Маладая Беларусь (альманах)/3/Апошняе спатканьне

Wieršy Апошняе спатканьне
Апавяданьне
Аўтар: Уладзіслаў Галубок
1913 год
Парабкі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Апошняе спатканьне.


На краю вёскі Вязынкі, ў хатцы, уросшай адным бокам у зямлю, жыў бабыль Амос з жонкай Агатай.

Калісь, даўно, даўно, Амос, застаўшыся круглай сірацінай, выкачаўся меж чужых людзей і вышаў у сьвет адзін, як бізун.

Голаду і холаду як досыць ужыў, быў, як кажуць, на кані і пад канём, але пры гэтым усім, хоць і застаўся нявучоным, за чыстату душы і праўдзівасьць, лічыўся за сумленнага чэлавека.

Жонка яго Агатка, дачка беднаго селяніна, ўпадабала Амоса і, ніспаткаўшы са стараны сваіх бацькоў жаднай пірашкоды, выйшла, за яго замуж.

Жылі хоць бедна, але згодна. Сілай і здароўем Бог не пакрыўдзіў, толькі адно бракавала: не было ў іх дзетак.

Не было той у павеці царквы, дзе не маліўся-бы і не даваў на афяру Амос: не прамінуў ні аднаго крыжа на дарозе, дзе ні застанавіўсяб ён і, зняўшы шапку, не шэптаў бы малітвы, просючы ласкі Боскай.

Голас Амоса не даходзіў, просьба не была прынята.

Страціў надзею Амос, упаў духам. І толькі гледзючы на закурэные куткі пустой хаты, цяжка ўздыхаў і мысліў, што чэкае іх на старасьці.

Так прайшло шмат гадоў і нарэшце, перад самымі Калядамі, калі завяруха зацемняла сьвет, Амосава хатка стала найшчасьлівейшай на сьвеці.

Тоненькімі, пісклівымі галаскамі прабудзілася цішыня, што з даўных часоў панавала у Амосавай хатцы; на сьвет нарадзіліся два хлопчыкі — блізнючкі.

Ня можна вытлумачыць тую радасьць, якую піражываў Амос. Радасьць вярнула сілы, сілы ўзбудзілі надзею, з надзеяй зьявілася новая дарога для жыцьця.

Праз два тыдні малых ахрысьцілі і далі імёны Янукі Рыгор. Амос хоць і бедзен быў, але хрэзьбіны так-сяк справіў.

Аттуль, атсюль наехала радні, завязалася гульня. Амос з радасьці ня верыў, на якім ён сьвеце; частуючы гасьцей, сам так начаставаўся, што і пеўнем пеяў, і ваўком заводзіў, то падыскаківаў пад столь, то ішоў у прысядкі.

Дзень за днём, год за годам, дзяцюкі качаліся і, прыгрэтые ласкай бацькоў, падрасталі.

Хоць невучоны быў Амос, але шырокі меў пагляд на сваіх дзетак. «Як-бы ні жылося», казаў ён: «а калі Бог пазволе, пакладу апошніе сілы, а сваіх дзяцюкоў выкірую на людзей.»

І толькі скончылася хлапцом па 7 гадоў, абодвых выправілі ў школу. Шпарка ўзяліся яны за навуку і адзін перад адным аж завіхаліся шраходзючы ат кніжкі да кніжкі.

Але Рыгор чым больш рос, тым меньш браўся за навуку, і праз які час не агледзіўся, як далёка застаўся ад Янука.

Бацькі і добрым словам, і прыгрозай прабавалі утлумачыць яму, што без навукі жыць дрэнна, што нявучоны горш за сляпога — нічога не памагло.

Рыгор калі-не-калі заходзіў ў школу, але галава больш была занята гульнёй, як навукай, і абы толькі пагодны дзень, ён с паўдарогі вертаўся і, як непрытомны, пёрся ў лёс, к рацэ, дзе і сядзеў да вечэра.

Што ён там рабіў? — ня ведалі. Сіла і рост непамерна прыбывалі к яму.

Не было роўнага яму ў весьцэ. Пад чае, калі, бывала, таварышы чым небудзь даймуць яго, Рыгор паказываў сваю сілу і распраўляўся не па-дзяціннаму.

Рыгора хоць і любілі, але і баяліся, асабліва ў тую хвілю, калі ён зазлуе і ў яго маленькіх вочках зьявляўся нейкі таёмны вогнік.

