страчаныя, ніякімі сіламі нельга аднавіць іх у памяці. Казеце было крыху прыкра, што яе намаганні прыпомніць гутарку не прывялі ні да чаго. Яна папракала сябе і ставіла сябе ў віну, што забыла словы, сказаныя Марыусам.

Казета ўстала з ложка, хутка адзелася, прычасалася, прыбрала валасы, што рабілася вельмі проста ў той час, калі жанчыны не падкладалі яшчэ пад свае буклі і ўзбітыя на галаве валасы падушачак і валікаў і зусім не насілі фальшывых валасоў. Потым яна адчыніла акно і пачала глядзець у яго з надзеяй убачыць вуліцу, рог дома ці хоць частку бруку, а на ім Марыуса. Але з акна нічога гэтага не было відаць. Задні двор быў агарожан даволі высокімі сценамі, з-за якіх відаць былі толькі сады. Казета знайшла гэтыя сады агіднымі; у першы раз у жыцці кветкі здаліся ёй брыдкімі. Самы маленькі кавалачак вулічнай канаўкі даў-бы ёй куды большае задаваленне. Тады яна пачала глядзець на неба, як калі-б думала, што Марыус можа з’явіцца гэтым шляхам.

Раптам з вачэй у яе пырснулі слёзы. Гэта было выклікана не беспрычыннай зменай настрою, а пакутлівым усведамленнем, што ўсе надзеі яе аказваюцца разбітымі. Яна смутна адчула, што адбываецца штосьці жахлівае. Такія прадчуванні носяцца часам у самім паветры. Яна гаварыла сабе, што ні ў чым не можа быць упэўнена, што страціць адзін аднаго з віду — усёроўна, што зусім прапасці, і думка, што Марыус можа з’явіцца да яе з неба, здавалася ёй ужо не цудоўнай, а сумнай.

Потым — такія гэтыя хмаркі — яна супакоілася, да яе зноў вярнулася надзея, а разам з ёю і нешта, падобнае да ўсмешкі.

У доме ўсе яшчэ спалі. Было так ціха, як у вёсцы. Не адчынялася яшчэ ні адной акяніцы. Пакой вартаўніка быў яшчэ запёрты. Тусен яшчэ не ўставала, і Казета, зусім натуральна, думала, што і бацька яе спіць. Трэба было ёй шмат напакутвацца і яшчэ пакутваць, пакуль не ўзнікла ў ёй думка, што бацька яе нядобры. Але пакуль яна спадзявалася на Марыуса. Зацямненне такога святла ёй здавалася абсалютна немагчымым. Часам яна чула, як даносіўся здалёк нейкі глухі гул і тады гаварыла сабе: „як гэта дзіўна, што так рана пачалі стукаць варотамі“. А, між тым, гэта былі пушачныя стрэлы, якія грамілі барыкаду.

На некалькі футаў ніжэй акна Казеты да пачарнеўшага ад даўнасці карніза знадворнай сцяны дома прыляпілася гняздо каменных стрыжоў. Верхавіна гэтага гнязда выступала крыху наперад за лінію карніза, і дзякуючы гэтаму зверху відаць была ўся ўнутранасць гэтага маленькага рая. У гняздзе відаць была матка, якая, распусціўшы свае крыллі веерам, закрывала імі сваіх птушанят; бацька лётаў каля гнязда, адлятаў і потым зараз-жа вяртаўся, несучы ў дзюбцы корм і пацалункі. Узыходзячае сонца азарала гэтую карціну шчасця, вялікі закон размнажэння выконваўся тут весела і ўрачыста, і гэтае мірнае таінства адбывалася пры яркім святле раніцы. Казета, валасы якой танулі ў сонечных праменнях, а думкі ў лятуценнях, асветленая ўнутрана любоўю, а знадворку зарою, нібы машынальна нахілілася наперад і, амаль не смеючы прызнацца сабе, што яна думала ў гэтую хвіліну пра Марыуса, з глыбокім хваляваннем, якое выклікае ў душы нявіннай дзяўчыны від гнязда, пачала глядзець на птушак, на гэтую сям’ю, на самца і на самку, на маці і на птушанят.

XLI

ЖЫЦЦЁ НА БАРЫКАДЗЕ

Салдаты не пераставалі страляць. Залпы са стрэльбаў чаргаваліся з карцеччу, не робячы, між іншым, вялікіх пашкоджанняў. Цярпела толькі верхняя частка дома, які займаў шынок „Карынф“: вокны ў першым паверху і мансарды пад дахам ад дзеяння куль і карцечы паступова разбураліся. Абаронцы барыкады, якія былі там заселі, павінны былі выйсці адтуль. Але барыкада не адказвала.

Пры кожным залпе Гаўрош выпінаў шчаку языком.

— Гэта добра, — сказаў ён, — што яны ірвуць матэрыю на маленькія кавалкі: нам патрэбна корпія.

Курфейрак здзекваўся з няўдалай стральбы карцеччу і крычаў пушцы:

— Ты занадта многа лапочаш на вецер, мая мілая!

У час бітвы зласловяць таксама, як і на бале. Упартае маўчанне барыкады, напэўна, пачынала непакоіць салдат і прымушала іх баяцца якога-небудзь нечаканага здарэння, і яны разумелі неабходчасць зірнуць на барыкаду і даведацца, што робіцца за гэтай бясстраснай грудай булыжніку, якая не адказвае на стрэлы. Асаджаныя раптам убачылі на даху аднаго з суседніх дамоў каску, якая блішчэла на сонцы. Пажарны, прыхінуўшыся да высокага коміна, здавалася, стаяў там, нібы на варце, Яго вочы былі накіраваны на барыкаду.

— Вось ужо зусім непажаданы выведнік, — заўважыў Анжальрас.

Жан Вальжан вярнуў двухстволку Анжальрасу, але ў яго была і свая стрэльба.

Не гаворачы ні слова, ён прыцэліўся ў пажарнага, і праз секунду збітая з галавы куляй каска з шумам звалілася на вуліцу. Перапалоханы салдат паспяшаўся пакінуць свой небяспечны пост.

На яго месцы з’явіўся новы назіральнік. Гэта быў афіцэр. Жан Вальжан, які паспеў зарадзіць стрэльбу, зноў стрэліў у афіцэра, і яго каска апынулася там-жа, дзе і каска салдата. Афіцэр не супраціўляўся і хутка схаваўся. На гэты раз перасцярога была зразумета: на даху ўжо ніхто не з’яўляўся, — відавочна, рашылі адмовіцца ад думкі сачыць за тым, што робіцца на барыкадзе.

— Чаму вы не забілі гэтага чалавека? — запытаў Басюэт.

Жан Вальжан нічога яму не адказаў.

Басюэт шапнуў на вуха Камбферу:

— Ён не адказаў на маё пытанне.

— Гэта — дабрак, які раскідае дабро, як стрэлы з вінтоўкі.

Тыя, хто захаваў у памяці падзеі гэтага ўжо далёкага часу, памятаюць таксама, што нацыянальная гвардыя прадмесця была вельмі смелая ў выступленнях супроць паўстанцаў. Асабліва была яна цвёрдая і ўпартая ў чэрвеньскія дні 1832 года. Шынкары, якія зрабіліся беспрацоўнымі, набывалі раптам ільвіную мужнасць і ішлі на смерць, каб аднавіць магчымасць бачыць напоўненымі залы сваіх шынкаў.

У тыя буржуазныя часы побач з ідэйнымі рыцарамі выступалі багатыры нажывы. Празаізм пабуджэнняў не пазбаўляў іх дзеянняў некаторай долі храбрасці. Падзенне курсу грошай прымушала і банкіраў спяваць марсельезу. Лірычна пралівалі кроў за цэласць прылаўка, абаранялі са спартанскім энтузіязмам крамку, нібы радзіму ў мініятуры. Па сутнасці ўсё гэта было вельмі сур’ёзна. Гэтыя грамадскія элементы ўступілі ў барацьбу, чакаючы таго дня, які прынясе ім роўнавагу.

Другім знакам часу было змяшэнне анархіі з „урадавасцю“ (варварскі тэрмін!). На абарону парадку выступалі з парушэннем дысцыпліны. Барабан біў трывогу безупынна пад каманду такога-та палкоўніка нацыянальнай гвардыі, такі-та капітан ішоў у агонь па натхненню, такі-та нацыянальны гвардзеец ад сябе біўся за якуюсьці ідэю. У крытычныя хвіліны людзі менш лічыліся з распараджэннямі каманднага састава, чым з сваімі інстынктамі.

У арміі панаваў непарадак, нібы ў гверыльясаў[73]. З іх адны былі ўзброены мячом, як Фаніко, а другія пяром, як Анры Франфрэд. Цывілізацыя, якая была ў той час хутчэй сукупнасцю інтарэсаў, чым сувяззю ідэй, лічыла сябе ў небяспецы. Ад яе чуліся крыкі роспачы. Кожны ператвараў сябе ў яе цэнтр, дапамагаў ёй, абараняў і вартаваў яе па-свойму і на свой страх, і кожны, каму не лень, браўся за выратаванне грамадства.

Часам стараннасць была залішняя. Такая-та група нацыянальных гвардзейцаў, страціўшы сваё аўтарытэтнае начальства, абірала ваенны совет і, у пяць хвілін закончыўшы суд, выконвала прыгавар над якім-небудзь рэволюцыянерам. Такая імправізацыя была прычынай забойства Жана Прувера. Закон Лінча жорсткі, і ні адна партыя не можа папракаць за яго другую, бо амерыканская рэспубліка ўжывае яго таксама, як еўрапейскія манархіі. Гэты закон Лінча ўскладняўся ў дадатак непаразуменнямі і памылкамі.

Аднойчы ў час паўстання на маладога паэта Поль Эме Гарн’е быў зроблен напад і ён выратаваўся, толькі схаваўшыся пад варотамі дома № 6. Услед яму крычалі: „Вось яшчэ адзін з гэтых сен-сіманістаў!“ і хацелі забіць яго. У яго сапраўды быў у руках том „Мемуараў“ Герцага Сен-Сімона[74]. Адзін нацыянальны гвардзеец прачытаў толькі слова „Сен-Сімон“, і гэтага было даволі, каб крыкнуць: „Смерць яму!“

6 чэрвеня 1832 года атрад мясцовых гвардзейцаў пад камандай Фаніко дзеля забавы пацяшаў сваю фантазію тым, што расстрэльваў групу Шанврэры праз дзесятага. Гэта было сцверджана пазнейшым следствам. Фаніко, энергічны і ўзбаламучаны, не сцярпеў і адкрыў агонь раней вызначанага часу. Азвярэўшы бачачы то чырвоны сцяг, то чорны сурдут, палічаны ім за чорны сцяг, ён гучна асуджаў камандзіраў за тое, што яны слаба вядуць атаку на рэволюцыянераў. Сам-жа ён знайшоў барыкаду зусім паспеўшай, а паколькі ўсё спелае павінна ўпасці, то ён рашыў паскорыць гэтае падзенне. Ён стаяў на чале такіх асоб, як ён, рашучых людзей (шалёных, як выразіўся адзін з сведак). Яго атрад, які расстраляў Жана Прувера, стаяў у авангардзе батальёна, што займаў рог вуліцы.

І ў тую хвіліну, калі гэтага менш за ўсё можна было чакаць, капітан кінуў сваіх людзей на барыкаду.

Гэтае наступленне, якое было выканана хутчэй па капрызу, чым па меркаваннях стратэгіі, дорага каштавала атраду Фаніко.

Не паспеў ён прайсці двух трацін вуліцы, як агульны залп з барыкады спаткаў яго. Чацвёра ў авангардзе, паражоныя ля самай барыкады, былі забіты, а смелы атрад, які быў не асабліва вытрыманы, павінен быў адступіць, пакінуўшы на бруку пятнаццаць трупаў. Хвіліна хістання дала магчымасць рэволюцыянерам зноў зарадзіць стрэльбы, а другі залп паспеў дагнаць гвардзейцаў раней, чым яны адышлі за прыкрыцце на рагу вуліцы.

Гэты атрад трапіў пад карцеч сваёй-жа гарматы, якая не атрымала загаду спыніць агонь да моманту выхаду атрада на лінію. Стрэлам сваёй-жа гарматы быў забіты і сам Фаніко.

Гэты напад, больш ярасны, чым сур’ёзны, узлаваў Анжальраса.

— Якія дурні! — крыкнуў ён. — Яны трацяць сваіх людзей і псуюць без толку нашы запасы зарадаў.

Анжальрас гаварыў, як сапраўдны генерал-рэволюцыянер, якім ён і быў на самай справе. Паўстанне і яго падаўленне дзейнічаюць няроўнай зброяй. Хутка знясільваючыся, паўстанне разлічвае толькі на пэўныя і абмежаваныя рэсурсы людзей і снараджэння. Яно не можа папоўніць страты ад забітага чалавека і страчанай лядункі. Падаўленне паўстання, маючы армію, не лічыць людзей і, маючы Венсен, не знаходзіцца ў залежнасці ад ліку стрэлаў.

Падаўленне паўстання робіцца лікам палкоў не меншым, чым лік людзей і асобных байцоў на барыкадзе; яно пускае ў ход столькі арсеналаў, колькі барыкада мае лядунак з порахам.

Таму гэтая барацьба аднаго супроць ста канчаецца заўсёды паражэннем барыкады, калі магутная рэволюцыя не кіне на вагі лёсу свой палаючы меч. Так бывае. У хаосе пачуццяў і страсцей, якія абараняюць барыкаду, ёсць усё: азарт іграка і больш за ўсё надзеі, якія то ўспыхваюць, то знікаюць.

Адна з такіх хутка знікаючых успышак надзеі здарылася на барыкадзе на вуліцы Шанврэры, і прытым у такі час, калі гэтага менш за ўсё можна было чакаць.

— Слухайце! — ускрыкнуў раптам Анжальрас, які ўвесь час быў напагатове. — Здаецца, нібы Парыж прачынаецца!

На вуліцы Пуар’е, на вуліцы Травілье пачалі ўзнікаць барыкады. Перад Сен-Мартэнскімі варотамі малады чалавек, узброены карабінам, адзін напаў на цэлы эскадрон кавалерыі. Без ніякага прыкрыцця, сярод бульвара, ён стаў на адно калена, прыцэліўся, стрэліў і забіў эскадроннага камандзіра, праказаўшы: „Вось яшчэ адзін, які больш не зробіць нам зла“. Яго пасеклі шаблямі. На вуліцы Сен-Дэні жанчына, схаваўшыся за акяніцу, страляла ў муніцыпальных гвардзейцаў. Відаць было, як дрыжэлі пры кожным стрэле створкі акяніцы. Чагырнаццацігадовы хлопчык быў арыштаваны на вуліцы Касанеры: у яго знайшлі поўныя кішэні патронаў. На некалькі пастоў зроблены былі напады. Пры ўваходзе на вуліцу Бертэн-Пуарэ вельмі моцны і зусім нечаканы агонь спаткаў кірасірскі полк, на чале якога знаходзіўся генерал Кавен’як дэ-Барань. На вуліцы Планш-Мібрэ з дахаў кідалі ў войска чарапкамі пасуды і дамашнім начыннем, а гэта дрэнная прымета, і калі пра яе паведамілі маршалу Сульту, то стары паплечнік Напалеона задумаўся, прыпомніўшы словы Сюшэ[75], сказаныя ў Сарагосе: „Мы прапалі, калі старыя бабулі выліваюць нам на галаву свае гаршкі“.

Як вядома, раніцою 6 чэрвеня на працягу адной ці двух гадзін здавалася, што абурэнне нібы разрастаецца. Несціханнае гудзенае набатнага звону з Сен-Меры выклікала пэўнае хваляванне. Гэта вельмі непакоіла ваенных начальнікаў. Было вырашана як можна хутчэй патушыць гэты пажар, які пачынаўся ўсюды. Атаку барыкад Мо Лоэ, Шанврэры і Сен-Меры адклалі да таго часу, пакуль не будуць падаўлены дробныя ўспышкі, каб месь справу толькі з аднымі вялікімі барыкадамі і пакончыць потым усё адным ударам. На тыя вуліцы, дзе былі хваляванні, накіравалі калоны войск, якія ачышчалі вуліцы ад дарослых і разганялі дзяцей, дзейнічаючы то паволі і асцярожна, то раптам кідаючыся ў атаку. Салдаты пранікалі ў дамы, з якіх у іх стралялі; у той-жа час атрады кавалерыі разганялі народ, які запруджваў бульвары. Усе гэтыя рэпрэсіўныя сродкі не маглі, вядома, не выклікаць у пэўнай меры наракання і шуму, што і чуў Анжальрас у прамежкі паміж пушачнай пальбой і перастрэлкай з вінтовак. Апрача таго, ён бачыў, як у канцы вуліцы праносілі на насілках раненых, і сказаў Курфейраку:

— Гэтых раненых нясуць не з нашага боку.

Але гэтая надзея цягнулася нядоўга і хутка знікла. Менш чым за поўгадзіны ўсё знікла бясследна, і паўстанцы адчувалі, што іх нібы прыдушыў цяжкі свінцовы дах, які абыякавасць народу накінула на пакінутых на волю лёсу непакорлівых і ўпартых.

Агульнае абурэнне, якое, здавалася, нібы пачынала прымаць пэўны характар, раптам замерла, і цяпер уся ўвага ваеннага міністра і стратэгія генералаў маглі сканцэнтравацца на тых трох ці чатырох барыкадах, якія не былі яшчэ знішчаны.

Сонца ўзнімалася над гарызонтам.

Адзін з рзволюцыянераў сказаў Анжальрасу:

— Тут хочуць есці. Няўжо мы і сапраўды павінны будзем памерці галодныя?

Анжальрас, які ўвесь час стаяў, прыхінуўшыся да амбразуры і накіраваўшы позірк на процілеглы канец вуліцы, сцвярджальна кіўнуў галавой. Курфейрак, седзячы на камні поруч з Анжальрасам, усё насміхаўся над пушкай, і кожны раз, калі з страшэнным шумам вылятала смертаноснае цёмнае воблака, якое называецца карцеччу, ён сустракаў пушку градам насмешак:

— Ты зусім запыхалася, бедная старая скацінка! Мне вельмі крыўдна за цябе! І чаго ты шуміш дарэмна? Гэта ніколькі не падобна да грому, а прост-на-прост да нейкага кашлю.

Вакол усе смяяліся.

Курфейрак і Басюэт, у якога бадзёры, вясёлы юмар узрастаў разам з небяспекай, замянялі яду і віно, якіх не было, вясёлымі жартамі.

— Я захапляюся Анжальрасам, — сказаў Басюэт. — Яго спакойная храбрасць мяне здзіўляе. Ён адзінокі, і таму, як відаць, ён такі сумны. Анжальрас скардзіцца, што такое жыццё прымушае яго весці высокае становішча. У нас, ва ўсіх астатніх, ёсць жанчыны, якіх мы больш ці менш кахаем, якія прымушаюць нас вар’яцець, гэта значыць робяць нас храбрымі. Калі кахаеш, як тыгр, то няма нічога дзіўнага, што і б’ешся, як леў. Усё наша геройства зыходзіць ад нашых жанчын. Мужчына без жанчыны — усёроўна, што пісталет без курка; жанчына прымушае мужчыну страляць. У Анжальраса няма жанчыны. Ён нікога не кахае, а, між тым, умее быць неўстрашымым. Гэта нешта нечуванае: як гэта можа быць адначасова і халодным, як лёд, і смелым, як агонь!

Анжальрас, здавалася, не чуў таго, што гаварылася па яго адрасу, але калі-б хто-небудзь стаяў блізка каля яго, то мог-бы пачуць, як ён прашаптаў упоўголаса: „Patria“[76].

Басюэт усё яшчэ насмешнічаў, калі Курфейрак раптам крыкнуў:

— Яшчэ! — І потым голасам вартавога, які дакладвае аб наведвальніках, дадаў: — Мяне завуць васьміфунтовая пушка.

І сапраўды, на сцэне з’явілася новая дзеючая асоба — другая артылерыйская гармата. Артылерысты хутка падцягнулі пушку і паставілі яе побач з першай.

Гэта абяцала блізкую развязку.

Праз некалькі хвілін абедзве пушкі адкрылі стральбу па барыкадзе; рэгулярная пяхота і нацыянальная гвардыя падтрымлівалі агнём са стрэльбаў артылерыю.

На некаторым аддаленні чуліся другія пушачныя стрэлы.

У той час, калі дзве пушкі грукацелі па вуліцы Шанврэры, дзве другія гарматы, з якіх адна стаяла на вуліцы Сен-Дэні, а другая на вуліцы Обры-ле-Бушэ, грамілі барыкаду Сен-Меры. Стрэлы з чатырох пушак пачуліся, як сумнае водгулле.

З двух пушак, якія грамілі барыкаду на вуліцы Шанврэры, адна страляла карцеччу, а другая ядрамі.

Пушка, што страляла ядрамі, была паднята крыху вышэй, і дыстанцыя была разлічана такім чынам, каб ядро біла ў крайнюю частку знадворнага рабра барыкады, збівала з яго верх і засыпала бунтаўшчыкоў, як карцеччу, дажджом каменных асколкаў.

Гэтым спосабам мелі на ўвазе прымусіць бунтаўшчыкоў адыйсці ад сцяны рэдута і прымусіць іх згрупавацца далей, унутры барыкады, а ўсё разам гэта азначала, што хутка пойдуць на прыступ.

Як толькі бунтаўшчыкі будуць адагнаны ядрамі ад барыкады, а карцеччу ад вокнаў шынка, атакуючым калонам можна будзе смела ўступіць на вуліцу, не баючыся служыць мішэнню для стрэлаў, потым кінуцца на рэдут, як напярэдадні ўвечары, і, хто ведае, магчыма, нават узяць яго.

— Трэба, чаго-б гэта не каштавала, паменшыць шкоду, якая робіцца гэтымі пушкамі, — сказаў Анжальрас і потым крыкнуў: — Страляйце ў артылерыстаў!

Усе былі напагатове. Барыкада, якая так доўга да гэтага часу маўчала, адкрыла пякельны агонь: шэсць ці сем залпаў раздаліся адзін за адным; усю вуліцу зацягнула густым дымам, і праз некалькі хвілін скрозь гэты дым, навіслы, як туман, які праразалі агнявыя маланкі, можна было бачыць, што дзве трэці артылерыстаў ляжаць пад коламі пушак. Астатнія, між тым, па-ранейшаму вазіліся каля пушак з строгім спакоем, і толькі стрэлы раздаваліся адзін за адным шмат радзей.

— Вось гэта добра, — сказаў Басюэт, звяртаючыся да Анжальраса. — Гэта поспех.

Анжальрас паматаў галавой і сказаў:

— Яшчэ чвэрць гадзіны такога поспеху, і на ўсёй барыкадзе астанецца не больш як дзесяць патронаў.

Ёсць падстава меркаваць, што Гаўрош чуў гэтыя словы.

XLII

СМЕРЦЬ ГАЎРОША

Раптам Курфейрак убачыў кагосьці каля барыкады знадворку, на вуліцы, пад стрэламі.

Гаўрош узяў з шынка кошык з-пад бутэлек, вылез за барыкаду праз разрэз і спакойна перасыпаў у свой кошык патроны з патранташаў салдат нацыянальнай гвардыі, якія ляжалі забітыя ля самай барыкады.

— Што гэта ты там робіш? — запытаў Курфейрак.

Гаўрош узняў галаву.

— Я напаўняю кошык.

— Хіба ты не бачыш карцечы?

На гэта Гаўрош адказаў:

— Так, нібы дождж ідзе. Далей?

Курфейрак крыкнуў:

— Вярніся назад!

— Вось зараз, — адказаў Гаўрош і адным прыжком апынуўся пасярод вуліцы.

Рота Фаніко, адступаючы, пакінула за сабою цэлы рад трупаў. Каля дваццаці трупаў ляжалі ў розных месцах на зямлі па ўсёй вуліцы. Гаўрош бачыў перад сабою дваццаць патранташаў, што абяцала вялікі запас патронаў для барыкады.

Дым засцілаў вуліцу, нібы туман. Каму даводзілася бачыць воблака, якое апусцілася ў цясніну паміж двух адвесных скал, той можа ўявіць сабе гэты дым, сціснуты і нібы згушчоны двума цёмнымі лініямі высокіх дамоў. Ён паволі ўзнімаўся, безупынна і ў той-жа час аднаўляючыся; дзякуючы гэтаму паступова павялічвалася цемра, якая паглынала нават дзённае святло. Таму і праціўнікі, што абаранялі процілеглыя канцы вуліцы, ледзь адрознівалі адзін аднаго, хоць адлегласць тут была і вельмі кароткая.

Гэтая цемра, напэўна пажаданая і нават прадбачаная начальнікамі, якія павінны былі кіраваць атакай барыкады, як нельга больш спрыяла і Гаўрошу.

Хаваючыся ў зморшчках гэтай заслоны, ён, дзякуючы свайму невялікаму росту мог прабрацца па вуліцы даволі далёка і, не будучы заўважаным і не падупадаючы асаблівай небяспецы, спустошыў першыя сем ці восем патранташаў.

Ён то поўзаў, то перасоўваўся на чацвярэньках, трымаючы кошык у зубах, згінаўся, коўзаўся і звіваўся, як змяя, прабіраючыся ад аднаго забітага да другога і спустошваючы лядункі і патранташы са спрытам малпы, якая грызе арэхі.

З барыкады, ад якой ён быў яшчэ даволі блізка, яму не адважваліся крычаць, каб ён вярнуўся, бо баяліся звярнуць на яго ўвагу.

На адным з трупаў, які аказаўся трупам капрала, ён знайшоў парахаўніцу.

— На выпадак, калі захочацца піць — сказаў ён, кладучы яе ў кішэню.

Пасоўваючыся наперад, ён дасягнуў, нарэшце, месца, дзе дымавая заслона была больш празрыстая, настолькі празрыстая, што лінія стралкоў рэгулярнай пяхоты, якая займала месца за лажаментам, складзеным з булыжніка, і стралкі гарадской нацыянальнай гвардыі, якія займалі рог вуліцы, раптам пачалі паказваць адзін аднаму на нейкі прадмет, што рухаўся ў дыме.

У той момант, калі Гаўрош забіраў патроны ў сержанта, які ляжаў каля тумбы, у труп ударыла куля.

— Гм! — праказаў Гаўрош. — Яны пачалі страляць у мёртвых.

Другая куля ўдарыла ў камень якраз каля яго. Трэцяя перакуліла яго кошык.

Гаўрош узняў вочы і ўбачыў, што ў яго страляюць нацыянальныя гвардзейцы.

Ён выпрастаўся ва ўвесь свой рост. Вецер кудлаціў яго валасы. Ён узяўся ў бокі, утаропіў вочы ў страляўшых у яго салдат нацыянальнай гвардыі і задзірліва заспяваў песеньку:

Людзі гарадка Нантэра
Подлы па віне Вальтэра,
Яны дурні ў Палесо ―
Ў гэтым вінават Русо[77].

Потым ён падняў кошык, склаў у яго, не пакідаючы ніводнага, усе патроны, якія ўпалі на зямлю, і, падышоўшы яшчэ бліжэй да стралкоў, пачаў спустошваць другі патранташ. Там каля яго прасвісцела яшчэ чацвертая куля. Гаўрош спяваў далей:

Калі я і не Натэр[78],
Вінаваты зноў Вальтэр.
Я птушка невялічкая
Па міласці Русо!

Пятая куля нібы яшчэ больш падбухторыла яго на новы куплет:

А вясёлы характэр
Даў мне зноў-жа пан Вальтэр.
А бядноту маю ― о!
Завяшчаў мудрэц Русо!

Так цягнулася некалькі часу.

Відовішча было і жахлівае і захапляючае. Гаўрош, у якога стралялі, насміхаўся са стралкоў. Здавалася, што гэта было для яго нават вялікай прыемнасцю. Гэта быў верабей, які збіраўся задзяўбці паляўнічых. На кожны стрэл ён адказваў куплетам. Стралялі безупынна і ўвесь час давалі промахі. Салдаты нацыянальнай гвардыі і салдаты рэгулярнай пяхоты смяяліся, цэлячыся ў яго. Ён клаўся, потым уставаў, хаваўся за дзвярыма, потым выскокваў, знікаў, потым зноў паказваўся, адыходзіў і вяртаўся, злаваўся на карцеч і ў той жа час збіраў патроны, спустошваў патранташы і напаўняў свой кошык. Бунтаўшчыкі, задыхаючыся ад хвалявання, сачылі за ім вачыма. Барыкада дрыжэла ад жаху, а ён спяваў. Ён не быў падобны ні да дзіцяці, ні да дарослага чалавека ― ён здаваўся маленькім гномам. Ён то з’яўляўся, то знікаў, нібы неўражальны карлік. Кулі лёталі вакол яго, але ён аказваўся больш спрытны, чым яны. Ён нібы гуляў у хованкі з смерцю.

