Бальшавіцкі пірог

Бальшавіцкі пірог
Публіцыстыка
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 16 ад 24.VIII.1924 г., б. 3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Бальшавіцкі пірог

Беларускі рух за апошнія пяць гадоў пайшоў шпаркім тэмпам і ў сучасны момэнт, ужо вельмі, рэдка спаткаем, у нас на Бацькаўшчыне, чалавека, які-б на запытаньне: „хто ты?“ ня даў пэўнага адказу аб сваёй нацыянальнасьці.

Але чым больш Беларускі народ пачынае самаазначацца, тым болей робіцца жыцьцё трагічным.

Бо наша Бацькаўшчына, будучы падзелена Рыскім трактатам на дзьве паловы, ўлівае у народ некалькі кірункаў палітычнага сьветагляду. Ідзе, гэтак кажучы, канкурэнцыя паміж дзьвюх дзяржаваў, якія стараюцца прыцягнуць сымпатыі Беларускага народу да сябе.

Адна з іх, бачачы, што беларусаў да сябе магчыма прыцягнуць толькі тым, што даць ім магчымасьць пашыраць сваё нацыянальнае адраджэньне ў большым маштабе — дае ім шырокую аўтаномію, незалежнасьць, як кажуць, на паперы — гэтаю першаю дзяржаваю, ўгледзеўшаю карысьць для сябе ў вырабленьні сымпатыі, зьявілася Радавая Расея

Яшчэ ў 1919, 1920 і 1921 гадох радавая ўлада не дае магчымасьці беларусам вясьці працу свайго адраджэньня, называючы ўсе беларускія нацыянальныя ўстановы контр-рэвалюцыяй, але ось бачачы, што барацьба з беларускім народам ніякай карысьці ня прыносе — хутка мяняе палітыку і пачынае ісьці на спатканьне беларускаму руху.

Беларускія інтылігэнтныя сілы пачынаюць ужо глядзець на бальшавікоў, як на сваіх заступнікаў, запамінаючы саўсім, што ідзе гэта нацыянальнае адраджэньне пад строгім кантролемм партыі расейскіх бальшавікоў. Толькі ў 1924 годзе расейскія бальшавікі даюць магчымасьць беларусам разьвіваньня свае культуры ў сваей—„Савецкай Соцыялістычнай Беларускай Рэспубліцы“ і ў гэтым напрамку расейскія бальшавікі пайшлі нават вельмі далёка, яны як-бы адмаўляюцца ад верхавенства, творачы С.С.С.Р.

Але калі мы глыбей заглянем у ўнутранае жыцьцё С.С.Б.Р., дык бачым, што беларускі народ трапіў у хітрыя кайданы, створаныя маскоўскім урадам. Гавары сабе пабеларуску, пішы пабеларуску, вучыся пабеларуску, маеш табе нават і дэкрэты на тваёй роднай мове, але рабі, браце, тое, што я табе прыказваю— вось мэханіка маскоўскага савецкага ўраду.

Дый мала гэтага: ўсе зборы, падаткі, гандаль—ўсё гэта не зьяўляецца ўласнасьцю Беларускага народу. Усё гэта ў руках маскоўскага ўраду. І ось калі добра разбяромся ўва ўсім гэтым, дык ня дзіва, што зьбіты з панталыку народ беларускі, сам ня ведае, што яму рабіць, куды ісьці і за кім ісьці?

Маняць яго з віду вельмі добрым пірагом, але як пакаштуеш—дык век-бы не глядзеў на пірагі!

Дзяргач.