Раздзел XXXIII Айвенго. Раздзел XXXIV
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XXXV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХXXІV

У ПРЫНЦА Іоана ў Іёркскім замку быў банкет. Ён запрасіў да сябе ў госці ўсіх дваран, прэлатаў і правадыроў, з дапамогаю якіх спадзяваўся ажыццявіць свае планы і захапіць прастол брата. Вальдемар Фіц-Урс, яго хітры і спрытны памочнік, употайку арудаваў сярод гасцей, стараючыся выманіць у іх адкрытае прызнанне ў тым, што яны пераходзяць на бок партыі прынца Іоана. Але поспех затрымаўся з прычыны адсутнасці некалькіх важных аднадумцаў. Не было барона Фрон дэ-Бёф, смелага Морыса дэ-Брасі і выдатнага ваеннымі талентамі Брыяна дэ-Буагільбер. Прынц Іоан і яго любімы дарадца тайком пракліналі іх бязглуздую і лёгкадумную адлучку, але не адважваліся дзейнічаць без іх. Таксама кудысьці схаваўся яўрэй Ісаак, а з ім знікла і надзея на некаторую суму грошай, якую прынц хацеў з яго дапамогаю пазычыць у мясцовых яўрэяў. Недахоп грашовых сродкаў мог чыніць вельмі сур’ёзныя небяспекі.

Раніцою, на другі дзень пасля падзення замка Торкільстон, у горадзе Іёрку распаўсюдзілася чутка, быццам дэ-Брасі, дэ-Буагільбер і саюзнік іх Фрон дэ-Бёф узяты ў палон ці забіты. Фіц-Урс сам данёс прынцу аб гэтай чутцы, дадаўшы, што яна яму здаецца тым больш праўдзівай, што гэтыя рыцары паехалі з вельмі невялікім атрадам слуг і хацелі зрабіць напад на Седрыка-Саксонца і на яго дружыну.

У іншы час прынц палічыў-бы падобны намер вельмі пацешным, але на гэты раз ён пераблытваў яго ўласныя планы, а таму ён пачаў дакараць зачыншчыкаў такога непарадку і парушыцеляў законаў.

— Свавольныя марадзёры! — крычаў прынц. — Калі я калі-небудзь буду англійскім каралём, я буду вешаць такіх непаслушнікаў на пад’ёмных мастах іх уласных замкаў!

— Але для таго, каб зрабіцца англійскім каралём, — холадна сказаў прысяжны дарадца, — трэба, каб ваша светласць не толькі церпяліва перанесла непаслухмянства гэтых свавольных марадзёраў, але, наадварот, узяла-б над імі ўсялякае апякунства. Мы зайшлі так далёка, што адступаць не зусім бяспечна.

Прынц Іоан нервова хлопнуў сябе далоняю па лбу і пачаў шырокім крокам хадзіць па пакоі.

— Падлюгі, — бурчэў ён, — агідныя здраднікі! Пакінулі мяне ў такую важную хвіліну!

— Хутчэй можна назваць іх лёгкадумнымі блазнюкамі, — сказаў Вальдэмар, — таму што, напэўна, яны займаюцца глупствам, замест таго, каб рабіць сапраўдную справу.

— Што-ж нам аднак рабіць? — сказаў раптам прынц, спыняючыся перад Вальдемарам.

— Не ведаю, што можна-б зрабіць, — адказаў Фіц-Урс, — акрамя таго, што ўжо зроблена. Я не прыйшоў-бы да вашай светласці разам гараваць аб нашых няўдачах, каб не даў загад пусціць у ход усякія захады для папраўкі справы.

— Ты заўсёды быў маім добрым геніем, Вальдэмар, — сказаў прынц. — Калі ў мяне заўсёды будзе такі таленавіты і старанны канцлер, маё цараванне будзе праслаўлена ў летапісах гэтай краіны… Ну, як-жа іменна ты распарадзіўся?

— Я загадаў Луі Вінкельбранду, старэйшаму памочніку Морыса дэ-Брасі, трубіць збор, усёй яго дружыне сесці на коняй, разгарнуць яго сцяг і зараз-жа ехаць у замак барона Фрон дэ-Бёф на выручку нашых сяброў, пакуль яшчэ не позна.

