Ад кастрычніка 1917 г. да лютага 1918 г.

Уступамі да Акцябра Ад кастрычніка 1917 г. да лютага 1918 г.
Артыкул
Аўтар: Цішка Гартны
1924
Крыніца: Полымя, 1924. - №1
Організацыя сіл

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ад кастрычніка 1917 г. да лютага 1918 г.

(Да гісторыі Савецкае Беларусі).

Ж . З . Х.

III.

К моманту Кастрычнікаўскай рэволюцыі ўсе абставіны надворна­га і ўнутранага характару былі за тое, каб беларускі рэволюцыйны рух прымаў нахіл улева. Пецярбурская гарадзкая і районныя організацыі Беларускай Соцыялістычнай Грамады амаль што канчаткова вы­зваліліся ад правых, з дадаткам народніцкай ідэялёгіі, элемэнтаў. Част­каю самі яны пакінулі Грамаду, часткаю апошняя паказала ім дарогу ад сябе.

Трэйці зьезд Бел. Соц. Грамады 14—25 кастрычніка ў Менску, выявіўшы скрытныя адзнакі ідэялёгічнай раздвойнасьці, якая жыла ў ёй, пакінуў па сабе новы Цэнтральны комітэт з 12 асоб. Сярод гэтых 12 сябраў комітэту, якія мусілі застацца ў Менску, толькі двое былі ле­вага кірунку, а дзесяць—правага.

Гэтыя выбары ў Цэнтральны Комітэт Бел. Соц. Грамады былі адказам яе згоднічых элемэнтаў на рэзкую лявізну прадстаўнікоў ад не­каторых організацыяў на IIІ зьезьдзе і на сэсіі рады організацый і пар­тыяў, (15—20), тут таксама заадно ўлічыліся ім і ўсе іншыя „грахі" організацыйныя, якіх асабліва многа налічалі згоднікі за пецярбурскімі і бабруйскай організацыямі Грамады. Тым болей, што гэтыя грахі „ле­вакоў" выразна кідаліся ў вочы правым-грамадаўцам, якія бачылі рэчы скрозь ружовы туман нацыянальнага экстазу. Бурнасьць сэсіі Рады, пасяджэньне якой адмеціла магутны ўздым беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху ў вайсковых часьцях усіх фронтаў, многалікі пры­езд прадстаўнікоў вайсковых на зьезд беларус. вайсковых заходняга фронту, замацаваньне нацыянальна-рэволюцыйнага руху, наогул,—заць­міла „вузкія і сухія" пытаньні соцыялістычнай програмы. Усё гэта на­ меры, „дробныя і блазныя" пецярбуржцаў і бабруйчан, якія ўвесь час нясупынна хіляцца ўлева. Прыкладамі чутага ўхілу былі: інцындэнт прадстаўніка бабруйскай організацыі бел. Соц. Грамады тав. Ш. на пасяджэньні сэсіі Рады і протэст прадстаўніка Пецярбускай Гарадзкой Організацыі Бел.Соц. Грамады проціў пасылкі ў Раду Народаў у Кіе­ве прадстаўнікаў ад беларускай буржуазіі. Тут-жа, побач, чытаўся і паўсюжыўся ліст старшыні Маскоўскае Організацыі А. Бурбіса да Мен­скай Організацыі, каб тая протэставала супроціў намеру Пецярбурга й Організацыі на выбарах у Ўстаноўчы Сойм блёкавацца з інтэрнацыялістымі. У сваім лісьце ад Маскоўскай Організацыі Бел. Соц. Грамады А. Бурбіс пісаў:[1] „Прачытаўшы ў № 479 ад 13/Х г. г. „Дело Народа" паведамленьне, што „Цэнтр. Комітэт" (лапкі А. Бурбіса Ж. Х. З.) Б. С. Г. пастанавіў блёкавацца з „інтэрнацыяналістамі" (лапкі А. Бурбіса Ж. Х. З.), я, ведаючы, што Маскоўскі Комітэт Б. С. Г., як і ўся „Б. С. Г." (лапкі А. Бурбіса. Ж. Х. З.) стаяць зусім на іншым становішчы—пра­паную Менскай Організацыі паведаміць Маскоўскі Комітэт, ці і Менс­кая Організацыя згаджаецца з Петраградзкай, а калі не, дык ці заяві­ла свой протэст. Справа гэта ставіцца на абгавор Маскоўскай Органі­зацыі, пасьля чаго яна апублікуе, што Петраградзкая арганізацыя нічога больш ня мае са старой Бел. Соц. Грамадой[2], а калі Вы згаджаецеся з Петраградзкай, дык таксама і з Вамі. Чакаю адказу без правалокі.

Прадсядацель Маскоўскага Комітэту Бел. Соц. Грамады Ал. Бурбіс".

Прыведзеныя прычыны і наогул уплывы Петраграду на палявень­не беларускага рэволюцыйна-соцыялістычнага руху паводлуг ухілу ўле­ва агульна расійскай рэволюцыі, ясна казалі правай большасьці дэле­гатаў зьезду Бел. Сац. Грамады, што цэнтр Грамады мусіць застацца ў Менску. З пункту гледжаньня найбольшага ўплыву Грамады на на­цыянальны беларускі рух, які натуральна імкнуўся ў Менск, рашэньне гэта было правіловым. Аднак правыя грамадаўцы менш усяго лічылі­ся з гэтым. Галоўным мотывам пераносу Цэнтральнага Комітэту Бел. Соц. Грамады ў Менск былі мотывы сяродпартыйныя: Петраградзкія організацыі ня мелі „нічога супольнага са старою Б. С. Г.“, традыцыі якое застаўлялі прымаць пад сваё ўлоньне агульнабеларускі рух. Самазапэўненьне ў адналітнасьць па соцыяльнаму складу беларускага на­роду, прыўнесенае ў першыя часы ўзросту беларускага нацыянальнага руху з народніцкай ідэалёгіяй, аставалася ў большасьці грамадаўцаў да самага Кастрычніка. Ня гледзячы на многія прыклады, якія паказалі абмылковасьць гэтага, засьведчыўшы выразную тэндэнцыю з боку шляхецка-буржуйнай інтэлігэнцыі і розных выпадковых спадарожнікаў вы­карыстаць беларускі рух для сваіх мэтаў, нягледзячы на многія пры­клады, яны не расталіся з гэтай сваёй думкай. І згодна ёй павялі да­лейшую політыку.

