Базылевічава сям’я (1938)

Базылевічава сям’я
Драма
Аўтар: Кузьма Чорны
1938 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Базылевічава сям’я.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КУЗЬМА ЧОРНЫ


БАЗЫЛЕВІЧАВА
СЯМ‘Я

ДРАМА Ў АДНОЙ ДЗЕІ


ДВБ * 1938

КУЗЬМА ЧОРНЫ


БАЗЫЛЕВІЧАВА СЯМ‘Я

ДРАМА Ў АДНОЙ ДЗЕІ


ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ
МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА
МЕНСК * 1938

АСОБЫ:

МАКСІМ БАЗЫЛЕВІЧ — калгаснік, здаровы стары, год 68.
ВОЛЬКА БАЗЫЛЕВІЧ — яго нявестка, удава, год 48.

МІКАЛАЙ — ваенны інжынер, год 28.
ВЕРА — настаўніца, год 23.
ЛЕАНІД — студэнт медыцынскага інстытута, год 20.

Вольчыны дзеці,
унукі Максіма
Базылевіча.

РЫГОР ПРАНОВІЧ — стары калгаснік, таварыш Максіма Базылевіча.
РЫТВІНСКІ — польскі шпіён.
Начальнік участка граніцы.


Дзея адбываецца ў прыгранічным калгасе ў 1938 годзе.
У хаце Максіма Базылевіча. Ранні вечар, заходзіць сонца. Пасярод хаты стол, прыгатаваны як для святочнай вячэры. Белы прасаваны абрус звешваецца да самай падлогі, на стале настаўлена ўсялякай яды, стаіць гарэлка і віно. Волька заклапочана каля стала: расстаўляе талеркі, падсоўвае крэслы, нарэзвае каўбасу. Максім курыць і ўглядаецца ў акно. Мікалай выціраецца ручніком, прычэсваецца перад люстэркам.

Волька (да Мікалая). Што, сынок, табе ўжо мусіць надакучыла чакаць?

Мікалай. Надакучыць не надакучыла, але, прызнацца, я нічога не меў-бы супроць таго, каб хутчэй сесці за гэты стол. (Разглядае стол.)

Волька. І нешта доўга няма Веры і Лявонкі. Можа яны і не прыедуць зусім.

Мікалай. От табе і раз. Як гэта не прыедуць. Раз пісалі — значыцца прыедуць.

Волька. Вера то ўжо скончыла заняткі ў сваёй школе, цэлае лета будзе вольная.

Мікалай. А ў Леаніда ў інстытуце таксама заняткі павінны ўжо скончыцца. Пісаў-жа што к сёнешнему дню прыедзе.

Максім. Чэрці яны абое. Яны маладыя і не думаюць пра тое, як дзеду хочацца з імі выпіць хоць першую чарку. А калі спозняцца, то прыдзецца ім без мяне піць.

Мікалай. Чаму?

Максім. Сонца заходзіць і зараз я пайду калгас вартаваць. (Знімае са сцяны стрэльбу і правярае.)

Нехта ў сенцах шукае на дзверах клямкі.

Волька. Нехта ідзе! (Хапае ручнік і шпарка выцірае рукі.)

Максім. Гэта няйначай Вера, эмтээсаўская машына павінна была прыйсці ўжо з горада. (Ставіць стрэльбу, накіроўваецца да дзвярэй.)

Мікалай (стараецца забегчы дзеду наперад). Я першы яе спаткаю.

Максім. Не, ты ўжо дай мне старому першаму спаткаць сваю ўнучку.

Мікалай адыходзіць к сцяне, Максім становіцца каля дзвярэй. Адчыняюцца дзверы і паказваецца сівабароды твар Рыгора Прановіча. Мікалай і Волька зарагаталі, збянтэжаны Максім адступае ад дзвярэй.

Максім. Каб ты згарэў, а я думаў, што гэта… (Рагоча.)

З стрэльбаю за плячыма ўваходзіць Рыгор Прановіч.

Рыгор. Э-э, дык ты чакаеш некага, калі так стол прыгатаваў.

Максім. Унукі да мяне з‘язджаюцца ў госці… А ты гэта вартаваць, хіба ідзеш? Сёння-ж мая чарга. Але калі ўжо выбраўся то і добра: павартуеш сёння за мяне, а я другі раз за цябе. Я хоць з унукамі пасяджу сёння за сталом. Зараз павінны быць.

