Ад безьзямельнага батрацтва да дзяржаўнай незалежнасьці
Ад безьзямельнага батрацтва да дзяржаўнай незалежнасьці Аўтар: Уладзімір Самойла 1921 Крыніца: Беларускі звон, 1921. - №13-24 |
І.
правіцьПерамога ірляндзкага хлебароба над Англіяй.
Тое, што дзеецца цяпер паміж Ірляндыяй і Англіяй, павінна цікавіць кожнага сьвядомага беларуса, як яго ўласнае кроўная справа, як справа яго роднага народу.
Перш за ўсё—гэткая сымпатыя і спагаданьне да народу, які рашыўся перамагчы, ці памерці ў барацьбе за сваю волю й незалежнасьць, расьціць і пашырае душу кожнага, здольнага да гэткага пачуцьця чалавека, паднімае яго да вышыні тых ідэалаў, без якіх ня можа існаваць у ім разуменьне свае чалавечае вартасьці.
Але ня менш важна дзеяньне гэткага высокага прыкладу барацьбы на цэлы народ,—на калектыўную нацыянальную душу.
Яшчэ важней і павучальней выгляд гэроізму і канцавое ўдачы шматгадовае, здавалася, безнадзейнае барацьбы для народу, пастаўленага ў падобныя варункі, для народу, якому гэтулькі дэмонаў ныцьця, гэтулькі райцаў рабскае пакорнасьці, гэтулькі ворагаў-паразытаў на яго душы і целе бесьперастанку цьвярдзяць аб безнадзейнасьці для яго, калі-б там ні было, дасягнуць таго, што зьяўляецца вянком жыцьця і разьвіцьця кожнага народу, — што павінна быць заўсёднаю мэтаю яго ўпартых імкненьняў з моманту зараджэньня ў ім нацыянальнае сьвядомасьці.
Хай кожны беларус ведае, што ўсё тое, што гаворыцца цяпер аб беларускім народзе, ўсё гэта цьвярдзілася заўсёды гэткімі самымі ворагамі-паразытамі і аб народзе ірляндзкім.
„Немагчымая нацыя", — гэткая назва, якою здаўна замянялі ў Англіі ўласнае імя ірляндзкага народу.
І аднак жа гэтая «немагчымая нацыя» ў цяперашні час выяўляе сабою зусім насьпеўшы дзеля ўласнага дзяржаўнага быцьця арганізм, з прадстаўніком гэтае «немагчымае нацыі» вядзе перагаворы, як роўны з роўным, прадстаўнік вялізарнейшае ў сьвеце дзяржавы— непараўнанае з бедным і, нібыто, нядужым ірляндзкім народам магутнасьці.
І тое, што ў працягу 700 гадоў было „немагчымым”, — заўтра, — ў бліжэйшыя дні — стане ня толькі магчымым, але — рэальным фактам сучаснасьці:
Новая дзяржава — Ірляндыя, — ўвайдзе ў складзе вялікае брытанскае конфэдэрацыі, ў сям’ю вольных народаў сьвету.
Мне здаецца, што гэты яскравы прыклад, які цешыць лепшыя пачуцьці вольных народаў, прыклад шчасьлівага завяршэньня шматгадавой гэроічнай барацьбы вялікага, любячага волю, стаўшага вартым прадмету сваёй любові народу, гэты прыклад павінен мець асаблівае значэньне для нашага народу беларускага.
Беларускі народ—у самым пачатку таго шляху, які толькі што амаль ня скончыў народ ірляндзкі.
Ў гэтым, ведама-ж, вялізная паміж імі розьніца.
Але розьніца гэта, як кажуць, лічбавая: розьніца ўва ўзросьце, ў колькасьці вярстоў, пройдзеных па жыцьцёвым шляху гістарычнага разьвіцьця.
Ня трэба пераацэньваці гэтай розьніцы, палохацца шляху, які стаіць наперадзе. Куды важней тое, што з кожнай перамогаю, з кожнаю новаю ўдчаю ў барацьбе за вызваленьне толькі што яшчэ падняволенага народу, — ў вялізнай ступені скарачаецца стаж рабства і тэрмін барацьбы для іншых, прыгнечаных народаў: тое, на што Ірляндыі спатрэбілася 700 гадоў, цяпер, быць можа, займе часу ў 10, а мо’ і ў 100 разоў меней.
Яшчэ важней, мне думаецца, тое, што, пры сказанай розьніцы ў палажэньні Ірляндыі й Беларусі, паміж імі істнуе вельмі шмат унутранае сходнасьці.
І мне здаецца, што звучэньне гэтае сходнасьці, яе раскрыцьцё лепш за ўсё малаверных беларусаў навучыць веры ў свае сілы і канцавую ўдачу барацьбы за волю й незалежнасьць, а невукам пакажа рэальныя шляхі і спосабы барацьбы за дасягненьне таго, што бяз гэткага знаньня й досьледу старшых братоў — шмат трудней і марудней можа быць дасягнена.
_____________
Галоўная рыса сходнасьці паміж Ірляндыяй і Беларусяй—тая, што абодва краі — амаль што чыста аграрныя.
«Зялёная выспа», як завуць Ірляндыю, як і Беларусь, амаль што ня мае свае індустрыі і заселена земляробамі.
Быў час, і яшчэ вельмі нядаўні, калі амаль ня ўся зямля Зялёнае выспы належала да т. зв. „лендлёрдаў", — г. зн зямельных магнатаў - абшарнікаў, якіх яшчэ шмат цяпер у нас у Беларусі. Ўсе земляробы, ствараўшыя багацьце краю ня мелі зямлі на праве ўласнасьці, а былі толькі арандатарамі, якіх шмат яшчэ й цяпер у нас у Беларусі.
Значыцца, беларускі земляроб, што ў большасьці мае, хаця й недаволі зямлі, але затое на праве поўнае ўласнасьці, — у значна лепшым палажэньні, чымся яшчэ нядаўна быў хлебароб Ірляндзкі.
За нашай памяці яшчэ адбывалася аканчальнае і зусім мірнае заваяваньне ірляндзкім фэрмэрам зямлі ўва ўласнасьць ад паразытуючага на ёй ленд- лёрда.
Трэба аддаць справядлівасьць Англіі й сучаснаму яе прэм'еру прыватна, што ангельскі парлямэнт шмат памог справе вызваленьня ірляндзкага гартая ад кабалы ірляндзкаму пану.
Вось-жа, першы крок ірляндзкага народу - гартая на шляху свайго вызваленьня быў зроблены: ўпартаю спакойнаю працаю, ня спыняючыя аднак перад дружным паўстаньнем са зброяю ў руках на абарону сваіх правоў, панявераных лакомымі панамі,—ірляндзкі земляроб заваяваў крыніцу багацьця краю—інструмэнт свае працы і свае магутнасьці—зямлю.
Затым пачалася арганізацыя краю, аб‘яднаньне асобных гаспадарак у саюзы гаспадарчыя, нацыянальна-грамадзкія і, нарэшце, палітычныя. Расла еднасьць краю, без якое ня можа быць у народу ўласнага гаспадарства: асобныя фэрмэры, занятыя толькі сваімі гаспадаркамі, ніколі не выяўлялі-б ніякае сілы й невялічкі ваенны аддзел лёгка пабіў-бы іх усіх па-адным.
Але й гэтае, стаўшае моцным народным дасягненьнем агульнанацыянальнае абкідваньне, ні нарастаўшае багацьце краю яшчэ не давала, самім сваім быцьцём, народу незалежнасьці і ўласнага гаспадарсьцьвеннага быцьця: яно толькі зьяўлялася бязумоўным варункам, перад- пасылкаю, без якое пратэнсія народу на дзяржаўную незалежнасьць ня мела-б ніякіх шансаў на ўдачу, засталася-б пустою пратэнсіяй і, ў выпадку часовае ўдачы, скомпромэтавала-б у вачох усяго народу сьвятую ідэю вызваленьня.