Прынц Іоан пачырванеў ад прыкрасці.

— Ці не занадта шмат ты на сябе бярэш, Вальдэмар Фіц-Урс? — усклікнуў ён. — Якая дзёрзкасць! Загадвае ў трубы трубіць, і сцяг распускаць, тады як мы самі тут прысутнічаем і ніякіх загадаў наконт гэтага не давалі!

— Прабачце, ваша вялікасць, — сказаў Фіц-Урс, у душы праклінаючы пустахвальства свайго патрона, — але марудзіць было нельга, тут кожная хвіліна дорага, а таму я і адважыўся ўзяць на сябе ўсю адказнасць у справе, якая так важна для бяспекі вашай светласці.

— Я табе дарую, Фіц-Урс, — сказаў прынц з важнасцю, — добры намер адкупляе тваю неабдуманую паспяховасць… Але каго я бачу? Клянусь крыжам, гэта сам дэ-Брасі… У якім страшэнным выглядзе ён з’яўляецца перад намі!

Сапраўды, гэта быў дэ-Брасі, з акрываўленымі шпорамі і тварам, расчырванелым ад шалёнай язды. Усё яго ўзбраенне мела відавочныя сляды нядаўняй упартай бойкі, яно было праломлена, памята, у шмат якіх месцах запэцкана крывёю і граззю, а пыл густым пластам пакрываў рыцара з галавы да ног. Расцягнуўшы шлем, ён паставіў яго на стол і з хвіліну стаяў моўчкі, як-бы збіраючыся з сілаю, каб паведаміць прывезеныя весткі.

— Дэ-Брасі, — сказаў прынц Іоан, — што гэта значыць? Гавары, я табе загадваю! Саксонцы ці што, абурыліся?

— Гавары, дэ-Брасі, — прагаварыў следам за прынцам Фіц-Урс, ты заўсёды быў мужны чалавек… Дзе храмоўнік… і дзе Фрон дэ-Бёф?

— Храмоўнік уцёк, — сказаў дэ-Брасі, — а барона Фрон дэ-Бёф вы больш не ўбачыце, ён загінуў у распаленай магіле, сярод пылаючых руін свайго замка… Я адзін выратаваўся і прыйшоў паведаміць вам аб гэтым.

— Дрыжыкі бяруць ад такіх вестак, — сказаў Вальдэмар, — хоць ты і гаворыш пра пажар і полымя.

— Горшыя весткі наперадзе, — сказаў дэ-Брасі і, падышоўшы бліжэй да прынца, прагаварыў ціхім і выразным голасам:

— Рычард тут, у Англіі. Я яго бачыў і гаварыў з ім.

Прынц Іоан збялеў, захістаўся і ўхапіўся за спінку дубовага крэсла, каб не ўпасці.

— Ты брэдзіш, дэ-Брасі, — сказаў Фіц-Урс, — гэтага быць не можа.

— Гэта праўда, — сказаў дэ-Брасі. — Ён узяў мяне ў палон і гаварыў са мною.

— Ты гаварыў з Рычардам Плантагенетам? — прадаўжаў дапытваць Фіц-Урс.

— Так, з Рычардам… Плантагенетам, — адказаў дэ-Брасі, — з Рычардам Львінае Сэрца… з Рычардам, каралём англійскім…

— І ты быў яго палонным? — сказаў Вальдэмар. — Значыцца ён ідзе на чале моцнага войска?

— Не, ён быў толькі са жменькаю вольных іёменаў, ды і тыя не ведаюць, хто ён такі. Я чуў, як ён выказваў намер развітацца з імі. Ён толькі затым і прыстаў да іх, каб дапамагчы ўзяць замак Торкільстон.

— Так, так, — прагаварыў Фіц-Урс, — у гэтым я пазнаю характар Рычарда… Сапраўдны вандроўны рыцар, заўсёды гатовы ўвязацца ў прыгоды, у надзеі на сваю асабістую сілу. Што-ж ты думаеш рабіць, дэ-Брасі?

