Аўдакім Раманавіч Раманаў: 1855—1923
Аўдакім Раманавіч Раманаў: 1855—1923 Некралог Аўтар: Антон Луцкевіч 1923 Крыніца: НСьцяг. 1923. 20 ліп |
Не пасьпелі беларусы аплакаць сьмерць Міхала Фэдароўскага, як з далёкага Стаўрапалю даляцела вестка аб сьмерці другога слаўнага этнографа Беларусі — Аўдакіма Раманавіча Раманава.
Раманаў радзіўся ў 1855 годзе ў Беліцы каля Гомля. Вырас ён у значна абмаскаленай беларускай сям’і, дужа беднай, цярпеўшай крайнія нястаткі.
Нягледзячы на цяжкае матар’яльнае становішча, матка аддала яго ў 1867 годзе ў Гомельскую прагімназію, у якой ён скончыў навуку ў 1870 годзе — толькі дзякуючы стыпендыі і прыватным лекцыям.
Сабраўшы гэтымі ж лекцыямі 25 рублёў, Раманаў па сканчэньні прагімназіі скіраваўся ў Магілёў, каб паступіць у гімназію.
І вось тут здарылася гісторыя, дзеля якой будучы слаўны беларускі вучоны этнограф застаўся за дзьвярмі школы, каб перайсьці да самаадукацыі: у Магілёўскай гімназіі ў той год не было «вольных вакансій»... Зважаючы, аднак, на вялікую ахвоту беднага хлапца да навукі, дырэктар гімназіі па тэлеграфу прасіў папячыцеля школьнага вокругу, каб дазволіў прыняць Раманава ў гімназію звыш камплекту.
Папячыцепь адмовіў...
На рэшткі ад тых 25 рублёў Раманаў мог толькі вярнуцца дамоў, каб шукаць заробку на жыцьцё і заняцца самаадукацыяй у вольны ад працы час.
Раманаў выбраў найбольш прыемную сабе прафэсію пачаткавага вучыцеля. Невясёла пачыналася яго праца на ніве асьветы беларускага народу. Прыкладам, у часе яго вучыцельства ў аднэй народнай школцы Аршанскага павету прыйшлося жыць у такіх абставінах, якія не аднаго вучыцеля зьвялі праз сухоты ў магілу: вучыў і жыў ён у цеснай сьцюдзёнай хаце, якая нават асьвятлялася... лучынаю!
Потым цэлыя дзясяткі гадоў ён у розных куткох Беларусі — спачатку як народны вучыцель (у Сеньненшчыне Магілёўскай г.), тады як вучыцель прагімназіі і павятовых школ (у Гомлі, Лідзе, Сяньне), далей як інспэктар народных школ (Віцебскае губэрні 1886—1893, Горадзенскае губэрні 1893 г. — 1895 г. і Магілёўскае 1895 г. — 1906 г.).
З 1906 г. да 1910 г. Раманаў жыў у Вільні, працуючы ў Камісіі Віленскае публічнае бібіліятэкі і Музэю пры ёй.
У 1910 г. пераводзяць яго ў Варшаўскі вучэбны вокруг, дзеля чаго Беларусь на пэўны час траціць гэтага выдатнага рабачая на ніве пазнаньня роднага краю, хаця ён і тады стараецца мець цесную сувязь з працаўнікамі па беларусазнаўству.
У часе вайны і рэвалюцыі Раманаў жыў у Расеі.
Калі пачалася арганізацыя школьнае справы ў незалежнай Роднай Беларусі, Раманаў адгукнуўся з далёкае Кубані, просячы памагчы яму вярнуцца на бацькаўшчыну і аддаць ёй працу сваей старасьці. Пры гэтым ён паведамляў, як пісалі газэты, што сабраў шмат новага матар’ялу і мае ўжо чатыры новыя зборнікі па беларускай этнаграфіі, зусім гатовыя да друку.
У адказ на яго просьбу Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт у Менску запрапанаваў Раманаву катэдру этнаграфіі.
Але старасьць, хваробы, перажытыя цяжкія гады ўжо ня выпусьцілі яго з чужыны і зьвялі там у магілу.
Цяпер, як чутно, Народны Камісарыят асьветы Беларусі, даведаўшыся аб сьмерці Раманава, паслаў у Стаўрапаль сябра Інстытуту беларускае культуры Гуткоўскага для адшуканьня матар’ялаў, якія засталіся па сьмерці вучонага.
* * *
Беларускае народнае жыцьцё было добра знаёма Раманаву яшчэ змалку. Потым ён меў заўсёды шчыльную сувязь зь вёскаю як вучыцель, інспэктар і езьдячы адумысьля на этнаграфічную і архэалягічную працу ў самыя далёкія закуткі ўсяе, але галоўным чынам Усходняе Беларусі.
Цікаўна, што зьбіраць і дасьледаваць памяткі беларускае народнае творчасьці пачаў Раманаў, як вядома, з гэткае прыгоды. Чытаючы летапісь Несьцера, ён быў прыемна зьдзіўлены масаю старадаўных слоў і граматычных формаў, якія ёсьць у Несьцера і дагэтуль захаваліся ў жывой беларускай мове.
