Алёнка
Казка
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.org/2009-05-25-13-14-53/item/tales-folk/tales-folk-068.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жыў дзед і баба. І была ў іх дачка Алёнка. Ды ніхто з суседзяў не называў яе па імені, а ўсе звалі Крапіўніцай.

— Вунь, — кажуць, — Крапіўніца сваю Сіўку павяла пасвіць.

— Вунь Крапіўніца з Лысуном у грыбы пайшла.

Толькі і чуе Алёнка: Крапіўніца ды Крапіўніца…

Прыйшла яна аднойчы дадому з вуліцы і скардзіцца матцы:

— Чаму гэта, мамка, ніхто мяне па імені не называе?

Маці ўздыхнула і кажа:

— Таму, дачушка, што ты ў нас адна: няма ў цябе ні братоў, ні сясцёр. Расцеш, як тая крапіва пры плоце.

— А дзе ж мае браты і сёстры?

— Сясцёр у цябе, — кажа маці, — няма, гэта праўда, а братоў было тры.

— Дзе ж яны, мамка?

— Хто іх ведае. Як я цябе яшчэ ў калысцы калыхала, паехалі яны ў свет з лютымі змеямі-цмокамі ваяваць, сабе і людзям шчасце здабываць. З таго часу і не вярнуліся…

— Дык я пайду, мамка, шукаць іх — не хачу, каб мяне Крапіўніцай называлі!

І як бацька і маці ні адгаворвалі яе — нічога зрабіць не маглі.

Тады маці і кажа:

— Адну цябе я не пушчу: малая ты яшчэ для такой дарогі. Запрагай Сіўку і едзь. Сіўка наша старая, разумная — яна завязе цябе да братоў. Ды глядзі, нікуды нанач не заязджай: едзь як дзень, так ноч, пакуль братоў не знойдзеш.

Запрэгла Алёнка Сіўку, узяла хлеба на дарогу і паехала.

Выехала за вёску, бачыць — бяжыць за возам стары іх сабака Лысун. Хацела Алёнка назад яго прагнаць, ды перадумала: няхай бяжыць — весялей будзе ў дарозе.

Ехала яна, ехала — прыехала да скрыжавання дарог. Сіўка спынілася, назад паглядае. Алёнка пытаецца ў яе:

— Заржы, заржы, кабыліца,
Скажы, скажы мне, Сівіца:
На якую дарогу цябе кіраваць,
Дзе мне родных брацейкаў шукаць?

Тут Сіўка галаву ўзняла, заржала, на левую дарогу паказала. Алёнка пусціла яе па левай дарозе.

Едзе яна чыстымі палямі, едзе цёмнымі барамі. Прыехала на сутонні ў вялікую пушчу. Бачыць — стаіць у пушчы пры дарозе хатка. Толькі Алёнка даехала да хаткі, як выбегла адтуль нейкая гарбатая кабеціна з доўгім носам. Спыніла Алёнку і кажа ёй:

— Куды ты, неразумная, едзеш супраць ночы? Цябе тут ваўкі зʼядуць! Заставайся ў мяне — пераначуеш, а заўтра повідну паедзеш.

Пачуў гэта Лысун і зацяўкаў паціху:

— Цяў, цяў! Не казала маці
Ночак начаваці!..
Цяў, цяў!
Не кабета гэта
З табой размаўляе, —
Ведзьма Барабаха
Злыя думкі мае…

Не паслухала Алёнка Лысуна, засталася начаваць у хатцы.

Распытала ведзьма Барабаха ў Алёнкі, куды яна едзе. Алёнка ўсё расказала. Ведзьма ад радасці аж падскочыла: браты Алёнчыны, думае яна, напэўна, і ёсць тыя асілкі, якія ўсю яе радню са свету звялі. Цяпер яна з імі расправіцца…

Назаўтра ведзьма ўстала, прыбралася, як на кірмаш, а ўсё Алёнчына адзенне схавала і будзіць яе:

— Уставай, паедзем братоў шукаць!

Устала Алёнка, глядзіць — няма адзення…

— Як жа я паеду? — бядуе Алёнка.

Прынесла ёй ведзьма старыя жабрацкія рызманы.

— На, — кажа, — добра табе будзе і такое адзенне.

Адзелася Алёнка, пайшла Сіўку запрагаць.

Узяла ведзьма нож і таўкач, села ў павозку, як пані, а Алёнку за фурмана пасадзіла.

Едуць яны, а Лысун бяжыць збоку ды цяўкае:

— Цяў, цяў! Не казала маці

Ночак начаваці!.. Цяў, цяў!
Ведзьма Барабаха
Паняю сядзіць,
На цябе, Алёнка,
Гадзінай глядзіць…

Пачула гэта ведзьма Барабаха, схапіла таўкач і шпурнула ў Лысуна. Лысун заенчыў — перабіла яму ведзьма нагу.

Алёнка заплакала:

— Бедны, бедны Лысун, як жа ты цяпер будзеш бегчы!

