Раздзел IX Айвенго. Раздзел X
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ X

ТОЛЬКІ рыцар Пазбаўлены Спадчыны ўвайшоў у свой шацёр, як з’явіліся зброяносцы, пажы і іншыя прыспешнікі, просячы дазволу расшпіліць яго ўзбраенне, дапамагчы распрануцца, прапануючы свежую бялізну і асвяжальную ванну. Але іх цікавасць не атрымала задавальнення. Рыцар Пазбаўлены Спадчыны адмовіўся ад усялякіх паслуг, кажучы, што ў яго ёсць свой зброяносец, з выгляду больш падобны на іëмена. Гэты слуга быў апрануты ў прасторны плашч з цёмнага лямца, а на галаве ў яго была чорная нармандская футравая шапка, і ён так нізка насунуў яе на лоб, што, відаць, таксама старанна хацеў захаваць сваё інкогніто, як і яго гаспадар.

Выправіўшы ўсіх пабочных асоб з палаткі, слуга зняў з рыцара найбольш цяжкую зброю і паставіў перад ім яду і пітво.

Рыцар толькі паспеў крыху перакусіць, як увайшоў слуга і далажыў, што яго пытаюць пяцёра незнаёмых людзей і кожны з іх прывёў каня ў поўным баявым уборы. Рыцар між тым, зняўшы панцыр, апрануў даўгую мантыю, якую насілі ў той час асобы яго звання. Дзякуючы таму, што ў гэтых мантый былі заўсёды каўняры з каптурамі, можна было, па жаданню, закрыцца імі так шчыльна, што яны з поспехам замянялі забрала баявых шлемаў. Але ў гэту хвіліну было ўжо настолькі цёмна, што ў такой маскіроўцы не было патрэбы.

Таму ён смела выйшаў з шатра і ўбачыў перад сваімі дзвярыма зброяносцаў усіх пяцёх сваіх праціўнікаў.

— Паводле правіл рыцарства, — сказаў першы зброяносец, — я, Балдуін дэ-Ойлей, зброяносец грознага рыцара Брыяна дэ-Буагільбера, прыйшоў ад яго імя перадаць вам, які зараз называе сябе рыцарам Пазбаўленым Спадчыны, таго каня і тую зброю, якія служылі Брыяну дэ-Буагільберу ў часе турніру, або ўзяць выкуп за іх, што хочаце, бо такі закон ратнага поля.

Астатнія зброяносцы паўтарылі амаль тое-ж самае і выстраіліся ў рад, чакаючы рашэння рыцара Пазбаўленага Спадчыны.

— Вам чатыром, панове, — адказаў рыцар, звяртаючыся да апошніх, — я адкажу аднолькава: перадайце шляхетным рыцарам маё прывітанне і скажыце, што я зрабіў-бы дрэнна, пазбавіўшы іх коняй і зброі, якія ніколі не могуць належаць больш харобрым і вартым кавалерам.

— Нам усім даручана, — сказаў зброяносец Рэджынальда Фрон дэ-Бёф, — прапанаваць вам па сто цэхінаў выкупа за кожнага каня разам з узбраеннем.

— Гэтага зусім досыць, — сказаў рыцар Пазбаўлены Спадчыны. — Патрэбы гэтай хвіліны прымушаюць мяне ўзяць палову гэтай сумы. З астатняга палову прашу вас падзяліць між сабою, панове зброяносцы, а рэшту раздаць герольдам, вестунам, менестрэлям і прыслузе.

Зброяносцы знялі шапкі і з нізкімі паклонамі пачалі выказваць глыбокую падзяку за такую шчодрасць. Потым рыцар звярнуўся да Балдуіна, зброяносца Брыяна дэ-Буагільбера.

— Ад вашага гаспадара я не прымаю ні ўзбраення, ні выкупа. Скажыце яму ад мяне, што наша бойка не скончана і не скончыцца да таго часу, пакуль мы не схопімся і мячамі і коп’ямі, пешыя і конныя. Няхай ён ведае, што я да яго адношуся не так, як да астатніх таварышоў, але як да чалавека, якога лічу сваім смяротным ворагам.

