Аснаўныя падваліны вызвольнай ідэолёгіі беларускай нацыі
Аснаўныя падваліны вызвольнай ідэолёгіі беларускай нацыі Артыкул Аўтар: Тамаш Грыб 1924 Крыніца: Запісы БІНІМ, Нью-Ёрк - Менск. - №37. — 2014. — с. 433—444 (першакрыніца: Перавясла. № 2. Студзень — красавік 1924. С. 30—39.) |
Ёсьць вельмі прыгожая беларуская народная казка, у якой апавядаецца аб адным „тутэйшым“ чалавеку, якому здарылася неяк йсьці празь лес. А лясоў, як ведама, ёсьць шмат на Беларусі. Было ўжо пад вечар. Цямнела. Раптам напалі на „тутэйшага“ чалавека два разбойнікі і кажуць: мы цябе заб’ем, чалавеча! Выбірай сабе сьмерць якую хочаш: павесіць ці ўтапіць? А „тутэйшы“ чалавек і адказвае: рабеце, паночкі, як лепш. І разбойнікі прыступілі да выкананьня свае пастановы. Няма ведама, ці павесілі яны „тутэйшага“ чалавека, ці ўтапілі — казка аб гэтым замаўчала. Але той, хто чулую мае душу, каго шчырае ў грудзёх б’ецца сэрца і шчаміць смага знайсьці крыніцу праўды, той гляне хай на родныя палеткі, прыслухаецца хай уважліва да таго гоману, які нясецца ад хаты да хаты па ўсёй Беларусі, той убачыць і перасьведчыцца, што „тутэйшага“ чалавека ўжо няма. „Тутэйшы“ чалавек як колектыўная індывідуальнасьць, прыгнечанага й паняволенага беларуса, сталецьці спаўшага ў нявольніцкім сьне, ня ведаючага, што ён і куды вядзе шлях ягонага жыцьця, ня маючага адвагі мець свайго ўласнага заданьня Я так хачу — ужо памёр. Радзіўся-ж новы чалавек, расьце, разьвіваецца ды фармуецца новая, як асабістая, гэтак і колектыўная індывідуальнасьць. Хай пакуль яшчэ кволае, хай узрост яе хвараблівы — гэта нічога. У цяжкіх муках і цярпеньнях прыходзіць на сьвет чалавек, у муках і цярпеньнях родзіцца новае жыцьцё.
Так. Адраджэньне беларускага народу ёсьць факт; буйны ўзрост нацыянальна-політычнай і соцыяльнай сьвядомасьці таксама бясспрэчны факт, як і тое, што ўзрастае новая самаістная культурная індывідуальнасьць, якая адважна заяўляе на сьвет цэлы аб сваім нараджэньні. З пачатку выступае нованароджанае ў бязьмежным прасторы гістарычных падзеяў як моральная сіла, затым, паступова набіраючы сіл фізычных, выступае ўжо як адзін з актыўных чыньнікаў сужыцьця народаў усходняе Эўропы. Рэволюцыя 1905—1906 гг., калі зьяўляюцца і актыўна выступаюць першыя беларускія рэволюцыйна-соцыялістычныя і культурна-нацыянальныя організацыі, паставіўшыя сваей мэтай дамагацца краёвай аўтаноміі Беларусі ў складзе расейскай дэмократычнай фэдэрацыйнай рэспублікі, вялікая рэволюцыя 1917—1920-х гг., калі ў завірусе рэволюцыйных падзеяў родзіцца думка аб самаістай незалежнай беларускай дзяржаўнасьці, узброеная барацьба беларускіх працоўных грамад за волю ды нацыянальнасьць — гэта ёсьць факты, якія найкрасамоўней сьведчаць самі за сябе.
Праўда, Беларускі народ не здабыў сабе волі, не дабіўся сваёй незалежнасьці, а йзноў, як і калісь, церпіць двайны гнёт — нацыянальны і соцыяльны ад чужацкіх наездцаў. Беларусь разпластана ляжыць, парваная на часьці. Стогне ў бязвольлі, у нядолі народ.
