Аповесці нябожчыка Івана Петровіча Белкіна/Мяцеліца
← Стрэл | Аповесці нябожчыка Івана Петровіча Белкіна/Мяцеліца Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін |
Трунар → |
«Кони мчатся по буграм,
Топчут снег глубокой...
Вот в сторонке божий храм
Виден одинокой.
. . . . . . . . . . . . . . . .
Вдруг метелица кругом;
Снег валит клоками;
Черный вран, свистя крылом,
Вьется над санями;
Вещий стон гласит печаль!
Кони торопливы
Чутко смотрят в темну даль,
Воздымая гривы...»
Жукоўскі[1].
У канцы 1811 года, у эпоху нам добра памятную, жыў у сваім маёнтку Ненарадаве добры Гаўрыла Гаўрылавіч Р**. Ён славіўся ва ўсёй акрузе гасціннасцю і прыветнасцю; суседзі штохвіліны ездзілі да яго паесці, папіць, пагуляць па пяць капеек у бастон[2] з яго жонкаю, а некаторыя для таго, каб паглядзець на дачку іх, Мар’ю Гаўрылаўну, стройную, бледную і семнаццацігадовую дзяўчыну. Яна лічылася багатай нявестаю, і шмат хто прызначаў яе за сябе або за сыноў.
Мар’я Гаўрылаўна была выхавана на французскіх раманах і, значыцца, была закахана. Прадмет, абраны ёю, быў бедны армейскі прапаршчык, які знаходзіўся ў водпуску ў сваёй вёсцы. Само па сабе зразумела, што малады чалавек палаў гэтакім-жа агнём, і што бацькі яго любай, заўважыўшы іх узаемную прыхільнасць, забаранілі дачцы аб ім і думаць, а яго прымалі горш, як адстаўнога засядацеля[3].
Нашы палюбоўнікі былі ў перапісцы і кожны дзень бачыліся адзін-на-адзін у хвойніку або каля старой капліцы. Там яны кляліся адзін аднаму ў вечным каханні, наракалі на лёс і рабілі розныя меркаванні. Перапісваючыся і гутарачы такім чынам, яны (што зусім натуральна) дайшлі да наступнага разважання: калі мы адзін без аднаго дыхаць не можам, а воля жорсткіх бацькоў перашкаджае нашаму шчасцю, дык ці не можна будзе нам абыйсціся без яе? Зразумела, што гэтая шчаслівая думка прышла спярша ў галаву маладому чалавек, і што яна вельмі спадабалася раманічнаму ўяўленню Мар’і Гаўрылаўны.
Надышла зіма і спыніла іхныя спатканні; але перапіска зрабілася тым жывейшаю. Владзімір Нікалаевіч у кожным лісце маліў яе здацца на яго, вянчацца тайна, хавацца некаторы час, кінуцца потым у ногі бацькам, якія, вядома, будуць расчулены нарэшце гераічнай нязменнасцю і няшчасцем палюбоўнікаў і скажуць ім абавязкова: «Дзеці! прыдзіце ў нашы абдымкі».
Мар’я Гаўрылаўна доўга хісталася; шмат планаў уцёку было адхілена. Нарэшце яна згадзілася: у прызначаны дзень яна павінна была не вячэраць, зачыніцца ў свой пакой, спаслаўшыся на тое, што баліць галава. Пакаёўка яе была ў змове; абедзве яны павінны былі выйсці ў сад праз задні ганак, за садам, знайсці гатовыя сані, садзіцца ў іх і ехаць за пяць вёрст ад Ненарадава ў сяло Жадрына, проста ў царкву, дзе ўжо Владзімір павінен быў іх чакаць.
