Альпурга (Міцкевіч/Клімковіч)
Альпурга (Урывак з паэмы «Конрад Валенрод») Аўтар: Адам Міцкевіч 1940 Пераклад: Міхась Клімковіч Крыніца: Полымя рэволюцыі, 1940. - №11 - с. 106-107 |
Іншыя пераклады гэтага твора: Конрад Валенрод. |
Збіты на крушню Маўрыі хаты,
Людзі ў кайданах галосяць,
Толькі Грэнада б'ецца зацята,
Ды там чума людзей косіць.
Рыцараў жменька з войск Альманзара
Б'ецца са сцен Альпугары,
Вораг-іспанец заўтра на горад
Штурмам апошнім ударыць.
На ўсходзе сонца ўзвылі гарматы,
Сцены разбітыя палі,
Крыж над мячэццю бліснуў узняты:
Замак іспанцы забралі.
Бачыў Альманзар гібель бясстрашных
Рот сваіх у абароне,
Смела прабіўся праз пікі, шашкі,
Знік і заблытаў пагоню.
Ладзяць іспанцы пір на руінах
Замку, між друзу і трунаў,
П'юць і гуляюць, плешчуцца ў вінах,
Дзеляць палонных і лупы.
Варта надворная раптам даносіць,
Што рыцар іншай краіны
Выслухаць зараз-жа старшага просіць, -
Важныя мае навіны.
Быў то Альманзар. Кінуўшы сховы,
У рукі іспанцаў здаецца,
Просячы толькі рыцараў слова,
Што ён жывы застаецца.
- Іспанцы, - кажа, - чалом з парога
Б'ю я ў пакоры глыбокай,
Буду служыць я вашаму богу
Верыць у вашых прарокаў.
Слава ж хай светам пройдзе стократы,
Што я - араб і палонны -
Вам - пераможцам, стаць хачу братам,
Васалам вашай кароны.
Цаніць умеюць іспанцы мужнасць.
Ледзь Альмонзара пазналі,
Старшы абняў яго, іншыя дружна,
Шчыра, як брата, віталі.
Вітаў Альманзар усіх сардэчна,
Старшага ж іх як найболей,
Хватаў за рукі, сціскаў за плечы,
К вуснам прынік аж да болю.
Потым аслаб ён, паў на падлогу,
Трэсліся рукі ў знямозе,
Калі іспанцу чалмою ногі
Блытаў і поўз па падлозе.
Глянуў ён потым... Дзівяцца людзі:
Бледны, як здань тая ўночы,
Смех бы вар'яцкі; бегаюць, блудзяць
Кроўю набракшыя вочы.
- Гляньце, гяуры! Кім я пасланы?
Каб паміраць з вамі разам,
Вас ашукаўшы, ў горад забраны
К вам я прыношу заразу.
Мой пацалунак ліў вам атруту,
Душы яна будзе жэрці!
Гляньце на мукі мае, на пакуты, -
Мусіце й вы так памерці.
Кінуўся, крыкнуў, рукі раздаў ён,
Нібы абдымкам навечна
Ворагаў хцівых сціснуць жадаў ён,
Смехам смяяўся сардэчным.
Мёртвы смяяўся! Яшчэ павекі
Воч ад жыцця не закрылі,
А смех пякельны застыў навекі:
Шчокі пад смехам застылі.
Горад іспанец кінуў ў трывозе,
Следам чума за ім бегла.
Мала хто выжыў, рэшта ў дарозе
У чумных абдымках палегла.