Раманаў пачаў выпісваць гэтыя асаблівасьці зь летапісі, апрацаваў слоўнік і паслаў яго ў Расейскую Акадэмію Навук. Акадэмія дала яму раду складаць дадаткі к вядомаму акадэміцкаму беларускаму слоўніку Насовіча, пацьвярджаючы кожнае слова прыкладамі з народнае літаратуры.
З тае пары, не пакідаючы працы над слоўнікам, Раманаў пачаў зьбіраць памяткі народнае паэзіі, зь якіх і злажыліся яго вядомыя капітальныя працы.
Апроч таго, сам сабою дайшоўшы вялікае навукі, ён рабіў раскопкі і архэалягічныя выведы, а таксама антрапалягічныя досьледы.
За этнаграфічную і архэалягічную працу Раманава выбралі сваім запраўдным сябрам Расейскае дзяржаўнае геаграфічнае таварыства, Маскоўскае архэалягічнае таварыства і інш. Працы яго былі адзначаны залатымі і сярэбранымі мэдалямі гэтых і інш. таварыстваў. За яго вядомы «Беларускі зборнік» Акадэмія Навук прысудзіла яму прэмію.
Музэі Вільні, Магілёва, Віцебска, Пецярбурга, Масквы маюць багатыя этнаграфічныя і архэалягічныя калекцыі, сабраныя Раманавым.
Выключна яго стараньнямі заснаваўся й адчыніўся архэалягічны музэй у Віцебску.
Яго ж працаю стварыўся й незвычайна абагаціўся архэалягічны музэй у Магілёве.
Раманаў клаў пачатак такому ж музэю і ў Вільні.
* * *
У газэце самы сьціснуты крытычна-навуковы разгляд этнаграфічных друкаў Раманава ці нават толькі сьпіс іх заняў бы лішне многа месца. Яго шырокая шматгадовая літаратурная дзеяльнасьць знайшла сабе належную ацэнку ў адумысловых кнігах акадэмікаў: Пыпіна, Весялоўскага, Майкава, Карскага, Стасава і інш.
Яго вялікай цэннасьці творы па этнаграфіі і архэалёгіі раскіданы па многіх выданьнях і часопісях.
З асобных жа выданьняў, як вядома кожнаму пісьменнаму беларускаму працаўніку, найбольшаю цану маець яго «Беларускі зборнік» у некалькіх тамах:
Том І і ІІ — песьні, прыказкі, загадкі. Кіеў, 1886 г.
„ ІІІ — казкі. Віцебск, 1887 г.
„ ІV — казкі касмаганічныя і культурныя. Віцебск, 1891 г.
„ V — загаворы, апокрыфы, духоўныя вершы і інш. Віцебск, 1891 г.
„ VІ — казкі. Магілёў, 1901 г.
„ VІІ — мэлёдыі бел. народ. песьняў. Вільня, 1910 г.
„ VІІІ—ІХ — быт і інш. Вільня, 1912 г.
Пад яго ж рэдакцыяй і яго стараньнямі выйшла [кніга] «Матар’ялы да этнаграфіі Гродзеншчыны», два томы. Вільня, 1912 г.
Зь іншых яго прац тут трэба адзначыць яго важныя апісаньні рэдкіх беларускіх нацыянальных інструмэнтаў да музыкі, легенду «Кары ў сто гадоў», апісаньні дзяціных гульняў беларускіх і беларускіх жыдоў, беларускі народны соньнік, нарысы з народнага жыцьця, досьледы па беларуск. гісторыі і інш.
Між іншым, дзеля заробку грошы на выдавецтва, ён складаў падручнікі для расейскай школы, як «Краткая этимология церковно-славянского языка», расейская граматыка (выйшла ў чатырох выданьнях).
Цяпер, калі яшчэ сьвежая магіла на віленскім грунце, ня будзем чапаць палітычных паглядаў нябожчыка. Было шмат балючых акалічнасьцей, якія пхнулі яго асьвятляць, прыкладам, польска-беларускія адносіны хоць бы і ў правых расейскіх часопісях.
Цяпер толькі з падзякаю і пашанаю скажам, што разам з другімі этнографамі ён ня даў загінуць і навекі захаваў нашу родную песьню, казку, прыказку, загадку і паказаў усім, якія багатыя духоўныя сілы тояцца ў душы беларуса.
Як натура жывая, ён ня мог не адказваць і на палітычныя падзеі дня, а рабіў гэта ў залежнасьці ад свайго веку, ад становішча беларусазнаўства ў той час, ад сфэры, у якой вырас, ад сфэры, у якой пражыў многія гады службы, але быў чалавекам высокае справядлівасьці.
Гэта быў у поўным значаньні слова беларус-самародак, які зь беднасьці, зь невуцтва, без усякае падмогі і пратэкцыі, толькі дзякуючы сваім прыродным здольнасьцям і рупнай, безумоўнай самаадукацыі дасяг усебаковага разьвітку, вялікае веды і выбіўся на шырокае поле навуковае дзеяльнасьці.