Прыціхалі і ціскаліся адзін к другому яго таварыш, ведаючы сілу і знак гэтай іскрынкі.

Але гэта іскрынка, як хутка зьяўлялася, так раптам знікала і Рыгор быў ізноў бесконца добры.

Раз пасучы на выгане скаціну, ён узлаваўся на бычка піразімка і на вачах усіх, скалануў раз другі за рогі, і бычок, як пласт, разлёгся на зямлі.

Пад час Рыгор забываўся на ўсё, выходзіў с хаты і знікаў на колькі дзён, і дзе ён быў, было вялікай загадкай для ўсіх.

Толькі пасля гэткай вандроўкі пралежываў па цэлых днях не гаворучы з нікім ані слова.

Дома яго не шукалі. «Знік — найдзецца. Не першыня.» Казалі бацькі на пытаньне суседзяў.

Да працы Рыгор дужа заўзяты быў і што ні загадалі-бы яму; як відзіш, было зроблена.

Неяк пад восень загадаў яму бацька выкапаць колькі нягодных дрэў. Рыгор паважна браў ; рукамі дреўцэ, туліўся к яму прыгнуўшы плечы, рваў адно за другім з карэньням і, як пярыну, выкідаў праз плот на вуліцу.

Аб страшэннай сіле Рыгора гутарка перэхадзіла з вёскі ў вёску і кожны с селян з уцехай глядзеў на магучы рост і шырокіе плечы яго.

Янук зусім другога крою быў. Ня меў ён той сілы і краскі ў твары. Худы, з уваліўшыміся грудзямі, ён выглядаў на хваравітага, у вачах яго свяцілася бязмерная дабрата і досыць толькі раз глянуць на гэтага мізэрнага хлопчыка, а пекны вырыс твару на доўга заставаўся ў памяці.

Дабрата душы і шчырая прыязнь к людзям, адбівалася ў яго паступках, як у чыстай вадзе.

Бацькі не маглі нарадавацца, гледзючы на сынка, як той вучыўся сам, вучыў другіх і даглядаў, як меў час, за гаспадаркай.

Адна была думка Янука, скончыць школу, сабраць грошы і ехаць у сьвет за навукай.

«Як будзе, то будзе, працуючы, з голаду не памру, а калі Бог пазволе, прайду навуку, выйду ў людзі, і зашаную хоць на старасьці сваіх бацькоў», — так казаў Янук.

Даўно жаданая часіна надыйшла, Янук вясковую школу скончыў і пачаў ладзіцца ў дарогу.

Праз які час настаў той дзень і машына, як відзіш, звезла яго з роднага гнезда.

Праляцелі перад вокнамі апошніе хаты роднай вёскі, паля, залітые блескам сонца, пералескі, гарушкі і чырванаватая гліняная земля.

Едучы, здавалася, сьмеялася неба, сьмеяліся пры лініі хаткі, сьмеяліся чыісь дзеці, што рыліся на полі ў картофляніку, а тым часам яго бацькі, ідучы з вакзалу, заліваліся горкімі слязьмі пры ўспамінку аб ім.

«Божэ мой», казала маці, «хоць сынок і добры, але ўсёж не на ваччу, спаткае ўсякіх людзей, і будзе кідацца, як авечка заблудшая, а ты, маці, плакала, пакуль узгадавала, плач цяпер, не бачучы яго.

Застаўся ў дому Рыгорка, добры сынок, але штож, калі пры яго сіле і гарачым характэру спадзевайся бяды.»

Гэтак што дзень плакала маці, што дзень нудней было жыцьцё Амосавай сямьі, і ўся тая радасьць і надзея, раптам адыйшла на старану:

Рыгор аніяк ня мог згадзіцца, што німашака брата, апусьцела хатка, без яго ня міл стаў сьвет, дзіка выглядалі закурэнные куты, дзе Рыгор што ноч бачыў цень Янука.

Адзічаў Рыгор, стаў чурацца хаты і людзей. Вандраваў часта і па-доўгу.

Што ні напрасіліся бацькі, каб ён пачаў жыць іначэй, Рыгор маўчаў і цяжка ўздыхаў. Па яго муках можна было разумець, як дораг быў яму брат і як цяжка была разлука з ім.

— «Рыгорка, сынок мой!» наўзрыд плакала маці: «атчураўся ты хаткі, атчураўся нас старых, атчураўся.