Дык што-ж яшчэ шкодзіла і шкодзіць цяпер Ірляндыі зрабіцца дзяржаваю, г. знач. адтрымаць тое, дзеля чаго яна ўжо гістарычна дасьпела?
Апошні акт барацьбы, які цяпер адбываецца на нашых вачох, ясна гаворыць аб тым, што шкодзіць Ірляндыі зрабіцца самой сабе гаспадыняю.
Рэч у тым, што гэтай гаспадыняю Ірляндыі лічыць сябе Англія...
Наколькі глыбока ўкаранілася гэтае права, гэта прывычка панаваньня, даказвае апошняя проамова Лёйд-Джорджа на конгрэсе профэсыянальных саюзаў у Кардыфе.
Той самы прадстаўнік усёмагутнага ангельскага парлямэнту, які гэтулькі шмат зрабіў дзеля сацыяльнага вызваленьня ірляндзкага гартая, цяпер заявіў, што хаця ён самы гарачы праціўнік праліцьця ўсякае крыві, а братазабойчае вайны паміж сынамі аднаго й таго самага гаспадарства асабліва, але, што, як сьведчыць досьлед усіх самых дэмократычных дзяржаўных людзей на працягу ўсяе гісторыі, — меншым злом было цяпер праліцьцё братэрскай крыві, ніж разарваньне жывога палітычнага арганізму, якога еднасьць і сіла — залог волі для ўсяго сьвету.
Ведама, прадстаўнік Ірляндыі не спалохаецца гэтае красамоўнасьці, бо бачыць залог волі для ўсяго сьвету якраз у вольных саюзах усіх дзяржаваў, як вольных з вольнымі і роўных з роўнымі, і, прыватным чынам,—гэткага саюзу дабіваецца й паміж Ірляндыяй і Англіяй, замест цяперашняга панаваньня.
Можна быць саўсім спакойным: пагрозы Лёйд-Джорджа застануцца пагрозамі пустымі, бо саўсім ня пустою пагрозаю была заява прадстаўніка Ірляндзкага народу, дэ Валеры, што Ірляндыя пераможа, ці загіне ў сьмяртэльнай барацьбе.
Змусіць ангельскага жаўнера й работніка ваяваць дый яшчэ з сваімі ірляндзкімі братамі ня могуць ніякія сілы ў сьвеце.
Апрача таго, на толькі што скончанай конфэрэнцыі прамераў Англіі й буйнейшых ангельскіх колёніяў, дасягнуўшых поўнае самастойнасьці, г. зван. «домініяў», было пастаноўлена, нягледзячы на ўпартасьць Лёйд-Джорджа, скончыць ірляндзкі скандал і залагодзіць векавую спрэчку. Амаль што незалежныя колёніі Англіі падтрымалі таварыша, які борацца за гэткую самую незалежнасьць, і Англіі прыдзецца цяпер паддацца. Раней вызваленыя таварышы падтрымалі справу вызваленьня новага. Апрача таго, магутная Амэрыка таксама ранейшая колёнія — на старане Ірляндыі.
Два апошнія гады ішла асабліва цяжкая й нелітасьцівая барацьба ў окупаванай ангельскім войскам Ірляндыі. Ўзаемнае азьвярэньне й нялітасьць у гэтай вайне дайшлі да зусім несьцярпімае ступені.
На старане Англіі былі ўсе невычарпальныя спосабы яе бязьмежнае магутнасьці. Але сіла духу, ўпартасьць у барацьбе, вера ў сваю праўдзівую справу, любоў да волі, найцямнейшая еднасьць усяе нацыі ў агульнай справе, непарушная энэргія маладога народнага павадыра дэ-Валеры,—ўсё гэта разам аказалася дужайшым за ўсёмагутнасьць ангельскага парлямэнту, паслаўшага на мірную дасюль Зялёную выспу свае войскі з кулямётамі і танкамі.
І тая сіла, якая зламала жалезную Нямеччыну Кайзэра, аказалася бясьсільнаю ў барацьбе з паўстаўшым за свае правы на волю й незалежнасьць мірным гартаём Ірляндыі.
Дык, хай кожны беларус ведае пра свайго таварыша—ірляндзкага земляроба, пра яго гісторыю і лёс.
Такі самы бядняк, як нашы безьзямельныя парабкі, ён зрабіўся арандатарам у ірляндзкіх магнатаў, як і наглыя безьзямельныя арандатары ў нашых паноў-абшарнікаў.
Упартаю, мірнаю працаю ён зрабіў сваёю чужую да таго зямлю, бо чым далей ідзе гісторыя, тым усё ясьней, што толькі праца дае права ўласнасьці, а рэшта ўсіх «правоў» — недаўгавечная.
Пасьля таго, як кожны асобны фэрмэр зрабіў сваім той кавалак зямлі, які ён абрабляў сваёю працаю, ўсе яны разам, злучыўшыся ў адно моцнае нацыянальнае цэлае, зрабілі сваёю і ўсю абробленую іх працалюбнымі рукамі Зялёную выспу, сваёю ўласнасьцю сваю радзіму.
А калі народ, палюбіўшы мацней за ўсё на сьвеце сваю зямлю і сваю ўпартую над ёю працу і тым дайшоўшы да дабрабыту, народ, які палюбіў свайго суседа-гартая на прасторы ўсяе Зялёнае выспы і аб'яднаўся ў адно магутнае цэлае, затым мацней за жыцьцё палюбіў і волю, а значыць зьненавідзеў сьвятою, боскаю нянавісьцю сваё рабства і чужое над ім панаваньне, тады прыйшоў канец прыгнятаўшаму яго гвалтаўніку і справа народнага вызваленьня была закончана.
І толькі цяпер будзе сапраўды заключаны братэрскі саюз паміж вольнымі й роўнымі народамі—ангельскім і ірляндзкім, як гэтага трэбуе прадстаўнік Ірляндыі.
Вызваленьне Ірляндыі лепшы „залог волі для ўсяго сьвету”, чымся той, аб якім кажа Лёйд-Джордж.
ІІ.
правіцьУ першым артыкуле быў даны агульны нарыс ходу, схэма барацьбы ірляндзкага хлебароба з ангельскім панаваньнем, барацьбы, гатовае завяршыцца поўнаю перамогаю першага над апошнім.
У гэтым артыкуле я хацеў-бы крыху паглыбіць разгляд пытаньня і правесьці болей дэтальную паралель паміж абодвымі аграрнымі краямі, а таксама да канца прыраўнаваць прыклад Ірляндыі, як тыпічны і асабліва павучальны для Беларусі.
З гэткага глыбокага, да канца даведзенага аналізу тыпічнага выпадку перамогі земляробскага краю у барацьбе за незалежнасьць лёгка будзе выцягнуць і найбольш мэтазгодныя шляхі і спосабы гэтай барацьбы,—як кажуць,—стратэгію і тактыку, якія павінны звучыць прадстаўнікі, ідэалёгі і палітыкі кожнага падобнага краю, павінны знаць і беларускія палітыкі.
___________
1. Як памятае чытач мы асобліва падчырквалі ня толькі вядомую роўнавагу момэнтаў эволюцыйна-працаўнага і рэвалюцыйна - баявога ў барацьбе за незалежную дзяржаўнасьць, але паказвалі галоўную ролю першага моманту — ўпартае, спакойнае, пляновае працы з усімі формамі яе аб’яднаньня, проці якіх няма на зямлі аружжа, ні сілы, якія маглі-б рахаваць на ўдачу ў барацьбе.
Момант рэвалюцыйна-баявы шмат небесьпячнейшы і карыстацца ім трэба з вялікай асьцярожнасьці і тактам.
Момант эвалюцыйна-працоўны зьяўляецца заўсёдным пляновым мэтодам арганічных пэрыядаў жыцьця народаў вялікага працягу часу, ён і стварае ўсе тыя фонды краю, ўсе тыя капіталы, якія мае, ўрэшце ўсяго, ўвесь народ цалком, а не адны капіталістыя.