— Я?.. Я прапанаваў Рычарду паслугі маёй вольнай дружыны, але ён адмовіўся. Завяду сваіх людзей у Гуль, пасаджу на караблі і паеду з імі ў Фландрыю. Дзякуючы непакойнаму часу, ваеннаму чалавеку ўсюды знойдзецца справа. А ты, Вальдэмар, ці не думаеш адкласці ўсякую палітыку ў бок, узяцца за шчыт і кап’ё і так сама накіравацца разам са мною.

— Для гэтага я занадта стары, Морыс, і ў мяне яшчэ дачка на руках, — адказаў Вальдэмар.

— Аддай яе за мяне, Фіц-Урс. Я змагу з дапамогаю свайго ратнага ўзбраення ўтрымліваць яе зусім добра, — сказаў дэ-Брасі.

— Не, — адказаў Фіц-Урс, — я думаю схавацца ў тутэйшым храме святога Петра… Бачыш, архіепіскап з’яўляецца нам блізкім сваяком.

Пакуль яны гутарылі, прынц Іоан паступова апрытомнеў ад аслупянення, якое яго ахапіла пасля нечаканай весткі. Ён уважліва прыслухоўваўся да гутаркі сваіх прыхільнікаў.

— Яны ад мяне адступаюцца, — разважаў ён сам з сабою, — паспелі ўжо адпасці, як сухое лісце пры першым подыху асенняга ветра! Няўжо нельга будзе нічога зрабіць у сваю карысць, калі гэтыя агіднікі канчаткова кінуць мяне?

Ён маўчаў, потым засмяяўся ненатуральным, фальшывым смехам, які надаваў агідны выраз яго твару і голасу.

— Ха-ха-ха, любыя, я лічыў вас разумнымі людзьмі, адважнымі і разумнымі воінамі… І што-ж? Вы адмаўляецеся ад багацця, ад пашаны, ад радасцей жыцця, словам, ад усяго, што нам абяцаў наш намер… і прытым адмаўляецеся ў такую хвіліну, калі трэба толькі зрабіць адзін смелы крок — і перамога была-б атрымана!

— Не разумею! — сказаў дэ-Брасі. — Як толькі разнясецца чутка, што Рычард вярнуўся, ён у момант апыніцца на чале цэлай арміі, і тады нам будзе дрэнна! Я-б вам параіў, мілорд, уцякаць у Францыю або шукаць апекі ў каралевы-мацеры.

— Я ні ў кога не шукаю абароныі! — ганарліва адказаў прынц Іоан. — Калі б я толькі думаў аб сваёй бяспецы, мне варта сказаць адно слова брату… і справа будзе выйграна. Але хоць вы абодва, і ты, дэ-Брасі, і Вальдэмар Фіц-Урс, не задумваючыся, адступаецеся ад мяне, мне было-б непрыемна глядзець, як вашы адсечаныя галовы тырчаць над Кліфордскай брамай. Ты, здаецца, уяўляеш, Вальдэмар, што хітры архіепіскап не выдасць цябе ўласнымі рукамі з-пад самага алтара, калі гэта дапаможа яму выслужыцца перад Рычардам? А ты, дэ-Брасі, забыўся, што на шляху адсюль у Гуль стаіць лагерам Роберт Эстотвіль і граф Эсекс склікаў туды сваіх прыхільнікаў? Калі мы мелі прычыны непакоіцца гэтых зборышчаў нават тады, калі аб звароце Рычарда і гаворкі не было, як ты мяркуеш цяпер, на чыім баку будуць іх правадыры?.. Павер мне, у аднаго Эстотвіля досыць войска, каб утапіць цябе з усёю тваёю вольнаю дружынаю ў водах Гомбра.

Фіц-Урс і дэ-Брасі паглядзелі адзін на аднаго ў неразуменні.

— Нам застаецца адзін сродак, — прадаўжаў прынц, — прадмет нашага жаху вандруе адзін… Трэба дзе-небудзь прысачыць яго.

— Я за гэта не возьмуся, — спешна адказаў дэ-Брасі. — Ён узяў мяне ў палон і дараваў. Я не згодзен пашкодзіць хоць-бы адно пяро на яго шлеме.