Аднак знайшлася куля, лепш накіраваная ці больш каварная, чым іншыя, ― яна-такі папала ў дзіця, якое нагадвала сабою блукаючы агеньчык. Гаўрош пахіснуўся і ўпаў. Уся барыкада ахнула; эле у гэтым пігмеі хаваўся Антэй[79]: для вулічнага хлопчыка датыканне да бруку было тое-ж самае, што для волата датыканне да маці зямлі. Гаўрош упаў толькі для таго, каб узняцца; ён прысеў. І струменьчык крыві паказаўся на яго твары. Хлопчык прыўзняў абедзве рукі ўгару, паглядзеў у той бок, адкуль прыляцела куля, і заспяваў:

Я пляснуўся ў партэр ―
Ў гэтым вінават Вальтэр
Носам апынуўся ў лужы,
Па віне...

Ён не скончыў. Другая куля таго самага стралка уклала яго. На гэты раз ён упаў тварам на брук і больш не варушыўся. Яго дзіцячая, але вялікая душа адляцела.

XLІІІ

ЖАН ВАЛЬЖАН ПОМСЦІЦЬ

Марыус кінуўся з барыкады на вуліцу, а те было ўжо позна. Гаўрош быў мёртвы. Ён падняў толькі яго труп.

„Увы, ― думаў ён, ― я зрабіў тое-ж, што бацька яго зрабіў для майго. Але Тэнард’е вынес яго жывога, я-ж вяртаю яму яго сына мёртвага“.

Калі Марыус вярнуўся на барыкаду з целам Гаўроша на руках, у яго таксама, як і ў хлопчыка, твар быў заліты крывёю. У тую хвіліну, калі ён нахіліўся падняць труп, куля каузанулася па яго чэрапу, але ён і не заўважыў гэтага. Яму паспяшаліся перавязаць рану. У гэты час пачуўся аддалены бой гадзінніка. Прабіла дванаццаць. Тады Анжальрас выпрастаўся ва ўвесь рост і ўскрыкнуў:

― Цягніце каменне у дом! Абкладзіце імі ўсе вокны! Палавіна байцоў няхай астаецца тут, другая-ж няхай бярэцца за работу. Часу траціць нельга.

У канцы вуліцы з боку войск паказаўся ўзвод сапёраў з тапарамі і ламамі ў руках. Відавочна, нападаючыя пераходзілі у наступленне. Набліжаўся рашучы момант.

Загад Анжальраса быў выкананы дасканала. Усе вокны хутка завалілі каменнем. Зрабіўшы яшчэ некалькі неабходных загадаў, ён звярнуўся потым да Жавера і сказаў:

― Я на цябе не забываю. ― І, паклаўшы на стол

Выява

Гаўрош насміхаўся над стралкамі.

зараджаны рэвальвер, дадаў: — Апошні, хто выйдзе адсюль, разможджыць чэрап гэтаму шпіёну.

— Тут? — запытаў хтосьці.

— Не, не будзем змешваць гэтага трупа з нашымі мерцвякамі. Яго трэба будзе вывезці на малую барыкаду і там з ім пакончыць.

Жавер захоўваў сваю ранейшую спакойнасць.

Тут выступіў Жак Вальжан. Ён падышоў да Анжальраса і сказаў:

— Ці можаце вы зрабіць для мяне што-небудзь?

— Безумоўна.

— У такім выпадку прашу аддаць мне гэтага чалавека, я жадаю сам разможджыць яму галаву.

Жавер пры гэтым зірнуў на Жана Вальжана і спакойна праказаў:

— Гэта зусім справядліва.

Анжальрас абвёў вачыма прысутных і запытаў:

— Ніхто нічога не мае супроць гэтага? — і паколькі ўсе маўчалі, ён дадаў, звяртаючыся да Жана Вальжана: — Бярыце гэтага сышчыка.

Жан Вальжан каля Жавера, прысеўшы на край стала, пачаў разраджаць сваю стрэльбу.

У тую-ж хвіліну пачуўся гук ражка гарністага. Жавер засмяяўся.

— Вам не паздаровіцца таксама, як і мне! — закрычаў ён.

Усе рынуліся на барыкаду.

— Да хуткага спаткання! — крыкнуў ім услед Жавер.

Калі Жан Вальжан застаўся адзін з Жаверам, ён адвязаў вяроўкі і знакам загадаў яму ўстаць.

Жавер узняўся. Тады Жан Вальжан ціха вывеў яго за вяроўку з шынка, трымаючы пісталет напагатове. Так прайшлі яны да ўнутранага чатырохвугольніка малой барыкады. Ніхто не звярнуў на іх увагі, таму што ўсе заняты былі атакай. Адзін толькі Марыус заўважыў, як яны прайшлі.

Гэтая група, кат і яго афяра, азарыліся магільным святлом, якое напаўняла яго душу.

Нарэшце яны апынуліся ў завулку, дзе ніхто не мог іх бачыць. Прайшоўшы яшчэ некалькі крокаў, яны спыніліся. Жавер праказаў:

— Ну, расплачвайся!

Жан Вальжан выхапіў з кішэні складны нож і раскрыў яго.

— Нож! — ускрыкнуў Жавер. — Вядома, гэта табе больш да твара.

Жан Вальжан перарэзаў апошнія путы Жавера і, выпрастаўшыся, сказаў:

— Вы вольны.

Жавера здзівіць было нялёгка. Тым не менш, як ён ні ўладаў сабою, а тут ён не мог утрымацца ад патрасення. Ён стаяў бязгучны і нерухомы. Жан Вальжан казаў далей:

— Не думаю, каб я вышаў адсюль жывы. Тым не менш, калі я ўцалею, то я жыву пад імем Фашлевана на вуліцы Ом Армэ, № 7.

Твар Жавера набыў выраз тыгра, і ён прамармытаў праз зубы:

— Сцеражыся!

— Ідзіце, — сказаў Жан Вальжан.

— Ты сказаў: Фашлеван, вуліца Ом Армэ? — запытаў Жавер.

— Нумар сёмы.

Жавер паўтарыў упоўголаса:

— Нумар сёмы.

Ён зашпіліў свой сурдут, выпрастаў грудзі і плечы, зрабіў поўабарот і накіраваўся да рынка. Жан Вальжан сачыў за ім вачыма. Зрабіўшы некалькі крокаў, Жавер вярнуўся і сказаў Жану Вальжану:

— Гэта нудна! Забіце мяне лепш.

Ён сам не заўважыў, што не гаварыў больш „ты“ Жану Вальжану.

— Убірайцеся! — ускрыкнуў Жан Вальжан.

Жавер пайшоў павольным крокам. Праз хвіліну ён знік за паваротам вуліцы.

Калі ён схаваўся, Жан Вальжан стрэліў у паветра. Потым вярнуўся на барыкаду і сказаў:

— Скончана!

Халодны жах працяў сэрца Марыуса.

Між тым, барыкада перажывала агонію.

Раптам барабанны бой апавясціў прыступ. Атака была падобна да ўрагана. Напапярэдні непрыяцель падкрадаўся ў цемры ціха, як змяя. Цяпер-жа, сярод белага дня, страшная маса арміі пры рэве пушак, гуках труб, з сапёрамі на чале проста рынулася на барыкаду.

Сцяна вытрымала націск.

Інсургенты адказвалі бесперапынным агнём, але прыступ быў да таго адчайны, што праз хвіліну ўся барыкада напоўнілася нападаючымі. Паўстанцы былі не менш разгневаны, і ў момант вуліца пакрылася грудай мёртвых цел.

Атакі паўтараліся адна за адной. Жах павялічваўся. Кроў лілася ручаямі. Гэта была не бітва, а жарло вогненай печы. Вусны дыхалі полымем, твары незвычайна змяніліся. Страшна было бачыць, як яны мільгалі сярод безупынна ўспыхваючых маланак. Самае страшнае прадонне бляднела перад гэтым відовішчам.

Біліся ўсім, чым маглі, усюды, з усіх бакоў, адусюль. Поўразбураны фасад „Карынфа“ быў страшны. Усе таварышы Марыуса і Анжальраса былі забіты. Марыус сам быў увесь пакрыты ранамі, адзін Анжальрас аставаўся неўражальны.

Раптам новая калона з паднятымі штыкамі і стрэльбамі з’явілася на грэбні барыкады. Жменя інсургентаў, што асталіся жывыя, адступіла ў непарадку. У некаторых прачнулася страшэннае жаданне жыць. Яны прытуліліся да дома. Анжальрас кінуўся да іх і дапамог адчыніць дзверы шынка. Усе рынуліся туды і захлопнулі дзверы з такою сілаю, што на ўнутраным баку асталася зусім адсечаная пецярня салдата, які ўчапіўся за іх. Марыус астаўся на вуліцы. Куля драпанула яму ключыцу, і ён адчуў, што падае. Але ўжо з заплюшчанымі вачыма яму здалося, што чыясьці дужая рука падхапіла яго, і апошняй думкай яго было: „Я ў палоне, мяне расстраляюць“.

Між тым, пачалася асада шынка.

— Цяпер прададзім жыццё дарагой цаной! — ускрыкнуў Анжальрас таварышам.

Шынок адважна супраціўляўся. Дзверы і сцяна хутка, вядома, былі прабіты, і салдаты ўварваліся ў пакой. Шаленства ахапіла іх пад уплывам супраціўлення гэтай нязначнай жменькі, і не прайшло і пяці хвілін, як усе, апрача Анжальраса, былі перабіты. Анжальрас з адной вінтоўкай у руцэ праломваў галаву кожнаму, хто да яго набліжаўся. Ён залез у самы далёкі куток і з абломкам стрэльбы ў руцэ і гордым позіркам здаваўся яшчэ настолькі страшным, што ніхто не адважваўся падыйсці да яго.

— Гэта начальнік! — закрычалі салдаты. — Гэта ён забіў артылерыста. Ён стаў вельмі зручна; няхай там і застанецца. Расстраляем яго!

— Расстрэльвайце! — ускрыкнуў Анжальрас і, адкінуўшы ў бок стрэльбу, скрыжаваў на грудзях рукі і спакойна спыніўся.

Гэты выкрык зрабіў дзіўнае ўражанне. Хаос раптам супакоіўся, і такая пагарда да смерці абяззброіла ўсіх. Стрэльбы мімаволі апусціліся. Нарэшце ўмяшаўся афіцэр.

— Ці хочаце, каб вам завязалі вочы? — запытаў ён.

— Не.

Праз хвіліну раздаўся залп. Анжальрас, прабіты васьмю кулямі, нібы прыбіты да сцяны, астаўся стаяць. Прыгожая галава яго панікла, і ўсё было скончана.

Праз чвэрць гадзіны барыкада была ўзята. Салдаты пачалі абшукваць суседнія дамы і праследаваць беглякоў. Потым усё супакоілася, і настала цішыня.

Марыус быў сапраўды ў палоне, але ў палоне ў Жана Вальжана. Рука, якая падхапіла яго ў час падзення, была яго рука.

Жан Вальжан не прымаў дзейнага ўдзелу ў бітве, што, аднак, не перашкаджала яму афяроўваць сабою. Ён падбіраў раненых і забітых і пад градам куль пераносіў іх у зал; ён папраўляў барыкаду. Але ўсё гэта рабілася моўчкі. Між іншым, ён атрымаў усё-такі некалькі царапін.

У час бітвы ён нібы не звяртаў увагі на Марыуса; пасутнасці-ж ён не спускаў яго з вачэй. Калі стрэл паразіў маладога чалавека, Жан Вальжан з хуткасцю тыгра, які кідаецца на сваю афяру, падхапіў яго і аднёс. Ніхто не заўважыў гэтага ў запале бітвы.

Жан Вальжан аднёс Марыуса да малой барыкады. Там ён спыніўся, паклаў цела на зямлю і прыхінуўся да сцяны. Становішча было жахлівае. Як выйсці адсюль? Праз дзве ці тры хвіліны ўварвуцца салдаты, і тады няма ратунку. Вакол узвышаліся сцены; бегчы па вуліцах з целам на плячах немагчыма, таму што ўсе вуліцы перапоўнены войскамі. За сценамі чакала смерць. Што рабіць?

Неабходна было зноў, як і ў тую страшную ноч, адразу-ж знайсці выхад як-бы там не было. Жан Вальжан зірнуў на дом, потым на барыкаду, потым на зямлю і ўпаў у роспач.

Раптам пад нагамі, за некалькі крокаў наперадзе, ён убачыў пад грудай камення схаваную напалавіну рашотку футы два ў дыяметры. Праз перакладзіны была відаць цёмная адтуліна, падобная да коміна. Жан Вальжан кінуўся да рашоткі, і старая здольнасць рабіць незвычайныя ўцёкі зноў вярнулася да яго. У адну хвіліну ён раскідаў каменне, падняў рашотку, усклаў на плечы цела Марыуса і з дапамогаю локцяў і каленяў спусціўся ў калодзеж. На шчасце, ён аказаўся не вельмі глыбокі, і Жан Вальжан хутка крануўся падэшвамі каменных пліт дна. Ён апынуўся ў даўгім падземным калідоры. Глыбокі спакой, цішыня і цемра панавалі ў ім.

І ён зноў адчуў тое-ж самае, што і некалькі год таму назад, калі з вуліцы трапіў за манастырскую агарожу.

Але толькі цяпер з ім была не Казета, а Марыус.

Ледзь чутна над галавой у яго пачулася глухое ракатанне і страшная сумятня апошніх хвілін абаронцаў „Карынфа“, якія гінулі геройскай смерцю.

XLIV

ТАЯМНІЦЫ ПАДЗЕМНАГА ПАРЫЖА

Жан Вальжан апынуўся ў парыжскай клаацы. Пераход быў дзівосны. Сярод горада Жан Вальжан апынуўся па-за ім. У адно імгненне вока ён перайшоў ад яркага святла да поўнай цемры, ад паўдня да поўначы, ад аглушальнага шуму да поўнай цішыні і ад самай немінучай небяспекі да поўнага ратунку. Толькі ранены не варушыўся на плячах у яго, так што ён не ведаў, ці нясе з сабою ў гэты склеп жывога, ці мёртвага чалавека.

Першым яго адчуваннем было асляпленне: усё раптам сцямнела вакол яго. Адну хвіліну яму здалося, што ён таксама і аглух. Ён нічога больш не чуў. Да яго не даносіўся больш шум шалёнай разні дзякуючы тоўстаму пласту зямлі над яго галавой; чуваць быў толькі далёкі гул, нібы з прадоння. Пад нагамі ў яго была цвёрдая глеба. Ён працягнуў руку ў адзін і ў другі бок і абодва разы дакрануўся да сцяны, з чаго зрабіў вывад, што знаходзіцца ў вузкім праходзе; паслізнуўшыся, ён пераканаўся, што пад нагамі мокра, таму пайшоў наперад з большай асцярожнасцю, баючыся ямы ці правалу.

Праз некалькі хвілін вочы яго прывыклі да цемры, і ён пачаў сёе-тое адрозніваць. Трэба было ісці наперад як-бы там не было, іначай рашотка будзе заўважана салдатамі, якія таксама могуць спусціцца ў калодзеж і адшукаць яго. Ён адважна пусціўся зноў у дарогу і паглыбіўся ў цемру.

Па сутнасці, ён знаходзіўся ў большай небяспецы, чым дапускаў: яму пагражалі міязмы і студні — жахі не менш страшныя, чым бітва. Жан Вальжан трапіў з аднаго кола пекла ў другое.

Прайшоўшы крокаў пяцьдзесят, ён спыніўся. Праход, па якім ён ішоў, злучаўся з другім, які цягнуўся ў папярэчным кірунку і разыходзіўся ў два бакі. У які ісці? Жан Вальжан рашыў было ўзяць налева, таму што ў гэты бок дарога ішла спадзіста, значыць, спускалася да ракі, і такім чінам можна было хутка апынуцца ля вусця канала, дзе-небудзь на беразе Сены.

Але, з другога боку, з’явіцца сярод белага дня ў якой-небудзь многалюднай часці наберажнай з мёртвым чалавекам на плячах азначала звярнуць на сябе ўвагу прахожых і праз хвіліну папасці ў рукі паліцыі. Гэта было-б больш чым бязглузда. Лепш аддацца на волю лёсу. І Жан Вальжан павярнуў направа.

Ён ішоў наперад смела, але з трывогай у душы. Малапа-малу яго пачаў ахапляць жах. Цемра, якая абкружала яго, перадавалася яго розуму. Ён не ведаў, дзе ён. Кожны крок, які ён рабіў, мог быць яго апошнім крокам. Ці знойдзе ён выхад і ці выберацца адсюль? Магчыма, Марыус павінен памерці ад страты крыві, а ён ад голаду. І шкілеты іх астануцца тут і будуць знойдзены калі-небудзь у гэтай страшэннай цемры, у гэтым прадонні.

Раптам у адным месцы ён пасля цішыні, у якой апынуўся, пачуў над галавою гул. Ён зразумеў, што знаходзіцца пад часткаю горада, дзе рух экіпажаў не быў спынены барыкадамі. Ён ішоў ужо прыблізна з поўгадзіны не адпачываючы, толькі змяніў руку, якою падтрымліваў Марыуса. Цемра была страшэнная, як і раней, але ён ужо супакоіўся і трывога яго сцішылася.

У той-жа час у горадзе ўздоўж наберажнай Сены, недалёка ад моста Інвалідаў, адбывалася наступная сцэна. Два чалавекі ішлі адзін за адным на некаторай адлегласці, відавочна назіраючы і ўхіляючыся адзін ад аднаго. Той, што ішоў наперадзе, стараўся ўхіліцца і схавацца ад таго, што ішоў ззаду. Абодва ішлі ціха, не спяшаючыся, нібы кожны з іх баяўся сваёй паспешлівасцю прымусіць праціўніка паскорыць крокі. І звер і здабыча — кожны думалі пра сябе. Праследуемы прадстаўляў сабою вартую жалю, абадраную постаць; праследвальнік, наадварот, быў высокага росту, апрануты ў сурдут і меў суровы выгляд. Трапіць у яго рукі было небяспечна.

Наберажная была пустынная. Чалавек у сурдуце, убачыўшы пусты фіякр, які праязджаў міма, зрабіў фурману непрыкметны знак ехаць за імі. Фурман, здагадаўшыся, з кім мае справу, не адважыўся не паслухаць і, павярнуўшы назад, паехаў шагам. Той, хто ішоў наперадзе, не бачыў гэтага.

Абодва наблізіліся да спуску наберажнай уздоўж Елісейскіх палёў. Напэўна, абадранец разлічваў тут як-небудзь улізнуць. Але, на вялікае здзіўленне праследвальніка, афяра ўвесь час трымалася ракі і спускалася ўсё ніжэй і ніжэй. Няўжо брадзяга хацеў утапіцца? Падняцца наверх не было магчымасці, таму што ў гэтым месцы не было больш ні спуску, ні лесніцы, а па тым кірунку, па якім ішоў бягляк, ён павінен быў апынуцца паміж адвеснай сцяной з аднаго боку і праследуючым яго чалавекам з другога. Ля сцяны, праўда, ляжала вялізная куча смецця і абломкаў; дык не мог-жа ён думаць схавацца за гэтай кучай?

Абадранец, між тым, дайшоў да гэтай іменна кучы і раптам знік. Праследвальнік, не бачачы афяры і думаючы, што і яна яго не бачыць, пайшоў вельмі хутка. За некалькі

Выява

Жан Вальжан апынуўся ў Парыжскай клаацы.

хвілін ён быў ля груды абломкаў, абышоў яе вакол і спыніўся, як укапаны. Бягляк знік, нібы праваліўся праз зямлю. Куды-ж ён, аднак, падзеўся?

Чалавек у сурдуце дайшоў да канца прыбярэжнай паласы, вярнуўся назад і сударгава сціснутымі кулакамі раптам ударыў сябе па ілбу.

У тым месцы, дзе канчалася сухазем’е і пачыналася вада, ён убачыў нізкую і шырокую жалезную рашотку са скляпеннем, якая была запёрта масіўным замком і паварочвалася на трох петлях. Гэтая рашотка, нешта накшталт варот, выходзіла на Сену. З-пад яе струменіўся ручай. За рашоткай быў відаць цёмны праход. Чалавек скрыжаваў рукі і дакорліва зірнуў на ўсё гэта.

Бясспрэчна, што для таго, каб папасці ў гэты праход, трэба было адперці рашотку, таму што адчыніць яе іначай, як паспрабаваў гэта зрабіць праследвальнік, было немагчыма. Відавочна, у бегляка быў з сабою ключ. Гэта вырвала ў стаяўшага перад дзвярыма чалавека выкрык абурэння.

— Гэта ўжо занадта! — ускрыкнуў ён. — Ключ, які належыць ураду!

Але пасля гэтага, нешта вырашыўшы пра сябе, ён спыніўся ля кучы смецця і пачаў чакаць з цярплівай ярасцю, як паляўнічы сабака.

Рамізнік наверсе наберажнай таксама спыніўся і, прадчуваючы вялікую стаянку, злез з козлаў і падвязаў коням мяшкі з аўсом.

XLV

СУСТРЭЧА Ў КЛААЦЫ

Жан Вальжан, між тым, ішоў і ішоў наперад і ўжо не спыняўся. Дарога рабілася ўсё цяжэй і цяжэй: то прыходзілася нагінацца, каб не ўдарыць Марыуса, то спатыкацца аб кучы гною. Яго мучыў голад, асабліва смага. Ён стаміўся, а цела Марыуса вісела зусім безжыццёвай масай і ціснула яго. Час ад часу паветра з аддушын клаакі давала яму некаторае палягчэнне.

Было, напэўна, гадзін каля трох пасля паўдня, калі ён дабраўся да даволі шырокай галярэі, дзе рукі яго не маглі ўжо дастаць сцен, а галава не закранала скляпення. Тут ён сустрэў раптам скрыжаванне двух галярэй, значыць, чатыры дарогі. На гэты раз, рашыўшы як-бы там ні было дабрацца да Сены, ён павярнуў налева і пачаў спускацца.

Прайшоўшы некалькі часу, ён спыніўся ля даволі шырокай аддушыны, якая кідала яркае святло ў галярэю. Ён апусціў Марыуса на лаўку ля сцяны клаакі з асцярожнай клапатлівасцю і паклаў яго тварам дагары. Бледны, акрываўлены твар юнака азарыўся бялёсым святлом. Вочы былі заплюшчаны, а змочаныя крывёю валасы прыліплі да скроняў. Кроў запяклася на кутках губ. Адхінуўшы краі адзення ад раны, Жан Вальжан прыклаў руку да яго сэрца. Яно слаба білася. Жан Вальжан разадраў сваю кашулю, перавязаў, як мог, рану, з якой яшчэ сачылася кроў, потым нагнуўся над непрытомным юнаком і накіраваў на яго свой позірк, поўны злосці і глыбокай нянавісці.

Агледзеўшы кішэні Марыуса, Жан Вальжан знайшоў у адной хлеб, куплены яшчэ напярэдадні, а ў другой запісную кніжку. Ён з’еў хлеб і разгарнуў кніжку. На першай-жа старонцы ён прачытаў:

„Мяне завуць Марыус Панмерсі. Аднясіце мой труп да майго дзеда, пана Жыльнармана, вуліца Філь дзю Кальвер, № 6, у Марэ“.

Жан Вальжан некалькі разоў паўтарыў пра сябе: „Вуліца Філь дзю Кальвер, № 6; пан Жыльнарман“. Потым паклаў запісную кніжку назад у кішэню Марыуса. З’едзены хлеб падмацаваў крыху яго сілы; ён зноў узваліў Марыуса на плечы, асцярожна ўклаў яго галаву і зноў пусціўся ў дарогу. Чым далей ён пасоўваўся наперад, тым радзей і радзей пачалі трапляцца на яго шляху вонкавыя адтуліны. Цемра рабілася ўсё гусцейшая і раптам зрабілася жахлівая. Ён адчуў, што пагружаецца ў ваду і што пад нагамі ў яго ўжо не каменне, а вязкі іл. Жан Вальжан апынуўся ў багне. У гэтым месцы брук асеў, праз патрэсканыя пліты прасачыліся вада і гразь.

З кожным крокам Жан Вальжан адчуваў, як глеба выслізгвае з-пад яго ног, вярнуцца, аднак, назад не было магчымасці: Марыус быў ледзь жывы, а Жан Вальжан траціў апошнія сілы. Ён усё ішоў наперад, грузнучы ўсё глыбей і глыбей. Нарэшце, вольнаю асталася адна толькі галава і дзве рукі, якія падтрымлівалі над галавой Марыуса. Ён траціў ужо апошнія сілы і ледзь падымаў галаву над граззю, якая даходзіла яму да падбародка. Раптам, ступіўшы крок у бок, ён адчуў пад нагою штосьці цвёрдае і знайшоў, такім чынам, апору. Момант настаў, рашучы момант.

Ён зрабіў намаганне, выпрастаўся і ўмацаваўся на гэтай нечаканай прыступцы. Яна здалася яму прыступкаю да жыцця, і хутка ён сапраўды вышаў з-пад вады. Ён мімаволі ўпаў на калені і некалькі хвілін аставаўся нерухомы. Потым устаў, увесь дрыжачы, абледзянелы, пакрыты смуроднай граззю і знясілены пад цяжарам паміраючага, якога цягнуў на сабе, але з душою, прасякнутай нейкім цудоўным святлом.

І ён зноў пайшоў наперад.

Ён быў настолькі знясілены, што павінен быў спыняцца пасля кожных трох-чатырох крокаў. Так пасоўваўся ён некалькі часу, не гледзячы наперад, і раптам упёрся ў сцяну. Ён узняў галаву і на павароце, далёка-далёка перад сабою, убачыў белы, радасны прамень дзённага святла. Перад ім быў выхад.

Гэта вярнула яму сілы. Ён не адчуваў больш ні стомленасці, ні цяжару сваёй ношкі і амаль бягом пусціўся да гэтага выхаду. Па меры набліжэння выхадны прасвет выступаў перад ім усё ясней і ясней. Дайшоўшы да яго, ён спыніўся. Як выйсці цяпер? Рашотка была замкнута на ключ.

Ужо амаль зусім сцямнела. Калі-б можна было выбрацца з галярэі, то цяпер быў-бы самы зручны час непрыкметна прабрацца ў горад. За рашоткай паветра, рака, святло, воля, Парыж — гэты вір, у якім так лёгка схавацца. Што рабіць, як выйсці?

Жан Вальжан паклаў Марыуса ля сцяны, падышоў да рашоткі і схапіўся абодвума рукамі за бруссі. Але яны нават і не ўзварухнуліся ад штуршка. Ён паспрабаваў звярнуць рашотку — дарэмна. Яна сядзела вельмі моцна. Перашкода была непераможнай. Ніякай магчымасці адчыніць рашотку.

Няўжо-ж тут і спыніцца? Што рабіць? Як быць? Вярнуцца назад у яго нехапала сіл. Ды і як прайсці другі раз праз багну, з якой ён выратаваўся толькі цудам? Куды ісці? Калі і былі выхады ў іншых месцах, то і яны, напэўна, загароджаны такім-жа самым спосабам. Ён выратаваўся і папаў у турму.

Усё скончана. Тое, што ён зрабіў, аказалася бескарысным. Абодвух ахутала бясконцая, цёмная пеляна смерці, і Жан Вальжан адчуваў калыханне яе злавесных крылляў над сваёй душой.

Ён павярнуўся спіной да рашоткі і ўпаў на калені ля цела Марыуса, схіліўшы галаву да зямлі. Няма выхаду! Гэта была апошняя кропля поўнай роспачы.

Аб кім думаў ён у гэты цяжкі момант? Не аб сабе, не аб Марыусе. Ён думаў аб Казеце.

Пасярод гэтага здрантвення ён раптам адчуў, як на яго плячо апусцілася чыясьці рука і нейчы голас вымавіў:

— Давай напалам!

Хтосьці быў у гэтай цемры. Жан Вальжан падумаў, што ён трызніць. Ён не чуў нічыіх крокаў. Ці можа быць? Ён узняў вочы.

Перад ім стаяў чалавек.

Чалавек гэты апрануты быў у блузу і босы; чаравікі ён трымаў у левай руцэ і зняў іх, відавочна, для таго, каб нячутна падыйсці да Жана Вальжана.

Ні хвіліны не сумняваючыся, гэты апошні пазнаў Тэнард’е. Не гледзячы, аднак, на страшнае здзіўленне ад гэтай нечаканай сустрэчы, ён хутка аўладаў сабою і нічым не выдаў свайго стану. Ён чагосьці чакаў.

