Антон Лявіцкі (Жылка)
Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.) Аўтар: Уладзімір Жылка 1922 Крыніца: Беларускі звон : тыднёвая часопісь. — 1922, 4 сакавіка. — № 6 (3). — С. 1. Цыт. паводле Выбраныя творы, 1998 |
24 лютага ў Вільні памёр, на пяцьдзесят шостым годзе жыцця, адзін з слаўных беларускіх пісьменнікаў — Антон Лявіцкі, творы якога друкаваліся пад псеўданімам Ядвігін Ш. Ён быў між нас апошнім з тых, якія ў найгоршыя часы царскай рэакцыі, многа гадоў таму назад, паверылі ў свой светлы ідэал Адраджэння Беларускага народу і паняслі на яго алтар і свае здольнасці, й маладыя сілы, й сваю веду.
Смерць антона Лявіцкага не была для нас неспадзеўнаю. За апошнія гады здароўе пісьменніка зусім надламалася, й ён хварэў усё часцей і часцей.
Пісьменнік радзіўся ў 1866 годзе ў двары Карпілаўка пад Радашкавічамі. Малога хлапца вучыла чытаць і пісаць дачка паэта В. Марцінкевіча. Сярэднюю школу скончыў Лявіцкі ў Менску, а пасля паехаў у Маскву здабываць найвышэйшую асвету.
У той час, калі паяўляецца ў Вільні беларуская прэса («Наша доля», «Наша Ніва»), Лявіцкі прыязджае ў Вільню і тут супрацоўнічае ў гэтых часопісах. Пасля на некаторы час застаецца літаратурным кіраўніком сельскагаспадарчага месячніка «Саха» ў Менску.
Як пачалася вайна, Лявіцкі пераехаў у сваю родную вёску Карпілаўку. Тут ён папраўляе сваё здароўе і вядзе ціхае самотнае жыццё. Аднак у той час, калі на небасхіле Бацькаўшчыны на кароткі момант бліснула надзея лепшай будучыны, ён пакідае вёску і прымае ўчасце ў грамадскай і палітычнай працы.
У асобе Лявіцкага мы страцілі пісьменніка, вялікага мастака слова. З маладых гадоў узяўся ён за пяро і цешыў нас сваімі здольнымі апавяданнямі. Змест для іх Лявіцкі бярэ з народнай творчасці, і ў гэтым іх вялікая вартасць. яшчэ студэнтам у 90-х гадах перавёў ён на беларускую мову апавяданне Гаршына «Сігнал». З гэтай пары пачалася яго літаратурная праца.
Пасля 1905 года з’яўляюцца кніжкі яго твораў: «Дзед Завала» (1909 г.), «Бярозка» (1914 г.). Зборнікі гэтыя звяртаюць увагу беларускага грамадства, і Лявіцкі займае паміж беларускімі пісьменнікамі пачэснае месца.
У прыгожым вершыку ў прозе, ахвярованаму памяці С. Палуяна, гаворыць пісьменнік аб ранах. Найвялікшы боль адчуваецца ад ранаў на душы, гаворыць ён, бо глыбока і балюча нядоляй беларускай ранена была душа яго. нядоля народа і вялікая любоў да яго адбіваецца ў лепшых творах А. Лявіцкага. таму апавяданні яго такія сардэчныя, лёгкія і шчырыя («Гаротная», «Бярозка», «Зарабляюць»).
Зачараваны беларускай прыродай, ён знаходзіць прыгожыя, ёй адной характэрныя рысы, свежыя фарбы («Дзед Завала»). Добры баечнік, А. Лявіцкі заставіў нам таксама цыкл казак-алегорыяў. У гэтых творах ён паказаў нам каштоўныя скарбы беларускага гумару і асвяжыў заняпалую галіну творчасці («Вучоны бык», «Што сказаў певень», «Рабы» і інш.).
Успамінаюцца яго хаўтуры. За возам з труной ціха йшла грамада людзей. Дзень быў шэры й ветраны. пад нагамі рыхлы, набухшы, як мокры цукар, снег. Звінелі і шпарка беглі па вуліцах ручаі. Гэта зямля абуджвалася да нечага новага, пачынаўся веснавы рух. А калі апускалі ў яму труну, вецер рваў і кудлачыў валасы сабраўшыхся і грозна трос галінамі дрэваў.
І думалася чамусь, што і там, у родных вёсках, якія раскінуты на бязмерных разлогах і загубленыя між пушчаў, таксама пачынаецца Веснавы рух, і ім пачаты, і ім твораны... І думалася, што адроджаны народ не бярозцы пойдзе расказваць радасці свае вясны, бо яму ёсць да каго прыйсці і ёсць каму расказаць іх...