Аддаю шчыры голас салдацкі

Аддаю шчыры голас салдацкі
Верш
Аўтар: Валянцін Таўлай
Крыніца:http://exussr.ru/vershy/addayu-shchyry-golas-sa

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Я дарос, пасталеў на вайне.
І хоць свеціцца срэбра на скронях,
Дзядзькам клічаш дарма ты мяне, —
Першы раз галасую сягоння...

Я ў баях пасівеў маладым:
Можа, попел мне скроні асыпаў,
Калі я штурмаваў гарады,
А мо пенай апырскала Прыпяць.

Нахадзіўся і я за вайну,
І вярнуўся з паходу ўчора,
І слязу першы раз праглынуў,
Неба роднага ўбачыўшы зоры...

Дай, таварыш, і мне бюлетэнь:
Калі хоча Радзіма спытацца,
Я ў сягонняшні радасны дзень
Адкажу дарагой па-салдацку.

Прысягаю на попел руін
І на нашу вялікую справу, —
Не знайшоў ласкавей я краін,
Ані больш чалавечага права.

Бачыў я іншых армій салдат, —
Поплеч білі мы Гітлера-звера, —
Кожны марыў вярнуцца назад,
А не кожны ў шчасце з іх верыў.

Толькі наша Радзіма знайшла
Сцежку кожнаму, кожнаму — працу.
За разумны, савецкі наш лад
Аддаю шчыры голас салдацкі.

Перад намі — шырокі прастор,
І ніякая хмара не засціць
Ані ззяння крамлёўскага зор,
Ані нашага дужага шчасця.

На руінах, дзе горкі палын,
Узнімаюцца новыя хаты,
Набрынялі ўраджаем палі
І ў пятлі — учарашнія каты.

Я за Партыю сёння даю
Голас першы, ўзмужнелы ў вятрысках,
Свой і тых, што палеглі ў баю
І не лічацца ў выбарчым спіску.