Рыгор. Не, нам сёння ўдвух прыдзецца вартаваць.

Максім. Удвух?

Рыгор. Наконт гэтага старшыня да мяне прыходзіў… І ён будзе з намі… І яшчэ некаторыя спаць сёння не будуць.

Волька. А што-ж такое?

Рыгор. Тут такая справа вышла што… (Раптам убачыў Мікалая і змоўк.)

Максім. Ну, кажы.

Рыгор (мнецца). Вышла такая справа што… выйдзем у сенцы, там скажу.

Мікалай. Хіба ты мяне, дзед, не пазнаў?

Рыгор (углядаецца ў Мікалая). А хто цябе, сынку, ведае што ты за чалавек.

Волька. Вы не пазналі майго Мікалая?

Рыгор. Дык гэта Мікола, нябожчыка Паўла сын? Гэта-ж я цябе не пазнаў, каб я жыў. То здароў хіба. (Падае Мікалаю руку.) Даўно-ж ты, сынку, не быў у нас. Ты ўсё вучыўся. Кім-жа ты цяпер?

Максім. Ваенны інжынер… Учора прыехаў.

Рыгор. О-о-о! Паўлаў сын! А ваенны інжынер гэта… гэта ён што?.. Хе-хе… (бянтэжыцца). Я, прызнацца сам ваенным інжынерам не быў, дык добра не ведаю, які ён участак работы трымае.

Мікалай. Дык што такое здарылася?

Максім. Ты яго не бойся, гавары смела. Ён не так сабе ваенны інжынер, ён комуніст. Так што мы можам яму давяраць. Я за яго ручаюся.

Рыгор. Ага… Ты, Міколка, выбачай што я так спачатку… Можа ў вас там дзе і інакш, а ў нас каля граніцы трэба ўмець як валодаць і вачыма, і вушамі, і языком.

Мікалай. О, гэта трэба.

Рыгор. Дык такая справа вышла што… (зніжае голас). Учора ўночы нейкі чалавек наткнуўся на граніцы на пагранічніка і ўдалося яму ўцячы назад і скрыцца. І ўсе сляды паказваюць, што ён недзе тут, каля нашага калгаса ходзіць. Дзень відаць ён перасядзеў недзе ціхом, а ўночы заварушыцца. Прыехала некалькі пагранічнікаў, нашы людзі ўжо вышлі скрозь на дарогі і сцежкі, а мы з табою будзем у самым калгасе глядзець.

Максім (рвануўся). То давай хутчэй пойдзем.

Рыгор. Не, яшчэ з поўгадзіны можам пасядзець. Там яшчэ брыгадзіры і так людзі…

Максім. Калі так, то мы з табой, пане-браце, паспеем яшчэ па маленькай чарцы.

Волька. А і праўда. Адзін госць ёсць, а Вера і Лявонка зараз явяцца. (Садзіць Мікалая за стол.) Садзіцеся, дзядзька Рыгор.

Рыгор. Можна падумаць, што я назнарок явіўся туды, дзе смажаным пахне. (Садзіцца.) Толькі на адзін момант. Зараз трэба ісці.

Максім налівае чаркі. Волька садзіцца.

Максім (паднімае чарку). Хачу аднаго: каб так як цяпер у нас заўсёды было і было. Што год пройдзе, дык і лепш робіцца жыць. Усё лепш і лепш. Чалавеку воля. Чалавеку ўсюды права дадзена. Такім унукам як у мяне бывала-б і поп, і пісар, і пан пазайздросціў-бы.

Рыгор. Дык нашага-ж пана сын быў ваенным інжынерам!

Волька. Зараз явяцца Верачка і Лявонка…

Максім. Дык мы давайце і вып‘ем.

Выпілі і закусваюць.

Рыгор. Памятаеш, Максім, як мы з табою сварыліся за сенажаць. Мне здавалася, што ты ў мяне перакасіў, а табе здавалася, што я ў цябе перакасіў.

Максім. Цьфу, няхай яно згарыць, брыдка ўспамінаць.

Волька. Каб не совецкая улада, то мае дзеці былі-б парабкамі.

Уваходзіць Вера. Спачатку яе не заўважаюць. Усміхаючыся, яна падыходзіць да стала.

Усе. Вера! Верачка! Дачушка! Сястрыца! Унучка!

Усхватваюцца з-за стала, вітаюцца з Верай, абнімаюць яе.