Момант рэвалюцыйны—ёсьць мэтод малых пэрыядаў часу, так званых крызысаў, ад якіх гэтак-жа сама церпяць не адны капіталістыя, а і ўвесь народ цалком.
Справа вялізнага палітычнага такту й соцыяльнае тактыкі — выкарыстаць гэтыя крызысы так, каб вось гэтыя, агульна народныя інтарэсы пацярпелі як можна меней.
Гэтыя крызысы і ёсьць у сутнасьці пасьледзтвы і насьледзьдзе тых соцыяльна палітычных памылак і грахоў, якія нароблены тою, што ўладае палітычнаю ўладаю, групаю, і, натуральна, павінны служыць тым, што стаяць на вышыні агульнанародных інтарэсаў, палітыкам — дзеля папраўленьня памылак, зробленых, а не дзеля таго, каб рабіць новыя.
Вось-жа, першы агульнага характару вывад са сказанага ёсьць той, што як у Ірляндыі, так і ўсюды ў падобных выпадках, уся сіла так зв. „народных трэбаваньняў" ня ў момэнце „чыстай вымагальнасьці“, а ў яе, як гаворыцца, мотывіроўцы, — у тых фондах і капіталах пароднае працы, набытых за час арганічнага пэрыяду, у пазьбіраных наломах (прывычках), знаньнях, устаноўленай меры патрэбнасьцяў, як фізычных, так і духоўных і г. д.
У крытычны пэрыяд усё гэта, ў выпадку патрэбы, мобілізуецца ў мэтах барацьбы, як заўсёды зьвязанай з рызыкаю для абедзьвюх старонаў.
Як і ў ваеннай опэрацыі, кавалерыйскі рэйд, ці падгатоўка руйнуючым агнём рэвалюцыйнай артылерыі павінны быць падтрыманы і запрацованы пляновым дзеяньнем пяхотных масаў і тэхнічнаю арганізацыяю тылу.
А дзеля ўсяго гэтага недаволі аднаго рэвалюцыйнага імпату й рызыкі... Вось-жа, як гэта ні парадоксальна,—найбольш рэвалюцыйнымі, ўрэшце ўсяго, й галоўнымі зьяўляюцца ў барацьбе мэтоды і спосабы мірнага заваяваньня пазыцыяў працаю, адукацыяй і арганізацыяй.
І ў гэтым сэнсе, як мы бачылі, Ірляндыя дае нам яркі прыклад поўнае перамогі клясычна мэтазгодным, комбінованым прыстасаваньнем абодвых паказаных мэтадаў барацьбы.
______________
2. Надзвычайна важным і цікавым момантам, у значнай меры паскорыўшым процэс насьпяваньня ірляндзкага народу ў неспагадных умовах імпэрыялістычнага гнёту Англіі, зьяўляецца эміграцыя.
Наўрад ці ў якім іншым краі эміграцыя дайшла да гэткага напружаньня і грала такую ролю, як у Ірляндыі. І ў гэтым сэнсе прыклад Ірляндыі зьяўляецца тыпічным.
І ў цяперашнім крызысе 10 мільёнаў амэрыканскіх ірляндцаў заігралі ролю, з якою, ў кожным выпадку, трэба сур‘ёзна лічыцца.
Крывая, рысуючая процэс эміграцыі, вельмі павучальная.
Па перапісі 1841 г. насяленьне Ірляндыі даходзіла да 8,2 мільёнаў, з якіх да 1911 г. засталося ў краі толькі 4,382 тыс... Гэта значыць, што за 50 гадоў насяленьне краю паменшылася амаль што на 47% нялічачы натуральнага прыросту яго.
Найбольш напружаны адліў насяленьня якраз прыходзіцца на пэрыяд найболей упартага гнёту ірляндзкага народу, які гнёт быў нарэшце абмяжованы вядомымі білямі Гладстона аб арэндзе, ў 1870 г.
Як вядома, яшчэ ўрадам караля Якуба І была конфіскована й раздана ангельскім лёрдам амаль ня ўся зямля—кроўная ўласнасьць мясцовага насяленьня Ірляндыі (9/10 усяго пляцу—пэўна).
Чаго каштавала ірляндзкаму хлебаробу, ўсяму краю, а, нарэшце, і самой Англіі гэта чартоўская сяўба на працоўным насяленьні краю чужаземнага паразыта-абшарніка, паказвае лепш за ўсё вядомая бульбяная эпопэя Ірляндыі.
З 16 сталецьця прывезеная толькі што з адкрытае Амэрыкі бульба борзда выцясьняе вышэйшую зернявую культуру краю. І якраз з гэтага часу йдзе поўнае падняволеньне ангельскімі лендлёрдамі ірляндзкага хлебароба.
Да 1845 году йдзе паўзьбежна ўмацаваньне гнёту, „бульбізацыя" краю, і якраз ад гэтага моманту пачынаецца панічны адліў насяленьня, галоўным чынам у Паўн. Амэрыку.
Як вядома, бульбяная ежа значна паніжае агульны ровень актыўнае энэргіі насяленьня, але й гэта паніжаная ежа, пры існаваўшай сыстэме земляўладаньня й выкліканым ёю адліве рабочых рук з краю ў эміграцыю, не магла здаволіць навет мінімальнае патрэбнасьці.
У 1846 г. край пацярпеў востры сельскагаспадарчы крызыс—вядомы „бульбяны голад" гэта—пры слаўнай сваёю ўрадлівасьцю зямлі краю!
Навет ангельскі эксплёататар-лакомнік пачуў тады ўсю сілу гэтае відочнае ненормальнасьці палажэньня і простую шкоду дзеля ўсей гаспадаркі краю, і цэлаю сыстэмаю законадаўчага павальненьня ірляндзкага фэрмэра пачаў барацьбу з эканамічным паразытызмам лендлёрдаў.
Гэтак проста тлумачыцца ўдача вядомых дэмократычных біляў Гладстона.
Эміграцыя - клясычны мэтод паліўнага масавага спраціўленьня эканамічнаму й палітычнаму гнёту ў краі—як вышэй паказана набрала ў Ірляндыі катастрофічных формаў: за 50 гадоў адліла з краю амаль не палова яго насяленьня.
Але вынятковая жывучасьць народу, пастаўленага ў немагчымыя умовы існаваньня, і ў гэтым калекім зьявішчы знайшла, нарэшце, магутную зброю проці ангельскае сыстэмы падняволеньня і зьнішчэньня.
Замежная Ірляндыя не парывала жывое і кроўнае сувязі з пакіненаю радзімаю. Паміж абедзьвюма адбываўся заўсёдны духоўны й гаспадарчы абмен, і тое, што не магло, дзякуючы палітычнаму гнёту, разьвівацца на бацькаўшчыне, расьцьвітала й разьвівалася заграніцаю—ў умовах зусім вольнае амэрыканскае грамадзкасьці, ў атмосфэры панаваўшага ў гэтай першай, што вызвалілася ад ангельскага панаваньня, колёніі—дасканальнага народапраўства.
Гэтае высокае і спагаднае ролі вялікай заатлянтычнай дэмократыі ніколі ня варта запамінаць: напэўна сваю ролю яна з‘іграе і ў барацьбе за незалежнасьць і Беларусі, як і ў Ліцьве з’іграла вялізную ролю літоўская эміграцыя ў Амэрыцы.
Вырабіўшы ўсе найбольш дасканальныя мэтоды і налогі працы й барацьбы з прыродаю і з „капіталам", загартаваўшы сваю жалезную энэргію ў вольнай рэспубліцы ўсеперамагальнае працы й гаспадарчага гэнія, ірляндзкі, літоўскі, ці беларускі хлебароб, або работнік прыносіць з сабою, вяртаючыся на бедную радзіму, ня толькі грашавы капітал — сваю назьбіраную амэрыканскую гатоўку, але— што шмат важней —усе тыя неаднімальныя капіталы арганічна усвоеных працоўных і грамадзянскіх налогаў, што навет без усялякіх рэвалюцыяў перамагаюць розныя прыгнятаньні. Жалезныя ланцугі падняволеньня эканамічнага й духоўнага самі сабою рассыпаюцца ў парахню перад зьдзіўленым, прывыкшым да пакорнасьці лакомнікам-паразытам. І першага, сур‘ёзнага крызысу, захапіўшага апошняга ў свае абняцьці, бывае досіць, каб тое, што ўжо насьпела й толькі па інэрцыі церпіцца народам і тамуецца прыгнятацелем,—адразу на ўсю шырыню народнага жыцьця, па ўсім фронце нацыі аформілася палітычна...
