Апаведаньня (Колас, 1912)/Калодка пчол

Чорт Калодка пчол
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1912 год
Кантракт
Іншыя публікацыі гэтага твора: Калодка пчол.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАЛОДКА ПЧОЛ.

I.

Тры мужыкі: Сёмка Доўба, Гілёрык Кажан і Марцін Тапчан сядзелі за сталом і гаварылі аб пчолах. Глаўным бортнікам абабраўся Доўба. Яму першаму прышла ў галаву мысль пра пчолы. Мужыкі доўга гаварылі і паддавалі адзін другому ахвоты. А ў гутарцы так надымілі люлькамі, што і галоў іх не было відаць.

— Калі Бог пахіліць на дабро, то і з аднае калодкі можна развясьці пчолак, — гаварыў Сёмка, абціраючы цыбук проста аб халат.

— Во, гэта, — падхапіў Марцін: — дзіва, што можна! Вун Кандрат, што кажуць Турэцкая Смерць, пазалетась злавіў рой, — цяпер ужо мае шэсць калодак!

— А вы чулі здарэньне з Тацянаю?..

— Чаму-ж ня чулі?—перэпынілі Гілёрыка сябры:—дык ты думаеш, што і табе на сьпіну сядзе рой? Не, брат, ня трэба спаць у шапку. Вось у нядзельку паедзем да Язэпа Гавакі і купім калодку на кумы.

— Кажуць, ў яго рука цяжкая, — пробаваў нясьмела спрэчацца Кажан.

— Баба ты! — накінуўся на яго Сёмка з Марцінам: — верыш дурным бабскім забабонам.

— Верыць, ня веру; але гавораць людзі.

— Гавораць людзі! мала што людзі гавораць! Гавораць, што Малютава свіньня хочэ запісацца ў саюз рускаго народа, а Язэпаў вол ходзіць па вёсках ды на карты варожэ! — зрэзаў Сёмка Гілёрыка.

Позна вечэрам сябры разышліся. Сёмка угаварыўся зрабіць казлы на вулей, Марцін узяўся садраць лубок, а Гілёрык павінен даць каня з’езьдзіць да Гавакі па пчолы.

II.

Асьцярожна вязьлі мужыкі вулей. Конь йшоў памалу, хіба толькі з горкі прыбаўляў ходу і то не па сваей ахвоці: вулей быў залішне цяжкі (Сёмка гаварыў, што сам вулей каштуе рублёў два, а яны с пчэламі далі тры) і пхаў коніка. Сёмка трымаў каня за вобруць, упіраўся плячуком у аглоблю, а нагамі ў зямлю і такім парадкам не даваў калёсам разгуляцца. Марцін йшоў з аднаго боку, Гілёрык з другога, і дзержалі вулей, каб ён не варочаўся і каб не паадпадаліся плястры с пчэламі. Драбіны былі высланы саломаю, і вулей лежаў, як пан у вагоні першаго клясу, жыватом у гару. Даўжнік абвязалі белаю анучаю, а ў вочка ваткнулі пучок кулявой саломы, каб прахадзіў дух і каб не вылеталі пчолы.

Марцін неколькі разоў прыкладаў вухо да вульля, ці не гудуць пчолы. Там было ціха. Марцін думаў, што вулей таўсты, затым нічога і не чутно. Гілёрык так сама прыкладаў вухо з другога боку. Іон чуў як-бы некі шум, але і сам ня мог разабраць, ці то пчолы шумяць, ці сам вулей гудзе, шаруючыся аб салому. Каб разагнаць сумленьня, Гілёрык грукнуў, як тапаром, кулаком па вульлі.

— Што ты робіш, каб ты згарэў, каб ты?!..—кінуўся на яго Сёмка: — матку ўстрывожыш! Вось як трэсну табе ў вуха, то не так зашуміць! Цікавы вельмі!

Паміж тым пад’ехалі да самаго горшаго мейсца і спыніліся. Трэба было з’ехаць з гары. Гара высокая і прыткая. Сёмка з Марцінам пабраліся за аглоблі, а Гілёрыка пасадзілі вярхом на вулей. Гілёрык упёрся нагамі у крайніе лёсткі, а рукамі ўшчарэпіўся за вулей, каб ня з’ехаў. Калёсы наўперад йшлі ціха, а потым давай каціць барджэй. Марцін ня спрытна ступіў і паднёс сваю ногу пад конскі капыт. Марцін зашыпеў, як вуж, і выпусьціў аглоблю, а сам кульгаючы і скачучы на аднэй назе, ўляпіўся за драбіны.

— Дзяржы!

Гілёрык бачыць, што ад яго залежыць доля вульля, і ён, што сілы, налёг нагамі на лёсткі. Лёсткі зламаліся, і Гілёрык грукнуўся патыліцай аб вулей, аж ногі задраліся ў гару, а потым на вульлю зьехаў на сьпіне і стукнуўся галавою аб конскі зад. На іх шчасьце, воз ужо зьехаў з гары, і яны адрабіліся адным толькі страхам, калі не лічыць гуза на Гілёрыкавой пыталіцы і садранай скуркі на назе Марціна.

III.

На Сёмкавым прыгуменьні сабралася цэлая чэрада народу. Тут былі мужыкі, жонкі і дзеці. У садзе у Сёмкі — там была грушка, яблынька і дзьве вішні — казлы ўжо стаялі.

Суседзі памаглі зьняць вулей.

— Можэ калі дасьцё мёду пакаштаваць, — сказаў Пятрусь Каптур, плюючы на рукі і беручыся за вулей.

— Абы Бог даў мядок быў, — сказалі «кумы».

— Вулей прыладзілі на казлы, у ногі палажылі плюскаты камень.

Тут Сёмка ўзяў рэшато, ўлажыў у жончыну спадніцу, абвязаў яго паяскамі і уздзеў на галаву.

— Мо прынясьці сьвянцонай вады?—спытала Марцініха.

Яе ніхто не паслухаў.

А Сёмка тым часам зьбіраўся зьняць абвязку з доўжніка.

Усе, хто тут быў, накрылі галовы, хто чым папала. У гэты час над вухам Марціна загуў авадзень. Марцін падумаў, што пчэла, і прыгнуў галаву да самай зямлі, а Гілёрык намерыўся бегчы.

— Не варушцеся, бо пазаедаюць, — сказаў Сёмка, зьняў абвязку і выняў салому з вочка.

Пчол нігдзе не было відаць.

— Што-ж яны не лятуць? — Спытаў Сёмка с трывогаю і злегка стукнуў кулаком па вульлі, прыхіліўшыся, колькі пазваляло рэшато, да вульля.

— Што за ліха?.. Дай Марцін, сякеры, адчынім галаву.

Прынясьлі сякеру. Сёмка дастаў круг.

Усе проста так і замерлі.

— А ліха-ж яго матары! — крыкнуў Сёмка зірнуўшы ў вулей: — от падвёў гад, каб яму жывот падвяло! Нічога, брат, німа ў вульлі. Пусты! А бадай яму пуста было жыць!

Усе зарагаталі. Маладые хлопцы-падшывальцы давай скакаць каля Сёмкі і крычаць:

— Дай, дзядзечка, мёду!

— Трасцу ў бок,—вылаяўся Сёмка і пхнуў нагою ў вулей. Казлы схіліліся, і вулей грокнуў на зямлю.

— Я такі і казаў вам, што у Язэпа цяжкая рука, — вясёла крыкнуў Гілёрык, рады, што вышло так як ён казаў.

— Маўчаў бы лепш, — сказаў Марцін, выходзячы з садка…