Апавяданні (Колас, 1940)/Арыніна перамога

Чорт Арыніна перамога
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1940 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Арыніна перамога.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АРЫНІНА ПЕРАМОГА

I

Арынцы было пяць год, калі яе бацьку забралі на вайну з немцамі.

Яна добра памятае той дзень. Такая сумятня была ў іх вёсцы. Плакалі мацяркі і жонкі, выпраўляючы сваіх сыноў і мужоў. Плакала і Арынчына маці, ідучы поруч з Панасам. Панас, Арынчын бацька, нёс на руках яе і меншага брата Арынчынага, Алеся. А на руках у маткі была маленькая Зоська. Арынцы трохі няёмка было такой «вялікай» на бацькавай руцэ. Але яна не пратэставала, бо тут, відаць, трэба было. Туліў бацька да шырокіх грудзей Арынку і Алеся і цалаваў іх, а ў самога былі слёзы на вачах. Прадчуваў, мусібыць, што не вернецца з вайны.

У дванаццаць гадоў засталася Арынка сіратою. Калі яшчэ жыва была маці, то хоць і цяжка было ім, але сяк-так перабіваліся, і ўдваіх лягчэй гаравалася. Адно толькі можа было шчасце, што Алесь і Зоська паўміралі раней, і засталася Арынка адна-адненькая. Усю-ж яе маёмасць, хібарку-хату, хлявец і чатыры дзесяціны зямлі, сваякі паразбіралі. А дзядзька Сымон, старэйшы брат Апанасаў, забраўшы зямлю, узяў да сябе і Арынку. Нясолядка жылося ёй у дзядзькі. Свая сям’я вялікая, і тут яна аказалася лішняю. А потым дзядзька Сымон аддаў Арынку служыць на хутар, да заможніка-кулака Трахіма Гармізы.

А час быў такі бурны, неспакойны, трывожны — рэволюцыя, вайна, але Арынчына жыццё не мянялася — цяжка было ёй, і не было каму заступіцца за яе. Не лепш, як у дзядзькі, было ёй і ў Гармізы. Адна толькі пацеха, што Гарміза — чалавек чужы, не так хоць крыўдна. Умеў Гарміза чужымі рукамі нажывацца, да работы прынявольваць, ды яшчэ і папікаць Арынку сваім хлебам і сваёю кулацкаю ласкаю. Цярпела Арынка, не бачачы свету за работаю, і маўкліва зносіла несправядлівасць. Горка было і крыўдна: Гармізавы дочкі ў школах вучыліся, шукалі яшчэ лягчэйшага хлеба, хоць жылося ім і так не кепска — позна ўставалі, елі смачна, хадзілі чыста адзетыя, па добрай волі рабілі работу. Арынка-ж да ўсходу сонца падымалася з пасцелі, са свайго бярложка за печчу ў кухні, апошняю клалася спаць. Хадзіла летам босая, зімой у лапцях, у старых неданосках, з патрэсканаю скураю на руках, з заскарузлымі ад работы пальцамі. У няспыннай рабоце, не ведаючы адпачынку, у слепаце і цемнаце праходзіла яе дзявоцтва. Яна ведала, што сіротам цяжка жыць на свеце, але глухі пратэст падымаўся ў яе сэрцы супроць такой няпраўды. З зайдрасцю і са злосцю пазірала яна спотайку на Гармізавых дачок: яны вучацца, чытаюць кніжкі, камандуюць ёю. А чым яна горш за ўсіх? У лужыну часамі, замест люстэрачка, паглядзіцца Арынка і катэгарычна прызнаецца сама сабе: «адзеньце мяне так, як адзеты вы, да навучыце мяне грамаце — я вас за пояс заткну». Ды што ты зробіш? Каму паскардзішся?

II

Бурнае разводдзе людскога жыцця ўваходзіла ў новыя берагі. І немцы, і белапалякі, і бандыцтва засталося ззаду. Усталявалася совецкая ўлада. Добрыя чуткі сталі даходзіць да Арыніных вушэй. Совецкая ўлада заступаецца за беднату, за абяздоленую голь, за батрацтва. І жыццё, як заўважыла Арына, і людзі навокай яе — пацвярджалі гэтыя чуткі. На самым Гармізу адбіваліся подыхі новага жыцця. Адбіваліся яны і на Гармізавых дочках. І Гарміза і дочкі яго відавочна пахмурнелі. Абрэзалі Гармізаў хутар, а яго зямлёю надзялілі двух беднякоў.

