Раздзел XXIV Айвенго. Раздзел XXV
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XXVI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XXV

УВАЙШОЎШЫ ў вялікую залу, храмоўнік застаў там Морыса дэ-Брасі. — Вашы прыгоды, — сказаў дэ-Брасі, — напэўна, былі перапынены, як і мае, гэтымі аглушальнымі гукамі трубы. Але вы прыйшлі пазней мяне і неахвотна, з чаго я заключаю, што ваша спатканне прайшло з большай прыемнасцю, чым маё.

— Значыцца, вы беспаспяхова сваталіся да саксонскай наследніцы? — сказаў храмоўнік.

— Клянуся касцьмі Фамы Бекета, — адказаў дэ-Брасі, — гэта лэдзі Равена, напэўна, чула, што я не магу вытрымліваць відовішча жаночых слёз.

— Вось табе раз! — сказаў храмоўнік. — Правадыр вольнай дружыны — і раптам звяртае ўвагу на жаночыя слёзы! Дзіўна… Калі і пападзе некалькі слёз на факел кахання, полымя разгарыцца яшчэ ярчэй…

— Дзякую за некалькі кропель, — засупярэчыў дэ-Брасі, — гэта дзяўчына столькі плакала, што патушыла-б цэлае вогнішча. Быццам сам вадзяны люцыпар усяліўся ў прыгожую саксонку.

— А ў маю яўрэйку ўсяліўся, напэўна, цэлы легіён люцыпараў, — сказаў храмоўнік, — таму што наўрад ці аднаму люцыпару ўдалося-б унушыць столькі гордасці, столькі рашучасці… Але дзе-ж Фрон дэ-Бёф? Гэты рог трубіць усё больш моцна і прарэзліва.

— Ён напэўна апрацоўвае старога, — з халодным сэрцам сказаў дэ-Брасі. — Магчыма, што лямант Ісаака заглушае рэў гэтага рога. Аднак час паслаць васалаў за гаспадаром.

— Паглядзім, што за прычына такой д’ябальскай траскатні, — сказаў ён. — Вось ліст… калі не памыляюся, напісаны пасаксонску.

Ён глядзеў на ліст, круцячы яго ў руках, як-бы у надзеі, што, перакручваючы ва ўсе бакі, дойдзе да сэнсу напісанага. Урэшце ён перадаў яго Морысу дэ-Брасі.

— Не ведаю, што гэта за магічныя знакі, — сказаў дэ-Брасі, які быў такім-жа невукам, як і большасць рыцараў таго часу. — Наш капелан спрабаваў вучыць мяне пісаць, — прадаўжаў ён, — але ў мяне замест літар атрымліваліся наканечнікі коп’яў або лязо мячоў, так што стары хрыч махнуў на мяне рукою і кінуў вучыць.

— Дайце мне ліст, — сказаў храмоўнік, — мы хоць тым падобны на манахаў, што крыху вучымся.

— Дык мы пакарыстаемся вашымі ведамі, — сказаў дэ-Брасі. — Ну, што-ж тут гаворыцца?

— Гэты ліст ёсць форменны выклік на бойку, — адказаў храмоўнік, — ды яшчэ самы дзіўны выклік, які калі-небудзь пасылаўся цераз пад’ёмны мост баронскага замка.

— Жарт? — прагаварыў Фрон дэ-Бёф. — Хацеў-бы я ведаць, хто адважыўся пажартаваць са мною наконт такога прадмета?.. Прачытай, сэр Брыян.

Храмоўнік пачаў голасна чытаць наступнае:

„Я, Вамба, сын Уітлеса, блазен у доме шляхетнага і вяльможнага двараніна, Седрыка Ротэрвудскага, па мянушцы Саксонца, і я, Гурт, сын Беовульфа, свінапас“…

— Ты ашалеў! — перапыніў яго фрон дэ-Бёф.