Напярэдадні рашучага дня Мар’я Гаўрылаўна не спала ўсю ноч; яна збіралася, увязвала бялізну і адзенне, напісала даўгі ліст да адной чуллівай паненкі, яе сяброўкі, другі да сваіх бацькоў. Яна развітвалася з імі ў самых жаласлівых словах, апраўдвала свой учынак непераможнай сілай кахання і канчала тым, што самаю найшчаслівейшаю хвілінаю жыцця палічыць яна тую, калі дазволена будзе ёй кінуцца ў ногі найдаражэйшых яе бацькоў. Запячатаўшы абодва лісты тульскай пячаткай, на якой выведзены былі два палаючыя сэрцы з прыстойным надпісам, яна кінулася на пасцель перад самым золакам і задрамала; але і тут жудасныя лятуценні штохвіліны яе абуджалі. То здавалася ёй, што ў самую хвіліну, як яна садзілася ў сані, каб ехаць вянчацца, бацька яе спыняў яе, з балючай шпаркасцю цягнуў яе па снезе і кідаў у цёмнае, бяздоннае падзямелле… І яна ляцела старчком з невымоўным заміраннем сэрца; то бачыла яна Владзіміра, ляжачага на траве, бледнага, акрываўленага. Ён, паміраючы, маліў яе прарэзлівым голасам паспяшыць з ім абвянчацца… другія пачварныя, бязглуздыя прывіды імчаліся перад ёю адзін за адным. Нарэшце яна ўстала, блядней як зазвычай і з непрытворным галаўным болем. Бацька і маці заўважылі яе трывогу; іх пяшчотная клапатлівасць і няспынныя запытанні: што з табою, Маша? Ці не хворая ты, Маша? раздзіралі яе сэрца. Яна старалася іх супакоіць, здавацца вясёлаю, і не магла. Надышоў вечар. Думка, што ўжо ў апошні раз праводзіць яна дзень сярод сваёй сям’і, сціскала яе сэрца. Яна была ледзь жывая; яна ўпотайку развітвалася з усімі людзьмі, з усімі рэчамі, што былі навокал яе. Падалі вячэраць; сэрца яе моцна забілася. Дрыжачым голасам абвясціла яна, што ёй вячэраць не хочацца, і стала развітвацца з бацькам і маткаю. Яны яе пацалавалі і, як зазвычай, блаславілі: яна ледзь не заплакала. Прышоўшы ў свой пакой, яна кінулася ў крэсла і залілася слязмі. Пакаёўка ўгаварвала яе супакоіцца і падбадзёрыцца. Усё было гатова. Праз поўгадзіны Маша павінна была назаўсёды пакінуць бацькоўскі дом, свой пакой, ціхае дзявоцкае жыццё… На дварэ была мяцеліца; вецер выў, акяніцы трэсліся і стукацелі; усё здавалася ёй пагрозаю і сумным прадраканнем. Хутка ў доме ўсё сціхла і заснула. Маша ўхуталася ў шаль, надзела цёплы капот, узяла ў рукі шкатулку сваю і вышла на задні ганак. Служанка несла за ёю два клункі. Яны сышлі ў сад. Мяцеліца не сціхала; вецер дзьмуў насустрач, як быццам намагаючыся спыніць маладую злачынніцу. Яны ледзь дайшлі да канца саду. На дарозе сані чакалі іх. Коні, прамёрзшы, не стаялі на месцы; фурман Владзіміра пахаджваў перад аглоблямі, утрымліваючы порсткіх. Ён дапамог паненцы і яе пакаёўцы ўсесціся і ўкласці клункі і шкатулку, узяў лейцы, і коні паляцелі. Даручыўшы паненку ахове лёсу і здатнасці Терэшкі фурмана, звернемся да маладога нашага палюбоўніка.
Цэлы дзень Владзімір быў у раз’ездзе. Раніцой быў ён у жадрынскага свяшчэнніка; ледзьве з ім умовіўся; потым паехаў шукаць сведак паміж суседнімі памешчыкамі. Першы, да каго з’явіўся адстаўны саракагадовы карнет[4] Дравін, згадзіўся з ахвотаю. Гэтая прыгода, запэўняў ён, нагадвала яму ранейшы час і гусарскія свавольствы. Ён угаварыў Владзіміра застацца ў яго адабедаць і ўпэўніў яго, што за другімі двума сведкамі справа не стане. Сапраўды, зараз-жа пасля абеду з’явіліся землямер Шміт з вусамі і шпорамі і сын капітан-спраўніка[5], хлапчук гадоў шаснаццаць, які нядаўна паступіў ва уланы[6] Яны не толькі прынялі прапанову Владзіміра, але нават кляліся яму ў гатоўнасці афяраваць для яго жыццём. Владзімір абняў іх з надзвычайнай радасцю і паехаў дадому рыхтавацца.