— Ды хто-ж табе загадвае наносіць яму шкоду? — прагаварыў прынц Іоан з праразлівым смехам. — Ты, можа, яшчэ будзеш расказваць, што я цябе падгаварваў яго забіць… Не, турма лепш усяго; а дзе ён будзе зняволены, у Аўстрыі або ў Англіі ці не ўсёроўна? Ён апыніцца ў такім самым становішчы, у якім быў, калі мы пачыналі сваё прадпрыемства. Мы-ж таму і пачалі справу, што спадзяваліся, што Рычард застанецца ў палоне ў Германіі… Вядома, што дзядзька наш Роберт і жыў і памёр у замку Кардзіф.

— Так-то так, — сказаў Вальдэмар, — але ваш пакойны бацька значна мацней сядзеў на прастоле, чым гэта магчыма для вашай светласці. Памойму самая лепшая турма тая, ад якое ключы хаваюцца ў панамара. Няма нічога лепшага падземнага скляпення пад царквою! Больш мне няма чаго сказаць.

— Ці турма, ці магіла, гэта мяне не датычыць, — сказаў дэ-Брасі. — Я ўмываю рукі.

— Нягоднік! — сказаў прынц Іоан. — Спадзяюся ты яму не данясеш падрабязнасцей нашай нарады?

— Я яшчэ ніколі не быў даносчыкам, — напышліва сказаў дэ-Брасі, — і не прывык, каб мяне называлі нягоднікам.

— Годзе, годзе, сэр рыцар! — умяшаўся Вальдэмар. — А вы, гасудар, даруйце ўразлівасці адважнага дэ-Брасі. Я спадзяюся ўгаварыць яго і перамагчы яго хістанні.

— Дарма траціш сваё красамоўства, Фіц-Урс, — адказаў дэ-Брасі.

— Ну, што гэта, мой добры сэр Морыс! — прадаўжаў хітры дыпламат. — Не кідайся ў бок, быццам спуджаны конь, а спачатку разгледзьце добра, чаго вы так спалохаліся. Гэты Рычард… Не далей як пазаўчора ты быў-бы вельмі здаволены, каб сустрэўся з ім твар у твар на ратным полі… Я сто разоў чуў, як ты марыў аб гэтым.

— Яшчэ-б, — адказаў дэ-Брасі, — іменна, як ты сказаў, твар у твар, і ў ратным полі! А калі-ж я гаварыў, што хацеў-бы напасці на яго адзін у глухім лесе?

— Які-ж ты рыцар, калі гэта цябе палохае, — сказаў Вальдэмар. — Хіба Ланселот дэ-Ляк і сэр Трыстрам набывалі сабе вялікую славу на ратным полі? Яны якраз тым і праславіліся, што нападалі на асілкаў і волатаў у глыбіні дзікіх і нязведаных лясоў.

— Так, — сказаў дэ-Брасі, — толькі ручаюся, што ні Трыстрам, ні Ланселот не справіліся-б у ручной бойцы з Рычардам Плантагенетам; а адпраўляцца ўдваіх супроць аднаго чалавека ў іх не было ў звычаі.

— Ты вар’яцееш, дэ-Брасі, — сказаў Фіц-Урс. — Ці разумееш ты, што мы прапануем табе, наёмнаму начальніку вольнай дружыны, якая за грошы ўзялася служыць прынцу Іоану? Табе вядома, дзе знаходзіцца наш вораг, а ты не адважышся і не зразумееш, тады як лёс твайго апекуна і тваіх таварышоў, і ўласнае тваё жыццё, жыццё і гонар кожнага з нас залежыць ад гэтага.

— Я вам гавару, — панура сказаў дэ-Брасі, — што ён дараваў мне жыццё. Праўда, ён прагнаў мяне з вачэй, адмовіўся ад маіх паслуг… Значыцца, я не абавязан яму ні падначаленнем, ні адданасцю… Але я не магу падняць на яго руку.

— Ды і не трэба. Пашлі Луі Вінкельбранда з двума дзесяткамі тваіх копейшчыкаў.

