Аддаў бы многае, каб толькі

Аддаў бы многае, каб толькі
Аўтар: Мікола Сурначоў
1940

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Аддаў бы многае, каб толькі
Сказаў мне прадапошні гром,
Аб кім спяваеш ранкам золкім,
Смуткуеш познім вечарком.
Каго вачыма сустракаеш,
Каго вітаеш праз акно,
Прад кім нясмела рассыпаеш
Усмешак дарагіх зярно.


Сняжынкі кволыя ляталі,
На лоб, на вусны ападалі,
Я ім зайздросціў,
А пасмеў бы, —
Сваім цяплом
Цябе сагрэў бы.


Табою ўсё тут заварожана:
І падужэўшыя дубкі,
І сад з прысадамі прыгожымі
На беразе крутой ракі,
І патануўшы за курганамі
Паводкай зрушаны паром,
І нават ў вершы закаханае
Маіх надзей і дум пяро.
А ты? Цябе няма,
І горыч
Спадае кропелькамі рос.
...З дубамі пра цябе гаворачы
Мне стала горасна да слёз.


Стаў бы стромкаю сасонкай,
Прашумеў бы над табою,
Калі раніцаю звонкай
Крочыш к рэчцы ярыною.
Мо на стан мой на сасновы
Ўскінула б ты вочы-зоры
Ясныя, як дзень маёвы,
Сінія, нібы азёры.

1940

Мінск