Раздзел XXII Айвенго. Раздзел XXIII
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XXIV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XXIII

КАЛЯ поўдня дэ-Брасі, дзеля якога спачатку была задумана ўся гэта экспедыцыя, з’явіўся выконваць задуманыя намеры, гэта значыць, дабівацца рукі і пасага лэдзі Равены.

Ён вітаў Равену, здзеўшы свой аксамітны берэт, упрыгожаны залатым аграфам. У той жа час ён грацыёзным рухам запрасіў яе сесці, і дзеля таго, што яна не садзілася, рыцар зняў пальчатку з свае правай рукі і намерыўся сам падвесці да крэсла лэдзі Равену. Але яна гэстам адхіліла гэту ласкавасць і сказала:

— Калі я знаходжуся ў прысутнасці майго турэмшчыка, сэр рыцар, а абставіны такія, што я не магу думаць інакш… то вязню больш прыстойна выслухаць прысуд стоячы.

— Прабачце, чароўная Равена, — адказаў дэ-Брасі, — вы знаходзіцеся не ў прысутнасці турэмшчыка, а вашага палоннага… З вашых прыгожых вачэй чакае дэ-Брасі таго прысуду, якога вы чакаеце ад яго.

— Я вас не ведаю, сэр, — прагаварыла яна, выпрастаючыся з гордым выглядам глыбока пакрыўджанай жанчыны, — я не ведаю вас, а дзёрзкая фамільярнасць, з якой вы звяртаецеся да мяне на мове, вартай трубадураў, не апраўдвае гвалту, больш прыстойнага разбойніку.

— Ты сама таму прычынай, — гаварыў далей дэ-Брасі ў тым-жа тоне, — прыпісвай сабе самой тое, што ў маіх учынках было недастаткова пачціва, бо цябе я выбраў царыцай майго сэрца і сваёй пуцявою зоркай!

— Паўтараю вам, сэр рыцар, што не ведаю вас, і напамінаю вам, што ні адзін мужчына, які носіць рыцарскі ланцуг і шпоры, не павінен дазваляць сабе самавольна навязвацца безабароннай даме.

— Што я вам незнаёмы, у гэтым сапраўды заключаецца маё няшчасце, — сказаў дэ-Брасі, аднак дазвольце спадзявацца, што маë імя хоць колькі-небудзь вядома вам: калі менестрэлі і герольды ўсхваляюць рыцарскія геройствы, ці на турнірах, ці на полі бойкі, можа, было пры вас успомнена імя дэ-Брасі?

— Дык і пакінь менестрэлям і герольдам усхваляць цябе, сэр рыцар, — сказала Равена, — ім гэта больш прыстойна, чым табе самому, і скажы мне, які-ж з іх увекавечыць у песні або ў летапісах турніраў, годнае памяці геройства гэтай начы, перамогу, атрыманую над старым і жменькаю баязлівых слуг, а таксама і здабычу, якая дасталася пераможцу — дзяўчыну, што супроць волі завезена ў разбойніцкі замак?

— Вы несправядлівы, лэдзі Равена, — сказаў рыцар, кусаючы сабе губы ў замяшанні і пераходзячы на больш натуральны тон, чужды фальшывай ласкавасці, будучы самі нячулыя, вы не знаходзіце апраўдання палкасці другога чалавека, хоць-бы гэта палкасць была выклікана вашым хараством.

— Прашу вас, сэр, — сказала Равена, — спыніць гэтыя прамовы, вельмі звычайныя ў вуснах вандроўных менестрэляў, а таму зусім не да твара рыцара. Я сапраўды вымушана сесці, таму што вы пачалі такую доўгую песню, што які-небудзь вулічны спявака расцягнуў бы яе ад сёння да каляд.

— Гордая дзяўчына, — сказаў дэ-Брасі, з прыкрасцю бачачы, што на ўсе яго даборныя ласкавасці яна адказвае пагардліва, — гордая дзяўчына, я табе дакажу, што і мая гордасць не менш твае. Ведай-жа, што я заявіў прэтэнзіі на тваю руку тым спосабам, які найбольш адпавядае твайму нораву. Лягчэй заваяваць цябе са зброяй у руках, чым агульнапрынятымі звычаямі і пачцівымі размовамі.