Ужо даўно змерклася. Ён адправіў свайго надзейнага Терэшку ў Ненарадава з сваёю тройкаю і з падрабязным, грунтоўным наказам, а для сябе загадаў запрэгчы аднаго каня ў маленькія сані, і адзін без фурмана адправіўся ў Жадрына, куды гадзіны праз дзве павінна была прыехаць і Мар’я Гаўрылаўна. Дарога была яму знаёмая, а язды ўсяго дваццаць хвілін.
Але ледзь Владзімір выехаў за ваколіцу ў поле, як узняўся вецер і зрабілася такая мяцеліца, што ён нічога не бачыў. У адну хвіліну дарогу замяло; наваколле знікла ў імгле мутнай і жаўтаватай, скрозь якую ляцела белае клочча снегу; неба злілося з зямлёю; Владзімір апынуўся ў полі і дарэмна хацеў ізноў трапіць на дарогу; конь ступаў наўдачу і штохвіліны то ўз’язджаў на сумёт, то правальваўся ў яму; сані што хвіліны перакульваліся, — Владзімір стараўся толькі не згубіць сапраўднага кірунку. Але яму здавалася, што ўжо прайшло больш за поўгадзіны, а ён не даязджаў яшчэ да жадрынскага гаю. Прайшло яшчэ каля дзесяці хвілін; гаю ўсё было не відаць. Владзімір ехаў полем, перасечаным глыбокімі ярамі. Мяцеліца не сціхала, неба не праяснялася. Конь пачынаў прыставаць, а з яго пот ліў цурком, не гледзячы на тое, што ён штохвіліны быў па пояс у снезе.
Нарэшце ён убачыў, што едзе не ў той бок. Владзімір спыніўся: пачаў думаць, прыпамінаць, кумекаць, і ўпэўніўся, што трэба было ўзяць яму ўправа. Ён паехаў управа. Конь яго ледзь ступаў. Ужо больш гадзіны быў ён у дарозе. Жадрына павінна было быць недалёка. Але ён ехаў, ехаў, а полю не было канца. Усё сумёты ды яры; штохвіліны сані перакульваліся, штохвіліны ён іх падымаў. Час ішоў; Владзімір пачынаў вельмі непакоіцца.
Нарэшце ўбаку нешта пачало чарнець. Владзімір павярнуў туды. Набліжаючыся, убачыў ён гай. Дзякуй богу, падумаў ён, цяпер блізка. Ён паехаў каля гаю, спадзяючыся зараз-жа трапіць на знаёмую дарогу альбо аб’ехаць гай кругом: Жадрына знаходзілася зараз-жа за ім. Хутка знайшоў ён дарогу і ўехаў у змрок дрэў, аголеных зімою. Вецер не мог тут лютаваць; дарога была гладкая; конь пажвавеў і Владзімір супакоіўся.
Але ён ехаў, ехаў, а Жадрына было не відаць; гаю не было канца. Владзімір з жахам убачыў, што ён заехаў ў незнаёмы лес. Роспач апанавала яго. Ён ударыў па кані; бедная жывёліна пайшла была трушком, але хутка пачала прыставаць і праз чвэртку гадзіны пайшла ступою, не гледзячы на усе намаганні няшчаснага Владзіміра. Трохі-па-трохі дрэвы пачалі радзець, і Владзімір выехаў з лесу; Жадрына было не відаць. Павінна было быць пад поўнач. Слёзы брызнулі з вачэй яго; ён паехаў наўдачу. Надвор’е сціхла, хмары разыходзіліся, перад ім ляжала роўнядзь, усланая белым зыбістым дываном. Ноч была даволі ясная. Ён убачыў непадалёк вёсачку, якая складалася з чатырох альбо пяці двароў. Владзімір паехаў пад яе. Каля першай хаціны ён выскачыў з саней, падбег да акна і пачаў стукацца. Праз некалькі хвілін драўляная акяніца паднялася, і дзед высунуў сваю сівую бараду.
— Што табе трэба?
— Ці далёка Жадрына?