— Не сусім жэ зьехаў Янук, дасьць Бог, верніцца ў здароўі. Пакінь, сынок, думкі, пакінь, нехай ужо я, ведама, маці, а ты патужыў, патужыў — ды і годзе.»

— «Не, мамка! Не так лёгка забыцца яго. Ніхто ня зможэ пазнаць маей мукі, якую піраношу я с таго часу, як пакінуў нас Янук. Ніхто ня ведае, які цяжар залёг у сэрцы маім. С таго момэнту, як зачыніліся дзверы за ім, зачынілася жыцьцё для мяне. Німашака мейсца ў хаце, хоць у лес уцекай. Што ноч бачу яго цень вось у гэтым кутку с худымі ўваліўшаміся грудзьмі». Страх, як баюсь, каб чаго не здарылася з ім. І нашто ён разлучыўся з намі? няўжо там, куды ён зьехаў, спаткае родных бацькоў і брата. Не! Усюды будзе чужы, хоць і спаткае прыяцелёў, але ня шчырых».

Так гамонючы з бацькамі, ён хадзіў па хаце, прыгнуўшы галаву, каб не крануць столь, і яго сажанёвая фігура наводзіла страх.

Посьле гэтаго на заўтра Рыгор знік і толькі праз колькі дзён варочаўся назад.

Ідучы шляхам, толкі мінуў прыгуменьня, аж угледзіў, як нясліся к іх вёсцэ с канчукамі у руках стражнікі.

Зацікавіўся ён і угрыннём панёсся, што было духу, за імі. Дарогай. напаткаў суседку Дзеркачыху і тая з большага растлумачыла яму, што была ў панскім лесі парубка, і вось, у часе спрэчкі, пан, стрэліў у Хвалея, а той, сьмешкаў не пазнаўшы, як стрэліў калком, то ўжо пан і дамоў ня здалеў ісьці, а патхапілі служкі і павялі. Ну, ведама, клікнулі стражнікаў.

Ведаючы, які канец будзе з гэтай бойкі, ён, ня помнючы рынуўся далей. Тут яго вачам зьявілася дужа нудная сцэна.

На дарозе, як прышыты, лежаў яго хросны бацька, Кірыла і з галавы яго цурком цекла па пасінеўшаму твару кроў.

Рыгор разам патхапіў старца, аднёс з дарогі к плоту і пабег далей. Ня чуў ён пад сабою ног, як нёсся к грамадзе, ня чуў ужо плачу дзяцей, што рэзаў вушы здалёку, толькі бачыў расцервіўшыхся стражнікаў, ды пакрываўленных селян.

Загаманіла сэрцэ Рыгора, застукала ў скронях кроў, разам рвануў ён с пярэплаці кол, сунуўся ў сярадзіну і шырака замахнуўся.

Было відаць, як прачышчаў дарогу Рыгор і валіліся с канёў адзін за другім стражнікі.

Нет ведама, ці доўга-бы змагаўся тут Рыгор, але ўзгляд яго раптам застанавіўся на людзях, што корчыліся на дарозе і тут вымкнуўся з рук яго кол, затрэсліся рукі, азірнуўшыся кругом, ён павярнуўся і пабег праз выган у лес.

Рыгор знік, як у ваду; доўгі час шукалі яго.

Прыехаўшы ў вялікі горад, Янук, пакуль набрыў на спрыязных людзей, як досыць ужыў і холаду і голаду, а после час бег, як за вераценцам: ён троху прызабыў на бяду.


Гарадзкое жыцьцё і навука саўсім прарабілі яго на другі лад. Не было і знаку, што гэты дзяцюк, з даўгімі валасамі і бялюткім тварам, сын вясковых бацькоў: не было ўжо таго пагляду на жыцьцё, які меў, жывучы ў вёсцэ.

Хоць і раней балела яму сэрцэ, як бачыў скрыўджэных, але, мала ведаючы ўсе патайные сьцежкі жыцьця, шмат чаго прапушчаў міма вока, цяпер-жэ, калі прайшоў навуку, ды бліжэй пазнаў жыцьцё, ў вачах яго ясна рысавалася ўся непраўда, што пануе, асабліва над бедным людам. Ня зносіў ён непраўды. Яму жадалося сьвету, праўды, братства, дабра, і яго шчырае сэрцэ, рвучыся на прастор, знаходзіла спачын там, дзе мог на сабранні с сваімі сябрамі ў гарачэй гутарцэ вытламачыць тую боль, ат каторай мучылася яго чуткая душа.