— Калі пачцівыя размовы прыкрываюць грубыя справы, — сказала Равена, — гэта ўсёроўна, што заперазаць рыцарскі пояс на подлага чалавека. Я не дзіўлюся, што стрыманасць манер складае для вас такую цяжкасць: больш сумленна было бы вам захаваць вопратку і гутарку разбойніка, чым хаваць зладзейскія справы пад маскай далікатных і ласкавых сказаў.

— Твая парада добрая, — сказаў нармандзец, — я буду на словах адкрыты, што ўсяго лепш апраўдвае адкрытую дзейнасць: хай будзе табе вядома, што не выйдзеш з гэтага замка інакш, чым жонкаю Морыса дэ-Брасі. Ты гордая, Равена, але тым больш ты вартая мне ў жонкі. І якім інакшым спосабам можаш ты пазбавіцца ад жыцця ва ўбогім драўляным хляве, дзе саксонцы жывуць упокат са сваімі свіннямі, якія складаюць усё іх багацце?

— Сэр рыцар, — адказала Равена, — той хлеў, пра які вы ўспамянулі з такой знявагай, з малых год служыў мне надзейным прытулкам, і паверце, што, калі я яго пакіну, калі гэта калі-небудзь здарыцца, то не інакш, як пад апякунствам такога чалавека, які не стане зняважліва гаварыць пра тое жыллё і пра тыя звычаі, сярод якіх я вырасла і выхавалася.

— Я адгадваю вашу думку, лэдзі, — сказаў дэ-Брасі, — хоць вы, можа, думаеце, што сказалі вельмі туманна для майго разумення. Але не думайце, што Рычард Львінае Сэрца калі-небудзь вернецца на свой трон: яшчэ менш таго пэўна, каб яго любімчык Уільфрэд Айвенго падвёў вас да яго і прадставіў, як сваю жонку. Гэты сапернік знаходзіцца пад маёй уладай, і ад мяне залежыць выдаць тайну яго прабывання ў замку Рэджынальду Фрон дэ-Бёф, а калі барон даведаецца пра гэта, яго рэўнасць будзе мець горшы вынік, чым мая.

— Уільфрэд тут? — прагаварыла Равена пагардліва. — Гэта павінна быць так праўдзіва, як тое, што Фрон дэ-Бёф яго сапернік.

Дэ-Брасі з хвіліну пільна глядзеў на яе.

— Ты сапраўды не ведала пра гэта? — сказаў ён. — Значыцца ты не ведала, што ў насілках яўрэя везлі Уільфрэда Айвенго?.. Няма чаго казаць, прыстойны спосаб пераезду для крыжаносца.

Ён пагардліва засмяяўся.

Равена абвяла вачыма наўкола, як бы шукаючы якой-небудзь падтрымкі і абароны, некалькі разоў перапынна ўскрыкнула і залілася слязьмі. Дэ-Брасі быў крануты гэтай праявай гора, хоць адчуваў куды больш замяшання, чым спачування. Ён зайшоў так далёка, што адступаць было ўжо позна; аднак Равена была ў такім стане, што ні ўгаворамі, ні пагрозамі нельга было на яе ўздзейнічаць. Дэ-Брасі хадзіў узад і ўперад па пакою, то дарэмна стараючыся супакоіць перапужаную дзяўчыну, то раздумваючы, што-ж яму цяпер рабіць.

„Калі, — думаў ён, — я дапушчу перамагчы сябе слязьмі, я рызыкую страціць усе тыя бліскучыя надзеі, з-за якіх ужо досыць паклапаціўся, ды ў дадатак мяне асмяюць і прынц Іоан і яго вясёлыя прыспешнікі. Аднак я адчуваю, што не гаджуся для ўзятай на сябе ролі. Лепш-бы яна прадаўжала трымацца ўсё гэтак-жа высакамерна!“

Раптам зычны гук паляўнічага рога ўварваўся ў пакой.