Тэнард’е не пазнаў свайго субяседніка, таму што Жан Вальжан стаяў спіною да святла. Жан Вальжан адразу ж зразумеў гэта і маўчаў. Тэнард’е загаварыў першы.

— Як ты выйдзеш адсюль? — запытаў ён.

Жан Вальжан маўчаў. Тэнард’е сказаў.

— Узламаць дзверы немагчыма, а выйсці табе неабходна.

— Гэта праўда, — вымавіў Жан Вальжан.

— Дык падзелімся папалам.

— Чагож ты хочаш?

— Ты забіў гэтага чалавека, гэта добра. Але затое ў мяне ёсць ключ ад дзвярэй. Я цябе не ведаю, але хачу дапамагчы. Ты, напэўна, прыяцель.

Жан Вальжан пачаў разумець. Тэнард’е лічыў яго за забойцу.

— Слухай, таварыш, — сказаў Тэнард’е. — Забіўшы гэтага чалавека, ты, напэўна, зірнуў у яго кішэні. Дай мне палавіну, а я табе адчыню дзверы. Паглядзі, вось і ключ.

І ён напалову высунуў з кішэні і паказаў Жану Вальжану вялізны жалезны ключ. Жан Вальжан быў здзіўлены.

— Ну, дык як-жа, скончым? — пачаў зноў Тэнард’е. — Ты бачыў ключ, цяпер пакажы мне грошы.

Гаворачы такім чынам, Тэнард’е, здавалася, усё чагосьці баяўся. Ён прыцішыў голас, часамі нават змаўкаў, нібы да чагосьці прыслухоўваючыся, быццам баяўся, што хто-небудзь яго пачуе.

— Сколькі-ж ты знайшоў пры ім? — запытаў ён.

Жан Вальжан пачаў капацца ў сваіх кішэнях. Як вядома, у яго была прывычка заўсёды мець пры сабе грошы; на гэты раз, аднак, ён, пераапранаючыся напярэдадні ў нацыянальны мундзір, забыў выняць з свайго сурдута партманет. У кішэні ў камізэльцы ён знайшоў усяго-на-ўсяго адзін залаты і некалькі дробных срэбных манет.

— Ну, не разжыўся-ж ты з яго, — заўважыў Тэнард’е, пералічыўшы грошы.

І ён сам пачаў бесцырамонна абмацваць кішэні Марыуса і Жана Вальжана. Жан Вальжан, галоўным чынам клапоцячыся аб тым, каб не паварочвацца да святла, даў яму

Выява

Жан Вальжан адчуў, як чыясьці рука апусцілася на яго плячо.

поўную волю дзеянняў. Тэнард’е тым часам непрыкметна адарваў кавалак адзення Марыуса, разлічваючы, напэўна, пасля выкрыць забойцу з дапамогай гэтага кавалка.

Але ён нічога больш не знайшоў і, забыўшы пра ўмову падзяліцца папалам, паклаў усе грошы сабе ў кішэню і сказаў:

— Не варта забіваць людзей з-за такога глупства. А цяпер, сябра, ты павінен выйсці адсюль. Ты заплаціў за выхад.

І ён засмяяўся. Потым ён дапамог Жану Вальжану ўскласці Марыуса на плечы, падышоў на дыбачках да рашоткі, зрабіўшы знак Жану Вальжану ісці за ім, зірнуў праз перакладзіны і, прыклаўшы палец да губ, аставаўся некалькі хвілін у нерашучасці. Потым асцярожна ўсунуў ключ у замок і адпёр дзверы. Яны адчыніліся на сваіх петлях без ніякага шуму: відавочна, петлі добра былі намазаны і адчыняліся часцей, чым думалася. Клаака належала нейкай патаемнай шайцы; у праходах чутны былі сумныя крокі злачынства.

Тэнард’е адчыніў дзверы настолькі, каб прапусціць Жана Вальжана з яго ношкай, потым зараз-жа зноў зачыніў іх і два разы павярнуў ключ у замку, не робячы аніякага шолаху. Праз хвіліну ёк знік у цемры галярэі. Жан Вальжан апынуўся пад адкрытым небам.


XLVI

ЖАН ВАЛЬЖАН ЗЛОЎЛЕНЫ

Ён ціха паклаў Марыуса на зямлю.

Ён быў на волі. Міязмы, цемра, жах — усё гэта асталося ззаду за ім. Чыстае, здаровае паветра, якім дыхалася лёгка і вольна, абдымала яго з усіх бакоў. Вакол цішыня, але цішыня радасная, якая спускаецца ў летні вечар пасля захаду сонца. Настаў змрок, насоўвалася ноч, гэтая вялікая збавіцельніца, сябра ўсіх, хто мае патрэбу ў пакрыцці цемры, каб выйсці з трывогі. Неба бязмежна рассцілалася над галавою. Рака ласкава плёскалася ля яго ног. Некалькі зорак запалілася на зеніце. Ціхі вечар спаткаў Жана Вальжана ва ўсім сваім чароўным спакоі.

Некалькі хвілін аставаўся Жан Вальжан пад уражаннем гэтага ачаравання. Бываюць моманты забыцця; пакуты перастаюць мучыць няшчаснага; спакой ахапляе яго, як цёмная ноч, і ў гэтай цемры, падобна да нябёсаў, усеяных свяціламі, душа ззяе, як зорка. Задуменна аддаўся Жан Вальжан сузіранню гэтых неабсяжных нябёсаў над яго галавой, але потым, нібы ўспомніўшы раптам свой абавязак, ён нахіліўся да Марыуса і, зачэрпнуўшы рукою крыху вады, ціха пырснуў яму некалькі кропель на твар. Павекі Марыуса не расплюшчваліся. Поўадкрыты рот, аднак, слаба дыхаў.

Жан Вальжан хацеў яшчэ раз набраць вады, як раптам адчуў, што хтосьці стаіць у яго за спіной. Мы ў адным месцы ўжо паказвалі на гэтае дзіўнае адчуванне.

Ён абярнуўся. Сапраўды, хтосьці стаяў недалёка ад яго.

Гэта быў чалавек высокага росту, апрануты ў зашпілены даверху сурдут, з кісцянём у руцэ. Ён быў падобны ў змроку да нейкай здані.

Жан Вальжан пазнаў Жавера.

Чытач здагадаўся, што праследвальнік Тэяард’е быў ні хто іншы, як Жавер. Выратаваўшыся так нечакана ад смерці раніцою гэтага-ж самага дня, ён адправіўся проста з барыкады да прэфекта паліцыі, расказаў яму ўсё, што з ім здарылася, і адразу-ж зноў прыступіў да выканання сваіх абавязкаў. У Елісейскіх палях ён заўважыў Тэнард’е і пачаў за ім сачыць. Астатняе вядома.

Жан Вальжан з адной пасткі трапіў у другую. Тэнард’е трэба было чым-небудзь адцягнуць увагу Жавера ад сябе, таму ён так паспешліва і з такою лёгкасцю выпусціў Жана Вальжана.

Жавер не пазнаў яго. Не выпускаючы сваёй зброі, а наадварот, мацней сціснуўшы яе ў руцэ, ён запытаў спакойным і адрывістым тонам:

— Хто вы такі?

— Гэта я.

— Хто?

— Жан Вальжан.

Жавер хутка нагнуўся да твара Жана Вальжана, паклаў абедзве рукі яму на плечы, угледзеўся і пазнаў яго. Твары іх амаль судакраналіся.

Позірк Жавера быў жахлівы.

Жан Вальжан аставаўся спакойны пад яго позіркам. Нарэшце, ён сказаў:

— Інспектар Жавер, я ў вашых руках. Апрача таго, з сёнешняй раніцы я гляджу на сябе, як на вашага палоннага. Я не для таго даў вам свой адрас, каб старацца ўцячы ад вас. Вазьміце мяне. Толькі дапамажыце мне зрабіць адну рэч.

Жавер, здавалася, нічога не чуў. Ён па-ранейшаму пільна глядзеў на Жана Вальжана. Нарэшце, ён выпрастаўся і, як у сне, хутчэй прамармытаў, чым праказаў:

— Што вы тут робіце, і што гэта за чалавек?

Ён увесь гэты час гаварыў Жану Вальжану „вы“. — Вось іменна пра яго я і хацеў пагутарыць з вамі, — адказаў Жан Вальжан. Гук яго голасу нібы абудзіў Жавера. — Распараджайцеся мною, як хочаце, але перш дапамажыце мне адвезці яго на яго кватэру. Толькі аб адным гэтым прашу вас.

Твар Жавера сказіўся, як заўсёды, калі яго прасілі аб якой-небудзь уступцы, але ён, аднак, не сказаў „не“.

Ён зноў нагнуўся, намачыў насавую хустачку ў вадзе і выцер ёю акрываўлены лоб Марыуса.

— Гэты чалавек быў на барыкадах, — праказаў ён упоўголаса, нібы пра сябе. — Гэта той, якога звалі Марыусам.

І ён узяў руку юнака, адшукваючы пульс.

— Гэта ранены, — сказаў Жан Вальжан.

— Гэта мёртвы, — сказаў Жавер.

— Не яшчэ, — адказаў Жан Вальжан.

— Ці вы яго сюды прынеслі з барыкады? — запытаў Жавер.

Напэўна, ён быў чым-небудзь вельмі паглынуты, калі не запытаў нават, якім чынам адбылося выратаванне, і не заўважыў, што Жан Вальжан нічога не адказаў на яго пытанне.

Жан Вальжан, з свайго боку, быў нечым вельмі заклапочаны. Ён праказаў:

— Ён жыве ў Марэ, вуліца Філь дзю Кальвер, у сваяка... Не памятаю яго прозвішча.

І ён зноў выхапіў з кішэні Марыуса яго запісную кніжку, разгарнуў яе і падаў Жаверу.

Было яшчэ настолькі светла, што Жавер сваімі рысінымі вачыма мог прачытаць напісанае.

„Жыльнарман, — прачытаў ён, — вуліца Філь дзю Кальвер, нумар шэсць“.

Потым крыкнуў:

— Фурман!

Фіякр, які ўвесь час стаяў на наберажнай, праз хвіліну з’ехаў па спуску да ракі, і Жан Вальжан з дапамогаю Жавера перанёс Марыуса ў экіпаж. Жавер і Жан Вальжан селі поруч на лавачцы насупраць.

Унутры карэты панавала мёртвае маўчанне. Нерухомае, безжыццёвае цела Марыуса з раскінутымі рукамі, з галавою, апушчанаю на грудзі, чакала, здавалася, толькі труны. Жан Вальжан быў падобны да ценю. Жавер здаваўся каменнай статуяй. І ў гэтай карэце, поўнай цемры, нутро якой зрэдку азаралася мярцвяным святлом вулічных ліхтароў, нібы маланкай, выпадак злучыў, паставіў твар у твар тры страшныя нерухомасці: труп, здань і статую. Была глухая ноч, калі карэта спынілася на вуліцы Філь дзю Кальвер, перад домам № 6.

Жавер вышаў першы і пастукаўся ў дзверы. Жан Вальжан і фурман вынеслі, між тым, Марыуса з экіпажа. Жан Вальжан зноў паслухаў сэрца і ўпэўніўся, што яно яшчэ б’ецца, нават мацней чым раней, нібы трасяніна зкіпажа ўзбудзіла яго.

У варотах паказаўся дворнік. Жавер звярнуўся да яго і запытаў:

— Ці тут жыве нехта па імю Жыльнарман?

— Тут. Што вам трэба?

— Яму прывезлі яго сына.

— Сына? — перапытаў дворнік, нічога не разумеючы.

— Ён памёр. Ён быў на барыкадзе, і яго там забілі. Вось і ўсё. Ідзіце-тка разбудзіце бацьку.

Дворнік не рухаўся з месца.

— Ідзіце-ж! — закрычаў Жавер і дадаў: — Заўтра тут будзе пахаванне.

Дворнік разбудзіў лакея, той — пакаёўку. Пакаёўка падняла на ногі мадэмуазель Жыльнарман. Што датычыць старога, то яго не трывожылі, рашыўшы, што ён заўсёды паспее даведацца пра гэтую навіну.

Марыуса перанеслі ў дом і паклалі на шырокую канапу ў пакоі побач з пакоем старога. Адразу-ж паслалі па доктара.

Калі ўсё прыведзена было ў парадак, Жавер дакрануўся да пляча Жана Вальжана.

Той зразумеў, што час адпраўляцца.

Яны вышлі на вуліцу і зноў селі ў карэту.

— Інспектар Жавер, — сказаў Жан Вальжан, — у мяне да вас яшчэ адна просьба.

— Якая? — запытаў сурова Жавер.

— Дазвольце мне на хвіліну зайсці дадому. А потым рабіце са мною, што хочаце.

Жавер памаўчаў некалькі хвілін, схаваўшы падбародак ў каўнер, потым апусціў пярэдняе акно і сказаў фурману:

— На вуліцу Ом Армэ, нумар сем!

За ўвесь час дарогі ні той, ні другі не вымавілі ні слова.

Што хацеў зрабіць Жан Вальжан? Дакончыць пачатае: папярэдзіць Казету і сказаць ёй, дзе знаходзіцца цяпер Марыус, потым даць ёй некалькі карысных, мабыць, указанняў і зрабіць апошнія распараджэнні. Што датычыць асабіста яго, то ўсё скончана: ён узят Жаверам і не будзе больш старацца ўцячы ад яго.

Ля ўваходу на вуліцу Ом Армэ фіякр спыніўся, таму што вуліца была такая вузкая, што карэта праехаць там не магла. Жавер і Жан Вальжан вышлі.

Жавер расплаціўся з рамізнікам і адпусціў яго, потым з Жанам Вальжанам пайшоў па вуліцы да дома № 7. Жан Вальжан пастукаўся, і дзверы адчыніліся.

— Ідзіце, — сказаў Жавер. — Я пачакаю вас тут.

Жан Вальжан зірнуў на свайго спадарожніка. Гэтага роду дзеянні зусім не былі падобны да Жавера, які аказваў яму цяпер высокамернае давер’е кошкі, што дае волю злоўленай мышы на адлегласці працягнутай лапы. Жан Вальжан увайшоў у дом і падняўся па лесніцы.

Узышоўшы наверх, ён спыніўся. Усе сумныя шляхі маюць астаноўкі. Акно на лесвіцы, якое выходзіла на вуліцу, было адчынена. Цьмянае святло вулічнага ліхтара асвятляла прыступкі. Жан Вальжан — ці для таго, каб удыхнуць свежае паветра, ці проста несвядома — высунуў галаву з акна. Ён зірнуў на вуліцу і аслупянеў ад здзіўлення: ля дзвярэй дома нікога больш не было. Жавер пайшоў.

XLVII

ДЗЕД

Марыус, як і раней, ляжаў нерухома распасцёрты на канапе, куды яго перанеслі з карэты. З’явіўся доктар. Цётка Жыльнарман мітусілася па пакоі ўзад і ўперад, ламаючы рукі і паўтараючы кожную хвіліну імя госпада.

Доктар аглядзеў рану, абмыў яе і, упэўніўшыся, што ўсе косці цэлы і сур’ёзных пашкоджанняў няма ніякіх, загадаў перакласці яго на ложак, галаву некалькі ніжэй за тулава, каб было вальней дыхаць.

У тую хвіліну, калі доктар выціраў лоб і ціхенька прыпадымаў пальцамі павекі Марыуса, дзверы суседняга пакоя адчыніліся, і на парозе з’явілася доўгая, бледная постаць.

Гэта быў дзед.

Мяцеж гэтыя два дні вельмі хваляваў і абураў пана Жыльнармана. Усю папярэднюю ноч ён не мог заснуць, і цэлы дзень яго трэсла ліхарадка. Увечары ён лёг спаць рана, загадаўшы добра заперці дом, і ад стомленасці крыху заснуў.

Сон старога вельмі чуткі. Колькі ні стараліся рабіць як мага менш шуму ў гасцінай, сумятня ўсё-такі разбудзіла яго. Здзіўлены паласою святла, якое прабілася праз шчыліну дзвярэй, ён устаў з пасцелі і ўвайшоў у зал.

Ён стаяў ля расчыненых дзвярэй, абапіраючыся на іх ручку, некалькі нахіліўшы наперад галаву, захутаны ў доўгі белы халат без складак, як у саван. Ён быў падобны да здані, якая заглядае ў магілу.

Ён убачыў ложак і акрываўленае цела чалавека, распасцёртага на ім. Гэтае цела, голае да пояса, з бледным тварам і заплюшчанымі вачыма, ярка асвятлялася трыма запаленымі васкавымі свечкамі.

Дзед затрапятаў з галавы да ног, вочы раптам зацягнуліся нейкім шклопадобным туманам, і ўвесь твар адразу набыў выраз нябожчыка. Калені яго задрыжэлі, і ў прарэзе халата паказаліся жалкія, сухія ногі. Ён прашаптаў:

— Марыус!

— Яго толькі што прынеслі з барыкады, судар, — сказаў слуга.

— Ён памёр! — ускрыкнуў стары страшным голасам. — А, разбойнік!

І раптам выпрастаўшыся ва ўвесь свой вялікі рост, ён звярнуўся да доктара і запытаў:

— Перш за ўсё, доктар, скажыце мне проста: ці ён памёр ці не?

Доктар, ахоплены хваляваннем, маўчаў.

Пан Жыльнарман заламіў рукі і засмяяўся страшным смехам.

— Ён памёр, ён мёртвы! — крычаў ён. — Ён даў сябе забіць на барыкадах з нянавісці да мяне. Ён зрабіў гэта мне назло! А, кровепіўца! Дык вось як ён вяртаецца да мяне! Гора мне, ён мёртвы!

Ён падышоў да акна, расчыніў яго, нібы яму не хапала паветра, і гаварыў далей, утаропіўшыся вачыма ў начную цемру:

— Ранены, пасечаны, парэзаны на кавалкі! Такі нягоднік. Ён добра ведаў, што я чакаю яго цэлыя гады, і варта яму толькі вярнуцца, каб зрабіцца поўным уладаром у доме. Усе слухаліся-б цябе, і ты круціў-бы сваім старым дуралеем дзедам, як табе патрэбна. Усё гэта ты добра ведаў і знарок пайшоў на барыкады, каб цябе забілі. І ўсё гэта для таго толькі, каб насаліць мне. Вось гнуснасць! Ён памёр! Спіце пасля гэтага спакойна!

Доктар пачынаў непакоіцца за абодвух. Стары быў нібы звар’яцелы. Доктар падышоў і ўзяў яго за руку. Жыльнарман зірнуў на яго бяссэнсоўнымі вачыма і сказаў холадна:

— Дзякую вам, я спакойны. Я бачыў жахі ў сваім жыцці і прывык да іх. Але як прыкра бачыць, калі вам прыносяць у такім выглядзе вашых дзяцей! Ах, Марыус! Гэта нікуды не варта — памерці раней за мяне! Забіты на барыкадзе! Ах, разбойнік! Не думайце, доктар, што я злуюся на яго, неразумна злавацца на мёртвых. Але я выхаваў яго, сачыў за яго гульнымі, за яго дзіцячым мілым лепятаннем. Маці яго памерла; ён быў тады яшчэ такі маленькі, ружовы, белакуры. Памятаю аднойчы ў садзе, у Тюільры, яго абступілі, гаворачы: „Які прыгожы хлопчык!“ У яго была галава, як малююць на карцінках. Раніцою ён уваходзіў да мяне, і я гаварыў з ім грубым голасам і нібы злаваўся, а ў сапраўднасці мне здавалася, што ў пакой з яго прыходам пранікаў сонечны прамень. Ну, і што вы цяпер скажаце на гэта, што яго ў мяне забілі! Гэта немагчыма!

Ён зноў падышоў да непрытомнага Марыуса, усё яшчэ бледнага і нерухомага, і заламіў рукі. Пасінелыя губы штосьці шапталі, і асобныя словы з хрыпам выляталі з яго грудзей.

— Даць сябе забіць! З-за чаго? Яму-ж толькі дваццаць год! Памерці, не азірнуўшыся нават на тое, што пакідаеш ззаду за сабой! Ну, ды што гаварыць, я таксама ўжо ўсёроўна што памёр! Якое шчасце! Усё скончыцца адразу. І калі ты, разбойнік, даў сябе забіць ні за што, ні за якое, дык і я ніколькі і не засмучуся тваёй смерцю. Чуеш, разбойнік, ніколькі!

У гэтую хвіліну Марыус паволі расплошчыў вочы, і позірк яго, яшчэ затуманены, спыніўся на пане Жыльнармане.

— Марыус! — ускрыкнуў стары. — Марыус, дзіця маё! Мой дарагі сын! Ты адплюшчыў вочы, ты глядзіш на мяне, ты жывы! О, дзякую!

І ён страціў прытомнасць.

XLVIII

ЖАВЕР ЗЫХОДЗІЦЬ СА СЦЭНЫ

Жавер ціхімі крокамі ішоў з вуліцы Ом Армэ. Ён ішоў, схіліўшы галаву ў першы раз у сваім жыцці і заклаўшы рукі назад таксама ў першы раз у жыцці.

Да гэтага часу поза яго заўсёды выражала рашучасць; цяпер-жа адбылася перамена. Уся яго постаць, панурая і марудлівая, прасякнута была глыбокім хваляваннем. Ён паглыбіўся ў пустынныя вуліцы, але трымаўся, як відаць, пэўнага кірунку.

Самым кароткім шляхам ішоў ён да Сены і спыніўся на наберажнай. Ля ног у яго страшэнна бурліла і пенілася вада, якая ўтварала вадаварот у гэтым месцы. Судноўшчыкі старанна ўнікаюць трапляць сюды. Выратавацца амаль немагчыма. Лепшыя плаўцы топяцца. Жавер узлакаціўся на парапет, уткнуў падбародак у далоні і задумаўся. Ён страшэнна мучыўся. Ён адчуваў нейкую глыбокую збянтэжанасць, нібы сумленне яго раздвоілася. Становішча было нязноснае.

Быць абавязаным жыццём злачынцу, апынуцца, мімаволі, на адным узроўні з катаржнікам, плаціць яму паслугай за паслугу і ў адказ на яго „ўбірайся“ сказаць: „ты вольны“, афяраваць абавязкам асабістым матывам, здрадзіць грамадству для свайго сумлення, — ён не мог дапусціць думкі, каб такая бязглуздзіца магла быць створана ім. Яго глыбока здзівіла, што Жан Вальжан злітаваўся над ім, але яшчэ больш здзівіла тое, што ён, Жавер, сам дараваў Жану Вальжану.

Да чаго ён дайшоў, дзе апынуўся! Ён не пазнаваў самога сябе!

Што рабіць цяпер? Узяць Жана Вальжана — дрэнна, пакінуць яго на волі, — дрэнна. У першым выпадку прадстаўнік улады падаў ніжэй за катаржніка, у другім — злачынец таптаў нагамі закон. І тае і другое было бясчэсцем для Жавера.

Яго ўчынак кідаў яго ў дрыжыкі. Як гэта ён, Жавер, адважыўся вызваліць злачынца наперакор усім грамадскім і судовым парадкам і паставіў свае асабістыя справы вышэй сваіх абавязкаў? Пры гэтай думцы ён гатовы быў вярнуцца на вуліцу Ом Армэ і схапіць Жана Вальжана. Але ён не мог гэтага зрабіць: штосьці перагароджвала яму шлях.

Што-ж гэта такое было? Хіба-ж ёсць на свеце што-небудзь іншае, апрача судоў, улады, паліцыі? Думкі Жавера блыталіся. Яго гняло велікадушша Жана Вальжана. Жавер адчуваў, што ў яго душу пранікае нешта жахлівае — здзіўленне перад катаржнікам. Павага да арыштанта? Хіба гэта магчыма? Ён уздрыгваўся, але не ў сілах быў адагнаць гэтага пачуцця і павінен быў у глыбіні сваёй душы прызнаць маральную вышыню гэтага адвержанага. Гэта было немагчыма.

Дабрадзейны злодзей, літасцівы катаржнік, які плаціць за зло дабром і мяняе помсту на літасць, губіць самога сябе і ратуе ворага свайго! Жавер павінен быў прызнацца, што такое дзіва існуе.

Потым думкі яго звярталіся да самога сябе, і поруч з узросшым Жанам Вальжанам ён бачыў сябе, Жавера, прыніжаным.

Катаржнік быў яго дабрадзеем!

Навошта ён дазволіў гэтаму чалавеку дараваць сабе жыццё? Ён павінен быў прымусіць расстраляць сябе, паклікаўшы другіх інсургентаў[80]. Гэта было-б лепш.

Цяпер-жа глеба нібы выслізнула з-пад яго ног. Закон астаўся нейкім абломкам у яго руках. Цэлы новы свет адкрыўся яго ўнутраным вачам. Сярод цемры ён бачыў усход нейкага невядомага сонца і быў спалоханы і аслеплены яго праменнямі. Ён павінен быў прызнацца, што дабрата існуе на свеце. Гэты катаржнік быў добры, і сам ён надзвычайная рэч! — выказаў дабрату. Ён назваў сябе баязліўцам і спалохаўся самога сябе. Ён здрадзіў сабе. Ён сам не мог зразумець, як гэта здарылася, і ў роспачы сціскаў галаву рукамі.

Ён прайшоўся некалькі разоў узад і ўперад па наберажнай, потым зноў спыніўся на ранейшым месцы і ў ранейшай позе, нібы і не зыходзіў з месца.

Цемра была страшэнная. Густыя хмары завалаклі зоркі; нідзе не мільгала ніякага агеньчыка. Ні душы на вуліцах. Ліхтар кідаў цьмянае чырванаватае святло на наберажную. Сілуэты мастоў зліваліся з цемрай.

Жавер нахіліў галаву і паглядзеў уніз. Усё было чорна. Нічога нельга было адрозніць. Чутны быў толькі шум вады, ракі-ж не было відаць. Часам мільгала святло, звіваючыся, як змяя, — фасфарычная ўласцівасць вады давала святло нават сярод непранікальнай цемры. Іскра гасла, ізноў наставала цемра. Здавалася, унізе было прадонне. Стромкая сцяна наберажнай рабіла ўражанне кручы над прадоннем.

Нічога не было відаць, але адчуваўся ледзяны холад вады. Суровае дыханне ўзнімалася з гэтага віру. Думка аб магчымасці падзення ў яго наводзіла жах.

Жавер аставаўся некалькі хвілін нерухомым, гледзячы ў гэтую адкрытую цемру. Ён узіраўся ў нябачнае з вялікай увагай. Вада журчэла. Раптам ён зняў капялюш і паставіў яго на край парапета. Праз хвіліну высокая чорная постаць, якую здалёк прахожы палічыў-бы за здань, паказалася на парапеце, схіліўшыся над ракой. Потым яна выпрасталася і ўпала ў цемру. Пачуўся глухі плёск. Адна толькі цемра пазнала таямніцу перадсмяротных сударгаў гэтай чорнай постаці, якая знікла пад вадой.

XLIX

МАРЫУС ВЯДЗЕ АТАКУ НА ДЗЕДА

Марыус доўгі час знаходзіўся паміж жыццём і смерцю. На працягу некалькіх тыдняў у яго была страшная ліхарадка, ён трызніў і быў непрытомны. Цэлымі начамі паўтараў ён імя Казеты з нейкай пахмурай упартасцю. Пан Жыльнарман даходзіў да шаленства ад гора, не адыходзіў ад узгалоўя ўнука і таксама, як і ён, здавалася, мучыўся тымі-ж самымі ранамі.

Кожны дзень, часам па два разы ў дзень, нейкі пан з белымі, як снег, валасамі, вельмі добра апрануты, прыходзіў даведацца пра здароўе хворага і прыносіў вялікія скруткі корпіі.

Нарэшце, 7 верасня, роўна праз чатыры месяцы пасля таго, як непрытомнага Марыуса прынеслі ў дом яго дзеда, доктар абвясціў, што ручаецца за выздараўленне. Тым не менш Марыус яшчэ два месяцы павінен быў праляжаць, не рухаючыся, у пасцелі, з-за раны ў ключыцы.

У той дзень, калі доктар абвясціў, што небяспека мінула, дзед быў нібы шалёны з радасці. Ён нават пусціўся ў скокі і пачаў спяваць нейкую песеньку. Потым упаў на калені і пачаў маліцца — рэч, якой да гэтага часу ён ніколі не рабіў.

З боязні надакучыць Марыусу або стаміць яго, ён спыніўся ззаду яго і ўсміхаўся. Ён быў задаволены, шчаслівы, вясёлы. Яго белыя валасы надавалі спакойную веліч яго твару, асветленаму радасцю.