Правёўшы ў Цэнтральны Комітэту ліку 12 асоб прадстаўніка Петраградзкай Гарадзкой Організацыі (завочна), тут-жа большасьць зьезду адумалася, што зрабіла „нетактычнасьць", ад якое можа не паздаровіцца ў далейшым, і пасьпяшыла яе паправіць наступнай рэзолюцыей:

„З прычыны таго, што наконт Ж. ёсьць сумненьне, што ён можа выйсьці з партыі (?)—даць мажлівасьць Цэнт. Комітэту залічыць у свой склад Ж. пасьля атрыманьня ад яго вестак наконт свайго намеру; пры гэтым, у выпадку выйсьця Ж., уступіць у Ц. К. тав. Ласко ў якасьці кандыдата".

Гэтая перасьцярога ў адносінах аховы новага Ц. К. Бел. Соц. Грамады ад левага элемэнту была зусім дарэмнай: нельга было захаваць цэлым тое, у чым праз даўгі час ужо адмяняліся шчыліны. Назаўтра-ж пасьля зьезду Пецярбурская Арганізацыя кінула глядзець на Менск тым вокам, якім глядзела дагэтуль. Перад ёю адчыняліся іншыя шляхі ў далейшым змаганьні ў галінах нацыянальнага пытаньня. Гэтыя шляхі акрэсьліваў агонь Кастрычнікаўскай Рэволюцыі, якраз су­паўшы з днём заканчэньня ІІІ Зьезду Бел. Соц. Грамады. У Кастрыч нікаўскім паўстаньні чынны ўдзел прыняла Нараўская районная організацыя, якая гэтым палажыла канчатковую мяжу падзелу між згодні­цкім элемэнтам сярод беларускіх соцыялістых і іх рэволюцыйным крылом. Гэтая акцыя работніцка-пролетарскай часткі Бел. Сац. Грамады была больш, чым акцыяй прызнаньня Савецкага ладу — гэта быў першы крок да організацыі тае савецка-комуністычнае ідэялёгіі, якая прывяла праз організацыю Беларускай Соцыял-Дэмократычнай Рабочай Партыі баль­шавікоў да залажэньньня Беларускай Соцыялістычнай Савецкай Рэс­публікі. Праўда, у той час крок Нараўскае організацыі і асобных саябраў з другіх районых організацыяў, паказаны ўдзелам у актыўнай чыннасьці Кастрычнікаўскай рэволюцыі, быў залевым і для Пецярбур­скае Гарадзкое Організацыі Грамады. Апошняя, парваўшы з правымі організацыямі ў Менску, зразу яшчэ не магла зрабіць пераскоку да бальшавікоў. Гэта было-бы ненатуральным ды па зьместу маламажлівым. Гісторыя разьвіцьця беларускага рэволюцыйнага руху прадназначыла яму пэўны паступовы ход да прадзельных рубяжоў на праця­гу выкрэсьленага тэрміну. Левая частка Бел. Сац. Грамады, як-бы сьвя­дома прытрымлівалася гэтага закону. І таму 25 кастрычніка, пакуль, не захапіла яе цалкам і на Кастрычнікаўскую рэволюцыю Пецярбур­ская Гарадзкая Організацыя адказала гэткай рэзолюцыяй, прынятай на сходзе ад 4 лістапада: «Рэволюцыя, зробленая бальшавікамі 25 кастрычніка, ёсьць скутак політыкі коаліцыйнай улады. Бел. Сац. Грамада (разумеюцца левыя яе элемэнты Ж. Х. З.), пасьля першага крызісу ў часовым правіцельстве стала на пунт гледжаньня абароны лёзунгу „ад­народнага содыялістычнага правіцельства", якое-бы адно магло мець пад сабою цьвёрдую глебу. Гэта правіцельства, апіраючыся на прыхіль­насьць усёй дэмократыі, магло-б прывясьці краіну да міру і Ўстаноўча­га Сойму. Гэты пунт гледжаньня Бел. Соц. Грамада бараніла і ў сваёй дэклярацыі на Дэмократычнай нарадзе і прытрымліваецца апошняй і ў сучасны момант. Не паглыбляючыся ў ацэнку зробленай бальшавіка­мі рэволюцыі, Бел. Соц. Грамада бачыць выйсьце з сучаснага стано­вішча ў стварэньні адзінае соцыялістычнае ўлады (ад бальшавікаў да меншавікаў), якая і павінна прывясьці краіну да міру, а рэволюцыю да заховы. Абедзьве варожыя стараны дзеля інтарэсаў дэмократыі пры­ зываюцца да максымальных організацыйных уступак[3]".

Як відаць, рэзолюцыя носіць на сабе адбітак прымірэнчага тону, якім гаварылі ў той час інтэрнацыяналістыя і вядомы «Вікжэль». Аднак думкі, праведзеныя ў ёй, ня гледзячы на некаторую опортуністычнасьць, ня чужыя тады і многім адзінкам з бальшавіцкай партыі, наагул ішлі далёка ў бок прымірэньня з Кастрычнікаўскай рэволюцыяй. Чынны ўдзел у паўстаньні, які прыняла Нараўская організацыя, яе хуткае пе­райменаваньне ў Беларускую Соцыял-Дэмократычную Рабочую Пар­тыю бальшавікоў, пасылка прадстаўніка ў бальшавіцкі Петраградзкі Савет Рабочых і Салдацкіх дэпутатаў[4] ня толькі ня выклікалі нара­каньняў з боку Цэнтральнай Гарадзкой Організацыі Грамады, а сустра­каліся з прыемнасьцю. А гэта, з свайго боку, давала магчымасьць падтрымліваць цесныя зносіны паміж абедзьвюма гэтымі беларускімі ор­ганізацыямі.

