Алёша (1927)/Малайцы землякі/Кожны раз на «эфтом самом месте»

Аб сымбалічнай сьвіньні Кожны раз на „эфтом самом месте“
Фэльетон
Аўтар: Анатоль Вольны
1927 год
Характар
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кожны раз на «эфтом самом месте».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КОЖНЫ РАЗ НА „ЭФТОМ САМОМ МЕСТЕ“.

Сабраліся беларусы дапамагаць газэце.

— Ведаеце, трэба літаратурны аддзел завесьці, — унёс прапазыцыю адзін літаратар.

— Літаратурны? — скэптычна прыжмурыўся мэдык…

— Ну, ведаеце, розная яна бывае…

— Хто „яна“?

— Да літаратура. Калі гэткая літаратура, як „Сонца, ня суйся са мной на нажы“, альбо: „Божы дом зрабілі школаю, а папу пад сэрца востры нож“.

Няма чаго сказаць — лі-та-ра-ту-ра! Не прывядзі, госпадзі, з гэткім літаратарам у пацёмках спаткацца.

— Дык якую-ж вы прапазыцыю ўносіце? — запытаўся зьбіты з сваёй пазыцыі літаратар.

— Я… я ўношу прапазыцыю завесьці мэдычны аддзел, — горда сказаў спасіцель газэты мэдык. — Даць пару гэткіх артыкулаў як „Барацьба з сухотамі“ ці „Як змагацца з сабачай старасьцю“, „Структура Наркамздраву“ — і газэта спасёна.

— Ведаеце, розная „яна“ бывае… — ціха сказаў пакрыўджаны мэдыкам літаратар,

— Хто „яна“? — зьдзіўлена запытаўся мэдык.

Ды мэдыцына… калі ў ёй ёсьць гэткія хваробы, як „Структура Наркамздраву“. Не прывядзі госпадзі, з гэткім мэдыкам спаткацца. Залечыць на той сьвет… Мэ-ды-цы-на!..

— Я ўношу вось якую прапазыцыю, — парасійску пачаў прадстаўнік Беларускага Дзяржаўнага Тэатру.

— Я прапаную даваць у газэце тэатральныя творы, і газэта будзе спасёна.

Наступіла жуткая цішыня.

— Я ня дзеля таго, каб ганарар, — гаварыў далей тэатрал.

— Я толькі таму ўнёс прапазыцыю наконт тэатру, бо, як вам невядома, тэатр яднае ў сабе ўсе віды мастацтва.

— Ды слухайце, да чаго ўсе гэтыя вашыя словы, — перабіў тэатральнага прамоўцу прадстаўнік рэдакцыі.

— Я, собственна, для таго, каб памірыць мэдыка з літаратарам, — адказаў тэатрал. — Бо нашто-ж спрачацца прадстаўнікам мастацтва, калі тэатр яднае ўсе віды мастацтва — і музыку, і сьпевы, і літаратуру, і мэдыцыну.

Нарада засьмяялася.

— „Мэдыцыну“ кажа, — ня ўстрымаўся літаратар. — Таксама яшчэ „мастак“…

— Хто гэта такі? — запытаўся мэдык у седзячага збоку таварыша.

— З Дзяржаўнага Тэатру.

— Ну, ведаеце, я на яго месцы ўстрымаўся-б ад выступленьня. Калі нічога разумнага ня можаш сказаць, дык лепш памаўчаць.

— Гэта ў яго натуры. Ён заўсёды такі…

— Так… так… мэдыцыне гэткія выпадкі вядомы, — сказаў суседу мэдык.

— Паважаныя калегі… Я ад імя навуковай установы ўношу рацыю: зрабіць нараду па пытаньні аб дапамозе газэце. Гэта бязумоўна адзіны выхад дапамагчы газэце… Трэба пасэймаваць…

— Дык мы-ж і зараз сядзім на нарадзе, — даў безнадзейную спраўку адзін з прадстаўнікоў на нарадзе.

— Ну, дык тады — я ня бачу ніякага выйсьця, — сказаў апусьціўшы рукі навуковы працаўнік.

— Мэдыцыне гэткія выпадкі вядомы… — прамычаў мэдык.

— Гэй, дарагія калегі! — крыкнуў студыец з беларускай студыі ў Маскве. — Калегі! — Што нам думаць: у каня большая галава, — няхай ён і думае…

Але студыйца ніхто не паслухаў.

І пасягоньня, як толькі зьбяруцца беларусы пачынаюць „дапамагаць“ газэце.

„А як-жа газэта“, запытаецеся вы?

— Будзьце спакойны — усё так-жа.

„А як матар‘ялы?“

— Не клапацецеся — усё тыя самыя.

Помніце анэкдоты?.. Фурман супакойвае барына… „Нічога, ня выверну: трыццаць гадоў гэтым-жа шляхам ежджу“. І раптам выварачвае воз, а фурман безнадзейна крычыць: „Трыццаць гадоў ежджу. Кожны раз вось на „эфтом самом месте“.