Апаведаньня (Галубок, 1913)/Чужое смачней
← У сваты | Чужое смачней Апавяданьне Аўтар: Уладзіслаў Галубок 1913 год |
На кермашы → |
Чужое смачней.
У вёсцы Неманец жыў стары Ігнат, аўдавелы гадоў з дзесятак таму назад.
Дзед быў с характэрам старасьвецкіх людзей. Яго даўгая, сівая барада, чырвоны, прыветны твар мелі шмат павагі, і кожнаму, хто раз убачыў дзеда, — у вачах малявалася пекная хвігура старога. Гаспадарку меў ня дужа вялікую, але, працуючы ад раньняга да цёмнага, хлеба меў аж надта.
Трэба было толькі трапіць к Ігнату, а галодзен ня будзіш; накорміць, напоїць, а падарожнаму і с сабою дасьць.
Памятую, як сягоньня: зайшоў я раз сьвятым днём к дзеду пагаманіць. Дзед палуднаваў. Зараз туды сюды сабраў, якіе меў, прысмакі, усадзіў мяне на кут і трактуе. Слова за слова, разгаманіліся пра гаспадарку. Вось дзед і кажэ: — Усё, дзякаваць Богу, урадзіла: і зерняткі ёсь, і агуркі ёсь, а бульба, браце, як вырасьце, жаднага смаку ні мае, хоць вон выкінь. Вазьмі вось, спрабуй!
Закаштаваўшы колькі бульбін, хоць можа і грэх, але я памысліў, што Ігнат ад старасьці смак згубіў. Але, ня хочучы дзеда гумар псуваць, згадзіўся з їм і кажу: — праўда, бацька, праўда: смаку німа, гэта ўжо ня бульба, калі ядлоўцам аддае. Вось трэба, каб маей закаштаваў, то пэўне і на насеньне узяў-бы! — І далёка не аткладаючы, прашу дзеда к сабе, а сам пры гэтым мысьлю, трэба старому выкінуць шутку і накарміць яго яго-ж ўласнай бульбай.
Як раз перад тым, калі дзед меўся быць, я папрасіў у яго жонкі сьвежа накапанай бульбы, абчысьціў яе, і зварыў.
Прысунуўся дзед. Селі за стол. Зварэную бульбу з гарачым парам, у вялізнай місцы, са скваркамі уставілі перад намі на стол. Чарку дзед — чарку я — і ну, за бульбу. Дзед яшчэ і ня пробаваў, а ужо кажэ:
— Зразу чуваць, што бульба не раўня маей, глянуць, душа радуецца, а здаецца земля адна, праца тая самая, а хвальш такі ёсь. —
І не пасьпелі добра агледзіцца, як бульбы ані званьня не асталося ў місцы.
Як толькі сабраўся дзед адыходзіць і начаў дзякаваць за частунак, я і кажу:
— Не варта, дзядзька, за сваё добрае дзякаваць, гэта каб еў маю бульбу, ну, то тады ўжо так, а як хватыгаваўся над сваей, толькі ў маей хаці, то не варта. —
Дзед з дзіву вылупіў вочы.
І як я не тлумачыў, ён усёж-ткі веры не даваў. Але нарэшце, атходзючы дамоў, паківаў галавой і засьміяўся, кажучы: — Праўда, суседзе, чужое заўсягды здаецца смачней за сваё. —