Акт Шавельскага ваеннага саюза (канфедэрацыі)
16 красавіка. Акт Шавельскага ваеннага саюза (канфедэрацыі) Аўтар: Рэч Паспалітая Крыніца: http://pravo.by/pravovaya-informatsiya/pomniki-gistoryi-prava-belarusi/kanstytutsyynae-prava-belarusi/akty-rechy-paspalitay/akty-pa-stannya-i-vayny-1794-goda/16-krasavika-akt-shavelskaga-vaennaga-sayuza-kanfederatsyi/ |
Мы, ніжэйпадпісаўшыяся, верныя святым абавязкам свайго прызначэння з найбольшым запалам служыць Айчыне, не можам не адчуваць сапраўдных важных пабудак, а таксама наймацнейшых прычын ахвяраваць сябе на яе паратунак і абарону, чаго гінуючая патрабуе ў добра знаёмых сучасных абставінах ад нас, схіленым у найвышэйшай павазе перад гераічнай дбайнасцю сабратоў і нашых калег, рэхам абывацельскага добрадзейства, якое дайшло да ведама і сардэц нашых праз розныя загароды здрадніцкага насілля, тыранскія гвалты і агульны ўціск улады.
Будучы перакананымі, што ўсе мы, колькі нас ёсць, абавязаны старацца выратаваць Айчыну, набыць Рэч Паспалітую і свабоды абывацеляў, далучыць да прыкладнай стараннасці нашых братоў і калег наш святы запал, не шкадуючы крыві і жыцця на аднаўленне згубленай нашай Айчыны, на адоленне тыраніі і знішчэнне здраднікаў, заклікаем у сведкі нашых сардэц найвышэйшага бога, а перад тварам яго і ўсіх агулам абывацеляў і жыхароў той беднай, здрадай, рабункамі і лютым дэспатызмам згубленай Айчыны ўзяцца за тую зброю, якую ў нас ледзьве не вырваў тыран, падняўшы яго супраць яе самой, прысягаючы ратаваць вольнасць і Айчыну і бараніць яе ад апошняй страты, злучыўшыся ў адзін моцны і неразрыўны вузел, які ні збройны гвалт, ні выкруты і інтрыга памножаных спісаў ні аслабіць, ні знішчыць у нас нездольны.
А каб ніякія ўплывы або якія-небудзь здрадніцкія ўчынкі значна не шкодзілі вынікам, то засцерагаем той наш святы саюз мерай найсуровейшай кары. Найпершым нашым абавязкам будзе жыць пад лозунгам вольнай і выратаванай краіны або згінуць са зброяй у руках пры абароне яе ўсякімі сродкамі.
Такі дагавор перад прыняццем прысягі нашай жадаем мець згодна з сабратамі нашымі і абывацелямі Кароны ў адзіным жа духу і намеры ў доказ чаго прызнаем і выбіраем за найвышэйшага начальніка сілы ўсяго ўзброенага народа Тадэвуша Касцюшку. А каб усю нашу сілу, хаця і кволую яшчэ, але ў мужнасці і ў найстараннейшай выразнасці вялікую зараз дзейсна скарыстаць і спраўна накіраваць на агульны паратунак у гэтак важным і значным намеры, то мы, ніжэй падпісаўшыяся, выбіраем водцам і начальнікам усяе ўзброенай правінцыі Вялікага княства Літоўскага ягомосць Антона Хлявінскага, генерал-маёра, і заклікаем усе як адзін голасам і сэрцам яго на службу Айчыне, абы ён па вядомай сваёй стараннасці і асветнасці і адпаведна найвышэйшаму даверу, якім надзяляем за яго абывацельскія годнасці і мужнасць, скіроўваў да ўзгодненай мэты ўсе сродкі дзейсна і спраўна, якія толькі край і добрадзейныя абывацелі заяводстваў, паветаў, муніцыпальнасцяу і ў цэлым усе жыхары ўсяе правінцыі свой запал у агульным інтарэсе могуць яму аддаць і чым бы ён вольнасць згубленай Айчыне, змучанаму абывацельству свабоды, зброю ж польскаму і сорам пакрытаму рыцарству славу і гонар вярнуў, а сабе атрымаў бы вечную памяць у нашчадкаў і набыў падзяку Айчыны і любоў суайчыннікаў.
Ніжэй тэкст прысягі, на якую запісаныя асобы перад судом прысягнулі наступнымі словамі. Я прысягаю богу і адзінай святой троіцы, што далучаюся да саюза народа польскага і княства Літоўскага на абарону вольнасці, роўнасці і незалежнасці, а таксама паўстанне польскага народа бараніць буду асабіста і маёмасцю верна і дабрадушна, не шукаючы у тым уласных карысцяў, а асабліва дабру народа і ўчыненай уладзе таго саюза паслухмяным і падлеглым буду. Ды паможа мне пан бог і нявінная мука яго.
Які той наш акт пры выкананай прысязе сваімі рукамі падпісаны аддаём у акты шавельскай зямлі Жмудскага княства Антон Хлявінскі, генерал-маёр, камандуючы, Рамуальд Гедройц, генерал-маёр, Ксаверы Несялоўскі, шэф, Мікалай Сулістроўскі, брыгадзір першай брыгады кавалерыі народнай, Мартын Белазор, маёр 3-й брыгады літоўскай, Дамінік Крыцкі, маёр І-й літоўскай брыгады, Ігнаці Гецэвіч, паручнік 3-га палка і яшчэ 13 подпісаў.
Рэдактарскі пераклад з польскага. Арыгінал гл.: Zytkowicz L. «Litwa I Korona w r. 1794» // Аtеnеum Wilenskie. 1937. R.12. S.164 — 169. 566.
Стогн: Паўстанне і вайна 1794 г. ў Літоўскай правінцыі: Дакументы / Дзяржаўны камітэт па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Археаграфічная камісія; пад рэд. Яўгена Анішчанкі. — Мінск: Пейто, 2002. — С. 46—48.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).
Падрабязней гл. у дакументацыі.