Рыгор. Аж зайздрасць бярэ. Каб я жыў, што напішу сваёй Ганне, каб прыехала ў госці. Вельмі-ж добра дзяцей сустракаць, калі і ў іх усё добра, і ў цябе ўсё шчасліва… Але яна не прыедзе, у яе заўсёды справаў многа.

Мікалай. А дзе ваша Ганка цяпер?

Рыгор. Не вельмі далёка адгэтуль, старшыня сельсовета.

Вера (да Мікалая). Даўно мы з табой, братка, не бачыліся.

Мікалай. Гадоў ужо тры напэўна.

Волька. За стол… калі ласка…

Максім. Не, дзеткі. Вы сабе садзецеся і чакайце Лявонкі, а мы з Рыгорам пойдзем.

Рыгор. Трэба ісці.

Максім (цалуе Мікалая і Веру). Гуляйце весела… (Маўчыць, трасе галавой.) Явіцца, Лявонка і… разам усе… мы ўспомнім, што гэтымі днямі будзе роўна восемнаццаць год як загінуў ваш бацька… (Адварочваецца, выцірае слёзы, гаворыць быццам сам сабе.) Мой… сын… Павал…

Моўчкі бярэ на плечы стрэльбу і разам з Рыгорам выходзіць з хаты. Нейкі час усе маўчаць.

Вера. Мікола, ты памятаеш тату?

Мікалай. Памятаю.

Вера. Даўно мы з табой не бачыліся і не ўспаміналі разам яго. Раскажы мне пра яго, які ён быў.

Волька. Сядзьце, дзеткі, за стол.

Усе садзяцца.

Мікалай. Ён быў высокі, вясёлы…

Волька. Хоць і цяжка было жыць, а ён усё, небарак, жартаваў.

Вера. Мне часам здаецца, што я яго магла-б успомніць.

Волька. Не, дачушка, табе тады было толькі пяць год.

Мікалай. Я памятаю, што тады быў вельмі сухі і гарачы дзень.

Вера. Мама, раскажы пра татаву смерць.

Волька. Як ён паміраў я не бачыла.

Мікалай. Ён быў партызан і прышоў уночы ў вёску на разведку і палякі яго злавілі. У жандармерыі да самага дня і пасля цэлы дзень мучылі і дапытвалі. Ён ім нічога не сказаў, ён маўчаў. Ніводнага слова яны з яго не выцягнулі. Наш бацька быў большэвік, герой. І яго павялі на расстрэл.

Волька. Яго мучыў і расстрэльваў жандар Рытвінскі. Я яго ведала добра, ён не раз здзекваўся з мяне, дапытваючыся, дзе партызаны.

Мікалай. Наш бацька ляжаў непахаваны ў чыстым полі два дні, мы нічога не ведалі. А пасля людзі знайшлі яго.

Волька (ад слёз ледзьве выгаварвае словы). Памятаеш, сынок, мы з табой засыпалі яго магілу… А пасля ты, Верачка, падрасла і пачала насіць на магілу кветкі. (Доўгая пауза. Волька стараецца спыніць слёзы. Сціхае.)

Мікола. Што гэта з Лёнькам, пісаў, што напэўна сёння прыедзе?

Волька. Верачка, а твае кветкі ўсе цэлыя, растуць перад вокнамі.

Вера паволі ўстае, падыходзіць да цёмнай шыбы, углядаецца.

Вера. Цёмна.

Мікалай падыходзіць да Веры, абодва ўглядаюцца ў акно.

Мікалай. Памятаеш, мы былі малыя, і гэты клён ледзьве паднімаўся вышэй агарожы. А гэта ўжо бачыш якое вялікае дрэва.

Вера. І мы з табой, братка, выраслі ўжо вялікія. Мне толькі дваццаць тры гады, а колькі я ўжо дзяцей выпусціла з сваёй школы!

Мікалай. Верачка, ты тут астанешся з мамай, а я пайду.

Волька. Куды-ж ты пойдзеш?

Вера. Куды?

Мікалай (да Веры). Тут шпіёна ловяць. Я пайду.

(Адзяецца, выходзіць.)

Вера. Мама, і я пайду.

Волька. Куды.

Вера. Як куды? Тут ловяць шпіёна, а я каб у хаце сядзела?

Волька. Без цябе ёсць каму шпіёнаў лавіць.

Вера. Не, я пайду. (Выходзіць.)

Волька. Калі так, то і я пайду. (Выходзіць.)