Што датычыць Марыуса, то яго ўвесь час паглынала адна толькі думка — Казета.

З таго часу, як ён перастаў трызніць, ён не вымаўляў больш яе імя, але яна ні на хвіліну не выходзіла ў яго з галавы.

Ён не ведаў, што з ёй сталася. Падзея на вуліцы Шанврэры здавалася яму нейкім сном. Няясныя вобразы ў тумане мільгалі ў яго стомленых мазгах. З’яўленне пана Фашлевана рабіла на яго ўражанне загадкі. Ён не разумеў, як ён астаўся жывы, хто выратаваў яго. Яму расказалі тады, што ноччу яго хтосьці прывёз да пана Жыльнармана ў фіякры. Усё астатняе было пакрыта цемрай. Але сярод гэтай цемры ў яго была адна толькі цвёрдая, нерухомая кропка — жаданне знайсці Казету як-бы там не было. Ён рашыў патрабаваць выканання яго ад кожнага, хто хацеў-бы прымусіць яго жыць.

Яго мала цікавілі клопаты і пяшчоты дзеда. Па-першае, яму не ўсё было вядома, а па-другое, ён не давяраў гэтым пяшчотам, думаючы, што іх мэта — пакарыць яго. Дзед дарэмна траціў свае старэчыя ўсмешкі: Марыус аставаўся халодны. Ён думаў, што ўсё ідзе добра, пакуль ён, Марыус, маўчыць, але варта яму заікнуцца аб Казеце, і адразу-ж адновяцца ўсе ранейшыя пярэчанні, насмешкі, супраціўленні, і, нарэшце адмова. Пры гэтым прыпомніліся адносіны дзеда да бацькі, і Марыус упэўніваў сябе, што няма чаго разлічваць на дабрату таго, хто быў такі несправядлівы да нябожчыка. Разам з здароўем у Марыусе зараджалася нейкая жорсткасць у адносінах да дзеда. Дзед пакорліва зносіў усё.

Стары заўважыў, што з таго часу, як унук апрытомнеў, ён ні разу не назваў яго бацькам. Праўда, ён не гаварыў „судар“, але старанна ўнікаў якога-б там ні было слова звароту.

Крызіс, відавочна, набліжаўся. Марыус рашыў у выпадку адмовы сарваць усе павязкі, агаліць незагоеныя яшчэ раны, расхістаць ключыцу і адмовіцца ад яды. Казета або смерць.

Ён пачаў чакаць зручнага выпадку для пачатку барацьбы. Выпадак хутка прадставіўся.

Аднойчы дзед нахіліўся над пасцеллю Марыуса і сказаў яму самым пяшчотным тонам.

— Бачыш, мой мілы Марыус, я на тваім месцы еў-бы цяпер пабольш мяса. Гэта хутчэй паставіла-б цябе на ногі.

Марыус, сілы якога былі адноўлены, сабраўся з духам і, узлакаціўшыся абодвума рукамі на падушкі, гледзячы проста дзеду ў твар, сказаў з пагрозлівым выглядам:

— На гэта я павінен нешта вам сказаць.

— Што такое?

— Я хачу жаніцца.

— Гэта прадугледжана, — адказаў дзед і рассмяяўся.

— Як прадугледжана?

— Так, прадугледжана, ты атрымаеш сваю нявесту.

Марыус, здзіўлены і аслеплены, задрыжэў усім целам. Пан Жыльнарман казаў далей:

— Так, ты яе атрымаеш, тваю цудоўную дзяўчынку. Кожны дзень яна пад выглядам нейкага старога прыходзіць даведвацца аб тваім здароўі. З таго часу, як ты хворы. У яе не высыхаюць вочы і ўсё шчыпле для цябе корпію. Я даведаўся пра яе. Яна жыве на вуліцы Ом Армэ, дом нумар сем. Ты жадаеш яе атрымаць — і атрымаеш. А што, папаўся, хлапец?! Ты, напэўна, рашыў пра сябе пачаць са мною бітву, разлічваў на спрэчкі, сцэны і не ведаў, што я — стары палахлівец. Дык вось, ты прагадаў. Твая грамавая прамова прапала дарэмна. Што-ж, злуйся за гэта, колькі табе ўлезе, а я ўсё-такі зраблю па-твойму. Я сабраў аб ёй звесткі, яна абажае цябе, і мне прыходзіла на думку, каб пасадзіць яе ля твайго ўзгалоўя, як толькі ты пачаў папраўляцца. Ну, але гэта аказалася не зусім зручна для маладзенькай дзяўчыны. Дык вось бачыш, якая мая лютасць? Я ўбачыў, што ты мяне не любіш, і падумаў, што-б мне такое зрабіць, каб гэтая скаціна мяне палюбіла. А, сказаў я сабе, у мяне пад рукою маленькая Казета; аддам вось яе яму, тады ён нехаця палюбіць мяне хоць крыху. А ты, напэўна, думаў, што я забушую, закрычу? Ды не. Казета — няхай Казета; каханне — зрабі ласку; калі ласка, судар, жаніся. Будзь шчаслівы, дзіця маё.

І, сказаўшы гэта, стары зарыдаў.

Ён прытуліў галаву Марыуса да сваіх старых грудзей і абодва плакалі гарачымі слязмі. Гэта было вышэйшае і чалавечае шчасце на зямлі.

— Бацька! — ускрыкнуў Марыус.

— Дык ты мяне любіш? — запытаў стары.

Гэта была неапісальная хвіліна. Абодва яны не маглі вымавіць ні слова ад хвалявання. Нарэшце, стары праляпятаў:

— Ну, нарэшце-то ён назваў мяне бацькам!

Марыус узняў галаву з грудзей дзеда і ціха сказаў:

— Цяпер-жа я здаровы, бацька, значыць, я магу яе і бачыць?

— Вядома, ты ўбачыш яе заўтра, — адказаў дзед.

— Чаму-ж не сёння?

— Ну, сёння, дык сёння. Зараз распараджуся.

І ён вышаў з пакоя аддаць загад.

Праз гадзіну ці дзве Марыус і Казета ўбачыліся.

Мы адмаўляемся апісваць гэтае спатканне. Ёсць рэчы, якія не паддаюцца апісанню. Няма чаго і спрабаваць рабіць гэта.

Уся сям’я, не выключаючы і слуг, сабралася ў пакоі Марыуса, калі ўвайшла Казета. Яна з’явілася на парозе, нібы акружаная ззяннем. Дзед зірнуў на яе і праказаў:

— Чароўная!

— Казета была ў захапленні. Яна была ашаломлена шчасцем. Яна штосьці бяссувязна лепятала, то бляднела, то чырванела, хацела кінуцца Марыусу на шыю і не адважылася гэтага зрабіць. Ёй было сорамна пры ўсіх выяўляць сваё каханне.

Разам з Казетай, ззаду за ёю, у пакой увайшоў чалавек з зусім белымі валасамі, са строгім тварам, але з усмешкай на вуснах. Гэта быў пан Фашлеван: гэта быў Жан Вальжан.

Ен быў вельмі добра апрануты, у чорным зусім новым адзенні з белым гальштукам на шыі. Увайшоўшы ў пакой Марыуса, ён спыніўся ля парога. У руках у яго быў нейкі скрутак, падобны да кнігі.

Пан Жыльнарман павярнуўся да яго і, далікатна кланяючыся, праказаў:

— Пан Траншлеван... Ён сказаў гэта не знарок, але няўважлівасць да прозвішчаў была яго арыстакратычнай замашкай.

— Пан Траншлеван, маю гонар прасіць рукі вашай дачкі для майго ўнука, барона Марыуса Панмерсі.

„Пан Траншлеван“ пакланіўся.

— Вырашана, — вымавіў дзед і, павярнуўшыся да Марыуса і да Казеты, дадаў:

— Дазваляецца вам абажаць адзін аднаго.

Яны не прымусілі паўтараць сабе гэта.

Між імі пачалося шчабятанне. Яны гутарылі ціха, схіліўшыся адзін да аднаго. Казета расказвала свае хваляванні і трывогі. Марыус маўкліва глядзеў на яе, захапляючыся гукамі яе голасу. Потым яны змоўклі і, не гаворачы ні слова, ціха паціскалі адзін аднаму рукі.

Дзед сеў поплеч з імі і злучыў іх рукі ў сваіх.

— Якая цудоўная крошка, сапраўднае цуда, гэтая наша Казета! Кахайце адзін аднаго, дзеці мае. Абажайце адзін аднаго. Але вось бяда, — раптам вымавіў ён, нахмурыўшы бровы, — я і забыўся, што палова маёй маёмасці змешчана ў пажыццёвую рэнту, і пакуль я жывы, то яшчэ туды-сюды, а калі я памру, год праз дваццаць вы, мае бедныя дзеці, астанецеся без граша. І што вы будзеце рабіць, мая маленькая баранесачка, сваімі беленькімі ручкамі?

Раптам у пакоі пачуўся спакойны і сур’ёзны голас, які вымавіў:

— Дзяўчына Фашлеван мае шэсцьсот тысяч франкаў.

Гэта быў голас Жана Вальжана.

Увесь гэты час ён не гаварыў ні слова, і ніхто, здавалася, не ведаў, што ён тут. Ён бязмоўна стаяў ззаду ў гэтых шчаслівых людзей.

— Шэсцьсот тысяч франкаў! — ускрыкнуў Жыльнарман.

— Без чатырнаццаці або пятнаццаці тысяч, магчыма, — сказаў Жан Вальжан.

І ён паклаў на стол скрутак, які трымаў у руцэ. Ён сам развязаў яго. Гэта аказалася звязка банкавых білетаў. Іх разгарнулі і пералічылі: пяцьсот білетаў па тысячы франкаў і сто шэсцьдзесят восем па пяцьсот. Усяго пяцьсот васемдзесят чатыры тысячы франкаў.

Марыус і Казета глядзелі адзін на аднаго і амаль не заўважалі, што рабілася навокал.

З усяго свайго вялізнага багацця Жан Вальжан пакінуў сабе ўсяго пяцьсот франкаў.

— Паглядзім пасля, — сказаў ён сабе.

Жан Вальжан ведаў, што збавіўся, нарэшце, ад Жавера.

Пры ім расказвалі, ды і сам ён прачытаў у газетах, што паліцэйскі інспектар па імю Жавер быў знойдзены ўтонуўшым пад прачашным плытам. Мяркуючы па ўсяму, ён адважыўся на самагубства ў прыпадку вар’яцтва, таму што ўся службовая дзейнасць яго была бездакорная.

„І сапраўды, — падумаў Жан Вальжан, — трымаць мяне ў руках і адпусціць на волю — гэта адно ўжо паказвае, што ён звар’яцеў“.

L

ВЯСЕЛЛЕ

Пачалі рыхтавацца да вяселля. Доктар рашыў, што мяркуючы па здароўю Марыуса, яно можа адбыцца ў лютым месяцы. Цяпер-жа быў снежань.

Дзед усё больш і больш захапляўся і прывязваўся да Казеты. Ён асыпаў яе падарункамі і ласкамі. Казета была бясконца шчаслівая.

З свайго боку, Жан Вальжан стараўся аформіць грамадскае палажэнне Казеты. Ён абвясціў, што яна круглая сірата, апошні член вымершага роду Фашлеванаў, таму што яна не яго дачка, а дачка другога Фашлевана, які памёр ужо. На падставе гэтых даных было складзена метрычнае пасведчанне, і такім чынам Казета афіцыяльна зрабілася дзяўчынай Фашлеван.

Што датычыць пяцісот васьмідзесяці чатырох тысяч франкаў, то гэтая сума завешчана Казеце асобай, якая пажадала астацца невядомай. Усё здавалася вельмі проста і натуральна, а калі і былі ва ўсім гэтым якія-небудзь дзіўнасці, то на іх не звярнулі ўвагі.

Казета не асабліва засмучалася, даведаўшыся, што той, каго яна на працягу столькіх год лічыла сваім бацькам, зусім не яе бацька. У іншы час гэта прынесла-б ёй вялікае гора, але ў тым стане, у якім яна знаходзілася зараз, вестка гэтая прамільгнула ледзь прыкметным воблакам у яе душы. Яна, між іншым звала, як і раней, Жана Вальжана бацькам.

Марыус і Казета бачыліся кожны дзень. Казета прыходзіла з панам Фашлеванам, і хоць, на думку дзяўчыны Жыльнарман, згодна прынятых звычаяў, нявесце прыходзіць да жаніха не належала, прышлося, аднак, з гэтым згадзіцца з-за хваробы Марыуса. Апрача таго, дом пана Жыльнармана быў куды зручнейшы за ўбогую кватэру на вуліцы Ом Армэ. Марыус і пан Фашлеван амаль не гутарылі адзін з адным. Здавалася, гэта было паміж іх умоўлена. Зрэдку толькі абменьваліся яны кароткімі фразамі.

У думках Марыус задаваў шмат пытанняў пану Фашлевану, які адносіўся да яго заўсёды з халоднай ветлівасцю. У памяці Марыуса асталося некалькі прабелаў, якія ён ніяк не мог запоўніць. Ён часта запытваў у сябе, ці можа быць, што ён бачыў пана Фашлевана на барыкадах, яго, чалавека такога спакойнага і сур’ёзнага? І ўсё мінулае раптам у смутных, няясных вобразах уваскрэсла перад ім, і ён запытваў у сябе, ці было ўсё гэта ў сапраўднасці калі-небудзь і сам ён ці той чалавек, што быў раней?

Пан Фашлеван заняў месца сярод гэтых згаслых зданяў мінулага. Марыус не мог сабе ўявіць, каб пан Фашлеван, які быў на барыкадах, быў той-жа самы, якога ён бачыў цяпер перад сабою, побач з Казетай. Відавочна, той вобраз быў навеяны кашмарам, і яму і на думку не прыходзіла задаць хоць якое-небудзь пытанне сапраўднаму Фашлевану. Раз толькі ён зрабіў спробу. У гутарцы ён упамянуў нібы выпадкова вуліцу Шанврэры і, звяртаючыся да пана Фашлевана, запытаў:

— Вы ж добра ведаеце гэтую вуліцу?

— Якую?

— Вуліцу Шанврэры.

— Уяўлення аб ёй не маю, — адказаў Фашлеван самым натуральным тонам у свеце.

Адказ, які датычаў самой вуліцы, а не таго, што адбывалася ў ёй, зусім пераканаў Марыуса ў яго заблуджэнні, і ён падумаў:

„Сапраўды, я трызню. Мне ўсё гэта прымярэшчылася. Гэта хто-небудзь, да яго падобны. Пан Фашлеван і не думаў быць там“.

Як не вяліка, аднак, было ачараванне Марыуса, яно не згладзіла з яго памяці іншых турбот. Пакуль рыхтаваліся да вяселля, ён, устаўшы на ногі пасля хваробы, распачаў старанныя і цяжкія пошукі.

У яго было цяпер некалькі абавязкаў: падзяка за бацьку і за сябе, быў Тэнард’е і яшчэ нейкі невядомы, хто даставіў яго, Марыуса, пану Жыльнарману.

Марыус у што-б там не было хацеў адшукаць гэтых людзей, раней чым жаніцца, нібы баючыся, каб гэтыя незаплачаныя даўгі не адтэрмінавалі яго прамяністага шчасця. Тэнард’е быў машэннік, але гэта не змяняла таго, што ён выратаваў палкоўніка Панмерсі. Тэнард’е быў злодзей для ўсіх, апрача Марыуса.

Ніводны агент, пушчаны ў ход Марыусам, не мог адшукаць яго слядоў. Знікненне яго было поўнае. Жонка памерла ў турме ў час следства, а ён і малодшая дачка Азельма патанулі ў невядомасці. Бяздонне грамадскай невядомасці маўкліва закрылася над імі. На паверхні не было відаць ніякіх слядоў таго лёгкага хвалявання, па якому можна даведацца, што туды ўпала штосьці. Тэнард'е завочна быў прыгавораны да кары смерцю. Гэты прыгавор кідаў злавесны водбліск на згаслае імя, як васковая свечка, якая стаяла ля труны.

Што датычыць другога, хто выратаваў Марыуса, то спачатку пошукі далі некаторыя вынікі, але потым усе сляды адразу зніклі. Знайшлі рамізніка, які прывёз Марыуса на вуліцу Філь дзю Кальвер увечары 6 чэрвеня. Фурман расказаў, што па загаду паліцэйскага агента ён прастаяў ледзь не цэлы дзень на наберажнай Елісейскіх палёў, каля вялікай клаакі. Гадзін каля дзевяці вечара рашотка, што выходзіла на раку, адчынілася, адтуль вышаў нейкі чалавек, які нёс на плячах другога, відавочна мёртвага. Паліцэйскі, які толькі іх, здавалася, і чакаў, арыштаваў абодвух, і потым усе разам селі ў карэту і спачатку адправіліся на вуліцу Філь дзю Кальвер, дзе здалі мёртвага, а потым паехалі далей і спыніліся ля нейкага глухога завулка. Там яго разлічылі, і больш ён нічога не ведае.

Твар таго чалавека, які быў арыштаваны агентам, ён не заўважыў, таму што ноч была вельмі цёмная.

Сам Марыус, як мы сказалі, нічога не памятаў. Адное толькі асталося ў яго памяці, што ў апошнюю хвіліну на барыкадзе чыясьці дужая рука падхапіла яго ў момант падзення ад атрыманай раны. Потым ён страціў прытомнасць і апрытомнеў толькі ў пана Жыльнармана.

Ён блытаўся ў здагадках. Якім чынам ён з вуліцы Шанврэры мог апынуцца на беразе Сены? Хто-небудзь, відавочна, перанёс яго. Якім шляхам? Няўжо праз падземныя галярэі? Нечуванае самаафяраванне!

Але хто-ж гэта быў? Хто?

Марыус шукаў гэтага чалавека, свайго выратавальніка, не пакінуўшага за сабой ніякага следу.

Спадзеючыся, што ў яго пошуках дапаможа акрываўленае адзенне, Марыус загадаў захаваць яго. Разглядаючы сурдут, ён заўважыў, што адна пала яго неяк дзіўна падрана: нехапала цэлага кавалка.

Аднойчы Марыус пры Казеце і Жане Вальжане гаварыў пра гэтую дзіўную прыгоду, пра захады, якія ён ужыў, і пра бескарыснасць усіх гэтых намаганняў. Халодны твар Фашлевана даводзіў яго да шаленства, і ён ускрыкнуў з жывасцю, у якой чутна было адценне гневу:

— Так, гэты чалавек, хто-б ён ні быў, проста велічны! Ці ведаеце, міласцівы гасудар, што ён зрабіў? Каб выратаваць мяне, ён павінен быў кінуцца ў сярэдзіну бою, спусціцца ў клааку, цягнуць мяне на сабе. Ён павінен быў прайсці паўтары мілі па гэтых страшэнных падземных галерэях, цягнучы труп на спіне. І з якой мэтай? Толькі каб выратаваць гэты труп. І гэты труп быў я. Ён сказаў сабе: у ім, магчыма, асталася яшчэ іскра жыцця; рыскну сваім жыццём для гэтай нязначнай іскры. І ён рыскаваў ім не адзін раз на працягу гэтага шляху, а дваццаць разоў. Кожны крок нёс з сабою страшную небяспеку. Доказам гэтаму служыць тое, што пасля выхаду з падзямелля ён быў арыштаваны. І ўсё гэта зрабіў гэты чалавек, міласцівы гасудар! І ніякай узнагароды! Кім быў я? Інсургентам, раненым. О, каб шэсцьсот тысяч франкаў Казеты былі мае!..

— Яны вашы, — перарваў яго Жан Вальжан.

— Ну, дык я аддаў-бы іх, каб толькі знайсці гэтага чалавека, — горача адказваў Марыус.

Жан Вальжан захоўваў глыбокае маўчанне.

16 лютага, нарэшце, адбылося вяселле Марыуса і Казеты.

Гэта прыпала якраз на час карнавала, і вуліцы, па якіх праязджаў вясельны поезд да царквы, запруджаны былі маскамі і камедыянцкімі працэсіямі. У першай вясельнай карэце сядзела Казета, цётка Жыльнарман, дзед і Жан Вальжан; у другой ехаў Марыус. Калі яны выехалі на бульвар, то трапілі ў чараду экіпажаў, і ім нехаця прышлося ехаць крокам.

У адным месцы натоўп скучыўся да таго, што прышлося і зусім спыніцца. У той-жа самы час такая затрымка здарылася і на процілеглым баку. Якраз супроць вясельнага поезда спынілася калымага, напоўненая кучай ражаных агідных мужчын і жанчын. Убачыўшы супроць сябе карэту з нявестай, адна з масак ускрыкнула:

— Глядзіце-тка, вяселле!

Дзве маскі з гэтай групы, іспанец з вялізным носам і з вялізнымі чорнымі вусамі і худая пуасардка, відавочна маладзенькая дзяўчына, звярнулі асаблівую ўвагу на вяселле і, абмяняўшыся некалькімі заўвагамі, пачалі ціха паміж сабою гутарыць.

— Я ўпэўнены, што знаю таго старога, у якога рука на чорнай перавязі, — сказаў іспанец.

Трэба заўважыць, што за некалькі дзён да вяселля Жан Вальжан параніў сабе вялікі палец правай рукі. Рана была настолькі нязначная, што ён нікому нават не паказаў яе, не выключаючы і Казеты, але тым не менш абвязаў руку і надзеў павязку. З прычыны гэтага ён не мог падпісаць ніводнага дакумента, так што яго павінен быў замяніць пан Жыльнарман у якасці апекуна Казеты.

Іспанец, між тым, прадаўжаў:

— Ці можаш разгледзець нявесту?

— Не магу, — адказвала дзяўчына. — Але як гэты дзядок папаў на вяселле, чорт вазьмі? Ведаеш, ты-б вышла з каляскі і прасачыла-б за вяселлем.

— Навошта гэта?

— Каб ведаць, куды яно паедзе і наогул што гэта за вяселле такое.

— Не магу я выйсці, мяне нанялі на цэлы дзень, — адказала дзяўчына.

— Мяне проста да шаленства даводзіць гэты стары з перавязанай лапай. Ён сядзіць у адной карэце з нявестай, значыць, ён бацька. Ну, слухай, дзеўка, не абавязкова патрэбна ведаць, куды яны паедуць. Я магу выходзіць на вуліцу толькі ў масцы, іначай паліцыя мяне адразу сцапае. Заўтра-ж пачынаецца вялікі пост, і масак ужо не будзе, так што ты пастарайся адшукаць сляды гэтага вяселля, чуеш, Азельма?

Дзяўчына кіўнула галавой. У гэты час экіпажы па абодвух баках вуліцы рухаліся ў сваім кірунку, і калымага, нагружаная маскамі, страціла з вачэй карэту з нявестай.

Ажыццявіць сваю мару! Каму гэта дано? Казета і Марыус былі такімі абраннікамі. Казета ў мэрыі і царкве была асляпляльная і чароўная ў сваім белым шлюбным плацці. Яе цудоўны тварык ззяў з-пад фаты і вянка з памеранцавых кветак на галаве. Гэта была нявіннасць, акружаная ззяннем.

Марыус, увесь у чорным, з старанна прычэсанымі прыгожымі кудрамі, быў цудоўны.

Дзед, у касцюме канца мінулага века, з высока ўзнятай гордай галавой, увёў пад руку нявесту ў царкву, таму што Жан Вальжан з-за хворай рукі не мог гэтага зрабіць.

Жан Вальжан, увесь у чорным, усміхаючыся, ішоў за імі.

Калі абрад скончыўся і маладыя, устаўшы з каленяў і трымаючыся за рукі, накіраваліся да шырока расчыненых дзвярэй царквы, Казета ўсё яшчэ не магла паверыць, каб гэта была праўда.

Яна глядзела на Марыуса, глядзела на натоўп, на неба і, здавалася, баялася прабудзіцца. Яна мела неўразуменны і здзіўлены выгляд, які рабіў яе яшчэ больш чароўнаю. На зваротным шляху яна і Марыус селі ў адну і тую-ж карэту. Супроць іх змясціліся Жыльнарман і Жан Вальжан.

— Дзеці мае, — сказаў дзед, — вось вы — пан барон і пані баранеса з трыццацю тысячамі ліраў даходу.

Казета, нахіліўшыся да Марыуса, прашаптала:

— Дык гэта праўда, — я твая жонка і нашу тваё імя?

Гэтыя абедзве істоты ззялі. Яны перажывалі непаўтаральны і адзіны ў жыцці момант, у якім злучаюцца ўсё юнацтва і ўся радасць яго. Гэта быў саюз ідэальны, абодва былі чыстыя, як ліліі. Усе перажытыя пакуты перайшлі ў радасць. Усё мінулае патанула ў дзівосным цяперашнім. Былое гора акружала арэолам іх шчасце.

Маладыя вярнуліся дадому, і Марыус поруч з Казетай, поўны ўрачыстай радасці, узышоў па той самай лесніцы, па якой поўгода таму назад яго ўсцягнулі паміраючым. Усюды былі кветкі, над галовамі яны бачылі праменні ўзыходзячага для іх сонца.

Запрошаных было вельмі многа. Усе тоўпіліся вакол Казеты, віншуючы і наперабой называючы яе баранесай. Казета ніколі яшчэ не была такая далікатная з Жанам Вальжанам, як у гэты дзень. Звяртаючыся да яго, яна нібы зноў рабілася ранейшай маленькай дзяўчынкай.

Стол накрыты быў у сталовай, ярка асветленай мноствам свечак у кандэлябрах. Пасярод стаялі букеты кветак у вазах; срэбра і хрусталь зіхацелі тысячай агнёў. Усё зіхацела і весяліла позірк.

У пярэдняй грала музыка.

Жан Вальжан сеў на крэсла ў зале, за дзвярыма, якія амаль засланялі яго. За некалькі хвілін да таго, як сесці за стол, Казета, нібы прадчуваючы штосьці, падышла да яго і, пяшчотна зірнуўшы на яго, запытала:

— Бацька, ці здаволены вы?

— Так, я здаволены, — адказваў ён.

— Дык усміхніцеся!

Жан Вальжан рассмяяўся. Праз некалькі хвілін слуга даклаў, што есці падана.

Госці, а наперадзе пан Жыльнарман пад руку з Казетай, накіраваліся ў сталовую і селі вакол стала.

Па абодва бакі крэсла маладой стаялі два вялікія крэслы: адно для пана Жыльнармана, другое для Жана Вальжана. Пан Жыльнарман сеў, другое крэсла аставалася незанятае. Пачалі шукаць вачыма пана Фашлевана. Яго не было ў пакоі.

Пан Жыльнарман паклікаў слугу.

— Дзе пан Фашлеван? — запытаў ён.

— Судар, — адказаў слуга, — пан Фашлеван прасіў мяне перадаць вам, што ў яго вельмі забалела рука, так што ён, на жаль, не мог астацца. Ён просіць прабачэння і гаворыць, што прыдзе заўтра раніцою. Ён толькі што вышаў.

Пустое крэсла ахаладзіла на момант весялосць шлюбнага піра. Але затое пан Жыльнарман ззяў за дваіх. Ён адзначыў, што пан Фашлеван вельмі добра зрабіў, што пайшоў, каб раней легчы ў пасцель. Потым пану Жыльнарману прышла ў галаву думка пасадзіць на пустое крэсла поруч з Казетай Марыуса. Усіх ахапіла незвычайная радасць ад гэтага замяшчэння, і Казета, спачатку засмучоная адсутнасцю Жана Вальжана, пад канец суцешылася. Праз пяць хвілін усе зноў весяліліся, зусім забыўшы пра гэтае маленькае здарэнне.

Вечар прашоў шумна і весела, чаму галоўным чынам спрыяла адушаўленне дзеда.

Крыху пазней за поўнач усе разышліся, і ў доме пана Жыльнармана настала поўная цішыня.

LI

АПОШНЯЯ КРОПЛЯ Ў ЧАШЫ ПАКУТ

Што рабіў у гэты час Жан Вальжан?

Адразу-ж пасля таго, як Казета прымусіла яго рассмяяцца, Жан Вальжан убачыў, што ніхто не звяртае на яго ўвагі, устаў і непрыкметна прайшоў у пярэднюю. Гэта быў той самы пакой, куды восем месяцаў таму назад ён, увесь у гразі, у крыві і прапахлы парахавым дымам, уступіў у першы раз, прывёзшы ледзь жывога Марыуса яго дзеду. Жан Вальжан, убачыўшы слугу, паклікаў яго і, паказваючы на хворую руку, прасіў перадаць пану Жыльнарману, што ідзе дадому. І вышаў.