Пэўна, што гэтыя зносіны мелі сваім скуткам далейшае ўпартае паступовае лявеньне Пецярбурскай Гарадзкой організацыі Бел. Соц. Грамады і зьвязаных з ёю Бабруйскай і Віцебскай організацый. Незалежна ад Цэнтральнага Комітэту, які заставаўся ў Менску і як гэткі, не даваў аб сабе ніякіх дырэктыў, комітэты левых Організацый Бел. Соц. Грамады наогул, а Пецярбурскі ў асобку, вялі самастойную політыку. Пры гэтым ясна адчувалася непераходная ідэёвая прорва, якая ляжала паміж Менскам і Пецярбургам. Праўда Менск стараўся пакрысе засыпаць яе, зварочваючыся час ад часу з рознымі дарадамі ў Пецярбург. На канчатковы разрыў Менск ня йшоў. Аб гэтым кажа тое, што ў сьпіску на выбарах у устаноўчы Сойм ад Бел.-Соц. Грама­ды, складзенаму ў Менску, быў пастаўлен (4) і сябар Пецярбурскай Організацыі яе.

Але гэта былі апошнія спробы захаваньня, таго ці іншага кантак­ту паміж беларускімі Пецярбургам і Менскам. Розныя здарэньні яго няшчадна расстройвалі. Асабліва пасабіў гэтаму наладжваны_Ўсебеларускі Зьезд. Ініцыятыва скліканьня яго паўстала ў сярэдзіне лістапада. Яе паднялі перш усяго Менскія беларускія організацыі: Вялікая Рада, Вайсковая Цэнтральная Рада, Белар.-Соц. Грамада і Беларускі Спаў­няючы Комітэт Заходняга Фронту. У сярэдзіне лістапада гэтыя органі­зацыі выпусьцілі адозву „да ўсяго народу беларускага". Адозва лі­чыць неабходным хутка зрабіць згоду з Нямеччынай, аб'яднаць парэ­заную фронтам Беларусь, пабудаваць яе, як дэмократычную рэспуб­ліку, злучаную з Вялікарасіяй і іншымі суседнімі рэспублікамі на ас­нове фэдэрацыі; бяз выкупу перадаць працоўнаму народу ўсе панскія, царкоўныя, скарбовыя і царскафамільныя землі; без адкладу пачаць фармаваньне беларускага нацыянальнага войска.

Рашэньне Менскіх беларускіх організацый склікаць агульнабеларускі зьезд у Менску ўстрывожыла так званы, беларускі Абласны Комі­тэт, заложаны ў лістападзе месяцы ў Петраградзе пры Ўсерасійскім Савеце Сялянскіх Дэпутатаў з эсэраўска-абласьніцкім настроем. Маю­чы выразна расійскі характар, не прызнаючы беларускае культуры, ха­ваючы ў сваёй істоце процібеларускія ідэі— абласны Беларускі комі­тэт меўся спаралізаваць беларускі нацыянальна-рэволюцыйны рух, меўся стаць яго гэгэмонам. Вось сьледам за Менскімі організацыямі, а менавіта, 17 лістапада, Беларускі Абласны Комітэт выдае ад сябе „Дэклярацыю", у якой, абгаварыўшы агульнае становішча Расіі і ў асобку Беларусі, кажа: „Мы зьвяртаемся да працоўнага беларускага сялянства, да земскіх і гарадзкіх самаўрадаў Беларусі, да коопэратываў, саветаў сялянскіх дэпутатаў, да ўсіх беларусаў-ваякаў, да бела­рускай сялянскай інтэлігенцыі ў асобах настаўнікаў і да ўсяго нася­леньня нашай радзімы, неадкладна паставіць на чаргу пытаньне аб лёсе Беларусі. Заложаны ў Петраградзе Беларускі Абласны Комітэт пры Ўсерасійскім Савеце Сялянскіх Дэпутатаў, улічваючы мажлівасьць гібелі свае радзімы і заваёваў рэволюцыі, узяў на сябе вялікі, гістарычна-адпаведны пачатак для організацыі працоўнага беларускага ся­лянства вакол ідэі заснаваньня Аўтономна-Вольнай Беларусі, як часткі Расійскай Фэдэрацыйнай Рэспублікі.(Курсіў наш Ж.З.Х.).

З гэтае прычыны Комітэт уступіў на шлях абароны цэласьці Беларусі ў адпаведных дзяржаўных установах у Пецябурзе і рашыў узяць на сябе пачатак скліканьня надзвычайнага беларускага зьезду.

Браты беларусы! Наш лёс у сьмяротнай небясьпецы. Яго мы можам абараніць неадкладнай організацыяй“.

Адначасова з агітацыйнай падстаўкай да скліканьня зьезду, Беларускі Абласны Комітэт пачаў рабіць захады перад Савецкай уладай, у асобе Народнага Камісарыяту па нацыянальных справах, каб атры­маць матар'яльную дапамогу на організацыю зьезду. Народны Камі­сарыят па нацыянальных справах абяцаў падтрымаць хадайніцтвы.

Гэткім чынам стварылася заблытанасьць, якая пагражала расстроіць цэльнасьць і паўнату зьезду. Менскія беларускія організацыі выяўлялі гэта сабе, і далі знаць Пецярбурскаму Коыітэту Бел. Соц. Грамады павясьці перагаворы з Беларускім Абласным Комітэтам на­конт пагоджанасьці ў справе скліканьня зьезду.

