Акадэмік Я. Ф. Карскі

Акадэмік Я. Ф. Карскі
Некралог
Аўтар: Антон Луцкевіч
1931
Крыніца: БЗвон. 1931. 12 тр.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Толькі цяпер у газэтах зьявіўся перадрук паведамленьня савецкае прэсы аб вялікай утраце беларускага навуковага сьвету: 29 красавіка памёр у Ленінградзе найвыбітнейшы беларускі філёляг акадэмік Я. Ф. Карскі.

Імя Карскага ведама ва ўсім культурным сьвеце, сярод якога ён папулярызаваў беларускую справу сваімі навуковымі працамі аб беларускай мове. У 1886 годзе выйшла яго першая кніжка пад назовам «Агляд гукаў і форм беларускае мовы» (у расейскай мове). А сьледам за ёй у даўжэйшых адступах часу выходзіць часткамі капітальная праца яго п. н. «Беларусы» (ізноў жа ў расейскай мове), якая ў сваіх сямёх вялікіх томах творыць падставу для навуковых досьледаў аб беларускай мове ды зь яе ж паўстае і навукова апрацаваная Бр. Тарашкевічам практычная граматыка беларускае мовы. У апошнія гады ў Бэрліне выйшла даволі вялікая праца яго аб беларусах у нямецкай мове. У кароткай заметцы, пісанай насьпех пасьля атрыманьня сумнае весткі аб сьмерці Карскага, нельга даць вычэрпываючае інфармацыі аб дзеяльнасьці яго. Праўда, узгадаваны ў расейскім духу Карскі ніяк ня мог праняцца нашай адраджэнскай ідэалёгіяй і асабліва непрыязна адносіўся да незалежніцкага кірунку, што і адбілася на зьмесьце выданай у 1922 годзе трэцяе часткі ІІІ тому «Беларусаў», пасьвячонай новай беларускай літаратуры. Але той вялізарны ўклад, які зроблены ім у навуковую скарбніцу, тыя досьледы аб беларускай мове, вынік якіх зьмешчаны ў «Беларусах», — гэта такія вялікія цэннасьці, што дзеля іх кожны беларус мусіць з пашанай скланіць галаву перад сьвежай магілай выдатнага вучонага.