На вуліцы ён на хвіліну спыніўся пад асветленымі вокнамі дома і прыслухаўся. Невыразны шум галасоў даносіўся да яго; яму здавалася, што сярод іх ён адрознівае ласкавы і вясёлы галасок Казеты.

Ён накіраваўся да свёй кватэры. Увайшоўшы да сябе, ён запаліў свечку. Пакоі былі пустыя; нават Тусен не было; яна перайшла ва ўслужэнне да Казеты. Крокі Жана Вальжана неяк асабліва глуха раздаваліся ў асірацелых пакоях. Усе шафы былі расчыненыя і пустыя. Ён увайшоў у пакой Казеты. Пасцель была без просцін. Усе бязделкі, якімі даражыла маладая дзяўчына, яна забрала з сабою: асталася толькі мэбля і голыя сцены.

Жан Вальжан зачыніў шафу, агледзеў пакой, увайшоў да сябе і паставіў свечку на стол.

Ён развязаў руку і дзейнічаў ёю зусім вольна, нібы яна ніколькі не балела.

Ён падышоў да свайго ложка, і вочы яго мімаволі спыніліся на невялікай скрынцы, з якой ён ніколі не разлучаўся. Ён адпёр яе невялікім ключыкам, які насіў заўсёды пры сабе, і выняў адтуль жалобную сукеначку Казеты, у якую яна была апранута ў дзень выхаду з Манфермейля дзесяць год таму назад. Тут было ўсё адзенне Казеты, якое яна зняла ў манастыры і якое Жан Вальжан захоўваў з таго часу,як святыню. Перад ім у думках пранёсся з усімі падрабязнасцямі дзень, калі яны вышлі з Манфермейля. У той-жа час ён асцярожна і старанна раскладваў на пасцелі ўсе часткі яе туалету. Яна несла тады на руках сваю вялізную ляльку і ўсміхалася яму сваёю чыстай дзіцячай усмешкай.

Пры гэтых успамінах яго беласнежная галава ўпала на ложак; гэтае цвёрдае старое сэрца надламілася, твар закапаўся ў сукенку Казеты, і калі-б хто-небудзь прайшоў каля яго дзвярэй у гэтую хвіліну, то пачуў-бы раздзіраючыя душу рыданні.

Старыя душэўныя мучэнні аднавіліся. Але ў гэтую ноч Жан Вальжан адчуваў, што вытрымлівае сваю апошнюю барацьбу.

Шчасце Казеты і Марыуса — справа яго рук. Як цяпер зрабіць яму, Жану Вальжану? Ці будзе ён шукаць долю ў гэтым шчасці? Ці будзе ён глядзець на яго, як на нешта яму належачае? Ці па-ранейшаму ён будзе лічыцца бацькам Казеты, усімі паважаным, хоць ледзь прыкметным? Ці мае ён права з тым мінулым, што было ў яго, з’явіцца туды заняць месца ля іх светлага ачага? Ці будзе ён як і раней маўчаць і ці салье сваё няшчасце з іх шчасцем? І ногі яго, якія цягнулі ганебныя ланцугі, ці будуць ступаць па падлозе жыльнарманаўскага дома?

Ён глядзеў проста на гэтыя няўмольныя пытанні, якія падступалі да яго з усіх бакоў.

Казета, гэта чароўнае стварэнне, была яго паратункам. Што рабіць? Ці ўчапіцца за яго, ці выпусціць з рук?

Калі ён учэпіцца, то вырвецца з бяздоння, выйдзе на сонца, і з адзення яго сцячэ горкая вада — ён будзе выратаваны і астанецца жыць.

Калі ён выпусціць гэты паратунак з рук, то яго чакае пагібель.

Так змагаўся ён з сваімі цяжкімі думкамі. Шчасце яшчэ, што ён мог плакаць. Гэта прасвятліла яго. У яго душы бушавала бура яшчэ мацнейшая за тую, якая калісьці пацягнула яго ў Арас. Ён параўноўваў мінулае з цяперашнім і рыдаў бясконца. Нарэшце, ён упаў у спакой знямогі.

Ён узважыў, абмеркаваў і разгледзеў таямнічае ваганне святла і цемры.

Навязаць сваю ганьбу гэтым дзецям ці самому скарыцца перад няўхільнай пагібеллю? Якое рашэнне выбраць?

Яго цяжкое раздум’е цягнулася ўсю ноч. Сагнуўшыся, сядзеў ён пад цяжарам свайго лёсу, раздушаны ім, магчыма. Цэлых дванаццаць гадзін прасядзеў ён не рухаючыся, на адным месцы, не падымаючы галавы і не вымавіўшы ніводнага слова. Бачачы яго такім, можна было падумаць, што гэта мёртвы. Але хвілінамі ён канвульсіўна ўздрыгваўся, і губы, прыціснутыя да сукенкі Казеты, цалавалі яе. Тады толькі відаць было, што ён жывы.

На другі дзень, пасля паўдня, у дзверы дома пана Жыльнармана хтосьці пастукаўся. Слуга адпёр і ўбачыў уваходзячага пана Фашлевана. Ён увёў яго ў гасціную і сказаў:

— Мы сёння позна ўсталі, судар. Як ваша рука?

— Непараўнальна лёпш. Ці ўстаў ваш пан?

— Які? Стары ці новы?

— Пан Панмерсі.

— Я зараз пагляджу і дакладу, што вы жадаеце яго бачыць.

— Не. Не гаварыце, што гэта я. Не называйце маё імя. Скажыце проста, што прышоў нейкі пан. Я хачу зрабіць яму сюрпрыз.

— А! — вымавіў лакей і пайшоў.

Жан Вальжан астаўся адзін. Прайшло некалькі хвілін, ён, як і раней, стаяў нерухома на тым месцы, дзе пакінуў яго слуга. Ён быў вельмі бледны. Вочы ўваліліся ад бяссоннай ночы і амаль зніклі пад навіслымі брывямі. На чорным сурдуце ўтварыліся складкі: відавочна, ён не знімаў яго ўсю ноч. Жан Вальжан, апусціўшы галаву, глядзеў на адбітак акна, які праменні сонца рысавалі ля яго ног.

Шум дзвярэй, якія адчыняліся, прымусіў яго ўзняць вочы.

Увайшоў Марыус з высока ўзнятай галавой, усміхаючнся і з нейкім невытлумачальным ззяннем на твары.

— Гэта вы, бацька! — ускрыкнуў ён, убачыўшы Жана Вальжана. — А гэты бесталковы раптам паведаміў мне такім таямнічым выглядам, што хтосьці прышоў. Як вы рана сёння! Казета спіць яшчэ.

Гэтае слова „бацька“ з вуснаў Марыуса, які адносіўся так холадна да Жана Вальжана, выражала ўсю глыбіню шчасця, што перажываў цяпер малады чалавек. Пан Фашлеван зрабіўся для яго бацькам, таксама як і для Казеты.

— Як я задаволены, што бачу вас! — прадаўжаў ён, і словы паліліся ў яго нястрыманым патокам.

— Мы ўчора з Казетай так многа пра вас гаварылі. Яна вельмі вас любіць. Вы, вядома, не забылі, што вам у нас падрыхтаваны пакой. Мы і слухаць больш не хочам пра вуліцу Ом Армэ. Як маглі вы жыць у гэтай трушчобе? Вы сёння-ж пераедзеце да нас. Убачыце, як прыбрала Казета ваш пакой! Ён побач з нашым і выходзіць вокнамі ў сад. Там будуць усе вашы любімыя рэчы і кнігі. Ведаеце, вы зусім скарылі майго дзеда. Ён у захапленні ад вас і вельмі задаволены, што мы будзем жыць усе разам. Вы будзеце хадзіць гуляць з Казетай, як, памятаеце, тады, у Люксембургу, у тыя дні, калі я буду ў судзе. Вы будзеце прымаць удзел у нашым шчасці: чуеце, бацька? Ды вы-ж снедаеце з намі?

— Міласцівы гасудар, — сказаў Жан Вальжан, — я павінен паведаміць вам адну рэч: я — былы катаржнік.

Слух, як і розум, мае свае межы. Словы: „Я — былы катаржнік“, якія вырваліся з вуснаў пана Фашлевана і данесліся да вушэй Марыуса, пераходзілі гэтую мяжу. Марыус не чуў іх. Яму здалося, што Фашлеван нешта сказаў, але што такое, ён не ведаў. Ён стаяў збянтэжаны. Тады ён убачыў, што чалавек, які стаяў перад ім, быў страшны. Увесь пагружаны ў сваё шчасце, ён не заўважыў гэтай страшэннай бледнасці.

Жан Вальжан зняў з шыі павязку, развязаў палец і, паказваючы яго Марыусу, сказаў:

— Рука ў мяне зусім здаровая і ніколі не балела. Я не павінен быў прысутнічаць на вашым вяселлі і аддаляўся, наколькі было магчыма. Я выдумаў рану на руцэ, каб не падпісвацца пад дакументамі і не зрабіць іх такім чынам несапраўднымі.

— Што ўсё гэта азначае? — пралепятаў Марыус.

— Гэта азначае, што я быў на галерах, — адказаў Жан Вальжан.

— Вы прымушаеце мяне вар’яцець! — ускрыкнуў Марыус з жахам.

— Пан Панмерсі, — сказаў Жан Вальжан, — я дзевятнаццаць год прабыў на галерах за крадзёж. Потым быў прысуджаны на вечную катаргу зноў за крадзёж, як рэцэдывіст. У даную хвіліну я лічуся бегляком.

Дарэмна Марыус закрываў вочы на сапраўднасць, адмаўляў факт, не прызнаваў відавочнасці — прышлося здацца. Ён пачаў разумець і, як заўсёды бывае ў такіх выпадках, зразумеў больш, чым было ў сапраўднасці. Ён уздрыгануўся ўсёй сваёй істотай, і адна думка пранізала яго мазгі. Ён убачыў для сябе ў будучым усе агіднасці свайго лёсу.

— Кажыце ўсё! Кажыце ўсё! — ускрыкнуў ён. — Вы — бацька Казеты?

І ён адступіў на два крокі назад з невымоўным жахам.

Жан Вальжан выпрастаўся, горда ўзняў галаву, так што, здавалася, ён яшчэ вырас у гэтую хвіліну.

— Неабходна, каб вы мне паверылі, — адказваў ён, — хоць клятва такіх людзей, як мы, не прызнаецца законам...

Ён на хвіліну змоўк, потым уладна і панура, напіраючы на кожнае слова, паволі праказаў: — Вы мне паверыце. Перад богам — бацька Казеты не я. Пан барон Панмерсі, я — селянін з Фавероля. У юнацтве я быў чысцільшчыкам дрэў. Мяне завуць не Фашлеван, я — Жан Вальжан. Я — нішто для Казеты. Супакойцеся!

— Хто дакажа мне гэта? — прамармытаў Марыус.

— Я. Таму што я гавару вам гэта.

Марыус зірнуў на гэтага чалавека. Ён быў хмуры і спакойны. Ніякая мана не магла зыходзіць з гэтага спакою. Адчувалася праўда ў гэтым магільным холадзе.

— Я вам веру, — сказаў Марыус.

Жан Вальжан нахіліў галаву, нібы выражаючы згоду, і потым прадаўжаў:

— Што я для Казеты? Першы сустрэчны. Дзесяць год таму назад я і не ўяўляў нават аб яе існаванні. Я люблю яе, гэта праўда. Калі бачыш дзіця з маленства і сам ужо стары, то мімаволі прывязваешся да яго. Думаю, што вы можаце дапусціць аб існаванні сэрца ў мяне ў грудзях. Яна была круглая сірата. Я ёй быў патрэбны. Вось чаму я і палюбіў яе. Дзеці так бездапаможны, што кожны, нават такі чалавек, як я, можа служыць ім апорай. Я быў апорай для Казеты. Не думаю, каб такія дробязі можна было назваць добрай справай, але калі гэта так, то дапусціце, што я зрабіў яе. Залічыце мне гэтую змякчаючую акалічнасць. Цяпер-жа Казета пайшла ад мяне; нашы шляхі разышліся. Усё ўладзілася цудоўна. Што датычыць шасцісот тысяч франкаў, то, папярэджваючы вашы пытанні, магу вам сказаць, каб вы не турбаваліся аб іх. Яны былі адданы мне на хаванне. Як яны мне трапілі, гэта ўсёроўна. Цяпер я іх звяртаю. Нічога больш патрабаваць ад мяне нельга. Апрача таго, я назваў сваё сапраўднае імя. Для мяне важна, каб вы ведалі, хто я.

І Жан Вальжан зірнуў проста ў твар Марыусу.

Тое, што перажываў Марыус, было трывожнае і смутнае. Такія парывы лёсу ўзнімаюць у душы нашай цэлую буру. Ён ашаломлены быў сваім новым становішчам і, нібы дакараючы Жана Вальжана за гэтае прызнанне, ускрыкнуў гняўліва:

— Але хто прымушае вас расказваць мне ўсё гэта? Навошта вы мне гэта гаворыце? Вы маглі-б захаваць гэтую таямніцу для сябе. На вас-жа ніхто не данёс, вас не праследуюць, не цкуюць. У вас, напэўна, ёсць прычына, чаму вы ўсё гэта робіце? Канчайце! За гэтым яшчэ штосьці хаваецца. Навошта гэтае прызнанне? Якая прычына?

— Якая прычына? — адказваў Жан Вальжан, і голас яго зрабіўся ціхі і глухі, нібы ён гаварыў сам з сабою. — Якая прычына прымушае катаржніка прыйсці і сказаць: „Я — катаржнік“? Так, сапраўды, прычына дзіўная: гэта сумленнасць. Бачыце, на жаль, у мяне ў сэрцы ёсць ніць, якая моцна трымае мяне. Такія ніці асабліва моцны ў старасці. Усё жыццё разбураецца, а яны ўсё трымаюцца. Калі-б я мог парваць, рассячы, знішчыць іх, пайсці далёка адсюль, я быў-бы выратаваны. Я спрабаваў ужо гэта зрабіць і разадраў сабе толькі сэрца. Тады я сказаў сабе: „Я магу жыць толькі тут. Я павінен астацца“. Ваша праўда, я дурны: чаму-б мне проста не астацца з вамі? Вы прапануеце мне пакой, дзед ваш схільны да мяне, Казета... — выбачайце, прывычка, — пані Панмерсі любіць мяне; у нас быў-бы агульны прытулак, агульны стол, агульныя радасціі прыемнасці. Мы жылі-б адной сям’ёй... Адной сям’ёй!

Пры гэтых словах твар Жана Вальжана зрабіўся страшны. Ён скрыжаваў рукі, апусціў вочы, нібы хацеў выкапаць прорву ля сваіх ног, і голас яго раптам зазвінеў:

— Сям’ёй? Не! У мяне няма сям’і! Я не належу ні да якой чалавечай сям’і. Я лішні ў доме, дзе ёсць сям’я. Я няшчасны. Ці былі ў мяне бацька і маці? Я амаль сумняваюся ў гэтым. У той дзень, калі я аддаў замуж Казету, усё скончылася для мяне. Яна шчаслівая з тым, каго кахае; я ўбачыў гэтага любячага старога, убачыў, што ў доме пануе радасць і шчасце, і сказаў сабе: „Не ўваходзь туды“. Я мог-бы ілгаць, гэта праўда, мог-бы ашукаць вас усіх, астацца панам Фашлеванам. Пакуль гэта неабходна было для яе, я ілгаў, але цяпер гэта патрэбна толькі для мяне аднаго, і я не павінен гэтага рабіць. Вы запытваеце: хто прымушае мяне гаварыць вам усё гэта? Рэч вельмі смешная — маё сумленне. Маўчаць, аднак, было-б вельмі лёгка. Я ўсю ноч стараўся пераканаць сябе ў гэтым. Але ёсць дзве рэчы, у якіх я не магу перамагчы сябе: гэта разарваць ніць, якая моцна трымае маё сэрца і прымушае мяне жыць тут, і прымусіць змоўкнуць голас, які ціха гаворыць са мною, калі я адзін. Вось чаму я прышоў сёння да вас і расказваю вам усё. Усё або амаль усё. Ёсць дробязі, якія датычаць асабіста мяне і да справы не адносяцца: я маўчу пра іх. Галоўнае вы ведаеце. Нялёгка мне было адважыцца на гэта, я змагаўся ўсю ноч. Вы думаеце, я не пераконваў сябе, што, астаючыся Фашлеванам, я нікому не раблю шкоды, што імя гэта дано мне было самім Фашлеванам у падзяку за зробленую паслугу і што я мог-бы шчасліва пражыць у гэтым пакоі, які вы мне прапануеце, каля Казеты? Усё-б уладзілася. Варта толькі астацца Фашлеванам. Уявіце, што я зрабіў-бы гэта, што я схаваў-бы свой сапраўдны твар, што прадстаўляў-бы сабой загадку і сярод яснага блакіту вашага шчасця ўвасабляў-бы цемру, не гаворачы ні слова, увёў-бы катаргу ў ваш дом, сядзеў-бы за адным сталом з вамі з думкаю, што калі-б вы ведалі праўду, то выгналі-б мяне, што вашы слугі, калі-б яны ведалі, хто я, ускрыкнулі-б: „Які жах!“ Я паціскаў-бы вам руку, між тым як вы маеце права пагарджаць мною. Я жыў-бы з вамі разам з вечнаю думкай пра тое, каб як-небудзь не адкрылася крышка маёй страшнай студні. І я, мёртвы, уцёрся-б да вас, да жывых! Хіба вы не ўздрыгваецеся пры адной думцы аб гэтым? І кожны дзень я рабіў-бы злачынства. Кожны дзень я-б ізноў ілгаў-бы. І кожны дзень я перадаваў-бы вам пра долю сваёй ганьбы, вам, маім дарагім, любімым дзецям, такім чыстым і нявінным. Маўчаць, і нічога больш? Не, гэта зусім не так лёгка. Ёсць маўчанне, якое ілжэ. І маю ману, маё ашуканства, маю подласць і здраду, — я піў-бы іх кроплю за кропляй, я жыў-бы ў іх, глытаў-бы разам з хлебам і глядзеў-бы ў вочы Казеты, адказваў-бы на яе ангельскую ўсмешку ўсмешкай праклятага і быў-бы страшэнным злодзеем. Для чаго? Каб быць шчаслівым. Я — шчаслівы! Хіба я маю на гэта права? Я выкінуты з жыцця, міласцівы гасудар.

Жан Вальжан змоўк. Марыус слухаў. Такое счапленне думак і гора не можа быць перарвана. Жан Вальжан зноў сцішыў голас, але цяпер ён гучаў ужо не глуха, а злавесна.

— Вы запытваеце, навошта я кажу гэта, калі на мяне ніхто не даносіць, ніхто не праследуе і не цкуе? Няпраўда, на мяне данеслі, мяне праследуюць, мяне цкуюць. Хто? Я сам. Я сам загароджваю сабе ўсе выхады, цягну сябе на расправу, штурхаю, арыштоўваю і караю сябе. І калі сам сябе схопіш такім чынам, то трымаеш моцна.

І, схапіўшы рукой каўнер свайго адзення, ён казаў далей:

— Вось бачыце, гэты кулак, — ён трымае моцна. Ну, а сумленне яшчэ мацнейшае за гэты кулак. Бачыце, каб быць шчаслівым, трэба не ведаць, што такое абавязак. Але раз вы яго пазналі, — ён няўмольны. Ён нібы карае вас за тое, што вы яго зразумелі, але ён і ўзнагароджвае вас, таму што вы раздзіраеце сабе нутро, але знаходзіце спакой ў самім сабе.

І з пакутлівым выразам ён дадаў:

— Пан Панмерсі, у гэтым няма здаровага сэнсу, але я — сумленны чалавек. Упаўшы ў вашых вачах, я ўзвысіўся ў сваіх уласных. Гэта ўжо было адзін раз са мной, але тады гэта не было так цяжка. Так, я — сумленны чалавек. Я не быў-бы ім, калі-б вы, як і раней, паважалі мяне. Цяпер-жа, калі вы мною пагарджаеце, я сумленны. На мне ляжыць страшны праклён: паколькі я не маю магчымасці мець павагу інакш, як толькі крадучы яе, то гэтая павага ўнутрана мяне прыніжае і абцяжарвае, і для таго, каб я сам сябе паважаў, мне патрэбна, каб мною пагарджалі. Схіляючыся пад цяжарам чужой пагарды, я выпростваюся ва ўласных вачах. Я — катаржнік, які падпарадкуецца свайму сумленню. Я добра разумею, што гэта бяссэнсіца. Але што рабіць? Гэта так. Я прыняў абавязацельствы перад самім сабою і выконваю іх. Як бачыце, пан Панмерсі, я шмат перажыў у сваім жыцці.

Жан Вальжан змоўк, цяжка ўздыхнуў і зноў пачаў:

— Калі носіш у сабе такі жах, то не маеш права дзяліць яго з іншымі, навязваць яго, без ведама, блізкім, не маеш права заражаць іх чумой і цягнуць з сабой у бяздонне, узграмаздзіўшы сваё гора на іх шчасце. Набліжацца спадцішка да здаровых і датыкацца да іх сваімі язвамі — гэта агідна. Фашлеван мог даць мне сваё імя, але я не не павівен быў браць яго. Імя — гэта другое я. Бачыце, я крыху думаў, крыху чытаў; хоць я і селянін, але, як бачыце, выражаюся даволі прыстойна. Я ўсё добра разумею. Дык вось, украсці імя і схавацца пад ім — гэта не сумленна. Літары азбукі можна таксама ўкрасці, як кашалёк ці гадзіннік. Увасабляць сабою фальшывы подпіс, падроблены ключ, ашуканствам уціснуцца да сумленных людзей, ніколі не глядзець нікому проста ў вочы, хітрыць, быць подлым у душы — не, не! Лепш пакутваць, сцякаць крывёю, плакаць, раздзіраць сабе пазногцямі цела, праводзіць ночы ў мучэннях. Вось чаму я прышоў і расказаў вам усё. Вось вам і тлумачэнне прычыны, аб якой вы пыталі.

Ён цяжка ўздыхнуў і дадаў апошняе слова:

— Каб жыць, я калісьці ўкраў хлеб. Цяпер-жа, каб жыць, я не хачу красці імя.

— Каб жыць! — перарваў яго Марыус. — Вам не трэба гэтага імя, каб жыць.

— О, я разумею сябе, — адказаў Жан Вальжан, паволі пакруціўшы некалькі разоў галавой.

Запанавала маўчанне. Кожны быў паглыблены ў свае думкі. Марыус сядзеў ля стала, узлакаціўшыся на рукі. Жан Вальжан хадзіў узад і ўперад па пакою. Ён на мінуту спыніўся перад люстрам і, нібы адказваючы на ўнутранае пытанне, сказаў:

— Затое цяпер я адчуваю вялікае палягчэнне.

І ён зноў пачаў хадзіць узад і ўперад. У тую хвіліну, як ён абярнуўся, ён убачыў, што Марыус глядзіць на яго паходку. Тады ён сказаў з невытлумачальным выразам:

— Я крыху цягну нагу. Вы разумееце цяпер, чаму? — Потым дадаў: — І вось, уявіце сабе, што я нічога не расказаў вам і астаўся па ранейшаму панам Фашлеванам. Я зрабіўся членам вашай сям’і, пасяліўся ў сваім пакоі, абедаю за вашым сталом; увечары адпраўляюся з вамі ў тэатр або на прагулку, і раптам у адну цудоўную раніцу, у той час як мы весела і спакойна гутарым, вы чуеце выкрык: „Жан Вальжан!“ І страшныя рукі паліцыі, узнікаючыя з цемры, раптам зрываюць з мяне маску!

Ён змоўк. Марыус узняўся, увесь дрыжачы.

Жан Вальжан прадаўжаў:

— Шо вы скажаце на гэта?

Маўчанне Марыуса было адказам,

— Бачыце, я добра зрабіў, што не хацеў маўчаць, — сказаў Жан Вальжан. — Такім чынам, будзьце шчаслівы, любіце адзін аднаго, няхай ззяе вечна над вамі сонца, і не турбуйцеся аб тым, як зрабіў нейкі няшчасны для таго, каб раскрыць перад вамі душу і выканаць свой абавязак. Вы бачыце перад сабою адвержанага, судар.

Марыус прайшоўся па пакою і, падышоўшы да Жана Вальжана, працягнуў яму руку. Але ён павінен быў сілай узяць руку няшчаснага, і яму здалося, што ён сціскае руку статуі.

— У майго дзеда ёсць знаёмства, — сказаў ён, — я выклапачу вам памілаванне.

— Гэта бескарысна, — адказваў Жан Вальжан. — Усе думаюць, што я памёр, і гэтага для мяне зусім даволі. Мёртвыя не знаходзяцца пад наглядам. Іх пакідаюць гніць спакойна. Смерць — тое-ж памілаванне.

І, вызваліўшыся з рук Марыуса, ён казаў далей з непахіснай гордасцю.

— Апрача таго, выкананне абавязка — вось друг, да якога я звяртаюся. Мне неабходна толькі памілаванне майго сумлення.

У гэтую хвіліну ў другім канцы пакоя ў поўраскрытых дзвярах паказалася галоўка Казеты. Яна была чароўна растрапаная, і вочы яшчэ не зусім расплюшчыліся ад сну.

Яна зірнула на мужа, потым на Жана Вальжана і закрычала ім з чароўнай усмешкай:

— Аб заклад б’юся, што вы гаворыце аб палітыцы. Як гэта неразумна, лепш-бы прыйсці да мяне!

Жан Вальжан уздрыгануўся.

— Казета! — ускрыкнуў Марыус.

Ён спыніўся. Абодва выглядалі нібы вінаватыя.

Казета, вясёлая, усё глядзела на іх. У вачах у яе свяцілася шчасце.

— Я вас злавіла на месцы злачынства, — прадаўжала яна. — Я праз дзверы чула, як бацька сказаў: „Сумленне, выкананне абавязка“. Гэта аб палітыцы. Я не хачу. Гаварыць аб палітыцы можна толькі з заўтрашняга дня. Гэта несправядліва.

— Ты памыляешся, Казета, — адказваў Марыус. — Мы гаворым аб справах. Мы гаворым аб тым, як-бы больш выгадна змясціць твае шэсцьсот тысяч франкаў.

— Усё гэта глупства, — перапыніла Казета. — Я прышла. Ці жадаеце вы мець мяне ў сваёй кампаніі?

І, рашуча пераступіўшы цераз парог, яна ўвайшла ў гасціную. На ёй быў шырокі белы пен’юар з доўгімі адкрытымі і звісаючымі да падлогі рукавамі. Яна зірнула на сябе ў люстра і сказала:

— Жылі-былі кароль і каралева... О, якая я шчаслівая!

Сказаўшы гэта, яна пакланілася Марыусу і Жану Вальжану.

— Вось я сяду на гэтым крэсле, — сказала яна, — каля вас. Праз поўгадзіны пададуць снеданне. Можаце размаўляць пра што хочаце, я буду разумная і не буду вам перашкаджаць.

Марыус узяў яе за руку і сказаў любоўна:

— Мы гаворым аб справах. Пакінь нас на хвіліну. Табе будзе сумна тут. Ідзі да сябе.

— Не, з вамі не будзе сумна. Я вас не зразумею, але затое буду чуць. Калі чуеш галасы тых, каго любіш, то няма патрэбы разумець, што яны гавораць. Быць разам — вось чаго я хачу. І я астануся з вамі.

— Немагчыма, мая абажаемая Казета.

— Немагчыма?

— Так.

— Вось гэта добра! А я хацела расказаць вам столькі цікавага! Цяпер-жа не скажу за гэта ні слова. Вось вам! Ну, прашу цябе, міленькі Марыус, дазволь мне астацца з вамі?

— Клянуся табе, што нам трэба астацца адным.

— Дык хіба я чужая?

І, бачачы, што Жан Вальжан не гаворыць ні слова, Казета звярнулася да яго:

— Перш за ўсё, бацька, я хачу, каб вы мяне пацалавалі. Чаго вы маўчыце, замест таго, каб уступіцца за мяне? Вы-ж бачыце, што муж мой ледзь не б’е мяне і што я такая няшчасная. Ну, пацалуйце мяне хутчэй!

Жан Вальжан падышоў да Казеты. Яна падставіла яму свой лоб.

— Які вы бледны, бацька! — сказала яна, гледзячы на Жана Вальжана. — Хіба рука вам усё яшчэ баліць?

— Не, яна прайшла! — Дык вы дрэнна спалі ці засмучаны чым-небудзь?

— Не.

— Дык пацалуйце мяне! А цяпер усміхніцеся.

Жан Вальжан усміхнуўся. Гэта была ўсмешка здані.

— Ну, абараніце-ж мяне супроць майго мужа.

— Казета... — пачаў Марыус.