Нейкі час сцэна пустая. Пасля адчыняюцца дзверы і высоўваецца ў хату Леанідаў твар, на якім яшчэ ў сенцах расплылася на ўсю шырыню ўсмешка. Агледзеўшы хату, ён зганяе з твару ўсмешку.

Леанід. Нікога няма? Дзе ж яны падзеліся? І навіны няма каму сказаць. А спісваліся-ж з Мікалаем і Верай разам прыехаць. Можа пахаваліся дзе? (Пералазіць цераз парог, ставіць на падлогу цяжкі чамадан.) Эй, дзе вы тут, чэрці?! У мяне навіны, якіх вы і не чакалі ніколі. (Азіраецца.) Можа не прыехалі? (Падыходзіць да стала.) Э-э, прыехалі, пілі і закусвалі і мяне не чакалі. Пачакайце-ж, чэрці, я перад вамі ў крыўду не дамся, я сваю частку і без вас вазьму, калі вы такія. І пасля пашкадуеце, што вас не было ў гэты момант, калі я з такой навіной увайшоў у хату. Ну і навіна! Вось вестачку, дык вестачку старшыня прывёз! (Садзіцца за стол, разглядае бутэлькі.) Гарэлка? Гм… Ці няма чаго смачнейшага… Віно? О, гэта і хворым даюць. (Налівае, выпівае і накідаецца на яду.) Панасмажвала маці ўсяго. (Моўчкі есць.)

Уваходзіць Рыгор Прановіч.

Рыгор. А, Лявонка! Дык гэта ты ўжо явіўся, сынок? А тут цябе чакалі, чакалі і ніяк прычакаць не маглі. Прызнацца і я на гэтае чаканне быў трапіў.

Леанід. Лезьце сюды, за стол.

Рыгор. Але-ж ты, браце, і цярэбіш здорава.

Леанід. Памагайце, дзядзька Рыгор, кажу вам.

Рыгор. Няма, пане-браце, часу. Я забег на адну хвілінку напіцца, ваш Мікалай мяне падмеціў. Такая смага мучыць… Тут недзе ў вас квас стаяў. (Чэрпае з вядра, п‘е.)

Леанід. Дзед Рыгор, адну ўсяго чарку, кажу вам.

Рыгор. А я табе кажу, што не маю часу.

Леанід. А што вы дзе такое робіце?

Рыгор. Хочаш каб я табе так адразу і сказаў? Ты комсамолец ці як?

Леанід. Комсамолец.

Рыгор. Пабажыся.

Леанід. Дальбог комсамолец.

Рыгор (раздумвае). Варашылаўскі стралок ці не?

Леанід. Стралок.

Рыгор. Пакажы знак.

Леанід. Вось ён. (Паказвае на сябе знак.)

Рыгор (падумаўшы, знізіўшы голас да шэпту). Шпіёна ловім. (Моцна.) Мы стаім на сваім месцы, а ён не ідзе, халера. А мяне калі апанавала смага. А тут якраз ваш Мікалай… Ну, забалбатаўся я з табой (Пабег з хаты.)

Леанід. Гм… шпіёна ловяць? Пабягу і я. (Усхватваецца, нахаду налівае віна, адным глытком выпівае, пхае ў рот закуску.) Там ім і навіну скажу, толькі каб ведаць, дзе яны там. Папацёмку, ці знайду, ды можа і не да гэтага будзе.

(Пабег. Чуцен стрэл, далёкія галасы, пасля другі стрэл. Зноў галасы, ужо бліжэй, каля самае хаты, пасля ў сенцах. Убягае Волька, шырока адчыняе дзверы. Мікалай і Вера уводзяць у хату Максіма, падтрымліваючы яго пад рукі.)

Максім. Чаго вы так мяне трымаеце, я і сам іду.

Волька. Мала што сам.

Садзяць яго на ложак, знімаюць з нагі бот. Глядзяць нагу.

Вера. Кроў сочыцца.

Волька (падбягае з чыстым палатном, прыкладае да раны). Гэта каб Лявонка быў дома, ён паглядзеў-бы.

Максім. Праз год доктарам будзе… Баліць…

Мікалай. Унь-жа яго чамадан каля дзвярэй. Мама…

Волька. Пабягу, гукну, можа дзе паблізу. (Пабегла.)

Максім. Дык напэўна яго злавілі?

Мікалай. Пры мне было. Злавілі.

