Актава (Мілюць)
Актава Аўтар: Алесь Мілюць Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 324 |
Зіма… На шыбах кладуцца вузоры,
Спіць усё пад халоднай пасцеляй снягоў…
Эх, колькі дзіваў у вольным прасторы!
Колькі ўсюды разліта д’яментаў-агнёў!..
Край мой! Хоць сёння ты ў смутку і горы
Бачыш крыўду і здзек сваіх верных сыноў, —
Усё ж надыдзе той час — ажыве ўсё кругом
І ты новым шчаслівым паўстанеш жыццём.