— Раззлуйцеся, бацька. Скажыце яму, каб я асталася. Пры мне можна гаварыць пра ўсё. Няўжо-ж вы лічыце мяне такой неразумнай? Гаварыце сабе аб справах, я хачу астацца з вамі. Паглядзі на мяне, Марыус, я-ж сёння вельмі прыгожанькая?

І з чароўнай грымаскай яна павярнулася да мужа. Між іх нібы бліснула маланка, і яны кінуліся ў абдымкі адзін аднаму.

— Я цябе кахаю!

— Я цябе абажаю.

— Ну, а цяпер я астаюся, — сказала Казета, папраўляючы складкі свайго плацця з выразам перамогі.

— Не, гэтага нельга, — адказваў Марыус умольным томам. — Нам трэба скончыць гутарку.

— Зноў не?

Марыус зрабіў адмоўны жэст.

— Ну, дык добра-ж! — ускрыкнула яна. — Я пайду; а вы, бацька, і не ўступіліся нават за мяне! Вы абодва тыраны, я на вас паскарджуся дзеду. Цяпер ужо, выбачайце, я да вас больш не прыду, і вы ўбачыце, як вам будзе без мяне сумна. Убачыце!

І яна вышла. Праз хвіліну яна зноў прасунула галоўку ў дзверы і закрычала ім:

— Я страшэнна, страшэнна раззлавалася!

Дзверы зачыніліся, і настала цемра.

Гэта быў нібы прамень сонечнага святла, які раптам пранізаў начную цемру. Марыус упэўніўся, што дзверы зачынены, і сказаў:

— Бедная Казета, калі яна даведаецца...

Пры гэтай заўвазе Жан Вальжан затрапятаў усімі членамі. Ен спыніў на Марыусе свой блукаючы позірк:

— Казета! Ах, так, гэта праўда. Вы ўсё ёй раскажаце. Так, я-ж пра гэта і не падумаў. На адно хапае сіл, а на другое — не. Судар, малю, прашу вас, дайце мне слова нічога не гаварыць ёй. Хіба не даволі таго, што вы ведаеце? Я мог усё расказаць пра сябе, калі ніхто на прымушаў мяне гэтага рабіць, перад усім светам, перад усімі, гэта мне ўсёроўна. Але яна-ж не ведае, што гэта такое, і гэта навядзе на яе жах. Катаржнік! Што гэта? Ёй патрэбна будзе вытлумачыць усё і сказаць: „Гэта чалавек, які быў на галерах“. О, божа мой!.

Ён апусціўся ў крэсла і затуліў твар рукамі. Па сударгаваму ўздрыгванню плячэй відаць было, што ён плача. Маўклівыя слёзы — жахлівыя слёзы.

Рыданні душылі яго. Ён адкінуўся на спінку крэсла, каб перавесці дух, рукі павіслі ўздоўж цела, і Марыус убачыў твар, змочаны слязмі, і пачуў шэпт, які нібы выходзіў з непраніцальнай глыбіні:

— О, як-бы я жадаў памерці!

— Супакойцеся, — сказаў Марыус, — я не выдам вашу таямніцу.

І, устрывожаны, магчыма, менш, чым-бы належала, паспеўшы на працягу гадзіны асвоіцца з жахлівай нечаканасцю, ён бачыў ужо, як пан Фашлеван мала-па-малу ператвараецца ў яго вачах у катаржніка, прычым натуральная адлегласць паміж іх павялічвалася з кожнай хвілінай.

— Я не магу змаўчаць пра суму, якую вы так добрасумленна і чэсна захавалі, — пачаў ён. — Гэта дзівосны ўчынак. Справядлівасць патрабуе, каб вы атрымалі ўзнагароду. Вызначце самі суму, і яна вам будзе заплачана. Не бойцеся назваць вялікую цыфру.

— Дзякую вам, судар, — адказваў Жан Вальжан лагодна.

Ён на хвіліну задумаўся, потым сказаў:

— Цяпер амаль усё скончана. Мне астаецца яшчэ толькі адно.

— Што такое?

Жан Вальжан адчуў хістанне і бязгучна, амаль баючыся дыхнуць, хутчэй прамармытаў, чым праказаў:

— Цяпер, калі вы ўсё ведаеце, ці думаеце вы, судар, што я не павінен больш бачыць Казету?

— Я думаю, што гэта будзе самае лепшае, — холадна адказваў Марыус.

— Я яе больш не ўбачу, — праказаў Жан Вальжан і паволі накіраваўся да выхаду.

Ён узяўся за ручку дзвярэй і поўадчыніў іх. Потым на момант спыніўся, зноў зачыніў і, абярнуўшыся да Марыуса, сказаў:

— Бачыце, судар, калі-б вы згадзіліся, я мог-бы прыходзіць яе бачыць. Запэўніваю вас, я страшэнна жадаю гэтага. Калі-б я не хацеў яе бачыць, я не рабіў-бы вам гэтага прызнання і проста-б выехаў. Але, жадаючы астацца там, дзе яна жыве, бачыць яе, я вам шчыра прызнаўся ва ўсім. Мы пражылі з ёю разам дзевяць год. Мы ніколі не разлучаліся і былі, як бацька і дачка. Не ведаю, ці разумееце вы мяне, пан Панмерсі, але зусім пайсці цяпер, не бачыць яе больш, не гаварыць з ёю, страціць усё мне будзе вельмі цяжка. Калі вы нічога не знойдзеце ў гэтым дрэннага, то я час ад часу буду прыходзіць да яе. Я не буду прыходзіць часта і не буду аставацца доўга. Вы загадайце прымаць мяне ўнізе. Калі хочаце, я буду з’яўляцца праз чорны ход; але гэта можа выклікаць размовы прыслугі. Лепш я буду прыходзіць, як усе. Сапраўды, мне вельмі-б хацелася бачыць Казету хоць крышку; так часта, як вы толькі дазволіце. Пастаўце сябе на маё месца. Да таго-ж, трэба і тое прыняць пад увагу, што ўсім здасца дзіўным, што я перастаў бываць. Ну, я буду прыходзіць увечары, калі ўжо сцямнее.

— Вы будзеце прыходзіць кожны вечар, — сказаў Марыус. — Казета вас будзе чакаць.

— Вы вельмі добры, судар, — адказваў Жан Вальжан. Марыус пакланіўся яму; шчасце праводзіла да дзвярэй роспач, і яны разлучыліся.

LII

ЗМРОК

На другі дзень на змроку Жан Вальжан пастукаўся ў дзверы дома пана Жыльнармана. Слуга чакаў яго, нібы папярэджаны аб яго прыходзе, і, падышоўшы да яго, запытаў:

— Пан барон даручыў мне запытаць у вас, ці жадаеце вы пайсці наверх ці астаяецеся ўнізе?

— Я астануся ўнізе.

Тады лакей пачціва адчыніў дзверы зала і сказаў:

— Я зараз дакладу пані.

Пакой, куды ўвайшоў Жан Вальжан, быў вільготны і са скляпеннем. Вокны, з кратамі, выходзілі на вуліцу, але давалі мала святла.

Відавочна, пакой рэдка прыбіралі. Пыл ляжаў усюды тоўстым пластом, і павукі шчыльна заткалі ўсе куты сваім прадзівам. З сцен шмат дзе абваліўся тынк, а ў глыбіні стаяў камін, афарбаваны ў чорны колер. Раскладзены ў ім агонь паказваў, што ад Жана Вальжана не чакалі другога адказу, як той, які ён даў. З абодвух бакоў каміна стаялі два крэслы. Паміж іх паклалі стары пацёрты коўрык.

Пакой асвятляўся агнём ад каміна і цьмяным святлом змроку з акна.

Жан Вальжан стаміўся. Ужо некалькі дзён ён не еў і не спаў. Ён амаль упаў у крэсла.

Увайшоў лакей, паставіў на камін запаленую свечку і вышаў. Жан Вальжан, з схіленай на грудзі галавою, нічога не заўважыў.

Раптам ён усхапіўся. Ззаду ў яго стаяла Казета. Ён не ўбачыў, як яна ўвайшла, але ён гэта адчуў. Ён павярнуўся і моўчкі глядзеў на яе. Яна была чароўная. У вачах яе свяцілася яе душа.

— Міла, бацька, няма чаго сказацы! — ускрыкнула яна. — Я заўсёды ведала, што вы дзівак, але ніколі не дапускала, што да такой ступені. Што за фантазія? Марыус сказаў мне, што вы хочаце, каб я прыняла вас тут.

— Так, я гэтага хацеў.

— Я так і ведала. Папераджаю, што я зраблю вам сцэну. Пачнем спачатку. Пацалуйце мяне!

І яна падставіла яму шчаку. Жан Вальжан не варушыўся.

— Вы не рухаецеся з месца. Прымаю да ведама. Доказ вінаватасці. Але ўсёроўна, я вам дарую.

Жан Вальжан быў нерухомы, як і раней. Здавалася, ён прыбіты быў да падлогі.

— Гэта робіцца, аднак, сур’ёзным, — сказала Казета. — Што я вам зрабіла? Абвяшчаю, што я злуюся на вас. Вы павінны прасіць прабачэння. Вы абедаеце з намі?

— Я ўжо абедаў.

— Гэта няпраўда. Я папрашу пана Жыльнармана аблаяць вас. Хадзіце са мной у гасціную, зараз-жа!

— Не магу.

Казета пры гэтым некалькі засаромілася. Яна перастала гаварыць у тоне загадвання і перайшла да пытанняў.

— Але чаму-ж? І навошта для спаткання са мною выбралі самы горшы пакой у доме? Тут-жа брыдка.

— Ведаеш... — Жан Вальжан перарваў сябе. — Вы-ж ведаеце, сударыня, што я дзівак і ў мяне ёсць дзівацтвы.

Казета пляснула рукамі:

— Сударыня... вы ведаеце... Што гэта яшчэ за навіны? Што гэта яшчэ азначае?

Жан Вальжан зірнуў на яе з сумнай усмешкай, якая часта з’яўлялася на яго твары.

— Вы-ж хацелі быць дамай; вы зрабіліся ёю.

— Але не для вас, бацька.

— Не завіце мяне бацькам.

— А як-жа?

— Завіце панам Жанам або Жанам проста, калі хочаце.

— Вы больш не бацька, я больш не Казета! Пан Жан, што ўсё гэта азначае? Гэта-ж рэволюцыя! Што такое здарылася? Паглядзіце-ка мне яроста ў твар. І вы не хочаце жыць з намі? І ведаць не хочаце пакоя, што я вам падрыхтавала? Што-ж я вам зрабіла? Што я вам зрабіла? Што здарылася?

— Нічога.

— Але што-ж?

— Усё, як заўсёды.

— Чаму вы перамянілі імя?

— А вы-ж перамянілі сваё, — і, усміхнуўшыся, дадаў: — Калі вы пані Панмерсі, я магу быць панам Жанам.

— Нічога не разумею. Як усё гэта неразумна! Папрашу ў свайго мужа дазволу на тое, каб вы зрабіліся панам Жанам. Спадзяюся, ён не згодзіцца на гэта. Вы мяне вельмі крыўдзіце. Могуць быць дзівацтвы, але навошта-ж прыносіць гора маленькай Казеце? Гэта дрэнна. Вы не маеце права быць злым, калі вы такі добры.

Ён нічога не адказаў. Яна ўзяла яго за абедзве рукі і паднесла іх да свайго твара, прытуліўшыся да іх падбародкам з глыбокай пяшчотнасцю.

— О, будзьце добрым! — сказала яна. — Вось што я называю быць добрым. Быць разумным, пераехаць да нас жыць, пакінуць гэтую яму на вуліцы Ом Армэ і не задаваць загадак. Быць, як усе, абедаць з намі, снедаць з намі і быць маім бацькам.

Ён вызваліў рукі і сказаў:

— Вам бацька цяпер не патрэбны, у вас ёсць муж.

Казета абурылася.

— Бацька непатрэбны? — ускрыкнула яна. — У гэтым-жа, што вы гаворыце, няма ні кроплі здаровага сэнсу! Ух, агідны мядзведзь!

І яна дунула ў твар Жану Вальжану з невыказнай чароўнасцю.

— Я проста сама не свая ад злосці, — казала яна далей. — Вы ўсе злуеце мяне з учарашняга дня. Я нічога не разумею. Вы не абараняеце мяне супроць Марыуса, Марыус не падтрымлівае мяне супроць вас, і я зусім адна. Я падрыхтавала пакой — яго і ведаць не хочуць. Я заказваю смачны абед — ад яго адварочваюцца. А бацька мой Фашлеван патрабуе, каб я звала яго панам Жанам і прымала яго ў гэтым агідным, вільготным склепе, дзе замест хрусталю валяюцца парожнія бутэлькі, а замест фіранак — густая павуціна. Вам-бы належала хоць часова адмовіцца ад сваіх дзівацтваў. Вы хіба злуецеся на мяне за тое, што я шчаслівая?

Наіўнасць часам уражае вельмі трапна. Гэтае простае для Казеты пытанне глыбока закранула Жана Вальжана. Казета хацела абдрапаць, але яна мучыла. Жан Вальжан пабляднеў. З хвіліну ён памаўчаў, потым з невыказнай тугою прамармытаў пра сябе:

— Яе шчасце было мэтаю майго жыцця. Цяпер гасподзь можа адпусціць мяне. Казета, ты шчаслівая, мая пара мінула.

— А, вы сказалі мне „ты“! — ускрыкнула Казета і кінулася яму на шыю.

Жан Вальжан горача прытуліў яе да грудзей. Яму амаль здавалася, што ён зноў аўладаў ёю.

— Дзякую, бацька, — сказала Казета.

Адчуванне рабілася надта хваравітым для Жана Вальжана. Ён асцярожна выпусціў Казету з абдымкаў і ўзяўся за капялюш.

— Ну, што-ж? — запытала Казета.

— Я іду, сударыня, вас чакаюць.

На парозе, ля выхаду, ён абярнуўся і дадаў:

— Я сказаў вам „ты“. Перадайце вашаму мужу, што гэтага болыш не здарыцца. Выбачайце!

І ён вышаў, пакінуўшы Казету ў неўразуменні перад гэтым загадкавым развітаннем.

У наступныя дні Жан Вальжан з’яўляўся ў тыя-ж самыя гадзіны. Казета больш не распытвала, не здзіўлялася, не скардзілася на няўтульнасць пакоя і ўнікала называць яго бацькам або панам Жанам. Яна дазваляла яму гаварыць ёй „вы“ і „сударыня“, але весялосць яе крыху зменшылася.

Вельмі магчыма, што яна гаварыла па гэтаму поваду з Марыусам, але той, напэўна, сумеў яе супакоіць.

Пакой некалькі прыбралі, вынеслі парожнія бутэлькі, змялі павуціну і пыл.

Жан Вальжан з’яўляўся кожны дзень, разумеючы ў літаральным сэнсе дазвол Марыуса. Марыус у гэтыя гадзіны заўсёды стараўся выходзіць з дома. Усе прывыклі да дзівацтваў пана Фашлевана і перасталі звяртаць увагу на яго незвычайныя візіты. Ніхто і не здагадваўся аб іх трагічнай падкладцы.

Так прайшло некалькі тыдняў. Казета мала-па-малу ўвайшла ў новае жыццё і была бясконца шчаслівая. Усе былі здаровыя і ласкавыя. Жан Вальжан прыходзіў кожны дзень. Намаганні яго аддаліць яе ад сябе ўдаваліся. Яна рабілася ўсё больш вясёлая і менш пяшчотная. Аднак, яна яго вельмі любіла, і ён ведаў гэта. Аднойчы яна сказала яму:

— Вы былі маім бацькам, цяпер вы мне не бацька, былі дзядзькам, цяпер вы мне не дзядзька, былі панам Фашлеванам, зрабіліся панам Жанам. Хто-ж вы, нарэшце? Я гэтага не люблю. Сапраўды, калі-б вы не былі такі добры, я-б вас баялася.

Ён, як і раней, жыў на вуліцы Ом Армэ, не маючы сіл пакінуць месца, дзе жыла Казета.

Спачатку ён аставаўся з Казетай усяго некалькі хвілін і потым выходзіў.

Але мала-па-малу візіты яго рабіліся ўсё даўжэйшыя. Ён прыходзіў раней і выходзіў пазней.

Аднойчы Казета памылілася і назвала яго бацькам. Маланка асвятліла стары, суровы твар Жана Вальжана. Ён яе паправіў:

— Скажыце — „Жан“.

— А, так, праўда, — адказала яна, гучна рассмяяўшыся: — пан Жан!

— Вось так, — сказаў ён і адвярнуўся, каб яна не заўважыла, што ён выцірае набегшыя слёзы.

Гэта было ў апошні раз. Пасля гэтага настала поўнае забыццё ранейшай блізкасці. Ён спачатку страціў Казету адразу, потым паступова траціў яе па частках. Аднойчы ён прышоў і не знайшоў яе дома. Быў пачатак красавіка. Казета і Марыус адправіліся на вуліцу Плюме, у той сад, дзе ўпершыню заквітнела іх шчасце. Жан Вальжан прачакаў цэлы вечар і пайшоў, не дачакаўшыся яе. Казета была ў такім захапленні ад сваёй прагулкі, што на другі дзень пры спатканні з Жанам Вальжанам толькі аб ёй і гаварыла. Яна не ўспамінала нават, што напярэдадні не бачылася з ім.

З некаторага часу Жан Вальжан заўважыў, што маладая пара вяла вельмі скромнае жыццё. Гэта засмучала яго. Марыус быў вельмі эканомны, што мела асобны сэнс у вачах Жана Вальжана. Ён адважыўся запытаць:

— Чаму вы не трымаеце экіпажа? Гэта не павінна дорага каштаваць, а вы-ж багаты.

— Не ведаю, — адказала Казета.

— У вас адна толькі прыслуга?

— Адна, нам больш не патрэбна.

Наведванні Жана Вальжана рабіліся ўсё даўжэйшыя. Часта здаралася, што лакей прыходзіў і дакладваў:

— Пан Жыльнарман прыслалі напомніць пані, што есці падана.

У гэтыя дні Жан Вальжан адыходзіў у глыбокай задуменнасці.

Аднойчы ён астаўся яшчэ пазней, чым звычайна. На другі дзень ён заўважыў, што ў каміне няма агню.

„Няма агню, — падумаў ён і сам вытлумачыў сабе гэтую акалічнасць: — вельмі проста, цяпер красавік месяц і цёпла“. — Божа мой, як тут холадна! — ускрыкнула Казета, уваходзячы ў пакой.

— Зусім не, — адказаў Жан Вальжан.

— Гэта вы сказалі не разводзіць агонь?

— Так, я, бо на дварэ амаль май.

— Але-ж камін паляць нават у чэрвені, а ў гэтым склепе трэба паліць круглы год.

— Я думаў, што агонь не патрэбны.

— Гэта зноў адна з вашых фантазій, — адказала Казета.

На другі дзень камін зноў быў запалены, але крэслы перастаўлены на другі канец пакоя, каля дзвярэй.

„А гэта што азначае?“ — падумаў Жан Вальжан.

І ён пераставіў крэслы на ранейшае месца каля каміна. Запалены камін, аднак, падбадзёрваў яго. У гэты вечар ён прасядзеў яшчэ больш. Калі ёй збіраўся ісці, Казета сказала яму:

— Мой муж мне сказаў учора дзіўную рэч.

— Якую-ж?

— Ён мне сказаў: „Казета, у нас трыццаць тысяч ліўраў даходу: дваццаць сем тваіх і тры маіх, што дае мне дзед. Ці згадзілася-б ты жыць толькі на тры тысячы?“ Я яму адказала: „Хоць-бы яшчэ на менш, абы толькі з табой. Навошта ты гэта запытваеш?“ Ён мне адказаў: „Каб ведаць!“

Жан Вальжан не знайшоў адказу на гэтае апавяданне. Казета, напэўна, чакала ад яго якога-небудзь тлумачэння, але ён захоўваў пахмурае маўчанне. Зварачаючыся дадому, ён так быў заняты размышленнямі, што зблытаў дамы і зайшоў на чужую лесніцу. Відавочна, Марыус сумняваўся ў паходжанні гэтых шасцісот тысяч франкаў. Ён баяўся, што крыніца іх не асабліва чыстая, і, магчыма, даведаўшыся, што гэта грошы яго, Жана Вальжана, аддаваў перавагу беднасці перад няпэўным багаццем.

Апрача таго, Жан Вальжан пачынаў смутна разумець, што яго марочаць.

На другі дзень, увайшоўшы ў нізкі зал, ён перажыў моцнае патрасенне. Крэслы зніклі. Не было нават дзе сесці.

— Дзе-ж крэслы? — ускрыкнула Казета, уваходзячы.

— Іх больш няма, — адказваў Жан Вальжан.

— Ну, гэта ўжо занадта.

— Я іх загадаў вынесці, — прамармытаў Жан Вальжан.

— Навошта гэта?

— Я сёння зайшоў на хвілінку.

— Хіба мы таму павінны стаяць?

— Мне здавалася, што гэтыя крэслы патрэбны наверсе. Казета паціснула плячыма.

— Да пабачэння, — сказаў Жан Вальжан.

І ён вышаў засмучоны. На гэты раз ён зразумеў. На другі дзень ён зусім не з’явіўся. Казета заўважыла гэта толькі позна ўвечары.

— Як дзіўна, — сказала яна, — пан Жан сёння і не прыходзіў.

Сэрца яе злёгку сціснулася, але яна ледзь звярнула на гэта ўвагу, супакоеная пацалункамі Марыуса. На другі дзень ён зноў не прышоў.

Казета зноў не надала гэтаму значэння і правяла дзень і ноч зусім спакойна. Раніцою яна паслала служанку даведацца, ці здароў пан Жан і чаму ён не быў учора. Служанка вярнулася з адказам, што пан Жан здаровы, але ён вельмі заняты і хутка прыдзе. Ён павінен паехаць у невялікае падарожжа; пані ведае, што ён мае звычай рабіць гэта часта. Няхай яна не турбуецца і не думае аб ім.

Служанка, перадаючы словы сваёй пані, запытала, чаму пан Жан не быў учора.

— Я ўжо два дні не быў, — ціха заўважыў Жан Вальжан.

Але гэтая заўвага ледзь кранулася слуху пакаёўкі, і яна не перадала яе нават сваёй пані.

У канцы вясны і ў пачатку лета 1833 года прахожыя квартала Марэ заўважалі кожны дзень акуратна апранутага ў чорнае адзенне старога, які ў пэўныя гадзіны, як толькі пачынаўся змрок, выходзіў з вуліцы Ом Армэ і накіроўваўся на вуліцу Філь дзю Кальвер. Тут на рагу ён спыняўся і з позіркам, які свяціўся радасцю, і ціха варушачы губамі, нібы з кімсьці размаўляючы, паволі рухаўся наперад, быццам баючыся падыйсці да вызначанай мэты.

Дайшоўшы да апошняга дома, ён са слязмі на вачах глядзеў уздоўж вуліцы, аставаўся нерухомы некалькі хвілін, потым тым-жа крокам вяртаўся дадому. Па меры аддалення позірк яго згасаў.

Мала-па-малу ён перастаў даходзіць да рога вуліцы Філь дзю Кальвер. Ён спыняўся на поўдарозе, то бліжэй, то далей, і здалёк глядзеў уздоўж Філь дзю Кальвер. Кожны дзень ён, магчыма несвядома, скарачаў свой шлях, і ўвесь твар яго выражаў адну толькі думку: навошта? Зрэнкі згаслі, слёзы зніклі, задуменныя вочы былі сухія. Галава старога была заўсёды выцягнута наперад, падбародак часам варушыўся, маршчыны яго хударлявай шыі выклікалі жаласць. Часам, калі ішоў дождж, ён трымаў у руках парасон, які не распускаў. Кумушкі квартала гаварылі: „Гэта блажэнны“.

Дзеці бегалі за ім з смехам і кпінамі.

LIII

НЕКАЛЬКІ КРОКАЎ НАЗАД

Жахлівая рэч быць шчаслівым. Як задавольваюцца гэтым людзі! Як, уладаючы ілжываю мэтаю ў жыцці — шчасцем, лёгка забываюць сапраўдную мэту — абавязак!

Скажам, аднак, што нельга строга абвінавачваць Марыуса. Марыус, як вядома, да жаніцьбы не распытваў ні пра што ў пана Фашлевана, а потым баяўся задаваць пытанні Жану Вальжану. Ён пашкадаваў, што даў Жану Вальжану дазвол сустракацца з Казетай і мала-па-малу зрабіў так, што спатканні гэтыя зусім спыніліся. Не ведаючы крыніцы паходжання шасцісот тысяч франкаў, ён лічыў сябе абавязаным вярнуць іх камусьці і таму не карыстаўся імі.

Казета цалкам падпарадкоўвалася волі Марыуса і слепа яго слухалася. Што-ж датычыць Жана Вальжана, то абыякавасць яе да яго была толькі знадворная, і яна, як і раней, любіла таго, каго так доўга называла бацькам. Часта яна заводзіла аб ім гутарку з Марыусам; тады муж заспакойваў яе, гаворачы, што ён, напэўна, выехаў у адно з сваіх звычайных падарожжаў. Два ці тры разы Казета пасылала служанку даведацца, ці вярнуўся ён. Але Жан Вальжан загадаў дворнічысе заўсёды адказваць, што не. Казета мала-па-малу адвыкла ад яго.

Між іншым, тое, што часам называюць няўдзячнасцю дзяцей, не заўсёды заслугоўвае ганьбавання. Гэта няўдзячнасць прыроды. Прырода глядзіць наперад. Яна падзяляе жывыя істоты на прыходзячых і адыходзячых. Адыходзячыя звернуты да цемры, прыходзячыя — да святла. Адсюль робіцца аддаленне, ракавое з боку старых, мімавольнае з боку маладых. Аддаленне гэтае, спачатку неадчувальнае, паступова ўзмацняецца, як раздзяленне галін. Галіны, аддзяляючыся ад ствала, аддаляюцца ад яго. У гэтым яны не вінаваты. Юнацтва ідзе да радасці, да весялосці, да жыцця і кахання. Старасць ідзе ў нябыт. Яшчэ яны не трацяць з віду адзін аднаго, але няма ўжо судакранання. Маладыя людзі адчуваюць холад жыцця, а старыя адчуваюць холад магілы. Не будзем абвінавачваць гэтых бедных дзяцей.

Аднойчы Жан Вальжан вышаў на вуліцу і сеў на лаўку перад домам, дзе ноччу на 6 чэрвеня яго застаў Гаўрош. Ён прасядзеў некалькі хвілін і вярнуўся ў пакой. На другі дзень ён не выходзіў, а на трэці злёг у пасцель.

Дворнічыха, якая вяла яго бедную гаспадарку і гатавала яму абед, убачыла, што ён ужо два дні запар пакідае абед некранутым. — Вы нічога не ясце, — сказала яна, — гэта нядобра.

— Я не галодны. Я затое многа п’ю.

— Дык у вас, значыць, ліхарадка, і вы хворы.

Жан Вальжан узяў старую за руку і сказаў: — абяцаю, вам заўтра паесці.

— Я вамі нездаволена, — адказала жанчына.

У той-жа дзень увечары яна спаткала на вуліцы мясцовага доктара і папрасіла яго зайсці паглядзець хворага.

Урач выканаў яе просьбу і, вышаўшы ад Жана Вальжана, сказаў:

— Гэты чалавек вельмі хворы і перанёс, напэўна, страшэннае душэўнае ўзрушэнне. Я наўрад ці магу дапамагчы ў гэтым выпадку лякарствамі.

Увечары Жан Вальжан з намаганнем прыўзняўся з пасцелі. Дыханне яго было перарывістае, пульса амаль не было, і ён адчуў, што такі слабы, як яшчэ ніколі не быў. Тады пад уплывам, пэўна, нейкай асаблівай турботы, ён устаў і пачаў апранацца. Потым адчыніў скрыначку, выняў дзіцячую сукеначку Казеты і расклаў яе на ложку. Потым, падышоўшы да сярэбраных падсвечнікаў, што стаялі заўсёды на каміне, уставіў свечкі, запаліў іх, хоць яшчэ было зусім светла, і паставіў на стол каля сябе. Так часам сярод белага дня гараць свечкі ў пакоі, дзе ляжыць нябожчык.

Усякі рух бясконца стамляў яго, і ён часта вымушаны быў адпачываць. Гэта была не звычайная стомленасць, пасля якой сілы вяртаюцца зноў, гэта былі апошнія кроплі адыходзячага жыцця.

Выпадкова ён апынуўся супроць люстэрка і спалохаўся, убачыўшы сябе ў ім. Здавалася, яму было па меншай меры восемдзесят год. Да вяселля Казеты яму на выгляд ледзь можна было даць пяцьдзесат.