Дні беглі за днямі: часта ў Янука зьбіраліся яго хаўрусьнікі, гаманілі аб нейкай прынадзе, то ад’ежджалі, то прыежджалі з нейкімі пакункамі і з нецярплівасьцю чэкалі таго дня, калі ім у пяцёх прыдзецца заняць тое мейсца, дзе павінны былі спаткацца з імі іх ворагі.

Даўно жданы дзень надыйшоў, і толькі стукнула тая часіна, як ўсё яны пазаймалі кожны сваё мейсца, ані ня мысліўшы аб тым, што можэ апошні раз бачаць сьвет.

.    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .

Страшная вядомасьць, як маланка, абляцела ўвесь горад. Шмат гаманілі, бегалі, бегалі і арэштовывалі ўсякага падазронага.

Ні Янук, ні яго хаўрусьнікі не вярнуліся да дому, бо ўсе, як адзін, папаліся на мейсцы і былі замкнуты ў вастрозе за моцнымі замкамі. Пашлі дапросы, хто і што? Як ні дабіваліся пазнаць фамілію Янука, жадным правам не ўдалося, так і лічыўся невядомы, 23 гадоў, брунэт с чыстым тварам.

Усё ат тых дат прапала: дружба, бацькі, брат Рыгор; усё разлецелася, як імгла ў полі.

Праз колькі дзён іх пад сільным канвоем павялі ў суд і размясьцілі памеж салдат на даўгой лаўцэ.

Янук мутным вокам акінуў вялікі, абшырны пакой, усіх, што сядзелі за шырокім сталом, і, гледзючы, мысьліў: няўжо гэта проці іх назбіралася столькі людзей, каб пад рад колькі гадзін гаманіць, пытацца пра тое, што ўжо даўно абрыдала атказываць і посьле на рэшткі ўсяго сказаць тое, што ўсякі з іх ведаў наперад.

Суд зацягнуўся на доўга, бо ўсе, як адзін, на запытаньня давалі адветы кароткіе, с каторых мала чаго можна было зразумець.

І вось, калі праз шкло у вялікіх вокнах зазіяў чырвонінькі промень ат заходзячага сонца, судзьдзі выняслі прыгавор: усіх пяцёх на шыбеніцу.

Ціха і спакойна выслухалі ўсе сьмертны прыгавор. Не ўздрыгнула ні адна жылка на іх мізэрных тварах, і ўсё як адзін, нібы па камандзе нахлабучылі шапкі і папляліся за сходаў за салдатамі.

Ідучы праз горад, Янук сквапна угледаўся на вялікіе дамы, шырокіе вуліцы, і на людзей, што як мурашкі мігціліся то ў зад, то ў перад, ані не дбаючы на іх.

І глядзючы на гэту абрыдлую таўкатню, яго мысьлі перэбегалі з гораду ў вёску, дзе хоць бедна, але ціха праводзіў дзяцінны час. Канвой застанавіўся. Залязгала жалезная брама, ляніва атчынілася і, як толькі канвой праступіў, зачынілася, прыдушыўшы за сабою ўсё свабодное жыцьцё.

І той прыдушэны зык, як які злодзей, папоўз праз жалезную браму, праз пусты двор, праз краты, і ўбіўшыеся ў сыры, непрыступны мур, замоўк.

Ідучы даўгімі карыдорамі, спатыкалі з апушчэнымі вачыма людзей, каторые якбы не бачылі нікога і нічога перад сабою.

Янук глянуў аднаму-другому ў вочы, жадаў угледзіць, ці ёсць у іх хоць іскрынка, што зіяе ў вачах кожнага чэлавека, аж не, — ашукаўся: твары былі, як маскі, а на шкляных вачах сусім не міргалі векі.

Сырым паветрам пацягнула ад вастрога.

«Вось цяпер будзе спакой», прашэптаў Янук, калі апынуўся ў чатырох сьценах і пачуў, як гулка скрыгнуў у дзверах іржавы замок.

«Праз колькі дзён маё мізэрнае жыцьцё будзе скончэна і ў памяць аба мне застанецца жоўцінькі прыгорачэк насыпаны чужой рукой. Не скажуць гэтые нямоўные сьведкі непераступные муры маей матцэ ці бацьку, калі часам падыйшлі-бы сюды, што тут іх сынок дажыў астаткі сваіх дзён; не скажуць ім, што там гдзесь, на жалезным круку дрыжэў як віраценца і, грымнуўшыся ў дамавіну, зьехаў к прадзедам іх улюбены сын. Не!