Аднак ня гледзячы на ўсе злыбядзі — жыве Беларусь! Хай сёньня Беларусь у радох пераможных, хай ныюць і крывавяцца раны — шлях да перамогі вядзе праз паражэньні. Адно толькі — умела трэба выкарыстаць навукі былых няўдач. Трэба навучыцца як найлаўчэйшаму змаганьню і ў першую чаргу на чужых ды на сваіх уласных памылках. Бо той, хто не разумее сваіх памылак, той наогул нічога не разумее, той ня здатны да змаганьня. А прыгнечанай і паняволенай Беларусі якраз і патрэбныя тыя людзі, якія хочуць і ўмеюць вясьці змаганьне. Вось чаму нам як прадстаўнікам новай нараджаючайся беларускай крытычна-думаючай індывідуальнасьці пара ўжо падвясьці пэўныя падрахункі тым рэвалюцыйным падзеям, што адбыліся на ўсходзе Беларусі, адкрыта сказаць, усебакова высьвятліць канцы і пачаткі ў беларускім высвабадзіцельна-адраджэнскім дзяржаўна-незалежніцкім руху, каб добра сабе ўявіць, а ўявіўшы, яскрава выявіць конкрэтны вызвальны ідэал, культурны, палітычны і соцыяльны ідэал — беларускай нацыі.
II
правіцьУжо ня прыходзіцца даводзіць таго аснаўнога палажэньня, элемэнтарнай праўды, што і беларускі народ мае права нараўне зь іншымі народамі на жыцьцё пад сонцам, даводзіць неабходнасьць прызнаньня і за беларускім народам права на вольнае самаазначаньне. Ужо ня прыходзіцца даводзіць таксама і таго, што Беларусь мае права на самаістую дзяржаўную незалежнасьць. Бо незалежнасьць — гэта ёсьць адзіная натуральная форма ўцелаішчаньня права на самавызначаньне. Прызнаючы права на самавызначаньне, ужо гэтым самым прызнаеш і права на незалежнасьць. Гэта добра сабе ўцямілі маскоўскія ды варшаўскія дыплёматы, калі ў Рызе, коштам падзела Беларусі, падпісвалі мірны дагавор паміж панска-шляхэцкай Польшчай і савецкай Расеяй. У першым пункце Рыскай мірнай умовы ўрачыста прызнаецца права Беларусі на вольнае самаазначаньне і дзяржаўную незалежнасьць, але што толку з гэтага прызнаньня. Відавочна, што справа тут ня ў прызнаньні права, а ў нечым іншым. Права на самаазначаньне ды самаістую дзяржаўную незалежнасьць Беларусь і так мае, няма што аб гэтым і казаць. А справа ідзе выключна аб ўцелаішчаньні гэтага права. Як уцелаісьціць права беларускага народу на вольнае самаазначаньне, як уцелаісьціць покліч, выстаўлены беларускай рэвалюцыяй аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі? Вось тое кардынальнае запытаньне, на якое неабходна даць ясны і катэгорычны адказ. З другога боку — хто мае ўцелаісьціць гэтае права? Сам беларускі народ, абапіраючыся на свае ўласныя сілы, ці то пры дапамозе якой-небудзь сілы надворнай, чужой? Якім шляхам зьдзейсьніць ідэю самаістай дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі: ці шляхам упартай рэволюцыйнай барацьбы, ці шляхам паступовай эволюцыі, шляхам дробнай штодзённай працы, носячы ў сэрцы сваім надзеі, мары, лятуценьні аб незалежнасьці?
Каб ясны і катэгорычны даць адказ на пастаўленыя запытаньні, неабходна, па-першае: выявіць тыя нацыянальныя й соцыяльныя сілы, якія знаходзяцца на Беларусі і зацікаўлены, ці варожа адносяцца да ўцелаішчаньня незалежнай беларускай дзяржаўнасьці; па-другое: выявіць соцыяльную структуру самой беларускай нацыі як культурнага і соцыяльнага адзінства; па-трэцяе: якая з сучасных буржуазных зацікаўлена ў істнаваньні незалежнай беларускай дзяржавы.
