Раздзел XLI Айвенго. Раздзел XLII
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XLIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XLII

У ТУЮ фатальную гадзіну, калі павінен быў вырашыцца лёс Рэвекі, вакол сцен прэсепторыі было вельмі людна. Можна было падумаць, што ўсе суседнія жыхары збегліся сюды, як на сельскі кірмаш.

Усе глядзелі на браму. Яшчэ больш народу акружала бегавішча прэсепторыі. То была гладкая палянка, якая прылягала да сцен манастыра і старанна зраўнаваная для ваенных і рыцарскіх практыкаванняў членаў ордэна. Яна займала мяккі схіл пакатага бугра, была агароджана моцным частаколам, і дзякуючы таму, што храмоўнікі з ахвотаю запрашалі жадаўшых паглядзець на іх майстэрства і рыцарскія ўчынкі, вакол арэны было пабудавана шмат галярэй і настаўлена ўслонаў для гледачоў.

Ва ўсходнім канцы бегавішча зроблены быў трон для гросмайстра, акружаны ганаровымі крэсламі для прэсептараў і рыцараў ордэна. Над гэтымі месцамі развяваўся сцяг, які называўся „босэан“, і быў эмблемаю храмоўнікаў, таксама як яго назва была іх ваяўнічым поклічам.

У супроцьлеглым канцы бегавішча, вакол слупа, глыбока ўкапанага ў зямлю, навалены былі дровы і ахапкі ламачча, паміж якімі быў праход для афяры, прызначанай на спаленне. Да слупа былі прышрубаваны і ланцугі, якімі павінны былі звязаць яе для гэтай мэты. Каля прыгатаванага вогнішча стаялі чатыры чорнаскурых нявольнікі, іх чорныя твары і афрыканскія рысы, у той час мала знаёмыя англійскаму насельніцтву, наводзілі жах на натоўп.

Пачуўся ўдар у вялікі звон царквы святога Міхаіла, старадаўняга будынка, які ўзвышаўся сярод невялікай вёскі, у некаторай адлегласці ад прэсепторыі. Натоўп прыціх. Адзін за другім гучэлі рэдкія і магутныя ўдары, якія агалашалі ваколіцы працяжнымі адгалоскамі. Журботны звон, які апавяшчаў пачатак цэрамоніі, прымусіў здрыгануцца прысутных. Усе пачалі глядзець на сцены прэсепторыі.

Урэшце пад’ёмны мост апусціўся, брама адчынілася, і выехалі спачатку рыцар са сцягам ордэна, спераду якога ехалі шэсць трубачоў; за ім прэсептары, па два ў рад; потым гросмайстар, верхам на надзвычайна добрым кані, у самым простым убранні. За ім Брыян дэ-Буагільбер у бліскучым баявым узбраенні, але без зброі: яго кап’ё, шчыт і меч неслі за ім яго зброяносцы.

Ён быў бледны, як смерць, і відаць было, што не спаў некалькі начэй. Аднак ён кіраваў канём прывычнаю рукою спрытнага конніка і лепшага байца ордэна храмоўнікаў.

Паабапал яго ехалі Конрад Мон-Фітчэт і Альберт Мальвуазен, якія выконвалі ролю даручнікаў баявога рыцара. Яны былі ў даўгіх беласнежных вопратках, прысвоеных членам ордэна ў мірны час. За імі ехалі іншыя рыцары і даўгая чарада зброяносцаў і пажаў, апранутых у чорнае: гэта былі паслушнікі, якія дамагаліся гонару з часам стаць рыцарамі ордэна. Пасля іх ішоў атрад пешай варты, таксама ў чорных вопратках, і сярод іх бердышоў паказалася бледная постаць падсуднай, якая ціхімі, але цвёрдымі крокамі ішла да месца, дзе павінен быў вырашыцца яе лёс.

З яе знялі ўсё ўбранства. Замест яркіх усходніх тканін на ёй была белая кашуля з самага грубага матэрыялу. Але ў выразе яе твара была тая помесь адвагі з пакорнасцю лёсу, што нават у гэтым адзенні, без усялякіх украс, акрамя яе ўласных даўгіх чорных кос, яна ўнушала спачуванне, і ніхто не мог на яе глядзець без слёз.

Следам за афяраю ішоў натоўп служкаў прэсепторыі; яны ішлі ў надзвычайным парадку са складзенымі рукамі і апусціўшы вочы ў землю.