— Жадрына ці далёка?
— Але, але! Ці далёка?
— Недалёка; вёрст дзесятак будзе. — Пры гэтым адказе Владзімір схапіў сябе за валасы і застаўся без руху, як чалавек, прысуджаны да смерці.
— А адкуль ты? — гаварыў далей стары. Владзімір не меў духу адказаць на пытанні.
— Ці можаш ты, дзед, — сказаў ён, — дастаць мне коней да Жадрына?
— Якія ў нас коні, — адказаў мужык.
— Ды ці не магу ўзяць хоць правадніка? Я заплачу, колькі ён захоча.
— Пачакай, — сказаў дзед, апускаючы акяніцу, — я табе сына вышлю; ён цябе правядзе. — Владзімір стаў чакаць. Не прайшло хвіліны, ён зноў пачаў стукацца. Акяніца паднялася, барада паказалася.
— Што табе трэба?
— Што-ж твой сын?
— Зараз выйдзе, абуваецца. Хіба ты прамёрз? зайдзі пагрэцца.
— Дзякуй, высылай хутчэй сына.
Вароты заскрыпелі; хлапец выгнаў з дубінаю і пайшоў наперад, то паказваючы, то шукаючы дарогу, засыпаную снегавымі сумётамі.
— Якая гадзіна? — спытаўся ў яго Владзімір.
— Ды ўжо хутка развіднее, — адказаў малады мужык. Владзімір не гаварыў ужо ні слова.
Пелі пеўні і было ўжо светла, як дабраліся яны да Жадрына. Царква была запёртая. Владзімір заплаціў правадніку і паехаў на двор да свяшчэнніка. На дварэ тройкі яго не было. Якая вестка чакала яго!
Але вернемся да добрых ненарадаўскіх памешчыкаў і паглядзім, што ў іх робіцца.
А нічога.
Старыя прачнуліся і вышлі ў гасціную, Гаўрыла Гаўрылавіч у калпаку і байкавай куртцы, Праскоўя Петроўна ў шлафроку на ваце. Падалі самавар, і Гаўрыла Гаўрылавіч паслаў дзяўчыну-служанку даведацца ад Мар’і Гаўрылаўны, як яе здароўе і як яна спачывала. Служанка вярнулася, абвяшчаючы, што паненка спачывала моў дрэнна, але што ёй цяпер моў лягчэй, і што яна моў зараз прыдзе ў гасціную. Сапраўды, дзверы адчыніліся, і Мар’я Гаўрылаўна падышла вітацца з папенькам і маменькай.
— Як твая галава, Маша? — спытаўся Гаўрыла Гаўрылавіч.
— Лепш, папенька, — адказала Маша.
— Ты пэўна, Маша, учорась учадзела, — сказала Праскоўя Петроўна.
— Можа быць, маменька, — адказала Маша.
Дзень прайшоў шчасліва, але ўночы Маша занядужала. Паслалі ў горад па лекара. Ён прыехаў пад вечар і застаў хворую ў брэду. Адкрылася моцная гарачка, і бедная хворая два тыдні знаходзілася на краі магілы.
Ніхто ў доме не ведаў аб рыхтаваным уцёку. Лісты, напярэдадні ёю напісаны, былі спалены; яе пакаёўка нікому ні аб чым не гаварыла, баючыся гневу паноў. Свяшчэннік, адстаўны карнет, вусаты землямер і маленькі улан былі скромныя, і не дарма. Терэшка фурман ніколі нічога лішняга не выказваў, нават і пад чаркаю. Такім чынам тайна была захована больш як поўтузінай змоўнікаў. Але Мар’я Гаўрылаўна сама, у няспынным брэдзе, выказвала сваю тайну. Аднак-жа яе словы былі гэтак недарэчы да ўсяго, што маці, не адыходзіўшая ад яе пасцелі, магла зразумець з іх толькі тое, што дачка яе была да смерці закахана ў Владзіміра Нікалаевіча, і што напэўна каханне было прычынаю яе хваробы. Яна раілася са сваім мужам, з некаторымі суседзямі, і нарэшце аднагалосна ўсе вырашылі, што відаць гэткі быў лёс Мар’і Гаўрылаўны, што суджанага канём не аб’едзеш, што беднасць не ганьба, што жыць не з багаццем, а з чалавекам, і да таго падобнае. Маральныя прыказкі бываюць да дзіўнага карысныя ў тых выпадках, калі мы ад сябе мала што можам выдумаць сабе ў апраўданне.