— Клянуся святым Лукою, тут так напісана, — адказаў храмоўнік і чытаў далей, — „я Гурт, сын Беовульфа, свінапас у маёнтку вышэйадзначанага Седрыка, пры дапамозе нашых саюзнікаў і аднадумцаў, якія стаяць за адно ў гэтай справе, а іменна: харобрага рыцара, што цяпер празываецца „Чорны Гультай“ і добрага іëмена Роберта Локслі, па мянушцы „Самастрэл“, абвяшчаем вам, Рэджынальд Фрон дэ-Бёф, і ўсім, якія ёсць пры вас таварышы і саюзнікі, што паколькі вы, без усялякай прычыны і без абвяшчэння варожасці, хітрасцю і круцельствам захапілі ў палон асобу адзначанага Седрыка, а таксама асобу лэдзі Равены з Харготстанстыда; таксама асобу шляхетнага Атэльстана Конінгсбургскага; а роўна некалькі чалавек, якія з’яўляюцца іх слугамі, роўна як некалькі прыгонных іх нявольнікаў; таксама нейкага яўрэя Ісаака з Іёрка, роўна як дочку яго, таксама яўрэйку; а таксама завалодалі некаторай колькасцю коняй і мулаў; якія асобы са сваімі слугамі і нявольнікамі, коньмі і муламі, а роўна і адзначаныя яўрэй з яўрэйкай, нічым не правініліся, а мірна ехалі шляхам; а таму мы просім і патрабуем, каб адзначаныя асобы, гэта значыць Седрык Ротэрвудскі, Равена з Харготстанстыда і Атэльстан Конінгсбургскі са сваімі слугамі, нявольнікамі, коньмі, муламі, яўрэем і яўрэйкай, а таксама ўсё іх дабро і пажыткі былі не далей, як праз гадзіну пасля атрымання гэтага выданы нам, або каму ўкажам прыняць іх у цэласці і захаванасці, не пашкоджанымі ні цялесна, ні ў адносінах маёмасці іх. У праціўным выпадку абвяшчаем вам, што лічым вас здраднікамі і разбойнікамі, маем намер біцца з вамі, даймаць аблогаю, прыступам або інакш і чыніць вам усякую назолу і разбурэнне. Дзеля чаго і молім бога злітавацца над вамі. Пісана напярэдадні свята святого Вітольда, пад вялікім Зборным Дубам на Крутым Скрыжаванні; а пісаў тыя словы праведны чалавек, служка госпада, божай мацеры і святога Дунстана, алтарнік лясной капліцы, што ў Копмангерсце“.

Унізе дакумента быў надрапаны спачатку грубы малюнак, выяўляўшы голаву пеўня са стаячым гребнем і надпісам, што такая сімвалічная пячатка Вамбы, сына Уітлеса. Ніжэй гэтай паважнай эмблемы нарысаваны крыж азначаў подпіс Гурта, сына Беовульфа; потым ішлі выразна і буйна напісаныя словы „Чорны Гультай“, а ўсіх ніжэй досыць удачны малюнак стралы служыў подпісам іёмена Локслі.

Рыцары выслухалі да канца незвычайны дакумент і ў неразуменні пераглянуліся, не могучы разгадаць, што гэта магло азначаць. Дэ-Брасі першы парушыў маўчанне выбухам нястрымнага рогату, да чаго і храмоўнік далучыў свой, але больш памяркоўны, смех.

Фрон дэ-Бёф, наадварот, з нездавальненнем аднёсся да іх вясёласці.

— Папярэджваю вас, панове, — сказаў ён, — што пры сучасных абставінах куды разумней падумаць, што зрабіць, чым займацца лёгкадумнымі жартамі.

— Фрон дэ-Бёф яшчэ не можа апрытомніць з таго часу, як яго скінулі з каня, — сказаў дэ-Брасі, — яго каробіць пры адным успаміне аб выкліку, хоць бы гэты выклік быў ад блазна і ад свінапаса.

— Клянуся святым Міхаілам, — адказаў Фрон дэ-Бёф, — было-б значна лепш, каб ты ўсё гэта прадпрыемства выносіў на ўласных плячах, дэ-Брасі. Гэтыя людзішкі не асмеліліся-б звяртацца да мяне так нахабна, калі-б ім на дапамогу не падаспелі моцныя разбойніцкія банды. У гэтым лесе шмат бадзяг, і ўсе на мяне злосныя за тое, што я строга ахоўваю дзічыну. Я толькі раз захапіў на месцы злачынства хлапца — у яго яшчэ і рукі былі ў крыві — і загадаў прывязаць яго да рагоў дзікага аленя, які ў пяць хвілін спаласаваў яго да смерці; і з таго часу колькі разоў стралялі ў мяне з лука, быццам я мішэнь, што стаяла гэтымі днямі ў Ашбі… Гэй, хлапчына! — крыкнуў ён аднаму са слуг. — Пасылаў ты даведацца, колькі там набралася народу для падтрымкі такога небывалага выкліку?