Уся працэсія павольна паднялася на пахілы ўзгорак, наверсе якога было бегавішча, пранікла ў сярэдзіну агарожы, абышла яе наўкола справа налева і, дайшоўшы зноў да той-жа брамы, спынілася. Тут адбылася невялікая замінка. Гросмайстар і ўсе астатнія коннікі, акрамя Буагільбера і яго даручнікаў, сышлі з коняй, якіх зараз-жа павялі за агарожу коннікі і зброяносцы, што былі пры рыцарах.

Рэвеку павялі да чорнага стула, пастаўленага каля вогнішча.

Пры першым поглядзе на страшнае месца, дзе ўсё было прыгатавана для таго, каб учыніць ёй пакутную смерць, яна здрыганулася, закрыла вочы, і губы яе зашавяліліся, але яна нічога не сказала ўголас. Праз хвіліну яна адкрыла вочы, пільна паглядзела на вогнішча, як-бы жадаючы асвоіцца з ім, потым адвярнулася ў другі бок.

Гросмайстар заняў сваё месца, і калі ўсе рыцары размясціліся вакол яго і за яго спіною, гледзячы па рангах, пачуліся галосныя і працяжныя гукі трубы, якія апавяшчалі, што суд сабраўся і прыступіў да справы.

Мальвуазен, у якасці даручніка Буагільбера, выступіў наперад і палажыў да ног гросмайстра пальчатку Рэвекі, якая была закладам надыходзячай бойкі.

— Вялебны айцец, — сказаў Мальвуазен, — вось стаіць добры рыцар Брыян дэ-Буагільбер, прэсептар ордэна храмоўнікаў, які, прыняўшы заклад паядынку, што ляжыць каля ног вашай вялебнасці, тым самым абавязаўся выканаць абявязак гонара ў спаборніцтве сёнешняга дня, у пацверджанне таго, што дзяўчына, якую завуць Рзвека, праўдзіва заслужыла лёс, прысуджаны ёй капітулам ордэна сіёнскага храма, які прыгаварыў яе да кары смерцю за вядзьмарства. І вось, тут стаіць гэты рыцар, гатовы сумленна і шляхетна біцца, калі ваша вялебнасць дасць на тое сваю высокашаноўную і мудрую згоду.

Выслухаўшы Альберта Мальвуазена, гросмайстар загадаў герольду выступіць наперад і выканаць свой абавязак. Спачатку загучэлі трубы, і герольд, выйшаўшы на арэну, пракрычаў зычным голасам:

— Слухайце! Слухайце! Слухайце! Вось мужны рыцар сэр Брыян дэ-Буагільбер, гатовы біцца з усякім рыцарам, які захоча выступіць у абарону яўрэйкі Рэвекі, з прычыны дараванага ёй права выставіць за сябе байца, па прычыне няздольнасці яе асабіста прыняць удзел у паядынку; такому яе заступніку ўладар гросмайстар, які тут прысутнічае, дазваляе біцца на роўных правах, даючы аднолькавыя ўмовы адносна прасторы, напрамку сонца і ветру і ўсяго іншага, што да гэтага добрага паядынку адносіцца.

Зноў загучэлі трубы і потым наступіла цішыня, якая цягнулася досыць доўга.

— Ніхто не жадае выступіць абаронцам? — сказаў гросмайстар. — Герольд, ідзі да падсуднай і запытай яе, ці думае яна, што хто-небудзь захоча біцца за яе ў гэтай справе?

Герольд пайшоў да месца, дзе сядзела Рэвека. У тую-ж хвіліну Буагільбер раптам павярнуў свайго каня ў той бок, не гледзячы на розныя знакі, якімі стараліся яго ўтрымаць Мальвуазен і Мон-Фітчэт, паскакаў на другі канец бегавішча і апынуўся перад Рэвекаю адначасова з герольдам.

— Ці правільна гэта і ці дапускаецца статутам паядынку? — сказаў Мальвуазен, звяртаючыся да гросмайстра.

— Так, Альберт Мальвуазен, дапускаецца, — адказаў Бомануару, — мы не павінны перашкаджаць бакам мець сувязь між сабою, каб не перашкаджаць урачыстасці праўды.

Тымчасам герольд гаварыў Рэвецы:

— Дзяўчына, шляхетны і вялебны ўладар гросмайстар загадаў запытаць, ці ёсць у цябе заступнік, які можа біцца ад твайго імя, ці ты прызнаеш сябе справядліва асуджанай на заслужаную кару?