Між тым паненка пачала ачуньваць. Владзіміра даўно не відаць было ў доме Гаўрылы Гаўрылавіча. Ён быў напалоханы звычайным прыёмам. Вырашылі паслаць па яго і абвясціць яму нечаканае шчасце: згоду на шлюб. Але якое было здзіўленне ненарадаўскіх памешчыкаў, калі ў адказ на іх запрашэнне атрымалі яны ад яго поўвар’яцкі ліст. Ён паведаміў ім, што нага яго не будзе ніколі ў іх доме, і прасіў забыцца пра няшчаснага, для якога смерць застаецца адзінай надзеяй. Праз некалькі дзён даведаліся яны, што Владзімір паехаў у армію. Гэта было ў 1812 годзе.
Доўга не адважваліся абвясціць пра гэта ачуньваючай Машы. Яна ніколі не ўспамінала пра Владзіміра. Ужо праз некалькі месяцаў, знайшоўшы імя яго ў ліку праявіўшых сябе і цяжка параненых пад Барадзіным[7], яна абамлела, і баяліся, каб гарачка яе не вярнулася. Аднак, дзякуй богу, самленне не мела ніякіх вынікаў.
Другі смутак наведаў яе: Гаўрыла Гаўрылавіч сканаў, пакінуўшы яе наследніцай усяго маёнтка. Але спадчына не радавала яе; яна падзяляла шчыра гора беднай Праскоўі Петроўны, клялася ніколі з ёю не разлучацца; абедзве яны пакінулі Ненарадава, месца сумных успамінаў, і паехалі жыць у ***скі маёнтак.
Жаніхі круціліся і тут каля мілай і багатай нявесты; але яна нікому не падавала ніякай надзеі. Маці часам угаварвала яе выбраць сабе друга; Мар’я Гаўрылаўна круціла галавой і задумвалася. Владзіміра ўжо не было жывога: ён памёр у Маскве, напярэдадні ўваходу французаў. Памяць яго здавалася святою для Машы; прынамсі яна берагла ўсё, што магло яго напомніць: кнігі, ім некалі прачытаныя, яго малюнкі, ноты і вершы, ім перапісаныя для яе. Суседзі, даведаўшыся аб усім, дзівіліся яе нязменнасці і з цікаўнасцю чакалі героя, які мусіў-бы нарэшце ўзяць верх над сумнай вернасцю гэтай нявіннай Артэмізы[8].
Між тым вайна са славаю была акончана. Палкі нашы варочаліся з-за мяжы. Народ бег ім насустрач. Музыка грала заваяваныя песні: «Vive Henri quatre»[9], тырольскія вальсы і арыі з «Жаконда»[10]. Афіцэры, якія пайшлі ў паход амаль дзецьмі, варочаліся, узмужаўшы на бранным паветры, увешаныя крыжамі. Салдаты весела гутарылі паміж сабою, умешваючы штохвіліны ў гаворку нямецкія і французскія словы. Час незабытны! Час славы і радасці! Як моцна білася рускае сэрца пры слове бацькаўшчына! Якія салодкія былі слёзы спаткання! З якой аднадушнасцю мы злучалі пачуцці народнай гордасці і замілавання да гасудара! А для яго, якая была хвіліна!
Жанчыны, рускія жанчыны былі тады непараўнальнымі. Звычайная халоднасць іх знікла. Радасць іх была сапраўды чароўная, калі, сустракаючы пераможцаў, крычалі яны: ура!
Хто з тагачасных афіцэраў не прызнаецца, што рускай жанчыне абавязаны ён быў лепшай, найдаражэйшай узнагародай?…
У гэты бліскучы час Мар’я Гаўрылаўна жыла з маткаю ў *** губерні і не бачыла, як абедзве сталіцы святкавалі зварот войск. Але ў паветах і вёсках агульная радасць, можа быць, была яшчэ мацнейшая. З’яўленне ў гэтых месцах афіцэра было для яго сапраўднай урачыстасцю, і палюбоўніку ў фраку дрэнна было ў яго суседстве.
