Адвячоркам (Гартны)

Адвячоркам
апавяданне
Аўтар: Цішка Гартны
Крыніца:http://knihi.com/Ciska_Hartny/Adviacorkam.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Стаяла летняя цёплая пара. Дзень выпаў вельмі харошы і пагодлівы. Неба ад самай раніцы да змяркання было чыстае, яснае.

Пасля цэлага дня цяжкай працы ў цеснай, душнай майстэрні надумаў я адвячоркам выйсці ў поле - на волю, туды - к невялікаму хваёваму хмызнячку, што раскідаўся недалёка мястэчка, на невысокай, заросшай дзірваном горцы.

Я часта любіў хадзіць у гэты ціхі і мілы вугалок, садзіцца на пакрытым мохам каменьчыку ці на гнілым пянёчку і думаць. Найбольш я любіў думаць аб жыцці і аб долі-нядолі працавітага беднага люду, бо я сам працаўнік, сам бяздольны...

І вось на гэты раз, калі я прыйшоў к хмызнячку і прысеў там на вузенькай сцяжынцы, мяне зразу ахапілі неадчэпныя думкі-гадкі. І я ім паддаўся. У маёй змучанай галаве пачалі рысавацца такія вобразы: я чалавек такі, як і ўсе другія людзі. Я працаўнік шчыры і верны, зжыўся са сваёй майстэрняй, - дык чаму ж мне так міл гэты зялёны лясок, гэтае шырокае, нязмернае вокам поле, гэтыя вясёлыя пташкі? Чаму я так ірвуся сюды - да гэтай прыроды? Я рвуся, а мяне стрымліваюць, не пушчаюць. Іншыя здаволены ўсім, ім гэта непатрэбна... Чаму ж мне няхват? Чаму мне мала? Чаму?

А проста затым, што я бязвольны, слабы раб; затым, што я скаваны па руках і нагах кайданамі нядолі; затым, што я прымушаны цяжкім лёсам сваім, як пташка ў клетцы, сядзець дзень і ноч у цесных, халодных сценах апрацівеўшай майстэрні, у задусе, у дыму. Затым, што я, як адрэзаны ад свету, волі, сонца і людзей, вельмі рвуся на прастор, на волю, да прыроды... А там, у балючых грудзях, б'ецца маладое, гарачае сэрца, ірвецца да свабоды... А дарога загароджана, завалена... І за што? Чаму? Ці затым, што я чалавек працоўны, што я працую для другіх, што свет жыве з гэтай маёй працы... Зачым? Недзе адазваўся звон, і думкі абарваліся. Быццам са сну схапіўся я, аглянуўся ўкруг - ці не відаць дзе жывой душы, каб падзяліць з ёю мае цяжкія, дакучлівыя думкі і гадкі жыцця... Нікога нідзе. На дварэ змяркалася. Сярод цішы гулка несліся з мястэчка зыкі звону, раўняліся са мной, міналі мяне і прападалі недзе далёка, далёка... Услед за імі ляцелі і мае думкі...

(1910)