Агульна-беларускі зьезд, наогул, прадстаўляў сабою зьявішча настолькі значнае, што не зацікавіцца ім было нельга. Тым болей, для левай палавіны Беларускай Сацыялістычнай Грамады і Беларус. Соцыял-Дэмократычнай партыі, організаванай з Нараўскай районай орга­нізацыі Бел. Соц. Грамады, якія мелі ўсе даныя мець уплыў на ра­шэньні зьезду. Хто-б яго ні склікаў—абедзьве гэтыя партыі павінны прыняць на ім чынны ўдзел. Але ўсе ўмовы казалі за тое, каб зьезд быў склікан у Менску, а не ў Рагачове, на чым настайвалі абласьнікі. Для Пецярбурскіх беларускіх організацыяў, таксама, было пажадана, каб зьезд пайшоў пад кіраўніцтвам менскіх беларускіх партыйных і політычных устаноў— па гэткім мотывам—калі ў Менску пераважвалі бе­ларускія правыя—грамадаўцы, ужо далёка адыйшоўшыя ад сваіх ня­даўніх таварышаў, левых грамадаўцаў,—то ўсё-ж для апошніх менчукі з Грамады і Радаў былі больш прыемнымі па шыраце й вытрываласьці сваіх соцыялістычных і нацыянальных ідэй, чым пецярбурскія, абласьнікі, напалову правыя эсэры, напалову кадэты і проста нявыразныя політычна элемэнты. Петраградзкая Організацыя Грамады, як і сябры іншых організацыяў апошняй, добра ведалі пахаджэньне, на­строй, політычную пляцформу і мэты Беларускага Абласнога Комітэту. Яго легальнае існаваньне ў тую пору, калі эсэры, наогул, адыходзілі ў падпольле, організуючы там контр-рэволюцыйныя выступленьні юн­кераў і дробную буржуазію проціў Савецкай улады, цяпер паказваецца проста недарэчным. Можна зьясьніць гэта толькі гарачнасьцю бягучага моманту, захопам організацыйна-дзяржаўнай працы, што давала маж­лівасьці Савецкай уладзе мець справу з дужа сумненымі эсэрамі, якія ў большасьці сядзелі ў Беларускім Абласным Камітэце.

Усё-ж, абмінуць Беларускі Абласны Комітэт і пачаць справу склі­каньня зьезду паміма яго— было нерацыянальна і з боку Пецярбурскай Організацыі Бел. Соц. Грамады. Комітэт апошняй прыняў прапазыцыю з Менску папрабаваць вясьці перамовы з абласьнікамі аб сумесным зьезьдзе ў Менску, і паслаў у Абласны Комітэт тав. Ч. і Ш—ка для пе­рамоў. Аднак прапазыцыі Менскіх беларускіх організацыяў і політыч­ных устаноў не здавальнялі абласьнікоў. На першы раз тыя й слухаць не хацелі каб пайсьці на ўступкі і згадзіцца на зьезд у Менску на 5 сьнежня. Прышлося завязаць доўгія спрэчкі, угаворы, пайсьці на розныя ўступкі, гаварыць з прадстаўнікамі Пецярбурскай Організацыі Бел. Сац. Грамады і непасрэдна па простаму проваду з Менскам, па­куль да сяго-таго дагаварыліся, згадзіўшыся на скліканьне зьезду ў Менску, але на 14 сьнежня.

Якраз у часы гэтых перамоў паміж Менскімі беларускімі організацыямі і ўстановамі (Цэнтральны Комітэт Бел. Соц. Грамады, Цэн­тральная Вайсковая Рада, Вялікая Беларуская Рада і Комітэт войнаў-беларусаў заходняга фронту) і Беларускім Абласным Комітэтам у Пе­траградзе, афармляла свае адносіны да зьезду і Петраградзкая Органі­зацыя Белар. Соц. Грамады і Беларуская Соц.-Дэмок. Рабочая Партыя бальшавікоў. Апошняя, асабліва, рашыла як найбольш уплысьці на працу зьезду, дзеля чаго пастанавіла паслаць у Менск дзесяцёх тава­рышаў. Аб гэтым было паведамлена-Ц.К. Комуністычнай Партыі, які адобрыў пасылку беларусаў-бальшавікоў у паказаным ліку і дапа­мог матар'яльна гэтай пасылцы. Зразу-ж Нараўская Організацыя Бел. Соц.-Дэм. рабочай партыі бальшавікоў выслала ў Менск траіх сваіх сяброў, Л. Ф. і С. з якіх два былі сябрамі комітэту.

Петраградзкая Організацыя Бел. Соц. Грамады выбрала ад сябе траіх дэлегатаў, якім быў дадзен спэцыяльны наказ. Тэзісы гэтага на­казу да таго былі левымі, што выклікалі доўгія спрэчкі з боку правых адзінак-сяброў організацыі, опозіцыю. Гэта заставіла тэзісы крыху па­правіць, зрабіўшы іх больш умеранымі.

Гэткім чынам Петраградзкія беларускія соцыялістычныя організацыі пасылалі на Усебеларускі 3ьезд 13 Чалавек левага напрамку. Была-б цэлая фракцыя на зьезьдзе, каб удалася ўсім ім к часу пасьпець. Але на першыя пасяджэньні зьезду, якія адчыніліся шмат раней 14 сьнеж­ня, пасьпела з Пецярбургу толькі пяцёра таварышаў. Астатніх семера паехалі пазьней. Ня гледзячы на гэта ўсё-ж удалося сябрам Бел. Соц. Дэмок. Партыі экранізаваць на зьездзе так званы левы. блёк; у гэты блёк увайшлі ўсе левыя элемэнты зьезду і, галоўным чынам, левая частка Беларускай Соцыялістычнай Грамады.

