Амерыканец (Гарэцкі)

Амерыканец
Апавяданне
Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі
1916
Крыніца: https://knihi.com/Maksim_Harecki/Amierykaniec.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Заможны фермер штата Гільлінойса, Максім Балазевіч, з дыліжансам ехаў з места дамоў, на ферму.

Ужо пачынала змрочыць, калі пад’ехаў дыліжанс да бакавой дарожкі, што ішла ад шасэ да фермы. Балазевіч, чырвоны і раз’юшаны ад гутаркі з падарожнымі, праехаў бы міма, каб батрак Язэп, што пільнаваў яго побач шасэ пад старым дрэвам ля дрожак, не пабег і не крыкнуў:

– Пане Балазевіч, стойце!

Фурман спыніў коні. Папярэдняя парка тупацела нагамі і бразгала збруёю, нецярпліва сморгаючы вожкі; задняя была спакайней, і аграмадная, на вялікіх колах, з адчыненымі вокнамі, карэта стала. Памочнік фурмана адкінуў драбінкі-сходні і палез па вузенькай леснічцы на вышкі адвязваць пакункі.

Прыемная вячэрняя прахалода гарнула з-пад прыгожых прыдарожных алеяў і з бульбянага поля на брукаваную, роўную, нібы ток, высокую дарогу. Лягчэй уздыхалі падарожныя, адзін пан Максім мала прыкмячаў, што ўжо вечар і халадней; яму было душна. Мала прыкмячаючы людзей і ўсё, што сам робіць, ён каторы раз і з імі развітаўся і ўсё яшчэ гаманіў аб тое, нат не добра вымаўляючы ў абурэнні па-ангельску і не клапоцячы аб тым.

– Не, містэр Круке, – казаў ён, – гэта толькі нашая прызвычка і немагчымасць стануць вышэй ад яе... Раз я амерыканскі грамадзянін, я не павінен і не маю права пазіраць на Амерыку як на нейкі этап на шляху вышукання лепшай долі ранейшай бацькаўшчыны.

А містэр Круке соты раз запальваў цыгару, бліскаючы на ганаровую грубую даму з зыбкім пяром на шляпцы і з сабачкам-вужэлачкам на ўлонях і на голенага сівога пана з доўгімі польскімі вусамі.

–Я ж не кажу, – соп ён, – што Амерыка – гэта толькі мая магчымасць багацець і вырабляць на найлепшае ў свеце маю ранейшую бацькаўшчыну, але ж маю поўнае права спагадаць людзям, сярод каторых жыў мой дзед і чыя кроў цячэ ўва мне. I гэта – калі я амерыканец.

– Так, мой пане, так, – памагаў яму пан з польскімі вусамі, – а калі я пакінуў дзедаўшчыну толькі дзеля тое, каб знайсці спосабы адрадзіць яе, то як я маю не спагадаць ёй, – што?

– Ай, ні тое, ні тое, – хапаўся Балазевіч, – і я аб тым не спрачаюся, і я, можа, маю думку аб лепшай долі свае першае бацькаўшчыны, і, можа... I, можа, іншы раз думаю і назад... туды, на бацькаўшчыну, выехаць, але прынцыпіяльна–што гэта, што гэта? Хіба не прывычка толькі будзённай несвядомасці думаць, што я от з тым лапікам на зямным клубку звязан навекі, што павінен клапаціць аб ім? Праз што? Праз прызвычку і ўспаміны, якія не выйдуць ужо з галавы. I праз тое, што мы, што я – чалавек звычайны, слабы і не магу змогчы гэных успамінаў, адарвацца саўсім, забыцца саўсім, калі мусіў пакінуць той лапік, мусіў эмігрыраваць. А каб я быў вышэйшы чалавек, я здолеў бы паслухаць розуму і забыцца і не мучыцца праз дурное, чулае сэрца...

Ужо ён папрашчаўся трэці раз; ужо фурман нарыхтаваўся ехаць, а Язэп, прывязаўшы багаж на дрожках, дзівіўся, што пан так зайшоўся. Нат грубая дама не мела болей цярплівасці і праз сілу маўчала, а Максім усё яшчэ кіраваўся, як найлепей пераканаць тых:

– I вот дзеці, дзеці, што вырастаюць і гадуюцца тутака. Каб ім не казаў пра тую бацькаўшчыну, ці яны б ведалі, што апрача Амерыкі ёсць і яшчэ я н а, і яшчэ аб ёй трэба клапаціцца?