Узапраўды: ці ёсьць на Беларусі такія нацыянальныя і соцыяльныя сілы, якія-б былі зацікаўлены ў тым, каб Беларусь была незалежнай дзяржавай? А калі ёсьць такія сілы, то наколькі яны здатны да арганізаванасьці і самадысцыпліны, каб вясьці ўпартае змаганьне, бо, само сабой, бяз змаганьня нічога ў жыцьці не адбываецца. Жыцьцё ёсьць змаганьне, і той заўсёды мае перамогу, хто ня толькі ўмее абараняцца, але ў пэўныя мамэнты і нападаць, наносячы ворагу руйнуючыя ўдары. І той, хто ўзапраўды мае нейкую ідэю, той мусіць змагацца за яе ўцелаішчаньне, у праціўным разе — ён мае ідэю толькі на паказ, вось нібы той пярсьцёнак з бліскучым дыямантам. Далей. Ці ёсьць хоць адна якая-небудзь сучасная буржуазная дзяржава, якая-б была зацікаўленая ў незалежнай Беларусі?
Калі адказ на першае запытаньне — ці ёсьць унутры краіны сілы, здатныя вясьці змаганьне — зьяўляецца вельмі складным і можа быць толькі сьцьвярджаючы, то адказ на другое запытаньне — аб зацікаўленасьці хоць якой-небудзь сучаснай буржуазнай дзяржавы ў істнаваньні дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі — ёсьць вельмі просты і можа быць толькі адмоўны. Ёсьць сілы ўнутры краіны, здатныя вясьці змаганьне за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі, няма ані аднэй сучаснай буржуазнай дзяржавы, зацікаўленай у істнаваньні дзяржаўнай незалежнасьці яе. Чаму такое цьверджаньне? Доказаў гэтаму ёсьць шмат: дзясяткі прыкладаў з нядаўняй мінушчыны й цяпершчыны; яны агульна вядомы і няма чаго на іх спыняцца. А тагды — ставіцца новае запытаньне: якая можа быць орыентацыя, або, інакш кажучы, на каго спадзявацца і пакладаць сваі надзеі ў змаганьні за волю й незалежнасьць Беларусі? Адказ дужа ясны й просты: орыентацыя на ўласныя, унутры краіны істнуючыя сілы, спадзявацца і пакладаць свае надзеі выключна на ўласныя сілы працоўных грамад.
III
правіцьЧаму ласьне орыентацыя мае быць выключна на ўласныя сілы беларускіх працоўных грамад, а не на якія-небудзь іншыя сілы ўнутры краіны істнуючыя, мо буржуазныя, абшарніцкія і г. д.? Ад рашэньня гэтага запытаньня залежыць адказ і на другое, раней крыху пастаўленае: як уцелаісьціць дзяржаўную незалежнасьць Беларусі, якім шляхам: шляхам рэвалюцыі ці эволюцыі? А з гэтага вынікаюць два новыя запытаньні: па-першае, незалежная беларуская дзяржава ёсьць мэта сабе ці гэта ёсьць толькі спосаб дзеля дасягненьня якойсьці іншай мэты; па-другое, які нацыянальна-палітычны ды соцыяльны лад мае быць у незалежнай беларускай дзяржаве.
Перад усім пачнем з таго, што сконстатуем істнуючы факт: Беларусь зьяўляецца аграрнай калёніяй вызыску чужаземнага капіталу — польскага і маскоўскага ды яшчэ тых, што ў сувязі зь імі. І другі факт, які мусім сконстатаваць: на Беларусі няма нацыянальнай буржуазіі.