Дзякуючы леваму блёку, супроціў якога стаяў у пачатку зьезду дэмократычна-соцыялістычны ўмераны блёк, а пасьля і прыхільнікі абласьнічаства, вялікая частка спрэчак і пастаноў прайшла пад яго значным уплывам. Але, зразумела, цалкам падгарнуць пад сябе працу зьезду левы блёк ня меў сілы. Пераважная большасьць права-соцыялістычнага напрамку дэлегатаў забівалі радыкальныя пропозыцыі ле­вых блёкістых, сьціраючы іх лявізну. Да гэтага бракавала шмат і тое, што левы блёк ня меў у сябе добрага кіраўніка. Больш выдатнейшыя таварышы з Комітэтаў Бел. Соц. Дэм. партыі і Пецярбурскай Організацыі не маглі сваечасна па розным прычынам прыехаць на зьезд. З мяйсцовымі Менскімі комуністымі таксама ня было наладжана ніякага кантакту, у той час, калі другая частка зьезду была куды больш-політычна падгатаванай і ўзмоцненай. Дух „супольна-нацыянальнай справы" таксама не пакідаў і левага блёку, абураючы ўвесь зьезд. Праз гэта ў процэсе працы яго, чым далей, тым прыметней політычныя спрэчкі, толькі „агульна нацыянальная справа" абыймала ўсіх дэле­гатаў цалкам. Чулася досыць выразна, што нацыянальная ідэя, расьцьвіўшая да апогэю к моманту адбываньня зьезду, прэваліруе, над усім іншым і прыдае нячуванаму да таго ў беларускай гісторыі конгрэсу адпаведны адбітак. Дзякуючы гэтаму важнейшая з пастаноў зьезду, пастанова „аб самавызначэньні Беларусі і аб часовай краёвай уладзе" хавае ў сабе поруч з прынцыпам савецкасьці, прынцып дэмократыі. „Замацоўваючы свае правы на самавызначэньне,— гаворыцца ў гэтай пастанове: — якое прагаласіла Расійская Рэволюцыя - і замацоўваючы рэспубліканскі дэмократычны лад у межах Беларускай зямлі дзеля захаваньня роднага краю і агараджэньня яго ад падзелу і адрыву яго ад Расійскай Дэмократычнай Фэдэратыўнай Рэспублікі, Першы Ўсебеларускі Зьезд пастанаўляе: неадкладна заснаваць з свайго складу орган краёвай улады ў выглядзе Усебеларускага Савету Сялян­скіх Салдацкіх і Рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіраваньня краем, уваходзіць у дзелавыя зносіны з цэнтральнаю ўладаю, якая адпаведна перад Саветам Рабочых, Салдацкіх і Сялянскіх Дэпу­татаў.

Праўда нельга сказаць, каб у пастанове „аб самавызначэньні Беларусі" біла ў вочы рэзка згодніцкая думка: левы блёк ня даў ёй выявіцца ў поўнай меры, дзякуючы чаму прышлося пастанову прыняць блытаную, з затуманеным сэнсам, што і відаць з прыведзенага сказу. Беларусь абвяшчалася з „рэспубліканскім дэмократычным ладам", у якім будзе вышэйшы кіраўнічы орган „савет сялянскіх, салдацкіх і оабочых дэпутатаў". Гэтага нельга растлумачыць нязнаньнем розьніцы між дэмократыяй і саветамі—тут хавалася знаёмая тактыка згодніцтва. Гэта тактыка зьбіла з панталыку і настроены нацыянальна левы блёк зьезду.

І вышла, нарэшцэ[5], што ў астатнюю хвіліну свае працы Усебе­ларускі Зьезд аказаўся суцэльным ва ўсёй сваёй масе. Хто ведае, як- бы пайшла яго праца далей, да чаго-б яна давяла—толькі ўсё-ж можна зараз сказаць, што ўплыў левага блёку меў вялікае значэньне і глыбокі адбітак на ўсіх пастановах і рэзолюцыях зьезду. Дачасная сьмерць зьезду на нэйкі момант ашаламаніла ўсіх дэлегатаў, без раз­бору іх політычнага напрамку. Сябры левага блёку, недаваўшыся разам з другімі разыйціся, былі заарыштаваны і гэтым сканфужаны, нават раззлаваны. Да прадстаўнікаў мясцовай менскай улады паднялася воражасьць. Яшчэ больш падлівалі нафты ў агонь папрокі леваблёкаўцаў з боку згоднікаў, каторыя стараліся выкарыстаць роспуск зьезду ў мэтах агітацыі супроціў савецкай улады.

Пецярбурскія беларускія соцыялістычныя організацыі—Грамады і Соц-Дэм. Партыі сустрэлі вестку аб здарэньнях са зьездам у Менску таксама зьдзіўлена. Ніхто не хацеў верыць, што зьезд так кончыўся, і пад сьвежым уражаньнем Пецярбурская ортанізацыя Бел. Соц. Грамады на агульным сходзе 4 студзеня 1918 г., заслухаўшы даклад аб Агульна- беларускім зьездзе, прыняла гэткую рэзолюцыю: „Пецярбурская Організацыя Беларускай Соцыялістычнай Грамады лічыць роспуск Усебела­рускага зьезду, нейкім непаразуменьнем з боку дэмократыі, якая суч­асна трымае ўладу. Даючы правы нацыям на самавызначэньне, гэтым даецца палёгка для вядзеньня клясавай барацьбы. Падобныя выпадкі, як роспуск Усебеларускага зьезду, узводзяць дэмократыю на шлях шовінізму, воражнасьці і разладу паміж яе нацыянальнымі часткамі. Пецярбурская Організацыя Бел. Соц. Грамады, як прадстаўніца рэволюцыйнай беларускай дэмократыі, зьвяртаецца з клічам да расійскай дэмократыі наогул і да дэмократыі розных нацыяў, захоўваць між ін­шымі вялікімі прынцыпамі рэволюцыі і прынцып права на свабоднае самавызначэньне народаў, як залог на скарэйшае дасягненьне панства інтэрнацыянальнага соцыялізму".

Прыведзеная рэзолюцыя была амаль што адзінай спробай рэагаваньня з боку Пецябурскай Організацыі Бел. Соцыял. Грамады на роспуск Агульна-беларускага зьезду ў Менску. Уложаны ў яе настрой з часам таксама патроху расплываўся. А агульнарасійскія здарэньні, цэнтрам якіх быў Пецярбург, засланялі сабою ад Пецярбурскай Організацыі Бел. Соц. Грамады далейшыя пасьлязьездаўскія акцыі, застаў­ленай у Менску Рады Зьезду.