Так гэта і дзеецца цяпер у Ірляндыі. Так гэта адбылося ў Ліцьве. Так гэта й будзе няўхільна ў Беларусі.
У чародным артыкуле паглыбім пытаньне яшчэ далей, разглядзеўшы ірляндзкую эпопэю, як тыповы выпадак амаль немагчымае, па некаторых дактрынах, перамогі аграрнага краю над прамысловым.
III.
правіцьБарацьба аграрнага краю з прамысловым.
Перш чым перайсьці да пытаньня аб імпэрыялізьме, —і цікаваму для нас тут пытаньню аб магчымасьці для аграрнага краю вызваліцца з жалезных абняцьцяў прамысловага, зробім некалькі дадатковых увагаў аб барацьбе пасыўным мэтодам эміграцыі,—чым мы займаліся ў папярэднім артыкуле.
Мэтод эміграцыі, як кожны мэтод пасыўнага спрамяненьня, мае вялізныя бракі.
Перш за ўсё, з пагляду самага элемэнтарнага: паніжэньне гушчыні насяленьня—абязьлюдзеньне краю—заўсёды зьвязана з паніжэньнем у ім роўню культуры і наадварот. Можна сказаць, што наагул уся сума культуры ў краі ёсьць, як кажуць матэматыкі, функцыяю гушчыні насяленьня. Гэта вельмі нятрудна паказаць і даказаць адно за адным: бо й гістарычна абодва гэтыя зьявішчы — павышэньне гушчыні насяленьня і павышэньне культуры разьвіваліся паўзьбежна,
Вось-жа й можна, як-бы лёгічна „вывесьці” патрэбнае разьвіцьцё вышэйшых формаў жыцьця з пагушчэньня насяленьня ў ліку, як з „прынцыпу".
Гэта значыць, што пасыўны мэтод спраціўленьня гвалту і эксплёатацыі, барацьба за вызваленьне краю—нясе ў сабе ўнутраную праціўнасьць, — самаадкіданьне: імкнучы да вышэйшых вольных формаў жыцьця, пасыўнае спраціўленьне эміграцыяю толькі захоўвае ў краі існуючыя нізкія, альбо зводзіць апошнія да яшчэ ніжэйшых.
Эміграцыя, ня маючы ніякага апраўданьня з пункту гледжаньня эволюцыйна-працоўнага,—не вытрымоўвае крытыкі і як мэтод барацьбы рэвалюцыйна-баявы.
Кожнаму ясна, як затрудняе ўсякую барацьбу рэдкае, параскіданае насяленьне, з якога эміграцыя да таго-ж вырывае самыя моцныя і ўпартыя ў жыцьці элемэнты.
Апрача таго ў прыродзе, як і ў грамадзянстве жыве з роўнаю сілаю безвынятковы закон, які сьведчыць, што ў жыцьцёвай барацьбе перамагаюць формы, вышэйшае актыўнасьці. Перамагаюць, у кожным выпадку, заўсёды актыўныя мэтоды барацьбы.
Але мы ў першым артыкуле якраз і падкрэсьлівалі, што эміграцыя ёсьць няшчасьце для краю, але што вынятковая жыцьцёвая ўпартасьць ірляндца з гэтае народнае бяды стварыла, пры падтрыманьні вялікае заатлянтычнае рэспублікі, магутны інструмэнт барацьбы і спосаб перамогі.
Вось і сутнасьць уся ў тым, што ў сваім пасыўным спраціўленьні ірляндзкі народ ня толькі ня згубіў актыўнасьці, але сапраўды, ў найспагаднейшых варунках вольнага народапраўства, вырабіў у сабе вышэйшыя формы гэтае актыўнасьці.
Сапраўды гэтым ён, згодна з вышэйпаказаным біо-соцыялёгічным законам, і забясьпечыў сабе перамогу.
І беларусу, ведама-ж ніхто не пачне паказваць на эміграцыю, як на пажаданы мэтод барацьбы.
Трэба ўсяляк, усімі магчымымі спосабамі разьвіваць і падтрымліваць жывую актыўнасьць народу, прышчапляць яму ўсе, вырабленыя ўсясьветнай культураю, вышэйшыя формы актыўнасьці, ўсе, што перамагаюць у барацьбе й конкурэнцыі, мэтоды.
Але толькі, ў выпадку стыхійнае сілы несьцярпімага, непераможнага на месцы, на бацькаўшчыне гнёту,—прыдзецца ўжываць пасыўныя мэтоды, актывізуючы народную энэргію за межамі.
Але можна і ў гэтым сэнсе супакоіць беларуса: сучасная дэмократыя мае гэткую міжнародную сілу, яе солідарнасьць, пры ўсім рознагалосьсі прыватна-нацыянальных інтарэсаў, гэткі вызначаны фактар усясьветнае палітыкі, што гэткае сілы й бесчалавечнасьці прэсу, пад якім жыла дасюль Ірляндыя, жылі й іншыя народы, ў тым ліку й наш беларус, ад сягоньняшняга дня ўжо быць ня можа.
Ні сам народ не паддасца гэткай пасыўнасьці, ні пакорнасьці, ні яго болей шчасьлівыя таварышы не пакінуць яго ў адзіноце на волю яго лёсу.
На ўсякае павышэньне гнёту народу ад сягоньняшняга дня будуць адказаваць не пасіўнымі мэтодамі, не эміграцыяй, а мэтодамі актыўнымі—працоўнымі й рэвалюцыйнымі.
Найлепей азначыў імпэрыялізм, як вядома, ортодоксальны марксісты, Каўцкі.
“Імпэрыялізм ёсьць эканамічная дыктатура прамысловага краю над краем аграрным”.
Прамысловы край, з пункту пагляду процілежнасьці аграрнаму, ёсьць рад вялікіх местаў з фабрычна-завадзкімі районамі вакол іх.
Аграрны край—па сутнасьці ёсьць вялікая вёска.
Аграрны край дае страўныя прадукты й сыр'ё краю індустрыяльнаму.
Вялікае індустрыяльнае места нашага часу — гэткая магутная сіла, з якою, паводлуг думкі яго ідэолёгаў,—розумаў і тэорыяў, у ім створаных, вёска apriori бароцца ня можа.
Места сабрана ў вадно, арганізована, цэнтралізована, азброена і заслонена, —хавае ў назьбіраным выглядзе большасьць тых запасаў векавое працы, ўсе, як кажуць, „капіталы" ў самым шырокім значэньні слова, ўсю культуру, якую мае край. Вёска параскідана, бедна і неазброена; запасы й капіталы яе вельмі абмяжованы.
На моцы гэтага, места і пануе над вёскаю, якая змушана пакарацца дыктатуры места.
Як вядома — рост і дыктатура местаў—цэнтральны факт найнавейшае гісторыі.
Адносіны прамысловага й аграрнага краю аналёгічны адносінам места й вёскі.
Сучасны імпэрыялізм і радзіўся й магчымы толькі ў сучасным, сусьветнага масштабу, індустрыяльным месьце.
„Месты-спруты” — кажа найбольшы поэт сучаснага індустрыяльнага места, — сваімі васьма смактунамі рука-нагамі ахапілі край, за рахунак якога кормяцца, ўсю яго зялёную прыроду, і з гэтых абняцьцяў нядужая, бяскроўная вёска ня вырвецца ніколі. Вёска робіцца „ілюзіяй”, міражам, як празрастая пустая скурачка рабачка, з якое выпаўзла жывая казулька".
Гэтак і піша Эміль Вэрхарн гэніяльны поэт клясычнага краю прамысловага места—Бэльгіі.