Максім. Калі я яго спыніў, ён кінуўся ўцякаць. Я за ім пабег і закрычаў: „Стой, страляць буду“. Ён азірнуўся і стрэліў у мяне з нагана, але я таксама паспеў яшчэ стрэліць. Ён пабег.

Мікалай. Там яму загарадзіў дарогу начальнік участка граніцы, і ён ужо хацеў страляць, але ззаду яго хапіў за рукі Рыгор Прановіч.

У хату шпарка ўбягае Леанід.

Леанід. Шпіёна злавілі! Вы ведаеце, што я чуў ад старшыні сельсовета па дарозе? Я з ім ехаў.

Мікалай. Гэты шпіён дзеда раніў, ідзі глядзі.

Леанід адразу змоўк, падбягае да ложка, на якім ляжыць Максім і глядзіць рану. Уваходзіць Волька.

Волька. Не знайшла… А, ён ужо тут.

Леанід. Куля сядзіць, але не глыбока, косці не зачапіла, нічога, зараз дастану. Глупства. (Кідаецца да чамадана, дастае бінты і хірургічныя інструменты.)

Мікалай. Інструмент з табой?

Леанід. Я з ім ніколі не разлучаюся.

(Дастае кулю, забінтоўвае нагу, Максім стогне.)

Максім (стогнучы). Якую-ж ты навіну пачуў?

Леанід. Старшыня сельсовета, з якім я ехаў са станцыі, атрымаў на станцыі пошту. Па дарозе распячатваў яе. У адным пісьме з нейкага завода быў афіцыйны запрос, ці сапраўды Павал Барысавіч, які там працуе, родам з нашай вёскі, як ён сам сцвярджае, і ці сапраўды ён быў партызанам, як гэта напісана ў яго старых дакументах.

Максім (рвануўся, зноў сеў, крывячыся ад болю). Не можа быць. Мой сын загінуў як герой.

Волька. І я не веру. Памятаеш, Мікалай, як мы яго хавалі?

Вера. Вы маглі не пазнаць яго мёртвага.

Леанід. Жыццё такая складаная рэч, што ўсё можа быць.

Усе маўчаць, усхваляваныя, гледзячы адзін аднаму ў вочы.

Максім. Лявон, гэта праўда, што да старшыні такі пакет прышоў?

Леанід. Праўда. Пытаюць пра Паўла Максімавіча Базылевіча.

Максім. Правяраюць! Нешта там правяраюць. Калі гэта так… Ой-ой… (Са стогнам падае на пасцель.)

Леанід. Ты ляжы, трэба каб твая нага была ў спакоі.

Кладзе яго на падушку. Усіх, запаноўвае маўчанне. Вера прыпадае тварам да сцяны і плача, Мікалай садзіцца і маўкліва падпірае твар рукамі. Волька плача, седзячы на краю ложка, дзе ляжыць Максім, Леанід хавае ў чамадан свае інструменты. Нехта ў сенцах шукае на дзвярах клямкі, Леанід адчыняе дзверы. Уваходзіць пануры Рыгор Прановіч, становіцца пасярод хаты і доўга маўчыць. Пасля заікаючыся, прыцішаным голасам гаворыць.

Рыгор. Гэтага шпіёна я хапіў ззаду за рукі, калі ён раніўшы цябе адбегся і намерыўся страляць у начальніка ўчастка граніцы. Ад яго адабралі наган і дакументы. Я стаяў пры гэтым. Начальнік граніцы зірнуў у дакументы і калі прачытаў як ён завецца, дык я за галаву хапіўся. Браткі мае родныя, падумаў я сабе. Гэта-ж… гэта… Ён прачытаў у дакументах — Базылевіч Павал Максімавіч.

Усе павярнулі свае застыглыя твары да Рыгора. Максім становіцца на ногі.

Максім. Ты выдумляеш!

Рыгор. Такую рэч выдумляць, то няхай лепш у маёй галаве мазгі высахнуць.

У сенцах голас начальніка ўчастка граніцы: „вы стойце тут, у сенцах“. У адказ голас: „ёсць, таварыш начальнік“. У хату ўводзяць шпіёна і за ім начальнік участка граніцы з наганам у руцэ. Рыгор становіцца з сваёй стрэльбай насупроць шпіёна, гатовы ў кожную мінуту страляць.

Начальнік. У дакументах яго напісана, што ён якраз адгэтуль родам. І прозвішча яго сыходзіцца з вашым.