Апошні год састарыў яго на трыццаць год. Шчокі абвіслі, колер твара нагадваў зямлю, куткі губ апусціліся. Ён глядзеў у пустэчу з дакорам і быў падобны да адной з вялікіх трагічных істот, якія маюць права скардзіцца на жыццё.

Сцямнела. З цяжкасцю прысунуў ён да каміна стол і крэсла, узяўся за пяро і пачаў пісаць. Рука яго дрыжэла і ледзь трымала пяро, якое здавалася яму страшным цяжарам. Ён паволі вывеў некалькі радкоў:

„Казета, благаслаўляю цябе. Я табе зараз вытлумачу. Твой муж добра зрабіў, што аддаліў мяне, і, хоць ён некалькі памыляецца ва ўсім гэтым, ён правы. Ён цудоўны. Кахай яго заўсёды. Пан Панмерсі, кахайце заўсёды маё дарагое дзіця. Казета, вось што я хачу табе сказаць. Ты ўбачыш, што грошы гэтыя цалкам твая ўласнасць. Вось у чым справа. Белы шклярус атрымліваўся з Нарвегіі, чорны з Германіі, а каменнавугальныя вырабы з Англіі. У Францыі можна рабіць лепш і больш танна чорны шклярус, і я прыдумаў гэты спосаб. Гэта і дало мне...“

Тут ён спыніўся. Пяро вывалілася з пальцаў, і з глыбіні яго душы вырвалася страшэннае рыданне. Ён узлакаціўся абодвума рукамі на стол, сціснуў галаву і задумаўся.

— О, — ускрыкнуў ён унутрана, — усё скончана! Я не ўбачу яе больш. Адну хвіліну, адно толькі імгненне пачуць толькі гук яе голаса, дакрануцца да яе сукенкі, зірнуць на яе і потым памерці! Яна-б усміхнулася мне, сказала-б адно толькі слова. Хіба каму-небудзь ад гэтага было-б дрэнна? Не, скончана назаўсёды. Я зусім адзінокі. Божа мой! Я яе не ўбачу больш!

У гэтую хвіліну хтосьці пастукаўся ў дзверы.

У той-жа самы вечар, ледзь толькі Марыус паабедаў і пайшоў да сябе, каб заняцца справамі, увайшоў слуга і падаў яму пісьмо, сказаўшы:

— Чалавек, які прынёс яго, чакае ў пярэдняй.

Казета з дзедам прагульваліся ў садзе.

Пісьмо, як і чалавек, можа мець дрэнны знадворны выгляд. Напісанае на грубай паперы, неакуратна складзенае, яно пры першым-жа позірку адштурхоўвае ад сябе. Пісьмо, паданае Марыусу, было іменна такога сорту.

Марыус узяў яго. Яно пахла тутуном.

Нішто не абуджае так успамінаў, як пах. Марыус пазнаў гэты тутун. Ён паглядзеў на адрас: „Пану Панмерсі, ва ўласным доме“. Пазнаўшы тутун, Марыус пазнаў і почырк. Гэта быў нібы пробліск маланкі. Усё адразу асвятлілася ў яго памяці.

Так, гэта тая самая папера, тое самае бялёсае чарніла, той-жа почырк, асабліва пах тутуну. Перад ім паўстала трушчоба Жандрэтаў. І вось, дзіўная гульня выпадка! Адзін з двух, сляды якога ён згубіў і якога не спадзяваўся знайсці больш, з’явіўся сам да яго.

Ён распячатаваў пісьмо і прачытаў:

„Пан барон!

Калі-б найвышні надзяліў мяне талентам, я мог-бы быць баронам Тэнарам, членам інстытута (Акадэміі навук), але я не зрабіўся ім. Я толькі дзякуючы выпадковасці нашу яго імя і палічу сябе шчаслівым, калі ўспаміны аб ім схіляць вас на маю карысць. Добрадзеянне, якое вы мне акажаце, будзе ўзаемна. Я ведаю таямніцу, якая датычыць адной асобы. Асоба-ж гэтая датычыць вас. Таямніцу я вам скажу, бо я жадаю быць вам карысны. Я дам вам магчымасць адправіць з вашай шаноўнай сям’і асобу, якая не мае права быць у вас, таму што пані баранеса знатнага паходжання. Свяцілішча добрадзейнасці не можа больш ужывацца поруч са злачынствам. Чакаю ў пярэдняй вашых загадаў, пан барон.

З павагай Тэнар“.

Подпіс не быў фальшывы, а толькі некалькі скарочаны. Сумненняў ніякіх не было.

Хваляванне Марыуса было надзвычайнае. Пасля першага здзіўлення ён адчуў вялікую радасць. Цяпер аставалася толькі знайсці таго, хто выратаваў яго, Марыуса, і яму не астанецца нічога больш жадаць.

Ён высунуў шуфляду стала, выняў некалькі білетаў і засунуў іх у кішэню. Потым пазваніў і загадаў увесці прышоўшага.

— Пан Тэнар, — даклаў слуга.

Чалавек увайшоў, і Марыус зноў быў здзіўлены. Асоба, якая стаяла перад ім, была яму зусім незнаёмая.

Гэта быў стары з тоўстым носам і падбародкам, які напалову схаваўся ў гальштук. На вочы надзеты былі зялёныя цёмныя акуляры з зялёным-жа шаўковым казырком. Валасы сівыя. Апрануты ён быў у чорнае з галавы да ног; пацёртае і старое, хоць і акуратнае адзенне яго было, відавочна, з чужога пляча, таму што ўсё было надта шырокае і даўгое. У руках ён трымаў стары капялюш і ішоў, некалькі згорбіўшыся, што рабіла паклон яшчэ ніжэйшым.

Марыус пад уплывам ашуканага чакання акінуў незнаёмага непрыязным позіркам і запытаў адрывіста:

— Што вам трэба?

Госць адказваў, любезна выскаліўшыся, нагадваючы кракадзіла, які ўсміхаецца:

— Здаецца, я меў гонар сустракаць ужо пана барона ў свеце. Ці не бывалі вы некалькі год таму назад у княгіні Багратыён і ў віконта Данбры?

Гэта тактыка ўсіх машэннікаў: рабіць выгляд, што пазнаеш чалавека, якога бачыш у першы раз у жыцці.

Марыус, які ўважліва прыслухоўваўся да гаворкі гэтага чалавека, расчароўваўся ўсё больш і больш. Голас быў зусім незнаёмы.

— Я незнаёмы з гэтымі асобамі, — адказаў ён рэзка. — Што вам ад мяне патрэбна? Незнаёмы, пачуўшы рэзкі тон Марыуса, пакланіўся яму шш яшчэ ніжэй.

— Пан барон, калі ласка, выслухайце мяне. У Амерыцы, каля Панамы, ёсць вёска, якая называецца Джояй. Яна складаецца ўся з аднаго дома, вялізнага, трохпавярховага, прычым адзін паверх ад другога знаходзіцца за дваццаць футаў. У сярэдзіне яго знаходзіцца ўнутраны двор, дзе захоўваюцца ўсе запасы. У доме жыве восемсот чалавек, заўжды гатовых да абароны. Чаму? Таму што вакол краіна поўная антрапафагаў[81]. Навошта-ж пасяліліся там? Таму што там краіна цудаў, там знаходзяць золата.

— Да чаго вы ўсё гэта хіліце? — запытаў Марыус, пераходзячы ад расчаравання да нецярплівасці.

— А вось да чаго, пан барон. Я — стары дыпламат, стомлены службаю. Старая цывілізацыя нагнала мне аскому. Хачу паспрабаваць пажыць сярод дзікуноў.

— Што-ж далей?

— Я хачу пасяліцца ў Джойе. Нас трое: я, жонка і дачка, вельмі прыгожая дзяўчына. Падарожжа будзе каштаваць надзвычайна дорага; значыць, мне патрэбны грошы.

— Якім-жа чынам гэта можа датычыць мяне? — запытаў Марыус.

Незнаёмы выцягнуў шыю — жэст, уласцівы ястрабу, — і, усміхнуўшыся яшчэ шырэй, запытаў:

— Хіба пан барон не прачытаў майго пісьма?

Марыус сапраўды дрэнна зразумеў сэнс напісанага, узіраючыся больш у почырк і паперу, чым унікаючы ў тое, што ў ім гаварылася. Пры словах „жонка і дачка“ ён пранікліва зірнуў на свайго суразмоўніка.

— Растлумачце больш дакладна, — сказаў ён.

Невядомы засунуў абедзве рукі ў кішэні, узняў галаву і не выпростваючы спіны, скоса, поверх акуляраў, пазіраючы на Марыуса, сказаў:

— Калі ласка, пан барон, я вам вытлумачу: у мяне ёсць таямніца, якую я жадаю вам прадаць.

— І гэтая таямніца датычыць мяне?

— Часткова. Я пачну дарэмна. Убачыце, як гэта цікава.

— Гаварыце!

— Пан барон, у вашым доме жыве злодзей і забойца.

Марыус уздрыгануўся.

— У мяне? Няпраўда, — адказваў ён.

Незнаёмы непахісна гаварыў далей: — Забойца і злодзей. Заўважце, пан барон, я не гавару тут аб справах даўніх, якія могуць быць загладжаны даўнасую перад законам і раскаяннем перад богам, Я гавару аб рэчах, якія здарыліся нядаўна, цяпер, але невядомых яшчэ правасуддзю. Такім чынам, я гавару далей. Гэты чалавек украўся вам у давер’е і амаль у вашу сям’ю пад фальшывым імем. Я назаву вам яго сапраўднае імя, і назаву яго дарэмна.

— Я слухаю.

— Яго завуць Жанам Вальжанам.

— Я гэта ведаю.

— Я таксама дарэмна скажу вам, хто ён такі.

— Скажыце.

— Гэта былы катаржнік.

— Я гэта ведаю.

— З тае хвіліны, як я меў гонар паведаміць вам гэта.

— Не, я ведаў гэта раней.

Халодны тон Марыуса, яго падвойны адказ: „Я гэта ведаю“, яго лаканізм, які не дазваляе распаўсюджвацца, абудзілі ў невядомым глухі гнеў. Ён кінуў на Марыуса злосны позірк, які адразу-ж згас, але Марыус заўважыў і пазнаў яго.

Незнаёмы пачаў зноў з усмешкай:

— Не дазволю сабе супярэчыць пану барону. Ва ўсякім выпадку, вы бачыце, што я тое-сёе ведаю. Цяпер-жа тое, што я маю яшчэ паведаміць вам, ведаю толькі я адзін. Гэта датычыць багацця пані баранесы. Гэта незвычайная таямніца, і я магу толькі прадаць яе. Перш за ўсё назначаю за яе цану, недарагую: дваццаць тысяч франкаў.

— Я гэтую таямніцу ведаю таксама, як і ўсе астатнія, — сказаў Марыус.

Незнаёмы знайшоў неабходным знізіць суму і сказаў:

— Пан барон, пакладзіце дзесяць тысяч, і я вам скажу яе.

— Паўтараю, вы нічога не можаце паведаміць мне. Я ведаю ўсё, што вы хочаце мне сказаць.

У вачах суразмоўніка мільганула новая іскра.

— Трэба-ж мне, аднак, сёння паабедаць! — ускрыкнуў ён. — Кажу вам, што гэта незвычайная таямніца. Я вам скажу, пан барон. Дайце мне дваццаць франкаў.

Марыус пільна зірнуў на яго.

— Я ведаю вашу надзвычайную таямніцу, таксама-ж, як ведаў імя Жана Вальжана, таксама-ж як ведаю і ваша імя.

— Маё імя?

— Так.

— Гэта няхітра, пан барон. Я меў гонар назваць сябе вам — Тэнар. — ... д’е.

— Як?

— Тэнард’е.

— Хто гэта?

Пры гэтым незнаёмы рассмяяўся і пачаў змятаць пыл з рукава сурдута.

Марыус казаў далей:

— Вы-ж Жандрэт, вы-ж Фабанту, вы-ж шынкар з Манфермейля. Вы, адным словам, — Тэнард’е.

— Я гэта адмаўляю.

— І ў дадатак вы — нягоднік. Вось вам! — і, выхапіўшы з кішэні банкавы білет, Марыус кінуў яга яму ў твар.

— Дзякую, выбачайце, пяцьсот франкаў, пан барон!

І ён, усхваляваны, кланяўся, мармытаў штосьці, прасіў прабачэння. Потым раптам сказаў:

— Ну, добра, хай будзе так. Не будзем цырымоніцца.

І з хуткасцю малпы адкінуў назад валасы, сарваў акуляры і наклеены нос і зняў ранейшую фізіяномію, як знімаюць капялюш. З’явіўся твар яраснага і хітрага драпежніка.

— Пан барон угадаў, — сказаў ён сваім сапраўдным голасам. — Я Тэнард’е.

І ён выпрастаў спіну. Тэнард’е, таму што гэта быў сапраўды ён, быў незвычайна здзіўлены. Ён-бы засароміўся, калі-б гэта аказалася для яго магчымым. Ён прышоў здзіўляць, і сам быў здзіўлены. За гэтае ўніжэняе яму заплацілі пяцьсот франкаў, і ён пагадзіўся з ім.

Ён у першы раз у жыцці бачыў гэтага барона Панмерсі, які пазнаў яго, не гледзячы на пераапрананне, і пазнаў грунтоўна. Ён ведаў не толькі яго, але і Жана Вальжана. Што-ж гэта за малады чалавек, амаль яшчэ юнак, такі вытрыманы і велікадушны, які ведае імёны машэннікаў і разам з тым адкрывае ім свой кашалёк?

Хоць Тэнард’е і ў халупе Гарбо і жыў па суседству з Марыусам, але ніколі не бачыў яго. Не будучы знаёмы з ім, ён напісаў яму тады пісьмо і пераслаў дачкою. Яму і ў думку не прышло, што пан Марыус і барон Панмерсі — адна і тая-ж асоба.

Марыус сядзеў задумаўшыся. Нарэшце-то ён адшукаў Тэнард’е! Чалавек, якога ён так жадаў знайсці, тут, перад ім. Ён можа, такім чынам, выканаць завет бацькі. Яго абражала, што яго бацька абавязаны чым-небудзь гэтаму машэнніку і што вексель, выданы яму, Марыусу, бацькам з-за магілы, аставаўся да гэтага часу не аплачаным. Як-бы там ні было, ён быў здаволены. Нарэшце, ён вызваліць цень бацькі ад гэтага нявартага крэдытора, і яму здавалася, што ён вырве з даўгавой турмы памяць свайго бацькі. Разам з тым ён лічыў сваім абавязкам вытлумачыць, калі можна, крыніцу багацця Казеты. Здавалася, выпадаў на гэта зручны выпадак. Мабыць, Тэнард’е ведаў тое-сёе. Ён сказаў яму:

— Тэнард’е, я назваў ваша імя. Цяпер ці хочаце, каб я сказаў вам таямніцу, якую вы хацелі мне паведаміць? Вы ўбачыце, што я ведаю гэта яшчэ раней за вас. Жан Вальжан, як вы сказалі, — забойца і злодзей. Злодзей, таму што ён абакраў багатага фабрыканта, якога ён разарыў, пана Мадлена; забойца, таму што ён забіў паліцэйскага агента Жавера.

— Нічога не разумею, пан барон, — сказаў Тэнард’е.

— Пастараюся вам вытлумачыць. Слухайце! У адной з акруг Па-дэ-Кале каля 1829 года нехта, па імю Мадлен, адкрыў фабрыку шклярусу і гэтым узбагаціў усю краіну. Ён набыў таксама і сабе вялікае багацце. Ён быў бацькам і дабрадзеем усіх беднякоў, пабудаваў шпіталі, школы, даваў пасаг бедным дзяўчатам, падтрымліваў удоў і сірот і быў нібы апекуном усёй краіны. Ён адмовіўся ад ордэна, і яго абралі мэрам. Адзін вызвалены катаржнік ведаў таямніцу нейкага злачынства гэтага чалавека, данёс на яго, і яго арыштавалі. Сам-жа скарыстаў гэта і, з’явіўшыся ў Парыж пад фальшывым імем, паспеў узяць з банкірскага дома Лафіт, мне гэта гаварыў сам касір, усе грошы пана Мадлена — каля поўмільёна франкаў. Гэты катаржнік, які абакраў пана Мадлена, і ёсць Жан Вальжан. Што-ж датычыць забойства, то вам таксама няма чаго паведаміць мне пра яго. Жан Вальжан забіў агента Жавера. Ён застрэліў яго з пісталета. Я амаль прысутнічаў пры гэтым.

Тэнард’е зірнуў на Марыуса з выглядам перавагі і перамогі і сказаў толькі:

— Пан барон, вы глыбока памыляецеся.

— Як! — ускрыкнуў Марыус. — Вы адмаўляеце ўсё гэта? Але-ж гэта факты.

— Усё гэта заблуджэнне. Давер’е, якім пан барон узнагарадзіў мяне, абавязвае мяне сказаць вам гэта. Праўда і справядлівасць перш за ўсё! Я не люблю, калі несправядліва абвінавачваюць людзей. Пан барон, Жан Вальжан не абкрадваў пана Мадлена і Жан Вальжан не забіваў Жавера.

— Ну, гэта ўжо занадта! Як-жа так?

— Вельмі проста: па-першае, ён не абкраў Мадлена, таму што ён сам і ёсць Мадлен, а, па-другое, ён не забіваў Жавера, таму што забойца Жавера — сам Жавер.

— Дакажыце, дакажыце! — ускрыкнуў Марыус страшэнна ўхваляваны.

Тэнард’е выхапіў з бакавой кішэні вялізны шэры папяровы пакет і, пакапаўшыся ў ім, выняў з яго дзве складзеныя і пажаўцелыя ад часу газеты. Адна з іх была зусім падраная. Тэнард’е падаў абедзве газеты Марыусу.

Першая прадстаўляла сабой стары нумар газеты „Белы сцяг“ ад 25 ліпеня 1823 года, у якой устанаўлівалася адзінства асобы Мадлена і Жана Вальжана; у другой расказвалася аб дзіўным самагубстве Жавера, пасля таго як яму дапамог уцячы з барыкады адзін з інсургентаў, які, замест таго, каб стрэліць яму ў галаву, стрэліў у паветра.

— У такім выпадку, гэта незвычайны чалавек! — ускрыкнуў Марыус, прачытаўшы абодва паведамленні. Жан Вальжан раптам вышаў з цемры і вырас на вачах Марыуса. — Усё гэта багацце бясспрэчна належыць яму, — сказаў ён. — Гэта Мадлен — дабрадзей усёй краіны. Гэта Жан Вальжан — выратавальнік Жавера. Гэта герой, гэта святы!

— Гэта не святы і не герой, — сказаў Тэнард’е. — Гэта забойца і злодзей. Супакойцеся.

Словы „злодзей і забойца“ падзейнічалі на Марыуса, як халодны душ.

— Яшчэ! — сказаў ён.

— Так, — адказаў Тэнард’е. — Жан Вальжан не абкраў Мадлена, але ён — злодзей. Ён не забіў Жавера, але ён — забойца.

— Ці не гаворыце вы аб гэтым няшчасным зладзействе, зробленым сорак год назад, адкупленым ужо жыццём, поўным раскаяння і дабрадзейнасці?

— Не, я гавару аб падзеях нядаўніх і нікому яшчэ не вядомых. Гэты сакрэт каштуе грошай. Справа вось у чым: 6 чэрвеня 1832 года, прыблізна каля года назад, у дзень вулічных непарадкаў адзін чалавек знаходзіўся ў падземнай галярэі Вялікай клаакі, з таго боку, дзе яна ўліваецца ў Сену.

Марыус раптам прысунуў сваё крэсла бліжэй да Тэнард’е. Той заўважыў гэты рух і пачаў гаварыць, паволі расцягваючы словы:

— Чалавек гэты па розных меркаваннях, чужы, між іншым, для палітыкі, павінен быў хавацца. Гэта было, паўтараю, 6 чэрвеня, гадзін каля васьмі вечара. Раптам ён пачуў нейкі шум у галярэі. Вельмі здзіўлены, ён прытаіўся і пачаў чакаць. Гэта быў шум крокаў: хтосьці ішоў упоцемках і накіроўваўся ў яго бок. Дзіўная справа — у клаацы быў яшчэ нехта. Выходная рашотка была недалёка, і з дапамогаю слабага святла, якое праходзіла праз яе, той хто схаваўся, разглядзеў нейкага чалавека, які ішоў, сагнуўшыся, несучы штосьці на спіне. Гэта быў катаржнік; тое, што ён нёс на спіне, быў труп. Забойства відавочнае. Што датычыць зладзейства, то яно вынікае само сабой; не забіваюць-жа чалавека так сабе, абы забіць. Гэты катаржнік ішоў кінуць труп у раку. Трэба заўважыць, што, перш чым дайсці да выходнай рашоткі, забойца павінен быў прайсці праз страшную багну, дзе лёгка мог-бы кінуць труп. Але тады на другі дзень чысцільшчыкі маглі-б выкрыць злачынства. Гэтага, відавочна, не хацелася катаржніку. Ён рашыў цаною нечалавечых намаганняў прабрацца праз балота, і я нават да гэтага часу не магу зразумець, як удалося яму выбрацца адтуль жывым.

Марыус прысунуўся яшчэ бліжэй. Тэнард’е перадыхнуў і гаварыў далей:

— Жыхар клаакі і забойца спаткаліся, на вялікі жаль абодвух, і прывіталіся. Катаржнік, які меў страшэнную сілу, сказаў: „У цябе ёсць ключ, адамкні рашотку“. Адмовіцца не было магчымасці, але жыхар уступіў у перагаворы ўласна дзеля таго, каб выйграць час. У той-жа час ён уважліва разглядаў твар мёртвага. Гэта быў малады чалавек, толькі што, напэўна, забіты, але рысы якога пад пластом крыві і пылу нельга было разглядзець; ён быў добра апранут і меў выгляд багатага. Гутарачы, уладар ключа знайшоў магчымасць ададраць кавалак ад сурдута забітага і схаваць у кішэню гэты рэчавы доказ. Потым адамкнуў рашотку і выпусціў забойцу і яго афяру, сам-жа хутчэй пайшоў, не жадаючы бачыць, як труп будзе кінуты ў ваду. Той, хто нёс труп, быў Жан Вальжан; уладар ключа ў гэтую хвіліну перад вамі; а кавалак адзенння... — і Тэнард’е выхапіў з кішэні і паказаў Марыусу кавалак чорнага сукна, пакрытага цьмянымі плямамі.

Марыус, бледны, ледзь дыхаючы, з вачыма, накіраванымі на гэты кавалак сукна, не гаворачы ні слова, устаў з крэсла і падышоў да шафы. Потым адчыніў дзверку і, усё не зводзячы вачэй з шматка, выхапіў стары чорны сурдут і кінуў яго на падлогу.

— Забіты малады чалавек, — ускрыкнуў ён, — я! А вось і адзенне! — І, вырваўшы шматок з рук Тэнард’е, прыклаў да ададранай палы. Ён прышоўся якраз да месца.

Тэнард’е аслупянеў.

„Ну, папаўся“, — падумаў ён.

Марыус узняўся, увесь дрыжачы, у роспачы і ззяючы. Ён пачаў капацца ў кішэні, з ярасцю падбег на Тэнард’е і, пагражаючы яму ў твар кулакамі, поўнымі банкавых білетаў, закрычаў, як звар’яцелы.

— Вы нягоднік! Вы ілгун! Вы паклёпнік, машэннік! Вы прышлі абвінаваціць чалавека — вы яго апраўдалі. Вы хацелі загубіць яго — вы яго праславілі. Вы злодзей! Вы забойца! Я вас бачыў, Тэнард’е-Жандрэт, у мансардзе бульвара Опіталь. Я даволі ведаю для таго, каб адправіць вас у астрог і нават далей, калі-б я захацеў гэтага. Вось вам, вазьміце тысячу франкаў, падлюга вы такі! — І ён кінуў яму банкавы білет. — А, Жандрэт-Тэнард’е, агідны машэннік! Няхай паслужыць вам гэта ўрокам, прайдзісвет, нягоднік. Бярыце пяцьсот франкаў і вон адсюль! Вас выратавала Ватэрлоа.

— Ватэрлоа?.. — прамармытаў Тэнард’е, хаваючы грошы ў кішэню.

— Так, забойца! Вы выратавалі там жыццё аднаму палкоўніку.

— Генералу, — сказаў Тэнард’е, узнімаючы галаву.

— Палкоўніку, гавару вам! — ускрыкнуў Марыус гнеўна. — А сюды вы прышлі рабіць агіднасці! Убірайцеся, знікайце адсюль! Будзьце шчаслівы — вось адзінае, чаго я вам жадаю. О, страшыдла! Вось вам яшчэ тры тысячы франкаў, і заўтра-ж выязджайце ў Амерыку з вашай дачкой, таму што жонка ваша памерла, агідны ілгун! Я прасачу за тым, каб вы выехалі, і ў апошнюю хвіліну дам вам двадцаць тысяч франкаў. Ступайце, няхай вас павесяць у іншым месцы.

— Пан барон, — адказаў Тэнард’е, кланяючыся да зямлі, — я вам удзячны навекі.

І ён вышаў, ашаломлены, нічога не разумеючы ва ўсім, што здарылася, пад салодкім цяжарам золата і навальніцы, якая разразілася над яго галавой у выглядзе банкавых білетаў.

Як толькі ён пайшоў, Марыус кінуўся ў сад, дзе яшчэ гуляла Казета.

— Казета, Казета! — крычаў ён. — Хадзі, хадзі хутчэй!.. Паедзем. Карэту сюды! Казета, хадзі-ж, божа мой!.. Не будзем марудзіць, апранайся!

Казета падумала, што ён звар’яцеў, і скарылася.

— Ах, Казета, я няшчасны! — гаварыў ён.

Марыус быў, як звар’яцелы. У асобе Жана Вальжана рысаваўся перад ім велічны, пахмуры вобраз. Нечуваная дабрадзейнасць з’яўлялася яму, дзівосная, ціхамірная ў сваёй велічы. Катаржнік ператварыўся ў святога. Марыус быў аслеплены гэтым ператварэннем. Ён не мог ясна ўявіць сабе, што ён бачыў перад сабой, але гэта было нешта вялікае.

Праз хвіліну прывялі рамізніка, і Марыус і Казета ўскочылі ў экіпаж.

— На вуліцу Ом Армэ, нумар сем! — закрычаў Марыус.

— Ах, якое шчасце! — ускрыкнула Казета. — Я не адважвалася прасіць цябе. Мы едзем да пана Жана. — Да твайго бацькі, Казета, да бацькі больш, чым калі-небудзь. Цяпер я ўсё разумею! Ты, Казета, не атрымала пісьма, якое я паслаў табе з Гаўрошам. Яно трапіла ў яго рукі. І ён адправіўся на барыкаду ратаваць мяне. І таму, што быць ангелам для ўсіх — яго патрэба, то ён выратаваў і Жавера. Ён выцягнуў мяне з гэтай прорвы, каб аддаць мяне табе. Ён пранёс мяне праз страшэнную клааку. О, я — няўдзячнае страшыдла! Уяві сабе, ён сто разоў мог утапіцца ў гразі! Я быў у непрытомнасці, нічога не бачыў і не чуў, не мог ведаць сваёй уласнай прыгоды. Мы яго возьмем да сябе, ці хоча ён, ці не хоча, і не разлучымся з ім больш ніколі. Толькі-б застаць яго дома. Усё астатняе жыццё я прысвячу яму. Напэўна, гэта так і было, Казета: Гаўрош яму перадаў маё пісьмо. Усё ясна. Разумееш?

Казета нічога не разумела.

— Твая праўда, — сказала яна.

Фіякр, між тым, пасоўваўся наперад.

LIV

ЦЕМРА НАРАДЖАЕ ЗАРУ

Пачуўшы стук у дзверы, Жан Вальжан абярнуўся.

— Заходзьце, — адказаў ён слабым голасам.

Дзверы адчыніліся. Казета і Марыус паказаліся на парозе. Казета ўвайшла ў пакой. Марыус спыніўся ў дзвярах, прыхіліўшыся да вушака.

— Казета! — сказаў Жан Вальжан.

І ён выпрастаўся на сваім крэсле і, працягнуўшы наперад рукі, задрыжэў, змярцвеў, і ў вачах у яго засвяцілася бясконцая радасць.

Казета, задыхаючыся ад хвалявання, упала яму на грудзі.

— Бацька! — ускрыкнула яна.

Жан Вальжан лепятаў:

— Казета! Яна... вы... сударыня, гэта ты! О, божа мой! — І, сціснуўшы яе ў абдымках, ускрыкнуў: — Гэта ты! Ты тут! Дык ты мне даруеш?