— Бадай што дзвесце чалавек сабраліся каля ўскраіны лесу, — адказаў слуга.

— Цудоўна! — прагаварыў дэ-Брасі. — Вось што значыць аддаць свой замак у распараджэнне людзей, якія не умеюць цішком выканаць сваю справу! Вельмі патрэбна было наклікаць сабе на шыю гэта асінае гняздо!

— Якое там асінае гняздо, — сказаў дэ-Брасі, — проста зграя бяскрыўдных чмялёў: у іх жаліць няма чым!

— Як-бы не так! — адказаў Фрон дэ-Бёф. — Ты гаворыш — жаліць ім няма чым? Ды ў іх жала з раздвоеным канцом, у тры футы даўжынёю і пападае ў дробную французскую манету… А ён гаворыць, быццам жаліць няма чым.

— Саромцеся, панове! — сказаў храмоўнік. — Склічам-жа сваіх людзей і зробім супроць іх вылазку. Адзін рыцар, і нават проста ўзброены воін, варты дваццаці такіх ваяк.

— Вядома! — выклікнуў дэ-Брасі. — Нават сорамна выехаць на іх з канëм.

— Гэта так, — сказаў Фрон дэ-Бёф. — І калі-б гэта былі туркі або чарнаскурыя маўры, сэр храмоўнік, або труслівыя французскія сяляне, адважны дэ-Брасі, я б з вамі згадзіўся, але тут справа ідзе аб англійскіх іёменах: у нас над імі толькі і ёсць тая перавага, што мы добра ўзброены і выедзем верхам на баявых конях; але па лясных сцежках гэта не вельмі зручна. Ты гаворыш — зробім вылазку? У нас так мала народу, што ледзь хапае на абарону замка. Лепшыя з маіх людзей у Іëрку; твая дружына ўся цалкам там-жа, дэ-Брасі; а ў мяне ледзь набярэцца чалавек дваццаць, акрамя той жменькі людзей, якія прымалі ўдзел у гэтай шалёнай задуме.

— Хіба ты баішся, — сказаў храмоўнік, — што іх збярэцца досыць, каб падступіць да замка?

—Не, сэр Брыян, — адказаў Фрон дэ-Бёф, — у гэтых разбойнікаў, праўда, вельмі адважны начальнік, але без абложных машын, без складных драбін і без напрактыкаваных кіраўнікоў яны нічога не зробяць з маім замкам.

— Пашлі пасланцоў да суседзяў, — сказаў храмоўнік, — няхай збяруць сваіх людзей і паспяшаюць на выручку да трох рыцараў, якія абложаны блазнам і свінапасам у баронскім замку Рэджынальда Фрон дэ-Бёф.

— Вы жартуеце, сэр рыцар, — адказаў барон, — але да каго-ж пасылаць?.. Мальвуазен, напэўна, паспеў ужо выехаць у Іёрк за сваімі людзьмі; таксама і астатнія мае саюзнікі… Ды мне і самому трэба было быць там, калі-б не гэта праклятае прадпрыемства.

— Дык пашлі ў Іёрк адклікаць нашых людзей назад, — сказаў дэ-Брасі. — Калі гэтыя разбойнікі не разбягуцца, убачыўшы мой сцяг і маіх вольных таварышоў, я скажу, што яны самыя адважныя з разбойнікаў, якія калі-небудзь пускалі стрэлы па зялёных лясах.

— А хто адвязе падобнае запрашэнне, — сказаў Фрон дэ-Бёф. — Яны зробяць аблогі на кожнай сцежцы, зловяць пасланца і выцягнуць у яго з-за пазухі ліст… Вось што я надумаў, дадаў ён, крыху памаўчаўшы: — сэр храмоўнік, ты-ж не толькі ўмееш чытаць, а і пісаць. Калі-б нам знайсці пісьмовыя прылады майго капелана, што памёр у мінулым годзе на святкі ад п’янства…

— Адважуся далажыць, — умяшаўся слуга, які усё яшчэ стаяў перад гаспадаром, — старая Урфрыда, здаецца, прыбрала іх і хавае ў сябе, на ўспамін аб сваім духоўніку. Я чуў, як яна гаварыла, быццам ён быў апошнім чалавекам, ад якога яна чула такія прамовы, якія прыстойна слухаць жанчынам…

— Дык ідзі і прынясі, што трэба, Энгельрэд, — сказаў Фрон дэ-Бёф, а ты, сэр храмоўнік, напішы адказ на іх дзёрзкі выклік.

