Алесь Гарун. Матчын дар (Лёсік)
Алесь Гарун. Матчын дар (рэцэнзія) Публіцыстыка Аўтар: Язэп Лёсік Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», №26, 14 ліпеня 1918 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — с. 302. |
Алесь Гарун. Матчын Дар. Думы і песні 1907— 1914 гг. Кніга выдана коштам Народнага Сакратарыяту Беларусі. Менск. Стар. 128. Цана 2 рб.
Вершы, умешчаныя ў зборніку «Матчын Дар», напісаны аўтарам у няволі на працягу 1907—1914 гг., часткаю ў турме, а часткаю ў Сібіры, дзе аўтар адбываў кару за палітычны рух 1905 года. Яшчэ ў 1914 г. зборнік гэтых вершаў перасылаўся з Сібіры да Вільні, дзе яго рыхтавалася выдаць існаваўшае ў той час «Беларускае Выдавецкае Таварыства», але паўстаўшая тагды вайна ўнемажлівіла выйсце кнігі на цэлых чатыры гады.
Варункі, у каторых пісаліся вершы — няволя ў турме і разлука з родным краем у Сібіры — налажылі моцны адбітак на паэзію аўтара. Усе творы яго гэтага часу праняты грамадзянскім сумам па зняважанай, падупалай бацькаўшчыне і горкай тугою па міламу роднаму краю, каторага, як тагды здавалася аўтару, не ўбачыць ён болей ніколі. І, марнуючы сваё маладое жыццё ў цяжкім выгнанні, паэт, як тая Яраслаўна ў «Слове аб палку Ігара», звяртаецца ў горкім суме да ветру:
Ветрэ, ветрэ вольны.
Стой, зрабі паслугу!
Буду спосаб меці,
Аддзякую, другу.
Злётай, лёгкі, бордза
Ў край, адкуль я родам...
. . . . . . . . . .
У краю тым — старонцэ:
Брат мой беларусін
Гібее без слонца.
Там усім паклонам
Нізкім ты скланіся.
Хай жывуць, красуюць...
А потым вярніся.
Гэтта скажаш, браце.
Мне, што там убачыш,
Буду спосаб меці,
Паглядзіш, аддзячу!
Ніводзін народ на свеце не выявіў у пісьменстве такога замілавання да сваёй айчыны, як наш беларускі народ! Хто з нас не памятае хвалюючых душу вершаў Якуба Коласа: «Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы»? Гэтакае замілаванне да спакутанага роднага краю мы спатыкаем і ў Алеся Гаруна. Там, дзе ён звяртаецца, пакутуючы ў выгнанні, да радзімай стараны, чуецца нешта стыхійнае, як біблійны плач «На рэках Бабілонскіх»:
Чаму з маленства, з ураджэнства,
У жыццёвы май,
Ні ўмеў, як маці, шанаваці
Цябе, мой край? —
пытае самога сябе паэт, а далей гаворыць:
То ж я с тваёю ключавою,
Сьвятой вадой.
Напіўся болю аб нядолі.
Бядзе людской.
Я браў, ні бачыў і ні аддзячыў
табе нічым.
Бо счараваны - цябе, укаханы;
Ні знаў саўсім.
Алесь Гарун — паэт самабытны, наскрозь арыгінальны і без жаднага надворнага ўплыву. Верш яго звонкі і чысты, як крышталь. Кожнае слова верша займае сваё месца, і ўсе творы яго напісаны так, што ў іх, дапраўды, словам цесна, а думкам прасторна. «Матчын Дар» — адмысловы падарунак у скарбніцу беларускай літаратуры, каторы надаў бы гонару прыгожаму пісьменству і высокакультурнага народу.
Нашых пісьменнікаў нельга раўняць з пісьменнікамі іншых народаў. Міцкевіч і Пушкін, Талстой і Гётэ — людзі заможных станаў, для каторых пісьменства было ядынаю працай у жыцці, заданнем і зместам іх жыцця. Іх не турбавала думка аб чорным хлебе, яны не гнулі сваіх спін над цяжкай фізічнай работай. Яны вольна і спакойна аддаваліся натхнёнай творчасці, не баючыся таго, што не будзе чаго есці. Яны не баяліся таго, што літаратурная творчасць адбярэ ў іх час, патрэбны для здабыцця штодзённага хлеба. Не тое ў нас. Нашы пісьменнікі — працоўныя, бедныя людзі. Яны не маюць магчымасці пасвяціць сваё жыццё пісьменству, а прымушаны аддаваць свой час цяжкай працы для здабыцця чорнага хлеба. І мы бачым, што Алесь Гарун — сталяр па прафесіі,— не разгінаючы спіны ад сталярскай работы, надарыў нас такімі мастацкімі, натхнёнымі творамі, каторыя надалі б славы кожнаму культурнаму народу — калі мы бачым і маем гэта, дык маем права гардзіцца, беларусы! Гэта сведчыць а вялікай здольнасці нашага народу. Вялік беларускі народ і ў рэнегацтве. Міцкевіч, Касцюшка, Дастаеўскі, Сыракомля — дык якія ж шырокія магчымасці адчыняюцца перад намі, калі мы станем на ўласныя ногі, адбудуем сваё ўласнае гаспадарства ды перастанем быць павабным папасам для чужынцаў! Будзь горд, беларус! Перад табою светлая і вялікая будучыня...
Па хараству выдання «Матчын Дар» можа смела лічыцца першым у нашай маладой, багатай вялікімі магчымасцямі літаратуры. Зграбны фармат, харошая папера, ясны і чытэльны друк, адмысловая вокладка ў старым беларускім гусце работы Р. Зямкевіча, багаты змест кнігі — усё гэта надае кнізе вялікую вартасць і спраўляе прыемнае ўражанне. «Матчын Дар» можа па справядлівасці лічыцца найлепшай настольнай кнігай для інтэлігентнага беларуса. На вялікі жаль, кніга мае адну, досыць значную хібу: яна надрукавана без кароткага нашага «ў» і без «ё». Гэта абцяжае чытанне вершаў, асабліва для малазвыклага чытача. Тым часам хібнасць гэта агульная для ўсіх менскіх беларускіх выданняў, дзе друкарні недапасаваны для беларускага друку і ад чаго пры сучасных варунках ухіліцца немагчыма, не маючы на месцы словалітні.