Ніхто ня будзе ведаць, дзе пахавана маё скорчыўшаеся ат судари цела, бацькі і тые згубілі сьцежку ка мне.

Не шкадую жыцьця, не страшуся смерці, але тая думка, што не ўбачу ні бацькоў, ні брата, страшна гняце мяне.

О, каб ведалі хто я такі, то пэўне тым бацьком не было-б мейсца на белым сьвеце. Але ні іх, ні мяне ня ведаюць. Вялікая загадка для ўсіх.»

Дзень па троху браўся к вечару: ў цеснай каморцэ патроху цямнела, і нарэшце, калі шэрые сьцены і столь зліліся ў адну чорную плямінку і скроз; жалезные краты сумна глядзела цьма нуднай ночы, ў вастрозе запанавала такая таёмная сціш, ат каторай халадзела ў жылах кроў і сэрцэ — хто ні спаў — дрыгатала, рвучыся на свабоду.

Гдзесь на небе замігацела зорачка, каторай, як роднаму, ўзрадаваўся Янук.

«Зорачка ясная», шепталі вусны яго, «ці ня ты будзеш правадырка ў маім мізэрным жыцьці?» І пры гэтым чыйсьці скрытны голас шэптаў яму: яна… яна… яна!..

«Ты, як вартаўнік, зіяеш на цёмным небе і сьвеціш людзям заблудзіўшымся ў незнаных пуцінах.

«Ты сьвеціш мне, ты сваімі прыхільнымі вачыма з высака пэўне угледаішся на саломеную страху нашай хаткі, дзе пэўне маці мая ў гэту хвілю пралівае горкіе слёзы аба мне і моліцца Богу, каб сын яе наблукаў на сьцежку, па каторай магла-б найсьці мяне.

«Ты сьвеціш усім. Сьвеціш сягодня тут, а заўтра можэ твой блеск будзе ўжо іскрыцца па каменьчыках на жоўтым пясочку магілы маей.

«Ты будзеш сьведка, куды турэмная кляча сьцягне маё мёртвае цела і там ты зазіяеш, зазіяеш, але мае вочы не спаткаюцца. з ласкавым паглядам тваім».

І так седзючы, патпёршы твар руками, да яго вуха данесся заўнылы зык скрыпкі, каторы пры ціхай пагодзе то заміраў, то ізноў усілываў над соннай далінай.

Раптам узарваўся ён з мейсца, падлез к вакну і сквапна стаў услуховывацца к чароўным зыкам, што бытцым с чароўнаго царства сумысьле далеталі к яму.

«Гэта іграе свабоднае сэрцэ», скрозь слёзы прашэптаў Янук: «гэта напэўна іграе той, каторы не чэкае пяньковага гальштука на шыю. Эх, як дзіўна грае, з якою ахвотай слухаю гэты чароўны зык!

Але такі загадка, чаму гэта ўсё так ясна далятае да мяне? няўжо гэты музыка адыгрывае адыходную для мяне? Іграй, браце, іграй! У гэтай сонаце я нібы чую шэпты родных лясоў, голас маткі, брата».

Музыка раптам сьціхла, сэрцэ сьціснулася і заныла ат болю. Адыходная была далёка, мукі толькі пачыналіся.

Турма сьпіць, сну немашака, ў вушах шум, у галаве адбіваецца гул, бытцам заганяюць цьвек.

«Усё маё жыцьцё разбіта, дажываю дні паміж шэрых сьцен, а на парозе сьмерць з мукай і страхамі. Хоць бы хутчэй канец».

І тут яму ўспомніўся горад, дзе ўсе спакойна сьпяць, не дбаючы ні на турму, ні на яго. Пры гэтай мысьлі яму станавілася затхла, бытцам уся гэта маленькая каморка зверху, знізу, з бакоў пачынала сціскацца, выгоняючы ўвесь дух.

І каб разагнаць думкі, ён пачынае хадзіць с кута ў кут, гулка адбіваючы абсацамі па каменнай падлозе, але і стук абсацаў кратае яго нэрвы і не дае яму супакоіцца.

Ён валіцца на ложак, памыкаіцца заснуць. Сну німа, векі апцяжэлі. У гэткай барацьбе, праходзе гадзіна — другая і сон змарыў яго.