Але не запамінайма-ж таго, што гэты самы поэт ярчэй за ўсіх пачуў і спраракаваў хвалю, што налятала на Эўропу, разьбіцьце індустрыяльнага места-спруту свае прамысловае радзімы.
Вэрхарн спраракаваў і крах дыктатуры места,—сучасны крызыс імпэрыялізму.
Соцыяльна - палітычныя тэорэтыкі дыктатуры прамысловага места—яго абедзьвюх творча-праціваборчых сіл—буржуазіі і пролетарыяту гэтак сама пяюць сьледам за поэтамі аб месьце й яго абсолютнай уладзе над вёскаю.
Ідэя дыктатуры пролетарыяту—спэцыфічна меставое рабочае клясы—ёсьць тая самая ідэя дыктатуры места, ў якім гэтая кляса павінна быць ня толькі пануючай, але й адзінаю.
Гэта ідэя ёсьць усяго толькі адваротным бокам толькі што ўсяўладнае ідэі дыктатуры меставой буржуазіі,—выварат таго самага мідалю ўсёмагутнага места.
Яшчэ зусім нядаўна соцыяль-дэмократычныя праграмы лічылі за няпрыстойнасьць бараніць інтарэсы сялянскае вёскі.
Эволюцыю аграрнае праграмы соцыяль-дэмократыі, над‘звычайна паказальную для нашых разважаньняў мы ўсе памятаем вельмі добра.
Рэвалюцыя проці гэтае праграмы— “рабоча-сялянскі камунізм” Леніна.
Скажам коратка, што цяпер аграрная часьць праграмы с.-д. партыі перапісана, праўдзівей напісана зусім нанова і складае важны і старанна апрацованы яе аддзел.
Гэтак разьвівалася ідэя места-спруту; так гэтае места - паразыт чула само небясьпеку апынуцца на трупе тое жывёліны, жывое першароднае,—што вытварае для яго страву й сыр‘ё,—творчае прыроды, без якое яно ня можа істнаваць больш-менш доўгі час.
Рэч у тым, што ў сфэры эканамічнай, у сфэры гаспадарчае творчасьці,— ніякае дыктатуры, ніякае аднабокае волі быць ня можа.
Тым больш ня можа быць волі абсолютнай, якая прэтэндуе дыктаваць свае загады прыродзе й чалавеку, пасколькі гэтыя загады не згаджаюцца з законамі, як прыроды наагул, так і прыроды чалавечае і грамадзкае, прыватным чынам.
Вось-жа й сапраўды гэтым першародным грахом проці пагарджаньня прыроды й яе эксплёататарскім зьнішчэньнем, грахом бесчалавечнасьці—зьнішчэньнем цэлых людзкіх расаў, прызнаных за ніжэйшыя, грахом, што нарушае законы соцыяльных адносін, законы людзкога грамадзянства гэтай, па словах нямецкага філёзофа Шэлінга «другой прыроды»— павольным забойствам масаў, што ёю эксплёатуюцца—і хварэе грахоўная „эканамічная дыктатура" імпэрыялізму, які разглядае ўвесь аграрны край з яго насяленьнем, як сыр'ё, як «поўфабрыкат», або, як „страву”—„падсьцілку”, «гной» для сябе.
Ведама-ж, за парушэньне сваіх няхібных законаў страшэнна помстуе прырода.
Гэткаю страшнаю помстаю прыроды соцыяльна-эканамічнае і зьяўляюцца пэрыядычныя ваенна-прамысловыя крызысы, няўхільнасьць якіх тоіцца ў самой прыродзе імпэрыялізму.
Ў шалёнай конкурэнцыі адзін з адным ваенна-прамысловыя ненажоры запамінаюць праўдзівы рэзон свайго існаваньня, яго умоўнае апраўданьне—гаспадарчую арганізацыю сьвету й кіраваньне маладымі народамі ў іх росьце і разьвіцьці, і пачынаюць тую грахоўную, бязглуздую, вар'яцкую творчасьць, якая няўхільна канчаецца тым, што сама зьнішчае, сама падрывае сябе, як брызантная граната.
Заляцаючыся ўзаемнай конкурэнцыяй, робячыся з арганізатараў сьвету, яго добрых гаспадароў, — яго ненажорамі- эксплёататарамі, імпэрыялістычныя арганізмы сьвету робяцца сапраўднымі паразытамі на прыродзе нашае зямлі.
Як і ўсе паразыты, яны запамінаюць, што й іх дабрабыт цесна зьвязаны з здароўем тае прыроды, на якой яны жывуць, крывёю і сокамі якое яны кормяцца. Ваенна-прамысловыя паразыты запамінаюць пра тое, што яны жывуць і кормяцца якраз на базысе тае самае прыроды, якую пачынаюць не прызнаваць, расьцягваць і хаотызаваць, што ўся іх прамысловая чыннасьць базуецца якраз на прыродзе тых самых аграрных краёў, якой здароўе яны атручваюць, самому жыцьцю якое яны пагражаюць, як паразыты й параліжатары.
Як рэзультат гэтага—крызысы і крахі адбываюцца з жахоўнай няўхільнасьцю.
Гэткі крах мы перажываем і далёка яшчэ ня зжылі ў нашыя дні.
Магутныя імпэрыялістычныя арганізмы сьвету, як пераможаныя, таксама й пераможцы аслаблены й параліжованы, як паразыты на нежывой жывёле і круцяцца зусім зьбянтэжанымі.
Праўда, яны рыхтуюцца зноў памірыцца і зноў заключыць саюз паміж сабою — „мір народаў", — каб ізноў пачаць сваю дзейнасьць па арганізацыі сьвету дый зноў дайсьці да яго грахоўнае хаотызацыі й — новага краху.
Але цяпер—сапраўды-ж ў пэрэяд крызысу зьбянтэжаннасьці галодных і спалоханых, пачуўшых пад сабою халадзеючы труп, замест пульсу жывое крыві прыроды, паразытаў, што круцяцца па абяскроўленым целе чалавецтва — цяпер сапраўды-ж час для аграрнага краю—цяпер, або—да новага крызысу ды краху— пара вызваліцца з-пад страшэннае дыктатуры і патрэбаваць—пад пагрозаю замарыць голадам паразыта—замены грахоўнага прынцыпу—законным: пачаткам вольнага дагавору.
І мы ведаем, што ў сутнасьці гэтак вось і ставяцца цяпер пытаньні гаспа-дарча-палітычнае эмансыпацыі аграрных краёў ад Літвы й Ірляндыі да Індыі і... Беларусі.
Да конкрэтна-палітычнага агляду гэтага пытаньня зьвернемся іншым разам.
IV.
правіцьПрыклад Індыі.
Мы паказалі ў ранейшым артыкуле, што самы прынцып эканамічнай дыктатуры, само зьмятаньне дыктатуры й эканомікі нясе ў сабе ўнутраную нязгоднасьць—завязь крызысу і крахаў.
„Загадваць прыродзе можна толькі пакараючыся ёй, г. знач. яе законам,— кажа Бэкон.
Голай уладзе, гвалту над ёю злога чалавека прырода помстуе катастрофамі.
І сучасны імпэрыялізм так борзда прыйшоў да катастрофы сапраўды-ж таму, што да грахоўнага эканамічнага гвалту яшчэ дадаваў, ужо нямеўшы ніякіх апраўданьняў — ні з якога пункту гледжаньня—ваенны.
Ў ваенна-эканамічнай дыктатуры пачаў пераважаць і катастрофічна расьці элемэнт ваенны — узмацненьне азбройваньняў, у рэзультаце дыктатура прамысловага краю і конкурэнцыя іх паміж сабою сталі «неэканамічнымі», г. зн. пачалі рашаць і расьцягваць, ператвараць у нішто сваю ўласную творчую энэргію.