— У нас досыць і сваіх агіднікаў, — сказаў дэ-Брасі. — З маіх ні адзін не пойдзе на гэту справу.

— Ты аднак вельмі ўпарты, дэ-Брасі, — сказаў прынц Іоан. — Няўжо ты пакінеш мяне пасля ўсіх тваіх запэўненняў у адданасці і стараннасці?

— Я не хочу вас пакідаць, — сказаў дэ-Брасі. — Гатоў служыць вам ва ўсім, што прыстойна рыцарскаму званню як на турніры, так і на ратным полі, але разбойніцкія замашкі мне агідны.

— Вальдэмар, падыдзі сюды… да мяне, бліжэй, — сказаў прынц Іоан. — Які я няшчасны прынц! Вось у бацькі майго, караля Генрыха, былі верныя слугі: яму варта было толькі сказаць, што яму абрыдзеў такі вось бунтар з духоўнага звання, і кроў Фамы Бекета пралілася на ступені алтара, у якога ён служыў… дарма што яго лічылі святым! Хоць у Рэджынальда Фіц-Урс і застаўся сын, але ён не ўнаследваў адвагі бацькі!

— Не, у яго няма недахопу ні ў тым ні ў другім, — сказаў Вальдэмар Фіц-Урс, — і калі больш няма каму выканаць гэту небяспечную задачу, я бяру яе на сябе. Дэ-Брасі, даручаю табе падтрымліваць бадзёры настрой у падаючых духам, і будзь асабістым вартаўніком прынца. Калі мне ўдасца прыслаць вам вестку аб удачы майго плана, поспех нашага прадпрыемства будзе без сумнення… Гэй, паж, бяжы ў маю кватэру і скажы майму зброяносцу, каб чакаў мяне і ўсё падрыхтаваў… Перадай Стывену Ветролю, дужаму Торсбі і траім братам Спірс з Спайнгау, каб зараз-жа з’явіліся да мяне… І няхай паклічуць галоўнага выведніка Гуга Бардона… няхай таксама чакае мяне. Бывайце, прынц, да пабачення!

Сказаўшы гэта, ён выйшаў з пакоя.

— Адпраўляецца браць у палон майго брата, — сказаў прынц Іоан Морысу дэ-Брасі, — і адчувае ён пры гэтым сябе так-жа, як быццам справа ідзе аб арышце якога-небудзь саксонскага франкліна! Спадзяюся, што ён будзе строга выконваць нашы наперад акрэсленыя планы і з належнай пашанай абыдзецца з асобай нашага любімага Рычарда.

—Дэ-Брасі замест адказу толькі ўсміхнуўся.

— Мы далі яму наконт гэтага самыя дакладныя ўказанні, — прадаўжаў прынц, — толькі ты, можа, не чуў нашай гутаркі, таму што мы ў той час стаялі ля поўкруглага акна… Я вельмі ясна і станоўча загадаў яму берагчы Рычарда, і гора Вальдэмару, калі ён парушыць маю волю… Я з яго галаву зніму!

— Дык я лепш схаджу да яго на кватэру, — сказаў дэ-Брасі, — і яшчэ раз паўтару яму больш дакладна загады вашай светласці; таму што, калі я не чуў такіх вашых слоў, магчыма і Вальдемар іх не расчуў.

— Не, не! — сказаў прынц нервова. — Напэўна, ён расчуў, павер мне. Да таго-ж мне трэба з табою пагаварыць. Падыдзі сюды, Морыс, дай мне абаперціся на тваё плячо.

У гэтай панібрацкай позе яны абышлі ўсю залу кругом, і прынц распачаў сяброўскую гутарку.