— Мой пан, — адказаў Балдуін, — умее на пагарду адказваць пагардаю, за ўдары адплочваць ударамі, а за ласкавасць — ласкавасцю. Калі вы не хочаце ўзяць ад яго хоць-бы частку таго выкупа, якія вызначылі за ўзбраенне іншых рыцараў, я павінен пакінуць тут яго ўзбраенне і каня.

— Лоўка сказана, добры зброяносец, — сказаў рыцар Пазбаўлены Спадчыны. — Аднак усё-такі не пакідайце мне ні зброі, ні каня, звярніце іх гаспадару… Калі-ж ён не захоча ўзяць іх назад, вазьмі іх сабе, мой сябра і ўладай на-здароўе.



Балдуін нізка пакланіўся і пайшоў разам з астатнімі сваімі таварышамі, а рыцар Пазбаўлены Спадчыны вярнуўся ў шацёр.

— Да гэтага часу, Гурт, — сказаў ён свайму слузе, — рэпутацыя англійскага рыцарства яшчэ не пацярпела ў маіх руках.

— А я, — сказаў Гурт, — для саксонскага свінапаса не дрэнна адыграў ролю нармандскага зброяносца?

— Павер, што я змагу ўзнагародзіць цябе за верную службу, Гурт. Вось табе ад мяне дзесяць залатых манет.

— Я цяпер багатыр, — сказаў Гурт, хаваючы грошы ў сваю сумку, — такога багацця ніколі яшчэ не было ні ў аднаго свінапаса.

— А вось гэтую каліту з золатам, — прадаўжаў яго гаспадар, — аднясі зараз у Ашбі; адшукай там Ісаака і няхай ён з гэтых грошай возьме сабе тое, што належыць за каня і ўзбраенне, якое ён дастаў мне ў крэдыт.

— Не, гэтага я не зраблю! — ускрыкнуў Гурт.

— Як, не зробіш, шальмец? — сказаў рыцар. — Як-жа ты адважваешся не выконваць маіх загадаў?

— Выканаю, калі тое, што вы загадваеце, будзе сумленна, разумна і не будзе мець страты, — адказаў Гурт, — а гэта што-ж такое! Даць магчымасць купцу самому сабе плаціць будзе несумленна, таму што гэта — усёроўна што абмануць свайго гаспадара; неразумна таму…

— Прынамсі, задаволь яго як належыць, упарты балван, — сказаў рыцар Пазбаўлены Спадчыны.

— Гэта я выканаю, — сказаў Гурт, захапіўшы каліту. Ён схаваў яе пад плашч і, выйшаўшы з шатра, прабурчэў сабе пад нос. — Буду не я, калі не прымушу яго задаволіцца паловаю той сумы, якую ён папросіць.

Ужо сцямнела, калі Гурт увайшоў у жыллё Ісаака. Уваходзячы, ён не зняў шапкі, а замест таго яшчэ ніжэй насунуў яе на свой пахмуры лоб.

— Ты будзеш Ісаак з Іёрка? — сказаў Гурт пасаксонску.

— Так, гэта я. А ты хто такі?

— Да гэтага табе справы няма, — сказаў Гурт.

— Столькі-ж, колькі табе справы да майго імя, — сказаў Ісаак. — Як-жа буду я з табою гаварыць, калі не даведаюся, як цябе завуць?

— Вельмі проста, — адказаў Гурт, — мне то трэба ведаць тваё імя, таму што я прывёз табе грошы.

— Ты прынёс мне грошы? Ад каго-ж гэтыя грошы?

— Ад рыцара Пазбаўленага Спадчыны, — сказаў Гурт. — Конь звернуты і ўжо стаіць на тваёй канюшні. Цяпер скажы мне, колькі трэба табе атрымаць за ўзбраенне?

