Маладая і прыстойна,
Поўна жарсьці; ўся з агнём.
Ў твары кругла, ў стане стройна,
Шчочкі, дык кроў з малаком.
Яна ў дваццаць другім годзе,
Тры гады ужо ўдава —
Так бывае у народзе:
Памёр хаты галава
Гаспадыняю служыла,
На пекарні у дваре:
Ежу службе там варыла,
І рабіла ўсё што трэ‘.
А ля маткі увіваўся,
Хлапчук круглы як гарбуз —
Весь у бацьку свайго ўдаўся,
Галапузы карапуз.
Май на вёсце зачынаўся,
Там паніч адзін прыбыў;
Раз зірнуў і — закахаўся,
Бо, ні разу не любіў.
І спазналіся з сабою —
Трапіў агонь на агонь;
Пашлі ночкі чарадою,
Як чароўны які сон.
Любовь чыстая лілася,
Без пылінак, і без плям.
Кожна нотка праняслася, Што аж Бог цешыўся сам!
Плыў каханьня поток новы,
Чыстым стройным ручаём:
Золак слічны і маёвы,
Спатыкалі у дваём.
Песьня першага каханьня
І двух серцаў першы стук,
Так бы птушак шчебетаньне;
Бы струны музычны гук,
Кожны вечар запаўнялі,
І канчалася са днём.
Ночка мігам пралятала,
Зоркі — былі іх святлом.
І, хвіліна наступіла,
Кончыўся той цудны май:
Яна — замуж выхадзіла,
Ён — паехаў у свой край.
І жыцьцё, як дрот-калючка
Пралажылы ім мяжу —
Яна? — была паляшучка,
А хто ён? — вам не скажу.
|