Алесь Дудар (Вольны)
Алесь Дудар Аўтар: Анатоль Вольны 1928 Крыніца: Літаратурны дадатак да газэты «Савецкая Беларусь». 1928. № 10 |
Пішу пра таго паэта, пры выступленьнях разам зь якім у прэзыдыюм прыходзяць запіскі з запытаньнямі:
— Сямейны склад выступаючых паэтаў?
А потым ужо:
— Таварыш Дудар, дазвольце з вамі пазнаёміцца.
…І таварыш Дудар дазволіць пазнаёміцца, а на другі дзень затое таварыш Дудар у роспачы будзе пісаць:
«Завядуць мяне людзі ў зьвярынец
І напішуць: рукамі не чапаць».
У роспачы на другі дзень таварыш Дудар п’е кефір і слабенькія віны.
«Люблю, кажа, піць каньяк, бо, па-першае, ён кісьленькі, а па-другое, не ап’яняе».
На выгляд Алесь Дудар вельмі сымпатычны малады хлапчук.
…Вось чаму і запіскі прыходзяць у прэзыдыюм, вось чаму, памятую, аднойчы нават нейкая старушка ветхая, дрэўная старушка, памыкнулася было гаварыць яму камплімэнты.
Сымпатычны малады чалавек выслухаў камплімэнты, а потым:
— Не іначай, кажа, як праўда-тэорыя аб тым, што ў прыродзе ніякая погань не прападае…
Бабушка абразілася і кінула какетаваць.
Алесь Дудар нам, рэдакцыйным працаўніком, вядомы тым, што ён шмат ходзіць.
Гэтай першапачатковай кваліфікацыі яго навучыў Галубок, у якога некаторы час працаваў Дудар, навучыў як якасьці, неабходнай для вандроўнага артыста.
Што і казаць, артыстам ад гэтага Дудар ня стаў, але праз тое ходзіць ён шмат і ходзіць старанна.
Цяпер вось далі Дудару ўсе магчымасьці вучыцца. Што гэта значыць:
— Працы, значыць, у цябе ніякай. Сядзі сабе, значыць, ды пасьвіствай.
А Алесь Дудар ходзіць.
Ходзіць, на хаду вершы піша. На хаду крытыкуе. На хаду залікі рыхтуе, на хаду хваробу пераходзіць.
Вось вам, таварышы-чытачы, гэтак кажучы, «надворны Дудар» — жывы Алесь Дудар.
Ну, але для нас ня так важна, дзе і з кім знаёміўся паэта, для нас больш важна яго творчасьць, як казаў адзін крытык, крытыкуючы вушы аднаго пісьменьніка
«Шавіністам, мешчанінам
Абзавуць каго папала —
Абы толькі хлеб ды чын ім,
Ды каб грошай перапала.
А тады… Тады ўсё роўна:
За камуну, за саветы,
Захлынуцца немым ровам
За цялячую катлету».
Зь вершаў Алеся Дудара.
23 сьнежня 1904 году ў лесе здохла нешта вялікае, бо ў гэты дзень, згодна календару, нарадзіўся беларус, які:
1) Пакуль што ня здрадзіў сваёй бацькаўшчыне.
2) Напісаў вышэйпададзеныя радкі, якія, будзем верыць, пазбавяць іх аўтара ад выказаных у іх нацыянальных асаблівасьцяў некаторых інтэлігентаў зь «беларусов».
Яшчэ зусім маладым, казаў Алесь Дудар, я супроць гэтага гатунку інтэлігэнцыі дэманстратыўна сьлед пакідаў.
Цяпер Алесь Дудар падрос і, не раўнуючы з другімі сучаснымі паэтамі, гэтага ўжо ня робіць, але добрыя рысы варожасьці да ўсяго здрадніцкага, да ўсяго несумленнага ў адносінах да сваёй краіны, да сваёй БССР, знайшлі сабе вялікі адбітак у яго творах.
Я некалі ахрысьціў Алеся Дудара «рэвалюцыянэрам зь пялёнак». З таго ж прыблізна часу пачынаецца і літаратурны стаж Алеся Дудара.
Яшчэ ў дзіцячыя годы Алесь Дудар прызадумаўся над сваім будучым лёсам.
З расійцаў Пушкін, думаў малады Алесь, вырас у найвялікшага паэту, Гогаль у найвялікшага празаіка, Бялінскі ў найвялікшага крытыка, а яны да гэтага яшчэ і беларусамі не былі.
Паглядзім, што зь мяне вырасьце, рашыў малады Алесь, і пачаў пісаць разам і вершы, і прозу, і крытыку.
Што лепей у Дудара выходзіць, цяжка сказаць…
Тыя, каго ён хваліць, кажуць, што крытык Алесь Дудар значна лепшы, чым паэта.
Тыя, каго ён лае, гавораць, што як крытык Алесь Дудар нікудышны, а як паэта добры.
Гэткім чынам, што вырасьце з Алеся Дудара — цяпер цяжка сказаць. Адно зразумела: і як паэт, і як празаік, і як крытык Алесь Дудар здольны.
А адгэтуль: нешта, значыць, зь яго ды вырасьце.
Хай жа расьце Алесь Дудар!