Алесь Гарун (Краўцоў, 1921)

Алесь Гарун
Аўтар: Макар Краўцоў
1921
Крыніца: Наша Думка, 1921 - №15

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Алесь Гарун (праўдзівае імя Аляксандар Прушынскі) радзіўся ў 1890 г. ў беднай сялянскай сям’і Навагрудзкага павету Меншчыны.

Праз няхват у бацькоў патрэбных коштаў, Прушынскі ня мог атрымаць больш-менш высокай сыстэматычнай адукацыі і свае агульна-прасьветныя пазнаньні здабываў сам праз сябе на працягу свайго гаротнага і нядоўгага жыцьця.

З малых дзён сваіх мусіў ён пазнаць цяжкую працу дзеля кавалка хлеба і займаўся сталяркаю, якую любіў аж да апошніх дзён і адводзіў ёй свае рэдкія вольныя гадзіны. Аднак цяжкая сталярка ня здолела забіць поэтыцкі талент маладой душы, творчасьць якой раскошна расьцьвіла пад халодным небам Сыбіру ў Якутчыне, куды трапіў поэт выгнанцам.

За належнасьць у часе рэволюцыйнага расейскага руху 1905—1906 гг. да расейскае партыі соцыялістаў-рэволюцыянэраў максімалістаў Прушынскі быў высланы у Якуцкую вобласьць, дзе прабыў 9 гадоў на залатаносных прыісках на рэчцы Віціме.

Дзякуючы рэволюцыі ў Расіі ў 1917 г. Прушынскі, як палітычны выгнанец, скарыстаўшы з амністыі, вярнуўся ў канцы гэтага-ж самага году на Бацькаўшчыну і пасяліўся ў Менску, дзе задаўся мэтаю прывясьці ў парадак заняпаўшую „Беларускую Кнігарню", якую ён перавёў на сваю ўласнасьць, улажыўшы ў яе тыя, невялічкія грошы, што зарабіў у Сыбіру.

У канцы 1918 году, забраўшы Менск пасьля немцаў, бальшавікі знацыяналізавалі кнігарню, і поэту прышлося жыць то службаю, то крыху сталяркаю.

Па выгнаньні бальшавікоў з Менску палякамі ў канцы лета 1919 г. Прушынскі быў выбраны Старшынёю „Часовага Нацыянальнага Камітэту", які дэлегаваў яго ў сябры заснованай палякамі „Беларускай Вайсковай Камісіі", выбраўшай Прушынскага за свайго Старшыню.

Хронічна хворы на сухоты, якія яму дала ссылка, Прушынскі ня мог актыўна іграць сваю новую цяжкую ролю на становішчы Старшыні Вайсковай Камісіі, дзеля таго, што як раз пад гэты час хвароба яго давала сябе адчуваць нязвычайна моцна.

Першую палову лета 1920 г. Алесь Гарун спакойна правёў у вельмі прыгожай дачы І. Т. Вярнікоўскага—Курашоўшчыне (2 вярсты ад Менску на рэчцы Лашанцы). Слабое здароўе Прушынскага тут моцна паправлілася.

9-га ліпня 1920 г. Прушынскі мусіў пакінуць Менск, уцякаючы ад бальшавікоў праз тое, што ён быў Старшынёю Вайсковай Камісіі, і гэта эвакуацыя была яго апошнім, нявольным выездам з Бацькаўшчыны, аб якой ён маліўся на чужыне яшчэ ў Сыбіру. Зьвяртаючыся да Неба, ён казаў:

«Дай мне зрабіцца крынічкай лясною,
Бераг вадой абнімаць, цалаваць...
Дай мне век цэлы дружыці з табою
Кветкі і зоры ў сабе адбіваць».

Пры эвакуацыі з Менску па дарозе (ў Ваўкавыску) Прушынскі захварэў крываўкаю (дэзынтэрыяй) і, выехаўшы з палявым шпіталем у Кракаў, там памёр, маючы толькі 30 гадоў.

Гэтак выглядае ў кароткіх рысах прабег нядоўгага, гаротнага жыцьця поэта.

Не зазнаў ён асабістых, чалавечных радасьцяў, апрача тае, нявымоўнае радасьці творчага натхненьня, якая вельмі часта ахапляла яго душу.

Апрача работы літэрацкай, Прушынскі ня раз выступаў на палітычным беларускім полі, маючы дужыя аратарскія здольнасьці. З Сыбіру ён вярнуўся у часе магутнага палітычна - нацыянальнага руху, цэнтрам якога быў Менск. Дэлегаваны «Беларускай Соцыялістычнай Грамадой» на Усебеларускі Конгрэс 1917 году, Прушынскі выступіў перад тысячнай аўдыторыяй з вялікай прамовай і з энтузіязмам быў вітаны шэраю масай дэпутатаў са ўсей Беларусі. Апрача простага, ўсім зразумелага складу свайго прамова Прушынскага выдзелілася сваёю праграмнасьцю.

Рашуча заклікаючы да абароны вольнасьці Бацькаўшчыны, Прушынскі ясна заявіў аб патрэбе нацыянальнай аўтаноміі ўсіх народаў Беларусі.