— Я гаварыў, што ён добры юнак! — ускрыкнуў Ісаак ад прыліву радаснага хвалявання. — Шклянка віна не пашкодзіць табе, — дадаў ён, падаючы свінапасу келіх такога цудоўнага пітва, якога Гурт ад роду яшчэ не спрабаваў. — А колькі-ж ты прынёс з сабою грошай?

— Колькі я прынёс грошай? — прагаварыў Гурт. — Ды невялікую суму, аднак будзе досыць.

— Як-жа так, — сказаў Ісаак, — твой гаспадар сёння заваяваў сабе добрым кап’ём і правай рукою нямала добрых коняй і багатых узбраенняў… але я ведаю, ён добры юнак… добра! Я прыму іх ва ўплату доўгу, а рэшту кошту звярну яму грашыма.

— Мой гаспадар ужо збыў з рук увесь гэты тавар, — сказаў Гурт.

— Дарэмна ён гэта зрабіў! — сказаў Ісаак. — Вось гэта было глупствам з яго боку. Ну, добра. За добрага каня і за багатае ўзбраенне вазьму толькі восемдзесят цэхінаў.

— Якраз ёсць такая сума, — сказаў Гурт і, адлічыўшы яму гэту суму, атрымаў распіску, якую асцярожна схаваў у сваю каліту.

Гурт сышоў з усходаў у цёмныя сенцы і, аглядаючыся па баках, меркаваў, дзе-ж тут можа быць выхад на двор, як раптам убачыў постаць у белым адзенні, якая клікала яго. Яна стаяла на парозе бакавога пакоя і трымала ў руцэ срэбную лямпачку. Увайшоўшы ў пакой, Гурт быў прыемна здзіўлены, убачыўшы, што перад ім была ніхто іншая, як тая самая прыгожая яўрэйка, якую ён толькі што бачыў на адну хвіліну ў пакоі яе бацькі, а ўдзень яшчэ заўважыў на турніры.

Яна запытала, якім чынам разлічыўся ён з Ісаакам.

— Мой бацька толькі пажартаваў над табою, добры чалавек, — сказала Рэвека, — ён вінен твайму гаспадару непараўнаўча больш, чым можа каштаваць якое-небудзь баявое ўзбраенне і конь, хоць-бы яны былі яшчэ ў дзесяць разоў даражэйшыя. Колькі іменна ты заплаціў майму бацьку?

— Восемдзесят цэхінаў, — адказаў Гурт дзівячыся такому пытанню.

— У гэтым партманэціку, — сказала Рэвека, — ты знойдзеш сотню цэхінаў. Звярні свайму гаспадару тое, што яму належыць, а астатняе вазьмі сабе. Ідзі… ідзі хутчэй… Не варта падзякі! І сцеражыся, калі пойдзеш праз людны горад: лёгка можна згубіць не толькі ношку, але і жыццё… Рэйбен, — клікнула яна слугу, хлопнуўшы ў далоні, — пасвяці госцю, праводзь яго з дому, ды не забудзь мацней замкнуць за ім дзверы!

Слуга павінаваўся, узяў факел, адамкнуў знадворныя дзверы дома і, правёўшы Гурта ўпоперак забрукаванага двара, і выпусціў у фортку ля галоўнай брамы.

— Шчаслівы дзянёк! — гаварыў Гурт, спатыкаючыся ў цемры і вобмацкам бяручыся на гору. — Дзесяць цэхінаў я атрымаў ад свайго слаўнага маладога гаспадара, ды яшчэ дваццаць ад гэтага перла Сіёна. А, шчаслівы мне выпаў дзянёчак! Яшчэ-б адзін такі і тады-б канец тваёй няволі, Гурт. Адкупішся і будзеш вольны, як любы дваранін! Ну, тады бывай, мой пастухоўскі ражок і кій, не буду больш пасвіць свіней… Вазьму добры меч ды шчыт, пайду служыць маладому гаспадару і ўсюды буду ісці следам за ім, да самай смерці… Толькі ўжо не буду хаваць ні свой твар, ні скрываць сваё імя!