Карэта загрымела па бруку. Заляскалі коні падковамі па каменню. Памочнік фурмана вясёла памахаў пакінутаму пасажыру брылём. I тады Балазевіч угледзеў свае дрожкі, Язэпа і што – вечар.

Ехалі моўчкі. Толькі спытаўся Язэпа, ці ўсё было добра без яго на ферме і ці здаровы дзеці, і зноў маўчаў, пачуваючы, што абурэнне спадае, баліць трошкі галава і бярэ нездавальненне, нашто гаманіў.

Ахінаў з поля зямельны жытні пах. Вялікія стагі сена паілі паветра араматам. Грады бульбы і буракоў без канца мітусіліся сярод сціхлых нанач дрэў, – а не радавалася гаспадарская душа.

«К чаму, нашто? – думаў ён не то аб гэтым багацці наўкола, не то аб тым, што спрачаўся, – як ні спрачайся, – жывець кожны, як жывецца».

I быў пэўны, што нікому не збіць яго з думкі, што трэба вялікім быць, каб усё парваць.

Жыў ён у Амерыцы дваццаты год, куды прыехаў шчэ хлопцам разам з Эльзаю, дачкою лесапілыпчыка-немца, да яе дзядзькі фермера-амерыканца. Як борзда прабеглі гады! Ажаніўся на Эльзе, дзетак прыгадаў, багацця прыдбаў, кіруе ўсёй фермай. Жыццё ў Міншчыне, дома ў бацькі, і потым на нямецкай лесапілцы ў Шульца, у панскім лесе, – усё гэта здавалася цяпер далёкім сном. Не было каму пісаць лісты і не было ад каго мець іх. Шульц з Еўні выехаў у Прусію, бацькі паўміралі. Як борзда прабеглі гады!

Блізка фермы ішла на спатканне жонка. Завінуўшыся ў цёплую пуховую хустку, стаяла на алейцы і ўглядалася на дарогу.

Астанавіліся дрожкі. Балазевіч злез. Жонка падбегла і абняла.

– Міленькі! Я выйшла страчаць, – прыпала да вуснаў.

– Дзякуй, Эльзачка, – ласкава прыгладзіў ён яе белакурыя валасы, што непакорлівымі кручастымі завітушкамі выбіліся, і падумаў: «А яна ўсё такая ж летуценніца ціхая, як і ў першыя маладыя гады тут, на чужбіне», – і пачуўшы невыразную кукобнасць да яе, прыемна-далікатна абхапіў за плечы і павёў на ганак.

– Макся! Лёвачка і Галінка пазаснулі, а чакалі, чакалі таты...

У адказ ён пацалаваў яе ў круглыя, галубыя, быц налітыя слязьмі і трошку лупаценькія вочы, так не падобныя да воч іхніх вясковых дзяўчат і гэтак зманіўшыя яго там, у Міншчыне.

Стары гаспадар, бяздзетны дзядзька Эльзы, яшчэ хадзіў па двары, схіліўшыся да свае качарэжкі махрамі трубкі, і прыветла стрэў іх. Роўна паздароўкаўся з ім Максім і дастаў з кішэні апошні нумар «Der Tag».

– Добра з’ездзіў, Макс? – спытаў стары, хаваючы любімую газету.

– Усё добра, – адказаў і падумаў: «На душы не надта добра».

Прайшоў у пакой і пачаў раздзявацца і мыцца. Гукнуў з двара Язэпа і даў новенькую польскую кніжку, а сабе на столік начавы ў спальні палажыў «Аб бацькаўшчыне і нацыяналізме» і загадзя запэўняў сябе, што навін там для сябе не знайдзе.

За вячэраю, калі селі за стол, стары важна распрасцёр газету побач талеркі, і відаць было, што яму трэба пагаманіць з пляменнікам аб сусветных справах.

Гаварылі звычайна па-ангельску, але Эльза да мужа, калі заставаліся адны, гаварыла па-беларуску, быццам даводзячы, што яе душа блізка яму. Яна вырасла на лесапілцы ў Еўні і тут, на амерыканскай ферме, часта сумавала і нат тужыла па той краіне ці па сваёй маладосці.

– Максінька, – часам казала яна, – Бог і з ім, з тым багаццем, і з той воляю: паедзем назад у Міншчыну.

– Што ты там згубіла? – пытаў ён.

– Макся! Ну, я ж там узрасла, цябе там пакахала.

– Радзілася ты ў Прусіі, а калі жыла на Беларусі, то вот жывеш і ў Амерыцы.

– Макся! Ну, то ж твая бацькаўшчына.

Ён не хацеў спорыць. Казаў:

– Пачакай. Стары не захоча й слухаць. Яму ферма даражэй за маю і сваю бацькаўшчыну.