— Скажыце гросмайстру, — адказала Рэвека, — што я настойваю на сваёй нявіннасці і не прызнаю, што заслугоўваю асуджэння. Скажыце яму, што я патрабую адтэрміноўкі, наколькі гэта дапускаецца іх законамі, і пачакаю, ці не з’явіцца мне заступнік, а калі пасля вызначанага мне тэрміну, не будзе мне абаронцы, дык рабіце са мною, што хочаце.

Герольд вярнуўся да гросмайстра і перадаў адказ Рэвекі.

— Няхай, — сказаў Лука Бомануар, — ніхто не скардзіцца на нашу несправядлівасць. Покуль вячэрнія цені не лягуць з захаду на ўсход, мы пачакаем, пагледзім, ці не з’явіцца заступнік гэтай няшчаснай жанчыны. Калі-ж сонца будзе хіліцца к заходу, няхай яна рыхтуецца да смерці.

— Герольд паведаміў Рэвецы гэтыя словы гросмайстра. Яна пакорліва кіўнула галавою. У гэту хвіліну да слыху яе дайшоў голас Буагільбера.

— Рэвека, — сказаў храмоўнік, — чуеш ты мяне?

— Мне да цябе няма справы, жорсткі чалавек, — адказала дзяўчына.

— Так, але ты разумееш, што я гавару? — прадаўжаў храмоўнік. — Садзіся да мяне за спіну, на майго Замора, чыстакроўнага каня, які яшчэ ні разу не здрадзіў свайму седаку… Хутчэй ускоч да мяне за спіну, і праз гадзіну мы будзем так далёка, што ні пагоня, ні выведкі ні да чога не прывядуць…

— Ідзі прэч! — сказала Рэвека.

Альберт Мальвуазен пад’ехаў у гэту хвіліну з мэтаю спыніць гутарку.

— Прызналася яна ў сваім злачынстве, — запытаў ён у Буагільбера, — ці ўсё яшчэ ўпіраецца і адмаўляецца ад яго?

— Іменна ўпіраецца і адмаўляецца, — сказаў Буагільбер.

— У такім выпадку, шляхетны брат наш, — сказаў Мальвуазен, — табе застаецца заняць тваё ранейшае месца і пачакаць, покуль міне тэрмін. Глядзі, цені пачалі ўжо павялічвацца… Паедзем, мужны Буагільбер, надзея і хараство нашага ордэна і будучы наш уладар…

Дзве гадзіны прасядзелі суддзі перад бегавішчам, дарма чакаючы з’яўлення заступніка.

Агульная думка схілялася да таго, што ніхто не заступіцца за Рэвеку. Рыцары, падбіваемыя Мальвуазенам, пачалі перашэптвацца, што час ужо абвясціць заклад Рэвекі праіграным. У тую-ж хвіліну на полі паказаўся рыцар, які скакаў галопам у напрамку да арэны. Сотні галасоў закрычалі:

— Заступнік, заступнік! — галоснымі крыкамі віталі ўезд рыцара ў агарожу бегавішча. Але, убачыўшы яго блізка, гледачы адчулі, як падае надзея, узнятая яго своечасовым з’яўленнем. Конь яго, які праскакаў шмат міль ва ўвесь дух, здаўся зусім змучаным, ды і сам коннік, які так адважна праімчаўся на арэну, ледзь трымаўся ў сядле ад слабасці ці ад стомы.

На патрабаванне герольда абвясціць сваё імя, званне і мэту свайго прыбыцця рыцар адказаў смела і пэўна:

— Я рыцар, прыехаў апраўдаць мячом і кап’ём гэту самую дзяўчыну, Рэвеку, дачку Ісаака з Іёрка, даказаць, што прысуд, супроць яе, вынесены несправядлівы і пазбаўлены падставы, абвясціць сэра Брыяна дэ-Буагільбера здраднікам, забойцам і хлусам, у пацверджанне чаго гатоў біцца з ім на гэтым бегавішчы.

— Перш усяго, — сказаў Мальвуазен, — прыезджы абавязан даказаць, што ён сапраўдны рыцар і шаноўнай фаміліі. Наш ордэн не дазваляе сваім абаронцам выступаць супроць безыменных людзей.