На пятае студзеня 1918 году быў назначан тэрмін для адчыненьня Ўстаноўчага Сойму. Ішла кіпучая праца сярод соцыял-згоднікаў, бур­жуазіі і чорнай контр-рэволюцыі па організацыі сіл для выступленьня ў гэты дзень.

З боку Савецкае улады прымаліся падгатоўчыя крокі сустрэць ворага ў поўнай баявой гатоўнасьці. Пуцярбург жыў у трывожным на­строі, чакаючы буйных здарэньняў на гэты дзень.

Беларуская Соц.-Дэмокр. Партыя мела свой выразны пагляд на падзеі, якія мелі быць: яна йшла разам з Савецкаю уладаю. Патрэбна было выявіць свае адносіны да Ўстаноўчага Сойму і левай частцы Беларускай Соцыялістычнай Грамадзе. Гэта мусіла ўзяць на сабе Пецярбургская яе організацыя. За некалькі дзён да пятага студзеня, у канцы сьнежня, пытаньне аб адносінах да Устаноўчага Сойму разглядалася ў Савеце нацыянальна-соцыялістычных партыяў, куды ўходзілі прадстаўнікі ад Бел. Соц. Грамады. Пецярбурская Організацыя Грамады дэлегавала на пасяджэньне двох сваіх прадстаўнікаў. Вострасьць пытаньня прыцягнула на пасяджэньне Савету, якое адбылося на кватэры правага эсэра П. Шаскольскага, прадстаўнікоў ад усіх нацыянальна-соцыялістычных партыяў, якія ўваходзілі ў „блёк нацыянальна-соцыялістычных пар­тыяў"[6]. Сабралася каля 15 чалавек, перад якімі і было пастаўлена пытаньне аб удзеле ў дэмонстрацыі 5 студзеня. Старшыня пасяджэньня П. Шаскольскі, крануўшыся бягучага моманту і значнасьці Ўстаноўчага Сойму, як вышэйшай, доўга чаканай, народнай вярхоўнай інстытуцыі, запрапанаваў „разам з усёй дэмократыяй" і нацыянальна-соцыялістычным партыям прыняць удзел у „усенароднай дэмонстрацыі за ахову Ўстаноўчага Сойму“. Прадстаўнікі Дашнакцутюн эс-эраў і Трудавой Народна-Соцыялістычнай Партыі падтрымалі П. Шаскольскага, абяца­ючы вялікія падарункі нацыянальнасьцям з боку абароненага ад баль­шавікоў сойму.

Але іх довады ня ўсіх пераканалі. Першымі—прадстаўнікі Бел. Соц. Грамады падалі заяву, што яны ня прымуць жаднага ўдзелу ў дэмонстрацыі супроць разгону Ўстаноўчага Сойму. Заява зрабіла аша­ламляючае ўражаньне на яго прыхільнікаў, з другога боку, сустрэўшы спагаду ад прадстаўнікоў Грузінскіх Соцыялістых-фэдэралістых і літоў­скіх народнікаў, якія таксама выказаліся-супраціў дэмонстрацыі. Зусім зразумела, што пасяджэньне не магло далей цягнуцца і яго ўдзель­нікі разышліся... На гэты раз яны рызышліся з тым, каб больш ужо ня сходзіцца.

Пытаньне аб Устаноўчым Сойме, у які нацыянальна-соцыялістычныц партыі выбіралі ў Пецярбурзе ў блёку з Трудавой-народна-соцы ялістычнай партыяй, паслужыла прычынаю сьмерці натуральна складзе­наму блёку нацыянальна-соцыялістычных партыяў. Розныя па сваіх палітычных, соцыяльных і экономічных поглядах, нацыянальна-соцыяістычныя партыі не маглі шчыльна зьядняцца на аднэй нацыянальнай пляцформе. Жыцьцё вымагала раўняцца па клясавай лініі, якая адна вечна ляжыць у аснове рэволюцыйных выбухаў—а гэта было ім не пад сілу. І пасяджэньне Савету нацыянальна-соцыялістычных партыяў у канцы сьнежня было апошнім актам блёкаўскай чыннасьці.

Пецярбурская Організацыя Беларускай Соцыялістычнай Грамады на сваім агульным сходзе ў студзені перад адчыненьнем Устаноўчага Сойму, па дакладу тав. Жылуновіча, пастанавіла: „У дэмонстрацыі 5 студзеня ня прымаць удзелу".[7]

Гэткім чынам Левай Бел. Соц. Грамадаю быў зроблен яшчэ адзін рашучы крок да збліжэньня з Савецкаю ўладаю і Комуністычнаю Партыяй. Факт роспуску Ўсебеларускага зьезду ў Менску хутка адыйшоў на задні і ўражаньне ад гэтага няпрыметна згладжвалася. Усё больш і ясьней вызначаліся перад левай паловай Беларускай Соцыялістычнай Грамады пэрспэктывы грунтоўнай пастаноўкі нацыянальнай політыкі ў програме Савецкай улады. Тыя шляхі, на якіх тапталася большасьць Грамады да Кастрычнікаўскай рэвалюцыі і з якіх усё яшчэ не саступаў Савет Усебеларускага Зьезду, павёўшы сваю працу ўпо­тайку быў асуджан левай яе паловай. У Савеце не засталося нівод­нага леваграмадаўца і сама пастанова яго аб тым, што ён „прызнаецца выканаўчым органам, на абавязках якога ляжыць правасьці ў жыцьцё ўсе вырашэньні і пастановы зьезду" а таксама, што ён пераймае ад усіх беларускіх організацыяў, як Вялікая Рада, Абласны Комітэт і інш., уладу на сябе—гэта не заўважалася Пецярбургскай Організацыяй Бел. Соц. Грамады. Апошняя, разам з другімі левымі організацыямі Грамады, лічыла, што Менск не прывядзе к пастаўленым сабе беларускімі працоўнікамі мэтам.