Цяпер за сталом стары, сёрбнуўшы колькі лыжак, хлопнуў, нібы раптам, па газеце і завёў сваю любую гутарку аб прынаднасці фатэрлянда, што найлепшы ёсць ён сярод імперыяў і краёў.

– Я і славянаў люблю, – казаў ён у канцы, – я і славянаў люблю, бо жыў хлапцом у Польшчы і Літве і ведаю. Ды трэба праўду казаць: мяккі народ, дужа не цвёрды народ; замнога думаюць аб усім свеце, аб небе і не бяруцца за паляпшэнне свае зямлі... Так.

Максім лічыў лішнім паказваць старому, што не згаджаецца з ім. «Тупы ты, як даўбня, – думаў ён, схіліўшыся над талеркаю, – самаўвераны немец. Дзе ж табе ўсё абхапіць і зразумець...»

А стары гаманіў:

– У чалавеку павінны быць дзве роўных часткі: цвёрдая і мяккая. У немца гэта якраз палавінкі. У другіх народаў – як калі. А ў славяніна мяккая часць залішне вялікая на кошт цвёрдай, дужа залішне.

– Эт! Часці... – не вытрываў Максім, – у чалавека дзве часці: душа і цела. У славяніна дух за цела, і толькі. А пражыццё... Здолеюць некалі і яны жыць практычна, як немцы.

– Не, пане. Немец і ў Амерыцы жыве, а душою ён – у фатэрляндзе, у дзедаўшчыне, а славянін... – стары махнуў рукою, – таму ўсё роўна.

– А славянін бліжэй да вялікага чалавека, каторы мусіць знайсці сілы парваць старую звязь, базіруючую на інстынктах, на прызвычцы, і шкодную наогул нават бацькаўшчыне, вот!

– Пхе, пане Максіме! Я згаджаюся, што ў таго ёсць трошку велічэйшага духу, хто здолеў з беларускіх лапцяў і цемнаты выбрацца ў амерыканскія заможныя фермеры і здабыць асвету. Але ж славянін жыве пачуццём і толькі м а р к о ц і ц ц а аб дзедаўшчыне,замест практычнага нямецкага клопату. I гутаркаяго аб вялікім чалавеку значэ... значэ толькі тое, што туга па бацькаўшчыне пачынае выліваць з берагоў і зараз пагоніць яго з Амерыкі... Ха! Не?

Максім чырванеў. Эльза бачыла, што стары любіць яго, а не спадзяецца на яго славянскую натуру і загадзя забягае ў тыл яму, каб не ўцёк, і баялася, каб не надта балюча было мужу, і пачынала зварочваць бяседу на іншыя размовы.

Сёння, калі Максім ужо ў спальні цалаваў сонных дзетак, яна шчытна абхапіла яго за шыю і пачала:

– Максінька, даражэнькі, залаценькі! Мы паедзем на Беларусь, паедзем. Няхай стары спакойна дажыве – паедзем. Лесапілку пабудуем і хаця невялічкі такі фальварчак на пасэсію возьмем. Я тут нуджуся... А там мы... там я наўчу вясковых дзяўчат гарадскія спаднічкі насіць, шыць, наўчу прыгожыя прычоскі рабіць. А ў святы дзень – гармонік, скокі, танок. Макся, міленькі мой! Я прашу цябе: паедзем. Я не ганю цябе за твае гутаркі... Я ведаю, чаго думаеш ты аб вялікім чалавеку. Я спагадаю табе... Толькі жыццё неяк не спрыяе таму.

– Эльця! I ты, дарагая, не знаючы, празрыста адбіваеш уплыў дзядзькінай самотнасці, – казаў нездаволена Максім, – ты кажаш без паважнасці. Няўжо ты думаеш аба мне, як дзядзька? Памыляецеся вы абое. Я ведаю, што раблю, – троху зазлаваў дайжэ ён: – я патраплю скінуць усякія ланцугі з волі, хаця б гэтыя ланцугі былі – балясныя згукі бацькаўшчыны. Чалавек шмат навыдумляў ланцугоў і пут! Павіннасць да бацькаўшчыны, ха... Я перш за ўсё волян хачу быць сам у сабе ад усякіх людскіх пут. Я патраплю парваць іх. Чуеш, Эльза! – строга звярнуўся ён: – заўтра ж забараніць Язэпу і Монці гаварыць з Лёвай і Галяй па-беларуску. Адна перашкода – добра вучыцца па-ангельску. Я амерыканец і яны – амерыканскія дзеці.

– Макся!