— Якой ты думкі аб гэтым Вальдэмары Фіц-Урс, мой любы дэ-Брасі? Ён спадзяецца быць пры мне канцлерам; але мы пачакаем і добра падумаем, ці можна даручыць такую высокую пасаду чалавеку, які выказвае вельмі слабую пашану да нашага рода і ахвотна бярэцца ўзначаліць гэту экспедыцыю супроць Рычарда. Ты, можа, думаеш, што некалькі страціў у нашых адносінах да цябе тым, што так смела адмовіўся ад гэтага непрыемнага даручэння? Не, Морыс!.. хутчэй можна сказаць, што мая павага да цябе павялічылася, бачачы тваю сумленнасць і цвёрдасць. Здараецца, што нам аказваюць неабходныя паслугі, а мы ўсё-такі не маем сілы ні любіць, ні паважаць тых, хто іх аказвае, а з другога боку, бывае, што проста адмаўляюцца нам служыць, і мы за гэта пранікаемся яшчэ большай павагай да непаслушнікаў. Я знаходжу, што арыштаваць майго няшчаснага брата не такая ўжо вялікая заслуга, каб за яе ўзнагародзіць тытулам канцлера… Але за тое ты сваім рыцарскім адмаўленнем хутчэй заслугоўваеш тытула і посах галоўнага маршала… Падумай аб гэтым, дэ-Брасі, і ідзі, выконвай сваю справу.

— Капрызны тыран! — мармытаў пра сябе дэ-Брасі, выйшаўшы ад прынца. — Дрэнна будзе таму, хто табе даверыцца. Канцлер… Скажыце, якая ласка! Нялёгкую задачу возьме на сябе чалавек, які будзе кіраваць тваім сумленнем. Але маршальскі посах… Галоўны маршал Англіі, — прагаварыў ён, працягваючы рукі наперад, як-бы жадаючы схапіць гэты посах і ідучы больш паважна, — гэта сапраўды такое званне, з-за якога варта паклапаціцца!

Як толькі дэ-Брасі пайшоў з яго пакояў, прынц Іоан паклікаў слугу І сказаў яму:

— Скажы Гугу Бардону, нашаму галоўнаму выведніку, каб прыйшоў да мяне адразу ж пасля таго, як пагаворыць з Вальдэмарам Фіц-Урс.

Праз самы кароткі час, у працягу якога прынц трывожнымі і хуткімі крокамі хадзіў па пакоі, галоўны выведнік з’явіўся.

— Бардон, — сказаў прынц, — што табе загадаў Вальдэмар?

— Даць яму дваіх адважных людзей, якія добра знаёмы з паўночнымі ляснымі нетрамі і ўмеюць адшукваць сляды чалавека і каня.

— І ты можаш дастаць такіх людзей?

— Ужо наконт гэтага будзьце спакойны, гасудар. — Адзін будзе з Гексамшыра: ён гэтак-жа прывычны высочваць тайндэльскіх і тэвіётдэльскіх зладзеяў, як ганчак чуе след параненага аленя. Другі з Іёркшыра і нямала на сваім вяку пастраляў дзічыны ў шэрвудскіх лясах; ён ведае кожную сцежку, кожны загон, кожную палянку і гушчар, адсюль аж да Рычмонда.

— Ну, добра, — прагаварыў прынц. — А сам Вальдэмар таксама едзе з імі?

— Вось зараз выязджаюць, — сказаў Бардон.

— А пры ім хто яшчэ? — запытаў Іоан бесклапотным тонам.

— Дужы Тарсбі паедзе з ім, ды Ветроль, якога за яго жорсткасць празвалі Стывен Сталёвае сэрца, і яшчэ трое паўночнікаў з былога атрада Ральфа Мідльтона; іх завуць братамі Спірс з Спайнгау…

— Добра, — сказаў прынц Іоан і, памаўчаўшы з хвіліну, дадаў: — Бардон, для карысці нашай службы трэба, каб ты ўстанавіў строгі нагляд за Морысам дэ-Брасі… толькі так, каб ён аб гэтым не даведаўся. Ад часу да часу данось мне, як ён сябе паводзіць, з кім гутарыць, што намерваецца рабіць. Пастарайся пра ўсё даведацца дакладна, таму што адказнасць кладзецца на цябе.

Гуг Бардон пакланіўся і выйшаў.

— Калі Морыс мне здрадзіць, — сказаў прынц Іоан, — калі ён мяне выдасць, як таго можна чакаць, мяркуючы па яго манеры трымаць сябе, я з яго галаву зніму, хоць-бы ў гэту хвіліну сам Рычард ламаўся ў вароты Іëрка.