Як толькі тэхнічны гэніюш сусьветнага імпэрыялізму паставіў сабе мэтаю вытвар рэкорднае брызантнае гранаты, якая ідэальна рвучыся, г. зн. ператвараючы ў абсолютнае нішто патрачаныя на яе стварэньне масы чалавечае працы і энэргіі, пры гэтым яшчэ давала-б максімум руйнаваньня вакол сябе, і бачыў ува ўладаньні гэткаю гранатаю апошнюю аснову й галоўны спосаб для свайго панаваньня над аграрным (зямельным) краем і над конкурэнтамі па яго падняволеньню, дык—з гэтага моманту навет для сьляпых стала ясным, што гэты брызантны, грахоўны, неэканамічны імпэрыялізм сам і лопне, накшалт свае гранаты, што яго сымволізуе.
Гэта і сталася.
Я не хачу сказаць, што сучасны імпэрыялізм сам лопнуў зусім, але што ён пацярпеў колёсальны крах – гэта рэч зусім відочная.
Тыя жалезныя абручы, якімі былі скуты аграрныя краі, далі вялікія шчэліны.
Ведама, што ў пачатым краху пацярпелі й аграрныя краі, але яны бліжэй да зямлі і ім нізка падаць: яны і пабіцца менш і лягчэй стануць на ногі.
Цяпер бязумоўна пачнецца доўгі пэрыяд ліквідацыі прамысловага крызысу, пэрыяд, які ведама, што скарыстаюць аграрныя краі дзеля свайго вызваленьня.
Насколькі вялікі цяперашні прамысловы крызыс відаць з таго, што наймагутнейшая эканамічная дзяржава сьнегу— Амэрыка—выкідае на вуліцу сотні тысяч рабочых, аб падтрыманьні якіх гаспадарствам навет спэцыяльна спамінаў у аднэй з сваіх праграмных заянаў прэзыдэнт Гардынг.
Лёйд-Джордж у апошняй сваёй прамове адкрыта сказаў, што Англія за апошнія сто гадоў не перажывала гэткага моцнага й небясьпечнага крызысу.
Аб іншых меншых спрутох імпэрыялізму й гаварыць няма чаго.
Амэрыканскі даляр лічыцца ўзорам стойкае валюты, аднак аб абясцаненьні гэтага залатога даляра пішуцца цэлыя артыкулы і кнігі.
Золата, якім яшчэ вельмі нядаўна залівалася Амэрыка, адтуль адлівае.
І калі мы паглядзімо, куды-ж адлівае гэтае золата, дык, паводлуг спэцыяльнае статыстыкі, паданай адным францускім спэцыяльным журналам, выходзіць, што амэрыканскае золата шырокім ручаём цячэ ў найбагатшы й найтыповейшы ў сьвеце аграрны край — у Індыю, край, што дае найбольшы лік усялякага сыр‘я і страўных прадуктаў.
І мы бачым з тае самае спэцыяльнае статыстыкі, што вельмі высока стаяць валюты ўсіх аграрных краёў, якія жывуць нормальным гаспадарча-палітычным жыцьцём, а курс індыйскае рупіі— рэч зайздрасьці навет для амэрыканскага залатога даляра.
І гэта ведама-ж ня столькі таму, што індыйскія грошы маюць соліднае забесьпячэньне ў золаце, столькі таму, што яны з колёсальнаю лішкаю пакрываюцца тым, што цяпер даражэй за станьнеўшае золата, даражэй за ўсё на сьвеце: вытварамі прыроды—сыр‘ём і страўнымі прадуктамі.
Адраджэньне фізыякратычных тэорыяў у эканамічнай літаратуры ідэолёгічна асьвятляе гэту надыйшоўшую перавагу аграрных краёў—выняткова шчасьлівы мамант для іх эмансыпацыі.
Можна на гэта сказаць, што гэты-ж аграрны край якраз знаходзіцца сам у няволі вялізарнейшага з ненажораў сусьветнага імпэрыялізму, што значыць усё гэтае золата перальецца з кішэня аднаго ненажэры ў кішэні другога.
Але тут вось і заўважаецца тое, што і павінна было прадбачыцца,—тое, аб чым мы толькі што гаварылі: аграрны край, багацейшы на сьвеце з ідэальна працавітым і здольным народам пачаў якраз цяпер спакойную, плянавую, дружную, непадатлівую ні на якую провокацыю ангельцаў, эпічную па сваіх разьмерах і рэлігійнаму напружаньню—барацьбу проці паняволеньня,—за сваю незалежнасьць.
У гэтай грандыёзнай, ахапіўшай усю Індыю, барацьбе асабліва цікава спакойная пэўнасьць, поўная выдзержка і цікавая асоба адзінага агульна-народнага павадыра, што мае нязвычайны магічны ўплыў на народныя масы, пры чым яго сьвяты аўторытэт прарока няхібны для ўсяго краю.
Ня менш важна й тое, што гэты рэлігійны рэформатар зьяўляецца ў той самы час сучаснае маркі эўропэйскім палітыкам—з поўнаю сілаю заходняй культуры і ўсіх мэтодаў яе вышэйшае актыўнасьці.
Тактыка гэтае барацьбы Індыі з Англіяй у Індыі выяўляе гэткую высокую й павучальную цікавасьць, што патрэбна, з браку месца для яе дэталічнага абгавору, даць аб ёй хоць-бы схэматычнае паняцьце.
Мэтад барацьбы, як і трэ’ было спадзявацца ў аграрным краі, што маніцца выйсьці з пасыўнага становішча об‘екту эксплёатацыі і стаць самастойным суб‘ектам вольнае творчае чыннасьці, якраз і злучае ў цяперашнім момэнце абодва элемэнты: і пасыўнага спраціўленьня і актыўнае чыннасьці.
Вялізны рух, ахапіўшы ўсю Індыю, падносіцца роджанаю з odum’у да Англіі адкідальнаю дырэктываю: „No Cooperation”, г. зн. не супрацоўнічаць з Англіяй, а ўнутры номінальнае «ангельскае Індыі» як-бы стварыць новую, сваю «індыйскую Індыю».
Спакойная пэўнасьць ува ўдачы й канцовай перамозе выказваецца і ў тым, што ніякіх рэпрэсіяў, ці асуджэньняў сярод прыхільнікаў „No Соореrаtіоn”, не выклікае другая вялізная таксама індыйская, незалежніцкая група, ці партыя, выбраўшая тактыку “Соореrаtіоn” — мэтод супрацоўніцтва.
Дык вось, адначасна, разам і мірна будуць істнаваць і працаваць як-бы дзьве Індыі, з якіх адна старая ангельская будзе, як і да твару старой, паміраць, а новая,—«Маладая Індыя»,—будзе расьці і разьвівацца.
Ангельцы, як расказваюць людзі, быўшыя там, ужо зразумелі ўсю паважнасьць палажэньня, ўсю сілу гэтае спакойнае пляновае, разьлічанае на доўгі пэрыяд тактыкі і... загадзя вывозяць музэі й бібліятэкі ў Лёндан, пакуль яшчэ маюць паслухняны ваенны апарат.
Барацьба йдзе па ўсім культурна-эканамічным фронце.
Як прыклад, падамо гэткі арганізованы спосаб: закупіўшы за наплыўшае ў край за яго сыр'ё золата,—за большую як ангельцы цану,—вялізную гандлёвую флёту, індыйцы зьдзейсьнілі арганізованы бойкот ангельскіх тавараў, закупляючы нямецкія.
Але праз тое, што нямецкія тавары, як вытвар пераможанай Нямеччыны, не дапушчаюцца пераможцамі ў Індыю, дык на падмогу нацыянальнай бойкоціцкай флёце і проці Англіі выступіла верная саюзьніца апошняй—Японія, якая на нямецкія тавары кладзе свае штэмпэлі: «Made in Japan»,—зроблена ў Японіі.
Конкурэнцыя прыецялёў-ненажораў— адзін з магутных саюзьнікаў у барацьбе падняволенага аграрнага краю з прамысловым дыктатарам.
