А цяпер
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1925
Крыніца: Беларус. вёска. — 1925. — 3 лістап. — С. 3.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Шнуроў зялёных стройны шэраг
Вянком паслаўся за сялом.
Між іх рачулка хваляй шэрай
Ў каменне плешча сваё шкло.

Узняўся месяц кветкай белай
І срэбра кінуў ў цёмны бор…
Ой, шэпчуць нівы песняй спелай
У гэты вечар пра любоў.

Ой, шэпчуць нівы… Ясных зорак
На небе ўецца карагод,
І смехам буйным за узгоркам
Начлежны радуе агонь.

У светлых думках вечар сіні
Абняў прастор зямных грудзей
І радасць ў песні жменяй кінуў
Адтуль, дзе бор стары гудзе.