Пры расколе Конгрэсу, Алесь Гарун прылучыўся да левай часткі яго, але актыўнасьці там не выяўляў. Аднак адным аўторытэтам сваім памог зьяднаньню Конгрэсу і недапушчэньню да компромісу з Камісарамі «Сѣверо Западнойобласти и фронта”. Усебеларускім Зьездам Прушынскі быў выбраны ў Раду Зьезду, якая сваім чынам выбрала яго сябрам «Выканаўчага Камітэту», дзе ён намячаўся сябром Беларускага Ураду, як Народны Сэкрэтар Працы. Але галоўная увага Прушынскага была зьвернена на ўпарадкаваньне свае кнігарні.

У часе окупацыі Менску немцамі (1918 г.) Прушынскі рэдагаваў першую штодзённую беларускую газету «Беларускі Шлях».

Палітычная работа, вымагаючая вялікай нэрвовай натугі, моцна падрывала слабыя сілы Прушынскага, і яго поле палітычнай чыннасьці ня было вельмі шырокім, яно не давала яму моральнага задаваленьня, і яго поэтычная натура адпачывала душою заўсёды толькі ў гадзіны натхненьня, аб чым сьведчыць яго размова са сваімі думкамі ў вершы „Думкі-дыямэнты”:

Думкі — дыямэнты, краскі жыцця
Песьні — вас гэтак люблю,
З вамі салодкіх гадзін забыцця
Часам і я пазнаю.
Жыцце-няволя у чужой старане,
Працы надмернай яром
Зараз зьнікаюць, бы у госьці ка мне,
Вы паказаліся у дом.
Слухайце-ж, думкі: як прыйдзе мой скон,
У хатку зьляціце ка мне
Хай перадсьмертны уцішыцца стон.
Сэрцо на момант спачне.
Хай засьпеваю, як лебядзь, калі
Прыйдзе гадзіна яму,
Узьнесшыся у небо ад маці-зямлі,
Рыне у адвечную цьму;
Хай засьпеваю аб сьне залатым.
Веку людзкога радства.
Роунасьці, вольнасьці, брацтва, — аб тым
Веку красы хараства.
Можа, пачуушы прэдзгонны мой сьпеу,
Сьціхла-б на сьвеці вайна…
З радасным духам-бы я паляцеу,
У царство кахання, відна.

Ужо «Наша Ніва», першая сучасная нам беларуская часопісь, што пачала выходзіць, дзякуючы вызваленчаму руху 1905—6 гг., была аздоблена вершамі Алеся Гаруна.

У 1918 г. выйшаў з друку зборнік яго вершаў „Матчын Дар”. Нажаль, гэтага зборніка мы пад рукамі ня маем і змушаны карыстацца тымі невялічкімі кавалкамі творчасьці А. Гаруна, што маем у сваім распараджэньні і якія далёка ня могуць даць шырокай магчымасьці ілюстраваць яго талент, як належала-б.

У творах сваіх А. Гарун выразна малюе клясавае палажэньне роднага народу- сяляніна, будзіць яго, кліча да адкрытай барацьбы, да выступленьня ўсею грамадой на бой з нядоляю.

У вершы «Ты мой брат» поэт навучае народ любіць свой найдаражэйшы скарб—сваю мову, якая адна толькі яшчэ й засталася ў народу неадабранаю.

У тоне гэтага вершу А. Гарун выказвае шмат агульнага з поэтамі Купалай і Зязюляй, асабліва з першым. Але ёсьць тут і свой, Алеся Гаруна, тон—гэта гучны покліч да грамадзкага злучэньня ў адну моцную масу—народ, які толькі грамадою можа ўхаваць свой скарб—мову сваю.

Зьвяртаючыся да народу, поэт кажа:

Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,
Роднай мовы сваей ні цурайся;
Як ні зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер ні зракайся.
Ад дзядоу і ад прадзедау, браце,
Гэта скарб нам адзін захавауся,
У сялянскай аграбленай хаце
Толькі ен незабраны астауся.
У старыну Беларус, ні падданы,
Гаспадарыу, быу сам над сабою
І далека у сьвеці быу знаны
За літоускай і ляшскай зямлею.
Але час прамінуу, і нядоля
На народ, як бы камень, звалілась,
Беларуская слава і воля
Адышла, адцьвіла, закацілась.
Ні зьмяняючы шэрай апраткі,
Працавау ты, як вол, гаратліва,
А у хаці тваей нідастаткі,
А на ніве тваей неурадліва.
А чаму? Ты ні здольны, ці хворы,
Ці благі гаспадар, ці пьяніца?
Мусіць, не! Бо і іншым у пору
У цябе гаспадарыць научыцца.
Сьветлы розум твой, брат, але дзетак
Ад цябе, як і усе, адбіралі
І на бацькаускі родны палетак
Працаваць-памагаць ні пушчалі.
Хто хацеу, той і сьмеу рабаваці,
Без прыпросу з‘ежджаліся госьці —
Абдзіраць, аб‘едаць, апіваці
І крышыць гаспадарскія косьці.
Можа б, ты і памер і загінуу,
Каб ні вешчая мова Бояна.
Хто ж быу добры, яе хоць пакінуу?
Як жа так, што яшчэ ні забрана?
Бо што бачылі госьцікі-гэрцы
І зямлю, і лясы, і кілімы, —
Усе забралі. А мову у сэрцы,
У сваім сэрцы хавалі-нясьлі мы.
Дык шануй, Беларус, сваю мову —
Гэта скарб нам на вечныя годы;
За пашану радзімаму слову
Ушануюць нас брацця-народы!

