Адозвы Беларускай Вайсковай Камісіі

Адозвы Беларускай Вайсковай Камісіі
Адозвы
Аўтар: Беларуская Вайсковая Камісія
1920 год
Крыніца: Газэта «Незалежная Думка», № 2, 13 чэрвеня 1920 г., б. 5-6

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Адозвы Беларускай Вайсковай Камісіі

Ніжэй мы замешчаем адозвы Бяларускай Вайсковай Камісіі, каторыя печатаюцца ў газэці „Беларусь“,выходзячай ў Менску.

I.

БЕЛАРУСЫ!

Бацькаўшчыне пагражае небясьпека!

У каго бьецца сэрца сына сваей зямлі, хто любіць родную старонку, —

Ідзеце ратаваць Маці-Беларусь!

№ 119 (168) „Беларусі“, Менск, 28 мая 1920 г.

№ 113 (169) «Беларусі», Менск, 29 мая 1920 г.

II.

Грамадзяне - Беларусы!

Варожая навала, што пагражала нашаму старому Менску, адбіта дзякуючы адвазе і ахвярам польскага войска. Але ня кінулі маскоўскіе тыраны каваць путы на нашую волю, на волю Беларусі. Зьбіраюць яны з усяго сьвету дзікіх, ахвочых да рабунку людзей і пасылаюць катаваць нашую Бацкаўшчыну

Гараць вёскі і месты. Тысячы братоў нашых паўцякалі с-пад родных стрэх. Такая-ж доля чакае і усіх нас. Хто-ж павінен бараніць нас, як ня мы самі, як не вашае войско, Беларускае войско?

Устаньма-ж на абарону радзімага краю!

Пад штандар Пагоні, у беларускае войско!

Хто дужы і малады — да зброі!

№ 112 (168) «Белар.», Менск, 28 мая 1920 г.

III.

СЯЛЯНЕ, БРАТЫ—БЕЛАРУСЫ!

Дзікая Масква ізноў ідзець на нас. Ізноў будзе рабавацца дабрабыт нашай роднай старонкі. Ізноў у зьдзеку і паняверцы маскоўцаў можам апынуцца мы.

Браты Сяляне! У нас, на Беларусі, досыць зямлі і памешчыцкай і нашай, каб здаволіць ею ўсіх нас, тутэйшых людзей. Нам трэба толькі наладзіць парадак. Кіраўнікі Беларускай політыкі ўжо дагаварыліся з Польшчай, каб цяперашні парадак і жыцьцё нашае былі зьменены на лепшае. Мы напярэдадні аб’яўленьня незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны, дзе мы, ўсе тутэйшые людзі, будзем лічыць сябе гаспадарамі сваей роднай старонкі. Выбраные ўсімі намі пры вольнай падачы галасоў дэпутаты уладзяць парадкі, патрэбные нам.

Польская Рэспубліка ў гэтым нам паможа, і цяпер, пакуль войскі яе стаяць на нашым фронце, будзем разам з імі бараніць нашу зямельку. Але маскоўскіе бальшавікі, якіе ўжо здружыліся з Брусілавым і другімі чорнасоценнымі белымі царскімі прыслужнікам, ізноў ідуць на Беларусь, ды ізноў нясуць з сабой вайну і руйнаваньне нашай Бацькаўшчыне.

Нам патрэбна зямля, нам патрэбен парадак. У часе вайны з бальшавікамі немагчыма было гэтага правесьці.

Адгонім жа, браты, маскоўскіх наезьднікаў, не дапусьцім іх на нашу зямельку. Не патрэбна нам ні бальшавіцкая комуна, ні Брусілаўска-гэнэральская маскоўская улада. Усе на дапамогу войску, якое бароніць Беларусь. Афіцэры і жаўнеры-беларусы, нашы вясковые людзі, якіе ахвотнікамі зьявіліся ў Беларускую Вайсковую Камісію, выступаюць на фронт проці бальшавікоў. Памагайце! Навала маскоўская блізка. Не дамо панаваць на Беларусі Троцкаму і яго кампаніі. З’яднайцеся пры польскіх і беларускіх вайсковых аддзелах і-зараз жа на фронт бараніць сваю зямельку, Родную Беларусь. Вораг блізка, ўсе за зброю!

№ 113 (169) „Беларусі“, Менск, 29 мая 1920 г.

Беларуская Вайсковая Камісія.

IV.

БЕЛАРУСЫ!

Хто хоча незалежнасьці нашае Бацькаўшчыны,

У кім бьецца беларускае сэрца,

Каму неумагату зьдзек чужынцаў

Хто можа трымаць у руках стрэльбу—

Запісвайцеся у беларускае войско!

Беларуская Вайсковая Камісія.

№ 115 (171) «Беларусі», Менск, 2 чэрвеня 1920 г.