— Я-б лічыў за лепшае адказаць ім мячом, а не пяром, — сказаў Буагільбер, — але як хочаце, няхай будзе павашаму.

Ён сеў да стала і на французскай мове напісаў ліст такога зместу:

„Сэр Рэджынальд Фрон дэ-Бёф і шляхетныя рыцары, яго аднадумнікі і саюзнікі, не прымаюць выклікаў з боку рабоў, прыгонных і ўцякацкіх людзей. Калі асоба, якая называе сябе Чорным Рыцарам, сапраўды мае гонар належаць да рыцарскага саслоўя, яму павінна быць вядома, што ён сябе ўнізіў, будучы ў кампаніі з падобнымі людзьмі, і не мае права патрабаваць справаздачы з боку вяльможных асоб. Што датычыцца забраных намі палонных, мы, дзякуючы нашай хрысціянскай міласэрнасці, просім вас прыслаць якую-небудзь духоўную асобу, каб паспавядаць іх, бо мы маем намер пакараць іх смерцю сёння да поўдня і выставіць іх галовы на сценах замка, каб паказаць усім, наколькі мала мы звяртаем увагі на тых, хто ўзяўся выручаць іх. А таму, як ужо сказана, просім прыслаць папа, каб прыгатаваць іх да смерці, выкананнем якога вы зробіце ім апошнюю паслугу ў іх жыцці“.

Злажыўшы гэты ліст як трэба, яго аддалі слузе для перадачы ў рукі ганцу, які чакаў каля варот адказу на прынесенае ім пасланне.

Іёмен, які выконваў гэта даручэнне, вярнуўся ў галоўную кватэру саюзнікаў. Гэта кватэра ў сучасны момант была пад старым развесістым дубам, у адлегласці трох выстралаў з лука ад замка. Тут Вамба, Гурт, іх саюзнікі, Чорны Рыцар і Локслі, а таксама пацешны пустэльнік з нецярплівасцю чакалі адказу на свой выклік. Вакол іх, крыху паводдаль, відаць было нямала іёменаў, зялёная вопратка і загарэлыя твары якіх паказвалі, якім рамяством яны займаліся. Іх набралася ўжо больш двух соцень, і бесперапынна прыходзілі яшчэ другія партыі.

Іх правадыры толькі тым і адрозніваліся ад сваіх падначаленых, што на шапцы ў іх было па пяру, ва ўсім астатнім яны былі апрануты і ўзброены зусім аднолькава з іншымі.

Акрамя гэтых атрадаў, зыходзіліся на дапамогу менш правільна арганізаваныя і не так добра ўзброеныя саксонцы, жыхары бліжэйшых мястэчак, а таксама прыгонныя людзі і слугі з вялікіх маёнткаў Седрыка. Нямногія з іх былі ўзброены пасапраўднаму, большасць прыйшла з такімі прадметамі, якія ў выпадку толькі крайняй патрэбы можна было ператварыць у баявую зброю; гэта былі пераважна вілы, косы, цапы і да таго падобныя; нармандцы, прытрымліваючыся звычайнай палітыкі заваявацеляў, не дазвалялі пераможаным саксонцам мець мячы і коп’і. Дзякуючы гэтаму саксонцы былі далёка не так страшны для абложаных, як маглі-б быць, калі прыняць пад увагу іх моцны целасклад, шматлікасць, а таксама запал. Кіраўнікам гэтага вельмі стракатага і рознакалібернага войска перадалі ўрэшце ліст, напісаны храмоўнікам.

Перш усяго аддалі яго пустэльніку, просячы прачытаць, што там напісана.

— Клянуся посахам святога Дунстана, — сказаў гэты шаноўны манах, — а гэтым посахам ён загнаў у рай столькі душ, як ні адзін святы, клянуся, што не толькі не магу прачытаць таго, што тут сказана, але і таго не ведаю, ці пафранцузску яно напісана, ці паарабску.

З гэтымі словамі ён перадаў ліст Гурту, які панура матнуў галавою і аддаў яго Вамбе. Блазен аглядзеў усе рагі паперы, усміхаючыся з хітрым выглядам, потым зрабіў каленца і аддаў ліст Роберту Локслі.

— Каб даўгія літары былі лукі, а кароткія — стрэлы, я-б што-кольвек разабраў, — сказаў сумленны іëмен. — Я гэтак-жа мала магу разумець сэнс гэтых знакаў, як падстрэліць аленя, які гуляе за дванаццаць міль адсюль.