Жывучы ў далёкай Якутчыне, поэт не пакідае думкі ўцячы дамоў, да роднага народу, каб падняць гэты народ на барацьбу: за лепшую долю, на барацьбу рашучую, калі давядзецца „ўсё узяць ці ўсё згубіць”. Гэтыя свае парываньні ён малюе такім вершам:

Эх, сягоння, у гэту ночку
Я уцяку адгэтуль проч!
Шэрым воўкам па лясочку, —
Хай дагоніць, хто ахвоч!
Хай тагды, сярод дарогі
Станець хто — ні будзе рад:
Чорны вуж абкруціць ногі.
Буду вужам, буду гад!
Хай тагды, шукаюць у лесе
Цемных, вузкіх, воучых троп!
Як арол у паднябессе
Я узлячу над земскі строп.
У небі роуным, чыстым шляхам
Яснай зоркай палячу,
І скачуся панад дахам
Роднай вескі і ускрычу:
— Гэй, хто есьць тут! Люд галодны,
Люд пакутны! Да мяне!
Станьма, брацця, у шых паходны —
Наша горо праміне.
Досыць нам з нядолі віці
Ценкі жыцця свайго пас,
Слухай, люд: прынес я віці,
Хто за мною, брацця? — Час!
Устануць, рушаць: „Проч з дарогі!
„Хто нам хочэ заступіць?
„Мы пайшлі, мы, люд убогі,
„Усе узяць, ці усе згубіць“…
Думкі, думкі звадыяшкі,
Ах, ні мучайце мяне!
Вам усе гульні, а мне цяжка,
Мне няволя ні міне…

А як горка і марна ідзе жыцьцё поэта ў ссылцы ён выказвае ў рэдкім па харастве вершы «На Віціме»:

Адзін ў жалезнай дамавіне
Ляжу без дум, ляжу без слоў,
Не маю сноў, не бачу сноў,
Няма бажанняў і ў спаміне.
Навокал хлюпае вада —
Ракі нявернай дар няшчыры;
Наўсцяж звініць, як спевы ліры,
Паспешных хвалек чарада.
Часамі ў шчылінку зірне
Праменьчык сонца, зелень бора,
Між гор скалістая разора,
А ў ёй шумлівы вадаспад,
Заімкі беднай вокны хат,
Рыбак у чоўне прамільгне —
Нішто не вабіць больш мяне!
Няма ў душы адгучных нот,
Кудысь падзеўся рым званчасты,
А чорны сум, як гад кальчасты,
Спыняе сэрца мерны ход.
Плыву адзін у дамавіне —
Здаецца, стыне ў жылах кроў.
Так голы куст ў глухой цясніне,
Між шчэбняў скал, ў прытулку соў,
Без дум і слоў паволі гіне.

Блага жывецца адарванаму ад роднага краю поэту у дзевяцьгадовай няволі. Ня ведае ён шчасьця свайго асабістага, маленькага агульна-чалавеччага. Ён як-бы і ня жыве для сябе самога. Жыцьцё ахвяраваў ён родчаму народу і ўсе творы яго зьвіняць вечна-грамадзкім тонам. Часам вельмі лірычна збудованы верш яго пяе не аб тым, што ахапляе сабою лірыка—не аб каханьні, не аб месячных, бязсонных ночах пары рознаполых людзей, што замыкаюцца ў чадзе свайго эгоістычнага шчасьця,—Народ, вялікі і грозны, прыгнечаны і бяздольны, багаты сваёю будучынай выступае ўсюды ў тоне творчасьці А. Гаруна.

Апрача зборніка вершаў, Гарун пакідае бязсьмертную па сабе памяць у беларускай пэдагогіцы, як першы аўтор дзіцячых беларускіх п’ескаў, іграных няраз дзеткамі менскіх пачатковых школаў. П'ескі гэтыя сьведчаць аб нязвычайным разуменьні А. Гаруном дзіцячай псыхолёгіі і, часам, напісаны лёгкім вершам, як напр. баечная пьеса «Хлопчык у лесе».

30 гадоў! Які невялічкі кавалак часу! Які нядоўгі жыцьцёвы шлях, пройдзены поэтам! А сколькі нявымоўных перажываньняў, сколькі натхнёнай творчасьці, адбітай у патрыятычна-грамадзкіх вершах, пакінутых А. Гаруном на вечныя часы свайму, дасюль яшчэ нявольнаму, народу!..

Краўцоў Макар.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.