Зьявілася вясёлае неба, знаёмые ляскі і хмызнячкі, дзе прывітаюць вясну птушачкі, а жоўтые смалістые сьвечачкі аж гараць на сасонках, узіраючыся на сонцэ. Прыветліва глядзяць сасонкі і бярозкі ў новым зялёным убору, аж кідаюцца ў вочы красачкі, мітусяцца перад вачыма сонные матылькі, і чорные, як смоль, груганы ляніва ходзюць на ральлі.

Затым бачыць зарніцы, зіяюць на сенажацях стальные косы, растуць высокіе стагі, на залатых шшурох весела жнуць жнеі і зычна раздаюцца завунылые песьні:

Затым, у пышным вянку з жоўтаго лісьця бытцам бродзіць па лясох восень, зменяючы калёры на дрэвах, падвешываючы па галінках павуччыньне, а пад воблакамі лятуць і перэклікаюцца журавы.

І нарэшце зіма. Сьнег, як посьцілкай, заслаў дарогі, паля, аблапушыў лес, а ветрык з гурбы на гурбу то зьметае, то наметае сняжок.

Сьцюдзена стала. Янук як не прытомны ўскаківая на ногі, пытаючыся — дзе я? дзе я? і прышоўшы да памяці бачэ знаёмые сьцены, патрэскаўшуюся столь, чорнае ваконцэ і тую зорачку на небе.

І хочэцца яму крычаць, і так крычаць, каб дрыжэлі сьцены, рушыліся скляпеня каменнай скрыні, але сіл німашака, сіпаты кашэль рве грудзі.

Настала раньне. Адна піражытая ночка, заставіла свой сьлед. Вочы, с каторых ліліся промені яснага сьвета, бытцам згаслі, заставіўшы там глыбока іскрынкі ад агня, а на ўпалых шчоках, часамі ўсхватываўся нібы падробляны румянец, як блеск ад гаснуўшэй зоркі.

«Далёка лепі сьмерць», шэптаў ён, «чым так марнець». І прыпаўшы к жалезным кратам, ён угледаўся, як ўцекала ноч, сьвятлела загоралася чырвонаватым блескам неба, калышучыся над сонным лесам, разганяючы ў бакі сівую цёплую імглу.

Дзень прытка ішоў к людзям, і будзіў іх на дружную працу. Тут чырыкнула і праляцела ля вакна птушачка.

«Прашчай», прахрыпеў ей у сьлед Янук.

Дзень не ў знак праходзіў, чуваць было бразганьне дзьвярэй, нейкі шум на дварэ, і лязганьне кандалоў.

І ўсё, што рабілася ў дзень, далёка прыхільней было сэрцу, як ноч, каторая што раз забірала с сабою апошні запас віл.

Неяк у дзень, калі Янук сядзеў злажыўшы рукіі думкамі адлетаў у родны край, аткінулася ваконцэ, і паказаўся чыйсьці твар.

Янук павярнуўся, і спытаўся: «Чаго?»

— «А вось, казалі спытацца ў васана, можэ жадалі-бы паклікаць матку; ці бацьку, калі ёсьць, бо як чуў, то не далёка»…

— «Ня трэба кратаць старых бедакоў. Ня ведаюць — шмат спакайней», — не абарачываючыся атказаў Янук.

— «Ну, як сабе знаеце — ня мне вяроўка, а васану».

Янук раптам успомніў пра сваю долю, слова «вяроўка», кранула яму тую боль, каторая на хвілю сьціхла.

Ён кінуўся к ваконцу, жадаў штось сказаць, але яно зачынілася, і барады вартаўніка не было ўжо ў ім відаць.

«Ня можэ быць нічога горшаго, шэптаў ён, як тое, што ня ведаеш, калі прыйдзе тая мінута і паложэ канец усім мукам.

Ніхай-бы бардзей прышоў той барадаты, ці другі які татан, і сказаў-бы: ужо пара!.. Ну пара, так пара! хвіля-другая, і па ўсім, дык жэ не! мучуць і мучуць без-канца.

І ў гэтых думках не ў знак змяніўся дзень і наступіла ноч. І зноў прыступіліся страхі і адагналі сон.