У Індыі мы бачым другі прыклад сучаснага аграрнага краю, краю, лічанага дасюль клясычным па сваёй пакорнасьці й безабароннасьці (пасьля нябывалага па жорсткасьці усьмірэньня вядомага паўстаньня сіпаеў—войскаў, зложаных з мясцовага насяленьня), якая пачала і акуратна, з поўнаю гарантыяю ўдачы, вядзе ў асабліва спагадных варунках сучаснага зацяжная прамысловага крызысу, а значыць у пэрыяд доўгага паралюшу падняволіўшага яе ненажоры, — барацьбу за сваё эканамічнае й палітычнае, нарэшце, вызваленьне.
І калі на нашых вачох цяпер адбываецца пераход Ірляндыі з палажэньня падуладнага Англіі на палажэньне вольнага і роўнага саюзьніка, дык можна адважна сказаць, што навет нестарыя з нас убачаць тое самое зьявішча з Індыяй.
Працавітасьцю і баечнай творчаю сілаю прыроды краю створанае багацьце, тысячгадовая духоўная, паміж іншым, рэлігійна-моральная культура насяленьня, якая цяпер пачала плянова набываць патрэбныя дзеля сусьветнай конкурэнцыі паскораныя рытмы і тэмпы жыцьця і чыннасьці, ўзмацнеўшая агульна - нацыянальная еднасьць, змацованая толькі што ахапіўшаю ўвесь край новаю рэлігійнаю пропаведзьдзю вышэйсказанага павадыра Гатты, цьвёрдая вера ў сваю справу, падтрыманая яго гэніяльнаю асобаю—ўсё пры выняткова спагаднай коньюнктуры моманту—ведама што забясьпечыць удачу.
Новы саюзьнік нашае Беларусі, па агульнасьці лёсу і мэты, ідзе як-бы наперадзе нас і падмога яго ў будучыне, хаця-бы й моральная для нас забясьпечана.
У кожным выпадку шляхі яго жыцьця і мэтоды барацьбы маюць для нас і высокую спачувальную цікавасьць і вялізную практычную павучальнасьць.
Ірляндыя й Індыя — яркія прыклады шчасьлівых аграрных краёў, якія як належыць удачна карыстаюцца крызысам сусьветнага імпэрыялізму ў ясна зразумелых і выразна абмяжованых задачах і мэтах нацыянальнага і дзяржаўнага вызваленьня.
Яны абедзьве цярпліва і плянова, маючы сваіх уласных, кроўна зьвязаных з краем, павадыроў, што выказваюць нацыянальную волю й жыцьцё, папраўляюць цяжкія грахі і праступныя абмылкі тых, хто прыгнятаў іх.
Іх павадыры ўжо тым добрыя, што ня робяць новых абмылак.
Як небясьпечна мець павадыроў, якія не стаяць на гэткай вышыні, як неразумна ставіць краю бязьмежныя, большыя за яго сілы, тэмпы і магчымасьці, задачы і мэты, як небясьпечна мець павадыроў, прыбыўшых з чужыны, хаця-б і спушчаных, ці скіненых з неба, каб адразу ашчасьлівіць раем зямным край,—з яркасьцю чырвонага мора крыві даказвае прыклад Совдэпіі.
Савецкая Маскоўшчына—гэта тыповы прыклад няшчаснага аграрнага краю, які замест таго, каб пэрыяд сусьветнага прамысловага крызысу скарыстаць дзеля папраўленьня грахоў і праступных абмылак імпэрыялізму, сам у момант найбольш спагадны дзеля барацьбы й эмансыпацыі аграрнага краю, робіць новыя абмылкі, грахі і праступленьні.
І ведама, што падобна да таго, як за грахі імпэрыялізму пачаўся сусьветны прамысловы крызыс, на шляху сваім разваліўшы і забіўшы ў Маскоўшчыне горад з яго прамысловасьцю, зусім гэтак сама за грахі проці нормальнае нацыянальнае палітыкі аграрнага краю расейская вёска разам ведама-ж з паміраючымі гарадамі перажывае нябываяы ў сусьветнай гісторыі крызыс аграрны.
Голад агульны ў найбагатшым аграрным краі, карміўшым сваім хлебам Эўропу, лепш за ўсё агаляе бязглуздасьць і праступнасьць таго, што павадыры Савецкай Маскоўшчыны ў мэтах Інтэрнацыяналу, а не Нацыяналу, як яны й ня тояць, у ёй вытвараюць.
І ведама, што лягчэй і прасьцей за ўсё гэта тлумачыцца тым, што ўсе гэтыя павадыры, захапіўшыя ўладу ў аграрным краі, зьяўляюцца кроўным прадуктам і пры тым тыповым—якраз-такі места і места- спруту,—седала сусьветнага імпэрыялізму.
Праз гэта, быццам забіваючы нацыянальны імпэрыялізм, яны толькі палягчаюць новае заваяваньне аграрнага краю прамысловым дыктатарам адным з суседзяў, калі ня ўсімі імі супольна.
Аб асаблівасьцях адносін места і вёскі ў нашай Беларусі, ў агульным падрахунку яе магчымасьцяў удачнай барацьбы пагаворым іншым разам.
V.
правіцьЗялёны Інтэрнацыянал.
Перш чымся перайсьці да агляду і аналізу спэцыфічных асаблівасьцяў Беларусі, да ацэнкі яе, як кажуць, нацыянальнае гатоўкі,—яе, значыцца, магчымасьцяў і пэрспэктываў удачнае барацьбы і зьдзейсьненым тых мэтаў, якія ўжо са ўсею выразнасьцю паўсталі й крышталізаваліся ў разуменьні беларускае інтэлігэнцыі, як нацыянальна-палітычны ідэал, мы павінны зрабіць дзьве увагі да таго, што казалі раней.
1. Гаворачы аб адносінах места да вёскі й прамыслова - імпэрыялістычнага краю да краю аграрнага, мы ўжывалі слова «ненажора». Гэтае слова не саўсім акуратна перадае той сэнс, які, па аналёгіі з адносінамі ў біолёгічным сьвеце, мы хочам укласьці ў наша разуменьне, якое гэтак блізка зачапляе інтарэсы аграрнага краю.
Разуменьне „жываеда" — зусім выразнае ў біолёгіі.
Схэматычна гэта можна паказаць гэтак расьліна корміцца мінэральным царствам, ператвараючы няжывую прыроду у прымітыўныя формы жывое прыроды; жывёла корміцца гэтымі гатовымі ўжо ў расьлінным царсьцьве матар'яламі, ашчаджаючы сваю энэргію і скіроўваючы яе на вышэйшыя формы жыцьцёвай актыўнасьці—маючы ўжо недаступны для расьлінаў рух; «жываеды» (ненажоры) павінны быць выдзеленымі ў асобную «вышэйшую» біолёгічную групу, бо кормяцца жывымі жывёлінамі, усвойваючы гатовыя ў апошніх запасы вышэйшай бялковай мешаніны, якія запасы забясьпечваюць ім кармленьне яшчэ больш высокіх формаў актыўнасьці...
Прамысловы імпэрыялізм гэтак вось корміцца аграрнымі краямі, устанаўляючы да іх грахоўна-біолёгічныя адносіны й запамінаючы аб тым, што ў чалавечым сьвеце ёсьць няўхільныя законы вышэйшыя—законы грамадзкія.
2. Другая ўвага датычыць самае сутнасьці выбранае намі тэмы.
Наколькі важна, сучасна і, як кажуць, цэнтральна цяцер закранутая намі тэма, паказвае газэтная вестка аб тым, што ў пачатку будучага гаду ў адным з блізкіх нам па крыві й па духу краёў, у яго сталіцы — Празе проектуецца міжнародны зьезд прадстаўнікоў земляробскіх арганізацыяў. На зьезьдзе гэтым, ведама-ж, першую ролю будуць граць тыповва-аграрныя краі. Намячаецца стварэньне небывалай яшчэ арганізацыі—сапраўднага Аграрнага Інтэрнацыяналу, якая аб’яднае ўсе земляробскія арганізацыі Эўропы. Вось якія весткі падаў аб гэтым проекце сэкрэтар арганізацыйнага бюра зьезду інж. Фідлер.