Усё шматмільённае жыхарства Беларусі дзеліцца на стан працуючых і непрацуючых. Працуючыя — гэта ёсьць тыя, што жывуць з працы сваіх уласных рук: сяляне, работнікі і працоўная інтэлігэнцыя. Непрацуючыя — гэта ёсьць тыя, хто жыве з працы чужых рук: абшарнікі, фабрыканты, банкіры, купцы, гандляры, спэкулянты і ўсе тыя, хто жыве з даходаў непасрэдна самым незапрацаваных, як напр.: непрацоўная рэнта, спадчына і г. д. Між станам працуючых і станам непрацуючых істнуе сталы антагонізм, выкліканы з супярэчнасьці інтарэсаў. Кожны чалавек мае свае патрэбнасьці, гэта праўда. Але ёсьць такія патрэбнасьці ў чалавека, якіх задавальненьня вымагаецца самім жыцьцём; калі іх не задаволіць — чалавек гіне. У цяпершчыне соцыяльны лад людзкога грамадзянства так пабудаваны, што адны людзі працуюць і ня ў сілах задаволіць сваіх неабходных патрэбнасьцяў (страва, адзежа, памешканьне і г. д.), а другія нічога ня робяць і маюць магчымасьці ня толькі што задаволіць свае неабходныя патрэбнасьці, але ад лішкі асяродкаў пускаюцца ў распусту, ад чаго, між іншым, таксама ідзе чыста біопсыхічны працэс выміраньня, як ад недастатку. У гэтым і ёсьць аснаўная трагэдыя, аснаўное зло сучаснага буржуазна-капіталістычнага ладу. З прычыны нераўнамернага разьмяркоўваньня жыцьцёвага дабрабыту людзкасьць не разьвіваецца, ня йдзе наперад, а дэгэнеруецца, вымірае. У экономічнай літаратуры гэтыя супярэчнасьці між працуючымі й непрацуючымі называюцца клясавымі супярэчнасьцямі. На Беларусі клясавыя супярэчнасьці саўпадаюць з нацыянальнымі. Каб ня было гэта галаслоўным, возьмем прыклад. Да якой нацыянальнасьці належаць абшарнікі? Ці яны тубыльцы гэтай краіны, ці зьнекуль прышлі, але ня разам з народам, гэтай працоўнай і вечна галоднай беднатой, а самастойна, як каланісты? Што можа быць крытэрыем для азначаньня, беларус хто ці не? Мэтрычная выпіска? Некалі дзяды й прадзеды гаварылі па-беларуску? Але-ж гэтага мала. Вагу мае ня тое, чым або кім продкі былі — вагу мае тое, чым або кім ёсьць той, хто цяпер жыве, нешта робіць, думае, церпіць, радуецца; вагу мае той факт, за каго лічыць сябе ў цяпершчыне кожны чалавек, да якой нацыі ён залічае сябе, у які бок самаазначаецца — у беларускі, польскі, расейскі ці іншы які-небудзь. Дапусьцім, што ёсьць цяпер на Беларусі абшарнікі, якія біолёгічна належаць да беларускай, іх дзяды й прадзяды гутарылі па-беларуску, яны мэтрыкі свае маюць напісанымі ў беларускай мове, але культурна й псыхолёгічна яны лічаць сябе або расейцамі, або палякамі. Ці яны беларусы? Бязумоўна — не! Яны не беларусы. Бо што ляжыць у аснове нацыі? Хіба адзін толькі біолёгічны фактор, ці, казаў той, зь яйка вераб’я ніколі ня можа выйсьці бусел, то гэтак сама і сярод людзей — ад бацькоў беларусаў можа быць патомства толькі беларускае. Біолёгічна гэта ёсьць так, але не адзін толькі біолёгічны фактор мае ляжаць у аснове нацыі. Бо што такое нацыя? Нацыя ёсьць перш за ўсё культурная еднасьць (еднасьць мовы, звычаяў, гісторыі і г. д.). У аснове ляжыць фактор біопсыхічны, а таму за крытэрый у азначаньні, хто беларус, а хто не беларус, можна і неабходна браць крытэрый выключна біопсыхічны, або вузей узяўшы — культурнай прыналежнасьці. І калі хто-небудзь кажа: я беларус, але я рускай культуры ці то польскай культуры — гэтым самым ён самаазначаецца ў бок рускі ці то ў бок польскі, застаючыся пры гэтым біолёгічным тыпам беларуса. Гэткіх біолёгічных тыпаў беларускае нацыі ёсьць, на вялікі жаль, нямала, імя іх — рэнэгаты. Амаль усе абшарнікі, вялізарная большасьць шляхты, мяшчанства, духавенства і г. зв. інтэлігэнцыі — рэнэгаты; біолёгічна яны беларусы, а культурна і псыхолёгічна — або маскалі, або палякі. Векавой традыцыяй мінуўшчыны яны моцна зьвязаны з польскай