Перад ёю яскрава вызначыўся іншы шлях, на які амаль не з самага моманту лютаўскай рэволюцыі, яна ціха, упарта і ўпэўнена накі­роўвала. Гэты шлях вёў да шчыльнага прылучэньня к прынцыпам Са­вецкае ўлады.

На другі дзень пасьля Кастрычнікаускай рэволюцыі, калі паустала Савецкая Ўлада— нацыянальнае пытаньне паднялося на ўступ дзяр­жаўнага. Адначасна з іншымі народнымі камісарыятамі быў заснован Народны Камісарыят па нацыянальных справах. На яго чале стаў знаў­ца нацыянальнага пытаньня т. Сталін. Гэта сьведчыла ўсім і кожнаму, што Савецкая ўлада ў вяршыню ў гісторыі падняла нацыянальнае пы­таньне на ровень другіх важнейшых пытаньняў дзяржаўнага будаў­ніцтва. Бяз гэтага пытаньня, высунутага наверх самой рэволюцыяй, нельга ня толькі паглыбіць яе заваёвы, а, нават, нельга і ўтрымаць іх. Затое пры правіловым падыходзе да вырашэньня нацыянальнага пы­таньня мажліва, разьбітую на многалікасьць нацыянальных, варожых адна другой краін, пабудаваць магутную, непаборную дзяржаву. Організацыі Левай Беларускай Соц. Грамады, а ў асобку Пецярбурская Організацыя яе верыла, што Савецкая ўлада якраз і прызвана законам соцыяльнага разьвіцьця гэта зрабіць. 4 студзеня на тым-жа агульным сходзе Пецярбурскай Організацыі Белар. Соц. Грамады было рэшана па пытаньню „аб заснаваньні беларускага нацыянальнага камісарыяту". „Патрэбнасьць гэткага камісарыяту абавязкова. У бліжэйшы-ж час склікаць аб'яднаную сходку з прадстаўнікоў Бел. Соц.-Дэм. Партыі, Белар. Соц. Грамады, аб'яднаньня беларусаў чыгуначнікаў і беларусаў вайсковых (ад комітэту зьезду беларусаў-войнаў пецярбугскага гарні­зону) для ўсебаковага абгавору гэтага пытаньня"[8].

К гэтаму часу пры Народным Камісарыяце па нацыянальных справах ужо істнавалі польскі, літоўскі, жыдоўскі і інш. нацыянальныя камісарыяты. Спробавалі таксама адчыніць свой нацыянальны каміса­рыят грузіны. Праўда, у канцы лістапада зрабілі крокі к гэтаму і бе­ларускія абласьнікі. Аднак апошнім не паверылі, бачачы ў іх дужа сумненных прыхільнікаў да Савецкае ўлады, ужо раз абмануўшых яе даверра[9]. У інтарэсах рэволюцыі трэба было беларускую нацыянальную справу перадаць у рукі рэволюцыйным элемэнтам, блізкім да Комуністычнае партыі. Гэткімі былі— Белар. Соц.-Дэмок. Рабочая Партыя і Левая Беларуская Соцыяліс. Грамада. Першая, шчыльна збліжалася з Комуністычнаю (у той час Соцыял-Дэмократычнаю) Партыяй баль­шавікоў і сваёю програмаю і сваёй тактыкай. Вось тады й пачала Белар. Соц.-Дэм.Раб. Партыя перагаворы з Народным Камісарыятам па нацыянальных справах адносна заснаваньня Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту. Пецярбурская Організацыя Бел. Соц. Грамады сваёю па­становаю ад 4 студзеня згадзілася прылучыцца да гэтага.

Гэткім чынам адчынілася першая мажлівасьць да супрацоўніцтва з Савецкаю ўладаю беларускіх нацыянал-соцыялістых. Ужо канчаткова парывалася ўсякая сувязь з Менскам, калі што й кратала таго ці ін­шага пецярбуржца-грамадаўца—то гэта было простым адбіткам пе­ражытага, як бывае часамі з успамінамі аб дзяцінстве.

З другога боку, трэба сказаць, што і Менск махнуў рукою на Пецярбург. Усё патрэбнае, больш-менш прыгоднае да правядзеньня шовіністычна-соцыялістычнай тактыкі ў менскіх умовах, атручаных ва­рожасьцю да „угоньнікаў беларускае справы"—было часткаю выцягнута ў Менск, часткаю само адпала ад рэволюцыйнага ядра. Канчат­ковае разыходзьдзе з Пецярбургам— разьвязвала рукі на вольную, бязмінтрэжную акцыю. Карыстаючыся гэтым Савет Усебеларускага Зьез­ду пад уплывам Цэнтральнага Комітэту Бел. Соцыял. Грамады, бадай што цалкам уходзіўшага ў Савет, паспрабаваў продэмонстраваць яшчэ раз протэст супроціў „разгону" Усебеларускага Зьезду— на гэты раз на Ўсерасійскім Зьезьдзе Саветаў Рабочых, Сялянскіх і Салдацкіх Дэ путатаў 10 студзеня.

На гэты, трэці лікам, Усерасійскі Зьезд зьехалася каля сямі дэлегатаў і ад розных організацыяў Белар. Соц. Грамады.