Марыус апусціў вочы, каб утрымаць выступіўшыя слёзы, і прамармытаў, канвульсіўна скрывіўшы губы, гатовы разрыдацца:

— Бацька мой!

— І вы таксама даруеце мне? — сказаў Жан Вальжан. — Дзякую вам!

Казета скінула з сябе шаль і капялюш і села яму на калені. Потым адхінула ад ілба яго сівыя валасы і пяшчотна яго пацалавала.

Жан Вальжан мармытаў:

— Які бываеш неразумны часам! Я думаў, што не ўбачу яе больш. Уявіце сабе, пан Панмерсі, за хвіліну перад гэтым, як вы ўвайшлі, я сказаў сабе: „Усё скончана. Вось яе маленькая сукеначка, а я, няшчасны, больш яе не ўбачу“. А вы ў гэты час узнімаліся ўжо па лесніцы. І вось яна тут, мая маленькая Казета! Ах, які я быў нешчаслівы!

— Які вы нядобры, што не давалі нам аб сабе ніякіх звестак, — пачала Казета. — Хіба можна выязджаць на такі доўгі час? Калі вы вярнуліся? Вы ведаеце, вы страшэнна змяніліся. У, гадкі бацька, ён хворы і не паведаміў нават аб гэтым. Крані яго руку, Марыус, паглядзі, якая яна халодная!

— Ітак, вы тут, пан Панмерсі. Значыць, вы мне даравалі? — паўтарыў Жан Вальжан.

Пры гэтым другім пытанні Марыус не мог вытрымаць, і ўсё, што накапілася ў яго сэрцы, вылілася. Ён ускрыкнуў:

— Чуеш, Казета? Ён яшчэ просіць у мяне прабачэння! А ці ведаеш, што ён зрабіў? Ён выратаваў мне жыццё. І больш за таго: ён аддаў цябе мне. Ён прынёс сябе ў афяру. І мяне-ж, няўдзячнага, бязжаласнага, злачыннага, ён дзякуе яшчэ! Калі я ўсё жыццё правяду ля ног гэтага чалавека, і то будзе мала, Казета. Ён вырваў мяне ў смерці, падупадаючы сам тысячы небяспек. Усе дабрадзейнасці, увесь гераізм злучыліся ў асобе гэтага чалавека, Казета.

— Цішэй, цішэй, — сказаў Жан Вальжан. — Навошта гаварыць усё гэта?

— Але вы!.. — ускрыкнуў Марыус з гневам, у якім чулася абажанне. — Чаму вы самі не расказалі ўсяго? У гэтым ваша віна. Вы ратуеце людзям жыццё і хаваеце гэта. І, пад выглядам зняць з сябе маску, вы наводзіце паклёп на сябе. Гэта жахліва.

— Я гаварыў праўду, сказаў Жан Вальжан.

— Не, вы сказалі не ўсю праўду. Вы былі панам Мадленам, чаму-ж вы гэтага не вытлумачылі? Вы выратавалі Жавера, чаму вы гэтага не сказалі? Я абавязан вам жыццём, чаму вы не адкрылі мне гэта?

— Таму што я думаў тое-ж, што і вы. Я знаходзіў, што была ваша праўда. Я павінен быў адыйсці. Калі-б вы ведалі пра ваша выратаванне, то пакінулі-б мяне ў сябе. Таму я павінен быў маўчаць. Калі-б я расказаў, то гэта ўсіх-бы сцясніла.

— Каго? — запярэчыў Марыус. — Няўжо-ж вы думаеце, што цяпер вы астанецеся тут? Мы забярэм вас. Ах, божа мой! І калі я ўспомню, што ўсё гэта толькі выпадкова вытлумачылася! Мы вас павязем з сабой. Вы — частка нас саміх. Вы — і яе бацька і мой. Вы ні хвіліны больш не астанецеся ў гэтым жахлівым доме. Не думайце, што вы і заўтра тут будзеце.

— Заўтра, — сказаў Жан Вальжан, — мяне тут не будзе, але я не буду і ў вас...

— Што вы хочаце сказаць? — адказаў, Марыус. — Вандраваць мы вам больш не дазволім. Вы з намі больш не разлучыцеся. Вы нам належыце, і мы вас не пусцім.

— На гэты раз назаўсёды, — дадала, Казета. — Унізе нас чакае экіпаж. Я вас краду. Калі патрэбна, я ўжыву сілу, — і яна, смеючыся, паспрабавала падняць на рукі Жана Вальжана.

— Праўда, было-б чароўна жыць разам, — пачаў Жан Вальжан. — Я зноў пачаў-бы свае прагулкі з Казетай... Жыць разам з жывымі людзьмі, бачыцца з імі — гэта вялікае шчасце. Толькі... — ён перапыніў сябе і потым сказаў ціха: — Гэта вельмі шкада... — І ўсміхнуўся са слязмі на вачах. Казета ўзяла яго абедзве рукі ў свае.

— Божа мой! — ускрыкнула яна. — Вашы рукі зрабіліся яшчэ халаднейшыя. Хіба вы хворы? Вы пакутуеце?

— Я? Не, — адказаў Жан Вальжан. — Мне добра, толькі... — ён спыніўся.

— Што толькі?

— Я зараз памру.

Казета і Марыус уздрыгануліся.

— Памрэце? — ўскрыкнуў Марыус.

— Так, але гэта нічога, — адказаў Жан Вальжан.

Ён уздрыгануўся, усміхнуўся і сказаў:

— Казета, гавары яшчэ. Я хачу чуць твой голас.

Марыус, аслупянелы, глядзеў на старога. Казета пачала рыдаць.

— Бацька, бацька, — крычала яна. — Вы будзеце жыць! Я хачу, каб вы жылі, чуеце?

Жан Вальжан з абажаннем глядзеў на яе.

— О, так, — сказаў ён, — забарані мне паміраць. Хто ведае? Магчыма, я і паслухаюся цябе. Я гатовы быў памерці перад тым як вы ўвайшлі. Вы мяне спынілі. Мне здаецца, што я нарадзіўся зноў.

— Вы поўны жыцця і сілы! — ускрыкнуў Марыус. — Няўжо вы думаеце, што так паміраюць? У вас было гора, цяпер яно прайшло. Я прашу ў вас прабачэння, нават на каленях. Вы будзеце жыць, будзеце жыць з намі і жыць доўга. Мы вас возьмем да сябе. Мы абодва з гэтага часу не будзем мець другой мэты, апрача вашага шчасця.

Выява

Казета і Марыус упалі на калені і прытуліліся да рук Жана Вальжана. — Вось бачыце, — сказала Казета ўся ў слязах, — Марыус гаворыць, што вы не памрэце.

Жан Вальжан усё ўсміхаўся.

— Калі вы возьмеце мяне да сябе, пан Панмерсі, хіба я зраблюся іншы, як ёсць? Не. Я павінен адыйсці. Смерць — добрая развязка. Будзьце шчаслівы з Казетай, і няхай свеціць вечнае сонца над вамі. Я-ж больш нікому не патрэбны і паміраю. Я адчуваю, што ўсё скончана. Гадзіну таму назад я страціў прытомнасць. Ноччу мяне біла ліхарадка. Які добры твой муж, Казета! Табе з ім шмат лепш, чым са мной.

Казета намагалася сказаць штосьці, але рыданні душылі яе. Зрэдку выляталі толькі адрывістыя словы:

— Бацька, не пакідайце нас! Ці магчыма, каб мы знайшлі вас для таго, каб зараз-жа страціць.

Стары схапіў рукаў Казеты і прыціснуў яго да губ.

— Вы вельмі добрыя абодва, — сказаў ён. — Я вам скажу, што прынесла мне самае вялікае гора. Гэта тое, што вы не хацелі карыстацца грашыма, якія цалкам належаць вашай жонцы. Я вам зараз вытлумачу, дзеці мае, і рад, што вы прышлі. Я прыдумаў больш танны і лёгкі спосаб выпрацоўкі шклярусу і гэтым набыў сабе багацце. Гэта вы ўсё прачытаеце ў пісьме, што я напісаў, так што грошы гэтыя цалкам вашы. Я тлумачу вам гэта для таго, каб вы былі спакойны духам.

Казета і Марыус стаялі перад паміраючым, поўныя роспачы і гора, не ў сілах вымавіць ні слова. З кожнай хвілінай ён слабеў усё больш і больш. Ён набліжаўся да змрочнага гарызонта. Дыханне яго зрабілася перарывістае. Члены абцяжэлі, але веліч душы яшчэ ярчэй ззяла на яго чале.

Твар яго бляднеў і ўсміхаўся. У ім не было больш жыцця — было нешта іншае. Дыханне слабела, позірк цьмянеў.

Ён зрабіў Казеце знак наблізіцца. Потым заклікаў і Марыуса. Відавочна, гэта была апошняя хвіліна апошняй гадзіны. Ён пачаў гаварыць ім голасам такім слабым, што, здавалася, ён выходзіў аднекуль здалёку, нібы між іх стаяла цяпер сцяна.

— Падыйдзіце, падыдзіце абодва! Я вас вельмі люблю. Як добра так паміраць! Ты-ж таксама мяне любіш, мая Казета? Ты паплачаш па мне крыху, праўда? Але не асабліва, я не хачу, каб ты занадта засмучалася. Вам трэба весяліцца, дзеці мае. Я табе завяшчаю падсвечнікі, Казета, што стаяць цяпер на стале; яны срэбныя, але для мяне яны залатыя і нават брыльянтавыя. Я не ведаю, ці здаволены мною той, хто даў мне іх. Я рабіў, што мог. Дзеці мае, не забудзьце, што я бядняк, і таму пахавайце мяне ў якім-небудзь закінутым кутку могілак. Над магілай пакладзіце толькі камень, для таго, каб адзначыць месца. Гэта мая воля. На камені не трэба надпісу. Калі Казета і вы, пан Панмерсі, будзеце часам прыходзіць да мяне, я буду вельмі задаволены. Я павінен вам прызнацца, што не заусёды любіў вас. Даруйце мне! Цяпер вы і яна для мяне адно. Я вам вельмі ўдзячны. Я адчуваю, што вы зробіце яе шчаслівай. У камодзе вы знойдзеце пяцьсот франкаў, ― раздайце іх бедным. Казета, бачыш на ложку сваю сукеначку? Ці пазнаеш яе? З таго часу прайшло ўсяго дзесяць год. Як час ідзе! Не плачце, дзеці мае. Памятаеш, Казета, як я спаткаў цябе у лесе у Манфермейлі? Як ты баялася! Я ўзяў у цябе з рук вядро, а ручкі ў цябе былі тады чырвоныя і халодныя. А ляльку памятаеш? Ты звала яе Кацярынай. Гэтыя Тэнард’е былі злыя людзі. Трэба ім усё дараваць. Казета, настаў час пазнаць табе імя тваёй маці. Яе звалі Фантынай. Запомні гэтае імя: Фантына. Станавіся на калені кожны раз, калі будзеш вымаўляць яго. Яна шмат пакутвала і вельмі любіла цябе... Ёй паслужыла на няшчасце ўсё тое, што табе прынесла шчасце. Я адыходжу, дзеці мае. Любіце заўсёды адзін аднаго. На свеце нічога няма іншага, апрача шчасця любіць. Успамінайце часам пра беднага старога, які тут памёр. О, мая Казета, я не вінаваты, што мы ў апошні час не бачыліся! Гэта разрывала мне сэрца. Я даходзіў да рога тваёй вуліцы і здаваўся, напэўна, вельмі смешным усім прахожым. Аднойчы я вышаў нават без капелюша. Дзеці мае, я больш не бачу ясна, мне яшчэ трэба нешта сказаць, але ўсёроўна. Думайце часам пра мяне крыху. Вы шчаслівыя стварэнні. Не ведаю, што са мною... Я бачу святло... Падыйдзіце яшчэ бліжэй... Я паміраю шчаслівы... Дайце мне вашы дарагія, мілыя галовы, каб я мог ускласці на іх рукі...

Казета і Марыус упалі на калені, падаўленыя горам і захлёбваючыся ад рыданняў. Абодва прытуліліся да рук Жана Вальжана. Яны былі нерухомыя.

Ён адкінуўся назад, полымя свечак азарала яго. Ён дазваляў Казеце і Марыусу пакрываць пацалункам свае рукі. Ён быў мёртвы.

Была бяззорная і вельмі цёмная ноч.


На могілках Пер Лашэз, недалёка ад агульнай магілы, воддаль ад раскошных і багатых помнікаў, каля старой сцяны, пад вялікім тысавым дрэвам ляжыць камень. Час пакрыў яго імхом і лішаямі. Да яго не вядзе ніякая сцежка, туды ніхто не заглядае, і таму трава высока разраслася вакол яго. Там вельмі сыра, а калі пакажацца сонца, то на камень выпаўзаюць яшчаркі. Вясною на дрэве спяваюць малінаўкі.

Камень гэты без ніякага надпісу. Напэўна, абчэсваючы яго, мелі толькі на ўвазе, каб ён быў роўна настолькі даўгі і настолькі вузкі, каб адпавядаць фігуры пахаванага чалавека.

І толькі, таму назад ужо шмат год, чыясьці рука алоўкам напісала верш у шэсць радкоў на камені, але і то дажджы і росы змылі яго, і прачытаць цяпер, напэўна, няма ўжо ніякай магчымасці.

Ён спіць. У змаганні з доляй дзіўнаю
Правёў ён век свой. Толькі адышла
Тая, што скрозь была яго любімаю,
Жыццё парвалася і цемра надышла.
Памёр ён проста. Так яно бывае:
Святло пагасне ― холад атуляе.


  1. Аўстэрліц — месца вялікай перамогі Напалеона над саюзнымі войскамі 2 снежня 1805 года.
  2. Блюхер (1742-1819) — камандуючы прускай арміяй.
  3. Цытадэль — крэпасць, умацаваны пункт.
  4. Карэ — літаральна чатырохвугольнік, асобае вайсковае пастраенне ў баю.
  5. Велінгтон — галоўнакамандуючы англійскай арміяй.
  6. Жэром Банапарт — малодшы брат Напалеона I, кароль Вестфальскі.
  7. Марэнго — вёска ў паўночнай Італіі, у пяці кілометрах ад горада Александрыі. У чэрвені 1800 г. войскі Банапарта атрымалі там вялікую пнрамогу над Аўстрыяй.
  8. Ней-Міхаіл, князь Маскоўскі, (1769-1815) — напалеонаўскі маршал, сын каваля. За ўдзел у падтрыманні Напалеона, уцёкшага з Эльбы, быў расстрэляны ўрадам Людовіка ХVII.
  9. Бертран (Анры Грас'ен, 1773-1844) — удзельнік егіпецкага паходу Напалеона; суправаджаў Напалеона на Эльбу, быў яго даверанай асобай у час „Ста дзён". Пасля паражэння Напалеона пры Ватэрлоа адправіўся ўслед за ім на востраў Св. Елены. Пасля чэрвеньскай рэволюцыі быў членам палаты дэпутатаў. Арганізаваў перавозку ў Парыж астанкаў Напалеона ў 1840 годзе.
  10. Сульт (Нікалай Жан, герцаг Далмацкі, 1769-1851) — напалеонаўскі маршал, пасля рэволюцыі 1850 г. — ваенны міністр і арганізатар карацельных зкспедыцый супроць французскіх рабочых.
  11. Флеры-дэ-Шабулон (П'ер Александр Эдуард, 1779–1855) — у канцы царавання Напалеона быў начальнікам паліцыі (прэфектарам) у Рэймсе. Маючы даручэнне Людовіка ХVIII зносіцца з Напалеонам і назіраць за ім на Эльбе, перайшоў на бок Напалеона, а пасля паражэння Банапарта пры Ватэрлоа эміграваў у Англію.
  12. Бенжамен Канстант (Дэ Рэбек, 1761-1830) — вядомы фраяцузскі пісьменнік і палітычны дзеяч.
  13. „Інкастан“ — літаральны пераклад — „зменчывы“, „непастаянны“; назва французскага карабля, на якім Напалеон зрабіў высадку на поўдні Францыі ласля бегства з вострава Эльбы, у 1815 г.
  14. Грушы (Эмануэль, 1766–1847) — маршал Непалеона; спазніўся на падмогу да Напалеона пад Ватэрлоа; пасля ліпеньскай рэволюцыі 1830 г. спакойна пражываў у Парыжы, захаваўшы ўсе свае чыны і званні.
  15. Мюрат (Іохім Мюрат, 1771–1815) — сын шынкара, жанаты на малодшай сястры Банапарта, Караліне, спадвіжнік Напалеона і пасля кароль неапалітанскі. Пасля падзення Напалеона быў расстраляны.
  16. Ульм — горад на Дунаі, у каралеўстве Вюртэмбергскім. Увосень 1805 г. французскія войскі разбілі пад Ульмам аўстрыйскага генерала Мака.
  17. Ваграм — сяло ў 20 кілометрах ад Вены, на левым беразе Дуная. У ліпені 1809 г. Напалеон, які размясціўся з арміяй на дунайскім востраве Лабо, разбіў аўстрыйскія войскі пад Ваграмам.
  18. Іена — горад у герцагстве Саксен-Веймарскім. У кастрычніку 1806 г. пад сценамі Іены адбылася крывавая бітва паміж прускімі войскамі і Напалеонам. Перамога была за Напалеонам.
  19. Фрыдланд — горад усходняй Прусіі. У 1807 г. Напалеон разбіў пад Фрыдландам прускія і намедкія войскі.
  20. Merde — французская лаянка.
  21. Ружэ дэ Ліль (1760–1836) — сапёрны капітан. Склаў „Марсельезу“ — рэволюцыйны гімн буржуазнай французскай рэволюцыі.
  22. Браўншвейг, Насау, Раманавы, Гагенцолерны, Габсбургі, Бурбоны — прозвішчы сямей, якія сядзелі на еўрапейскіх прастолах у апісваемую эпоху.
  23. Паштальён на неапалітанскім прастоле і сержант на шведскім прастоле — маюцца на ўвазе Мюрат і Бернадот — каралі, пасаджаныя на прастол Напалеонам.
  24. "Конным Робесп'ерам" празвала Напалеона французская эміграцыя.
  25. Тюільры — назва палаца ў Парыжы, на правым беразе Сены.
  26. „Нікому не роўны“ — дэвіз Людовіка XIV (памёр у 1715 г.), аснавальніка абсалютнай манархіі ў Францыі
  27. Арколь (правільней Арколе) — мястэчка ў Італьянскай правінцыі Верона. У лістападзе 1796 г. там адбывалася ўпартая бітва паміж генералам Банапартам і аўстрыйцамі. На трэці дзень французы перамаглі.
  28. Герцаг Энгіенскі — французскі прынц з роду Бурбонаў; быў расстраляны Напалеовам.
  29. Рымскі кароль — так называўся сын Напалеона І. Пасля ссылкі Напалеона ён выхоўваўся ў Вене і насіў тытул герцага Рэйхштадскага.
  30. Свяшчэнны саюз — так называлася аб'яднанне манархаў Еўропы пасля звяржэння Напалеопа і рэстаўрацыі (аднаўлення) Бурбонскай дынастыі ў Францыі. Свяшчэнны саюз быў самай рэакцыйнай сілай ў Еўропе і меў непасрэдвай задачай падаўленне ўсякіх рэволюцыйных і вызваленчых рухаў. Ён узнік у 1815 г. Яго душою былі рускі цар Александр І і аўстрыйскі канцлер Метэрліх.
  31. Трактат 1815 г., або так званы Парыжскі мір, абавязаў Францыю ўвайсці ў граніцы 1790 г., заплаціць 700 мільёнаў франкаў кантрыбуцыі саюзнікам і на працягу трох год утрымліваць 150 тысяч саюзніцкіх войск У 17 французскіх крэпасцях.
  32. Імперыял — верхняя танная пляцоўка з адкрытымі месцамі для пасажыраў на старых конках і амнібусах
  33. Пісітоль — іспанская залатая манета, роўная французскаму луідору.
  34. Раялісты (ад французскага слова roi — кароль) — французская палітычная партыя прыхільнікаў манархіі. Да 1833 г. гэтая партыя падзялялася на легітымістаў, гэта значыць прыхільнікаў улады Бурбонаў, і арлеаністаў — прыхільнікаў Луі-Філіпа, герцага Орлеанскага, і яго патомкаў.
  35. Сен-Сімон (Анры Клод, 1760–1825) — адзін з аснавальнікаў утапічнага соцыялізма ў Францыі, аўтар выдатных работ па соцыяльнай рэфармацыі. Яго вучэнне было прадоўжана Базарам і Анфангэнам і носіць назву сен-сіманізма.
  36. Робесп'ер (Максіміліян Мары Ісідар, 1758–1791) — адзін з выдатных дзеячоў Вялікай французскай буржуазнай рэволюцыі. Правадыр якабінцаў, рэволюцыйнай партыі дробнай буржуазіі. У 1791 годзе (9 тэрмідора) Робесп'ер быў пакараны смерцю.
  37. Кандарсе (Жан Антуан Ніколь, 1743–1794) — пісьменнік і палітычны дзеяч, пасля камісар нацыянальнага казначэйства. Кандарсе заснаваў першую рэспубліканскую газету ў Парыжы. Палітычныя погляды Кандарсе часта хісталіся. Сваім пратэстам супроць пакарання Людовіка XVI, а таксама варожасцю да Канвента, Кандарсе выклікаў да сябе падазрэнне рэволюцыйнага ўрада, быў арыштаваны і атруціўся ў турме.
  38. Тальма (Франсуа Жазеф, 1763–1826) — вядомы французскі акцёр.
  39. Мадэмуазель Марс — французская артыстка, якая выконвала галоўныя жаночыя ролі ў п'есах Віктара Гюго.
  40. Банкрот — банкір, які разарыўся, наогул чалавек, які абвясціў сябе няздольным плацельшчыкам.
  41. Аудыенцыя — літаральна азначае выслухванне, прыём у высокапастаўленай асобы.
  42. Клавікорды — клавішны музычны інструмент, папярэднік сучаснага раяля.
  43. Куафер — цырульнік.
  44. Бастылія — старадаўняя французская турма; была разбурана рэволюцыйным народам Парыжа 14 ліпеня 1789 года і ў той час, які апісвае Гюго, ужо не існавала.
  45. Фрыдрых Вялікі (1740 — 1786) — кароль прускі, арганізатар прускай манархіі.
  46. Ліпеньская калона — парыжскі помнік у гонар рэволюцыі 1830 года.
  47. Лафайет — палітычны дзеяч, удзельнік рэволюцыі 1789 і 1830 гадоў.
  48. Мастадонт — выкапень продкаў сучаснага слана.
  49. Поль-дэ-Кок (1794–1871) — сын банкіра, гільятынаваны ў час рэволюцыі; надзвычайна пладавіты, але пасрэдны пісьменнік.
  50. Рацыяналістычны — ад лацінскага слова ratio, што азначае рассудак, розум. Рацыяналістычны — значыць той, які вырашаецца пры дапамозе рассудка, а не шляхам пачуццяў.
  51. Ла-Форс— адна з парыжскіх турмаў для крымінальных злачынцаў.
  52. Карнель (П’ер, 1606 – 1684) — выдатны французскі драматург, празваны „бацькам французскай трагедыі“.
  53. Ламарк (Максіміліян, 1770 — 1832) — французскі генерал, аўтар выдатных мемуараў. З 1828 г., будучы абраны ў палату дэпутатаў, стаў у рэзкую апазіцыю каралеўскай уладзе. Пахаванне Ламарка 5 чэрвеня 1832 г. было скарыстана французскімі рэволюцыйнымі арганізацыямі як повад да паўстання.
  54. 10 жніўня 1792 г. — звяржэнне каралеўскай улады ў Францыі і ўстанаўленне Канвента.
  55. Вандэм’ер, гэта значыць вінны месяц, — так называлася ў каляндары Французскай рэспублікі пара з 22 верасня па 21 кастрычніка. Францўзскі рэволюцыйны дзеяч Фабр Д’Эглантын па загаду рэволюцыйнага ўрада перайменаваў увесь каляндар і даў месяцам назвы ў залежнасці ад часу года і сельскагаспадарчых работ. У ноч на 14 вандэм’ера адбылося паўстанне супроць Канвента. Банапарт, тады яшчэ рэволюцыйны генерал, падавіў гэтае паўстанне.
  56. Луі-Філіп — герцаг Орлеанскі, сын Філіпа Эгалітэ, аднаго з тытулаваных прыстасаванцаў Французскай рэволюцыі. У 1830 г. узведзены ў каралі французскімі банкірскімі дамамі, быў звергнуты февральскай рэволюцыяй 1848 г., уцёк у Англію, дзе займаўся выкладаннем французскай мовы.
  57. Вальтэр (1694 — 1778) — псеўдонім геніяльнага французскага пісьменніка Аруэ.
  58. Карэль (Арман) — ліберальны буржуа, дзеяч рэволюцыі 1830 г.
  59. Радкліф (1764–1823) — англійская пісьменніца.
  60. Лабо (Жорж Мутон, 1770-1838) — французскі маршал, які паспяхова дзейнічаў на Дунайскім востраве Лабау, за што і атрымаў ад Напалеона І тытул графа Лабо.
  61. Бюжо (1784–1849) — маршал Францыі; службу пачаў пры Напалеоне І; пасля ліпеньскай рэволюцыі быў у Афрыцы губернатарам Алжыра.
  62. Канс’ержэры — турма ў Парыжы.
  63. „Ом Армэ“ — літаральна азначае: „узброены чалавек“.
  64. Гезы — літаральна азначае „жабракі“; мянушка нідэрландскіх дваран, якія паўсталі супроць іспанскага зняволення Нідэрландаў у XVI веку.
  65. Ахлакратыя — грэчаскае слова, якое абазначае панаванне натоўпу. Гэтым словам грэчаскі гісторык Полібій назваў выраджэнне дэмакратыі (народаўладнасць).
  66. Карабіны і мушкетоны — розныя роды кулявой зброі без нарэзаў у ствале.
  67. Карманьёла — рэволюцыйная песня, складзеная ў Парыжы пасля ўзяцця каралеўскага палаца 10 жніўня 1792 года.
  68. Сен-Жуст (Людовік Антуан) — французскі рэволюцыянер, прыяцель Робесп’ера, пакараны смерцю ў 1794 годзе.
  69. Анахарсіс Клотс — адзін з дзеячоў французскай рэволюцыі 1789 г., які далучыўся да партыі ўмераных.
  70. Дагматычны — ад грэчаскага слова „догма“ — палажэнне; адсюль дагматычны азначае станоўча выказаны, які не дапускае сумнення.
  71. Сфінксы ў Фівах — у старажытным Егіпце сфінксы былі вобразамі невядомага бажаства, увасабляемага поўжанчынай, поўільвіцай. У сталіцы старажытнага Егіпта Фівах была цэлая алея, устаўленая гэтымі статуямі.
  72. Віргілій — рымскі паэт века Аўгуста. Публій Віргілій Марон нарадзіўся за 70 год да нашага летазлічэння, памёр у 19 годзе да нашай зры, напісаў паэму аб аснаванні Рыма; па імені галоўнага героя яна называецца Энеідай. Напісаў „Буколікі“ і „Георгікі“ — вершы пастухоў і земляробаў.
  73. Гверыльясы — ад іспанскага слова „гверылья“, што азначае „малая вайна“. Так называліся іспанскія партызаны, якія вялі вайну за незалежнасць Іспаніі супроць Налалеона.
  74. „Мемуары“ герцага Сен-Сімона адносяцца да XVII века, а праследуемае вучэнне вядомага соцыяльнага мысліцеля і ўтапіста Сен-Сімона адносіцца да канца XVIII і пачатка ХІХ в.
  75. Сюшэ (Луі Габрыель, 1770 — 1826) — маршал Францыі; служыў Напалеону і рэстаўрацыі.
  76. „Patria“ — лацінскае слова, якое азначае бацькаўшчына.
  77. Русо Жан Жак (1712 — 1778) — славуты французскі філосаф і натураліст.
  78. Натэр — натарыус, а таксама пісец.
  79. Антэй ― у грэчаскай міфалогіі велікан, сын марскога бога і багіні зямлі. Ён быў забіты Геркулесам, які, ведаючы, што крыніцай сілы Антэя з’яўляецца судакрананне з зямлёй перамог яго, падняўшы ў паветра.
  80. Інсургент — літаральна азначае паўстанец.
  81. Антрапафагі — літаральнае значэнне: людаеды; па грэчаскіх сказаннях, адно з плямёнаў, з якімі судакранаўся ў час вандраванняў Одысей. (Гл. Гамер — „Одысея“).