— Гэта парадак на свеце? — злосна бубніў Гарміза: — што: — я нажыў потам і крывавым мазалём, забіраюць ад мяне.

І скрыва паглядаў на Арынку, але ў вочы стаў лагоднейшы з ёю.

А праз колькі дзён нават і ў гутарку ўступіў з ёю:

— Служыш ты ўжо, Арынка, у нас пяты год і служыш сумленна. Трэба трохі табе і пенсію падбавіць. Вось табе гасцінца 10 рублёў, а з гэтага часу буду плаціць табе на два рублі болей, а ўсяго буду плаціць у месяц чатыры рублі. Можа і цяжка часам было, то ты ўжо не крыўдуй, Арынка.

Здзівілася Арынка і слоў не знайшла, як сказаць яму.

Але хітры кулак падкупіў маладое дзявочае сэрца. Яна-ж цяпер адразу багатаю стала.

І пачала яна разважаць, чаму, Гарміза так раптам падабрэў? Можа і сапраўды ён не такі ўжо ліхі чалавек, якім лічыла яна яго дагэтуль? Так і не дадумалася Арынка, чым растлумачыць Гармізаву змену. Напэўна тут нешта ёсць, думала дзяўчына, і на думку ёй прыходзіла совецкая ўлада.

Але справа скора высветлілася.

Праз колькі дзён прышла на Гармізаў хутар маладая жанчына з партфелем спецыяльна для таго, каб пагаварыць з Арынаю. Арына дужа здзівілася, а Гарміза моцна спалохаўся. Яшчэ больш цікава было Арынцы: чаго спалохаўся яе гаспадар, чалавек з шырокаю спіною, з тоўстым як у вала, каркам, гэтай маладой і зусім на выгляд нястрашнай жанчыны. Наадварот, мужчыну, па-настаяшчаму, прыемна павінна быць пабачыць такую жанчыну. Але Гарміза спалохаўся не дарма: маладая жанчына, Ульяна Кубеліч, была не хто іншая, як прадстаўнік рабачкома ал сельсовета.

Павёў Гарміза Ульяну ў святліцу.

— У вас ёсць работніца, — адразу і па-дзелавому прыступіла Ульяна Кубеліч да справы, узяўшы карандаш і паперы з партфеля.

— Ёсць ціха адказаў Гарміза.

— А колькі яна ўжо працуе ў вас?

— А ўжо пяты год.

— А колькі ёй гадоў? — дапытвалася Кубеліч.

— Да ўжо, мусіць, гадоў восемнаццаць ці каля гэтага, — нясмела адказаў Гарміза і, ажывіўшыся, казаў далей:

— Я ўзяў яе зусім падлеткам. Сірата-ж яна. Проста з жаласці ўзяў. У мяне яна расла і гадавалася.

— Ну, але яна ў вас была і за работніцу?

— Вядома-ж рабіла работу, як робяць мае дзеці.

— Дык вы, што-ж, на правах дачкі трымалі яе? — пацікавілася Ульяна.

— Ды бадай што так.

— Ульяна паглядзела на Гармізу. Тонкая ўсмешка прабегла па яе губах.

— Як зваць яе?

— Арына.

— Паклічце яе сюды, а самі выйдзіце, — тонам загаду сказала Ульяна.

«Ось ты чорт цябе вазьмі: прышла сабе ў хату і распараджаецца тут». Але аслухацца грознай жанчыны з партфелем Гарміза не пасмеў.

— Мяне вы клікалі? — запытала Арына, увайшоўшы ў святліцу і са здзіўленнем пазіраючы на Ульяну.

— Так, мілая.

— А хто-ж вы такая?

— А я з рабачкома, упаўнаважаная ад сельсовета. Абследую становішча батракоў, работніц і работнікаў у прыватных гаспадарках. Сядайце.

— Нічога, пастаю.

— Ці мала настаялася? — лагодна запытала Ульяна.

— Ну, што-ж? Такое наша шчасце.