– Спаць хачу.

З дарогі борзда заснуў пан Балазевіч.

«...Вечар. Цёмна. Ён прыехаў з поля. Сядзіць у хаце на калодачцы і разуваецца. Цела ные і просіць адпачынку. Вобуў мокры.

– Адарка! – кажа ён Эльзе, трудна пазнаючы яе ў растоптаных лапцях, горкай ад пылу і поту кашулі і абшарпанай, няскладнай спадніцы, – Адарка, пасушы мой вобуў.

У хаце чаўкае аграмадны іоркшыр мешанку... Лыч відочна расце ў яго доўгім і войстрым: дыбіцца шчэць на гарбу. Які там іоркшыр! Проста нашская свіння, што свіннёй-кракадзілам амерыканцы завуць.

– Максім! – кажа Адарка мужу хрыплым, прастудным голасам. – Няго ты слеп, хоць бы якую асіну з лесу звёз, жолаб выдаўбаў; зірні – уся жыжка выцякае, калі гэтыя свіначкі, ваўкі іх парэж, усё з нагамі ды з нагамі ў яду.

Выцягнула Адарка гаршкі з печы і чыгун з вадою. Пачала крупеню падліваць. ГІар заслаў усю ўбогую хату. Дзеці – Лёўка ў лапленых даматканых штоніках на матузках, з цыпкамі на нагах і Галя, замурзаная, худзенькая, у кашулёнцы, як луб адзадзі, – лезуць да гаршкоў, просячы ў маткі крупенькі забяліць.

– Дай ім, – кажа добра-спакойна Максім.

– Трасцы ім! – ірве сэрца Адарка сваім крыкам. – З’ядуць і без пастаялкі.

Ён паехаў у панскі лес у дровы. Насек. Вязе. Конь абмёрз дробнай шэранню.

– Но, но! – памагае яму ў варотах, дзе цяжка ўзвезць.

– Вой бацька прыехаў, – чуцен голас Адаркі.

– Тата, тата! – галосяць дзеці, гайдаючы па лаўцы з печы да вакна.

А на лаўцы навалена як пападзя: шапка, жупан, міска з лыжкамі, шкумаццё. Адхіснулася ад крука ў сцяне Галінка, пераступаючы крывымі ножкамі цераз жупан на лаўцы.

– Ай!! – крыкнуў Максім: адшаснулася дзяўчынка і паляцела з міскаю, з чаропкамі, з жупаном на дол.

– Максім! Галена забілася... – ірве сэрца Адарка сваім прастудным, злым крыкам...»

– Макся! Максінька! Прачніся. Што ты крычыш праз сон? – трывожна гладзіць яго Эльзачка пухлаю рукою па гарачай шчацэ.

I ён прачынаецца перапалоханы, з мокрым лбом і стукаючым сэрцам.

– Ух! – цяжка, з палягчэннем радасці ўздыхае ён і ловіць мяккую ручку Эльзы на сухіх губах і прыжымае.

I цягне яе, дарагую і спагадаючую, усю да сябе, да грудзей.

– Макся! Ты бачыў кепскі сон? – пытае яна, узлёгшыся на грудзі і цалуючы яго ў мокрыя валасы на лбе.

– Эльзачка, дарагая! Жоначка мая любая, – гаварыў ён, і раптам ярка і ясна з цемнаты ўспамінаючы той сон, – красачка мая, Эльзінька...

I яна чула, як дрыжалі яго рукі і што яму робіцца холадна. Легла з ім побач, завінула яго, прытулілася да яго, палажыла яго руку сабе пад голаў. Гладзіла яго твар нежна і далікатна і шаптала яму:

– Макся мой, саколік мой! Што нам быць гордымі і вялікімі. Будзем, якімі будзецца. Паедзем у Міншчыну, заарэндуем фальварачак. Лёву і Галю будзем вучыць. Будзем працаваць. Ты наўчыш хлапцоў лепей гаспадарыць і... насіць піджакі і галстухі па-амерыканску. Я наўчу дзяўчынак шыць плацці на еўрапейскі лад і стужкі ўплятаць у валасы прыгожымі бантамі. Па святых днях будзем хадзіць у царкву, потым пойдзем туды, дзе скокі, музыка, бяседа... Пабудуем каменную хату і млын з паравічком. Будзем жыць!

Цішэй дыхаў Максім.

– Чуеш, Максінька мой даражэнькі. Максічка залаценькі?

Ён пачуваў, што не меў і не мае нейкага цвёрдага падмуроўку і прыціхаў у жальбе пад словы ласкі і любосці.

1916