Мы ўжо казалі, што, не гледзячы на яе халоднасць, Мар’я Гаўрылаўна ўсё па-ранейшаму абкружана была шукальнікамі. Але ўсе павінны былі адступіць, калі з’явіўся ў яе замку ранены гусарскі палкоўнік Бурмін, з Георгіем[12] у пятліцы з цікаваю бледнасцю, як казалі тамашнія паненкі. Яму было каля дваццаці шасці гадоў. Ён прыехаў у водпуск у свае маёнткі, якія знаходзіліся па суседству з вёскай Мар’і Гаўрылаўны. Мар’я Гаўрылаўна вельмі яго вылучала. Пры ім звычайная задуменнасць яе ажыўлялася. Нельга было сказаць, каб яна з ім какетнічала; але Паэт, заўважыўшы яе паводзіны, сказаў-бы:
Se amor non é, che dunche?..[13]
Бурмін быў, сапраўды, дужа мілы малады чалавек. Ён меў іменна той розум, які падабаецца жанчынам: розум прыстойнасці і назірання, без усякіх дамаганняў і бесклапотна насмешлівы. Паводзіны яго з Мар’яй Гаўрылаўнай былі простыя і вольныя; але што-б яна ні сказала або ні зрабіла, душа і погляды яго так за ёю і хадзілі следам. Ён здаваўся нораву ціхага і скромнага, але погаласка ішла, што некалі быў ён страшэнным павесам, і гэта не шкодзіла яму ў вачах Мар’і Гаўрылаўны, якая (як і ўсе маладыя дамы наогул) з прыемнасцю прабачала свавольствы, якое гаварыла за смеласць і палкасць характару.
Але больш за ўсё… (больш за яго пяшчотнасць, больш за прыемную гутарку, больш за цікавую бледнасць, больш за перавязаную руку) маўклівасць маладога гусара больш за ўсё падбівала яе дапытлівасць і ўяўленне. Яна не магла не прызнацца ў тым, што яна вельмі яму падабалася; напэўна і ён, з сваім розумам і спрактыкаванасцю, мог ужо заўважыць, што яна вылучала яго: якім-жа чынам да гэтай пары не бачыла яна яго каля сваіх ног і яшчэ не чула яго прызнання? Што ўтрымлівала яго? Нясмеласць, гордасць аба какецтва хітрага валацугі? Гэта было для яе загадкаю. Падумаўшы добра, яна вырашыла, што нясмеласць была адзінаю таму прычынай, і наважыла падбадзёрыць яго большай уважлівасцю, і, гледзячы па абставінах, нават пяшчотнасцю. Яна падрыхтоўвала развязку самую нечаканую і з нецярплівасцю чакала хвіліны раманічнага прызнання. Тайна, якая-б яна ні была, заўсёды цяжкая для жаночага сэрца. Яе ваенныя дзеянні мелі жаданы поспех: прынамсі, Бурмін упаў у такую задуменнасць, і чорныя вочы яго з такім агнём спыняліся на Мар’і Гаўрылаўне, што рашучая хвіліна, здавалася, ужо блізка. Суседзі ўжо гаварылі пра вяселле, як пра справу ўжо скончаную, а добрая Праскоўя Петроўна радавалася, што дачка яе нарэшце знайшла сабе вартага жаніха.
Старэнькая сядзела аднойчы адна ў гасцінай, раскладаючы гран-пас’янс[14], як Бурмін увайшоў у пакой і зараз-жа запытаўся аб Мар’і Гаўрылаўне. «Яна ў садзе, — адказала старэнькая; — ідзіце да яе, а я вас буду тут чакаць». Бурмін пайшоў, а старэнькая перахрысцілася і падумала: а можа справа сягоння-ж скончыцца!