Па думцы Фідлера бяз шырокай міжнароднай арганізацыі земляробскага руху немагчыма эканамічная консолідацыя Эўропы, немагчыма й яе палітычнае замірэньне. Эўропа цяпер хворая і хвароба гэта ня толькі ад голаду, бо карміўшы Эўропу, земляроб морыць месты і памірае сам. Прычына—глыбей і крыецца ў тым, што земляроб дасюль не зьяўляецца рашаючым фактарам у пытаньнях для яго найважнейшых і найжыцьцёвейшых дзеля ўсяго краю. Яго голас не адпавядаў важнасьці яго ролі ў дзяржаўна-эканамічным жыцьці ўсяе Эўропы. Земляроб павінен заваяваць сабе ўсе правы, адпаведныя важнасьці яго ролі ў агульным жыцьці краю й не пакарацца, як дасюль, пасыўна дыктатуры прамысловага места. Земляробы, кажа Фідлер, павінны аб’яднацца, каб заваяваць сабе гэткі ўплыў на законадаўства й кіраваньне краем, які адпавядае іх лічбенасьці ў ім. Сярод сяброў арганізацыйнага бюра ёсьць і яшчэ больш крайнія галасы, што гавораць аб дыктатуры земляробскае клясы ў краі і ў Эўропе. Трэба сказаць, што калі права на дыктатуру выводзіць з лічбеннае перавагі тае, ці іншае клясы ў краі, дык кляса земляробаў, што мае вялізную лічбенную перавагу амаль што ўва ўсіх краёх Эўропы, ведама што першы кандыдат на гэту дзяржаўную рэгалію вынятковае ўлады. Але нас, ведама да, тутака цікавіць ня новая спроба падмяніць здаровы прынцып дэмократычнае арганізацыі дзяржавы і ўлады грахоўным эрзацам дыктатуры; для нас надзвычайна важна здаровая тэндэнцыя земляроба, што ашукаўся ў сваёй веры да розуму й сумленнасьці манапольна карыстаўшага з улады гораду,—устанавіць новы парадак, пры якім немагчыма было-б злоўжываньне гэтае ўлады збоку дыктатара меставога прамыслоўца. Вёска, а значыць і аграрны край хоча ўзяць удзел ува ўладзе, устанавіць над ёю заўсёдны актыўны кантроль параліжаваць самога жываеда-параліжатара, які, паразытуючы на ёй, сам прыйшоў і яе прывёў да вялізьнейшага крызысу і краху, які ведае гісторыя.
Як кожнаму ясна, й ініцыятыва й галоўныя дзеячы практычнага зьдзейсьненьня здаровае й жыцьцёва-патрэбнае для ўсяе Эўропы, быць можа, для ўсяе сусьветнай гаспадаркі, ідэі—належаць да славянскіх краёў. Бюро складаецца, галоўным чынам, з велікарускіх-эмігранцкіх, украінскіх, чэскіх, польскіх, баўгарскіх земляробаў. Беларусам, канешна, трэба дастаць непасрэдную акуратную інфармацыю аб праектаваным зьезьдзе і, ў кожным выпадку, пачуўшы важнасьць справы, яе шырокі сусьветны масштаб і пэрспэктывы для нашага аграрнага краю ўзаемнай падмогі ў барацьбе за ідэалы вызваленьня, наладзіць дзейны кантакт з арганізатарамі зараз-жа. У кожным выпадку, нельга дапушчаць, каб ад імя земляроба гаварылі, як гэта робіцца найчасьцей у нас, земляўласьнікі, а ад імя Беларусі яе ворагі — паразыты-параліжатары.
Пасьля зьезду, ведама-ж, як я казаў, і спроектавана і няўхільнае, як адно з заданьняў яго й да таго-ж галоўнае,— гэта стварэньне буйнае міжнароднае, заўсёды чыннае, арганізацыі земляробаў усіх краёў, пакуль што, толькі Эўропы.
Новы, нязвычайны па гуку і для нас беларусу, лёзунг; „земляробы ўсіх краёў злучайцеся!".
На эўропэўскую, а мо‘ й на сусьветную сцэну выступае сапраўдны Трэйці Інтэрнацыянал і гэтае зьявішча вызначыць колёсальнае важнасьці і перш за ўсё для нас, аграрных славян і беларусаў у тым ліку, зьмену ў агульным палітыка-эканамічным жыцьці сьвету. Дасюль дзейным, рашаючым фактарам палітыкі й эканомікі сьвету быў інтэрнацыянал гандлёва-прамысловага капіталу. Яго бясьсільны да нядаўняга часу цень—інтэрнацыянал прамысловага пролетарыяту—толькі ў апошні час стаў матэрыялізавацца й заяўляць пратэнсію на ўладу,—з вялікім запросам—у форме настолькі ж нігілістычнай, у адносінах да свайго эканамічнага партнэра-антагоністага, дыктатуры.
Ёсьць зусім рэальная дзеля аграрных краёў і для земляроба ў кожным краі наагул небясьпека, што, адмовіўшыся ўзаемна ад узаемнага нігілізму, ўзаемна папусьціўшыся адзін аднаму, „дыктатары“ пакінуць за сваім саюзам у індустрыяльным месьце-паразыце ўсю сілу дыктатуры, якая ад гэтага іх замірэньня толькі нязьмерна падрасьце. І тады—бяда аграрным краем, бяда земляробам, калі яны не проціпаставяць гэтай арганізованай, магутнай і варожай ім сіле ўласнае аб'яднаньне, азброенае, як крайнім спосабам барацьбы, бічом голаду.
Трэйці—зялёны інтэрнацыянал, дадаўшы да рэлігійна-гаспадарчае Тройцы аснаўныя бажэсьцвенна-творчыя стыхіі жывое Зямлі, створыць ня толькі эканамічнае здароўе й раўнавагу жыцьця яе, але, б. м., й адбудуе ўсю яе рэлігійную цэласьць,—аб’яднае ўвесь чалавечы сьвет у шчырую, жывую й рэальную еднасьць.
Як помніць чытач, усім, што раней гаварылася, мы стараліся паказаць, што аснаўны, першародны грэх эканамічнага і палітычнага разьвіцьця сусьветнага цэлага,—прычына ўсіх крызысаў і крахаў,— крыецца ў грахоўнай, тоячай у сабе забойства, дыктатуры індустрыяльны гарадзкога краю над краем аграрным, дыктатуры, што сапраўды-ж з рэлігійным шаленствам і гаспадарчаю сьлепатою адкідае грунтоўную ў чалавечым сьвеце норму роўнасьці і дагавору. Кожнаму робіцца ясным, што аздараўленьне гэтых грунтоўных адносін—аднаўленьне поўнаты самастойнасьці аграрнага краю, як роўнапраўнага дагаворнага суб’екта, са ўсімі гарантыямі проці адраджэньня адносін жываеда да ахвяры, ў самым найглыбейшым гаспадарча-рэлігійным карані зьнішчыць гэту грунтоўную прычыну— скажу проста—таго актуальнага, сучаснага аспэкта сусьветнае злыбяды, ад якое мы, наш сучасны сьвет пакутуем.
І калі зямля і прырода, папіраная ў асобе аграрных краёў прамысловым паразытам-параліжатарам, адтрымае ў асобе свайго прадстаўніцтва—земляроба ўсю поўнату удзелу ў рашэньні ўсіх сусьветных пытаньняў, адтрымае, як рэальны магутны фактар, рэальную ўладу ў сьвеце, дык проста не марай ідэалістага, а задачаю практычнага палітыка аграрнага краю будзе зьдзейсьненьне сапраўднае новае эры ў сусьветнай гісторыі, якае знайдзе гэткія сынтэзы рэлігіі, культуры й цывілізацыі—братэрства, волі й роўнасьці, аб якіх мы, пакуль што, толькі маглі марыць.
І кожнаму ясна, што гэткая роля адраджэньня будзе належаць аграрнаму краю, паміж іншым, і нам - беларусам.