Раздзел XVII Айвенго. Раздзел XVIII
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XIX

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XVIII

ВЫЙШАЎШЫ з замка прынца Іоана, саксонскія таны тойчас сабраліся выязджаць з Ашбі. Пакуль яны садзіліся на коняй, разам з сваёй дружынай, адбылася некаторая затрымка і мітусня, і тут у першы раз Гурт папаўся на вочы Седрыка. Выгляд беднага свінапаса канчаткова раззлаваў яго.

— У кайданы яго! У кайданы! — крычаў ён. — Освальд! Гундыберт! Паскудныя сабакі! Што значыць, што гэты агіднік да гэтага часу не скаваны?

Не смеючы супярэчыць, таварышы Гурта падышлі і звязалі яго раменным повадам, бо ён папаўся першым пад рукі. Гурт не супраціўляўся, але з дакорам глянуў на гаспадара і сказаў толькі:

— Вось што значыць любіць членаў вашай сям’і больш свае ўласнае!

— На коняй і наперад! — крыкнуў Седрык.

— І даўно пара, — сказаў Атэльстан. — Я баюся, што калі не вельмі шыбка будзем ехаць, у высокашаноўнага абата Вальтофа папсуецца ўся яда, прыгатаваная на познюю вячэру.

Аднак падарожнікі падганялі сваіх коняй так старанна, што хутка прыехалі да манастыра святога Вітольда. Настаяцель, сам былы саксонец, прыняў вяльможных саксонскіх гасцей з усякай пашанаю і наладзіў такі шчодры пачастунак, што яны прасядзелі за вячэраю да позняй начы або, праўдзівей, да ранняй раніцы. На другі дзень, як след выспаўшыся, яны не пакінулі дома свайго гасціннага гаспадара раней, чым падзялілі з ім багатае снеданне.

У тую хвіліну, як госці, седзячы на конях, выязджалі з манастырскага двара, вялікі сухарлявы чорны сабака, седзячы на дварэ і падняўшы галаву ўверх, пачаў жаласліва выць, а потым раптам моцна забрахаў і, кідаючыся з боку ў бок, відаць, намерваўся далучыцца да ад’язджаючых.

— Не люблю я гэтай музыкі, бацька Седрык, — сказаў Атэльстан, які звяртаўся да яго з такім тытулам у адзнаку пашаны.

— І я таксама не люблю, дзядзечка, — сказаў Вамба.

— Памойму, — сказаў Атэльстан, добра памятаючы, якім выдатным элем частаваў іх абат, — памойму, лепш-бы вярнуцца і пагасцяваць у абата да пасля-абеда. Не добра выязджаць у дарогу, калі цераз дарогу перайшоў манах або заяц, або выючая сабака; тады трэба перачакаць да таго часу, пакуль не міне наступная трапеза.

— Глупства! — сказаў Седрык нецярпліва. — Мы і так змарнавалі вельмі шмат часу. А сабаку гэтага я ведаю: ён належыць майму бегламу рабу Гурту; такі-ж бескарысны дармаед, як і яго гаспадар.

З гэтымі словамі Седрык прыўстаў на страмёнах і, злуючыся на перашкоду свайму падарожжу, шыбануў дроцікам у беднага Фангса, які высачыў свайго прапаўшага гаспадара і на свой лад выказваў цяпер захапленне з прычыны таго, што зноў знайшоў яго. Дроцік закрануў за плячо сабакі і ледзь не прыгваздзіў яго да зямлі: бедны сабака завыў яшчэ мацней і кінуўся прэч з дарогі разгневанага тана.

У Гурта сціснулася сэрца, гледзячы на гэта. Ён дарэмна стараўся абцерці сабе вочы і нарэшце сказаў Вамбе, які, бачачы свайго барына не ў гуморы, палічыў за лепшае быць у арыергардзе:

— Зрабі ласку, вытры мне вочы крысою твайго плашча; пыл зусім выеў мне вочы, а рамяні не даюць падняць рукі.

Вамба выканаў просьбу, і некаторы час яны моўчкі ехалі побач. Гурт быў вельмі сумны і маўчаў. Урэшце ён не вытрымаў і звярнуўся да блазна:

— Сябра Вамба, — сказаў ён, — з усіх дурняў, настолькі дурных, каб служыць Седрыку, ты адзін такі спрытны, каб дагадзіць яму тваёю дуратою. А таму ідзі і скажы яму, што Гурт не будзе больш служыць яму ні з прывычкі, ні са страху. Ён можа з мяне галаву зняць, можа біць гарапнікам, можа закаваць у ланцугі, але ад гэтага часу я яму больш не слуга. Схадзі скажы яму, што Гурт, сын Беовульфа, адмаўляецца яму служыць.

— Хоць я і дурань, — адказаў Вамба, — але такой дурной гаворкі і не падумаю перадаваць яму. У Седрыка за поясам засталося яшчэ досыць дроцікаў, і ты ведаеш, што часам ён вельмі метка пападае ў цэль.

— А мне ўсёроўна, — сказаў Гурт, — няхай хоць зараз цаляе ў мяне. Учора ён майго маладога барына Уільфрэда пакінуў валяцца ў крыві, сёння перад самым маім носам хацеў забіць адзіную жывую істоту, якая была ласкава да мяне. Гэтага я яму ніколі не дарую!

— А я думаю, — сказаў Вамба, — барын не хацеў забіваць Фангса, а толькі папужаць яго. Ты заўважыў, што ён прыўстаў на страмёнах: гэта значыць, што ён меў намер пусціць дроцік цераз галаву сабакі. Так бы і было, але на бяду Фангс у гэту хвіліну падскочыў уверх, ды і атрымаў гэту самую пісужыну, якую я бяруся залячыць яму камячком.

— Калі-б так, — сказаў Гурт, — калі-б я мог так думаць… ды не! Я бачыў, як метка ён цэліўся… чуў, як дроцік загудзеў у паветры, з усёй злараднасцю той злой волі, якая яго накіравала… а потым, уткнуўшыся ў зямлю, усё яшчэ дрыжэў з крыўды, што не папаў у цэль. Не, клянуся любімай свінёй святога Антонія, не буду я яму служыць!

Расстроены свінапас панура замаўчаў, і блазну ніяк не ўдалося больш яго расштурхаць.

У поўдзень, па жаданню Атэльстана, спыніліся ў гаі, на беразе раўчака, каб даць адпачыць коням, а самім падмацавацца правізіяй, якой даў на дарогу абат, нагрузіўшы ёю ўючанага мула. Адпачынак зацягнуўся досыць доўга, і дзякуючы таму, што і іншых перашкод у дарозе было шмат, яны страцілі надзею дабрацца да Ротэрвуда інакш, чым правёўшы ўсю ноч у дарозе. Гэтыя абставіны прымусілі іх паспяшацца, і яны паехалі больш хутка, чым ехалі да гэтага часу.