Бурмін знайшоў Мар’ю Гаўрылаўну каля сажалкі, пад вярбою, з кнігаю ў руках, і ў белым плацці, сапраўднай гераіняй рамана. Пасля першых пытанняў Мар’я Гаўрылаўна наўмысна перастала падтрымліваць гутарку, узмацняючы такім чынам узаемнае замяшанне, якога можна было пазбавіцца хіба толькі раптоўным і рашучым прызнаннем. Так і здарылася: Бурмін, адчуваючы цяжкасць свайго становішча, абвясціў, што шукаў даўно выпадку адкрыць ёй сваё сэрца, І патрабаваў хвіліны ўвагі. Мар’я Гаўрылаўна закрыла кнігу і апусціла вочы ў знак згоды.
— Я вас люблю — сказаў Бурмін, — я вас люблю палка… (Мар’я Гаўрылаўна пачырванела і нахіліла галаву яшчэ ніжэй). — Я зрабіў неасцярожна, аддаючыся мілай прывычцы, прывычцы бачыць і чуць вас кожны дзень… (Мар’я Гаўрылаўна ўспомніла першы ліст St. Preux)[15]. Цяпер ужо позна працівіцца лёсу майму; успаміны аб вас, ваш любы, непараўнаны вобраз ад гэтага часу будзе мучэннем і ўцехаю жыцця майго; але мне яшчэ застаецца выканаць цяжкі абавязак, адкрыць вам жудасную тайну і пакласці паміж намі неадольную перашкоду…
— Яна заўсёды існавала, — перапыніла з жвавасцю Мар’я Гаўрылаўна, — я ніколі не магла быць вашаю жонкаю…
— Ведаю, — адказаў ён ёй ціха, — ведаю, што некалі вы любілі, але смерць і тры гады гаравання… Добрая, любая Мар’я Гаўрылаўна! не старайцеся пазбавіць мяне апошняй уцехі: думка, што вы-б згадзіліся стварыць маё шчасце, калі-б… маўчыце, богам прашу, маўчыце. Вы мучыце мяне. Так, я ведаю, я адчуваю, што вы былі-б маёю, але — я самае няшчаснае стварэнне… я жанаты!
Мар’я Гаўрылаўна глянула на яго са здзіўленнем.
— Я жанаты, — казаў далей Бурмін; — я жанаты ўжо чацверты год і не ведаю, хто мая жонка, і дзе яна, і ці павінен убачыцца з ёй калі-небудзь!
— Што вы кажаце? — ускрыкнула Мар’я Гаўрылаўна; — як гэта дзіўна! Кажыце далей; я раскажу потым… але кажыце, зрабіце ласку.
— У пачатку 1812 года, — сказаў Бурмін, — я спяшаўся ў Вільню, дзе знаходзіўся наш полк. Прыехаўшы аднойчы на станцыю позна ўвечары, я загадаў быў хутчэй запрагаць коней, як раптам узнялася страшэнная мяцеліца, і даглядчык, і фурманы раілі мне перачакаць. Я іх паслухаўся, але незразумелая трывога апанавала мяне; здавалася, нехта мяне так і штурхаў. Між тым мяцеліца не сунімалася; я не вытрымаў, загадаў ізноў запрагаць і паехаў у самую буру. Фурману ўздумалася ехаць ракою, што павінна было скараціць нам дарогу на тры вярсты. Берагі былі замецены; фурман праехаў паўз тое месца, дзе выязджалі на дарогу, і такім чынам апынуліся мы ў незнаёмай старане. Бура не сціхала; я ўбачыў аганёк і загадаў ехаць туды. Мы прыехалі ў вёску; у драўлянай царкве быў агонь. Царква была адчынена, за агарожаю стаяла некалькі саней; па паперці хадзілі людзі. «Сюды! сюды!» закрычала некалькі галасоў. Я загадаў фурману пад’ехаць. «Скажы на ласку, дзе ты забавіўся? — сказаў мне нехта; — нявеста самлела; поп не ведае, што рабіць; мы гатовы былі ехаць назад. Выходзь-жа хутчэй». Я моўчкі выскачыў з саней і ўвайшоў у царкву, цьмяна асветленую двума ці трыма свечкамі. Дзяўчына сядзела на лавачцы ў цёмным кутку царквы; другая цёрла ёй скроні. «Дзякуй богу, — сказала гэта, — ледзьве вы прыехалі. Ледзь было вы паненку не замардавалі». Стары свяшчэннік падышоў да мяне з пытаннем: «Загадаеце пачынаць?» — «Пачынайце, пачынайце, бацюшка», адказаў я безуважна. Дзяўчыну паднялі. Яна здавалася мне нішто сабе… Незразумелая, непрабачальная ветранасць… Я стаў побач з ёю перад налоем; свяшчэннік спяшаўся; трое мужчын і пакаёўка падтрымлівалі нявесту і заняты былі толькі ёю. Нас павянчалі. «Пацалуйцеся», сказалі нам. Жонка мая павярнула да мяне бледны свой твар. Я хацеў быў яе пацалаваць… Яна ўскрыкнула: «Ай, не ён! не ён!» і ўпала без памяці. Сведкі ўставілі на мяне спалоханыя вочы. Я павярнуўся, вышаў з царквы без усякай перашкоды, кінуўся ў кібітку і закрычаў: пайшоў!