Уткнуўшыся тварам у падушкі, ён сілкаваўся заснуць, каб як небудзь пазбыцца ат страхаў яго. Бачыць, бытцам хтось увыйшоў к яму і прытуліўшыся ў кутку пазірае на яго сваімі агністымі вачыма. Янук прыгледзіўся. Знаёмая цень была перад ім. Злажыўшы рукі на грудзі, перад ім стаяў яго бацька, штось шэптаў, і яго рэдзінькая бародка. траслася пры кожным слове, а па маршчыністаму твару каціліся слеза за слезой.

«Пусьціце! пусьціце! Гэтаж ён, татка мой, родны мой!» І ўзарваўшыся з ложка, ён кінуўся ў той кут і, прыпаўшы к каменнай падлозе, бытцам к нагам яго, наўзрыд плакаў і прыгаварываў:

«Татка, татачка! згінуў, прапаў: заўтра вяроўка здушыць мой голас, каб ня чулі яго, бо ён шкадлівы, шкадлівы…

Божэ міласэрны! Татачка, укленчым, маліся за мяне: я маліўся і плакаў, але ўжо слёз не маю: выплакаў даўно. Ты праўдзівы чэлавек. Маліся, маліся!

Вун, бачыш, абраз, які сумны твар і як зіяюць Яго добрые вочы. Даруй мне, Божэ, даруй! Ты церпяліва нёс крыж і паваліўся пад ім.

Яшчэ хвіля, і маё цела захістаецца, захістаецца і…

Сон нарушыўся стукам у дзьверы.

«Прыяцель! кажысь, з Богам гамоніш? мусіць тут і пазнаў Яго, а дзе гэта раней быў?» — прабасаваў праз атчыненае ваконцэ салдат.

Знікла ўсё. Толкі на тым мейсцу, дзе была цень бацькі, чарнела запляснелая палоска с-пад вакна. Гэта быў сон.

І ён зліты потам жадаў устаць с падлогі, але сілы сусім, зьмянілі яму. Так і пралежыў да раньня, пакуль не прывялі доктара і не палажылі на ложак.


Ні Янук, ні яго сябры ня ведалі, калі будзе канец іх мукі. Усякі з іх, прыждаўшы вечара, паджыдаў сьмерці, ня зводзючы воч з дзьвярэй, куды павінна была яна увыйсці.

А сьмерць была ўжо на парозе. Дзень быў хмурны, сіверны вецер, насьвістываючы хаўтурные песьні, ўрываўся праз вокны к сказанцам і шэптаў. кожнаму, што не задоўга… не задоўга…

І ўсе, як адзін, гэту песьню сквапна слухалі, бо ёй не было чуць, што гэты хмурны дзень, для іх апошні, што зараз халодные воблакі збягуцца, завалакуць неба і запануе магільная сьціш.

Прыпаўшы к халоднаму муру, ўгледаючыся на воблакі, што хутка плылі над турмой, Янук плакаў і шэптаў: « Воблачкі ясные, ветрык вясёлы, будзеця-ж плыць над маей роднай старонкай, над вёскай Вязынкай і над нашай хацінкай, шапніцё там маім бацьком і брату, што Янук с чужыны шлець ім сыноўнее жаданьне і што не далей, як сягодня ў ночы, калі яны будуць спаць, разлічыцца с сьветам.

Воблачкі хутка прайшлі, неба па троху сінела і нарэшце саўсім стала чорным, як смоль.

Турма заснула. І вось а поўночы, калі дзесь на вежы прабіла раз, два, пачуў ён шастаньне па карыдорах, скрыгаглівы піск замкоў і лязганьне кандадлоў.

«Вось яно так і ёсь. Даждаўся».

І як ужо пачуў, што ціхачом падыходзюць к яго дзьверам сабраў апошніе сілы, падняўся з ложка, і вобмацком ля сьцяны пачаў піраступаць с кута ў кут.

«Пэўне сыць, а можа здаўся, — пачуў Янук голас за дзьверамі.

«Ня сьпіць і не здаўся», сабраўшыся с сілай, крыкнуў Янук. «Я жду не даждуся, калі ўбачу сьмерць маю, вось пойдзім і гляньце, як адважна спаткаюся з ёй.»

Пры гэтым атчыніліся дзьверы, і ў каморку увыйшлі саддаты. Янук апёршыся на плячо салдата, ледзьве пераступіў парог, і крок за крокам прышоў у вялікі пакой, дзе гуртком пры сьцяне стаялі ўсе яго хаўрусьнікі, сквапна паводзючы вачыма па ім.