ці то з маскоўскай вялікадзяржаўнасьцю, выхаваны на культуры маскоўскага або польскага нацыянальна-паразытычнага мэсыянізму; розныя прывілеі за кошт прыгнечаньня ды паняволеньня працоўнай беднаты, у мінуўшчыне, школа і дзяржаўная служба, у цяпершчыне — усё гэта адарвала іх ад роднай глебы беспаваротна і назаўсёды. Яны зусім парвалі ўсе зьвязкі з народам; у іх няма нічога супольнага з жыцьцём беларускіх працоўных грамад. Жывучы з працы крывавых мазалёў беларускай працоўнай беднаты, яны ўзбагачалі польскую ці то маскоўскую культуру ў той час, як беларускі народ мадзеў у цемнаце; яны дапамагалі Маскве і Варшаве прыгнятаць Беларусь; палянізаваць і русыфікаваць беларускі народ, вызыскоўваць працуючых. Яны рабілі вялікае праступленьне перад беларускім народам, на іх сумленьні цяжкім каменем ляжыць грэх перад роднай краінай. Можа, зьвязаныя культурнай традыцыяй ці то з Расеяй, ці то з Польшчай, але экономічна з Беларусьсю, гэныя біолёгічныя тыпы беларускай нацыі ў апошні час праяўляюць у пэўнай меры зацікаўленасьць да беларускай вызвольнай справы. Інакш і быць ня можа: беларускі вызвольны рух у аснове закранае іх паразытычны дабрабыт. Інстынкт самазахаваньня падказвае неяк прыладзіцца да новых абставін, прытарнавацца. І паяўляюцца „тоже белоруссы“ і „тэж бялорусіны“; мы зьяўляемся сьведкамі найцікавейшага працэсу, які толькі вядомы ў псыхолёгіі народаў: паяўляюцца людзі з раздвоенай сьвядомасьцю, якія шчыра кажуць, што ў іх ёсьць дзьве душы — адна польская, а другая — беларуская, або: адна, маленечкая душа — беларуская, і другая, вялізарная — маскоўская. Ім нельга ў гэтым не паверыць. Гэта ёсьць праўда. Хвараблівае зьявішча дзьвёх душ — гэта ёсьць зьявішча апошняга часу; ведама, былі такія выпадкі раней, але то былі адзінкі, а цяпер грамады людзей маюць дзьве душы. І вось нібы той селядзец з кілбасой у сярэдзіне вялікага посту, як гэта на вёсцы кажуць, важгаюцца між сабой гэныя „дзьве душы“ — якая зь іх перацягне. Хутчэй за ўсё ні тая, ні другая не перацягне, а так і будзе важгацца празь усё сваё жыцьцё. Ні Богу сьвечка, ні чорту качарга, як кажа народная прыказка. Ясна адно бязь сумліву — гэным людзям з раздвоенай сьвядомасьцю, маючым дзьве душы, дзьве бацькаўшчыны, ніколі не знайсьці сьцежку да разуменьня душы беларускіх народных грамад. Яны заўсёды будуць чужакамі, няпрошанымі гасьцьмі за сталом усенароднай бяседы. Бо каб зразумець душу беларускага народу, беларускага селяніна, беларускага работніка, адчуць іх нядолю, іх радасьць, гора, трэба выкінуць на сьметнік гістарычны ўсе тыя культурныя лахманы, што запэцканы ў братняй крыві, а гэта ня так лёгка ўдаецца і ня кожнаму дана такая мажлівасьць. Патрэбна шмат гадоў упартай і самаахварнай працы, каб можна было скінуць гэныя „культурныя“ лахманы і надзець беларускую вопратку, каб чалавек аканчальна мог знайсьці сябе й замацаваць сваю самаістую беларускую індывідуальнасьць. Ці яны здатны на гэта? Такіх прыкладаў у беларускім руху пакуль што няма, і станоўча судзіць аб гэтым мы ня можам, ня маем даных, але ў пэўнай меры з таго, што адбылося на Беларусі за апошнія некалькі гадоў, з тае ролі, якую адыгрывалі абшарнікі і залежная ад іх засьцянковая ды хвальварачная шляхта, мяшчанства ды зрусыфікаваная ды сполёнізаваная інтэлігенцыя, можам сьцьвярджаць, што ўсе яны былі на другім баку барыкадаў у рэвалюцыйным змаганьні беларускага народу за волю ды незалежнасьць. Яны выявілі сябе актыўнымі ворагамі ня толькі дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, але нат і культурнага адраджэньня беларускага народу, ім, бачыце, не падабаецца гэта „мужыцкая“, „хамская“ мова, у якой „азваўся беларус“, мова, у якой гаманіць дванаццацімільённая грамада працоўных людзей.