Максім (кідаецца на пасцель, вачыма да сцяны). Калі-б ён быў калі-небудзь маім сынам, то я яго пракляну ў той момант, калі ўбачу, што гэта ён.

Начальнік. Як твая нага, стары?

Леанід. Нічога, скора зажыве.

Волька, Антон і Леанід углядаюцца ў шпіёна.

Начальнік. Стары, павярніся, глянь на яго.

Максім. Лепш-бы мае вочы на свет не глядзелі.

Начальнік. Нічога стары, бывае ўсё на свеце. Глянь, памажы следству.

Леанід падбягае і памагае Максіму павярнуцца. Максім доўга ўглядаецца ў шпіёна.

Волька (дрыжыць ад узбуджанасці і хвалявання). Гэта ён… ён… той самы!

Максім. Пазнаў! Гэта ён! Той самы жандар, што расстраляў майго сына!

Волька. Рытвінскі, жандар Рытвінскі!

Рыгор. І я пазнаю! Той самы. (Падступае да шпіёна.) А ці памятаеш, пане Рытвінскі, як ты мяне спаласаваў бізуном, што на мне ніводнага жывога месца не асталося… восемнаццаць год таму назад…

Начальнік (да шпіёна). Ты расстраляў партызана, забраў у яго дакументы, астаўся ў нас і, прыкрываючыся гэтымі дакументамі, шпіёніў тут восемнаццаць год? І цяпер прабіраўся ў Польшчу? Усё ясна. А ну?

Максім. Забойца!

Волька (падбягае з кулакамі). Гад! Згубіцель! Крывапійца!

Рыгор. Звер! Панскі сабака!

Начальнік. Марш!

Шпіён ідзе з хаты, за ім начальнік з наганам і Рыгор са стрэльбай. Чуцен у сенцах тупат ног і стук знадворных дзвярэй. Начальнік уваходзіць у хату.

Начальнік (падыходзіць да Максіма). Ну што-ж, да мяне ў машыну і паедзем да доктара?

Леанід. Я думаю, што не трэба, куля сядзела зверху, я зрабіў усё як належыць.

Максім. Мусіць і праўда, што не трэба ехаць. Ён хутка поўнапраўны доктар будзе. А ў мяне — пабаліць і пакіне. На маім вяку ўсяго здаралася.

Начальнік. Ну, дзякую, што памаглі нам.

Максім. Гэта мы вас павінны дзякаваць, гэта-ж вы нам памагаеце.

Начальнік (садзіцца на край ложка). У 133 артыкуле Сталінскай Канстытуцыі сказана: „абарона бацькаўшчыны ёсць свяшчэнны абавязак кожнага грамадзяніна СССР“. Гэтыя вялікія словы грунтуюцца на народнай волі і сіле, якая так выяўлялася толькі што, калі мы змагаліся з ворагам. Ты ведаеш, якую перамогу мы сёння маем? У гэтага шпіёна былі вельмі важныя матэрыялы, якіх суседняя фашыстоўская дзяржава толькі і чакае.

Максім. Нічога ў іх не выйдзе. Быць зноў у няволі? Не, дзякуй за ласку… У мяне да вас просьба. Калі маеце вольную гадзінку, можа-б пабылі крыху у нас. У мяне, бачыце, сёння ўнукі паз‘язджаліся. Пабудзьце у нас госцем.

Начальнік. З вялікай ахвотай.

Максім. Знаёмцеся. Гэта Вера, настаўніца. Гэта Мікалай, ваенны інжынер. А гэты пстрыкун (паказвае на Леаніда) — хутка выйдзе за доктара.

Начальнік знаёміцца з усімі. Усе садзяцца за стол і падымаюць тост.

ЗАСЛОНА.


Рэдактар ЦЫРЛІН
Карэктар АДАМОВІЧ

'
Тэхрэдактар І. МІЛЕШКА


Здана ў друкарню 28/V-38. Падпісана да друку 3/VI-38. Аб‘ём 0,5 друкаваных аркушаў. Папера 82×109¹/32 Тыраж 5000 экз. Зак. № 439 Уп. Галоўлітбела № 697.

Школа ФЗВ друкарні ім. Сталіна.

ЦАНА 50 кап.



НА БЕЛОРУССКОМ ЯЗЫКЕ

Кузьма Чорный

СЕМЬЯ БАЗЫЛЕВИЧА

Драма в одном действии

Государственное
Издательство
Белоруссии

Минск ● 1938

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.