— Давядзецца ўжо мне прачытаць вам, — сказаў Чорны Рыцар і, узяўшы ліст з рук Локслі, прачытаў яго спачатку пра сябе, а потым пасаксонску пераказаў яго змест сваім саюзнікам.

— Пакараць смерцю шляхетнага Седрыка! — усклікнуў Вамба. — Клянуся крыжам, ты, мабыць, памыліўся, сэр рыцар!

— Не, мой шаноўны сябра, — адказаў рыцар, — я вам дакладна перадаў тое, што тут напісана.

— У такім выпадку, — сказаў Гурт, — клянуся святым Фамою Кентэрберыйскім, трэба ўзяць замак, хоць-бы прышлося голымі рукамі разабраць яго па каменьчыку.

— Нам з табою больш няма-ж чым арудаваць, — сказаў Вамба, — толькі мае рукі наўрад ці прыгодны ламаць на кускі такія каменьчыкі!

— Гэта яны так гавораць, каб выйграць час, — сказаў Локслі, — яны не адважацца на такую справу, за якую павінны будуць адказваць сваімі галовамі.

— Добра-б, — сказаў Чорны Рыцар, каб хто-небудзь з нас ухітрыўся прабрацца ў замак і даведацца, як там абстаяць справы. На маю думку, калі яны самі просяць прыслаць папа, наш пустэльнік мог-бы выканаць гэты абавязак, ды за адно ўжо і даставіць нам патрэбныя весткі.

— А д’ябал-бы цябе ўзяў з тваімі парадамі! — сказаў святы муж. — Я-ж табе гаварыў, сэр Гультай, што калі скідаю свой манахаўскі балахон, з ім разам з мяне злазіць і духоўны сан, і ўся святасць, і нават уся мая латынь; як толькі апрануся ў зялёны каптан, дык хутчэй здольны падстрэліць дванаццаць аленяў, чым паспавядаць аднаго хрысціяніна.

— Баюся я, — сказаў Чорны Рыцар, — нават вельмі баюся, што на гэты раз нікога тут няма, хто-б гадзіўся на ролю айца-спавядальніка.

Усе пераглядваліся між сабою і маўчалі.

— А я бачу, — сказаў Вамба пасля кароткай паузы, — бачу, што дурню на раду напісана заставацца дурнем і сунуць шыю ў такое ярмо, ад якога разумныя людзі ўхіляюцца. Няхай будзе вам вядома, дарагія мае браты і землякі, што пакуль не надзелі на мяне гэтай стракатай збруі, хадзіў я ў бурай расе і рыхтаваўся да пастрыжэння у манахі; але здарылася так, што захварэлі мазгі, і ў мяне толькі і засталося настолькі розуму, каб пайсці ў блазны. Вось я і думаю, што калі апрану балахон шаноўнага пустэльніка, дык з дапамогаю той святасці, пабожнасці і латынскай вучонасці, якія зашыты ў яго каптуры, змагу зрабіць як свецкую, так і духоўную ўцеху нашаму гаспадару, шаноўнаму Седрыку, а таксама і яго таварышам па няшчасцю.

— Як ты думаеш, прыгодны ён на гэта? — запытаў у Гурта Чорны Рыцар.

— Ужо, дальбог, не ведаю, — адказаў Гурт, — калі акажацца няздатным, дык гэта будзе першы выпадак, калі яго розум не падаспее на выручку яго дурноце.

— Дык апранай балахон, добры чалавек, — сказаў Чорны Рыцар, — і няхай твой гаспадар праз цябе прышле нам вестку аб тым, як у іх у замку абстаяць справы. У замку павінна быць мала народу і вельмі магчыма, што раптоўны і смелы напад увянчаўся-б поўным поспехам. Аднак, час не чакае. Ідзі хутчэй.

— А мы тым часам, — сказаў Локслі, — так цесна абложым усе сцены наўкола, што ні адна муха адтуль не вылеціць без нашага ведаму. Так што ты скажы гэтым тыранам, мой сябра, — прадаўжаў ён, звяртаючыся да Вамбы, — што за ўсякі гвалт, учынены палонным, мы з іх сышчам самым строгім чынам,

— Мір вам! — сказаў Вамба, які паспеў нацягнуць на сябе поўнае манахаўскае ўбранне.

Ён зрабіў станавітую і ўрачыстую паставу і паважным поступам накіраваўся выконваць свой абавязак.