Апаведаньня (Колас, 1912)/Калядны вечэр

У балоце Калядны вечэр
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1912 год
Зоркі-Анёлы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Калядны вечар (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАЛЯДНЫ ВЕЧЭР.

Здаецца і сам сьвет гатовіўся як можна лепш сустрэць Калядны вечэр.

Было ціха. Над белаю зямлёю звісьлі бязхорменые сівые хмары. Лес перэстаў хістацца, маўчаў, закрыўшыся белым інеем, усё роўна, як узлажыў к сьвяту чыстую кашулю. А стройные ёлкі падымалі свае голавы высока над другімі дзярэўямі, і хораша вырысоўваліся ў небе іх вяршыны, як крыжыкі, як вежы цэрквей.

За дзень перад Куцьцёю лясьнік Тарас ешчэ да сьвету ехаў гасьцінцэм у горад N. Кожны год давадзілася ездзіць перад Калядамі ў замак. Гэта язда падабалася Тарасу: яго пасылалі, як растаропнаго служаку, а ў замку яго зналі ўсе паны і любілі яго. А самае важнае тое, што Тарас возьме з гораду свайго сына, Паўлюка, каторы апошні год вучыўся ў сэмінарыі. Паўлюк—гордасць Тараса, прычына людзкой зайздрасьці.

Тарас купіў на дарогу пачэк папярос за тры капейкі, каб не так сцішна было аднаму ў полі і каб не вазіцца с курэньнем на холадзі. У палукашку ў санях ляжала штук пятнадцать зайцоў, рыба, сушэные грыбы. Гэта — гасцінец к куцьці замковым паном ад пана лясьнічаго.

∗          ∗

Тарасава пасада стаяла каля самаго лесу, каторы цягнуўся, як падкова, роўным паўкругам. Тут жэ каля Хаты цякла рэчка-крыніца, Толькі самые трэскучые марозы засьцілалі яе пялёнкаю лёду.

Цяпер ў Тарасавой хаце кіпела работа, — гатовіліся к сьвяту, к Каляднаму вечэру, таму вечэру, катораго так нецярпліва чэкаюць дзеці і каторы так многа прыносіць радоснаго ў шэрае жыцьцё простаго чэлавека.

Два старшые Тарасавы сыны — а яны ўжо былі праўдзівые дзяцюкі — ухаджываліся на дварэ: загатаўлялі каровам трасянку, секлі і пілавалі дровы. А іх дзядзька, Андрэй, меншы Тарасоў брат, залажыўшы сякерку за пояс, пашоў трэсьці свае кошыкі. Андрэй быў заўзяты рыбак.

А самая важная работа ішла ў хаце.

Сягоньня Кася раней запаліла ў печы. Белаваты дымок роўна падымаўся ў гару і расплываўся высока ў ціхім марозным паветры. Каля печы стаяў ужо заслон, накрыты чыстым настольнікам. На адным яго канцы стаяла ражка з цестам. Скаварады весела брэнчалі па прыпеку, і мягкіе, гарачые аладкі, як грушы, кідаліся спрытнаю рукою Касі. Уся лава проці печы была застаўлена міскамі, гарнушкамі, гаршчкамі з усякімі, прыпасамі для вячэры.

Пачынала зьмеркацца.

У покуці на сене ўжо важна стаяў гаршчок с куцьцёю. Мужчыны ухадзіліся і цяпер мыліся ў ночвах. Дзядзька засеў брыцца.

Малышы даўно ўжо памыліся, прыбраліся і гатовы былі сесьці за стол.

У хаці было ціха. Усе стараліся трымаць сябе як можна дэлікатна. Нават гарбуз Міхась вёў сябе, як сталы чэлавек.

Невялічкая лямпачка, вісючы над сталом, прыдавала хаці нешта незвычайнае і новае.

Вясёлы вечэр! Усе нецярпліва чакалі Тараса і Паўлюка, асабліва Паўлюка. Такі ён быў слаўны хлопец! Ды й бачылі яго даўно — поўгода, дзякуй Богу, ўжо прайшло, як Паўлюка не было дома.