Адзін з іх, Грыб, і прыняў на сябе заданьне выказаць перад зьез­дам пратэст проціў Менскай большавіцкай улады. Атрымаўшы слова на адным з пасяджэньняў, ён расказаў гісторыю Ўсебеларускага Зьез­ду і абмаляваў у чорных фарбах процэс „яго разгону" менскімі баль­шавікамі... Аднак уражаньне ад прамовы Грыба было згладжана ўне­сенай прадстаўніком Левай Бел. Соц. Грамады (Пецярбурскай Організацыі) рэзолюцыяй, у якой „разгон" лічыўся простым непаразуменьнем, а зьезд заклікаўся да правіловага вырашэньня нацыянальнага пытаньня. Праўда, прамова т. Сталіна, пакіраваная на адказ Грыбу, і адмячаўшая Ўсебеларускі Зьезд— "зьездам памешчыкаў"—зрабіла цяжкаватае ўражаньне неправіловасьцю фактаў на ўсіх дэлегатаў зьезду беларусаў, пачынаючы ад правых грамадаўцаў да Соцыял-Дэмакратаў бальшавікоў. Але гэта ўражаньне ня мела адмоўных скуткаў на далейшае замацаваньне адносін паміж бальшавікамі і леваграмадаўцамі. Словы т. Сталіна— былі дань часу—бурліваму, кіпучаму часу, калі трэ' было пад пагрозай нямецкага імпэрыялізму абараняць соцыялістыччую радзіму. Пры тым, даючы няпрыемны водзыў аб Усебеларускім Зьезьдзе, т. Сталін адначасова дыхтаваў вогнекрылыя словы "Дэкляра­цыі праваў працоўнага і эксплёатаванага народу", у якой, паміж ін­шым, клалася моцная падваліна да далейшай нацыянальнай політыкі Савецкай улады ў гэткіх словах: „Расійская Рэспубліка Саветаў уста­наўляецца на фундамэнце вольнага хаўрусу вольных нацыяў, як фэ­дэрацыя Саветаў Нацыянальных Рэспублік і далей: „Зьезд настойвае на тым, каб поўнасьцю парваць з політыкаю буржуйнае цывілізацыі, якая будавала дабрабыт абірацеляў сярод нямногіх выбраных нацыяў, каб зрабіць нявольнікамі сотні мільёнаў працаўнікоў—жыхароў Азіі, у калёніях наогул і ў малых краёх".

„Разгон“ Усебеларускага Зьезду меў тыя-ж мотывы і тую прычыну, што і роспуск Устаноўчага Сойму. Гэта было ясна і зразумела для Левай Белар. Соц. Грамады, якая праз сваіх дэлегатаў на Трэцім Усе­расійскім Зьездзе Саветаў, зараз-жа пасьля прамовы т. Сталіна, у будынку зьезду ў сур'ёз абгаворвала пытаньне аб пасылцы свайго прадстаўніка ў Брэст-Літоўск, на мірныя перагаворы. Пасланьнікі Менску ў Брэст-Літоўск вылажылі гэн. Гофману сваю крыўду на бальшавікоў за заняцьце імі Беларусі і за разгон Усебеларускага Зьезду—ужо пры­маліся Пецярбурскаю організацыяй Бел. Соц. Грамады за сваіх не­прыяцеляў. Бальшавікі—то выказчыкі волі беларускага працоўнага наро­ду, які ім даручыў свой край, каб зрабіць яго вольным і незалежным. Гэта мусіла вясьціся на мірную нараду, у адказ на ўпікі Вільгельмаўскага агэнта т. Троцкаму за разгон таго-ж Усебеларускага Зьезду... Некаторыя прычыны не пазволілі гэтаму зьдзейсьніцца— прадстаўнік беларускіх рэволюцыйных соцыялістых ня мог паехаць у Брэст. Але гэта хутка было падмацована сумеснай паяднанай працай між імі і Савецкаю ўладаю.

У назначаны сходам Пецярбурскай Організацыі Бел. Соц. Грамады ад 4 студзеня тэрмін (7 студзеня) адбылася агульная нарада бе­ларускіх організацыяў у Пецярбурзе, наконт заснаваньня Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту. Нарада падмацавала патрэбнасьць коордынацыі працы з Савецкаю ўладаю праз адчыненьне Беларускага На­цыянальнага Камісарыяту. Заслухаўшы даклад прадстаўніка Бел. Соц.- Дэмок. Партыі аб кандыдатах на камісара, яго намесьніка і сэкратара, ужо абгавораных Комітэтам Партыі, нарада згадзілася з прапазыцыяй паставіць Комісарам т. Чарвякова, намесьнікам камісара т. Скарынку і сакратаром Камісарыяту—т. Жылуновіча. Назаўтра-ж пастанова нарады была падана ў Народны Камісарыят па нацыянальных справах, які і прыняў будучы склад Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту...

Так паступова пасоўвалася левае крыло беларускага нацынальнага рэволюцыйнага руху ў бок злучэньня свае працы з працаю ўлады работнікаў і сялян, завяршаючы гэтым адзін з сваіх гістарычных кругабегаў.

Зноскі

правіць
  1. Ліст ад 15 кастрычніка.
  2. Гэты ліст сябра старой (да рэволюцыі 1917 г,) Бел. Соц. Грамады лішні раз сьведчыць, што Пецярбурскія організацыі Бел. Соц. Грамады былі з іншым політычным кірункам чымся другія організацыі яе.
  3. Пратаколы сходу Петраградзкай Організацыі Бел. Сац. Грамады. Архіў Бел. Соц. Грамады.
  4. Левая Бел. Соц. Грамада таксама мела свайго прадстаўніка ў Пецярбурскім Савеце Рабочых і Салдацкіх дэпутатаў пасьля Кастрычнікаўскай рэволюцыі.
  5. У момант галасаваньня пастановы пасяджэньне зьезду было перарвана началь­нікам менскага гарнізону, які зьявіўся на зьезд, каб яго распусьціць.
  6. У "блёк нацыянальна-соцыялістычных партыяў" уваходзілі: Беларуская Соцыялістычная Грамада, Поалей Ціон, Жыдоўская Сацыялістычная Партыя, Літоўскія Народнікі, Сояцылістыя-Фэдэралістыя Грузіі, Польская Партыя Сацыялістычная, Дашнакцутюны і інш.
  7. Пратаколы пасяджэньняў Пецярб. Організацыі Бел. Соц. Грамады.
  8. Пратаколы сходаў Пецярбурскай Організацыі Бел. Соц. Грамады.
  9. Абласьнікі не апраўдалі сваіх абяцанак у справе правядзеньня савецкае полі­тыкі на Ўсебеларускім зьезьдзе.