Адсумаваўшы маладосьць сваю…
Адсумаваўшы маладосць сваю… Верш Аўтар: Валеры Маракоў 1928 Крыніца: Маладняк. – 1928. – № 11. – С. 44. |
* * *
Адсумаваўшы маладосць сваю,
І ён прыйшоў ў краіну лістапада:
Стамлёны клён абсыпваў галаву
За залатую клетку
Раненага сада…
Ў блакітным возеры усёй сусветнай
Разбіты месяц горда патанаў,
І хтось з зямлі пужліва,
Непрыкметна
Яму рукой,
Як з берага, махаў!..
Давай, мой друг далёкі і нязнаны,
Бярэм чаўнок юнацкіх пачуццёў.
У нас ў грудзёх
Адны і тыя ж раны,
Адзін і той жа ўспыхвае касцёр.
Хутчэй адсюль,
З краіны лістапада.
Хутчэй к цяплу, і к людзям, і к зямлі.
Хай наш чаўнок
Нясе нас ў дзверы сада,
Дзе зоры з кветкамі на градах дзён ўзышлі.