Апаведаньня (Галубок, 1913)/Як Сымон у воласьці выкруціўся

«Журавінка» Як Сымон у воласьці выкруціўся
Апавяданьне
Аўтар: Уладзіслаў Галубок
1913 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як Сымон у воласьці выкруціўся.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Як Сымон у воласьці выкруціўся.

(Апаведаньне старога дзеда).

Як толькі мне хто успомніць пра нябошчыка Мікіпара, што жыў у нашай вёсцы, то шкода, крый Божэ якая, — забыцца ня можна: кару, небарака, цяжкую нёс, бо ад каберца не пашчасьлівілася жонкай, а посьле дзеткамі…

Што разумен быў, споркі німа, але і заўзяты; к таму любіў часам і за сябе пастаяць, — трэба толькі закалыпнуць яго, то ўжо той не рад будзе; пакажэ ён, па чым сотня грэбянёў!

Нябошчык Мікіпар, працуючы, як вол, цэлы тыдзень, толькі ў нядзелю плечы разгінаў, а каб гэты дзень меў адліччэ ад другіх — заходзіў к Ёселю лыкнуць картаплянкі.

Вось тады ніхто не паткніся пярэчыць яму.

Хоць і даўно, праўда, было гэта, калі нашаго брата скура ды з дзеркачом знаёмасьць вадзіла, але тые часы як у вачах стаяць — забыцца нельга, як сягоньня помню.

Як Мікіпароў сынок убуяў ужо, то крый Божэ, што вытвараў з бацькам, — што дзень лаянка, бойка; ходзючы на жальбу у воласьць парогі паабівалі… Ідуць, ды ідуць: то сын, то бацька, — ці то так ужо за звычай мелі, ці затым, што воласьць не далёка была.

Прыйшоў неяк я к Мікіпару за віламі, аж чую, што сын з бацькам ужо гутараць па троху. «Ты цяперь разумен за бацькавым каркам! — галёкаў дзед, — с хаты гоніш, ды і дзьверы зачыняеш, каб табе мяліца зачынілася! Нічагутка, праўды дакапаюся; табе язык уйму, ня будзеш старому напрыкрацца: ня дуж я, але найдуцца ў воласьці такіе, каторые здужаюць асілка, як мае быць уліюць і навучаць, як старых шанаваць!»

— «Мне уліюць? — пытаўся зьдзіўлены сын — за цябе, старога ражна, ды мне будуць скуру дзерці? Ня можэ быць!»

— «Будуць, ці ня будуць, а пажывём — убачым!» — казаў дзед.

І так, слова, за слова, зайшлі далёка.

Можэ на тым бы і скончылася, аж трэба, як на бяду, зіркастая курыца, узляцеўшы на пераплот, запеяла ва ўсё горла пеўнем, дый паляцела ў суседні гарод.

Стары, нічога не кажучы, як апарэны, кінуўся с сякерай за курыцай, злавіў яе ды шась сякерай па галаве.

Сын, азьвярэўшы, к бацьку:

— «Ты на што курку зарубаў?!»

— «Як-жэ, яна пеўнем запеяла, — прах яе забяры?»,

Але сын не ўтрымаўся: штаўхануў старога ў грудзі, ледзьве стары на нагах устаяў.

— «Ты мяне біць?» — усхапіўся дзед, ды гак абухам у плечы! Сын бацьку поўху; бацька сыну ізноў абухам у плечы… Пазьбіваліся да крыві. Каб не ўмешаліся суседзі, нет ведама, чым бы гэта бойка скончылася.

Бацька, паклаўшы сякеру, гайда ў воласьць, а сын за бацькам.

Нявестка, убачыўшы, што стары далёка ўжо адыйшоўся, паклікала Сымонку свайго і кажэ:

— «На табе трохі грошы, там можа каму падаткнеш, каб старому рэбрыны палічылі, а сам кіруйся, каб як выкруціцца».

Нет ведама, як там з імі у воласьці абыйшліся, але доўгі час абодвых небыло; нявестка, бачучы, што іх усё яшчэ німа, зацікавілася і пабегла даведацца.

Толькі пачала мінаць Петуховы гароды, аж бачыць: бяжыць Сымон, трымаючыся за паясьніцу, зьбялеўшы, як палатно.

— «Ну як жэ? ці выкруціўся? — спыталася жонка.

— «Я ўжо выкруціўся а стары яшчэ выкручываецца!» — прамарматаў скрозь сьлёзы Сымон…