— Божа мой! — закрычала Мар’я Гаўрылаўна; — і вы не ведаеце, што зрабілася з беднаю вашай жонкаю?
— Не ведаю, — адказаў Бурмін, — не ведаю, як завуць вёску, дзе я вянчаўся; не помню, з якой станцыі паехаў. У той час я так мала бачыў важнасці ў злачынным сваім свавольстве, што, ад’ехаўшы ад царквы, заснуў і прачнуўся на другі дзень раніцай, на трэцяй ужо станцыі. Слуга, які быў тады са мною, памёр у паходзе, так што я не маю і надзеі адшукаць тую, над якой пажартаваў я так жорстка і якая цяпер так жорстка адпомшчана.
— Божа мой, божа мой! — сказала Мар’я Гаўрылаўна, схапіўшы яго руку; — дык гэта былі вы! І вы не пазнаеце мяне?
Бурмін збялеў… і кінуўся ёй у ногі…
Крыніцы
правіць- ↑ В. А. Жукоўскі (1783 — 1852) — паэт і перакладчык сентыментальна-рамантычнага кірунку, які быў адным з літаратурных настаўнікаў маладога Пушкіна. Эпіграф узяты з яго балады «Светлана»
- ↑ Бастон — старадаўняя картачная гульня.
- ↑ Засядацель — чыноўнік у ніжэйшых судовых установах XVIІІ і XIX вв. да «судовай рэформы» 60-х гадоў XIX века
- ↑ Карнет — першы кавалерыйскі афіцэрскі чьн у царскай арміі.
- ↑ Капітан-спраўнік — начальнік павятовай паліцыі.
- ↑ Уланы — назва раду конных палкоў у царскай арміі.
- ↑ Барадзіно — сяло недалёка ад горада Мажайска, Маскоўскай вобласці. На барадзінскім полі 26 жніўня 1812 г. адбылася вялікая крывавая бітва паміж адступаўшай рускай арміяй і войскамі французскага імператара Напалеона І.
- ↑ Артэміза — Артэмізія, карыйская царыца (IV в. да н. э.). Праславілася вернасцю свайму памёршаму мужу, Маўзоху.
- ↑ Няхай жыве Генрых Чацверты!
- ↑ «Жаконд» — камічная опера «Жаконд або шукальнік прыгод» Ніколо Іayapa, якая ішла з вялікім поспехам у 1814 г. у занятым рускімі войскамі Парыжы.
- ↑ З камедыі А. С Грыбаедава «Горе от ума»: «Кричали женщины: ура! и в воздух чепчики бросали» (дзея 2, з’ява 5).
- ↑ Георгій — ваенны ордэн, які выдаваўся за вайсковыя подвігі.
- ↑ «Калі гэта не каханне, дык што-ж гэта?» Верш славутага італьянскага паэта Петраркі (1304—1374).
- ↑ Гран-пас’янс (франц, grande patience — вялікае цярпенне) — адзін з відаў пас’янса — картачнай гульні ў адзіночку, якая заключаецца ў раскладцы карт да той пары, пакуль яны не лягуць строга вызначаным парадкам.
- ↑ Сен Про — герой славутага «Рамана ў пісьмах» Ж. Ж. Руссо (1712—1778) «Юлія або Новая Элаіза»