Рэшта — абшарнікі на Беларусі — ёсьць ці то польскія, ці то маскоўскія колёністы. Яны разглядаюць Беларусь як правінцыю Расеі ці то Польшчы і вядуць адкрытае змаганьне, абапіраючыся на сваю мэтраполію, з беларускім высвабадзіцельна-адраджэнскім, дзяржаўна-незалежніцкім рухам. Да гэтае соцыёлёгічнае групы можна аднесьці значную частку мяшчанства, шляхты, духавенства і старога царскага чыноўніцтва, якое і днём і ўначы марыць аб адным толькі — павароце былой царыцкай самадзяржаўна-дэспатычнай адзінай і непадзельнай Расеі.
Калі абшарніцкая буржуазія на Беларусі ня ёсьць нацыянальнабеларуская, то аб буржуазіі фабрычна-заводзкай ды прамыслова-гандлёвай ужо й казаць ня прыходзіцца — цалком не нацыянальна-беларуская. Амаль увесь гандаль, уся фабрычна-заводзкая прамысловасьць, усе банкі й нат мяняльныя канторы знаходзяцца ня ў руках беларускае нацыі, а пераважна ў рукох жыдоўскае буржуазіі. Характэрнай рысай гэтай соціолёгічнай групы людзкага грамадзянства — заўсёды орыянтацыя на сільнейшага, абы толькі захаваць свой добры гэшэфт. Да беларускай вызвольнай справы адносяцца з пункту гледжаньня рэальнай сілы й магчымасьці барышу і паколькі беларускі вызвольны рух не набыў яшчэ гэтульмі ўнутраных сіл, каб уся паўната ўлады на беларускай зямлі знаходзілася ў руках беларускага народу як большасьці жыхароў азначанай тэрыторыі — жыдоўская буржуазія адносілася ніякава; беларускі вызвольны рух мала яшчэ захапіў у сваім паступовым ходзе яе карчмарскія інтарэсы. Колізія інтарэсаў у поўнай меры выявіцца тагды, як праб’е апошні час уцелаішчаньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Тагды жыдоўская буржуазія, усім сваім кагалам, рынецца ў бой супроць беларускага вызвольнага руху поплеч з абшарніцка-колёнізацыйнай буржуазіяй. Ужо па сваёй унутранай прыродзе капітал мае тэндэнцыю паступовае цэнтралізацыі, а дзеля гэтага вызваленьне Беларусі як самастойнай эканамічнай адзінкі зусім нявыгадна, з пункту гледжаньня буржуазнай эканомікі — гэта-ж будзе дэцэнтралізацыя, што ў корані пярэчыць буржуазна-капіталістычнаму спосабу вядзеньня гаспадаркі. А таму, з пункту гледжаньня жыдоўскага буржуя на Беларусі — хай лепш будзе вялікая Расея, хай будзе вялікая Польшча, але ніколі — меншая Беларусь, дзе абхват дзеяльнасьці зьменшаны і дзе пры меншым абароце капіталу менш будзе і зыск. Адным словам — жыдоўская буржуазія не зацікаўлена ў зьдзьясьненьні дзяржаўнай незалежнасьці на Беларусі.
Аб пролетарыяце на Беларусі мала што можна сказаць. У поўным сэнсе гэтага слова — пролетарыяту на Беларусі няма. А таму гэта, што няма на Беларусі шырока разьвітай фабрычна-заводзкай прамысловасьці. Ведама, некалькі істнуючых запалачных фабрык, скураных, мылаварных, лесапільных, ды некалькі мэханічных заводаў ня можа сьведчыць аб тым, што Беларусь такі ўжо „забыты Богам край“, што наагул ня мае ніякіх падвалін для разьвіцьця фабрычна-заводзкай прамысловасьці. Зусім наадварот, гэныя падваліны ёсьць, але надворныя абставіны аж да апошняга часу былі такія, што Беларусь, як аграрная калёнія, па хіжацку вызыскоўвалася чужаземным капіталам. За кошт экономічнага заняпаду Беларусі разьвіваліся маскоўскія ды польскія прамысловыя цэнтры, куды вывозіўся сыры матар’ял з Беларусі, як, напрыклад: лён, канаплянае семя, шэрсьць, воўна, скура, лясны матар’ял і г. д. Ды й то сказаць — Беларусь вельмі недасьледжана з боку разьвіцьця экономічных магчымасьцяў: зусім недасьледжана ані глеба з боку яе ўраджайнасьці, ані зямельныя нетры з боку магчымых залежаў вугля, а мо’ й руды, а таму ўсялякае сьцьврджаньне, што Беларусь дзеля таго ня мае разьвітай фабрычна-заводзкай прамысловасьці, што ня мае да гэтага належных падвалін, ёсьць не навучнае сьцьверджаньне, галаслоўнае, ні на чым не абаснаванае. Такім чынам, пролетарыят як асобная кляса працуючых мо з часам і будзе на Беларусі, але ў цяпершчыне няма. Лічыць пролетарыятам некалькі дзясяткаў жыдоўскіх прыказчыкаў і дробных спэкулянтаў, само сабою, не прыходзіцца. Ёсьць яшчэ адзін стан на Беларусі і досыць значны ў сваёй колькасьці — гэта дробныя рамесьнікі ды гандляры. У сваёй большасьці — гэта ёсьць жыдоўская цёмная й прыгнечаная бедната мястэчак і местаў. Іх экономічныя інтарэсы інады саўпадаюць з інтарэсамі работнікаў саўсім, а інады адчасьці. Саўпадаюць, калі дробны рамесьнік, як кожны работнік, імкнецца адзержыць поўнасьцю дабавачную вартасьць за прадукт свае працы, і разыходзяцца, калі на кірмашы выраб рамесьніка ня вытрымліваець канкурэнцыі з фабрычна-заводзкім вырабам; саўпадаюць, калі дробны гандляр змагаецца з аптавіком за больш нізкую цану тавару, і разыходзяцца, калі работнікі закладаюць свае спажывецкія коопэрацыйныя крамы і г. д. Ва ўсялякім выпадку, у дробнага рамесьніка, які сам працуе, ёсьць больш пунктаў зыходжаньня з фабрычна-заводзкім работнікам, чым з капіталістам-фабрыкантам. Да гэтае групы можна аднесьці возчыкаў, дворнікаў, прыслугу ды іншых працуючых, а таксама ў значнай меры арандатараў панскіх двароў і шляхоцкіх фальваркаў.
Што да справы нацыянальна-беларускай, то работнікі, працуючыя на фабрыках і заводах, дробныя рамесьнікі, прыслуга, арандатары, дворнікі і г. д. вельмі зрусыфікаваны або сполёнізаваны, як, напрыклад, узяць Смаленск, Вільню, Беласток. Адносяцца да справы беларускага вызвальнага руху пасыўна, ня бачучы ў ім нічога для сябе канкрэтна-карыснага. Аднак гэта ёсьць вынік аднэй толькі несьвядомасьці, адарванасьці ад родных карэньняў. Кожны беларус, ці то работнік на фабрыцы ці заводзе, ці то дворнік, прыслуга, арандатар і г. д. — усе яны так або іначай зьвязаны зь вёскай, зьвязаны зь зямлёй. Адарваўшыся ад родных карэньняў, яны трацяць свае звычаі, мову, але пры першым стыку з роднай глебай узноў становяцца тым, чым былі — усе тымі-ж беларусамі з псыхолёгіяй земляроба.
Застаецца цяпер сялянства, якое адно толькі й захавала ў працягу сталецьцяў сваю беларускую самаістую індывідуальнасьць, захавала перад усім — „скарб душы народнай“ — нашу родную мову. Беларускае сялянства і тыя культурныя сілы, якія выходзяць зь яго грамад, зьяўляецца як з боку нацыянальна-палітычнага, культурнага, гэтак і соцыяльна-экономічнага самым моцным фундамэнтам і цьвёрдай глебай у беларускім вызвольным руху. Сялянства складае абсолютную большасьць жыхароў Беларусі — амаль 90%; яно зацікаўлена ў першую чаргу, як малазямельнае, гэтак і безьзямельнае, у скасаваньні прыватнае ўласнасьці на зямлю, бо прыватная ўласнасьць — гэта абшарнік, гэта ёсьць труцень, дармаед. Быў час, калі ўся зямля на Беларусі належала толькі тым, хто сам на ёй працаваў. З бегам часу зямля стала пераходзіць шляхам конфіскацыі або, інакш кажучы, адкрытага грабежства ў рукі паасобных магнатаў, князёў ды баяр, ад якіх шляхам „богоспасаемой“ ахвяры — да манастыроў ды касьцёлаў. Народ, спачатку вольны, самастойны