Адозва Найвышэйшай рады літоўскага народу да земляробаў і вясковых жыхароў

31 красавіка. Адозва Найвышэйшай рады літоўскага народу да земляробаў і вясковых жыхароў
Аўтар: [[Аўтар:Найвышэйшая рада літоўскага народу|Найвышэйшая рада літоўскага народу]]
31 красавіка 1794
Пераклад: [[Аўтар:Renessaince|Renessaince]]
Крыніца: Анішчанка Я. Паўстанне 1794 года: змаганне за народ // Полымя, 1995. № 5. С. 236—237; Восстание и война 1794 года в литовской провинции (по документам российских архивов) / сост. Е. К. Анищенко (сост., ред. и предисл.). — М.: ЧеРо, 2000. — С. 73—75.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Страшную вайну з народам Расея нам гэтую назад два гады абвясьціла. Здраднікі Айчыны вялі расейскія войскі. Слабасьць, спалучыўшыся зь здрадлівасьцю, была прычынай згубы. Цяпер прыгнёт і тыранская няволя натхнілі сэрцы мяшчанскія ў надзвычайным адчаі да абароны супраціву вайне. Мужнасьць народу дабраславіў Бог. Ужо Кракаў, Варшава і Вільня вызваліліся ад расейцаў.

Земляўласьнікі браты! Пастарайцеся скончыць з адвагаю тое, што храбрасьць нашая і дабрамысныя мяшчане мужна распачалі. Годзе разважаць пра адрозьненьні стану, усе мы людзі і жыхары краю. Кроў чалавечую непрыяцель пралівае, маёмасьць і дамы вагнём спусташае. Дык уратуйма сябе як хто можа. Айцоў і сыноў Вашых жорсткі расеец тыраніць і зьнежыўляе. Дзяцей, бацькоў Вашых на ганьбу і паскудзтва цягне люты жаўнер. Нявестак, сестраў гнюсны кат ганебным чынам зьнясільвае. Дзяцей і немаўлят агідныя казакі дзідамі рвуць і разьдзіраюць.

Зірнеце, людзі, на лютасьць тыранаў. Расейцы паляць вёскі, мястэчкі і корчмы, забіраюць, рабуюць і спусташаюць усіх гаспадароў, мяшчанаў і шляхту. Чые ж сэрцы ня ўразяцца літасьцю і канечным адчаем? Дакуль рукі нашыя зьвязаныя будуць страхам? Станьма абараняцца ад непрыяцеляў Айчыны, што жыцьцё ў вас адымаюць! Гэта ёсьць права натуры. Станьма абараняцца ад ворагаў, што народ наш занявольваюць! Гэта ёсьць права сужыцьця.

Вясковыя жыхары і земляробы! Вы — браты нашыя, якіх крывавым потам абводненае поле ажыўляе народ. Выбірайце маладзёнаў, узбройвайце іх як найхутчэй стрэльбамі, дзідамі, косамі, бярдышамі, даведвайцеся пра пераходы, рабеце засекі і запальвайце вакол яго, перасьледуйце казакоў. Хай згіне жорсткі непрыяцель! Не шкадуйце крыві рабаўнікоў і тыранаў, якія хаты Вашыя паляць, а дзяцей бязьвінных зьбіваюць і катуюць. Пакіньце дома тых, якія б зямлю на засеўкі абрабіць маглі. Астатнія бярэцеся за зброю, шаблі і косы. Паляўнічых накіроўвайце ў народнае войска, якое ўжо тут вялікую справу зрабіла, што і пачатак вольнасьці заклала і закон 3 траўня, які Вам свабоду надаў, вярнуць вызначыла.

Далучайцеся да руплівай шляхты і паляўнічых. Зьменшыце лік наезьнікаў і забойцаў якім толькі можаце чынам. Бог з намі! Справа нашая добрая! Вольнасьць ад нас, заснаваную на законе незалежнасьці, непрыяцель адымае, народнае валадараньне мець забараняе і падаткі здраднікам раздаць пастанавіў. Край наш без вайны па-здрадніцку прысабечыў. Пазбаўляйцеся, браты! Спакой Ваш ужо Вам болей не дапаможа. Адна толькі мужнасьць і бязбоязнасьць няхай адзначацца згубаю непрыяцеля.

Хто ня згодны з намі і народам, той непрыяцель народу! Няма цяпер партыяў, а хто пачне складаць такія, зараз жа падлягацьме ганебнай сьмерці. Здавайце здрайцаў у крымінальны суд.

Вольнасьць, заснаваную на законе, і свабоду для Вас ужо падрыхтавалі. Станьма біцца зь непрыяцелем. Цяпер апошні час! Альбо, змагаючыся, жыць у вольнасьці, альбо загінуць разам з Айчынай і славаю.

  • Юзэф Несялоўскі, прэзыдэнт
  • Бэнэдыкт Марыконі, пісар
  • Міхал Брастоўскі, староста менскі
  • Станіслаў Мірскі, пісар
  • Дамінік Нарбут, войскі
  • Міхал Грабоўскі, канюшы Вялікага Княства Літоўскага
  • Станіслаў Валовіч, падкаморы рэчыцкі
  • Мікалай Храпавіцкі, маршалак аршанскі
  • Валенты Гарэцкі, войскі віленскі
  • Бэнэдыкт Карп, харунжы ўпіцкі
  • Юзэф Коцел, палкоўнік
  • Каетан Нагурскі, харунжы шавельскі
  • Тадэвуш Высагерд, зямянін віленскі
  • Мікалай Мараўскі, экспісар вайсковы
  • ксёндз Міхал Карповіч, архідыякан смаленскі
  • Самуэль Корсак, палкоўнік
  • Ежы Белапятровіч