— Ты мыляешся Арынка. Сядай, пагуларым…

Падробна распытала Ульяна пра Арыніну службу, жыццё, заработак, пра выхадныя дні. Праўдзіва адказвала ёй Арына, не ўтаіўшы нават і тых дзесяць рублёў Гармізавай нагароды і тых двух рублёў надбаўкі, што абяцаў ёй Гарміза. Ульяна ўсё запісвала.

— Вось як гэта добра — умець запісаць, — сказала Арынка, пазіраючы, як піша Ульяна, і журботна паківала галавою.

— А ты непісьменная?

— А дзе-ж мне быць пісьменнай?

— А Гарміза-ж казаў, што ты амаль на правах яго дочкі жыла?

Арына паглядзела на Ульяну, і гэты погляд казаў:

— Гаварыць можна што хочаш.

Яны зразумелі адна адну і ўсміхнуліся.

III

Ульянін візіт на Гармізаў хутар быў паваротным пунктам у Арыніным жыцці. Па-першае, Арына пераканалася, што праўда на свеце ёсць, па-другое, што совецкая ўлада сапраўды абараняе інтарэсы беднаты і не дазваляе, каб яе крыўдзіла і эксплаатавала рознае людское павуччо. А вынікам усяго гэтага была справядлівая ацэнка Арынчынай працы ў Гармізы і яе аплата: Гарміза павінен быў справіць Арыне абутак, поўны камплект адзежы, выплаціць ёй трыста рублёў ды даць яшчэ пры разлічэнні па дзесяць рублёў за-тры месяцы. Абутая, адзетая, з грашыма ў кішэні, горда ішла Арынка з Гармізавага хутара, маладая, прыгожая, вясёлая, з высока паднятаю галавою. Не: совецкая ўлада не дасць ёй згінуць!

Апынулася Арынка ў горадзе. У іншы круг людзей, у новае кола інтарэсаў трапіла яна. Прынялі Арынку на фабрыку. Пачала яна хадзіць на сходы, даклады і спрэчкі слухаць, і стала святлець у яе вачах, і гэты свет зусім па-іншаму раскрываўся перад ёй. І старанная-ж была яна работніца. Калі ранейшая праца яе была паднявольная, то цяпер працавала яна свядома, рупліва, старанна, бо ведала, для чаго, навошта працуе.

Але самае важнае тут было вось што: пачала Арынка ліквідаваць сваю непісьменнасць. Наўперад ёй было трохі страшна, калі іх, непісьменных людзей рознага полу і ўзросту, сабралі ў цэлую групу, калі прышоў настаўнік, малады студэнт, ды разлажыў лозунгі, плакаты і розныя кнігі. І дзіўна было тое, што настаўнік адразу пачаў з чытання цэлых сказаў. Пазірала Арынка на невядомыя ёй значкі, што азначалі цэлыя словы, і чытала разам з другімі, нічога не разумеючы. Запаміналі сказы, пазнавалі словы ў гэтых сказах, прыглядаліся да іх. Страшна было, сцяжка і незразумела. Але ў далейшым гэтыя словы і гэтыя дітары-значкі станавіліся больш знаёмымі. Памаленьку, патрошку раскрывалася таямніца чытання, граматы…


Прайшло тры месяцы часу.

Ехала Арынка ў падшэфны калгас. Дзве станцыі трэба было ехаць цягніком. Апрача Арынкі былі тут яшчэ тры рабочыя і адна работніца з іх брыгады. А ў вагоне былі розныя людзі. Курылі здорава. Арынка-ж чытала ўсё, што пападалася ёй на вочы. І бачыць яна надпіс угары над дзвярыма вагона: «Для некурашчых». Марудна, павольна прачытала яна надпіс, прачытала яшчэ раз, зірнула на курцоў. Праўду сказаць, курцы ўжо і не так заміналі ёй, і табачны дым не быў ёй праціўны. Але Арынка не магла стрымацца, каб не выкарыстаць сваёй пісьменнасці і права пратэставаць супроць курцоў у вагоне для некурашчых. Яна важна падышла да курцоў.

— Таварышы! — сказала яна: паглядзіце, што там напісана? — і паказала пальцам на надпіс. Курцы, хоць і ведалі, што ёсць тут гэты надпіс, але паднялі галовы, паглядзелі на яго і моўчкі спынілі курэнне.

Гэта была першая поўная Арынкіна, радасць і вялікая перамога.