гаспадар, прымушаецца некалькі дзён у тыдзень працаваць на пана. Пан становіцца валадаром усёй зямлі і над усім народам — паншчына, г. е. бязьмежнае панаваньне, дыктатура шляхты, магнатаў, ксянздоў ды папоў. У палавіне ХІХ сталецьця паншчына была скасавана, селянін атрымаў асабістую волю — ужо нельга прадаваць і купляць сялян, як нейкую жывёліну. Але засталася ў панскай няволі зямля. Трэба вызваліць зямлю. Зямля мае належаць выключна тым, хто сам ля яе працуе. Імкненьне сялян к дэканфіскацыі зямлі ёсьць зусім натуральнае й справядлівае. У імя праўды й справядлівасьці зямля мусіць быць здэконфіскавана й перададзена ў карыстаньне тым, хто сваёю ўласнай працай яе абрабляе, мусіць быць перададзена ў дажыцьцёвае карыстаньне бяз жаднага выкупу. І беларускае сялянства ў сваім змаганьні за вызваленьне зямлі вядзе змаганьне за зьніштажэньне непрацоўнай гаспадаркі, чым далучаецца да ўсясьветнага рэволюцыйна-соцыялістычнага руху, зьяўляецца адным з магутнейшых атрадаў арміі змагароў за соцыялізм. Сялянства складае адну клясу працуючых на зямлі. Клясавыя супярэчнасьці беларускага сялянства з абшарнікамі ёсьць нацыянальныя супярэчнасьці — супярэчнасьці колёніі і мэтраполіі. Вось чаму соцыяльнае вызваленьне беларускага сялянства ёсьць у той-жа час і нацыянальна-політычным і культурным вызваленьнем. Без вызваленьня зямлі немагчыма вызваленьне беларускае нацыі.
IV
правіцьЗ усяго вышэй сказанага ясна вынікае — як соцыолёгічная структура беларускай нацыі, гэтак і ўзаемаадносіны ўнутры краіны істнуючых сіл. Беларуская нацыя ёсьць нацыя працоўная, нацыя працуючых ля зямлі ды працуючых ля верстакоў. Вызвальны ідэал беларускай нацыі можа быць толькі працоўны ідэал, ідэал соцыялістычны. Незалежная беларуская дзяржава можа быць толькі працоўная, соціялістычная, або яе зусім ня будзе нацыянальна-політычны ды соцыяльны лад у незалежнай беларускай дзяржаве мае быць так пабудаваны, каб поўнасьцю была забясьпечана воля чалавечай асобы, права на працу і мінімум чалавечага дабрабыту. Незалежная беларуская соцыялістычная дзяржава мае быць вольным аб’еднаньнем раўнапраўных вырабцаў ды спажыўцоў. А дзеля гэтага вызвальнае змаганьне беларускай нацыі мае адбывацца пад чырвоным штандарам рэволюцыйнага соцыялізму. Іншага шляху няма.
Але неабходна ўсім і кожнаму добра ўцяміць — незалежнасьць Беларусі ніхто ня дасьць; незалежнасьць можа быць здабыта ў змаганьні — за незалежную беларускую дзяржаўнасьць трэба як мага змагацца.
І да таго часу, пакуль Беларусь знаходзіцца, з аднаго боку, у маскоўскай няволі, а з другога — у польскай, наш покліч: руйнаваць вялікую Расею і вялікую Польшчу! Руйнаваць у імя культурнай, політычнай і соцыяльнай незалежнасьці Беларусі.
Аднак, ці незалежнасьць Беларусі мае быць нашым апошнім ідэалам? Бязумоўна — не. Незалежнасьць у імя незалежнасьці, незалежнасьць як мэта ў сабе павінна быць намі адкінута. Незалежнасьць Беларусі ў шырокім разуменьні мае быць для нас адным з этапаў да поўнага вызваленьня беларускага народу, да поўнага вызваленьня ўсіх людзей і народаў. І той, хто змагаецца за волю ды незалежнасьць Беларусі ўжо гэтым самым вядзе змаганьне за волю й незалежнасьць усіх прыгнечаных ды паняволеных народаў, вядзе змаганьне за вызваленьне асабістай і калектыўнай чалавечай індывідуальнасьці. Наша апошняя мэта, апошні вызвальны ідэал беларускай нацыі мае быць вольная сувязь вольных народаў зямлі!
18.III.24