Зладзействамі сваімі не’к шчупак
Ўсёй рыбе насаліў у рэчцы так,
Што тая на яго падала ў суд данос.
Пакрыўджаных на сьледзтве дапрасіўшы,
Сабралі доказаў аж цэлы воз,
І шчупака злавіўшы —
На суд яго ў начоўцы прынясьлі.
Вось судзьдзі пры рацэ на пожні сабраліся
(Іх тут якраз усіх пасьлі), —
І справы шчупака разборам заняліся.
Судзьдзямі былі: два казлы,
Дзьве старыя кабылы дый старых два аслы, А для парадку і над’зору,
Папала ў гэты раз ліса за пракурора.
Йшла, праўда, гутарка ў сабраўшымся народзе,
Што лісанька жыла са шчупаком у згодзе,
Што ён ня раз даваў ёй у кладоўку
То рыбкі сьвежанькай, то сунуў залатоўку.
Аднак сярод судзьдзёў,
Нікога ён ня меў прыяцялёў.
Апрыч таго і па закону ў гэты раз,
Неяк нельга яму было зладзействы дараваць,
Прыйшлось суду пісаць указ,
Што шчупака трэ’ сьмерцьцю пакараць,
А ласьне — павесіць на суку у лесе,
І для прыкладу даць абвестку ў прэсе.
„Высокі Суд!“ — ліса загаварыла. —
„Павесіць гэткага зладзея мала.
Каб казьнь яго прыкладам ўсім была,
Дык я-б прапанавала,
Найгоршай сьмерцьцю шчупака казьніць:
Ў рацэ бандыта утапіць,
І утапіць публічна, ўсенародна!“
Канешна — толькі „просіць“ пракурор,
Аднак-жа кожны прыгавор —
Павінен быць з яго жаданьнем згодны.
Дзеля таго і тут: — парадзіўшыся між сабой,
Суд мусіў згодзіцца з лісой.
Вось, замест вісець у лесе на суку —
Шчупак папаў ў раку.