Адозва Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры

Адозва Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры
Дакумэнт
Аўтар: Цэнтральны Урад Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры
10 красавіка 1934 году
Крыніца: Часопіс «Шлях моладзі», № 4 (64), красавік 1934 г., б. 14-15

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А Д О З В А
Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры.

БЕЛАРУСЫ!

Збуджаны да новага жыцьця Беларускі народ пачаў будаваць для сябе лепшую будучыню. Думка народна-палітычнага адраджэньня глыбока ўскалыхнула народныя масы і паклікала старэйшае і маладзейшае грамадзянства, сялян, работнікаў інтэлігенцыю да згоднай працы над будаўніцтвам свайго Вялікага Народнага Дому — сваей Бацькаўшчыны,

Але як у кожнай будове патрэбен фундамант, бо бяз фундаманту будова ня мее моцы і трывалкасьці, то таксама патрэбен Фундамант пры будове беларусі.

Фундамантам, на каторым апіраецца існаваньне кожнага народу, ёсьць ягонае гаспадарчае і культурнае жыцьцё. А трэба сьцьвердзіць, што ў гаспадарчым і культурным жыцьці Беларускі народ адстаў ад другіх народаў. Прычынай гэтай адсталасьці ёсьць ня толькі варожыя адносіны нашых дужэйшых суседзяў, анія, доўга трымаючы наш народ пад сваей уладай, ня дбалі аб яго гаспадарчым і культурным разьвіцьці, але так-жа і сам народ Беларускі дагэтуль дружна ня рупіўся аб палепшаньні свайго палажэньня. Народ наш, пакінены даўней праз сваё баярства, а цяпер праз большую часьць свае інтэлігенцыі, якая пайшла на службу да чужых, ня ведаў і не разумеў патрэбы свайго гаспадарчага р культурнага жыцьця.

Але знайшліся людзі, якія не адчураліся свайго народу і пачалі працу над адраджэньнем свае Бацькаўшчыны. Праца гэта цягнецца ўжо некалькі дзесяткоў гадоў і дала вялікія плады. Цяпер ужо ўсюды па нашым краі відаць вялікае ўсьведамленьне і ахвоту да працы. Не хватае яшчэ аднэй рэчы: дружнай арганізацыі.

Закладаць фундамант і будаваць Вялікі Дом людзі пааднаму і ў россып ня могуць, тут патрэбна сільная арганізацыя, бо без арганізацыі ня творацца вялікія рэчы. Нават многамільённая маса сьведамая і ахвочая да працы, але незарганізаваная, не патрапіць нічога зрабіць для агульнага дабра.

У арганізацыі сіла. Праз арганізацыю ўсе народы будавалі сваё гаспадарчае і культурнае жыцьцё

Беларусы! Каб падняць гаспадарчае і культурнае жыцьцё нашага народу і нам патрэбна арганізацыя.

Такою арганізацыяй ёсьць Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры.

Інстытут, ад самага пачатку свайго існаваньня (ад 1926 году), ішоў у народныя масы, закладаючы гурткі і гэтак пашыраючы ў народзе думку аб патрэбе гаспадарчага і культурнага адраджэньня. Але гэтага мала. Трэба ня толькі пашыраць думкі аб патрэбе адраджэньня, але трэба тварыць гэтае адраджэньне, трэба залажыць навуковы цэнтр, дзе-б можна было распрацоўваць ідэолёгічныя асновы гаспадарчага і культурнага адраджэньня Краю.

І такі навуковы цэнтр стварыўся. Дня 18 сакавіка г. году, на агульным Сходзе Рады Беларускага інстытуту Гаспадаркі і Культуры, былі пакліканы да жыцьця чатыры навуковыя сэкцыі, у якіх мае сканцэнтравацца навуковая праца над гаспадарчым і культурным адраджэньнем Беларусі. Запісацца ў сэкцыю і працаваць у ёй можа кожны, хто жадае гаспадарчага і культурнага разьвіцьця Беларусі.

Дык заклікаем усіх, хто хоча працаваць на ніве эканомікі, статыстыкі, этнографіі, архэолёгіі, гісторыі, соцыялёгіі, літэратуры і мастацтва… запісвацца ў адпаведныя сэкцыі. Запісвацца могуць асобы ня толькі з Вільні, але і з правінцыі,

Сябры з правінцыі будуць памагаць у працах сэкцыяў, зьбіраючы патрэбныя статыстычныя, этнографічныя, архэолёгічныя і іншыя матэрыялы. Апроч гэтага сябры з правінцыі могуць памагаць У працы Інстытуту, зьбіраючы творы матэрыяльнай і духовай культуры народу, як: старадаўныя вопраткі, паясы, тканіны, песьні, казкі, прыказкі і г. п., апроч гэтага вышукваючы старыя кнігі, рукапісы, пісьмы выдатнейшых асоб і пісьменьнікаў, гадавікі і аддзельныя нумары старых і мала ведамых беларускіх газэт, старадаўныя дакуманты і ўсё, што датычыць нашага Краю. Знайшоўшы ў сваей акрузе нешта вартаснае, трэба паведаміць аб гэтым Інстытут. Усе прысланыя рэчы будуць пераховывацца ў музэі Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры, а прысланыя кнігі — у бібліятэцы Інстытуту.

Дык, Беларусы, да працы! Кожны беларус, бяз розьніцы сваіх палітычных і грамадзкіх пракананьняў, няхай стане ў рады Інстытуту і працуе паводле сваей магчымасьці ў сэкцыях, аддзелах і гурткох. Усе разам будзем закладаць фундамант пад будову Вялікага Беларускага Народнага Дому! Усе да працы на гаспадарчай і культурнай ніве.

Цэнтральны Урад Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры.

Кс. В. Гадлеўскі

(—) В. Багдановіч

(—) Др. Б. Грабінскі

старшыня

віцэ-старшыня

віцэ-старшыня

(—) Інж. А. Клімовіч

(—) А. Стэповіч

скарбнік

сакратар

(—) М. Шкялёнак

(—) Ст. Станкевіч

сябра Ураду

сябра Ураду

Вільня, 10 красавіка 1934 году.