— Маё імя, — сказаў рыцар адкрываючы забрала свайго шлема, больш вядома, чым тваё, Мальвуазен. Я — Уільфрэд Айвенго.

— Я зараз не стану з табой біцца, — сказаў храмоўнік глухім, змяніўшымся голасам. — Залячы спачатку свае раны, дастань лепшага каня і тады, можа, я палічу вартым сябе выбіць з твае галавы гэты дух дзіцячай зухаватасці.

— Ага, ганарлівы храмоўнік, — сказаў Айвенго, — ты ўжо забыўся, што двойчы быў збіты вось гэтым кап’ём? Успомні бегавішча ў Акры… успомні турнір у Ашбі… прыпомні, як ты хваліўся ў сталовай зале Ротэрвуда і вылажыў свой залаты ланцуг супроць майго крыжа ў заклад таго, што будзеш біцца з Уільфрэдам Айвенго дзеля аднаўлення твайго страчанага гонару. Калі ты зараз-жа не схопішся са мною, я цябе зганьбую, як труса, пры ўсіх дварах Еўропы і ў кожнай прэсепторыі твайго ордэна.

Буагільбер у нерашучасці паглядзеў на Рэвеку, потым на Айвенго, і ўсклікнуў у ярасці:

— Саксонскі сабака, бяры сваё кап’ё і рыхтуйся да смерці, якую сам на сябе наклікаў!

— Ці дазваляе мне гросмайстар удзельнічаць у паядынку? — запытаў Айвенго.

— Не магу пярэчыць тваім правам, — сказаў гросмайстар, — толькі запытай дзяўчыну, ці жадае яна прызнаць цябе сваім заступнікам?

— Рэвека, — сказаў Айвенго, пад’ехаўшы да месца дзе яна сядзела, — ці прызнаеш ты мяне сваім заступнікам?

— Прызнаю, — адказала яна з такім хваляваннем, якога не абуджаў у ёй страх смерці. Аднак, не… не! Твае раны яшчэ не загаіліся… Не біся з гэтым гордым чалавекам… Навошта-ж і табе гінуць?

Але Айвенго паскакаў ужо на сваё месца, апусціў забрала і ўзяўся за кап’ё. Тое-ж зрабіў і Буагільбер; яго зброяносец, зашпільваючы на ім забрала, заўважыў, што твар Брыяна, які ўвесь дзень быў смяртэльна бледны, цяпер раптам расчырванеўся.

Бачачы абодвух байцоў на месцах, герольд зычным голасам прагаварыў тройчы:

— Выконвайце свае абавязкі, адважныя рыцары!

Пасля трэцяга разу ён адышоў да агарожы і яшчэ раз агаласіў, каб ніхто, пад страхам безадкладнай смерці, не пасмеў ні словам, ні гукам, ні рухам перашкаджаць або ўмешвацца ў гэты добры паядынак. Гросмайстар, які ўвесь час трымаў у руцэ пальчатку Рэвекі, кінуў яе на бегавішча і прагаварыў фатальнае слова:

— Пачынайце!

Загучэлі трубы, і рыцары памчаліся адзін на аднаго наўскач. Змучаны конь Айвенго і сам яго змораны коннік



упалі, не вытрымаўшы меткага кап’я храмоўніка і напору яго магутнага каня. Усе прадбачылі такі вынік спаборніцтва; але, хоць кап’ё Уільфрэда ледзь дакранулася шчыта праціўніка, на агульнае здзіўленне ўсіх прысутных, Буагільбер пахіснуўся ў сядле, выпусціў страмёны і ўпаў на арэну.

Айвенго хутка вызваліў ногу з-пад свайго каня, ускочыў і выхапіў меч, каб схапіцца з ім у першай бойцы. Але той не ўставаў. Айвенго сліў нагою яму на грудзі, прыставіў канец мяча да яго горла і загадаў яму здавацца, інакш пагражаючы безадкладнай смерцю. Буагільбер маўчаў.

— Не забівай яго, сэр рыцар! — усклікнуў гросмайстар. — Мы прызнаем яго пераможаным.

Гросмайстар сам зышоў на бегавішча і загадаў зняць шлем з пераможанага рыцара. Яго вочы былі закрыты і твар пылаў усё тым-жа барвовым румянцам. Погляд яго спыніўся і сацмеў. Урэшце румянец сышоў з твара і замяніўся смяротнаю бледнасцю. Ён быў мёртвы.