Аляксандар Бурбіс (Луцкевіч, 1922)

Аляксандар Бурбіс
Некралог
Аўтар: Антон Луцкевіч
1922
Крыніца: Беларускі Звон. 1922. 22 крас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З кожным годам меншая лічба тых, што першыя паклалі фундамэнт для сучаснага беларускага руху. Сьмерць вырывае спаміж нас аднаго за адным старых, дазнаных дзеячоў нацыянальнага адраджэньня нашага народу.

Каганец, Цётка, Іван Луцкевіч, а цяпер Аляксандр Бурбіс — усе яны зышлі са сьвету, упісаўшы на вечныя часы свае імёны на страніцах гісторыі прабуджэньня зосну беларускага народу.

Невялікая была тая грамадка людзей, што першыя выйшлі на родную ніву сеяць зярняты нацыянальнае сьвядомасьці. На сваім шляху яны сустракалі нязьлічаныя перашкоды. І чужыя, і часта свае былі ворагамі ім. Ніскуль ні спогаду, ні падтрыманьня. Голад, холад, гараваньне, а ў пэрспэктыве — няўхільна вастрог... Але яны ўсё ж ішлі ўпярод: вяла іх глыбокая вера ў сьвятасьць свае справы, а ўсе жыцьцёвыя нягоды толькі мацней злучалі гэту сям’ю ідэйных байцоў за вызваленьне свайго народу і сваей Бацькаўшчыны.

Да гэтае сям’і належаў і Аляксандар Бурбіс.

Перад маімі вачыма незвычайна ярка стаіць яго неказістая фігура, а ў вушах зьвініць яго голас, заўсёды гэткі ёмкі і гучны, што ажно дзіўна здавалася, слухаючы яго гарачых прамоваў на мітынгах і сходах.

Жыва ўспамінаецца і першае знаёмства зь ім, і гады супольнае работы.

Першы раз сустрэліся мы ў Вільні ў 1904 г. на зьездах краёвае інтэлігенцыі. Тут, у Вільні, ён жыў і вучыўся, тут зышоўся зь Цёткай і Ів. Луцкевічам і «прыняў хрост» на беларускага дзеяча. З таго часу ні на адзін мамэнт не зыходзіў з абранае дарогі.

Калі ўвосені 1905 г. адбываўся зьезд Беларускае Рэвалюцыйнае Грамады, Бурбіс выступаў на ім як адзін з дэлегатаў віленскае групы. У Вільні ён ужо быў добра вядомы. Неўтамімы агітатар, ён меў сярод работніцкіх масаў у Вільні і Нова-Вялейску вялізарную папулярнасьць. Яго імя зьвязана з рэвалюцыйным выступленьнем у Мэйшаголе, скуль былі выгнаны прадстаўнікі царскае ўлады і дзе ў працягу трох дзён выяўляў сваю энэргічную дзейнасьць рэвалюцыйны камітэт з Бурбісам на чале. «Прэзыдэнтам Мэйшагольскае Рэспублікі» жартліва называлі мы яго пасьля за гэта. Але і адпакутаваў ён цяжка за гэты крок: па даносу нейкага нягодніка яго арыштавалі, судзілі і засадзілі на тры гады ў вастрог.

Калі Бурбіс выйшаў з вастрогу (з Лукішак), ён быў фізычна разьбіты і хворы. Благія былі ў яго і адносіны з бацькам — вайсковым. Да таго ж ён выйшаў на волю ў часы самае цяжкое рэакцыі, калі старая рэвалюцыйная работа была ўжо немагчыма.

Але гэта не зламала гарту яго душы. Сваю нявычарпаную энэргію ён кіруе толькі ў другі бок. І вось бачым яго — галоднага, абдзертага, у дзіравых ботах, як ад раньня да начы ён бегае па месьце, арганізуючы першы беларускі тэатр і хор беларускі ў Вільні. Гэта праца завяршаецца поўным трыюмфам на вялікім беларускім вечары ў лютым 1910 году, на каторым тысячная грамада людзей са сьлязьмі расчуленьня вітала першы раз выступіўшых на сцэне беларускіх актораў, сьпявакаў і танцораў. Між акторамі першае месца занімаў Бурбіс.

Ажно да пачатку сусьветнае вайны вядзе Бурбіс гэту работу то ў Вільні, то аб’язджаючы зь беларускай драматычнай дружынай нашы мястэчкі і месты, то ўрэшце ў Менску. Але гэта не адрывае яго і ад шырэйшага грамадзкага жыцьця: па-старому Бурбіс знаходзіўся ў яго цэнтры.

Урэшце эвакуацыя Вільні расейсцамі прымусіла і Бурбіса пакінуць свой родны горад і выехаць у Расею з установай, якая давала яму магчымасьць матэрыяльнага заробку. Але і на чужыне не пакінуў ён беларускае работы. На зьезьдзе Беларускае Сацыялістычнае Грамады ў Пецярбурзе (пасьля Марцовае рэвалюцыі) Бурбіс іграў адну з найбольш выдатных роляў. Яго выбіраюць у Цэнтральны Камітэт партыі, і на гэтым становішчы ён выяўляў, як некалі, вялікую арганізацыйную дзейнасьць.

Калі запанавала ў Расеі савецкая ўлада, Бурбіс ня йдзе з новымі валадарамі, бо ён перш за ўсё беларус і справу нацыянальную стаўляе вышэй за ўсё. Дарэмна яму суляць розныя дастаенствы: ён здаволіваецца роляй культурнага працаўніка і прадстаўніка ўраду Беларускае Народнае Рэспублікі ў Маскве. І толькі тады, калі Савецкая Расея творыць Савецкую Беларускую Рэпубліку, калі дае беларусам запраўдную магчымасьць культурна-нацыянальнае работы ў дзяржаўных рамках, — толькі тады Бурбіс прынімае становішча дэлегата Бел. Сав. Рэспублікі пры маскоўскім урадзе і кіраўніцтва загранічнай палітыкай Савецкае Беларусі.

На апошнім становішчы ён і памёр у Менску. Хвароба, якая ўвагнала ў магілу ўжо гэтулькі нашых дзеячоў: сухоты, — не пашкадавала і яго.

Шчырым жалем адгукнулася Вільня на гэту цяжкую ўтрату: тут яго ўсе ведалі, тут вялікшая частка яго жыцьця і працы праходзіла. Але сьмерць яго шчыры сум вызваць павінна ня толькі ў тых, хто знаў яго асабіста: у яго асобе ўтраціў беларускі народ самага ідэйнага, самага цьвёрдага і непадкупнага спаміж сваіх сыноў.