Антону Навіне
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927
Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Так шукальнікі новых прастораў,
І знаходцы краёў невядомых,
З безжахліваю, мужнаю думкай
І нязломнай, сталёваю воляй;

Падарожныя ў тайнасці ведаў,
Неспакойны чый розум, як шруба,
Што без нехаці ў несыці вечнай
Зашрубоўвае ўдаль і глыбіні;

Заваёўнікі мечам і духам,
Для якіх у запале адвагі,
Падбіваючы сэрцы й дзяржавы,
Не існуе ні меж, ні запынаў.

Песняры, мастакі і музыкі,
Хараства і сугучнасці слугі,
Закаханыя ў буру і громы
І з душой, як збаночкі лілеяў;

Будаўнічыя вежаў і гмахаў,
Падпіраючых неба і неба;
Ўсе, хто прыйдуць па нас і за намі,
Каб тварыць, дасягаць і імкнуцца, -

Ўсе яны мімаволь пазайздросцяць
Нам, абветраным воляй прадвесня
У напоеным поўняй паводкай,
Крышталёвай вызвольнага руху,

Бо у кроку паўстаўшых працоўных
Свецяць новыя творчыя далі
І цвітуць невядомыя скарбы
У душы беларускага свету.

І музыкі не чулі матываў,
Задумёней і чулей ад нашых,
І збудованы чорнаю косцю
Непаўторны наш храм адраджэння.

Ды і кожны, паверыўшы казцы
І гартуючы сэрца да чыну,
Нагадае і нашу сучаснасць,
Уздыхне аб часах прамінулых.

І імя аднаго не забудуць,
Хто маяк быў і бераг далёкі -
Узрушаючай весткаю будзе,
Будзе вабіць заўжды Навіна.

(1927)