∗          ∗

— Міхась! Міхась! хадзі сюды!—падклікаў да сябе Пятрусь Міхася.

Два браты, самые меншые Тарасовы сыны, выбіралі цёмны куток і пачыналі вясьці гутарку.

— Ну, гдзе, ты думаеш, цяпер Каляды?—пытаўся Пятрусь.

— Гдзе ж?—атказаў ня думаючы Міхась:—ў Мінску. За гадзіну і к нам прыдуць.

— Ото дурэнь! ці-ж можна за гадзіну прыйсьці з Мінска.

— Дык яны на машыне прыедуць, — не здаваўся Міхась.

— Дурны ты! Каляды-ж не жывые. Дзень такі—Каляды, сьвята, — тлумачыў Пятрусь Міхасю.

Тут і гутарка на мінуту абрывалася.

— Зараз прыедзе тата з Паўлюком, — пачынаў Міхась, як-бы гаворачы сам с сабою, і яго круглые цёмные вочкі былі поўны ціхіх думак.

Усе ў хаці чакалі Паўлюка і аб ім толькі і думалі. Дзядзька Андрэй зрабіў яму пекную шафку для кніг і прыбіў яе каля сьцяны, гдзе спаў Паўлюк. Маці паклапацілася напхаць мягкі сяннік і прыгатаваць чыстую пасьцель. Старшы сын, Алесь, разстараўся другую стрэльбу, каб пайсьці с Паўлюком на зайцоў. А Пятрусь і Міхась вывучалі ўвесь буквар. бо Паўлюк дэкляраваў ім за гэта кніжок з малюнкамі.

Міхась с Пятрусем тым часам гаварылі ізноў. Цяпер рэч ішла аб вячэры.

— Ты толькі, Міхась, не накідайся адразу на яду, — асьцерагаў Міхася Пятрусь: — бо мама што раз будзе даваць смачнейшую страву. Я летась падашукаўся. Паставілі верашчаку, дык я давай хлыстаць. Потым даюць квас, ды такі смачны. Я за квас. Далей смажэная рыба… Вячэра ешчэ ў палавіне, а мяне ужо хоць на пупі круці.

— А заўтра мы будзем шукаць на стале зерняты?

— А як жэ? І якіх зернят больш будзе, тое збожэ на лета лепш уродзіцца.

Харошэнькую, зялёную, купчастую ёлачку паставілі каля стала.

— А ёй тут добрэнька: цёпла! — гаварыў ён і заліваўся вясёлым сьмех.

∗          ∗

На дварэ забрахаў стары Жук. Усе кінуліся к акну.

— Прыехалі!

Андрэй з Алесем, накінуўшы кажухі, пашлі спатыкаць Тараса с Паўлюком…

Вот зараз адчыняцца дзьверы, і на парозе пакажэцца фігура Паўлюка з маленькімі, цёмнымі вусікамі і шчасьлівым тварам.

Кася абцёрла хвартухом вусты. Лёгкая дрыготка прабегла па яе целу. Міхась с Пятрусем палезлі на печ. Дзеўчаты стараліся ўзяць што-нібудзь у рукі і цікавалі на дзьверы.

— Што-ж яны там кошкаюцца? — нецярпелася мацеры.

А яна ўжо неколькі разоў перад гэтым выхадзіла маўчком на двор і пазірала на дарогу. Стаяла, слухала, ці не пачуе ў лесі знаёмае «Но!..»

Цераз неколькі мінут у хату вайшоў Тарас. Вусы яго былі белые ад марозу. Нешта смутнае праняслося у Касі.

— А гдзе Паўлюк?

Тарас быў хмурны. Было відна, што многа горкіх думак бушавала ў яго душы.

Тарас маўчаў. У хаці зрабілася нудная цішына.

— У турме наш Паўлючок! — як стогн вырвалася ўрэшці з грудзей Тараса.

І ў хаці стала ешчэ цішэй, ешчэ нудней…