— Сціхні, — пагразіла ёй ведзьма, — а то і табе так будзе!

Едуць яны далей, а Лысун не адстае: на трох нагах скача.

Даехалі да новага скрыжавання. Сіўка спынілася. Алёнка пытаецца ў яе:

— Заржы, заржы, кабыліца,
Скажы, скажы мне, Сівіца:
На якую дарогу цябе кіраваць,
Дзе мне родных брацейкаў шукаць?

Сіўка заржала, на правую дарогу паказала.

Цэлую ноч ехалі яны цёмнаю пушчай па правай дарозе. Раніцай выехалі на луг, бачаць — перад імі шаўковы шацёр стаіць, а каля яго трое жарабкоў пасецца. Сіўка весела заржала і павезла Алёнку з ведзьмай проста да шатра.

Алёнка зарадавалася:

— Гэта тут, напэўна, мае браты жывуць!

Ведзьма злосна цыкнула:

— Маўчы лепш. Тут жывуць не твае браты, а мае!

Падʼехалі да шатра. Выходзяць адтуль тры статныя хлапцы-малайцы — твар у твар, волас у волас.

Ведзьма саскочыла з воза і да іх:

— Як маецеся, браткі? Я ўвесь свет звандравала, сваю галоўку стурбавала, усё вас шукала…

— Дык гэта ты наша малодшая сястра? — пытаюцца браты-асілкі.

— Але, — кажа ведзьма, — ваша родная сястра…

Кінуліся браты да яе, давай цалаваць, на руках падкідаць. Так рады, што і выказаць нельга.

— Бач, — дзівяцца яны, — як доўга мы ваявалі: сястра за гэты час не толькі вырасла, а і пастарэла… Ну, ды нічога: усіх ворагаў мы пазнішчалі, засталася толькі адна ведзьма Барабаха. Як знойдзем яе — спалім і тады дахаты паедзем.

Пачула гэта ведзьма і толькі ўхмыльнулася: цяпер паглядзім, хто каго спаліць!..

— А якая гэта, сястрыца, дзяўчынка з табою прыехала? — пытаецца старэйшы брат.

— Гэта мая наймічка, — адказвае ведзьма Барабаха. — Яна ў мяне за фурмана ездзіць і маю кабылку пасе.

— Добра, — кажуць браты, — яна і нашых коней пасвіць будзе.

Павярнулася ведзьма, гукнула строгім голасам да Алёнкі:

— Чаго сядзіш? Выпрагай Сіўку ды вядзі пасвіць!

Заплакала Алёнка, пачала Сіўку выпрагаць. А браты падхапілі ведзьму Барабаху на рукі, панеслі ў шацёр, пачалі частаваць-трактаваць.

Есць ведзьма Барабаха, пʼе, а сама сабе думае: «Як палягуць спаць, дык я іх усіх і парэжу…»

Тым часам Алёнка сядзіць на лузе каля коней і спявае, плачучы:

— Сонейка, сонейка,
Сырая зямліца,
Дробная расіца,
А што ж мая мамка робіць?

Зямля і сонца адказваюць:

— Кросны тчэ,
Кросны тчэ,
Залатым паяском
Павівае,
Дачку Алёнку
З братамі чакае…

Выйшаў меншы брат з шатра, заслухаўся. Вярнуўся назад і кажа:

— Ведаеш, сястрыца, ведаеце, браткі, ці то птушка на лузе шчабеча, ці то дзяўчына спявае. Але так жаласна, што аж за сэрца хапае.

— Гэта мая наймічка, — кажа ведзьма Барабаха. — Яна на ўсе штукі здатная, толькі да работы лянівая.

Выйшаў тады сярэдні брат паслухаць, хоць ведзьма і не пускала яго.

Паслухаў ён жаласную песню Алёнкі, а потым чуе, як сабака Лысун зацяўкаў:

— Цяў, цяў! Ведзьма Барабаха
У шатры сядзіць,
На чужых братоў
Гадзінай глядзіць,
Булкі есць, віно пʼе,
Мёдам запівае,
Родная ж сястрыца
Слёзы пралівае…

Вярнуўся сярэдні брат і кажа да старэйшага:

— Пайдзі ты паслухай.

Пайшоў старэйшы брат, а сярэдні вока з ведзьмы Барабахі не спускае…

Паслухаў старэйшы брат Алёнчыну песню, паслухаў, што сабака Лысун казаў пра ведзьму Барабаху, і аб усім здагадаўся.

Падбег ён тады да Алёнкі, схапіў яе на рукі і прынёс у шацёр.

— Вось хто, — кажа да братоў, — наша сапраўдная сястра! А гэта падманшчыца — ведзьма Барабаха!

Расклалі браты вялікае вогнішча, спалілі на ім ведзьму Барабаху, попел па чыстым полі развеялі, каб і духу яе не было. А потым згарнулі шаўковы шацёр ды шчаслівыя паехалі з Алёнкай да старых бацькоў.