Не бачыўшыся доўгі час, яны нібы аслупелі і жадным правам не маглі распачаць размову.

Янук хацеў кінуцца к ім, абняць усіх разам, цалаваць, плакаць і памерці тут пры іх, не зрабіўшы жаднай фатыгі для ката.

Сабраўшыся з духом ён плачучы дрыжачым голасом прамовіў: «браточкі, не страшыцёся сьмерці, сьмела глядзіце ў вочы ей». Але кашель прарваў размову і па вуснах пацекла густая кроў.

Гэта ўсе бачылі, і разам іх павялі.

Вышаўшы на пусты двор, сьцюдзёны вецер раптам наляцеў на іх, абдаў холадам, хлестануў у вочы дажджом, нібы крапідлам перад сьмерцю і, рвучыся з боку ў бок, нема завыў, бытцам сьмяўся над іх слабасьцю зукуючысь сваей сілай.

Ідучы памеж салдат, Янук абарачываўся і ўглядаўся ў цёмны абшар, бо чуў, што ззаду за імі яшчэ кагось вядуць, але па асобну.

Ня веручы сабе, ён другі раз піралічыў сваіх таварышаў, яны былі ўсе. «Каго-ж вядуць? — пытаўся ён у сябе; хто гэта нясе сваю галоўку на шыбеніцу?» І ня вытрымаўшы, ён звярнуўся к таварышу і спытаўся, ці ня ведае ён, каго вядуць за імі.

Ніхто ня ведаў.

«Эх, як-бы я жадаў, каб глянуць у вочы гэтаму бедаку, што так сьпяшыць к нам! — казаў Янук, — Сьпяшыш браце, спяшыш, пэўне не ў пятлю, а к нам, каб за адно спаткаць сьмерць.

Пры бляску закуранай лятарні, смутна вырысывалася чыясь магучая фігура. Цяжка ступаючы па выбітай турэмнай дарожцэ, звесіўшы галаву, ішоў за канвоем непамернаго росту чэлавек.

Янук што хвілю абарачываўся, жадаючы ўгледзіцца ў твар велікана, але за цемнатою трудна было распазнаць.

«Эх, як яго фігура і рост успомінаюць мне брата Рыгора, уздыхнуўшы, нейкім магільным голасам прамовіў Янук. Якраз і рост, і паходка. «Бог сьвяты ведае, як цяпер жыве ён.»

І пры гэтым яму ўспомнілася дамашнее жыцьцё, старэнькая хатка. дзярэўцы, каторые с карэнням вырываў Рыгор, і той бычок, што клаўся к нагам яго, ведаючы значэньне і сілу Рыгора.

Мыслі разарваліся, канвой застанавіўся, і цесна апступіў іх, а велікан стаяў асобне, ня гледзючы, што рабілася перад ім.

Дожджык сьціхаў, скрось воблакі, нібы крадучыся, як сьведка, вызірнуў месяц, мутным водблескам адбіваючыся ў лужынках.

Чыталі хутка сьмертны прыгавор.

Ніхто не ўслуховываўся ў тые вядомые словы, каторые даўно і страшна зьвінелі ў вушах, апроч Янука: ён толькі адзін сквапна лавіў усякае слаўцо, каб дачуцца, хто мае быць той, што сабой успамінаў брата.

Яго сэрцэ і зубы страшна дрыгаталі, здавалася, што яшчэ хвіля і ён паваліцца тут ня жыў.

Тут да яго вушэй даняслося імя Рыгор. Няпомнючы сябе Янук кінуўся к яму і анямеў: — перад ім стаяў яго брат.

Рыгор устрапянуўся і спаткаў паглёд Янука. Вочы яго разам заблішчэлі нейкім таёмным іскравым агнём.

«Рыгор, Рыгор!» сіпатым, ледзьве слышным голасам марматаў Янук і паваліўся ў ногі к яму.

Але не пасьпеў дакончыць сваіх слоў Янук, як сільные рукі патхапілі яго. Рыгор як пярынку паднёс к губам брата і ні то смактаў, ні то цалаваў яго.

«Брат мой, брат мой! — нямым голасом крычаў ён, — у часе сьмерці мы спаткаліся с табой! І ашчапіўшы ледзьве жывога брата, нібы застыў у гэтакай позе.

Салдаты анямелі, што пачаць, самі ня ведалі. І як абважылі з усіх бакоў рукі Рыгора, на зямлю, як ком, асунуўся труп Янука.